Гудкі (1930)/Як дзеці памагалі будаваць самалёт

Гудкі Як дзеці памагалі будаваць самалёт
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1930 год
Сасна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Як дзеці памагалі будаваць самалёт.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯК ДЗЕЦІ ПАМАГАЛІ БУДАВАЦЬ САМАЛЁТ

Ці было калі на сьвеце,
каб малыя выйшлі дзеці
дружна так, — дапамагаць
край саветаў будаваць?
Колькі ўжо прайшло сталецьцяў,
ня было нідзе на сьвеце.
Працавалі многа надта,
але толькі на багатых…
Надышла пара другая —
ўсім працоўным скарбы краю!
І працоўныя адразу
на работу выйшлі разам…
Загулі-былі машыны
гучна так, бесьперапынна.
І, як волат, на руінах
вырастала моц краіны!
Нашы фабрыкі, заводы
ўсім паном недаспадобы.
І яны, чым толькі могуць,
хочуць зьнішчыць нам дарогу
ў сьвет вялікі, дзе рабочых
уціскаюць днём і ноччу.


Сёньня ў школе будзе сход.
Вольны дзень… І як на зьлёт —
Старыкі і гуртам моладзь
Сабіраліся у школу.

*

Устаў старшыня,
як сабраўся народ,
і прамову пачаў ён такую:
— Таварышы!
Наша краіна
нястрымна,
штогод,
долю куе залатую.
Заводы будуем,
і ставім масты.
Сушым балотаў абшары.
Але вось буржуі
супроць беднаты,
хочуць зьністожыць пажарам!?
Таму і сабралі мы
гэты вось сход, —
ёсьць прапанова такая:
каб мы памаглі
збудаваць самалёт
для абароны края!
— Правільна! Правільна!
Крыкнуў сход!
Паможам усе
збудаваць самалёт!
І мы дапаможам, —
крычыць дзетвара:
— На крыльлі сталёвыя
зможам сабраць!

*

Хто што мог —
усе давалі:
хто ячмень,
а хто авёс.
І казалі:
будзе лётаць
аж да сонца,
да нябёс!
Піонэры ўсім атрадам
выйшлі ў поле
палоць грады.
Працавалі,
аж да поту,
а работы шмат было.
Так стараньнем
зарабілі
самалёту
на крыло.


Збор ішоў…
І незадоўга
напісалі на завод:
„Калі ласка,
вось вам грошы,
пабудуйце самалёт“.

*

Роўна-роўненька праз год
прыляцеў той самалёт,
так чаканы,
так жаданы
пролетарскі самалёт!

Прывітаць лятуць з уздымам,
гулам неўгамонным.
О, крылатая машына
наша абарона!.

Распачаўся сход… Сяляне
прывіталі самалёт.
Шчыра-ўдзячны за вітаньне
у адказ казаў пілёт:

— „Кіньце працу адзіночна,
аб‘яднайцеся ў колгас.
На падмогу шмат рабочых
пасылаюцца да вас.
Хто нас здужыць? Хто асіліць?
Хто саб‘е з дарогі?!
Пролетарскай нашай сіле
песьня перамогі!
На вітаньні ўсе, — ў адказ
заклікаю у колгас!“

Зацягнуўся мітынг-сход,
Доўга гаварылі.
Лазяць дзеці ў самалёт,
вяжуцца на крыльлі.
Гэтак кожнаму ахвота
паляцець — сваё-ж яно!
Кожны хоча стаць пілётам,
кожны думае адно.
Сьмельчакі адразу селі,
чатырох узяў пілёт.
Загудзеў-зайграў пропэлер
і… падняўся самалёт!..


О, ляці, наш самалёт,
ўсё вышэй,
вышэй
што год!