Альбіна
← Грымоты | Альбіна Абразок Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч 1924 год Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 21, 7 верасьня 1924 году, б. 3 |
Сустрэліся → |
Чаму я ўспомніў аб ёй у гэты момэнт.
Я добра і сам ня ведаю, але ось успомніў і жудасны жаль здавіў грудзі і сэрца.
Гэта было даўно…
Тады сонца так ярка сьвяціла, весела птушкі сьпявалі аб нечым цудоўным. Лес гаманіў. Здавалася — усё створана для твайго жыцьця.
Ярка сонца сьвяціла, як мора жыта выглядала і хвалі чыстага золата хадзілі па ім, а сярод іх ішла Альбіна…
Любая дзеўчынка мая, дзе ты цяпер?
Сэрца біцца перастала. Я глядзеў на яе, як на багіню і тыя краскі васількоў, што яна выпусьціла з рук, я падняў, схаваў у сябе на грудзёх…
А вочы, вочы, якім сьвяціліся яны агнём!..
Куды звалі явы?
Ад вачэй я адарвацца ня мог…
А ўся яна была падобна да тае багіні хараства, якіх я бачыў у музэі…
Дык ось яна дзеўчына нашых лясоў, нашых палёў…
Штодзень хадзіў я ў поле.
Вочы мае шукалі сярод хваляў жыта галоўкі са стужкай чырвонай у касе…
Чуў я, як моцна пакахаў я яе ўсім сэрцам сваім.
Тады сонца ярка сьвяціла.
А ночкай, як цяпер, я бачу яе перад сабой. Закрыла пуком красак пачырванеўшы твар, калі прасіў яе:
— Альбіна, прыйдзёш на рэчку ўночы?
Доўга моўчкі стаяла, а пасьля глянула на мяне і ціха сказала: — Добра!
Дзіўная ночка была. Месяц прыгожа сьвяціў, задрамаў у вадзе сітняг, аб чымсь шаптаўся лес з вадою.
Я чакаў яе…
Але ось і яна…
— Альбіна, ты?
— Я! — ціха сказала і сьмела да мяне падайшла.
Мы сядзелі на камені шырокім, над вадою і чулі, як хвалі беглі, як лес казку казаў, гадалі на зоркі… Я вочкі яе цалаваў…
Яна была мая. Я не аддам яе нікому, ні людзям, ні небу, ні лесу; адзін Бог, і то сілком можа адабраць яе ад мяне!
Сьвяціў нам месячык з высокага неба, сьмяяліся нам зоркі…
Русалкі з вады краскамі кідалі, песьні пеялі і казку казаў нам сітняг.
Так было ночкай.
Яна была мая!…
Дзеўчынка, любая мая, дзе ты цяпер? ці гарыш у вечным агні, ці гуляеш у Божым раі?..
Я ведаю, тутака сярод нас яе на зямлі няма. Яе адабралі русалкі ад мяне…
Не, не, далей успамінаць я не магу…
Альбіна! Кветка мілая мая!
Ці чакаеш мяне Ты, там у сябе?…
Мы ішлі далей.
Дзяргач.