Гістарычная думка на тэрыторыі Беларусі паводле даных ранняй народнай творчасці і летапісаў

Гістарычная думка на тэрыторыі Беларусі паводле даных ранняй народнай творчасці і летапісаў
Гістарычная праца
Аўтар: Уладзімір Перцаў
1956 год
Крыніца: Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук — 1956 — №3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




В. Н. ПЕРЦАЎ,
акадэмік АН БССР
ГІСТАРЫЧНАЯ ДУМКА НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ
ПАВОДЛЕ ДАНЫХ РАННЯЙ НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЦІ
І ЛЕТАПІСАЎ (з старажытнейшых часоў да ХѴІ ст.)

Першыя гістарычныя звесткі, узнікшыя на тэрыторыі Беларусі аб народзе, які атрымаў пазней назву беларускага, ідуць ад старажытнай вуснай народнай творчасці. У ранні фальклор, які ўзнік да паяўлення пісьменнасці ва ўсходніх славян і задоўга да паяўлення ў іх першых літаратурных твораў, былі даволі шырока ўключаны гісторыка-апавядальныя і грамадска-палітычныя элементы.

«Сапраўдную гісторыю працоўнага народа, - гаварыў А. М. Горкі, нельга ведаць, не ведаючы вуснай народнай творчасці, якая няспынна і моцна ўплывала на стварэнне... буйнейшых твораў кніжнай літаратуры... Ад глыбокай старажытнасці фальклор неадступна і своеасабліва спадарожнічае гісторыі»[1]. Пры гэтым народная творчасць не толькі давала факты, каштоўныя для гісторыка, але ў той жа час адлюстроўвала і разуменне народам яго гістарычнага жыцця. У фальклоры, нават самым раннім, можна ўжо знайсці спробы асэнсаваць гістарычны лёс народа, спробы асвятліць яго мінулае, сучаснае і будучае з пункту гледжання пэўных гістарычных уяўленняў. Інакш кажучы, у ім ужо меліся зачаткі гістарычнай думкі.

Першапачатковая вусная народная творчасць была агульнай для усяго насельніцтва Старажытнай Русі. Яе вытокі адносяцца яшчэ да першабытна-абшчыннага ладу, калі ўсходнеславянскія плямёны ў сваёй гаспадарцы, культуры і лёсе мелі шмат агульнага. Таму і гістарычныя паданні, і гістарычна-бытавыя элементы ў казках, былінах, абрадавых песнях, вясельных, пахавальных і гераічных песнях, народных прыказках і прымаўках-ва ўсім тым, што складала змест фальклору, - у аднолькавай ступені адносяцца да ўсяго ўсходнеславянскага насельніцтва. Беларускія, таксама як і вялікарускія і ўкраінскія, элементы выдзеліліся з яго значна пазней.

Складальнікамі гістарычных паданняў, у якіх апавядаецца аб мінулым і сучасным, былі песняры, што выйшлі з народа або блізкія да нареда і спявалі свае песні і на княскіх балях, і сярод простага народа.

У быліне («Старыне») пра Дабрыню і Алёшу расказваецца аб скамароху, які на балі ў князя Владзіміра спяваў пра справы рускія. Такім песняром быў і легендарны Баян, якога «Слова аб палку Ігаравым» называе «вешчым». Песні гэтыя перадаваліся з пакалення ў пакаленне, пакуль яны не дайшлі да пазнейшых часоў і не былі замацаваны ў літаратурных помніках.

Летапісцы шырока карысталіся творамі вуснай народнай творчасці. Можна смела сказаць, што першапачатковыя летапісы ўзніклі на базе народнай творчасці. Вядомы гістарычныя паданні, якія датычаць утварэння Кіеўскай дзяржавы, яе барацьбы з суседзямі, яе расшырэння, прыняцця хрысціянства і інш. Безумоўна, фальклорны характар маюць легенды аб Кіі, Шчэцы і Харыве, аб паходзе Олега на Царград, аб хрышчэнні Русі, аб смерці Олега ад яго каня і да т. п.

Асабліва моцны ўплыў на летапісанне і іншыя старажытныя літаратурныя творы зрабіў былінны эпас. Некаторыя гістарычныя факты былі зафіксаваны спачатку ў вусных былінах і толькі пазней зрабіліся прадметам літаратурнай апрацоўкі.

Даныя фальклору ў той ці іншай ступені датычылі і тых зямель, якія пазней сталі беларускімі. Так, у быліне аб Волху Всеслаўевічу (або Волгу Святаславічу) перадан вобраз князя-чараўніка, часткова сплецены з легендай пра князя Полацкага Всеслава, якога народная фантазія надзяліла рысамі чараўніка і ваўкалака, здольнага ператварацца ў дзікіх звяроў, і іншай цудадзейнай сілай. Безумоўна, з быліннага эпасу ўзяў апісанне князя Всеслава і аўтар «Слова аб палку Ігаравым»: «Всеслав хитростями подперся..., в полночь из Белгорода отскочил лютым зверем..., отскочил волком до Немиги» і да т. п. Таксама з вуснага быліннага эпасу вядома і паданне аб сватанні князя Владзіміра да полацкай княжны Рагнеды (прычым сватам быў Дабрыня) — паданне, якое адлюстроўвала факт расшырэння ўлады Кіеўскага князя на Полацк і умацоўвала думку аб агульнарускім характары гэтай улады.

Шмат спроб асэнсаваць гістарычныя з'явы мы можам знайсці ў прыказках і прымаўках.

А. М. Горкі пісаў: «Прыказкі і прымаўкі ўзорна фарміруюць увесь жыццёвы соцыяльна-гістарычны вопыт працоўнага народа»[2]. У іх выражана народная мудрасць, народныя адносіны да некаторых гістарычных з'яў, погляды народа на яго сучаснае і будучае.

Многа прыказак і прымавак узнікла на тэрыторыі Беларусі і адносілася да насельніцтва, якое жыло на гэтай тэрыторыі. На беларускае паходжанне многіх прыказак указвае іх мова, блізкая да беларускай або зусім беларуская. Факты, зафіксаваныя пазней у беларускай мове, маглі адносіцца і да таго часу, калі беларуская мова яшчэ не сфарміравалася. Аб гэтым сведчыць прыказка, якая адносіцца да часоў княскіх міжусобіц ХІІ ст. і мае на ўвазе дзейнасць Смаленскага князя Мсціслава Храбрага: «Мсціслаў не аднаго сціснуў». Мсціслаў тут паказан як праціўнік княскага самавольства і княскіх усобіц, якіх ён сваёй сілай хоча знішчыць, і прыказка мае сэнс, які асуджае феадальную анархію. Іншыя беларускія прыказкі, якія склаліся пазней, адлюстроўвалі таксама адносіны народа да асноўных фактаў беларускай гісторыі, да прыгонніцкай няволі («Баяцца не цівуна, а яго бізуна»), жорсткія пакаранні за паляванне на панскай зямлі («Калі заб'еш бабра, не будзеш мець дабра») і г. д.

У некаторых прыказках адлюстроўваецца здольнасць народа да барацьбы з яго ворагамі («Як дарабіла ліха, прарэжуцца і зубы»), надзеі на лепшае будучае («Заглянець сонца і ў наша аконца») і інш.

Вусная народная творчасць існавала і развівалася і многа стагоддзяў пасля таго, як узнікла пісьменнасць. У больш познюю вусную народную творчасць побач з ранейшымі ўвайшлі і новыя моманты, у якіх адлюстроўваліся погляды народа на яго лёс. У гэты перыяд народная творчасць пачынае адлюстроўваць класавую барацьбу, нянавісць да памешчыкаў, імкненне скінуць прыгоннае права, а таксама і барацьбу з іншаземнымі захопнікамі і феадаламі. Вызначэнне часу, у які ўзніклі тыя ці іншыя творы народнай творчасці, з'яўляецца справай нялёгкай, але можна дапусціць, што асабліва шмат песень, якія характарызуюць цяжкасць народнага жыцця, паявілася ў час узмацнення прыгоннага гнёту.

Рад народных песень прысвечан сутычкам беларускага народа са знешнімі ворагамі. У гэтых песнях народ спяваў не толькі аб цяжкасці барацьбы з захопнікамі, але і аб гатоўнасці адстойваць сваю свабоду ў барацьбе з імі, аб гераічных, па большай частцы пераможных стычках з ворагам. Уся фальклорная паэзія прасякнута глыбокім патрыятызмам. З пачуццём задаволенай гордасці ў фальклоры гаворыцца аб «крыжацкіх магілах», у якіх гніюць трупы псоу-рыцараў, нападаўшых на беларускія землі, аб перамозе над «злымі татарамі» пад Крычавам, з-пад якога татары «падаліся ўцякаць гурбою», аб барацьбе з літоўскімі феадаламі, біць якіх пясняр горача заклікае («будзем Літву біці, вольку бараніці») і г. д. Нянавісць да ворагаў тут злучаецца з аптымістычным патрыятызмам, з упэўненасцю ў канчатковай перамозе народнай незалежнасці.

Народная творчасць была патрыятычнай, аптымістычнай і рэалістыч най, што асабліва ярка праявілася ў былінах (і не толькі ў іх), у якіх падзеі з жыцця народа былі расказаны ў гераічнай форме са значнай прымессю фантастыкі. Быліны складаліся ў славу народа. Мінулае народа было паказана ў іх у выглядзе дзеянняў герояў — асілкаў, якія ве рылі ў свае сілы і былі здольны перамагаць ворагаў. У беларускіх песнях і «казках» больш позняга перыяду гэтыя асілкі былі паказаны людзьмі, уладаючымі нечалавечай сілай. Трэба адзначыць пры гэтым, што усюды яны паказаны ў выглядзе выхадцаў з простага народа. Хоць яны і дзейнічаюць часта пры княскім двары, але паходзяць з сялян і нічога агульнага не маюць з героямі заходнееўрапейскага эпасу, якія заўсёды паходзілі з рыцараў і графаў («Песня аб Раландзе»). Патрыятызм старажытнарускага эпасу праяўляецца і ў тым, што ў ім гучыць часам скрытае, а часам і адкрытае асуджэнне княскіх міжусобіц, якія наносілі шкоду перш за ўсё народу і разаралі сялянскія гаспадаркі. Можна смела сказаць, што асноўным героем былін з'яўляўся працоўны народ, а асілкі былі яго галоўнымі прадстаўнікамі, якія абаранялі ўсю рускую зямлю і яе адзінства.

Аптымістычным зместам і жыццетворчым настроем былі прасякнуты казкі, абрадавыя песні, асабліва веснавыя, жніўныя, вясельныя і любоўныя. У іх, нягледзячы на прымесь смутку, які выклікаў горыч паднявольнага існавання, у асноўным адлюстроўвалася любоў да жыцця і вера ў прыход лепшага будучага.

Асаблівую каштоўнасць народнай творчасці надаваў яе рэалістычны характар. Яе творы, асабліва прыказкі і прымаўкі, былі заснаваны на назіраннях над рэчаіснасцю, над тым, што ведаў і бачыў народ у мінулым і сучасным. Нягледзячы на рэлігійнасць і фантастычнасць, уласцівыя светапогляду дакласавага і ранняга класавага грамадства, у народнай творчасці знаходзіла яркае выражэнне здаровае ўспрыманне рэчаіснасці. Народная мудрасць і народны погляд на гістарычны лёс праяўляліся ў ёй у канкрэтнай форме, часам з прамымі ўказаннямі на факты, якія служылі падставай для заключэння.

З вуснага фальклору многа гістарычнага матэрыялу запазычылі і пазнейшыя літаратурныя творы. Гістарычным зместам была прасякнута уся літаратура Кіеўскай Русі, у склад якой уваходзілі тады і землі будучай Беларусі. Ім была прасякнута таксама і пісьменнасць перыяду Феадальнай раздробленасці, калі пачалі намячацца адзнакі ўзнікнення ўсходніх славянскіх народнасцей. Не толькі ў летапісах, але і ў іншых жанрах літаратуры — пропаведзях, жыціях святых, аповесцях, песнях, статутах, актах, граматах, перакладах біблейскіх і іншых кніг, якія падвяргаліся своеасаблівай мясцовай перапрацоўцы, мы знойдзем многа гістарычных меркаванняў, заснаваных на назіраннях над рэчаіснасцю і на вострай цікавасці пісьменнікаў да сучаснага жыцця.

Ужо ў канцы ХІІ ст. Кірыл, епіскап Тураўскі, у адной з сваіх пропаведзей указваў на наяўнасць гістарычнага матэрыялу не толькі ў летапісах, але і ў мастацкіх творах. Ён падзяляў пісьменнікаў на «гісторыкаў» і «віцій»: «Гісторыкі і віціі, — пісаў ён, - (г. зн. летапісцы і песнятворцы) прыслухоўваюцца да расказаў аб войнах і бітвах паміж царамі (приклоняют свои слухи в бывшая между царей рати и ополчения), каб прыгожай мовай перадаць (няхай упрыгожаць словамі) чутае і ўзвялічыць пахваламі моцна змагаўшыхся за свайго цара і не ўцёкшых у час бою з ворагамі»[3]. Аўтар «Слова аб палку Ігаравым» таксама адрознівае «трудныя аповесці», г. зн. гістарычныя апавяданні аб ратных «трудах», і «песні», сюжэтам якіх з'яўляюцца тыя-ж ратныя справы, але ў паэтычнай апрацоўцы. Пісьменнікі раннефеадальнага часу наогул мала адрознівалі прозу і паэзію, апавяданне аб падзеях сапраўднага жыцця і мастацкую выдумку, і таму гістарычныя матывы часта ў іх укліньваліся у тыя жанры літаратуры, да якіх гісторыя прамых адносін не мела.

Але, вядома, асноўнымі гістарычнымі працамі былі летапісы. У грамадска-палітычным характары летапіснай літаратуры, як і ў многіх іншых пісьмовых творах раннефеадальнага перыяду, можна адзначыць пэўную двоістасць. Гэтая двоістасць праяўлялася як у летапісах, якія мелі адносіны да гісторыі беларускіх зямель, так і ва ўсіх летапісах наогул. У іх выявіліся тыя ж народная патрыятычнасць і рэалізм, як і ў вуснай народнай творчасці. Выкарыстоўваючы ў значнай ступені матэрыял вуснай народнай творчасці, летапісцы самі пранікаліся характэрнымі для яе матывамі. У большасці выпадкаў яны праводзілі ідэі дзяржаўнага адзінства, асуджалі княскія міжусобіцы і заклікалі да барацьбы са знешнімі ворагамі. Як і народныя песняры, яны пісалі ў славу рускага народа і развівалі тыя ж гераічныя і народнапатрыятычныя тэндэнцыі, якія былі заключаны ў фальклоры. Нягледзячы на рэлігійную ідэалогію, якой былі прасякнуты летапісы, а ў радзе выпадкаў і на прамую царкоўнасць, звязаную з усхваленнем духоўнай знаці, летапісцы пісалі аб фактах і падзеях рэчаіснасці, і ў іх захоўваўся той жа рэалізм, які ўласцівы і вуснай народнай творчасці. Царкоўнасць займала ў летапісах абмежаванае месца, таму што ў іх не бог і не цуды з'яўляюцца сіламі, якія вызначаюць лёс людзей, а чалавек і яго актыўная барацьба за радзіму, за незалежнасць і цэласнасць.

Але пры ўсёй гэтай блізкасці да народнай творчасці ў летапісах была і іншая рыса, якая па меры абвастрэння класавых супярэчнасцей набывала ўсё большае значэнне. Летапісы ствараліся ў той перыяд, калі на Русі рэзка праявіўся падзел на варожыя адзін другому класы і поўнасцю склалася дзяржаўнасць. Летапісцы былі блізкія да княскіх двароў і цесна звязаны з царквой, якая стаяла на варце інтарэсаў пануючага класа і мацнеючай дзяржаўнай улады. Таму выхваленне князёў і найбольш буйных феадалаў-царкоўных і свецкіх было іх галоўнай задачай. Аб цяжкасцях народнага жыцця, аб народных паўстаннях летапісцы звычайна або зусім умоўчвалі, або толькі мімаходзь упаміналі ў сувязі з апісаннем жыцця і дзейнасці тых-жа князёў. У якасці самастойнай сілы народ у летапісах або зусім адсутнічаў, або разглядаўся як аб'ект княскіх «трудоў», ці як дапаможная сіла, што спадарожнічае княскай дзейнасці. Самая патрэбнасць у летапісах, як у гістарычным асэнсаванні мінулага рускай зямлі, была выклікана ўтварэннем рускай дзяржавы як дзяржавы класавай, у якой пануючым класам былі феадалы. Летапісцы пісалі гісторыю князёў і паходаў, якімі кіравалі верхавінкі феадальнага грамадства і ў якіх галоўнымі ўдзельнікамі былі асобы, што належалі да пануючага класа. Асноўнымі чытачамі іх твораў, як і чытачамі ўсёй пісьмовай літаратуры таго часу, былі нямногія пісьменныя людзі, якія належалі да таго ж пануючага класа. Нават з фальклорных твораў яны бралі галоўным чынам тое, што не супярэчыла інтарэсам пануючага класа, ідэю адзінства Русі, заклік да барацьбы са знешнімі ворагамі і г. д. Пры гэтым не трэба забываць, што летапісцамі па большай частцы былі манахі, якія ўносілі шмат фантастычнага ў свае запісы і напаўнялі свае няхітрыя апавяданні расказамі аб цудах.

Дайшоўшыя да нас летапісы адносяцца да параўнальна позняга часу - не раней ХІV ст., але складанне іх пачалося раней — яшчэ ў перыяд росквіту Кіеўскай дзяржавы (пачатак XI ст.). Галоўнымі цэнтрамі рускага летапісання былі Кіеў і Ноўгарад, але пазней утвараюцца і мясцо выя цэнтры. Да нас дайшлі далёка не ўсе мясцовыя летапісы, а ў асноўным тыя, якія складаліся ў такіх буйных цэнтрах, як Растоў, Галіч, Владзімір. Але, апрача дайшоўшых да нас, было шмат і недайшоўшых, якія пісаліся ў розных месцах, у тым ліку і на землях, дзе пазней утварылася беларуская народнасць. У агульнарускіх летапісных зводах - і больш ранняга і больш позняга паходжання сустракаюцца часта ўпамінанні аб падзеях, якія адбываліся на беларускіх землях. Гэтыя даныя летапісцы маглі атрымаць толькі з мясцовых крыніц. Некаторыя з мясцовых падзей пераданы з такімі падрабязнасцямі, што звесткі аб іх маглі зыходзіць толькі ад людзей, якія прысутнічалі пры падзеях або нават удзельнічалі ў іх. На месцах узнікалі і складаліся сямейныя і родавыя паданні, жыціі святых, збіраліся афіцыяльныя дакументы, падхопліваліся чуткі, выкарыстоўваліся даныя мясцовага фальклору, запісваліся асабіста вядомыя аўтарам падзеі і з усяго гэтага складаліся летапісы, якія з прычыны іх вузка мясцовага значэння слаба распаўсюджваліся і таму рана гінулі. Аднак імі карысталіся складальнікі агульнарускіх летапісных зводаў. Так, ужо ў летапісу Нестара (пачатак ХІІ ст.) пад 862 г. ёсць упамінанне аб тым, што Рурык, раздаючы сваім «мужам» у кіраванне асобныя гарады, аднаму з іх аддаў «Полотск». Звестка гэтая магла быць легендарнай, але легенда ўзята, відаць, з мясцовых крыніц. Летапісец выкарыстаў яе для таго, каб умацаваць праводзімую ім ідэю адзінства Старажытнай Русі і падкрэсліць аб'еднаўчы характар дзейнасці першых рускіх князёў (у далейшым пад 907 г. гаворыцца аб падпарадкаванні Полацка і Олегу). Апрача Полацка, у старажытнейшых летапісных зводах ёсць частыя ўпамінанні аб Тураве (упершыню пад 980 г.), Пінску («Пінеск» - упершыню пад 1097 г.), Берэсце (упершыню пад 1099 г.), Мінску (упершыню пад 1066 г.), Гомелі (пад 1142 г.) і г. д.

У агульнарускіх летапісах паведамляецца шмат даных аб княскіх «неладах» ХІ-ХІІ ст.ст. Некаторыя з гэтых паведамленняў маюць вельмі яркі, вобразны характар і адносяцца да беларускіх зямель, як, напрыклад, апісанне бітвы паміж полацкім князем Всеславам Брачыславічам з трыма Яраславічамі - Ізяславам, Святаславам і Всеваладам, якая адбылася ў 1067 г. пад Мінскам. Па агульнарускіх летапісах можна атрымаць поўнае ўяўленне аб тым, як на тэрыторыі заходніх абласцей Вялікага Княства Кіеўскага ў ХІ-ХІІ ст.ст. былі ўтвораны феадальныя княствы-«поўдзяржавы»- Полацкае, Тураўскае, Гродзенскае, Мінскае, Віцебскае і інш. Ёсць усе падставы лічыць, што гэтыя даныя ўзяты з мясцовага летапісання або з мясцовых гістарычных крыніц.

У мясцовых летапісах, як можна меркаваць па тых іх элементах, якія ўвайшлі ў агульнарускія зводы, спачатку (у кіеўскі перыяд) пераважала агульнаруская ідэалогія. У гэты перыяд усе рускія землі яшчэ імкнуліся да Кіева, за якім яны прызнавалі вялікую сілу і ў якім бачылі свайго абаронцу ад знешніх ворагаў. Таму мясцовыя летапісцы стараліся падкрэсліць у сваіх запісах тыя рысы гісторыі, якія маглі ўмацаваць у чытача думку аб неабходнасці адзінства рускай зямлі і аб адвечных сувязях паміж асобнымі яе часткамі. Нават расказваючы аб дрэнных учынках некаторых кіеўскіх князёў, напрыклад, аб суровай расправе Владзіміра з Полацкім князем Рогваладам, забойстве Рогвалада і яго двух сыноў, гвалтоўнай жаніцьбе Владзіміра на дачцы Рогвалада Рагнедзе (у «Повести временных лет» пад 6488 (980) г.), летапісец запазычыў, відаць, гэтыя даныя з мясцовых крыніц і хацеў падкрэсліць адвечную падначаленасць Полацка Кіеву.

З цягам часу ў перыяд феадальнай раздробленасці на ідэалогіі летапісаў вызначаецца прыкметны ўплыў мясцовых інтарэсаў. У XII— ХІІІ ст.ст. раней адзіная Русь раздрабляецца, мясцовыя абласныя цэнтры ўзнімаюцца да вялікага палітычнага і культурнага значэння, і ў іх акрэсліваецца і адпаведная ідэалогія, накіраваная на абарону мясцовай самастойнасці. Летапісы ў аснове робяцца нібы працягам «Повести временных лет», але пішуцца ўжо не толькі ў Кіеве, але і ў іншых месцах - Ноўгарадзе, Галічы, Владзіміры Суздальскім, Пераяслаўлі поўднёвым. У гэтым летапісанні шмат матэрыялу прысвячаецца мясцовай гісторыі, асабліва жыццю і дзейнасці мясцовых князёў.

Аднак і ў час феадальнай раздробленасці, нягледзячы на уплыў мясцовых інтарэсаў на абласное летапісанне, у ім далёка не знікае ідэя адзінства рускай зямлі. Н. Г. Чэрнышэўскі ў сваіх заметках па рускай гісторыі пісаў: «Усведамленне нацыянальнага адзінства заўсёды мела рашучую перавагу над правінцыяльнымі імкненнямі»[4].

Абараняючы сваіх князёў, летапісцы імкнуліся паказаць іх як сапраўдных абаронцаў агульнарускіх інтарэсаў, як змагароў за агульнарускую справу. Пры гэтым яны ніколі не адрывалі мясцовыя падзеі ад падзей агульнарускіх і амаль заўсёды пачыналі сваё апавяданне з таго часу, калі феадальнай раздробленасці яшчэ не было, г. зн. з часу утва рэння Кіеўскай дзяржавы.

Для беларускіх зямель ХІІІ-ХІV ст.ст. былі часам, асабліва неспрыяльным для шырокага развіцця летапісання. Там у гэты час не было ніводнага цэнтра, які меў-бы агульнарускае значэнне, як Ноўгарад, Владзімір, Галіч, пазней Масква. Нават Полацк, вельмі ўплывовы горад у ХІ-ХІІ ст.ст., аслабеў у працэсе барацьбы з немцамі і ў выніку міжусобных войн і з ХІІІ ст. аказаўся ў залежнасці ад Смаленска. З другой палавіны ХІІ ст. узмацніліся напады літоўскіх князёў на Русь, якія прывялі затым у ХІІІ-ХІV ст.ст. да падпарадкавання беларускіх зямель літоўскаму панаванню. Усе гэтыя напады, усобіцы і войны вялі да разарэння асобных гарадскіх цэнтраў, да заняпаду культуры, што адбілася і на беларускім летапісанні, слядоў якога ад гэтага часу не захавалася. Гэтым тлумачыцца і тое, што фактычны матэрыял, які датычыць Беларусі ХІІІ-ХІV ст.ст., мае значныя прабелы[5]. Калі ў гэты час вяліся некаторыя летапісныя запісы, то яны мелі выключна мясцовую цікавасць, былі мала распаўсюджаны і таму да нас не дайшлі[6].

Беларускае летапісанне атрымлівае вялікае развіццё толькі з ХѴ ст. Нягледзячы на палітычнае падпарадкаванне Вялікаму Княству Літоўскаму, Беларусь у культурных адносінах стаяла значна вышэй за Літву. У ёй ужо даўно існавала высока развітая літаратура, між тым як першыя помнікі літоўскай пісьменнасці адносяцца толькі да ХVІ ст. Руская мова, злучаўшая элементы ўсіх трох (вялікарускай, беларускай і ўкраінскай) усходнеславянскіх моваў, якія гады складваліся, стала мовай афіцыяльных актаў і дакументаў Літоўскага княства (пры значным пераважанні беларускіх элементаў і пры некаторым захаванні стараславянскіх слоў і форм мовы). На ёй доўгі час пісалі летапісы, аповесці, павучэнні і іншыя творы таго перыяду. Аднак літоўскае ўладарніцтва не магло не адбіцца на беларускай культуры наогул і на беларускім летапісанні ў прыватнасці. Літоўскія феадалы баяліся аддзялення захопленых імі беларускіх зямель і працівіліся ўсяму таму, што магло падтрымліваць сувязі паміж рускім і беларускім народамі і ўмацоўваць думку аб адзінстве паходжання ўсходнеславянскіх народнасцей. Таму яны стараліся і беларускае летапісанне накіраваць у жадаемы для іх бок, г. зн. у бок праслаўлення Літоўскага княства і ўзвелічэння асобных феадальных родаў. Але пры слабасці тых культурных сіл, якімі ўладалі пануючыя класы Літоўскага княства, яны не маглі заглушыць у беларускім летапісанні ідэі адзінства ўсяго ўсходняга славянства, не маглі задушыць імкнення беларускага народа да з'еднання з рускім і ўкраінскім, асабліва ў больш раннія перыяды літоўскага ўладарніцтва на беларускіх землях. Толькі ў больш познія летапісы, якія складаліся на тэрыторыі Беларусі і Украіны У ХѴІ ст., калі літоўская культура некалькі ўмацавалася, прыхільнікам літоўскіх феадалаў удалося ўключыць спрыяльную для іх ідэалогію.

Летапісы, якія складаліся ў межах Вялікага Княства Літоўскага ў ХѴ-ХѴІ ст.ст., звычайна называюцца літоўскімі. Але гэтая назва можа быць прынята толькі ўмоўна. Яны называліся літоўскімі таму, што складаліся ў межах Вялікага Княства Літоўскага і што іх змест у значнай ступені датычыў жыцця і дзейнасці літоўскіх князёў. Але яны пісаліся на фарміраваўшайся беларускай мове і толькі ў больш познія з іх праніклі паланізмы. Аўтарамі гэтых летапісаў былі жыхары беларускіх зямель, большай часткай беларусы па паходжанню. У аснову ўсіх гэтых летапісаў пакладзены агульнарускія летапісныя зводы, працягам якіх яны і з'яўляліся. Па мове і паходжанню, аднак, гэта былі хутчэй беларускія летапісы, хоць у іх змесце і ў палітычных настроях іх аўтараў было шмат рознастайнага.

Паміж «кароткімі» і «падрабязнымі» летапіснымі зводамі, на якія падзяляюцца так званыя літоўскія летапісы, ёсць вялікія адрозненні. Кароткія летапісы ўзніклі раней. Да іх адносяцца летапіс Аўраамкі, Супрасльскі, Увараўскі, Пазнанскі, Нікафораўскі і Акадэмічны спісы, «Хронікі аб вялікіх князёх літоўскіх» Красінскага[7]. Выкладанне падзей у іх канчаецца 1446 г., прычым многія запісы зроблены сучаснікамі. Кароткія летапісы ў асноўным складаліся не раней канца ХІV ст. і не пазней другой палавіны ХV ст. У некаторых з іх даволі ярка праяўляецца спачуванне да Масквы і асуджэнне тых літоўскіх князёў, якія вялі антырускую палітыку. Асабліва моцна гэтае спачуванне да блізкага рускага народа праявілася ў летапісу Аўраамкі, складзеным у 1495 г. у Смаленску («раб божы Аўраамка», як ён сам сябе называў, - відаць, духоўная асоба, падпарадкаваная Смаленскаму епіскапу). Апісваючы гераічную перамогу Дзмітрыя Данскога над ханам Мамаем на Куліковым полі ў 1380 г., летапісец з гарачым спачуваннем гаворыць пра маскоўскага князя, як пра абаронцу агульнарускіх інтарэсаў, і рэзка асуджае «нечасцівага літоўскага Ягайлу» за яго саюз з Мамаем. Ён таксама асуджае саюзніка татар і Ягайлы разанскага князя Олега, называючы яго «адступнікам» і «новым Іюдай здраднікам»[8]. Як патрыёт адзінай Русі, летапісец у асаблівую заслугу ставіць Дзмітрыю тое, што ён не толькі абараніў усе хрысціянскія народы ад «паганых» татар, але і прымусіў баяцца і трапятаць Літву («не видиша бо тогда князя великого, ни рати его, ни оружца его, токмо имени его Литва бояхутся и трепетаху»)[9]. Ён з горыччу гаворыць аб тым прыгнечанні, якое народныя масы цярпелі ў яго час (канец XV ст.) з боку літоўскіх феадалаў («При нынешних временах Литва над нами игры творять и поругаются»). Тут летапісец выступае ў якасці выразніка інтарэсаў народа Беларусі, які цягацеў да Масквы і чакаў ад яе дапамогі.

На кароткія летапісы зрабіла вялікі ўплыў ідэалогія пануючых класаў Літоўскага княства. Нягледзячы на сімпатыю да Рускай дзяржавы, якая часта праяўляецца ў іх, яны амаль усюды выхваляюць Вітаўта, які, як вядома, часта ўступаў у войны з Масквой і вёў у адносінах да рускіх зямель захопніцкую палітыку. У некаторыя кароткія хронікі[10] уключаны пад асобымі назвамі нават спецыяльныя раздзелы, у якіх празмерна выхваляецца Вітаўт, якому ўсё ўдаецца і ўсе падпарадкуюцца, як слаўнаму гасудару. Яму «вси цари татарские служили и сами своими головами на помощь ему шли и слухали его». Ён быццам бы даваў татарам па свайму погляду «князёў і цароў». Яго слухаліся і «княжаты нямецкія» і аказвалі яму ваенную дапамогу, «дзе яму будзе патрэба». Наперакор ісціне (і можа быць лічачыся з народнымі, спачувальнымі ў адносінах да Масквы настроямі) Вітаўт паказан як друг Масквы: «Также князь великий Московский у великой милости (дружбе) жил с ним». Гэтыя празмерныя пахвалы Вітаўту ў кароткіх летапісах накіраваны, аднак, не супраць Масквы, а супраць Польшчы; яны мелі на мэце паказаць, што вялікі князь Літоўскі мае не меншае, калі не большае значэнне, чым кароль польскі, і што імкненне Польшчы падпарадкаваць сабе Літву не мае пад сабой асновы. Наогул Вітаўту ў кароткіх летапісах адведзена цэнтральнае месца. Выключэннем з'яўляецца летапіс Аўраамкі. У ім выражаны і антылітоўскія настроі, якія тлумачацца вялікім спачуваннем аўтара да Масквы[11].

Іншы характар маюць падрабязныя летапісы. Да іх адносяцца спісы Быхаўца (найбольш поўны), Рачынскага, «Летапісец» Красінскага, Еўрэінаўскі, Румянцаўскі, некаторыя ўрыўкі з Патрыяршага[12]. Падрабязныя спісы ўзніклі ў асноўным у другую палавіну ХVІ ст. Іх аўтары жылі ў перыяд, калі імкненні польскіх каралёў і польскіх феадалаў да падпарадкавання сабе Літвы і літоўска-рускіх феадалаў, не кажучы ўжо аб народных масах Літвы, узмацніліся.

Складальнікі падрабязных летапісаў былі блізкімі да літоўскіх феадалаў, якія ў той час адцясняліся на задні план феадаламі Польшчы. Інтарэсы гэтых літоўскіх феадалаў яны імкнуліся з асаблівай сілай адстаяць супраць Польшчы, а часткова і супраць Масквы. Пры гэтым антыпольскія настроі былі ў падрабязных летапісах значна больш ярка выражаны, чым антымаскоўскія, бо шляхецкія колы Літвы больш баяліся абмежавання сваіх палітычных правоў з боку Польшчы, чым з боку Масквы.

У падрабязных летапісах можна знайсці шмат паданняў аб паходжанні як літоўскай шляхты ў цэлым, так і яе асобных родаў. Гэтыя паданні, вядома, былі казачнымі і легендарнымі. Яны прыпісвалі шляхце паходжанне яе ад нейкага рымскага князя Палемона, сваяка Нерона, які ўцёк ад самавольства імператара ў чужыя краі. Яму спадарожнічалі пяцьсот знатных рымлян з сем'ямі. Плывучы на караблях праз Міжземнае мора і акіян у пошуках месц для пасялення, яны дасягнулі вусця Нёмана і пасяліліся ў яго басейне. З цягам часу пасяленцы размножыліся і занялі тэрыторыю да Заходняй Дзвіны. Ад патомкаў Палемона пайшоў народ літоўскі і літоўская шляхта[13]. Самое слова Літва летапісец утварае ад лацінскага слова lituus (труба), таму што «людзі тыя, што за Велею (Вілія - прыток Нёмана) паселі, ігрывалі на трубах дубасных»[14]. Гэтыя фантастычныя паданні складзены з яснай мэтай паказаць старадаўнасць паходжання літоўскай шляхты ў процілегласць шляхце польскай, якая такой старадаўнасцю не магла пахваліцца. У спісе Быхаўца апавядаецца, як паны літоўскія ў прамове, звернутай да германскага імператара, які нібыта прыбыў сам на каранацыю Вітаўта[15], даказвалі, што ў палякаў шляхта была простага паходжання, бо яны перанялі свае гербы ад чэшскіх паноў: «Мы-ж шляхта старая рымская і продкі нашы з гэтымі гербамі сваімі (г. зн. рымскімі гербамі) дайшлі да тых панстваў, у якія яны ўсяліліся..., і не хочам ніякіх новых гербаў, але трымаемся сваіх старых гербаў, якія нам пакінулі нашы продкі»[16]. І германскі імператар нібыта згадзіўся з літоўскімі панамі і адказаў ім, што ведае, што яны - старая рымская шляхта, больш старадаўняя, чым польская, але ўсё-ж раіць ім жыць з польскімі панамі ў міры і дружбе[17].

У падрабязных хроніках значная ўвага аддаецца доказам старадаўняга паходжання не толькі ўсёй літоўскай шляхты, але і асобных знатных літоўскіх родаў. Усе яны аказваліся патомкамі легендарнага Палемона, прычым многія з іх рабілі розныя подзвігі. Наогул у летапісах вялікая ўвага аддаецца ўсяму таму, што было звязана з жыццём і багаццямі асобных знатных родаў Літвы.

Хоць падрабязныя летапісы накіраваны галоўным чынам супраць Польшчы і польскіх паноў, якія абвінавачваюцца ў баязлівасці, у гультайстве і нават зверствах, некаторыя месцы з іх прасякнуты пагардай і ў адносінах да Масквы. Так, у іх апавядаецца, вядома, наперакор гістарычнай праўдзе, што калі князь Ольгерд падыйшоў да Масквы, то маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч пакорліва прасіў яго, каб той «яго з вотчыны яго з Масквы не выгнаў і гнеў свой адпусціў, і ўзяў-бы ў яго, што хацеў...» Ольгерд згадзіўся памірыцца з Дзмітрыем Іванавічам, але у знак сваёй перавагі над ім прысланіў сваё кап'ё да сцяны Маскоўскай гучным голасам абвясціў: «Княже великий Московский, памятуй, што то копие Литовское стояло под Москвой...»[18]. Такім-жа пагардлівым тонам прасякнуты і апісанні бітваў паміж рускімі і літоўскімі войскамі, дзе літоўцы або перамагаюць, або калі часам адступаюць, то робяць гэта са славай, уступаючы толькі велізарнай колькаснай перавазе праціўніка[19]. Нягледзячы на ўсе гэтыя выдумкі падрабязных летапісаў, у іх пагардлівых выпадах супраць Масквы няма той нічым не прыкрытай злосці і той пагарды, якія мы бачым у іх адносінах да Польшчы і да польскіх паноў. У некаторых месцах гэтых летапісаў праходзіць нават думка аб магчымым саюзе паміж Літоўскім княствам і Масквой у барацьбе супраць Польшчы. Тут на аўтараў гэтых летапісаў зрабілі ўплыў спачувальныя настроі беларускіх мас княства Літоўскага і спрыяльныя адносіны да Масквы некаторых колаў праваслаўных беларуска-літоўскіх феадалаў, якія шукалі ў Маскве абароны ад польскага засілля, што насоўвалася на Літоўскае княства (прыпомнім паўстанне князёў Глінскіх супраць караля Сігізмунда ў Беларусі ў пачатку ХVІ ст.).

Цяга беларускіх народных мас да Масквы, якая знайшла сабе прамое або ўскоснае адлюстраванне ў беларускіх летапісах, знаходзілася ў поўнай адпаведнасці з працэсам утварэння беларускай народнасці, які адбываўся на працягу XIV-ХVІ ст.ст. Беларуская народнасць утварылася ў выніку далейшага развіцця тых асаблівасцей, якія ўзніклі на тэрыторыі пазнейшай Беларусі яшчэ ў рамках адзінай рускай народнасці і паглыбіліся ў перыяд феадальнай раздробленасці. Плямёны (дрыгавічы, полацкія крывічы і радзімічы, на аснове якіх пазней узнікла беларуская народнасць), жылі паміж Заходнім і Сярэднім Дняпром. Рост эканамічных сувязей паміж гэтымі плямёнамі прывёў да ўтварэння адзінай беларускай народнасці, у межах якой згладжваліся племянныя асаблівасці мовы, псіхічнага складу і быту і ўзнікалі агульнанародныя рысы.

Працэс утварэння беларускай народнасці, асабліва пры наяўнасці феадальнай раздробленасці, расцягнуўся на рад стагоддзяў. У асноўным ён адбываўся паміж XIV і ХVІ ст.ст.

Побач са збліжэннем мясцовых этнічных груп адбываўся працэс іх выдзялення з раней адзінай рускай народнасці. Гэтаму выдзяленню спрыялі асобыя палітычныя ўмовы, у якіх усходнія славяне аказаліся з пачатку ХІІІ ст. Поўночна-Усходняя Русь была вымушана на доўгі час падпарадкавацца татара-мангольскім заваёўнікам. Каля ста год татары панавалі і над поўднёвай групай усходніх славян (у будучай Украіне). Заходнія-ж землі (будучыя беларускія) былі вымушаны падпарадкавацца літоўскім феадалам, хоць ім удалося адбіцца ад татар. У выніку тэрыторыя, на якой некалькі пазней пачала фарміравацца беларуская народнасць, аказалася палітычна адарванай ад астатніх зямель раней адзінага рускага народа. Гэта затармазіла далейшае развіццё эканамічных, грамадскіх і культурных сувязей паміж асобнымі часткамі ўсходняга славянства. Аднак гэтыя сувязі далёка не былі знішчаны. Хоць фарміраваўшыяся руская, беларуская і ўкраінская народнасці былі вымушаны жыць на розных тэрыторыях, але іх дружба, пошукі ўзаемнай дапамогі і імкненне да ўз'еднання праяўляліся і далей у розных відах: і ў творах вуснай народнай творчасці, і ў пісьмовай літаратуры, і ў падзеях тагачаснага жыцця.


  1. М. Горкі. Аб літаратуры. Артыкулы і прамовы, М., 1935, стар. 375.
  2. М. Горкі, Аб літаратуры. М., 1935, стар. 221.
  3. Пераклад "тварэнняў" Кірыла ў выданні Еўгенія, Кіеў, 1880, стар. 60.
  4. Н. Г. Чернышэўскі. Поўны збор твораў, т. 3, 1947, стар. 570.
  5. Гэты недахоп часткова кампенсуецца тым, што ў рускіх і ўкраінскіх летапісах перыяду феадальнай раздробленасці паведамляюцца некаторыя звесткі аб фактах беларускай і літоўскай гісторыі (асабліва важным з'яўляецца ў гэтых адносінах Іпацьеўскі, а таксама і Галіцка-Валынскі летапісы). У больш позніх летапісах Наўгародскіх, Пскоўскіх, Тверскім, а таксама і ў больш позніх агульнарускіх летапісных зводах ёсць некаторы матэрыял, які датычыць Беларусі. Ён ёсць і ў Густынскім летапісу, складзеным на Украіне ў ХVІІ ст. Але гэты матэрыял усё-такі недастатковы.
  6. Не дайшоўшымі да нас беларускімі летапісамі карыстаўся польскі храніст другой палавіны ХѴІ ст. Стрыйкоўскі. Яго хроніка ў ХVІ ст. была перакладзена на беларускую мову.
  7. ПСРЛ, тт. XVI і XVII.
  8. ПСРЛ, т. XVI.
  9. Там-жа.
  10. У тым ліку ў Акадэмічны спіс (т. XVII, стар. 136-139) пад назвай "Сказанне (аб) вялікім князю Вітаўце і ў „Кройнікі" Красінскага (стар. 176-178) пад назвай "Похвела аб вялікім князю Вітаўце". Выхваленне Вітаўта паўтараецца і ў падрабязным зводзе.
  11. ПСРЛ, т. ХѴІ, стар. 76, 103, 108, 117. Літва называецца "паганаю", а яе князь Ольгерд "злаверным, бязбожным, ільсцівым (103), Ягайла — "нечасцівым" (108).
  12. ПСРЛ, т. XVII.
  13. ПСРЛ, т. ХѴII, стар. 227-330 (спіс Красінскага).
  14. Там жа, стар. 270.
  15. Вядома, увесь гэты расказ аб прыбыцці імператара германскага на каранацыю Вітаўта з'яўляецца выдумкай.
  16. ПСРЛ. т. ХVІІ, стар. 527 (спіс Быхаўца).
  17. Там-жа
  18. Еўрэінаўскі спіс, стар. 378-379.
  19. Гл. апісанне бітвы паміж маскоўскімі і літоўскімі войскамі ў "Спісе Быхаўца" (пад 700 г.). У гэтай бітве, па Быхаўцу, паражэнне літоўцаў, якімі кіраваў князь Канстанцін Остроўскі, тлумачылася тым, што ў іх "не было больш поўчвэрці тысячы конных, апрача пешых, а масквічоў было сорак тысяч добра ўзброеных і спраўных конных, апрача пешых", ды і то масквічы, пакуль яны не пераканаліся ў сваёй велізарнай колькаснай перавазе, ледзь не пабеглі (стар. 560).

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.