Вось адно, як струна,
сасонка расла
у бязьмежным
бары-гушчары.
А сягоньня яна
пачарнеўшы лягла
на асьнежным
фабрычным двары.
Загудзела піла,
застагнала сасна;
пры дарозе,
як сьлёзы, апілкі.
Сасонка расла,
як струна,
не адна —
з ёй і сёстры, як тыя асілкі
Расла маладзіцай,
вяршынаю сьмела
зьвінела
і ў сьцюжу-завею. Бывала імчыцца
вей-вецер
і вецьце
лёгкім павевам авее…
І птушкі зайграюць
сасонцы
да сонца
зайграюць на гусьлях зялёных…
Цяпер, як скала,
скамянеўшы лягла,
закрыўшы галінкамі скроні.
Эх, сасоньніца-сасна, —
дні суровыя…
Бервяно да бервяна —
хата новая.
Дый спрадвечная дрыгва,
нібы раніца,
Буйным цьветам хараства
зарумяніцца.
Гаратлівасьці былой
час пазбыцца нам.
Забудуем шыр балот
камяніцамі.
Эх, сасоньніца-сасна, —
дні суровыя…
Бервяно да бервяна —
хата новая.
Цяжкая праца, нялёгкая праца,
цяжка, браты, беднаце будавацца.
Капейку, другую за працай зьбярэм мы,
злыдзень змарнуе, — зьбіралі дарэмна!
Шмат каму нашае сёньня варожа —
гатовы атрутай,
— чорнай пакутай,
— чорнай пакутай
стрыножыць!
Чэшуцца рукі спрадвечных зладзеяў,
рвуцца стрыножыць, дый сіл нестае ім!
Корчыцца помста ў іх сэрцы здрантвелым…
А глянеш наўкола — будуюцца сьмела!
Праца віхрыста ўзьняла завіруху —
і хочаш ня хочаш:
— а песьню рабочых,
песьню рабочых
— слухай:
Гэй-жа, разам!
Гэй-жа, разам!
Гэй, адразу
возьмем
разам!
Гуртам!
Дружна!
— Хлопцы, здужым! Гэй, яшчэ!
яшчэ!
яшчэ!
Будзе сонца
зьзяць ярчэй.
Што ня стане
ў час рабочы?
Ў нас і камень
зарагоча!
Гэй!
Адважна!
Ўсё для нас!
Дай, наляжам,
друж-на!.
… Раз!
Эх, сасоньніца-сасна,
нашы дні суровыя
Бервяно да бервяна, —
хата новая.
Дзе-ж раскінута багна
вырастуць дуброваю
за сасонкаю сасна —
сосны новыя!
|