Гістарычная думка ў Беларусі ў XIX — пачатку XX ст.
Гістарычная думка ў Беларусі ў XIX — пачатку XX ст. Гістарычная праца Аўтар: Уладзімір Перцаў 1957 год Крыніца: Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук — 1957 — №2 |
В. Н. ПЕРЦАЎ.
акадэмік АН БССР
ГІСТАРЫЧНАЯ ДУМКА Ў БЕЛАРУСІ Ў ХІХ—ПАЧАТКУ ХХ ст.
Гістарычная думка беларускага народа ва ўсе перыяды яе развіцця была цесна звязана з сучаснай ёй соцыяльна-палітычнай абстаноўкай. У раннія перыяды гісторыі, пакуль яшчэ не склалася беларуская народнасць, яна выражалася галоўным чынам у вуснай народнай творчасці і ў летапіснай літаратуры. Гэта быў перыяд, калі народныя масы знаходзіліся пад прыгнётам прыгонніцкіх парадкаў і жылі ў цяжкіх умовах феадальнай раздробленасці і княжацкіх міжусобіц. Таму спробы гістарычнага асэнсавання мінулага рабіліся галоўным чынам у форме пратэсту супраць феадальнага прыгнечання і імкнення выйсці з стану ўдзельнай раздробленасці. Прагрэсіўныя рысы ў гістарычнай думцы да ХѴ ст. праяўляліся галоўным чынам у антыфеадальных і патрыятычных поглядах, якія, з аднаго боку, з горыччу канстатавалі цяжкае становішча мінулага і сучаснага, а з другога, — заключалі ў сабе пошукі лепшай будучыні ў выглядзе знішчэння прыгоннай няволі і ўстанаўлення цвёрдай улады, здольнай ліквідаваць феадальную бязладзіцу.
Пазней, калі зусім ужо склалася беларуская народнасць і вырасла самасвядомасць беларускага народа, а разам з тым узмацнілася яго феадальнае і нацыянальна-рэлігійнае прыгнечанне з боку польскіх феадалаў і каталіцкага духавенства, у гістарычным асэнсаванні мінулага і пошуках лепшай будучыні побач з народнымі масамі, якія працягвалі ствараць свой фальклор, выступілі гарадскія слаі насельніцтва. З асяроддзя гараджан (а часткова і блізкіх да іх па настроях дробных шляхціцаў) вылучыліся таленавітыя барацьбіты за асвету, за веды, за свабоду думкі, якія зрабілі многа для распаўсюджвання адукацыі і ўстанаўлення свабоды думкі (асабліва Георгій Скарына). Яны здолелі асвятліць патрэбы і правы беларускага насельніцтва ўжо з новых, гуманістычных пазіцый. Некаторыя з гэтых гуманістаў, застаючыся ідэалістамі па свайму агульнаму светапогляду, у абалонцы ерэтычных вучэнняў выступалі супраць царкоўнага цемрашальства, у абарону правоў розуму (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі) і нават у абарону соцыяльнай роўнасці (Феадосій Касы). Многія дзеячы ХVI і ХVІІ ст.ст. у сваёй барацьбе супраць узмоцненага польска-каталіцкага прыгнечання ўскладалі спадзяванні на дапамогу з боку адзінаплямённай і адзінавернай Масквы. З канца ХVІІІ ст. для развіцця беларускай грамадскай і гістарычнай думкі наступілі больш спрыяльныя ўмовы. Пасля часовага заняпаду беларускай культуры ў XVII-ХVІІІ ст.ст., выкліканага галоўным чынам узмацненнем феадальна-прыгонніцкага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнечання, у соцыяльна-палітычным жыцці Беларусі пачаўся ўздым, які адбіўся на ажыўленні ў ідэалогіі наогул і, у прыватнасці, у галіне гістарычнай думкі. Галоўнай прычынай гэтага ўздыму было ўз'еднанне беларускага народа з рускім, якое адбылося ў канцы ХVІІІ ст. Яно мела для далейшай гісторыі Беларусі вялікае прагрэсіўнае значэнне. Беларусь вызвалілася ад гвалтоўнай паланізацыі, пагражаўшай самому існаванню беларускай народнасці. Разам з тым уваходжанне ў склад рускай дзяржавы забяспечвала для яе больш хуткія магчымасці пераадолення феадальных парадкаў, чым знаходжанне ў межах Польшчы, якая знаходзілася, па словах Энгельса, «у стане поўнага развалу». Для беларускай прамысловасці ўзніклі больш шырокія рынкі, узмацніліся гандлёвыя сувязі Беларусі з рускімі гарадамі. Апрача таго, для працоўных мас Беларусі з уваходжаннем яе ў склад Расіі з'явілася магчымасць з'еднацца з вялікім рускім народам у барацьбе за сваё соцыяльнае вызваленне, выкарыстаць рэволюцыйны вопыт рускага народа і на базе гэтага вопыту весці далейшую барацьбу з большай упэўненасцю ў свае сілы.
Ужо ў канцы ХVІІІ ст. на некаторых перадавых людзей Беларусі аказалі ўплыў вызваленчыя ідэі прагрэсіўных рускіх пісьменнікаў таго часу. У нас няма дакладных звестак, наколькі былі ўспрыняты перадавымі людзьмі Беларусі асветніцкія погляды Н. І. Новікава і рэволюцыйна-дэмакратычныя мыслі А. Н. Радзішчэва. Але грамадская ідэйная атмасфера была ў той час агульнай для ўсіх перадавых людзей і не закрануць асобныя, хоць і абмежаваныя групы беларускай інтэлігенцыі, ужо тады звязаныя з Расіяй, яна не магла.
Некаторыя мыслі перадавых пісьменнікаў Расіі былі прама звязаны з спецыфічнымі інтарэсамі Беларусі і з інтарэсамі яе працоўных мас. Да такіх мыслей адносяцца нападкі Новікава на езуітаў і на апякунства, якое аказвалася ім тады і польскай, і рускай арыстакратыяй. Новікаў выкрываў «шкодныя дзеянні» езуітаў, «наклікаўшыя столькі зла грамадзянскаму грамадству». Думкі Новікава былі цесна звязаны з назіраннямі над агульным ходам гістарычнага працэсу, і паколькі дзейнасць езуітаў была добра вядома ў Беларусі не толькі як антыправаслаўная, але і антыдэмакратычная, цесна звязаная з інтарэсамі арыстакратыі, пастолькі рэзкая крытыка гэтай дзейнасці непасрэдна датычыла інтарэсаў і гістарычнага лёсу беларускіх народных мас.
У ХІХ ст. уплыў перадавой рускай грамадскай мыслі на ацэнку гістарычнага працэсу беларускімі пісьменнікамі і дзеячамі культуры расшырыўся. Падзеі пачатку ХІХ ст. і галоўным чынам Айчынная вайна 1812 г. умацавалі сувязі паміж рускім і беларускім народамі, якія змагаліся супраць іншаземнага нашэсця. Паўстанне дзекабрыстаў у 1825 г. таксама знайшло водгук у Беларусі, і ў Бабруйску (двума афіцэрамі-Трусавым і Троіцкім) была зроблена спроба ўзняць паўстанне, нават зрабіць Бабруйск цэнтрам рэволюцыйнага руху. Гэтая спроба не ўдалася, але ў выніку снежаньскага паўстання сувязі паміж перадавымі людзьмі Расіі і Беларусі ўмацаваліся, і гэта не магло не садзейнічаць далейшаму збліжэнню паміж самімі народамі.
Умацаванне сувязей з вялікім рускім народам аказала вялікі ўплыў на беларускую грамадскую і гістарычную думку. Гэта знайшло выражэнне перш за ўсё ў народнай творчасці, якая правільна асэнсоўвала гістарычныя падзеі сучаснасці. У народных песнях адлюстраваліся гістарычныя падзеі, блізка звязаныя з гісторыяй Беларусі, —вайна з Напалеонам, у якой французы і сам Напалеон паказваюцца ў камічным выглядзе. Многа народных песень было прысвечана, як і раней, прыгоннаму праву, прычым у гэтых творах асабліва ярка выкрывалася самавольства паноў і выяўлялася народная нянавісць да прыгонніцтва. Асабліва характэрны ў гэтых адносінах такія беларускія казкі, як «Ад чаго зло на свеце», «Іванка-прастачок» і інш. У некаторых беларускіх народных прыказках і прымаўках відаць нават крытычныя адносіны да рэлігіі (напрыклад, «Смяяўся і плакаў, а ўсё бог аднакаў», або «Няхай тое чорт есць, што бог дасць» і інш.).
Народная творчасць выклікала вялікую цікавасць і ў некаторых пісьменнікаў, якія літаратурна апрацоўвалі народныя матывы і пісалі перайманні народным песням без абазначэння свайго імя. Гэтая ананімная літаратура, якая ўзнікла і развівалася ў першай палавіне ХІХ ст., прадстаўляе жывую гістарычную цікавасць, паколькі па ёй можна меркаваць, як сам народ і блізкія да яго па свайму светасузіранню пісьменнікі разумелі сучасныя ім гістарычныя падзеі і свой гістарычны лёс. У творах ананімнай літаратуры народ выказваў сваю прагу свабоды («Эх! Як-бы толькі нам свабода! На свабодзе аджывем»[1]), нянавісць да несправядлівасці («Не па праўдзе бедных гоняць і не к праўдзе суд свой клоняць»[2]), у іх апісвалася горкае паднявольнае жыццё прыгонных сялян, спадзяванні на блізкія перамены («Цяпер на свеце ўсё іначай строяць»[3]) і да т. п.
Некаторыя з ананімных твораў былі напісаны адукаванымі людзьмі, якія добра ведалі не толькі сучасную ім рускую, але і антычную літаратуру. У ананімнай паэме «Энеіда навыварат»[4], якая ўяўляла з сябе таленавітую пародыю на «Энеіду» Віргілія, царыца Карфагена прадстаўлена ў выглядзе грубай і жорсткай памешчыцы, упікаючай свайго дзесяцкага ў тым, «што ён распраўшчыны не знае, ды без пашпартаў усіх пускае»; бог вятроў Эол - у выглядзе ўслужлівага прыказчыка паноў, які з падуладнымі яму ветрамі абыходзіцца, як з прыгоннымі; Юнона характарызуецца, як «баба злая, адроддзя панскага, ліхая» і да т. п.
Яшчэ большую гістарычную цікавасць прадстаўляе сабой другая беларуская паэма «Тарас на Парнасе», напісаная таксама ў першай палавіне ХІХ ст. Невядомы аўтар яе выражае гарачае спачуванне перадавым рускім пісьменнікам таго часу - Пушкіну, Гогалю, Лермантаву, якіх на Парнасе сустракаюць з гонарам («...прайшлі, як павы, на Парнас») і пагардліва характарызуе сучасных яму рэакцыйных журналістаў - Грэча і Булгарына, нявартых, на яго думку, знаходжання сярод парнаскіх небажыхароў. Такім чынам, ён ужо ясна ўяўляў сабе перспектыву гістарычнага развіцця рускай культуры і добра разумеў, хто служыў справе прагрэсу і хто, наадварот, падтрымліваў цёмныя сілы гісторыі.
У ХІХ ст. творы беларускай народнай творчасці становяцца прадметам вывучэння з боку мясцовых гісторыкаў, этнографаў і фалькларыстаў. Яны ўжо разумелі, якое вялікае значэнне мае народная творчасць для разумення гістарычнага развіцця беларускага народа, але ў большасці выпадкаў не ўмелі падысці да яго з правільных пазіцый. Да такіх збіральнікаў фальклору адносяцца П. М. Шпілеўскі (1827-1861), які многа падарожнічаў па Беларусі, збіраў этнаграфічныя і фальклорныя матэрыялы і пісаў асобныя артыкулы аб беларускай народнай творчасці[5]; І. І. Насовіч (1788-1877), ураджэнец г. Мсціслава, настаўнік па прафесіі, які працаваў у галіне лінгвістыкі і фальклору[6]; П. Шэйн (1826-1900), народны настаўнік, шчыра і глыбока адданы збіранню народнай творчасці;[7] Н. Я. Нікіфароўскі (1845—1910), таксама настаўнік пачатковай школы, які правёў большую частку свайго жыцця ў Віцебскай губерні;[8] Е. Р. Раманаў (1855-1921), настаўнік Гомельскага гарадскога вучылішча, арганізатар археалагічных музеяў у Віцебску і Магілёве, сабраўшы велізарную колькасць этнаграфічнага матэрыялу, які яму да канца жыцця не удалося канчаткова апрацаваць.[9] Усе гэтыя збіральнікі беларускай творчасці былі энтузіястамі сваёй справы, аддаваўшымі ёй усё сваё жыццё. Яны былі блізкімі да народных мас, жылі сярод народа, прыцягвалі да збірання народных песень сваіх знаёмых і сельскую інтэлігенцыю наогул. Сабранымі імі матэрыяламі і да цяперашняга часу карыстаюцца вучоныя фалькларысты і этнографы.
Амаль усе збіральнікі беларускага фальклору былі звязаны з заснаваным у 1845 г. Рускім геаграфічным таварыствам, якое вяло з палавіны ХІХ ст. шырокую работу па вывучэнню народнай творчасці Беларусі. Але, будучы блізкімі да народа, яны пры ўсёй сваёй любві да яго творчасці і пры ўсім сваім спачуванні да народных мас не здолелі зразумець і ацаніць антыпрыгоннай соцыяльнай накіраванасці твораў народнай творчасці. Падбіраючы фальклорныя творы для ўключэння іх у свае зборнікі, яны спыняліся галоўным чынам на песнях бытавога, сямейнага, абрадавага, святочнага і любоўнага зместу. Матывы барацьбы з прыгнятальнікамі і нянавісці да апошніх імі або зусім пакідаліся ў баку, або затушоўваліся. Таму беларускі народ прадстаўляўся ў падабраных імі да выдання творах у выглядзе пакорнага народа, які цалкам уйшоў у сваё сямейнае і абрадава-бытавое жыццё.
З гэтай прычыны, нягледзячы на бясспрэчныя заслугі беларускіх фалькларыстаў ХІХ ст. у абуджэнні інтарэсу да народнай творчасці, у складзеных імі зборніках народная паэзія і разам з ёю і ўсё гістарычнае жыццё беларускага народа набылі аднабаковае асвятленне. Часам гэтая аднабаковасць пераходзіла нават у свядомае рэакцыйна-славянафільскае разуменне як народнай творчасці, так і беларускай гісторыі наогул. Такое разуменне даволі ярка праявілася ў вядомага фалькларыста П. А. Бессонава (1828-1898).[10] Бессонаў у «Тлумачэнні да выдання» сабраных ім беларускіх песень развіў цэлую, вельмі блытана выкладзеную, славянафільскую філасофію гісторыі. У песнях, ім падабраных, не толькі ігнаруецца антыпрыгонны змест народнай паэзіі, але і даецца ідылічная карціна поўнага соцыяльнага добрабыту беларускага народа, бо сяляне жывуць, маўляў, згодна з гэтымі песнямі «ў добрай ласцы, у добрай згодзе» з панамі і дзякуюць свайго «слаўнага пана» «за яго хлябы за сітовыя, за яго страўкі за сахарныя, за яго слоўцы за пакорныя».[11] З гэтымі ўяўленнямі аб «згодзе» сялян з іх панамі перагукаліся і ўяўленні аб забітасці беларускага народа, якія часам выказваліся таксама ў некаторых рускіх часопісах 30-50-х гадоў («Пантеон», «Москвитянин» і інш.) і больш позняга часу. Так, рэакцыйны пісьменнік другой палавіны ХІХ ст. Папоў у сваёй невялікай кнізе аб беларусах даў паклёпніцкі паказ гістарычнага лёсу беларускага народа: «Цяжкія нягоды, — піша ён, -якія перацярпеў беларускі народ у сваім мінулым, сапсавалі яго нораў, забілі, прынізілі яго», прывучылі «гнуцца, каленапрыкланяцца, ілгаць і подлічаць».[12]
Як-бы ў адказ на ўсе гэтыя вымыслы аб няздольнасці беларускага народа да барацьбы рэволюцыйныя дэмакраты 60-70-х гадоў абаранялі правы ўсіх прыгнечаных народаў, у тым ліку і беларускага, на самастойнае развіццё і здольнасць да супраціўлення. У асабліва яркай форме асуджаў «думку» аб апалітычнасці і забітасці беларускага народа Н. А. Дабралюбаў. «Мы не ведаем, - пісаў Дабралюбаў з поваду гэтай думкі, -у якой ступені ілжывая гэтая думка..., але паверыць яму, зразумела, не можам. Цэлы край так вось узялі, ды і забылі, - як-бы не так. Ва ўсякім выпадку пытанне аб характарыстыцы беларусаў павінна быць растлумачана хутка працамі мясцовых пісьменнікаў. Паглядзім, што Яшчэ скажуць самі беларусы».[13]
Адказам на гэтую думку Дабралюбава з'явіўся рэволюцыйна-дэмакратычны рух, узнікшы ў Беларусі ў сувязі з польскім паўстаннем 1863 г. У процівагу польска-нацыянальнаму руху 1863 г., у ім, па словах Энгельса, прынялі «вялікі ўдзел сяляне».[14] Правадыром гэтага рэволюцыйна-дэмакратычнага руху быў Кастусь Каліноўскі; ён выдаваў у перыяд паўстання 1863 г. революцыйную сялянскую газету «Мужыцкая праўда», у якой сярод іншых поглядаў выклаў і свае погляды на гістарычны лёс Беларусі.
Светапогляд К. Каліноўскага склаўся пад уплывам правадыроў рускай рэволюцыйнай дэмакратыі А. І. Герцэна, Н. А. Дабралюбава і Н. Г. Чэрнышэўскага. Ён быў перакананы, што самадзяржаўна-прыгонны лад можа быць разбуран толькі шляхам народнага, галоўным чынам сялянскага паўстання, і што поспех гэтага паўстання залежыць ад таго, наколькі яно будзе накіравана на абарону патрабаванняў і інтарэсаў сялян. Такім чынам, у барацьбе класаў Каліноўскі бачыў галоўную спружыну гісторыі і гэтым абвяргаў даволі распаўсюджаную тады думку аб адзінстве класавых інтарэсаў памешчыкаў і сялян у іх барацьбе супраць царскага самадзяржаўя («тэорыя адзінага патоку»). Разам з тым ён разумеў гістарычнае значэнне адзінства дзеянняў народных мас, пераважна сялянскіх, ва ўсёй тагачаснай Расійскай імперыі, спадзеючыся на падтрымку галоўным чынам рускіх сялян. Разумеючы цесную сувязь паміж гістарычным лёсам рускага і беларускага народаў, Каліноўскі разглядаў паўстанне 1863 г. у Беларусі як частку агульнарасійскай рэволюцыі. Але ён не ўзняўся яшчэ да матэрыялістычнага погляду на гісторыю, бачачы ў асвеце, у навуцы асноўныя і самастойныя сілы гісторыі. Ён таксама пераацэньваў сілу сялянскіх паўстанняў і іх ролю ў гісторыі. У асноўным-жа гістарычныя погляды Каліноўскага насілі прагрэсіўны характар і адпавядалі рэволюцыйнаму характару яго дзейнасці як правадыра сялянскага рэволюцыйна-дэмакратычнага руху ў Беларусі.
Такім-жа рэволюцыйна-дэмакратычным светапоглядам былі прасякнуты гістарычныя ўяўленні і іншых буйных пісьменнікаў Беларусі канца ХІХ і пачатку ХХ ст. -Ф. К. Багушэвіча (1840-1900), Алаізы Пашкевіч (Цётка) (1876-1916), Максіма Багдановіча (1891-1917), а таксама дарэволюцыйныя творы Янкі Купалы (1882-1942), Якуба Коласа (1882-1956), Змітрака Бядулі (1886—1941). Бядома, у гэтых паэтаў нельга шукаць выразна выяўленых гістарычных поглядаў. Погляды на мінулае, гістарычная ацэнка сучаснага і чаканне будучыні былі толькі ўкраплены ў іх паэтычныя творы. У асноўным іх погляды характарызуюцца нянавісцю да феадальна-прыгоннага мінулага, да самадзяржаўна-памешчыцкай сучаснасці і да гарачых чаканняў лепшай будучыні, якая прыдзе тады, калі народ узнімецца на рэволюцыйную барацьбу. Сувязь з народнымі масамі і рэволюцыйна-дэмакратычныя настроі ўказаных пісьменнікаў былі выяўлены не ў аднолькавай ступені (найбольш ярка - у Цёткі, Я. Купалы і Я. Коласа). Жывучы ў дарэволюцыйны перыяд, яны не маглі яшчэ ў дастатковай меры засвоіць сабе ідэю аб вялікім значэнні пролетарыята ў кіраўніцтве рэволюцыйным рухам і, падобна К. Каліноўскаму, пераацэньвалі ролю і значэнне сялянскага руху. Некаторыя з іх аддавалі даніну і ідэалізму (напрыклад, Ф. Багушэвіч). Але для свайго часу ўсе яны здолелі даць прагрэсіўную, прасякнутую рэволюцыйна-дэмакратычнымі настроямі ацэнку гістарычнага працэсу і caдзейнічалі развіццю правільнага погляду на перспектывы гістарычнага развіцця ў сваіх чытачоў.
Што датычыць работ чыста гістарычнага характару, прысвечаных гісторыі Беларусі, то у дасовецкі час іх было нямнога. У работах рускіх гісторыкаў, напісаных у дасовецкі перыяд, гісторыя Беларусі пераважна вывучалася не сама па сабе, не як самастойная навука, а толькі ў сувязі з гісторыяй Расіі, Польшчы, Літвы, часам і Украіны. У агульных курсах рускіх буржуазных гісторыкаў ХІХ і пачатку ХХ ст., пачынаючы Салаўёва, гісторыя Беларусі або, як тады гаварылі, Заходняга або Поночна-Заходняга краю, разглядалася галоўным чынам у сувязі з неабходнасцю растлумачыць працэс збірання рускіх зямель і ў далейшым працэс стварэння і ўмацавання рускай адзінанацыянальнай, а потым многанацыянальнай дзяржавы. Беларусь цікавіла аўтараў агульных курсаў гісторыі Расіі, значыць, не сама па сабе, а як адна з састаўных частак рускай дзяржавы. Таму і месца, якое адводзілася Беларусі ў салідных курсах па гісторыі Расіі - Салаўёва[15], Ключэўскага[16], БестужаваРуміна,[17] Кастамарава[18] (хоць апошні і імкнуўся выявіць «асаблівасці народнага жыцця частак рускай дзяржавы») знаходзіліся або ў раздзелах, прысвечаных знешняй палітыцы, галоўным чынам войнам паміж Расіяй і Польшчай, або ў аглядах, прысвечаных росту рускай дзяржавы. Гэта выцякала з таго, што ў працах большасці рускіх буржуазных вучоных пераважаў па сутнасці гісторыка-юрыдычны, палітыка-дзяржаўны пункт гледжання, згодна з якім гісторыя любой краіны разглядалася не як гісторыя народа, а як гісторыя дзяржаўнай ўлады і ўстанаўленняў. З гэтым злучалася і панаваўшае ў большасці рускіх буржуазных гісторыкаў вялікадзяржаўнае ўяўленне аб тым, што ўсе народы, апрача народа рускага, былі толькі матэрыялам, з якога ствараўся велічны будынак рускай дзяржавы і што ні адзін з іх не мае права на самастойнае існаванне па-за яе межамі.
У іншых работах рускіх гісторыкаў праяўлялася, наадварот, палонафільская тэндэнцыя. Да такіх належала работа Турчыновіча «Агляд гісторыі Беларусі з старажытнейшых часоў» (СПБ, 1857), у якой аўтар лічыў, што гісторыя Беларусі, пачынаючы з XV ст., зліваецца з гісторыяй Польшчы.
Гісторыка-юрыдычная тэндэнцыя праводзілася і ў тых працах рускіх аўтараў, якія былі прысвечаны не гісторыі Расіі наогул, а гісторыі Літоўскай дзяржавы і Беларусі (або Поўночна-Заходняга краю), г. зн. мелі ўжо не агульны, а больш ці менш спецыяльны, параўнаўча блізкі да гісторыі Беларусі характар. У некаторых з іх вялікадзяржаўная канцэпцыя злучалася з дваранскай або клерыкальнай ацэнкай усяго ходу гістарычнага развіцця Беларусі. У работах Устралава (асабліва ў такіх, як «Исследование вопроса, какое место в русской истории должно занимать великое княжество Литовское» (1839) і «Русская история» (1837-1841), Каяловіча «Лекции по истории Западной Руси» (1863), Бацюшкава «Белоруссия и Литва» (1890), Бранцава «История Литовского государства» (1889) і інш. праводзіўся зусім пэўны клерыкальна-дваранскі і кансерватыўна-манархічны пункт гледжання: гістарычныя правы Расіі на Беларусь апраўдваліся мінулай дзейнасцю беларускіх феадалаў і дваран, праваслаўнай царквы і рускай дзяржаўнай улады. Гэтыя тры сілы - феадалы, праваслаўнае духавенства і рускія цары-па уяўленню памянёных гісторыкаў, былі галоўнымі дзеячамі, дзякуючы якім удалося адстаяць Беларусь ад замахаў з боку Польшчы і каталіцкай царквы, а раней ад немцаў і татар. Пазнейшае ўключэнне Беларусі у склад царскай Расіі тлумачылася таксама папярэднічаўшай гэтаму дзейнасцю беларускіх феадалаў накшталт князёў Астрожскіх, іерархаў (Мелеція Сматрыцкага) і цароў (раней вялікіх князёў). Роля-ж беларускага народа, які ўзнімаў бесперапынныя паўстанні супраць польска-літоўскіх паноў, супраць каталіцкай царквы, а пазней і супраць самой царскай улады ў Расіі, зусім ігнаравалася. Калі аб народных паўстаннях гэтыя гісторыкі часам і гаварылі, то трактавалі іх як рух, накіраваны галоўным чынам супраць каталіцкай царквы, а кіруючую ролю ў іх прыпісвалі тым-жа служыцелям праваслаўнай царквы, праваслаўным феадалам і шляхціцам; народ-жа, па іх сцвярджэнню, адыгрываў ролю падпарадкаванай сілы, кіруемай царквою і феадальна-дваранскімі абаронцамі праваслаўя і ў якасці самастойнай, маючай свае ўласныя класавыя інтарэсы сілы не выступаў. Гэта для дадзенай групы гісторыкаў рабіла лішнім неабходнасць вывучэння гісторыі беларускага народа. Нават самыя тэрміны «Беларусь», «беларускі народ» гэтымі клерыкальна-манархічнымі гісторыкамі часта пазбягаліся і падмяняліся тэрмінамі «Заходні край», «Поўночна-Заходні край» або «Літва».
З асаблівай яркасцю гэты пункт гледжання выказан у Каяловіча,[19] які цаніў беларускі народ, але прыпісваў захаванне яго незалежнасці толькі клопатам рускага царскага ўрада і пільнасці вышэйшага праваслаўнага духавенства. Той-жа тэндэнцыяй прасякнута і работа Бацюшкава,[20] што ўсхваляе дзейнасць праваслаўнага духавенства на ўсіх ступенях развіцця беларускага народа пры поўным ігнараванні барацьбы саміх беларускіх народных мас супраць польскіх феадалаў і каталіцызма. Бацюшкаў выдаваў і некаторыя крыніцы, самы падбор якіх гаворыць аб яго клерыкальна-манархічных сімпатыях (напрыклад, «Збор праектаў, зацверджаных міністрам унутраных спраў на пабудову праваслаўных цэркваў у беларускіх губернях» або «Атлас народанасельніцтва Заходняга краю па веравызнанню»). П. Д. Бранцаў у сваёй асноўнай рабоце[21] галоўную заслугу літоўскіх князёў бачыў у тым, што яны будавалі ў Літве і Беларусі праваслаўныя цэрквы і наогул абаранялі праваслаўе ў Беларусі. Справу выратавання беларускай і літоўскай нацыянальнасцей ад паглынання іх палякамі ён бачыў толькі ў добрадзейных імкненнях рускіх цароў і імператараў. У канцы сваёй кнігі ён усхваляў Мураўёва-вешацеля за яго дзейнасць па падаўленню польскага паўстання і прыпісваў ёй «добратворнае» ўздзеянне на сялянскія масы.
У больш блізкі да нас час у гісторыкаў з лагера ліберальнай буржуазіі гэтая клерыкальна-дваранская і кансерватыўна-манархічная тэндэнцыя адпала-па крайняй меры ў ярка выяўленай форме, — але захаваўся гісторыка-юрыдычны або ідэалістычны падыход да вывучэння гісторыі беларускага народа. У работах, прысвечаных гісторыі Беларусі або вялікага княства Літоўскага, вывучалася галоўным чынам гісторыя ўстанаўленняў і законаў, а таксама прававое становішча асобных соцыяльных груп - класаў або саслоўяў. Інакш кажучы, вывучэнне гісторыі вялося у фармальна-юрыдычным аспекце, у сэнсе вызначэння таго, якія правы і абавязкі мае той або іншы клас або саслоўе. Рост прадукцыйных сіл і класавая барацьба, якая абвастралася пад уплывам гэтага росту, зусім ігнараваліся. У такім гісторыка-юрыдычным духу напісана кніга Любаўскага «Нарысы гісторыі Літоўскай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна» (1910). Пры гэтым у Любаўскага гісторыя Беларусі не аддзялялася ад гісторыі Літвы; у лепшым выпадку адзначаліся толькі некаторыя асаблівасці ў прававым становішчы беларускіх зямель, якія знаходзіліся ў складзе вялікага княства Літоўскага. Заслугай Любаўскага было тое, што ён адзначыў перавагу «рускай» (беларускай і ўкраінскай) народнасці ў складзе Літоўскага княства, а таксама і факт барацьбы паміж буйнымі беларускімі і літоўскімі феадаламі. Але ён не мог растлумачыць эканамічных прычын гэтай барацьбы і звёў яе толькі да нацыянальнай розні. Заслугай Любоўскага было і тое, што ён уключыў у сваю кнігу многа фактычнага матэрыялу, старанна сабранага і апрацаванага на аснове ўважлівага вывучэння крыніц.
З чыста фармальна-юрыдычных пазіцый напісаны кнігі кіеўскага прафесара М. Ф. Владзімірскага-Буданава «Нарысы па гісторыі літоўска-рускага права»[22] і «Формы сялянскага землеўладання ў Літоўскарускай дзяржаве».[23] Эвалюцыя права ў Владзімірскага-Буданава не звязана з соцыяльна-эканамічнымі адносінамі, і сялянскае землеўладанне характарызуецца на аснове юрыдычных адрозненняў паміж асобнымі групамі сялян.
Даволі вялікія раздзелы сваёй 12-томнай «Русской истории в сравнительно-историческом освещении»[24] прысвяціў гісторыі Літвы і Заходняй Русі Н. А. Ражкоў. У раздзелах, прысвечаных Беларусі (Заходняй Русі, па тэрміналогіі Ражкова), ён, як і ў іншых раздзелах, вялікую ўвагу ўдзяляў развіццю гаспадаркі і бачыў у гэтым ажыццяўленне марксісцкай метадалогіі. Але, паводле слоў В. І. Леніна, ён толькі завучыў рад палажэнняў марксізма, але не зразумеў іх. Развіццё прадукцыйных сіл ён бачыў у пераходах ад адной галіны вытворчасці (здабываючай прамысловасці, жывёлагадоўлі, земляробства) да другой і не разумеў сутнасці вучэння аб грамадскіх фармацыях. Пры характарыстыцы розных тыпаў гаспадаркі (абшчыннае землеўладанне, умоўнае буйнае землеўладанне і інш.), роўна як і пры характарыстыцы павіннасцей і абавязкаў людзей, якія ўдзельнічалі ў вытворчасці, Ражкоў увогуле следаваў за буржуазнымі вучонымі гісторыка-юрыдычнай школы, раздзяляючы літоўска-рускіх землеўласнікаў і сялян на рад розных груп, якія адрозніваліся адна ад другой сваім прававым становішчам. Аб законадаўстве, устанаўленнях і прававых адносінах у яго гаворыцца даволі многа, а аб народзе, аб яго жыцці і класавай барацьбе - амаль нічога. Наколькі мала ён зразумеў прычыны народнай барацьбы супраць соцыяльнага прыгнечання, гаворыць хоць-бы той факт, што ён ухітрыўся змясціць гісторыю народна-вызваленчых войнаў ХVІІ ст., накіраваных супраць польскіх паноў, У раздзел «Дваранская рэволюцыя», бо лічыў, што народна-вызваленчы рух ХѴІІ ст. кіраваўся казацкай верхавінкай, у якой ён бачыў «новае дваранства», што імкнулася дабіцца ўраўнення у правах з літоўска-польскай шляхтай. Аб паўстанні Налівайкі Ражкоў упамінае толькі ў адным радку ў тым жа раздзеле «Дваранская рэволюцыя».[25]
Фармальна-юрыдычнай канцэпцыяй прасякнута і кніга пецербургскага прафесара А. Е. Преснякова, напісаная ім яшчэ ў 1908-1913 гг., але выдадзеная толькі ў 1939 г.,- «Лекции по русской истории», частка якой прысвечана гісторыі Беларусі.[26] Преснякоў галоўную ўвагу ўдзяляў знешняй гісторыі вялікага княства Літоўскага, у якое ўваходзіла і Беларусь. Тэарэтычна ён адносіўся адмоўна да гісторыка-юрыдычнай школы, але ў сваёй рабоце не пазбег яе ўплыву, як не пазбег і вялікадзяржаўнага падыходу да вывучэння «Заходняй Русі»: гісторыю беларускага народа ён разглядаў як састаўную частку гісторыі Рускай дзяржавы.
Тым не менш у Прэснякова ёсць і заслугі ў вывучэнні гісторыі Беларусі. Бясспрэчнай яго заслугай было тое, што яму удалося даць паслядоўную гісторыю рускіх зямель, у тым ліку і беларускіх, якія ўваходзілі ў склад вялікага княства Літоўскага. Ён правільна глядзеў на гісторыю рускіх зямель, якія знаходзіліся ў складзе Літоўскага княства як на працяг гісторыі старажытнарускай дзяржавы. Таму ў гісторыі гэтых зямель Преснякоў бачыць, з аднаго боку, прадаўжэнне старажытнарускіх традыцый, а з другога, відазмяненне іх пад уплывам літоўскіх умоў. У Прэснякова правільна адзначана палітычная раз'еднанасць зямель, якія ўваходзілі ў Літоўскую дзяржаву, а пазней і ў склад Польшчы, але наўрад ці можа быць прызнана правільным яго разуменне ролі магнатаў як сілы, што дабілася (да XVI ст.) некаторых поспехаў у палітычнай цэнтралізацыі Літоўска-рускай дзяржавы.
Некалькі работ абагульняючага характару па гісторыі вялікага княства Літоўскага ў сувязі з гісторыяй Беларусі напісана і кіеўскім прафесарам М. В. Доўнар-Запольскім.[27] Хоць у яго работах вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням гаспадаркі і гісторыі сялянства, аднак, у іх вывучэнне развіцця эканамічнага жыцця падпарадкавана таму-ж дзяржаўнаюрыдычнаму аспекту: разглядаюцца асобныя катэгорыі народных даходаў, вызначаюцца прававыя прызнакі, якія аддзялялі розныя групы насельніцтва адну ад другой, гісторыя ж саміх сялянскіх мас застаецца ў ценю.
З ідэалістычных пазіцый напісана работа В. Б. Антановіча «Очерк истории Великого княжества Литовского» (1878). У гэтай рабоце Антановіч праводзіў думку аб барацьбе ў вялікім княстве Літоўскім двух культур: польска-каталіцкай і руска-праваслаўнай, прычым галоўнае адрозненне адной ад другой ён бачыў у іх нацыянальных і рэлігійных прызнаках. У гэтым сэнсе ён фальсіфікаваў гісторыю, падмяняючы класавую барацьбу барацьбой нацыянальна-рэлігійнай і адстайваючы думку аб бяскласавасці гістарычнага развіцця наогул.
Многа работ было прысвечана асобным пытанням беларускай гісторыі. Некаторыя з іх мелі даволі вялікія памеры і ўяўлялі з сябе манаграфічныя даследаванні. Як спецыяльныя работы, яны захоўваюць, нягледзячы на ўласцівыя ім метадалагічныя недахопы, значэнне і для нашага часу, паколькі ў іх сабрана і апрацавана многа каштоўных фактычных даных. З гэтых спецыяльных работ трэба асабліва вылучыць кнігі М. К. Любаўскага і В. І. Пічэты, якія пераважна займаліся гісторыяй вялікага княства Літоўскага і Беларусі. М. К. Любаўскі напісаў яшчэ некалькі вялікіх кніг, якія непасрэдна датычылі гісторыі Беларусі. З іх трэба асабліва адзначыць «Абласное дзяленне і мясцовае кіраванне Літоўска-рускай дзяржавы к часу выдання першага Літоўскага статута» (1892), у якой ён абараняў погляд, быццам бы падпарадкаванне Літве рускіх зямель было добраахвотным, не звязаным з іх заваяваннем, і «Літоўска-рускі сейм» (1901) - аб'ёмістую работу, у якой паходжанне і развіццё сейма даследавалася ў сувязі з нацыянальна-палітычнай барацьбой паміж польскімі, літоўскімі і рускімі памешчыкамі і з арганізацыяй шляхецтва як саслоўя. Па багаццю сабраных дакументальных даных і па некаторых частковых абагульненнях гэтыя работы не страцілі свайго значэння і для нашага часу. Любаўскі адзначае, напрыклад, што магнаты выступалі на сеймах як прыхільнікі палітычнай самастойнасці вялікага княства Літоўскага, а шляхціцы, наадварот, змагаючыся з магнатамі, былі прыхільнікамі больш цеснай уніі з Польшчай. Ён адзначае таксама, што ў рускіх землях феадальная незалежнасць князёў была большай, чым у літоўскіх, і тлумачыць гэта тым, што феадалізм у рускіх землях узнік раней, чым у літоўскіх. Але феадалізм ён разумее толькі як палітычную з'яву і трактуе яго толькі ў святле адносін феадалаў розных рангаў адзін да другога. Узнікненне прыгоннага права ў Літве і Беларусі Любаўскі разглядае з пазіцый гісторыка-юрыдычнай школы, бачачы ў ім развіццё прававых адносін, якім былі падпарадкаваны смерДы ў Кіеўскай дзяржаве.
З дарэволюцыйных работ В. І. Пічэты на першым месцы стаіць яго двухтомная «Аграрная рэформа Сігізмунда-Аўгуста ў Літоўскай дзяржаве у другой палавіне XVI ст.» У гэтай рабоце Пічэта сабраў вялікі матэрыял, які датычыць сялянскага і памешчыцкага землеўладання ХѴІ ст. Асабліва падрабязна ён спыніўся на дзяржаўных мерапрыемствах Сігізмунда-Аўгуста, накіраваных да ліквідацыі абшчыннага землеўладання, да заняволення сялянскіх мас і да ўмацавання буйнага феаДальнага землеўладання. Гэтая работа выгадна адрозніваецца ад работ гісторыкаў дзяржаўна-юрыдычнай школы тым, што ў ёй у цэнтры ўвагі стаіць становішча сялянства. Аднак і яна не пазбаўлена некаторых метадалагічных недахопаў, паколькі ў аснове яе ляжыць канцэпцыя эканамічнага матэрыялізма. Апрача ўказанай работы, у дарэволюцыйны перыяд Пічэта напісаў рад іншых артыкулаў па гісторыі Беларусі, але яго навуковая дзейнасць па вывучэнню Беларусі па-сапраўднаму разгарнулася ужо ў совецкі час.
Многа прыватных даследаванняў, якія датычаць асобных бакоў гісто рыі Беларусі, было напісана ў другой палавіне XIX-пачатку ХХ ст. і іншымі рускімі гісторыкамі. Сярод больш ці менш значных з іх трэба адзначыць рад кніг і артыкулаў, прысвечаных узнікненню прыгоннага права і гісторыі сялянства. Сюды адносяцца работы Ф. І. Леантовіча «Крестьяне Юго-западной России по литовскому праву XV и XVI вв.» (1868) (асноўная думка работы: прыгоннае права ў вялікім княстве Літоўскім узнікла з эканамічнай запазычанасці сялян), І. П. Навіцкага «Очерк истории крепостного сословия Юго-западной России в XVХѴІІ вв.» (1876) і інш. Хоць значная частка памянёных работ прысвечана гісторыі Поўднёва-заходняй Расіі, аднак у іх некаторыя раздзелы адносяцца і да гісторыі Беларусі. У іх пераважае гісторыка-юрыдычны пункт гледжання на паходжанне прыгоннага права, і з гэтага пункту гледжання характарызуюцца і розныя групы сялянства. Трэба адзначыць таксама работы А. Я. Ефіменка, якія датычаць Літвы і Беларусі (у некаторых момантах): «Да пытання аб феадалізме ў Заходняй Русі і Літве» (Працы ІХ археалагічнага з'езда, т. 1, Масква, 1897) і інш. Па сваёй агульнай ідэалогіі А. Я. Ефіменка належала да народнікаў, і яе народніцкія сімпатыі часткова адлюстраваліся ў яе работах (галоўным чынам у ідэалізацыі сельскай абшчыны).
Даволі многа работ прысвечана і гісторыі літоўска-рускіх сеймаў. З іх, апрача памянёнай вышэй работы М. К. Любаўскага, трэба адзначыць работы Н. А. Максіменка «Сеймы Літоўска-рускай дзяржавы да Люблінскай уніі» (1902), Маліноўскага «Рада Великого княжества Литовского в связи с Боярской думой древней Руси», у двух тамах (1904 і 1912), Леантовіча «Рада великих князей литовских» (ЖМНП, 1907, ІХ-Х) і яго-ж «Веча, сеймы и сеймики в Великом княжестве Литовском» (ЖМНП, 1910, II-III) і інш. У гэтых работах падрабязна вывучаюцца правы і склад сейма, іх адносіны да каралеўскай улады і да органаў цэнтральнай і мясцовай адміністрацыі, але, у сувязі з гісторыка-юрыдычнай канцэпцыяй аўтараў, не высвятляецца ў дастатковай меры асноўная праблема дзяржаўнай будовы Літоўскага княства - праблема ступені цэнтралізацыі ўлады ў ім і не даецца адказу на пытанне, чаму ў Літоўскім княстве не утварылася абсалютная манархія ў той час, калі яна ўзнікла ў іншых дзяржавах, напрыклад у Расіі. У асноўным гэтыя недахопы работ тлумачыліся тым, што памянёныя гісторыкі разглядалі палітычныя правы сеймаў у адрыве ад эканамічнага развіцця.
У сувязі з пытаннем аб паходжанні і складзе сеймаў гісторыкаў, што належалі да юрыдычнай школы, цікавіла і пытанне аб літоўскім законадаўстве. Гэта выклікала паяўленне рада работ, прысвечаных вывучэнню літоўскіх статутаў. Найбольш цікавыя з іх наступныя: І. Н. Даніловіча «Взгляд на литовское законодательство и литовские статуты»[28], Леантовіча «Русская правда и литовский статут»,[29] Чарнецкага «История литовского статута»,[30] М. Н. Ясінскага «Уставные грамоты Литовскорусского государства» (1889), С. А. Бершацкага «Литовские статуты и польские конституции» (1893), І. І. Лапо «Литовский статут в московском переводе. Редакции XVII столетия»[31]. У гэтых работах грунтоўна даследаваны крыніцы і састаў статутаў, дадзена іх юрыдычнае тлумачэнне, што прадстаўляе значную каштоўнасць для гісторыкаў, паколькі работы даюць матэрыял для вывучэння прававога становішча розных груп насельніцтва Літвы і Беларусі.
Даволі многа гістарычных работ прысвечана культуры Беларусі і дзяржаў, у якія яна ўваходзіла, — княства Літоўскага і каралеўства Польскага. З іх трэба адзначыць работы Любовіча,[32] Жуковіча,[33] Харламповіча,[34] Янчука,[35] Владзімірава,[36] Карскага.[37] З іх асабліва вялікае значэнне маюць працы акадэміка Карскага, у якіх падрабязна даследаваны пытанні беларускага мовазнаўства, этнаграфіі, фальклору і літаратуры. Але ўсе гэтыя работы напісаны з ідэалістычных пазіцый, і пытанні культурнага развіцця Беларусі ў іх разглядаюцца ў адрыве ад яе соцыяльна-эканамічнага становішча.
У пачатку ХХ ст. прагрэсіўныя погляды на гістарычны працэс выказвала выдаваемая ў Мінску з 1 лістапада 1902 г. па 8 снежня 1905 г. грамадска-палітычная і літаратурная газета «Северо-Западный край». Спачатку газета не была марксісцкай, але ўжо з верасня 1904 г. у ёй пачалі друкавацца артыкулы ў духу спачування марксістам і большэві кам. У 1905 г. у газеце былі змешчаны некаторыя артыкулы В. І. Леніна, перадрукавана праграма РСДРП, прынятая на ІІ з'ездзе партыі, і іншыя матэрыялы, узятыя з большэвіцкага друку. У 1904-1905 гг. у радзе пе радавых артыкулаў газеты абараняўся матэрыялістычны погляд на гістарычны працэс. У іх праводзілася думка, што развіццё грамадства «падпарадкавана прычыннасці і законамернасці» і што «разумовае і маральнае жыццё грамадстваў, іх устанаўленні і законы відазмяняюцца ў сувязі з пераменамі ў эканамічным ладзе». Газета абараняла ідэю дыялектычнага развіцця грамадства, прызнавала наяўнасць антаганістычных класаў, супярэчнасці паміж якімі з цягам часу выліваюцца ў форму соцыяльнай рэволюцыі. У ёй растлумачвалася, што ўся чалавечая гісторыя ёсць гісторыя барацьбы класаў. Газета вяла барацьбу з народнікамі, даказваючы, што тварцом гісторыі з'яўляецца сам народ, а не некаторыя асобы. Яна горача абараняла саюз рабочага класа і сялянства, прычым у пролетарыяце бачыла кіраўніка сялян «як найбольш спракты каванага ў барацьбе старэйшага брата». У нацыянальным пытанні газета стаяла на ленінскіх пазіцыях і рэзка асуджала нацыянальную прыгнятальніцкую палітыку царызма. За свае рэволюцыйныя погляды газета некалькі разоў закрывалася на працягу 1905 г. і была канчаткова закрыта ў снежні 1905 г.
У перыяд рэакцыі, які паследаваў за 1905 г., прагрэсіўная грамадска-гістарычная думка ў Беларусі амаль заглухла. Толькі ў паказаных раней творах беларускіх паэтаў яна знаходзіла некаторае адлюстраванне.
У дасовецкі час была прароблена вялікая работа па збіранню і выданню крыніц, маючых дачыненне да гісторыі Беларусі. Пры гэтым з прычыны перавагі гісторыка-юрыдычнага падыходу да асвятлення падзей гісторыі Беларусі большасць гісторыкаў, што займаліся ёю, збіралі пераважна такія дакументы, якія датычылі развіцця ўстанаўленняў або палітычных адносін у Беларусі. У выдадзеных крыніцах менш за ўсё прадстаўлены факты, звязаныя з класавай барацьбой, з рухам народных мас і з народнымі паўстаннямі.
Сярод апублікаваных у дарэволюцыйны перыяд крыніц многа матэрыялаў было сабрана адносна асобных мясцовасцей Беларусі або адносна асобных падзей. Пры ўсёй рознастайнасці і вялікай колькасці гэтых збораў крыніц па прыватных пытаннях яны, аднак, далёка не дастатковы для правільнага асвятлення найбольш істотных бакоў гісторыі Беларусі, асабліва-ж для асвятлення класавай барацьбы і народнага руху. Таму совецкім гісторыкам давядзецца прарабіць яшчэ вялікую работу у адшуканні і выданні неапублікаваных архіўных матэрыялаў.
Вартасцю дарэволюцыйных работ па гісторыі Беларусі было тое, што ў іх быў узнят і вывучан вялікі фактычны матэрыял. Да некаторых заслуг дарэволюцыйнай гістарычнай літаратуры трэба аднесці тое, што ў ёй адзначалася вялікае значэнне беларускай культуры і беларускай народнасці ў гісторыі вялікага княства Літоўскага і потым Рэчы Паспалітай, а таксама пасля вызвалення Беларусі з-пад улады Польшчы. Але метадалогія гэтых работ была яўна недастатковай. У іх пераважалі або гісторыка-юрыдычная, або ідэалістычная, або вялікадзяржаўная канцэпцыя, прычым часта гэтыя канцэпцыі аб'едноўваліся ў гістарычных уяўленнях аднаго і таго-ж аўтара. Значны ўплыў на многія з гэтых работ аказалі ілжэнавуковыя тэорыі «адзінага патоку», а таксама тэорыя «залатога веку», якая заключала ў сабе ідэалізацыю становішча беларускага народа ў так званы літоўскі перыяд яго гісторыі. Што-ж датычыць прац класікаў марксізма-ленінізма, то дарэволюцыйныя гісторыкі Беларусі імі або зусім не карысталіся, або калі і карысталіся (як Ражкоў), то няправільна іх разумелі. Гісторыкам совецкага перыяду таму прышлося і прыходзіцца цяпер рабіць вялікую работу па перагляду дарэволюцыйных гістарычных прац. Выкарыстоўваючы вялікі фактычны матэрыял, прыцягнуты да вывучэння дарэволюцыйнымі гісторыкамі, яны павінны асвятліць яго з новых, марксісцкіх пазіцый і надаць вывучэнню гісторыі Беларусі сапраўды навуковы характар.
- ↑ З ананімнага верша «Вясна, голад, перапала».
- ↑ З верша «Вось цяпер які люд стаў».
- ↑ З ананіма «Гутаркі Данілы са Сцяпанам».
- ↑ Беларуская «Энеіда» апублікавана ўпершыню ў 1845 г. у пецербургскім журнале «Маяк».
- ↑ Найбольш важныя яго работы «Белорусские пословицы», 1853; «Путешествие по Полесью и Белорусскому краю» (у «Современнике» за 1853 г.).
- ↑ Яго творы: «Словарь белорусского языка», 1870; «Сборник белорусских пословиц», 1867-1874; «Сборник белорусских песен», 1874.
- ↑ Яго найбольш вядомыя работы па беларускаму фальклору: «Белорусские народные песни», 1874; «Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края» (Выд. Акадэміі навук у трох тамах, 1887-1902).
- ↑ Галоўныя работы Нікіфароўскага: «Очерки Витебской Белоруссии» (артыкулы ў «Этнографическом обозрении», 1892—1910). «Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии», 1895, «Простонародные приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах», 1897.
- ↑ Галоўная праца Раманава «Белорусский сборник» (1886—1918) у дзесяці выпусках, у які ўвайшлі самыя рознастайныя віды народнай творчасці - песні, загадкі, казкі, замовы, народныя мелодыі, запісы з галіны народнага быту, вераванняў і да т. п.
- ↑ «Белорусские песни с подробными объяснениями их творчества, языка, с очерками народного обряда, обычая и всего быта», М., 1891.
- ↑ «Белорусские песни», стар. 7-8.
- ↑ Р. С. Попов. Белоруссия и белорусы, М., 1879, стар. 22.
- ↑ Н. А. Добролюбов. Избранные философские сочинения, т. II, 1946, стар. 261.
- ↑ К. Маркс і Ф. Энгельс. Творы, т. 18, стар. 142.
- ↑ У Салаўёва ў сувязі з войнамі Літвы з Масквой і то ў выглядзе ўрыўкаў. Гл. «История России с древнейших времен», кн. 1, стар. 627, 807, 849, 930, 941, 1092, 1103 і інш., СПБ, выданне Таварыства «Общественная польза».
- ↑ У Ключэўскага параграф «Западная Русь» прама ўключан у больш шырокі раздзел «Внешнее положение Московского государства». Гл. «Курс русской истории», ч. 1, лекцыя 45.
- ↑ Бестужев-Рюмин. О том, как росло Московское княжество и сделалось русским царством, СПБ, 1866. Сама назва гэтай кнігі гаворыць, у якім аспекце разглядаў аўтар гісторыю «Заходнерускага краю».
- ↑ Гл. «Начало единодержавия в России».
- ↑ М. О. Коялович. Лекции по истории Юго-западной Руси, 1863.
- ↑ П. П. Батюшков. Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края, СПБ, 1890.
- ↑ П. Д. Брянцев. История Литовского государства с древнейших времен, Вильно, 1889.
- ↑ У «Чтениях в историческом обществе Нестора Летописца», кн. 3, 4 і 7, Кіеў, 1889-1893.
- ↑ У «Киевском сборнике в помощь пострадавшим от неурожая», Кіеў, 1892.
- ↑ Гэтая кніга выдадзена ў совецкі час, але ўяўляе з сябе часткова перавыданне, часткова перапрацоўку рада работ, напісаных у дасовецкі час
- ↑ Гл. памянёны твор, т. VI, стар. 81.
- ↑ Том II, вып. 1, пад назвай «Западная Русь и Литовско-русское государство».
- ↑ Асабліва важны: «Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца ХІІ в.», 1891; «Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах», 1901; «Очерк истории западно-русского крестьянства в ХVІ в.», 1905.
- ↑ «Юридические записки» Рэдкіна, т. 1, 1841. Даніловіч адзін час быў супрацоўнікам Сперанскага па рабоце над зводам законаў.
- ↑ Киевские Университетские Известия, 1865.
- ↑ Киевские Университетские Известия, 1867.
- ↑ ЖМНП, 1914, II.
- ↑ Н. Н. Любович. К истории иезуитов в литовско-русских землях («Варш. Универс. Изв.», 1888, № 4); История реформации в Польше, 1883; Упадок реформации в Польше, 1890.
- ↑ Жукович. Сеймовая борьба западно-русского дворянства с церковной унией, 1901-1912.
- ↑ Харлампович. Западно-русские православные школы ХVI і начала ХѴІІ в., 1898.
- ↑ Янчук. Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры, 1922. Работа была падрыхтавана да выдання ў дасовецкі час.
- ↑ П. В. Владимиров. Доктор Франциск Скарина, 1888.
- ↑ Е. Ф. Карский. Белорусы, тт. 1 - ІІІ, 1903-1922; Русская диалектология, 1924. Хоць гэтыя работы часткова выдадзены ў совецкі час, але ўся падрыхтоўчая работа да іх была праведзена значна раней.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.