Грымоты
← Затануўшая званьніца | Грымоты Абразок Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч 1924 год Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 21, 7 верасьня 1924 году, б. 2-3 |
Альбіна → |
Хутка прайшла ночка.
Загарэлася неба і праз хвілю праменьні сонца пагналі летні туман у гушчар лесу, дзе ён згінуў сярод галінаў.
— Добры будзе дзянёк! — глянуўшы на неба, сказаў Міхась.
— Цяпер добра было-б трохі заснуць, — скончыў ён гутарку, ўстаючы з месца.
— Ды чаго там, лажэцеся, а я пайду да хаты, — сказала Ганначка. — А пасьля пад вечар я прыду ды вам есьці прынясу. Дык бывайце здаровеньнія! Глядзеце, не пажанецеся тутака, бо вун Пухавіцкія дзяўчаты з таго боку пазіраюць! — пагразіла яна нам рукой, засьмяяўшыся, і хутка схавалася ў гушчары лесу.
— Ня зьбіся з дарогі! — крыкнуў ёй Міхась усьлед.
— Давай, сябра, пасьпімо! — зьвярнуўся Міхась да мяне.
— Яно й можна, — згадзіўся я.
— Дык трэба нам паспаць добра, ды і на мягкім, — сказаў Міхась, падміргіваючы. — Ось, для гэтага давай, сябра, аер ламаць!
Мы дружна прыняліся за працу і не агледзеліся, як наламалі шмат аеру, на якім расьцягнуліся і не пасьпелі аглядзецца, як заснулі. Праз сон я чуў, як сонца моцна пякло, але змога брала сваё…
Не памятаю, ці доўга мы спалі, як раптам мяне разбудзіў нейкі ўдар па галаве.
Я расплюшчыў вочы. Што за праява?
Хтось накрыў нас цэлай купай галін.
— Гэй, хто там? — пачуўся голас Міхася. Мусіць і яго таксама разбудзіў удар альховых галін.
Мы выбраліся з-пад галін і зьдзіўленна паглядзелі адзін на аднаго.
Было цёмна. Вецер гудзеў.
— Ось яно што! Шчасьліва абыйшлося! — памахаўшы галавою, сказаў Міхась
— Глядзі, сябра, гэта вецер зваліў на нас тую вялікую вольху, пад якой мы варылі рыбу. Добра, што зачапіла толькі галінамі, мусі моцна мы спалі, калі ня чулі, як паднялася бура, — скончыў ён, азіраючыся наўкола.
Неба было пакрыта цёмнымі хмарамі, вецер хістаў і рваў галіны, лісьцьцё з дрэваў, высока паднімаў іх угару і кідаў у хвалі вады, якія гарамі ішлі адна за аднэй і з пенаю кідаліся на бераг…
Гнуўся да самай вады зялёны сітняг…
Ось, сьціх вецер па момэнт…
Як нажом разанула маланка хмары ў небе і моцны ўдар пяруна пракаціўся, патрасаючы, здаецца, ўсю зямлю.
Закапалі вялікія кроплі дажджу, спачатку рэдка зашлёпалі па вадзе і сьцёблах дрэваў, а пасьля раптам быццам хтось адкрыў якуюсь заслону, перашкаджаўшую дажджу, і той лінуў як з вядра…
— Хавайся! — пасьпеў мне крыкнуць Міхась, як зігнула маланка і грукнуў такі ўдар пяруна, што аж у вушох зашумела…
Гуляла бура! Стагнаў лес пад напорам ветру, ламаліся галіны, сыпаліся градам лісты. Ня было зьлітаваньня! Усё мацнеюць і мацнеюць удары пяруна, зіхацяць маланкі адна за аднэй…
Равуць хвалі, зьбіваюць пену…
Здаецца, хочуць яны наляцець, затапіць зялёны лес, які быццам бровы насунуў і грозна гудзіць ім у адказ.
А над імі бушуе чорнае неба, хлешча дождж…
Гуляй мацней бура!…
Пануй над небам, лесам і вадой!…
Хай, хто трус хаваецца хутчэй! Хто моцны — выходзь!
Чуецца ў вас ветру вызаў…
— Гэй, сябры! Сюды на дапамогу! Хай маланкі зьяюць, грукоча пярун! Хай сьмерць наўкола пануе! Ня страшна нам! Мы вызаў прынялі! — гудзіць яму, ў вочы гледзячы, лес…
Ідзе бойка…
Плача здрасаваны, заліты вадою, сітняг…
— Трымайся, сябра! — лес яму гудзіць…
Грукоча пярун, трашчаць дубы, бярозы, сосны, вольхі…
Хутка пройдзе бура…
Зноў узойдзе сонца і лячыць тады будзе свае раны сітняг і стары лес.
Ось слабей грукоча пярун, сьціх дождж. Вецер пагнаў далей цёмныя, агнём багатыя, хмары. Ось, бліснулі праменьні, зноў засьмяялася сонца, іграючы тысячамі агнёў у кроплях дажджу на лістох галін.
Сьціхла бура.
Мы, змокшыя да касьцей, пайшлі да хаты, цераз, паціху ўжо гудзеўшы, лес…
Сьмяялася сонца. Птушкі наўкола зноў весела сьпявалі…
Дзяргач.