Гісторыя Беларусі (Пічэта)/Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага

Беларускія землі ў эпоху самастойнасьці Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага
Аўтар: Уладзімір Пічэта
Пачатак шляхецкае фэодальнае дзяржавы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




IV

Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага.

І. Утварэньне дынастычнае дзяржавы.

Тэрыторыя літоўскага пляменьня. Ліцьвіны складаюць асобную галіну народаў, прыналежных да інда-эўропэйскае групы моваў, гэтак званае літоўска-бальтыцкае. Літоўскія пляменьні спачатку займалі вадазборы Нёману і З. Дзьвіны, паўночныя прытокі Прыпяці, верхні бег Дняпра і Бярэзіны, узьбярэжжа Бальтыцкага мора, ад вусьця Нёману да 3. Дзьвіны, і вадазбор верхняй Акі. Рух готаў ад берагоў Бальтыцкага мора да Чорнага адсунуў ліцьвінаў на захад і звузіў граніцы іх тэрыторыі. З ХI веку ліцьвіны жывуць там, дзе іх застае гісторыя. У гэты час літоўскія пляменьні занялі ўсё Бальтыцкае ўзьбярэжжа ад Віслы да 3. Дзьвіны а гэтак сама ніжні бег Нёману з правымі прытокамі. Уся гэта мясцовасць была пакрыта ў вялікай колькасці лясамі, балотамі, вазёрамі, рэкамі і рэчкамі. Глеба была няўродлівая і мала спрыяла для разьвіцьця ральніцкай культуры. Да канца Х веку няма простых даных аб ліцьвінах. З гэтага моманту ў жыцьцёх святога Вайцеха, у нямецкіх і польскіх хроніках і ў начальным летапісе спатыкаюцца ўспаміны а ліцьвінах. Літоўскае племя дзялілася на шэраг этнографічных адзінак, жыўшых паасобку адна ад другой. Па правай прытоцы Нёману—Віліі разьмясьцілася цэнтральнае племя—Літва. На правым беразе 3. Дзьвіны—Летгола (латышы), а на левым — Земігола. Паміж вусьцямі Нёману і Віслы жылі Прусы. Жмудзь займала вадазбор ніжняга Нёману. Паўвостраў, паміж Рыскай затокай і Бальтыцкім морам, быў заняты куронамі. Прытока 3. Бугу — Нарва была заселена яцьвягамі.

Культура ліцьвінаў. Ліцьвіны, жывучы ў лясістых і водных мясцовасьцях, займаліся паляўніцтвам, рыбацтвам і ральніцтвам, якое вад канец XII ст. асабліва ў яцьвягаў дасягнула значных рэзультатаў. Памяшканьні ліцьвінаў былі вельмі прымітыўны. Пераважнай формай памяшканьняў была курная хата. З часам ліцьвіны запазычылі ў суседзяй-славян цёплую хату і ў свой чарод пазнаёмілі з ёю фінаў. Апрача гэтага ліцьвіны навучыліся ад смальнян ганчарніцтву, гарбарніцтву, вырабу войлаку, смалярніцтву, выкарыстаньню воску, які яны звальвалі ў купы, як зусім няпрыгодную рэч. Рэлігійныя вераваньні вызначаліся прымітыўнасцю і былі агульна-арыйскага пахаджэньня. Яны складаліся пад уплывам сіл прыроды, якія дапамагалі ліцьвіну ў яго гаспадарчай працы. Рэшткі рэлігійнага фэтышызму выявіліся ў пашырэньні культу казулек і вужоў, у прынясеньні ў ахвяру чорных курэй, парасят, кароў, белых коняў. З працягам часу ў ліцьвінаў складаецца культ продкаў, які захаваўся ў працягу доўгага часу і выяўляўся ў падтрыманьні дамовага агню. З часам у ліцьвінаў пашыраецца культ бога-грамавіка—Перкуна. Ні сьвятынь, ні спэцыяльнага духавенства ў ліцьвіныў ня было. Набажэнства выяўлялася у тым, што прадстаўнікі сем'яў і радоў прыносілі ахвяры. Замовы і заклінаньні духаў, у якіх можна бачыць сьляды фінскага ўплыву, былі надта пашыраны. Ліцьвіны верылі ў несьмяртэльнасьць душы, спадзяючыся ў замагільным жыцьці або нагароды або кары. Жыцьцё кожнага чалавека ў паасобку знаходзіцца ў залежнасьці ад лёсу, працівіцца якому лічылася грэхам. З вераю ў замагільнае жыцьцё і наступленьне суднага дня цесна зьвязаны літоўскія пахавальныя абрады. Найбольш пашыранай формай пахаваньняў зьяўляецца трупаспаленьне. Разам з памёршым палілі і тыя рэчы, якія ў гэтым жыцьці былі асабліва дарагі памёршаму. Сюды адносяцца зброя, а часамі жонка і слугі. Апрача гэтага з нябожчыкамі палілі кіпцюры барса і кіпцюры мядзьведзя, каб даць магчымасьць нябожчыку хутчэй узабрацца на вяршыню гары, на якой усе памёршыя будуць рабіць справаздачу з пражытага на зямлі жыцьця. Попел, які застаўся ад нябожчыка, зьбіраўся ў вурну і закапваўся ў землю. Над ім насыпалі курган. У пэўныя дні пасьля сьмерці наладжваліся памінкі, на якіх былі прысутны ўсе сваякі, у поўным маўчаньні прыймаўшыя памінальныя стравы. Другой формай пахаваньня было трупапахаваньне. Гэта была горшая форма пахаваньня. Ёю карысталіся толькі бедныя ліцьвіны. Радавы ўклад, які захаваўся у працягу доўгага часу, дзякуючы ўмовам географічнага разьмяшчэньня пляменьняў, аддзеленых адно ад другога рэкамі і лясамі, быў першапачатковай грамадзянскай формай організацыі літоўскіх пляменьняў. З радавым укладам зьвязана і існаваньне крывавае помсты.

Суседзі ліцьвінаў. Самымі блізкімі суседзьмі ліцьвінаў былі палякі, галіцка-валынскія і полацкія князі. Палякі пранікалі на тэрыторыю, занятую літоўскімі пляменьнямі. Польская калянізацыя была значна пашырана ў зямлі прусаў. Разам з польскай калянізацыяй пранікала і хрысьціянства. Каталіцкі місіонэр Войцех, быўшы Праскі біскуп, каля 1002 год адправіўся на тэрыторыю прусаў. Навучаньне сьвятога Войцеха закончылася няўдачна — прусы забілі яго і яго спадручных. Гэты самы лёс спаткаў і другога місіонэра — Бруна — арцыбіскупа Саксонскага. Польскі кароль Баляслаў Храбры ў кару за гэта ў 1010 годзе спустошыў тэрыторыю прусаў. Праз 100 год Баляслаў зрабіў вялікі набег на прусаў і папаліў многа мястэчак і сёл. З гэтага моманту паходы палякоў на прусаў становяцца частымі. Славянскі элемэнт даволі рана пранік на тэрыторыю Літвы. Славянскія назовы рэк сьведчаць аб раньняй славянскай калянізацыі. К XII ст. ўся мясцовасьць паміж Вільлёй і Прыпяцьцю была населена славянамі і называлася рускай. Побач з мірнай калянізацыяй мелі месца і ваенныя стычкі. Галіцка-Валынскія і полацкія князі часта нападалі на ліцьвінаў, робячы паходы ў глыб іх тэрыторыі. Асабліва часта былі паходы полацкіх князёў у працягу XI—XII ст. Сьледам за набегамі князёў, па рэках і рэчках насоўвалася славянскае насяленьне. Гэтак званая Чорная Русь з гарадамі Горадня, Ваўкавыск, Слонім і Навагрудак была заселена выходцамі з Полацкае зямлі. З свайго боку і літоўскія князі рабілі набегі на сваіх суседзяў, асабліва ў канцы ХІІ ст. і ў пачатку XIII ст. Ноўгарадзкая, Полацкая і Смаленская землі ня раз пераносілі спусташальныя літоўскія набегі. Ня ўхіліліся ліцьвіны ад зносін і з Норманамі, якія ў ІХ ст. пранікалі ў Літву па Нёману, спачатку як разбойнікі і грабежнікі, руйнуючыя і спусташаючыя ўсё тое, што ім пападалася на шляху. У другі пэрыод норманы паяўляліся як мірныя пасяленцы, жадаючыя наладзіць з ліцьвінамі гандлёвыя сувязі і адносіны. Скандынаўская сага VIII ст перадае апавяданьні а конунгу Івару Відфаме, які з дружынай заваяваў паўднёвыя берагі Бальтыцкага мора, а ўнук яго — Гаральд Златазубы заваяваў усходнія берагі Бальтыцкага мора. З XIII ст. ліцьвіны стыкнуліся з новым і пры гэтым вельмі небясьпечным ворагам у асобе немцаў, паявіўшыхся ў канцы ХІІ веку. Ўтвораны тут Закон Мечаносцаў спачатку жыў самастойным жыцьцём і ня імкнуўся да коордынаваньня сваіх дзеяньняў з Законам Тэўтонскім, які ўтварыўся паміж Нёманам і Віслай крыху пазьней Закону Мечаносцаў, па запрашэньню Конрада Мазавецкага для барацьбы з прусамі, з якімі ён сам ня быў у сілах справіцца. Гэта дало магчымасьць Тэўтонскаму Закону думаць а заваяваньнях для саміх сябе. Суседзтва з Тэўтонскім Законам мела вялікае значэньне для мечаносцаў, палітычнае ўмацаваньне якіх утварала напружаныя адносіны паміж Лівонскаю царквою і Законам з тае прычыны, што магістар стараўся падчыніць сабе Лівонскую царкву. Не адчуваючы сябе даволі сільным, магістар Закону зьвярнуўся за дапамогаю да свайго суседа, але гэта не дало пажаданых рэзультатаў. Толькі ў 1237 годзе, калі мечаносцы на зваротным шляху пасьля свайго пераможнага паходу на Літву, былі ўшчэнт разьбіты ліцьвінамі і земіголай, і калі за гэтым выбухла паўстаньне жмудзінаў і куронаў, — толькі тады адбылося аб'яднаньне абодвых Законаў. Паўстаньне літоўскіх пляменьняў пагражала Закону поўным зьністажэньнем. Каталіцкія біскупы — Рыскі, Дэрпскі, і Эзэльскі зьвярнуліся да папы з просьбай даць згоду на злучэньне абодвых Законаў. Пад уплывам небясьпекі, пагражаючай Закону, папа Грыгоры ІХ даў на гэта сваю згоду. Разам з гэтым аб'яднаны Закон перастаў падчыняцца Рыскаму біскупу.

Ліцьвіны і немцы. Злучэньне абодвых Законаў у хуткім часе дало дадатнія для немцаў рэзультаты. Паўстаньне было ўсьмірана. Закон атрымаў магчымасьць у далейшым цягу праводзіць спыненую на час зачэпную політыку. Пасьля таго, як Аляксянлар Неўскі разьбіў немцаў на лёдзе Пскоўскага возера ў 1242 г., зараз-жа выбухла паўстаньне земіголы і куронаў. Перавага фэўдальна-ваеннай організацыі над ліцьвінамі і ўнутраная слабасьць апошніх дапамагалі немцам у іх барацьбе з ліцьвінамі, у якіх рыцары адбіралі землі, абкладалі насяленьне падаткамі і прымушалі гвалтам прыймаць хрысьціянства. Прыбальтыцкія і падзьвінскія літоўскія пляменьні папалі ў залежнасьць ад Закону. Толькі Жмудзь і Літва захавалі сваю незалежнасьць. Аднак падбітыя пляменьні ня раз паднімалі паўстаньні, якія звычайна канчаліся няўдачаю і яшчэ пагоршвалі становішча пераможаных.

Распад роду. Барацьба з суседзьмі, асабліва з немцамі, спрыяла распаду роду і ўтварэньню первясковых форм тэрыторыяльнага аб'яднаньня з мэтай самаабороны. Унутры роду адбываўся падобны-ж процэс. Старыя радавыя організацыі распаліся. Экономічна больш дужыя асобы, выдзяліўшыся з роду, падчынілі сабе больш слабыя радавыя элемэнты, якія сталі да іх у асабіста залежныя адносіны. Такіх князькоў было вельмі многа паміж літвінаў, жмудзінаў і яцьвягаў. Канечнасьць абараняць падуладную краіну ад набегаў Закону прымушала радавых князькоў завязваць паасобныя ўмовы. Але гэткія князёўскія фэдэрацыі гэтак шпарка распадаліся, як і ўтвараліся. Паміж гэтых князькоў з цягам часу паявілася політычная няроўнасьць. Адны сталі багацей, умацаваліся, другія зубожалі і апусьціліся. Галіцкі летапіс і нямецкія хроністыя ўспамінаюць аб існаваньні паміж ліцьвінаЎ нейкіх малодшых і старэйшых князёў.

Пачатак аб'яднаньня. Утварэньне больш буйных тэрытарыяльных аб'яднаньняў пацягнула за сабой спробу політычнага аб'яднаньня ліцьвінаў, якая аднак закончылася няўдачна і зьвязана з імем Міндаўга, аднаго з найбольш значных тэрытарыяльных князькоў. Міндаўгу ўдаалося паставіць у залежнасьць ад сябе большую часьць Літвы. Нямецкая хроніка называе яго каралём літоўскім. Аснаўным ядром, вакол якога вырасла Літоўскае княства, была этнографічная Літва, якая займала правыя прытокі Нёману, асабліва р. Вяльлю. Міндаўг захапіў гэтак званую Чорную Русь, краіну на левых прытоках Нёману з кіроўным горадам Навагрудкам, які стаў цэнтрам утворанага Літоўскага княства. Гэтак старажытная Полацкая калёнія склала часьць новага Літоўскага княства. З Чорнай Русі Літоўскае княства пашыралася ва ўсе бакі, галоўным чынам на паўднёвы-ўсход. Географічнае палажэньне Чорнай Русі спрыяла таму, што яна стала цэнтрам Літоўскага княства. Утворанае Літоўскае княства к 1250 году стала даволі грозным і сільным для суседзяў, якія ў свой чарод не маглі дапусьціць палітычнага ўмацаваньня Літвы. Супроць Міндаўга ўтварылася коаліцыя ў складзе Галіцка-Валынскіх князёў, на чале з Данілам Раманавічам, палякаў і Закону Мечаносцаў. Унутры княства, дзякуючы барацьбе Міндаўга з сваімі сваякамі, утваралася вельмі напружаная атмосфэра. Яго дзядзка Выконт і пляменьнікі Таўтывіл і Едывіл уцяклі да Галіцка-Валынскіх князёў з просьбай а дапамозе. Калі апошняя была абяцана, Таўтывіл адправіўся да магістра Лівонскага Закону, дзе прыняў каталіцызм і гэтым самым злавіў сымпатыю начальніка Закону. Галіцка-валынскія князі і нямецкі Закон знайшлі падтрыманьне ў жмудзі і яцьвягах, князькі якіх не хацелі падчыняцца цэнтралістычным імкненьням Міндаўга. Каб аслабіць сваіх праціўнікаў, Міндоўг дабіўся асабістага спатканьня з магістрам Закону і выказаў пажаданьне ахрысьціцца. Гэты політычны манэўр, дзякуючы якому Міндаўг станавіўся пад апеку папы Іноцэнтага ІV, адхіліў стычку з грозным праціўнікам. Мала гэтага, па загаду папы Кульмскі біскуп каранаваў Міндаўга каралеўскаю каронаю (1253). Пакуль вяліся перагаворы з Законам, Галіцкі князь Даніла спустошыў значную частку Літвы і захапіў горад Горадню. Сама сталіца Літоўскага княства знаходзілася пад пагрозай. Аднак Міндаўгу ўдалося за пасярэдніцтвам сына Вайшэлка пагадзіцца з Галіцкім князем. Вайшэлк адправіўся ў Холм, дзе прыняў хрысьціянства паводле праваслаўнага абраду. Умовы міру з галіцкімі князямі былі даволі цяжкія. Чорная Русь пераходзіла на васальных правох да сына Галіцкага князя—Рамана. Найвышэйшы сувэрэнітэт заставаўся за Міндаўгам. Аслабленьне кояліцыі прымушала яцьвягаў і жмудзь падчыніцца Міндаўгу. Пагадзіўшыся з Галіцкімі князьмі Міндаўг, які ў працягу 10 год быў прыяцелем аб'яднанага Закону і якому ён выдаў граматы на яцьвяскія і жмудзкія землі, раптам зьмяніў фронт у адносінах да Закону і, з прычыны яго агрэсіўных крокаў супроць жмудзі і яцьвягаў, пачаў супроць Закону вайну, вярнуўшыся перад гэтым да паганства. Апынуўшыся на чале паўстаўшых ліцьвіноў, жмудзі, яцьвягаў і прусаў, Міндаўг разьбіў Закон. Нарэшце, аслабленая Полацкая зямля падпала пад уплыў Міндаўга. Літоўскі летапіс, гэтак званы „Быхаўца" называе Міндаўга самаўладцам усёй Літоўскай зямлі. Аб'яднаўчая політыка Міндаўга выклікала протэст з боку групы нездаволеных князёў, якія не хацелі быць падручнымі Міндаўга. Нездаволеныя зрабілі змову і, выкарыстаўшы тое, што Міндаўг пасьля сьмерці сваёй жонкі ажаніўся з жонкай князя Доўманта, пастанавілі пазбавіцца яго. Увайшоўшы ўночы ў яго пакой, змоўнікі пасеклі яго на часткі (1263). Маладое княства па сьмерці Міндаўга політычна развалілася. Пачаліся ўнутраныя няладзіцы, якія пацягнулі за сабою аслабленьне замежнага ўплыву дзяржавы. Зноў распачаліся наезды немцаў на Літву і латышоў. Літоўскаму пляменьню пагражала новая небясьпека нацыянальнага падняволеньня.

Дамовая дынастычная барацьба. Па сьмерці Міндаўга ў Літве ўтварыліся дзьве партыі: адна нацыянальная, якая моцна трымалася літоўскае старасьветчыны і паганства, другая — паддавалася беларускаму ўплыву. Прадстаўнік першае партыі — Тронят — брат Міндаўга быў хутка забіты. На чале беларускай партыі стаяў сын Міндаўга Вайшэлак, які люта расправіўся з забойцамі свайго бацькі. Князь Доўмант быў прымушаны эміграваць у горад Пскоў, дзе і быў ў працягу трыццаці пяцёх год князем. Каб умацаваць свой уплыў і забясьпечыць сябе супроць немцаў, Вайшэлак стараўся аб'ядняць сваё княства 3 Галіцыяй і Валыншчынай. Аднак гэта політыка не дасягнула сваёй мэты і прывяла Вайшэлка да барацьбы, які ў 1268 г. пасьля сьмерці Шварна Данілавіча, быўшага князем літоўскім з часоў удаленьня Вайшэлка ў манастыр, зноў вярнуўся на літоўскі пасад. Барацьба, якая распачалася паміж Левам Данілавічам і Вайшэлкам, закончылася забойствам Вайшэлка. Пасьля сьмерці апошняга перамога была на баку нацыянальнае партыі, прадстаўнікам якой зьявіўся Тройдэн Рамундавіч (1270—1282) князь Альшанскі, які ў працягу трох год упарта змагаўся з Галіцка-Валынскімі князьмі. Пасьля таго, як з апошнімі была завязана згода, Тройдэн ваяваў з палякамі і немцамі за прусаў. Гэтую барацьбу выкарыстаў Доўмант і заняў часова Полацк. Калі Тройдэн быў забіты, Доўмант з палачанамі і пскавіцянамі прабаваў захапіць Літоўскае княства, але гэтая спроба закончылася няўдачаю. Распачалася анархія, якая спрыяла ўмацаваньню немцаў.

Утварэньне Літоўска-Беларускага княства. Націск немцаў спрыяў адраджэньню аб'яднаўчых імкненьняў паміж літвінамі. Ініцыятыва йшла ад жмудзінаў, найбольш цярпеўшых ад нападу тэўтонска-лівонскіх рыцараў, якіх падтрымлівалі палякі. Увасабленьнем гэтага настрою зьявіўся Вітэнь (1295—1315), якому ўдалося аб'ядняць у сваіх руках Жмудзь, Літву і Чорную Русь. Дзякуючы гэтаму Вітэнь мог даць адпор немцам і гэтым самым умацаваць сваю маладую дзяржаву. З імем Вітэня зьвязан шэраг паходаў супроць немцаў, у якіх перамогі зьмяняліся няўдачамі, узмацняўшымі еднасьць Літоўскага княства. У 1314 годзе мечаносцы выступілі супроць ліцьвінаў і, спусташаючы ўсё на сваім шляху, дайшлі да Навагрудка, які спалілі, а жыхароў перабілі. У гэты момант ліцьвінам удалося зайсьці ўтыл немцам, якія дзякуючы гэтаму былі прымушаны адступіць. Пабачыўшы, што па дарозе ўсе склады зьніштожаны, рыцары пачалі шпарка адступаць. Гэтае адступленьне хутка перайшло ў навальныя ўцёкі. Пасьля сьмерці Вітэня, забітага громам, аб'яднаўчая політыка не прыпыняецца. Дзякуючы спрыяючым знадворным умовам, сыну Вітэня—Гедыміну (1316-1341) ўдалося ня толькі ўмацаваць Літоўска-Беларускае княства, але й пашырыць яго на ўсход коштам суседніх Беларускіх і Украінскіх зямель, у далучэньні якіх Гэдымін бачыў новую сілу дзеля барацьбы з тэўтона-літоўскімі рыцарамі. Пашырэньне тэрыторыі новага княства адбылася даволі шпарка. Суседнія краіны, адчуваючы патрэбу ў больш дужых абаронцах, ахвотна прызнавалі над сабою верхаводзтва вялікага князя. Полацкая зямля была далучана да Літвы яшчэ да Гэдыміна. Шлюб Ольгэрда з Марыяй, дачкой Віцебскага князя, перадаў Літве Віцебскую зямлю (1320). Ольгэрд стаў княжыць у Віцебску. У хуткім часе і Менскі князь стаў падручным Літоўскага князя (1326). Гэткім чынам уся Полацкая зямля к пачатку XIV стал. ўвайшла у склад тэрыторыі новага князя. Пры Гэдыміне турава-пінскія князі, якія стараліся вызваліцца ад Галіцка-Валынскіх князёў, наладзілі зносіны з літоўскім князем і прызналі яго сувэрэнітэт. Адначасна была далучана і Берасьцейская зямля з гарадамі: Бярэсьце, Каменец, Кобрын, Дарагічын і Мельнік, князі якой стараліся вызваліцца ад галіцка-валынскіх князёў. Уплыў Гэдыміна пашырыўся і на Украінскія землі, Кіеў і Пераяслаў. У палове XIV ст. дзяржава Гэдыміна пашыралася на Усход да Сожа, Бярэзіны і ніжняй Прыпяці. Гэткае пашырэньне вяло да нямінуючай стычкі з Смаленскай зямлёй. Пры сыне Гедыміна—Ольгэрдзе (1315—1377) пашырэньне тэрыторыі адбывалася ў далейшым цягу. Увага Ольгэрда была зьвернута на Украінскія землі. Ольгэрд выгнаў з Кіева князя Хведара Сьвятаславіча і пасадзіў у ім свайго сына Уладзіміра. Пераяслаўская зямля, якая цягнулася да Кіева, падчынілася Літве. Скарыстаўшы з няладзіц у Гордзе, Ольгэрд задаў татарам вялікае паражэньне на Сініх водах (1363), пасьля якога ўсходняе Падольле было занята сынамі Корыята Гедымінавіча. Няладзіцы ў Ордзе далі магчымасьць Ольгэрду пашырыць сваю ўладу на Чарнігава-Северскія землі, унутры якіх адбываліся звычайныя бязладзьдзі (1356). Найбольш буйныя гарады — Чарнігаў і Трубчэўск, Бранск і Ноўгарад-Северскі былі перададзены сыном Ольгэрда, а Старадуб — аднаму з яго пляменьнікаў. Рэшта гарадоў засталіся з ранейшымі князьмі (Новасільскімі, Бельскімі, Адоеўскімі і г. д.). Нарэшце Валынская Зямля была захоплена Любартам Гэдымінавічам, зяцем аднаго з валынскіх князёў. За Валынь распачалася працяжная барацьба з Казімірам, каралём польскім. Паводле ўмовы 1366 году Літве былі зьвернуты Луцкая, Уладзімірская, Бельская і Холмская землі, але літоўскія князі — Холма і Бельза прызнавалі сябе васалямі польскага караля. Польска-літоўскія адносіны нядоўга былі мірнымі. Узнавілася барацьба за Галіцка-Валынскае насьледзьдзе, якая закончылася толькі ў 1382 годзе, калі памёр Людовік Вэнгэрскі, насьледнік Казіміра, доўга і ўпарта ваяваўшы з Літвой. К гэтаму часу ўся Валынь, за выключэньнем Холма і Бельза, ўвайшла ў склад уладаньняў Любарта Гэдымінавіча. Нарэшце вадазбор верхняга Дняпра быў далучаны да Літвы пасьля таго, як Вітаўт захапіў Смаленск (1404). Дзякуючы пашырэньню тэрыторыі новаўтворанае дзяржавы політычным цэнтрам маладога княства стала Вільня, пабудованая пры ўтоцы Вяльлі ў Нёман. Заснаваньне Вільні легэнда прыпісвае князю Гедыміну. Політычнае ўмацаваньне Вільні — рэзультатн яе географічнага палажэньня. З Вільні было выгадней і лягчэй сачыць за політыкай Закону ў адносінах да Літвы. Праз Вільню праходзіць гандлёвы шлях да Бальтыцкага мора, які меў вялікае значэньне для яе экономічнага і політычнага разьвіцьця. Рака Вяльля злучала ўсходнія прыдняпроўскія і прыдзьвінскія краіны з заходняй часткай дзяржавы — ўласна Літоўскай. Вільня стала стольным горадам новае дзяржавы, у якім знаходзіліся ўсе ніці абароны граніц ад бліжэйшых суседзяў — немцаў і татараў. Політычнае падвышэньне Вільні азначала заняпад Кіева, як цэнтру экономічнага, політычнага і культурнага жыцьця Прыдняпроўскага і часткай Прыдзьвінскага славянства. Політычнае ўмацаваньне вялікага кн. літоўскага знайшло свой адбітак у тытуле Вялікага князя, які пачаў цяпер называцца „Літоўскім, Жмудзкім і Рускім".

Адносіны да немцаў. Барацьба з немцамі, якая вылілася ў такія вострыя формы пры Гэдыміне, і якая ў значнай мэры спрыяла аб‘яднаньню паасобных краін, займала выдатнае політычнае месца і пасьля сьмерці закладчыка Літоўскага княства. Закон ня мог пагадзіцца з умацаваньнем свайго суседа і амаль-ні-што-год рабіў набегі на Літоўскія землі, дзе спатыкаў адпор з боку кіраўнікоў абароны княства. Барацьба з Законам адбывалася з пераменным посьпехам, прыносіла то перамогі, то паражэньні для Літоўскае стараны, але ўрэшце Літве пры дапамозе беларускага войска удалося спыніць націск Закону на Літву. Барацьба з Законам, узмацняючы політычна Цэнтральную Літву, самым цесным чынам злучала акраіны з цэнтрам. Асабліва было цяжкім становішча маладое дзяржавы пасьля сьмерці Гэдыміна, калі Вільня знаходзілася пад уладай яго малодшага сына Яўнутага. У 1345 г. Закон задумаў вялікі паход на Літву. У гэтым паходзе павінны былі прыняць удзел і ваенныя сілы заходняй Эўропы, у асобе каралёў Вэнгерскага і Чэскага, а гэтак сама і іншых герцагаў і трэфаў. Становішча Літвы пры слабым вялікім князі было вельмі цяжкім. Канечна трэба было прыняць надзвычайныя крокі супроць пагражаючай небясьпекі. Усе гэтыя ўмовы прычыніліся да дынастычнага перавароту — Яўнуты быў выгнаны з Вільні Кейстутам і стольны горад перададзен Ольгэрду. Абодва браты пачалі энэргічна рыхтавацца да адпору наезьнікаў-рыцараў. Абарона граніц удалася, а ўсё нямецкае і саюзнае войска было разьбіта. Спроба Закону падбіць сабе Літву закончылася поўнай няўдачай. Закону прыходзілася зьмяняць сваю тактыку ў адносінах да Літвы і папрабаваць дабіцца свайго павольным паступовым праніканьнем у глыб Літвы. Закон распачаў энэргічна будаваць замкі з тэю мэтай, каб адсюль нападаць на Літву. З свайго боку і Літва пачала будаваць крэпасьці. Былі пабудованы замкі ў Вільні, Троках, Крэве. Лідзе. Уся абарона заходніх краін ад немцаў знаходзілася у руках Кейстута — брата Ольгэрда.

У працягу 1345 —1382 тэўтонскія рыцары зрабілі шэсьцьдзесят шэсьць нападаў на Літву, а ліцьвіны трыццаць шэсьць нападаў на Прусію. У гэты-ж пэрыод часу лівонскія рыцары нападалі трыццаць раз на Літву, а ліцьвіны дзесяць раз на Лівонію. У часе аднаго з такіх нападаў Кейстут папаўся ў палон і быў адвезены ў замак Марыенбург, адкуль яму ўдалося ўцячы. Удачная барацьба Кейстута з немцамі павялічвала попітычны ўплыў новае дзяржавы і ўзмацняла аўтарытэт вялікага князя літоўскага.

Літва і Паўночна-Ўсходняя Русь. Утварэньне Літоўска-Беларускае дзяржавы адбывалася адначасна з утварэньнем Велікарускае дзяржавы — Маскоўскага княства, умацаваньне якога не адпавядала інтарэсам Вялікага Княства Літоўскага. Інтарэсы абедзьвюх дзяржаў стыкаліся на верхнім Дняпры, куды накіроўвалася маскоўская політыка, у Ноўгарадзе, дзякуючы гандлю якога Літва магла падтрымліваць гандлёвыя сувязі з захадам. Умацаваньне ў Ноўгарадзе маскоўскага ўплыву істотным чынам павінна было адгукнуцца на гандлёвых сувязях Літвы з Захадам. Каб аслабіць Маскоўскае княства, Літва старанна шукае сабе саюзьнікаў, падтрымлівае ўсе супроць-маскоўскія сілы, не заўсёды лічачыся з іх географічным палажэньнем і запраўднай магчымасьцю даць істотнае падтрыманьне.

Літва і Ноўгарад. Пасьля таго, як Кіеўская дынастычная дзяржава развалілася, Ноўгарад стаў незалежнай гарадзкой рэспублікай, у якой арыстакратыя буйнага капіталу мела вялікае політычнае значэньне ўва ўнутранай політыцы гарадзкой рэспублікі. Разьвіцьцё замежнага гандлю і калянізацыя ноўгарадзкім баярствам вялізных абшараў, дасягаўшых за Урал, спрыяла награмаджэньню гандлёвага капіталу ў руках зямельнае і грашовае арыстакратыі і пацягнула за сабою пагаршэньне ў соцыяльных адносінах. Соцыяльная барацьба аслабляла політычнае значэньне Ноўгараду і адчыняла шлях для чужаземнага ўплыву на політыку Ноўгарадзкага ўраду. Маскоўскае княства, якое паступова політычна ўмацоўвалася, у сваёй тэрытарыяльнай экспансыі і барацьбе з Цвер'ю — нямінуча павінна было стыкнуцца з Ноўгарадам. Масква старалася рабіць уплыў на ноўгарадзкую ўнутраную політыку. Масква старалася папаўняць княжы скарб тым спосабам, што накладвала на Ноўгарад контрыбуцыю, што ўпяршыню зрабіў князь Сымон Горды. Гэткая політыка Масквы выклікала ў Ноўгарадзе оппозыцыю, у склад якой уваходзіла зямельная і грашовыя арыстакратыя. Не разьлічаючы на свае ўласныя сілы, ноўгарадзкая арыстакратыя шукала падтрыманьня і дапамогі ў літоўскага князя, хаця географічная аддаленасьць Ноўгараду ад Літвы зьяўлялася істотнай перашкодай да актыўнага ўмяшаньня ў ноўгарадзкія справы, ня гледзячы на зацікаўленасьць літоўскага купецтва ў падтрыманьні з Ноўгарадам беспасярэдніх гандлёвых сувязей. Праціўнікі багатых клясаў, трымаўшых у экономічнай ад сябе залежнасьці гарадзкую беднату „чорных людзей", орыентаваліся на Маскву, спадзяючыся зьменшыць сваю экономічную залежнасьць. Літоўская орыентацыя не дала ноўгарадзкім пануючым клясам якіх-колечы політычных пераваг. Сымон Горды, уступіўшы на тэрыторыю Ноўгараду, сабраў з некаторых краін дань, і літоўская партыя ня мела сілы перашкодзіць Маскве пажывіцца коштам суседняй Ноўгарадзкай рэспублікі. Маскоўская інтэрвэнцыя павялічыла політычны ўплыў мамаскоўскае партыі. Тады літоўская партыя зьвярнулася за дапамогай да Ольгэрда, які ўступіў на тэрыторыю Ноўгараду з вялікім войскам. Літоўская інтэрвэнцыя абнадзеіла літоўскую партыю. Ноўгарад захваляваўся, партыйная барацьба нязвычайна напружылася. Літоўская партыя сьвяткавала на сваім баку перамогу. Прадстаўнік маскоўскае партыі — пасаднік Еўстафі Двараніцаў быў забіты. Тады літоўская партыя распачала перагаворы з Ольгэрдам. Атрымаўшы вялікую нагароду за інтэрвэнцыю, Ольгэрд вярнуўся ў Літву. Політычны ўплыў часова заставаўся на баку літоўскае партыі.

Літва і Цьвер. Цьверскае княства, раскінутае на верхнім бегу Волгі, на вялікім гандлёвым шляху з Ноўгараду на ўсход, у момант палітычнага ўмацаваньня Масквы было адным з найбольш экономічна-сільных і політычна-ўплывовых княстваў Суздальскае Русі. Політычнае і экономічнае ўмацаваньне Масквы дало ноўгарадзкаму гандлю іншы кірунак на Маскву, што, зразумела, аслабляла Цьверскае княства. Барацьба Масквы і Цьверы за вялікакняскі ярлык нямінуча вяла да стычкі аднэй стараны з другой. Інтэрвэнцыя Івана Каліты ў цьверскія справы, політычна абясьсіліла цьверскага князя і экономічна зруйнавала Цьверскую зямлю. Агрэсыўная політыка Масквы ў адносінах да Цьверы прыняла яшчэ вастрэйшы характар пры Дзьмітрым Данскім (1363—1389), які ўмяшаўся ў цьверскія ўдзельныя спрэчкі і падтрымліваў князя Васіля Міхайлавіча Кашынскага ў яго прэтэнзіях на цьверскі пасад. Супарам Катынскага князя ў барацьбе за цьверскі пасад быў Міхаіл Аляксандравіч, князь Мікульскі, стаўшы цьверскім князем пасьля Васіля Міхайлавіча (1368). Дзімітры Іванавіч патрэбаваў ад Міхаіла Аляксандравіча, каб той пакінуў цьверскі пасад, але на гэта атрымаў катэгорычную адмову. Пачалася барацьба Масквы з Цьвер'ю. Цьверскі князь зьвярнуўся за дапамогаю да свайго зяця Ольгэрда, які, не адкладваючы, з вялікім войскам уступіў у межы Маскоўскага княства і стаў спусташаць апошняе. Літоўская інтэрвэнцыя закончылася разгромам Масквы. Войска князя Дзімітрага было разьбіта ў двох крывавых бітвах. Дарога на Маскву была адчынена. Ольгэрд свабодна заняў Маскву і разьмясьціўся пад сьценамі Крамля. Аднак Ольгэрд хутка пакінуў Маскву з прычыны стратэгічных меркаваньняў. Праз год князь Дзімітры Іванавіч зноў распачаў барацьбу за Цьвер, а гэта пацягнула за сабою новую стычку з Ольгэрдам, гэтак сама хутка падыйшоўшым да Маскоўскага Крамля. Паход да Масквы князя Уладзіміра Андрэевіча Сярпухоўскага прымусіў Ольгэрда завязаць мір з Масквой на ўмовах неўмяшаньня літоўскага князя ў Цьверскія справы (1371). Тады цьверскі князь пастанавіў орыентавацца на Залатую Горду і дабіўся ад хана ярлыка на Ўладзімірскае вялікае княжэньне. Але гэта перамога над Масквой была кароткачасовай. Дзімітры Маскоўскі пасьпеў задобрыць хана і атрымаць ад яго вялікакняскі ярлык. Пачалася новая барацьба з Цьвер'ю, у якой прымаў удзел князь Ольгэрд з братам Кейстутам. На гэты раз літоўская інтэрвэнцыя закончылася няўдачна. Саюзнікі былі разьбіты пры сяле Любуцеку (Калуская губ.), і Ольгерду прышлося завязаць мір на ўмовах папярэдняе згоды (1372). Перамога ў Цьверы засталася за Масквой.

Літва і Масква. Няўдачная інтэрвэнцыя Ольгэрда ў маскоўска-цьверскія адносіны не аслабіла напружаных адносін паміж Масквой і Літвой. Політычнае ўмацаваньне Масквы было небясьпечным для Літоўскага княства. З гэтае прычыны, калі Маскве пагражала небясьпека ад Мамая, то Ягайла запрапанаваў сваю дапамогу хану, які і прыняў гэту прапазыцыю. Але Ягайла спазьніўся к моманту рашучай стычкі князя Дзімітрага Маскоўскага з Мамаем на Кулікаўскім полі. Вялікі князь літоўскі знаходзіўся толькі ў пяцёхдзесяцёх вер. ад месца стычкі. Даведаўшыся аб тым, што Мамай разьбіты, Ягайла пасьпешна адступіў (1380). Маскава, разьбіўшая татар, пакінула за сабой беларускія гарады: Старадуб і Трубчэўск. захопленыя маскоўскім князем з прычыны ўцечкі ў Маскву князя Андрэя Ольгэрдавіча і пераходу да маскоўскага князя Дзімітрага Ольгэрдавіча, які не пажадаў даць ваеннага адпору маскоўскаму націску. У рэзультаце барацьба Літвы з Масквою дала маладой Літоўска-Беларускай дзяржаве адмоўныя вынікі.

Структура новае дзяржавы. Літоўскае княства, пашырыўшы свае тэрыторыяльныя граніцы коштам суседніх беларускіх і часткаю ўкраінскіх зямель, разраслося ў вялікую Літоўска-Беларускую дзяржаву, якая абнімала вадазборы верхняй і сярэдняй 3. Дзьвіны, Неману, З. Бугу, Дняпра і верхняй Акі (гэта знача ўсю Літву і Беларусь, значную часьць Украіны і невялікую часьць Вялікаросіі). Агульны процэс далучэньня беларускіх і ўкраінскіх зямель у склад Вялікага Княства Літоўскага вызначаў узаемныя адносіны Літвы і далучаных краін. Літоўскія вялікія князі абмяжоўваліся толькі павярхоўным прызнаньнем сваёй улады. У ўнутраным кіраўніцтве далучаныя землі захоўвалі сваю самастойнасьць. Князі дому Рурыкавічаў большай часткай засталіся на сваіх княжых пасадах, стаўшы толькі васалямі вялікага князя, абавязанымі яму ваеннай службай. Удзельныя князі кіравалі разам з сваімі баярамі, складаўшымі княжую раду. Паасобныя землі, як Чарнігава-Северская, Палесьсе і часткай Валынская былі падзелены на дробныя ўдзельныя ўладаньні, але Полацкая. Віцебская і Кіеўская землі захоўвалі палітычную еднасьць. Літоўска-Беларуская дзяржава выяўляла сабою фэдэрацыю краін, зьвязаных з цэнтрам вельмі нятрывалымі вузламі. Літоўская нацыянальнасьць у новай дзяржаве зьяўлялася значнай меншасьцю, распыленай у моры беларускага народу, хаця політычная кіраўнічая роля ў гэту эпоху прыналежала ліцьвінам.

Экономічны ўклад. Літоўска-Беларуская дзяржава ў народна-гаспадарчых адносінах дзялілася на дзьве часткі; заходнюю і усходнюю, што супадала і з ваенна-адміністрацыйным падзелам дзяржавы. Заходнія краіны былі зьвязаны з вадазборам Нёману, а ўсходнія — з вадазборамі Дняпра і 3. Дзьвіны. Славянская калянізацыя накіроўвалася з усходніх краін у заходнія. Каляністыя пасяляліся сёламі, супольнымі сіламі асвойваючы вольныя лясныя і зямельныя абшары. Распад радавых організацый паміж літвінаў спрыяў пашырэньню падобных паселішчаў і на літоўскай тэрыторыі. У эпоху ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага значна была пашырана княжая калянізацыя. Князі будавалі двары, заводзілі нівы, заклікалі для пасяленьня жыхароў, прыходзіўшых з Валыні і з Полацкае зямлі. Княжы двор становіцца цэнтрам дзяржаўнае гаспадаркі. Побач з княжай гаспадаркай існуе і прыватная панская гаспадарка, але права ўласнасьці на зямлю пакуль што застаецца за вялікім князем. Ня гледзячы на вольную княжую калянізацыю, сярэдзіна Літвы была слаба залюднена. Нязначная гушчыня насяленьня і вялікая колькасьць лясоў прыпыняла паляпшэньне сельскагаспадарчае тэхнікі, хаця ў параўнаньні з папярэдняй эпохай сельскае гаспадарства значна пасунулася наперад. Але й здабывальная прамысловасьць, дзякуючы вялікай колькасьці лясоў і рачных вод, мела вялікае значэньне ў гаспадарчым жыцьці краю. Ў мясцовасьцях па Дзьвіне і Дняпру пераважнае значэньне мела здабывальная прамысловасьць. Бязьмежныя лясныя пушчы і рачныя воды давалі магчымасьць насяленьню займацца зьвералоўствам, пчалярствам, рыбацтвам. Ральніцтва тут мела ўтаразначны характар. У паўднёва-ўсходніх валасьцёх Валыншчьшы і часткай Падольля сельскагаспадарчая культура ўжо пусьціла глыбокае карэньне. Эксплёатацыя лясных промыслаў і рачных багацьцяў адступае на задні плян. Дзякуючы географічнаму палажэньню, у Літоўска-Беларускай дзяржаве значна быў разьвіты і гандаль. Гандлёвыя шляхі вызначаліся яго географічным палажэньнем. Дняпро зьвязваў Літоўска-Беларускую дзяржаву з рынрынкамі і Крыму і Ўсходу. Вадазборы 3. Бугу, Нёману і 3. Дзьвіны злучалі Літоўска-Беларускую дзяржаву з Захадам і ўцягвалі яе ў вір заходня-эўропэйскіх экономічных адносін. Гарады Вільня, Трокі, Бярэсьце становяцца выдатнымі гандлёвымі цэнтрамі. Наданьне гэтым гарадом у канцы XIV веку гэтак званага Магдэбурскага права, дзякуючы якому горад выасабняўся ад воласьці і станавіўся самастойнай адміністрацыйна-гаспадарчай адзінкай, выключна зьвязанай з разьвіцьцём замежнага гандлю. Галоўны гандлёвы шлях ішоў па Нёману, хаця барацьба з немцамі і прыпыняла разьвіцьцё гандлю. Толькі пасьля завязаньня з немцамі Торунскага міру (1411), гандлёвыя сувязі больш ажывіліся. Гандаль па 3. Дзьвіне дзеля гэтых-жа самых прычын меў другараднае значэньне. Паўднёвы літоўска-беларускі гандаль толькі зараджаўся. З Літвы, Беларусі вывозіліся хуnры, мёд, воск, дрэва, а прывозіліся з Эўропы прадукты заходня-эўропэйскай апрацоўчай прамысловасьці. Ня гледзячы на разьвіцьцё замежнага гандлю народная гаспадарка захоўвала свой натуральны характар. Наплываючы эўропэйскі капітал награмаджаўся пераважна ў руках князя, як самага багатага зямельнага ўласьніка і галоўнага экспортэра на эўропэйскі рынак. Навакол гаспадарскіх, княжых і панскіх двароў гуртавалася пэўная колькасьць рамесьнікаў, якія былі патрэбны для іх гаспадарак. Галоўнай сельскагаспадарчай рабочай сілай была „чэлядзь нявольная". Вольныя людзі, што жылі па-суседзку з дваром, адбывалі павіннасьці спэцыяльнага характару. Гэтак паявіліся княжыя цяглыя людзі, якія выпаўнялі або якую-колечы спэцыяльную павіннасьць, або былі прамыслоўцамі. як напрыклад: конюхі, канкаморцы, кабыльнікі, стаднікі, кухары, садоўнікі, рыбаловы, сакольнікі, бортнікі, баброўнікі, лаўцы, псарцы. Уся зямля разглядалася, як гаспадарская айчына. Гаспадар быў адзіным правамоцным уласьнікам. Удзельныя князі, стаўшыя з працягам часу буйнымі зямельнымі ўласьнікамі, баяры, якія выдзяліліся з радавых організацый, — дзяржалі зямлю пад гаспадаром, ня маючы права ёю распараджацца. Сялянскае землеўладаньне — старажытнага пахаджэньня. Велічыня сялянскіх зямельных вучасткаў залежала ад складу рабочае сілы сялянскага двара. Гэткія зямельныя вучасткі называліся „дворышчамі", „службамі", „печышчамі", і складаліся або толькі з адных сваякоў, або з сваякоў з чужымі элемэнтамі. Члены гэткага тэрыторыяльнага саюзу называліся „сябрамі", “суседзьмі", „таварышамі", „патужнікамі" і „дольнікамі".

Грамадзянскі ўклад. Літоўска-беларускае грамадзянства дзялілася на дзьве групы: вольных і нявольных. Вышэйшую групу ў асяродзьдзі першых складалі гэтак званыя баяры, прадстаўнікі буйнага землеўладаньня. якія пасьпелі выдзеліцца з роду і падчапіць сабе больш слабыя радавыя элемэнты. Гэта была ваенная кляса, зьвязаная з вялікім князем ваенна-павіннымі адносінамі. Літоўскае баярства было абавязана адбываць з сваіх зямель розныя натуральныя павіннасьці, як-то: пабудову новых гарадоў і направу старых, прывоз патрэбнага для пабудовы матар'ялу, каменьняў, дроў, направа дарог, пабудаваньне новых мастоў і направа старых. Апрача гэтага баяры былі абавязаны касіць сена ў княжых добрах, даваць стацыю ў выпадку прыезду князя і яго ўраднікаў і дастарчаць хурманкі. Баяры былі зьвязаны і натуральнымі павіннасьцямі — давалі авёс і сена. У Літве і жмудзі такія падаткі называліся „дзятлам". Рабочая кляса, якая складала ніжэйшую групу вольных людзей, сядзела на гаспадарскіх і часткаю — ўласьніцкіх духоўных і сьвецкіх землях. Рабочае насяленьне выпаўняла з сваіх зямельных вучасткаў шэраг натуральных павіннасьцей. На Беларусі і Украіне часьць вольных людзей ужо ў XIV ст. папала ў экономічпую залежнасьць ад дужэйшых і фактычна утраціла права пераходу. Гэта група насяленьня складала зародак паншчыны. Да рабочае клясы адносіцца і „чэлядзь нявольная", „рабы". Крыніцамі рабства былі: палон, самапродаж, шлюб вольнага з нявольнай, праступленьне і невыпаўненьне прынятых на сабе матар'яльных абавязаньняў. Рабы ня мелі ні грамадзянскай праваздольнасьці, ні ўласнавольнасьці. Нявольніцкае становішча было насьледным і пераходзіла на патомства. Кляса рабоў была даволі значнай і складала асноўную рабочую сілу ў гаспадарскіх і прыватна-ўласьніцкіх маёнтках.

Політычны ўклад. Літоўскія вялікія князі глядзелі на сваю дзяржаву, як на айчыну. Грунтуючыся на айчынным праве, вялікія князі раздавалі паасобныя часткі тэрыторыі сваім сыном. Велічыня ўдзелу залежала выключна ад вялікага князя; аднак, ня гледзячы на падзел Дзяржавы на паасобныя тэрытарыяльныя адзінкі, князі, асеўшыя ў іх, не станавіліся ўдзельнымі князьмі, бо падуладная ім тэрыторыя не зьяўлялася іх айчынай. Гэтак Гэдымін яшчэ пры сваім жыцьці падзяліў дзяржаву паміж сынамі: Монвідам, які атрымаў Кернаў і Слонім, Ольгэрдам — Віцебск, Кеістутам — Бярэсьце, Горадню і Жмудзь, Нарымунтам — Пінск, Тураў і Менск, Любартам — Валынь, Карыатам — Чорную Русь але бяз Слоніму. Полацк знаходзіўся ў руках Воіна — брата Гэдыміна. Вялікім князем па сьмерці Гэдыміна стаў самы малодшы сын — Яўнуты, які прымушаны быў ратавацца ўцечкай у Маскву (1344). Яго вялікае княжэньне цягнулася нядоўга. Кейстут і Ольгэрд, захапіўшы Вільню, учынілі дзяржаўны пераварот. На вялікакняскім пасадзе апынуўся Ольгэрд, а заходняя частка княства была перададзена Кейстуту. Вялікі князь Ольгэрд абавязваўся дзяліць з Кейстутам усё напалам, што яны здабудуць. Літоўска-Беларуская дзяржава фактычна разьдзялілася на дзьве паловы: — заходнюю і ўсходню. На чале першай стаў Кейстут, на чале другой — уласна Літвы і Беларусі — стаў Ольгэрд. Адносіны паміж братамі да самой сьмерці Ольгэрда аставаліся прыяцельскімі. Ўдзельныя князі безадмоўна прызнавалі іх уладу. Кейстут бараніў княства ад нападаў мечаносцаў і сам ня раз спусташаў рыцарскую тэрыторыю. У працягу 1345 — 1382 г.г. тэўтонскія рыцары зрабілі шэсьцьдзесят шэсьць нападаў на Літву, а ліцьвіны трыццаць шэсьць нападаў на Прусію. У той-жа пэрыод часу лівонскія рыцары трыццаць раз нападалі на Літву, а ліцьвіны адзінаццаць раз на Лівонію. У часе аднаго з такіх нападаў Кейстут быў захоплены ў палон і адвезен у Марыенбург, адкуль яму ўдалося ўцячы. Увага Ольгэрда была пакірована на ўсход, на суседнія беларускія і ўкраінскія землі. Удачная барацьба Кейстута з немцамі паднімала політычны ўплыў новае дзяржавы, але вялікакняская улада заставалася ў руках Ольгэрда, як найбольш сільнага з усіх удзельных князёў. Ольгэрд пакінуў дванаццаць сыноў, якія атрымалі ўдзелы яшчэ пры жыцьці свайго бацькі. Старшым у родзе заставаўся Кейстут, а старшым сынам Ольгэрда быў Андрэй, які княжыў у Полацку. Але вялікім князем па жаданьню Ольгэрда стаў Ягайла, сын ад другой жонкі Юліянны Цьвярской. Кейстут прызнаў найвышэйшую ўладу свайго пляменьніка, але добрыя адносіны паміж імі трывалі нядоўга. Ягайла баяўся Кейстута і, каб пазбавіцца яго, завязаў зносіны з немцамі. Тады Кейстут захапіў Вільню і прагнаў свайго пляменьніка. У распачатай барацьбе часьць удзельных князёў становіцца на сторану Ягайлы, а другая на старану Кейстута. У часе барацьбы Кейстут быў забіты, і Ягайла заняў віленскі пасад. У руках Ягайлы апынуліся Віцебск, Менск, Мсьціслаў, Навагрудак, Літва і Жмудзь. Шмат з удзельных князёў было выгнана з іх пасадаў. Затое Ягайла зблізіўся з братам Скіргайлам, аддаўшы яму Троцнае княжэньне.

Паміжкнязёўскія адносіны. У перайманьні вялікакняскага пасаду ня было ніякай пэўнай сыстэмы. Пасад даставаўся звычайна дужэйшаму князю. Літоўска-Беларуская дзяржава выяўляла сабой шэраг паасобных княжэньняў, падлеглых вялікаму князю. У руках апошняга знаходзілася значная тэрыторыя, складаўшая яго ўдзел, велічыня якога давала магчымасьць князю трымаць у залежнасьці ад сябе ўдзельных князёў; адносіны апошніх да вялікага князя вызначаліся княжымі ўмовамі і прысяжнымі граматамі і фактычна прымалі форму абяцаньня вернае службы і ваеннае дапамогі. Вялікія князі не царамоніліся з удзельнымі князьмі і адвольна пазбаўлялі ўдзелаў то адных то другіх князёў. Становішча вялікакняскай улады пры Ягайле было ня зусім трывалым. Краінныя князі ў саюзе з немцамі стараліся аслабіць вялікакняскую ўладу. Асабліва быў небясьпечны Вітаўт — сын Кейстута, які дабіўся таго, што яму былі зьвернуты адабраныя бацькаўскія воласьці — Горадня і Бярэсьце. Не атрымаўшы Троцкага княжаньня, Вітаўт быў гатоў распачаць зносіны з немцамі, каб абараніць свае політычныя правы. Небясьпека з боку ўнутраных і знадворных ворагаў прымусіла Ягайлу прыняць прапазыцыю польскіх паноў – ажаніцца з каралеваю Ядвігай і падпісаць шэраг важнейшых абавязаньняў, на моцы якіх Літва і Польшча злучаліся ў адну дзяржаву. Вунія была спаткана ў Літве воражна. Увасабленьнем гэтага настрою зьявіліся літоўскія баяры на чале з Вітаўтам, якому ўдалося замацавацца на вялікакняскім пасадзе і дагаворамі азначыць свае адносіны да Польшчы.

Зьністажэньне ўдзельнага ўкладу. У адносінах да ўдзельных князёў Вітаўт у далейшым цягу праводзіў політыку Ягайлы. Гэткім чынам Скіргайла, галоўная апора Ягайлы, прымушан быў растацца з Полацкім і Троцкім княствамі. Сьвідрыгайла Ольгэрдавіч, што сядзеў у Віцебскай зямлі, павінен быў пакінуць княжы пасад. Уладзімірская зямля была адобрана ад Хведара Любартавіча, Ноўгарад-Северская ад Корыбута. З Кіева быў выгнаны Ўладзімір Ольгэрдавіч. Сыны Карыата Гэдымінавіча павінны былі растацца з Падольскай зямлёй. Выгнаныя князі атрымалі ўдзелы ў іншых мясцох, але ў часовае ўладаньне. З князёў-айчыньнікаў яны абярнуліся у слуг вялікага князя, захаваўшы некаторыя княжыя правы. Самастойнасьць удзельных княстваў зьнікла. Насяленьне краін заставалася верным Вітаўту, бо краіны атрымалі ўстаўныя граматы, забесьпячаушыя ім унутраную аўтаномію. Гэтыя граматы атрымалі пацьвярджэньне пры Казіміру, Аляксандру, Жыгімонтах. Аўтэнтыкі грамат Вітаўта не захаваліся. Улада вялікага князя была неагранічана і датычыла ўсіх бакоў жыцьця гаспадарства. Каля вялікага князя знаходзілася „рада", як-бы, курыя васаляў, у якой прымалі ўдзел асобы з складу буйных земляўласьнікаў. Рада мела дарадчае значэньне. Запрашэньне у раду залежала ад волі вялікага князя. Адначасна з зьніштажэньнем удзелаў, у краіны былі назначаны намесьнікі вялікага князя, а ў лічныя гаспадарскія двары — для загадваньня гаспадаркаю, а гэтак сама для суду над мясцовым насяленьнем і збору падаткаў былі пасаджаны намесьнікі і цівуны. Эксплёатацыя гаспадарскіх двароў давала вялікаму князю значныя сродкі. Гэта ўзмацняла матар'яльнае становішча і павялічвала ўладу і значэньне вялікага князя. Існаваньне буйнага княжага і панскага землеўладаньня і паяўленьне страціўшых права пераходу сялян спрыяла зараджэньню соцыяльнага фэодалізму.

Царква і дзяржава. Паяўленьне ў зямлі прусаў Тэўтонскага закону пацягнула за сабою гвалтоўнае пашырэньне хрысьціянства. Паганская Літва моцна трымалася за веру продкаў і пры першай-жа магчымасьці варочалася зноў да старое веры. Паўстанцы забівалі каталіцкіх місіонэраў, вырэзвалі каталіцкае духавенства, разбурвалі касьцёлы. Літоўскія паганцы глядзелі на каталіцызм, як на прыладзьдзе політычнага і экономічнага падняволеньня. З пашырэньнем каталіцызму ўводзілася царкоўная дзесяціна, як прымусовы збор, абавязковы для ўсіх, Кейстут увесь час заставаўся на чале паганскае партыі, якая бараніла нацыянальную незалежнасьць. Пры Ольгэрдзе папа Грыгоры ІХ зьвярнуўся з лістом да літоўскіх князёў з мэтай пераканаць іх прыняць хрысьціянства. Аднак каталіцызм усё-ткі, хаця і паволі, але рараспаўсюджваўся паміж літоўскай арыстакратыі. Гэткім чынам прыняў каталіцызм ваявода Ольгэрда Гаштольд, які залажыў францішканскі манастыр, разбураны гарадзкой паганскай партыяй у часе паходу Ольгэрда на Маскву. Духавенства было замучана. Калі Ольгэрд вярнуўся дамоў, то, паводле слоў летапісца, было пакарана сьмерцю да пяцісот чалавек. Францішканскі манастыр быў зноў адбудованы, але не на старым месцы, а па-за горадам. Географічнае суседзтва, экономічныя і політычныя зносіны з беларусамі спрыялі дабравольнай хрысьціянізацыі Літвы. Праваслаўе пранікла ў сфэру княжай і часткай баярскай арыстакратыі. Паводле слоў польскага хроністага Стрыйкоўскага, амаль ня усе князі Гэдымінавічы прынялі хрысьціянства паводле праваслаўнага абраду. Энэргічнымі місіонэркамі былі абедзьве жонкі Ольгэрда: Марыя Віцебская і Юліяна Цьвярская. Палац князя стаў штабам праваслаўя. Пры падтрыманьні ўлады і на яе сродкі будаваліся сьвятыні. У царкоўных адносінах праваслаўная царква падлягала маскоўскаму мітрапаліту. Гэтая залежнасьць пры напружаных адносінах з Масквой прымушала клапаціцца аб асобым мітрапаліце для Літвы. Ольгэрд пасылаў жалабу ў Канстантынопаль на мітрапаліта Аляксея з просьбай назначыць асобнага праваслаўнага мітрапаліта для Літвы. У 1373 годзе патрыарх Філафей паслаў інака Кіпрыяна, родам сэрба, каб выясьніць непаразуменьні паміж Ольгэрдам і мітрапалітам Аляксеем. На просьбу Ольгэрда, Кіпрыян атрымаў годнасьць мітрапаліта і пасяліўся ў Кіеве (1374). Аднак пасьля сьмерці мітрапаліта Аляксея, Кіпрыян заняў маскоўскую мітрапаліцкую катэдру, пакінуў Кіеў і выехаў у Маскву. Літва апынулася зноў у залежнасьці ад Масквы ў царкоўна-рэлігійных адносінах. Праваслаўныя цэрквы і манастыры надзяляліся багатымі зямельнымі фундацыямі.

2. Магнацкая фэодальная монархія.

А). Літоўска-польскія вуніі.

Першая вунія. Літоўска-Беларуская дзяржава суседзіла з Польшчай, з якой літоўскія вялікія князі падтрымлівалі прыяцельскія сувязі. Паяўленьне немцаў павінна было спрыяць яшчэ большаму збліжэньню гэтых дзяржаў з тае прычыны, што на іх тэрыторыі распачаўся націск з боку немцаў, і што кожная ў паасобку дзяржава не магла ўстаяць супроць гэтага націску. Калі немцы захапілі вусьце Віслы і Нёману, то абедзьве дзяржавы папалі ў поўную экономічную залежнасьць ад Тэўтонскага закону. Такім чынам экономічныя і нацыянальна-політычныя чыньнікі падымалі пытаньне а больш цесным політычным збліжэньні абедзьвюх дзяржаў. Палякі з свайго боку стараліся ажыцьцёвіць свае даўнейшыя дыплёматычныя пляны далучыць да Польшчы Валыншчыну. Польскія дыпляматы вельмі добра разумелі, што літоўскі ўрад дабрахоць не аддасьць Валыншчыны. Збліжэньне Літвы з Польшчай абяцала вярнуць Жмудзь, якую ўступіў Ягайла немцам, а гэтак сама знайсьці ў Польшчы падтрыманьне ў барацьбе з нездаволеннымі ўдзельнымі князьмі. З мэтай ажыцьцяўленьня сваіх плянаў, дыплёматы запрапанавалі вялікаму князю Ягайле ажаніцца з польскай каралевай Ядвігай і аб’яднаць дзьве дзяржавы ў адну. Ягайла прыняў гэтыя ўмовы і 14-га жніўня 1385 году ў Крэве была падпісана першая унітарная ўмова. Ягайла абавязваўся паводле гэтай умовы прыняць каталіцызм і хрысьціць сваіх братоў, баяр і свой народ; вярнуць адабраныя ад Польшчы землі, заплаціць дзьвесьце тысяч флёрынаў няўстойкі быўшаму жаніху Ядвігі і на “вечныя часы далучыць да Польшчы літоўскія і рускія землі”. Акт Крэўскай вуніі быў падпісан Ягайлам і яго братамі за сябе і за тых удзельных князёў, якія адсутнічалі пры гэтай умове. Пасьля каранацыі Ягайлы, удзельныя князі павінны былі прынесьці прысягу ў вернасьці польскай кароне.

Востраўская ўмова. Крэўская вунія юрыдычна спыняла самастойнае існаваньне Літоўска-Беларускай дзяржавы, але фактычна ўсе ўмовы вуніі зьявіліся толькі дэклярацыяй, ажыцьцяўленьне якой было немагчыма ў той момант, калі апошняя была задумана. Літва захавала сваю самастойнасьць і зьвязалася з Польшчай толькі параўнальна праз вялікага князя Ягайлу, які адначасна стаў і польскім каралём. Літоўскія баяры — буйныя земляўласьнікі на чале з Вітаўтам — распачалі барацьбу супроць вуніі. Палякам прышлося палічыцца з гэтым нацыянальна-політычным настроем літоўскіх магнатаў і пайсьці на ўступкі. 5-га жніўня 1392 году ў Востраве была завязана новая ўмова. Вітаўт прызнаваўся вялікім князем і адначасна васалам польскага караля. Улада Вітаўта захоўвала часовы характар. Па сьмерці Вітаўта ўсе яго ўладаньні пераходзяць да караля і яго насьледнікаў і да кароны польскай. Аднак Вітаўт мала зьвяртаў увагі на свой васалітэт у адносінах да Польшчы і глядзеў на сябе, як на самастойнага гаспадара.

Вунія 1401 году. Востраўская ўмова зьяўляецца значнай перамогай літоўскіх сэпаратыстых. Барацьба за поўнае вызваленьне ад Польшчы была прыпынена дзякуючы таму разгрому, які нанесьлі Вітаўту татары на р. Ворскле (1399). Палякі выкарысталі гэтае становішча і запрапанавалі падпісаць новую вунію, якая паўтарала ўмовы вуніі 1392 г. Вітаўт ад свайго імя, князёў і баяр павінен быў даць абавязаньне памагаць палякам ва ўсім, і пасьля сьмерці Вітаўта ня шукаць новага гаспадара, паміма польскага караля. Палякі абяцалі не выбіраць новага караля бяз згоды Вітаўта і літвінаў. Дзеля большай трываласьці вуніі, унітарны акт быў падпісан князьмі і баярамі.

Замежная політыка. Вітаўту прыходзілася весьці барацьбу на чатыры фронты: з палякамі, татарамі, немцамі і Масквой. Барацьба з палякамі вылівалася ў формы барацьбы за зьмену ўмоў Крэўскае вуніі 1385 году і дала дадатнія вынікі. Умова з палякамі у Гародле на З.Бугу (1413) забесьпячала Літве ўнутраную аўтономію пад сувэрэнітэтам Польскае дзяржавы. Няўдачнай была барацьба з татарамі. Тахтамыш, выгнаны Кіпчацкі хан, зьвярнуўся да Вітаўта з прозьбай а дапамозе. Вітаўт даў на гэта сваю згоду з тэй умовай, што хан яму дапаможа супроць Масквы. Вышаўшы з вялікім войскам на дапамогу Тахтамышу, Вітаўт сустрэўся з войскам Эдыгэя на р. Ворскле (1399). Бітва закончылася поўным разгромам. Даволі складаны і заблытаны былі адносіны з суседнімі вялікарускімі землямі. Вітаўт думаў пры дапамозе татар захапіць Ноўгарад, Смаленск, нават Маскву. Барацьба на Усходзе закончылася тым, што Смаленск быў захоплен Вітаўтам (1404). У 1405 годзе былі спустошаны Пскоўскія землі. Ноўгарадцы й пскавічане зьвярнуліся да Масквы за дапамогай. Вялікі князь Васіль Дзьмітравіч выступіў супроць свайго цесьця Вітаўта. У адказ на гэта ў Літве учынілі пагром над усімі рускімі. Удзельныя князі, ўцякаўшыя з Літвы, знаходзілі ў Маскве гасьцінны прытул і атрымлівалі гарады. Аднак ваенае стычкі паміж абодвума князьмі не адбылося. У 1409 годзе на р. Угры быў завязаны мір. Пасьля сьмерці Васіля Дзьмітравіча (1425) Вітаўт распачаў зачэпныя крокі ў адносінах да Пскову і Ноўгараду. У 1426 годзе была спустошана ўся Пскоўская краіна, галоўным чынам пры дапамозе татар. Спроба захапіць умацованыя пункты: Апочку, Вароніч закончылася няўдачай. У 1428 годзе Вітаўт ваяваў з Ноўгарадзкай зямлёй, дзе адбывалася якраз барацьба дзьвёх партый – літоўскай і маскоўскай. Апіраючыся на першую, Вітаўт утаргнуўся ў межы Ноўгарадзкае краіны і аблажыў Порхаў, які быў узяты і павінен быў выплаціць 5 тысяч рублёў контрыбуцыі і тысячу рублёў за палонных. Усходняя політыка Вітаўта была неажыцьцёўлена. Адносіны да немцаў заставаліся ўвесь час напружанымі. Жмудзь, аддадзеная Ягайлай крыжаком, бязупынку паўставала. Жмудзіны, у якіх немцы адбіралі жанок, бралі заложнікаў, захаплялі рыбныя і зьвярыныя промыслы, і забаранялі гандаль з суседзьмі, — чакалі дапамогі ад Вітаўта. Літве патрэбна была Жмудзь, як дарога да мора, дзеля ўзнаўленьня спыненых гандлёвых сувязяў, але першы пэрыод вайны закончыўся няўдачна. Паводле ўмовы з немцамі 1404 году Жмудзь заставалася за імі. Паўстаньні ў Жмудзі ня спыняліся. Вітаўт насупроць сваіх абяцаньняў увесь час дапамагаў гэроічным жмудзінам. Вялікі магістар Ульрых фон-Юнгінгэн адзначаўся вялікай ваяўнічасьцю і рыхтаваўся даць ліцьвінам рашучы бой. Да 1409 году Вітаўт стараўся ўхіляцца стычак з Законам. Згода з Маскоўскім вялікім князем дазволіла Вітаўту распачаць больш сьмелыя крокі. 8 ліпеня 1410 году пад асабістым верхаводзтвам Ягайлы і Вітаўта ўтаргнулася ў Прусію іх войска. Рашучая бойка адбылася пад Грунвальдам (Таннэнбэрг), у якой Закон быў разьбіты нашчэнт. У часе бітвы быў забіты сам Вялікі Магістар. Беларускія палкі, асабліва смальняне, былі прычынай удачы гэтае бітвы. Закон атрымаў пад Грунвальдам рашучы ўдар. Торунскі мір 1 лютага 1411 г. перадаваў Жмудзь Літве і абавязваў Закон выкупіць палонных сумаю ў сто тысяч коп богэмскіх грошай. У 1422 годзе ваенныя дзеяньні распачаліся нанова, але закончыліся поўнай няўдачай для немцаў. Мір у Велуне, завязаны ў маю 1423 году, быў нявыгадным для Закону.

Гарадэльсная вунія. Перамога літоўска-беларускага войска пад Грунвальдам падняла політычнае значэньне Вітаўта, які пачаў старацца, каб вызваліцца ад Польшчы. Каб перашкодзіць гэтаму, палякі павінны былі пайсьці на ўступкі ў нацыянальна-політычных адносінах, і здаволіць вымаганьні Вітаўта і мясцовага баярства. Увосень 1413 году ў Гародле на З. Бугу быў падпісаны новы унітарны трактат, які цалкам зьмяняў умовы першых трох вуній. Прысутнасьць на зьезьдзе літоўскага баярства і ваенна-служылае клясы падкрэсьлівала важнасьць політычнага моманту. Новая вунія давала Літве права на самастойны дзяржаўны ўклад. Літва будзе мець свайго асобнага гаспадара, які знаходзіцца ў васальных адносінах да Польшчы. Аднак літоўскае магнацтва абавязвалася не выбіраць нікога гаспадаром, апрача таго, каго ім дасьць Ягайла за нарадай польскіх і літоўскіх прэлатаў і баяр. У свой чарод, у выпадку калі-б дынастыя Ягайлы перарвалася, новы кароль выбіраецца з ведама і ўдзелу Вітаўта, баяр і шляхты княства. Гарадэльская вунія — вялікая політычная перамога літоўскіх нацыяналістых, якія аднак не маглі здаволіцца гэтай перамогай і яўна імкнуліся да поўнага разарваньня з Польшчай.

Проэкт каранацыі. Барацьба з немцамі падняла аўтарытэт вялікага князя Вітаўта. Дабіўшыся ад палякаў новае больш выгоднае для Літвы ўмовы з Польшчай, літоўскае баярства і Вітаўт усёткі яўна імкнуліся да поўнага аддзяленьня ад Польшчы і пастанавілі каранаваць Вітаўта каралеўскай каронай. Каранацыя была назначана ў Луцку на лета 1429 году. Палякі, жадаючы перашкодзіць плянам Вітаўта, прапанавалі яму польскую карону, бо Ягайла згаджаўся адмовіцца ад трону. Аднак каранацыя не адбылася. У 1430 годзе Вітаўт памёр. У момант сьмерці Вітаўта Літоўска-Беларуская дзяржава была фактычна незалежнай ад Польшчы.

Соцыяльна-політычныя скуткі вуніі. Адным з політычншх скуткаў апошняй вуніі было ўстанаўленьне выбіральнасьці вялікакняскай улады. Вуніі спрыяла тое, што на Літву пачала пранікаць польская шляхецкая культура ў выглядзе шляхецкіх прывілеяў 1387—1413 г. г., паводле якіх баярства, прыняўшае каталіцызм, атрымлівала вельмі важныя індывідуальныя правы і вольнасьці. Умацаваньне літоўскае арыстакратыі выклікала опозыцыйны рух з боку беларускіх і ўкраінскіх земляўласьнікаў; гэты рух меў вялікае значэньне для політычных зносін паасобных краін.
Б). Нацыянальна-політычная барацьба ў XV ст. і лёс вуніі.

Барацьба культур і нацыянальнасьцей. Вунія з Польшчай спрыяла пранікненьню на тэрыторыю княства польскае культуры. Апошняя стыкнулася з культурай беларускай. Распачалася барацьба дзьвёх культур, прычым станавілася відавочным, што вялікакняская ўлада становіцца на сторану польскае культуры. Да барацьбы культур трэба далучыць і барацьбу нацыянальную. У Літоўска-Беларускай дзяржаве, у якой пануючай нацыянальнасьцю была літоўская, большая часьць насяленьня была беларускае нацыянальнасьці. Тымчасам прывілеі, наданыя літоўскім баярам у 1387—1413 г. г. ня былі распаўсюджаны на беларускіх і ўкраінскіх земляўласьнікаў, а гэта выклікала з боку апошніх зусім справядлівае нездаваленьне. Распараджэньне аб тым, каб ліцьвіны прымусова прымалі каталіцкую веру, пацягнула за сабою забарону ўступаць у шлюб з рускімі. Беларуская або ўкраінская жанчына, якая выходзіла замуж за ліцьвіна католіка, пад пагрозай цялесных кар павінна была прыняць каталіцызм.

Політычныя партыі. На нацыянальна-культурным грунце ў асяродзьдзі літоўскіх і беларуска-ўкраінскіх земляўласьнікаў ўтварылася дзьве партыі — літоўска-беларуска-ўкраінская і літоўска-польская, паміж якімі ў хуткім часе павінна была распачацца барацьба. Па сьмерці бязьдзетнага Вітаўта, Літоўска-Беларускі вялікакняскі пасад заставаўся вакантным. Палякі, забыўшы аб вуніі 1413 году, хацелі забраць вялікае княжэньне ў свае рукі, а гэта пацягнула-б за сабою тое, што вялікае княства ўтраціла-б дзяржаўную самастойнасьць. Літоўскае баярства стаяла на сваім ранейшым політычным поглядзе і з мэтай абароны самастойнасьці княства старалася зблізіцца з беларускімі і ўкраінскімі князьмі і баярамі. Абодва бакі сабраліся на зьезд і насупроць вуніі 1413 году выбралі брата Ягайлы—Сьвідрыгайла вялікім князем. Сьвідрыгайла ў гэты час княжыў у Бранску і Ноўгарад-Северску і быў перакананым праціўнікам вуніі. З гэтага пункту погляду Сьвідрыгайла быў пажаданым і для літвінаў. Беларуска-ўкраінскія земляўласьнікі бачылі ў новым вялікім князі прадстаўніка сваіх нацыянальных інтарэсаў і з гэтае прычыны яго падтрымлівалі. Пагаджэньне на асобе Сьвідрагайлы не пагадзіла аднак літоўскай і беларуска-ўкраінскай нацыянальнасьцей. Ліцьвіны хацелі захаваць пры новым вялікім князі сваё пануючае становішча. Палякі павінны былі пагадзіцца з актам абраньня Сьвідрыгайлы вялікім князем.

Разарваньне саюзу паміж ліцьвінамі з аднаго боку і беларусамі і ўкраінцамі з другога. Саюз літоўскіх і ўкраінскіх земляўласьнікаў быў нятрывалым. Ліцьвінам не падабалася тая перавага, якую новы вялікі князь удзяляў беларуска-ўкраінскай арыстакратыі. Польскае духавенства баялася ўмацаваньня беларуска-ўкраінскага элемэнту, варожага да каталіцызму. Сьвідрыгайла ўсе пасады і ўрады пачаў раздаваць беларусам і ўкраінцам. Літоўскія баяры спалохаліся ўмацаваньня беларускае нацыянальнасьці і ўтраты свайго палітычнага ўплыву. Гэта папхнула іх на збліжэньне з палякамі, якія стараліся ўзнавіць вунію і забраць у свае рукі Валыншчыну і Падольле, дзеля таго што Сьвідрыгайла не хацеў пушчаць у Падольскія і Валынскія гарады польскіх намесьнікаў. Распачатая барацьба была спачатку выгодна для Сьвідрыгайлы.

Абраньне Жыгімонта Кейстутавіча. Каб аслабіць беларуска-ўкраінскі элемэнт, ліцьвінам прышлося пайсьці на дзяржаўны пераварот, запрапанованы палякамі. Была зроблена змова, каб захапіць Сьвідрыгайлу. Кіраўніком змовы быў кандыдат літоўска-польскай партыі — Жыгімонт Кейстутавіч. Змова не ўдалася. Змоўнікам удалося затрымаць у Ашмянах толькі сям’ю Сьвідрыгайлы. Сам-жа Сьвідрыгайла знайшоў сабе прытулак у Полацку. Жыгімонт Кейстутавіч быў абвешчан вялікім князем, а літоўскія дзеячы павінны былі пайсьці на ўступкі палякам і згадзіцца на аднаўленьне вуніі.

Вунія 1432 г. Прапануючы ліцьвінам вунію, палякі мелі на ўвазе складзеную політычную коньюнктуру і запрапанавалі ліцьвінам вунію ў духу вуніі 1401 году. Жыгімонт прызнаваўся дажывотным сукіраўнічым Ягайлы, да якога пераходзіць вялікае княства пасьля сьмерці Жыгімонта. Насьледнікі Жыгімонта атрымлівалі толькі свае айчынныя ўладаньні. Падольле ўступалася Польшчы. Далучэньне Валыні ставілася ў залежнасьць ад сьмерці Жыгімонта. Вунія 1432 г. зьяўляецца поўнай капітуляцыяй ліцьвінаў перад палякамі. Уся папярэдняя барацьба літоўскіх сэпэратыстых была закасована адным махам.

Грамадзянская барацьба. Існаваньне дзьвюх політычных партый пры двох гаспадарох выклікала грамадзянскую вайну. Жыгімонт К. пачаў шукаць прыхільнікаў паміж беларускага элемэнту. У дзень завязаньня вуніі 15 жнівеня 1432 году Сьвідрыгайла і Ягайла апублікавалі прывілей, які пашыраў правы і вольнасьці літоўскай шляхты і на беларускую арыстократыю і баярства. Прывілей меў вузкае тэрытарыяльнае значэньне і не пашыраў свайго ўплыву на Полацкую, Віцебскую, Смаленскую, Чарнігава-Северскую, Кіеўскую землі, Валыншчыну і Падольле. Беларускага-ўкраінскія магнаты засталіся вернымі Сьвідрыгайле. Буйныя магнаты Літвы і Жмудзі і дробная ваенна-служылая кляса Падляшша, ацаніўшы польскія прывілеі, сталі на сторану Жыгімонта. Перавага ў бойках была на баку Сьвідрыгайлы. Спачатку ваенныя дзеяньні былі ўдачны для Сьвідрыгайлы. Нават літоўскія магнаты пачалі вагацца ў сваёй вернасьці Жыгімонту. Каб выратаваць сваю політыку, Жыгімонт К. апублікаваў 6-га мая 1434 году новы прывілей, які надаваў Літве і літоўскай Беларусі новыя правы і вольнасьці. Гэта ўтрымлівала літоўска-беларускіх магнатаў на баку Жыгімонта. Беларуска-ўкраінскі элемэнт з працягам часу ахаладзеў да свайго верхаводцы. Сьвідрыгайла шукаў дапамогі ў немцаў, крымскіх татар, рымскага папы, якому абяцаў падчыніць праваслаўную царкву. Спаленьне ў 1431 годзе мітрапаліта Гарасіма ў Віцебску, западозранага ў здрадзе, гэтак сама мела ўплыў на адносіны да Сьвідрыгайлы беларускіх магнатаў і земляўласьнікаў. А пасьля таго, як Сьвідрыгайла быў разьбіты пад Вілкомірам у 1435 годзе, ад яго адпала ўся Беларусь. Яму заставаліся покуль-што вернымі ўкраінскія землі. Разумеючы сваё цяжкае становішча, Сьвідрыгайла ў 1437 годзе зьявіўся ў Кракаў і запрапанаваў стаць палоньнікам Польшчы з усімі сваімі падданымі, замкамі, местамі і сёламі. Па сьмерці Сьвідрыгайлы айчына і усе ўладаньні яго павінны былі перайсьці да Польшчы. Палякі не прынялі гэтай прапазыцыі, бо мелі Валыншчыну і Падольле ў сваіх руках паводле дагавору з Жыгімонтам. У 1439 годзе Сьвідрыгайла быў зноў разьбіты і яму прышлося ўцякаць у Малдавію. Украінскія землі прызналі вялікага князя Жыгімонта. Грамадзянская вайна спынілася.

Разарваньне паміж літвінамі і палякамі. Няўдача Сьвідрыгайлы і поўная перамога літоўскага нацыянальнага элемэнту рабілі непатрэбнай вунію з Польшчай. Сам Жыгімонт К. быў лішнім. Магнаты яго ненавідзелі, як спадручнага Польшы і як кіраўніка, які стараўся ў сваёй політыцы апірацца на дробную шляхту. Літоўскія магнаты не маглі дараваць свайму вялікаму князю зробленых ім буйных тэрытарыяльных уступак і зрабілі супроць яго змову, у рэзультаце якой Жыгімонт Кейстутавіч быў забіты. Перад літоўскімі магнатамі адчыняўся новы шлях у справе барацьбы за аўтаномію і за адабраньне аддадзеных Польшчы ўкраінскіх зямель.
В). Літва і краіны ў XV ст.

Політыка магнацтва. Паміж магнатамі-змоўнікамі ня было еднасьці адносна найбольш пажаданага кандыдата на вялікакняскі пасад. Адны былі згодны прызнаць Сьвідрыгайлу, іншыя высоўвалі кандыдатуру Міхайлы — сына забітага Жыгімонта. Былі і такія, якія высоўвалі кандыдатуру Ўладыслава Трэцяга. Найбольш значная аднак партыя падтрымлівала кандыдатуру малалетняга сына Ягайлы — Казіміра, якому было толькі 13 год. Для магнатаў гэта кандыдатура была найбольш даспадобы. У выпадку абраньня Казіміра на вялікакняскі пасад,. вунія з Польшчай была-бы разорвана, а магнаты, апынуўшыся ля ўлады, маглі-бы надаць політыцы ўраду пажаданы для сябе кірунак. Да караля Ўладыслава было послана ўрачыстае пасольства, але польскі кароль згаджаўся паслаць брата ў Літву толькі намесьнікам, апіраючыся ў гэтым на ўмовы вуніі 1432 году. Калі Казімір прыбыў у Літву, то яго імя аб’ядняла ўсё літоўскае магнацтва, якое абвясьціла Казіміра вялікім князем літоўскім (1440). Вунія была разорвана. Палякі адмовіліся прызнаць за Казімірам вялікакняскі тытул. Ліцьвіны з гэтым зусім ня лічыліся.

Літва і Беларуска-Ўкраінскія землі. Політыка літоўскага магнацтва не выклікала спачуваньня паміж магнатамі беларускімі і ўкраінскімі, якія ня прымалі ўдзелу ў абраньні вялікага князя. Гэта выклікала ў украінскіх і беларускіх краінах нездаволеньне, якое пагражала распадам дзяржавы. Опозыйцыйны рух быў менш небясьпечным, чымся пры Сьвідрыгайле. Кожная краіна дзейнічала самастойна, і літоўскаму ўраду зусім лёгка было супакоіць паўстаўшая землі. Перш за ўсё распачалося паўстаньне ў Смаленску. Мясцовыя чорныя людзі, сабраўшыся на вечы, прымусілі літоўскага намесьніка — пана Андрэя Саковіча ўцякаць у Літву. Многа баяр было забіта. Веча заклікала да сябе гаспадаром Мсьціслаўскага князя Юр‘я Лінгвеньневіча, які прытрымліваўся дэмократычнае політыкі і тэрорызаваў смаленскіх баяр, садзячы іх у вастрогі і раздаючы іх маёнткі сваім мсьціслаўскім баярам. Гэткая політыка князя Юр’я выклікала супроць яго моцную опозыцыю ў самым Смаленску. Літоўскі вялікі князь пайшоў на ўсьмірэньне Смаленску. Першы паход закончыўся няўдачна. У часе другога паходу князь Юры ўцёк у Ноўгарад-Вялікі адкуль з часам зноў вярнуўся ў свой родны Мсьціслаўль. Далучыўшы Смаленск, вялікі князь Казімір пасьпяшыў цясьней прывязаць Смаленскую зямлю да ўласна Літвы, выдаўшы ёй пацьвярджальны прывілей на правы і вольнасьці, наданыя Вітаўтам (1442). Крыху пазьней (1451) атрымалі гэткія-ж прывілеі Полацкая і Віцебская землі. У гэты час і распачалося паўстаньне на Жмудзі, як протэст супроць політыкі жмудзкага старасты — пана Кезгайлы. Жмудзіны прагналі свайго старасту і абралі свайго ўласнага ў асобе нейкага Доўманта. Адначасна з гэтым яны зусім адарваліся ад Літвы, прызнаючы сваім князем Міхайла Жыгімонтавіча. Паўстаньне на Жмудзі не патрабавала ўмяшаньня ваеннае сілы. На Жмудзь быў пасланы настаўнік маладога вялікага князя — Ян Гаштольд, які ўмела ўгаварыў Жмудзінаў прызнаць уладу вялікага князя літоўскага. З свайго боку Казімір быў прымушаны даць Жмудзкай зямлі пацьвярджальны краінны прывілей. І Падляская зямля гэтак сама адпала ад Літвы. Яе стараста паддаўся пад уладу Баляслава Мазавецкага, але з Баляславам была зроблена ўмова, паводле якой ён адступаў Літве Падляшша за шэсьць тысяч коп рускіх грошай. І Ўкраінскія землі праявілі сэпаратызм. Калі ўцёкшы ў Маскву Міхайла Жыгімонтавіч вярнуўся адтуль і з войскам падступіў да Кіева, то кіяўляне здаліся. Аднак адпаўшая зямля была хутка зьвернута пад уладу вялікага князя. Казімір пасьпяшыў даць Кіеўскай зямлі асобнага князя – Алелька, сына Ўладзіміра Ольгэрдавіча. Алелька памёр у 1445 годзе. Насьледнікам быў яго сын Сымон, па сьмерці якога (1471) ўдзельнае княжаньне было заменена намесьніцтвам у асобе літоўскага пана М. Гаштольда. Тады-ж Кіеўская зямля атрымала ад вялікага князя пацьвярджальны краінны прывілей. Валынская зямля і усходняе Падольле мелі асобнага князя—Сьвідрыгайлу, прызнаўшага сувэрэнітэт свайго пляменьніка і атрымаўшага ад вялікага князя Валынскую зямлю ў дажывотнае ўладаньне. Па сьмерці Сьвідрыгайлы, Валыншчына паводле тастамэнту Сьвідрыгайлы перайшла да Казіміра, які выдаў валынскай зямлі ў 1452 годзе краінны прывілей. Шляхам пацьвярджэньня мясцовай аўтономіі, Казіміру ўдалося аб’яднаць раскіданую Літоўска-Беларускую дзяржаву.

Г). Літоўска-Беларуская дзяржава ў барацьбе супроць вуніі.

Часы Казіміра (1440-1492) і Аляксандра (1492-1506).

Абраньне Казіміра на польскі трон. Спачатку палякі не падымалі пытаньня аб вуніі. Літва і Польшча жылі самастойным паасобным палітычным жыцьцём. У 1444 годзе польскі кароль Уладыслаў ІІІ загінуў у бойцы з туркамі пад Варнай. Палякі на Серадзкім сойме абралі (1445) Казіміра польскім каралём і спадзяваліся актам абраньня вярнуць назад украінскія землі і аднавіць ранейшыя унітарныя адносны. На прапазыцыю палякаў літоўскія магнаты адказалі адмовай; але калі палякі пачалі высоўваць кандыдатуру Баляслава Мазавецкага, то магнаты пасьпяшылі згадзіцца на абраньне Казіміра польскім каралём, але не давалі згоды на вунію, заснованую на старых трактатах. Літоўскія паны баранілі незачэпнасьць дзяржаўнай тэрыторыі і самастойнасьць дзяржаўнага ладу. Пасьля перагавораў ліцьвіны далі сваю згоду і вялікі князь Казімір адправіўся у Кракаў для каранацыі, якая адбылася 24-га ліпеня 1447 году. Перад гэтым магнаты ўзялі ад вялікага князя Казіміра запіс, у якім ён прызнаваў толькі абаронны саюз паміж Польшчай і Літвой, а Валыншчына і Падольле лічыў літоўскімі землямі. Адпраўляючыся на каранацыю ў Кракаў, Казімір 2-га мая 1447 году выдаў прывілей, які пашыраўся на ўсе землі. Гэтым самым прывілеі 1387—1434 г. распаўсюджваліся і на беларуска-ўкраінскую шляхту, але захоўвалі некаторыя абмежавальныя артыкулы рэлігійнага характару, паводле якіх права займаць вышэйшыя ўрады прыналежала толькі католікам. У гэтым-жа прывілеі Казімір даваў абяцаньне трымаць Літоўскае княства ў тых граніцах, у якіх яно было пры Вітаўце, а гэтак сама і абараняць яго. Ня гледзячы на абраньне Казіміра польскім каралём, юрыдычныя адносіны паміж Літвой і Польшчай аставаліся ўвесь час нявызначанымі.

Пытаньне аб Украінскіх землях. На першым сойме ў Петракове 24-га жнівеня 1447 г. палякі запатрабавалі ад Казіміра прысягі на аб‘яднаньне Літвы з Польшчай і на далучэньне Валыншчыны і Падольля да Польшчы. Казімір і літоўскія магнаты не згадзіліся на гэта. На Люблінскім сойме ў маі 1448 году палякі паднімалі зноў бясскутэчна гэтыя пытаньні. На сойме ў Серадзе 24 жніўня 1452 году, калі літоўска-беларускае магнацтва выехала, палякі запатрабавалі ад Казіміра прысягі на аб’яднаньне Літвы з Польшчай і на далучэньне Валыншчыны і Падольля да Польшчы. Казімір быў прымушаны даць сваю згоду, але прасіў адлажыць прысягу на адзін год з тае прычыны, што канечна трэба прыняць перасьцярожныя крокі для забесьпячаньня сваёй уласнай асобы. 3-га чэрвеня 1453 году адбыўся сойм у Парчэве. Літоўска-беларускія магнаты адмовіліся прыехаць і спыніліся ў Бярэсьці і толькі на просьбу самога караля згадзіліся прыехаць. Сойм быў адложаны на 24 чэрвеня і адбыўся ў Петракове. Былі прысутны толькі адны палякі, якім удалося прымусіць караля прынесьці прысягу, хаця ўмовы вуніі заставаліся нявызначанымі.

Літоўска-беларуская опозыцыя. Каралеўская прысяга выклікала незвычайнае абурэньне паміж літоўска-беларускіх вяльмож. На чале руху стаяў Ян Гаштольд, быўшы выхаваўца караля. Магнаты мелі на ўвазе ўнутраныя непарадкі ў Польшчы і войны з нямецкім Законам і дзеля гэтага спадзяваліся, што задуманая барацьба супроць вуніі дасьць пажаданыя рэзультаты. Асабісты прыезд Казіміра ў Вільню супакоіў абураных ліцьвінаў. Настала часовае спакойства. Калі-ж каралеўскія абяцаньні былі нявыпаўнены, то магнаты на чале з тым-жа Гаштольдам зрабілі змову на жыцьцё караля. Магнаты мелі намер пасадзіць на вялікакняскі пасад кіеўскага князя Сымона Алелькавіча. Сьмерць Яна Гаштольда (1462) не дазволіла зьдзейсьніцца гэтай змове. На соймах у Бярэсьці і ў Вільні (1461—1462) вялікаму князю Казіміру было запрапанована вярнуць Літве Валыншчыну і Падольле і адмовіцца ад польскага трону. Гэтыя самыя запатрабаваньні былі запрапанованы Казіміру на зьездах у Петракове (17-га мая 1463 г.) і ў Парчэве (15 кастрычніка). Нарэшце магнацтва, нездаволенае з вуніі, хацела мець для Літвы асобнага князя ў асобе аднаго з сыноў Казіміра; аднак кароль ня даў на гэта сваёй згоды.

Змова ўкраінскіх князёў. Прывілей 2-га мая 1447 году пагадзіў беларуска-ўкраінскую шляхту з політыкай Казіміра. Але быўшыя ўдзельныя князі прынялі моцна варожую позыцыю. Зьністажэньне ўдзелаў і захаваньне ў прывілеі 1447 году конфэсыянальнага артыкулу прымушалі тытулованую арыстакратыю адмоўна адносіцца да політыкі Казіміра. Яна выклікала опозыцыйны рух паміж украінскіх князёў, на чале якіх стаў брат апошняга Кіеўскага князя — Міхайла Алелькавіч. Змоўнікі мелі намер захапіць вялікакняскі пасад і перадаць яго аднаму з украінскіх князёў. Аднак змова была выкрыта. Міхайла Алелькавіч і Альшанскі князь былі публічна пакараны сьмерцю на пляцы ў Кіеве. Князь Тодар Іванавіч Бельскі ўцёк у Маскву, на дапамогу якой змоўнікі мелі надзею. Удзельныя князі падтрымлівалі сувязь з Масквой, апіраючыся на якую яны спадзяваліся захаваць свае княжэньні (1381).

Лёсы вуніі па сьмерці Казіміра. Па сьмерці Казіміра (1492) унітарныя адносіны Літвы з Польшчай былі зноў разорваны. Ліцьвіны абралі на пасад яго сына Аляксандра; а палякі — яго брата — Альбрэхта. Абраньне на пасад Аляксандра было падмацована апублікаваньнем прывілею, які пацьвярджаў наданыя раней правы і вольнасьці. Гэты прывілей замацоўваў за магнатамі тое рашучае становішча, якое яны займалі, дзякуючы частым ад’ездам Казіміра ў Польшчу, у сфэры дзяржаўнага будаўніцтва. Прывілей 1492 году істотна абмежаваў уладу вялікага князя, дазваляючы “гаспадарскай радзе” актыўны ўдзел у замежнай і ўнутранай політыцы ўраду. Абраньне на пасад вялікага князя Аляксандра і атрыманьне магнатамі як-бы “арыстакратычнай констытуцыі” было вялікай перамогай з боку магнатаў — прыхільнікаў дзяржаўнае незалежнасьці літоўска-баярскага княства. Аднак распачатая вайна з Масквой прымусіла зьвярнуцца да палякаў за дапамогай. Была падпісана новая унітарная ўмова (1499); пры гэтым новая вунія прызнавала за ліцьвінамі права на самастойны дзяржаўны лад. Літва станавілася да Польшчы ў тыя самыя праўныя адносіны, у якіх яна павінна была знаходзіцца паводле унітарных умоў 1413 і 1432 г. г.

Вунія 1501 году. У часе ваенных дзеяньняў з Масквой памёр кароль Альбрэхт. Ліцьвіны паднялі пытаньне а запрашэньні вялікага князя Аляксандра на польскі трон. Палякі выкарысталі цяжкае становішча ліцьвінаў і запрапанавалі новыя вельмі цяжкія для ліцьвінаў умовы вуніі. Паводле вуніі Літва і Польшча злучаюцца ў адну дзяржаву з адным каралём, абраным на агульным польска-літоўскім сойме, з аднэю монэтаю, але рознымі судамі і пасадамі. Вунія 1501 году прызнавала абавязальную сілу за ранейшымі ўмовамі і абавязвала абедзьве дзяржавы быць неразлучнымі як у шчасьці так і ў няшчасьці. Умовы вуніі, завязанай у Мельніку, былі для літоўскай арыстакратыі страшэнна нявыгаднымі, але ліцьвіны былі прымушаны яе падпісаць. Ліцьвіны мала выйгралі ад вуніі. Палякі слаба памагалі ліцьвінам у іх барацьбе з Масквой. Вунія фактычна ня была ажыцьцёўлена. У 1506 гадзе памёр вялікі янязь Аляксандар. Ліцьвіны адмовіліся ехаць на агульны літоўска-польскі сойм, а на ўласным сойме “едностойною волею” абралі вялікага князя Жыгімонта (1506—1517), брата нябожчыка вялікага князя. Палякі моўчкі зрабілі тое самае ў сябе._ Пытаньне аб вуніі пакуль-што не паднімалася, хаця адна з умоў вуніі 1501 г. была ажыцьцёўлена: Літва і Польшча мелі аднаго караля.

Д). Замежная політыка Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XV і першай палове XVI сталецьця.

Літва і Масква. Адначасна з утварэньнем Літоўска-Беларускае Дзяржавы ўтваралася і ўмацоўвалася Маскоўская дзяржава, якая вырасла з маленькага ўдзельнага княства і займала вельмі выгоднае геаграфічнае палажэньне. Маскоўскае княства павялічвалася гэтак-жа шпарка, як і суседняе з ім Літоўска-Беларускае княства. Масква ў канцы XV ст. аб’яднала вакол сябе ўсю Вялікаросію. Падлегласьць Маскве паасобных краін замацоўвалася прызнаньнем з боку насяленьня маскоўскае адміністрацыі. Вярхі грамадзянства, якія не асабліва імкнуліся ўзалежніць сябе ад Масквы і баранілі сваю фэодальную самастойнасьць, часта пазбаўляліся сваёй маёмасьці і прымушаліся высяляцца на тэрыторыю Маскоўскае дзяржавы. Маскоўскае княства будавалася на прынцыпе цэнтралізацыі, гэта значна на прынцыпе процілежным таму, на якім будавалася Літоўска-Беларуская дзяржава.

Масква і літоўска-беларускія князі. Суседзтва Літвы з сільнай Масквой спрыяла політычным плянам літоўска-беларускіх князёў. Яны шукалі ў маскоўскага князя дапамогі і знаходзілі ў Маскве ласкавы прыём, атрымлівалі там зямельныя фундацыі. Тое, што літоўска-беларускія князі зьвярталіся за дапамогаю да Масквы, давала повад Маскоўскаму вялікаму князю ўмешвацца у ўнутраныя адносіны Літоўска-Беларускай дзяржавы. Пабочны ўдзел Масквы у ўмове князёў 1481 году не падлягае сумненьню. Падтрымліваючы ўдзельных князёў і ўмешваючыся ва ўнутраныя справы княства нібы-то з мэтай абароны рускай нацыянальнасьці і праваслаўнай веры, Масква ўвесь час шукала поваду, каб захапіць беларускія краіны, праз якія ішоў гандлёвы шлях да Бальтыцкага мора, гэтак канечна патрэбнага для Масквы. Працяжная барацьба Масквы з Літвою за Беларусь – гэта барацьба за берагі Бальтыцкага мора. Літоуска-беларускія князі спадзяваліся ў саюзе з Масквой захаваць свае ўдзельныя княжаньні. З гэтай мэтай яны паддаваліся пад уладу Масквы. Князі Баратынскія, Вяземскія, Белеўскія, Мезецкія ў пэрыод 1487—1493 здрадзілі Літве, перайшоўшы на старану Масквы, якая з гэтага моманту глядзела на ўладаньні паддаўшыхся ёй князёў, як на айчыну маскоўскага князя.

Літва і фэодальныя князі ў Велікаросіі. Рост Маскоўскага княства прычыніўся да загубы фэодальна-ўдзельнага ладу. Гандлёвая арыстократыя Ноўгараду і ўдзельныя князі шукалі ў Літве дапамогі супроць цэнтралістычнае політыкі Маскоўскага князя. Панёсшыя няўдачу ў сваіх плянах, удзельныя князі знаходзілі сабе прытул пры двары вялікага князя, які ласкава спатыкаў усіх уцекачоў і падзяляў іх зямельнымі фундацыямі. Асабліва значным быў пацяг на Літву з боку ўдзельных князёў ў эпоху тэрору Івана IV.

Літва і Ноўгарад. Паміж Ноўгарадам і Літвой былі даўнейшыя гандлёвыя сувязі. Літоўска-беларускае купецтва старалася праз Ноўгарад падтрымліваць беспасярэднія гандлёвыя зносіны з нямецкімі купцамі, памінаючы Закон, які займаў вусьце Нёману і З. Дзьвіны. Літоўскія вялікія князі не маглі дапусьціць залежнасьці Ноўгараду ад Масквы і ня раз прабавалі захапіць яго. У 1444 годзе вялікі князь Казімір пра¬баваў заняць Ноўгарад. Васіль Васілевіч зьвярнуўся за дапамогай да татар, якія спустошылі Смаленскую зямлю. Казімір быў прымушаны выйсьці з Ноўгарадзе зямлі. Паходы на Ноўгарад Васіля Цёмнага (1441—1456), у часе якіх на Ноўгарад накладвалася значная контрыбуцыя, прымусілі ноўгарадцаў зьвярнуцца за дапамогай да Літвы. У 1457 годзе былі пасланы ў Кракаў паслы для перагавораў а падданстве. Цэнтралістычная аб'яднаўчая політыка Івана ІІІ (1462—1505) прымусіла ноўгарадзкую арыстократыю зьвярнуцца за дапамогай да Літвы. На гэты раз умова адбылася. Вялікі князь абяцаў бараніць ноўгарадцаў ад маскоўскага князя, а Ноўгарад далучаў да Літвы. Яму была пакінута ўнутраная аўтаномія і незачэпнасьць праваслаўнае веры. Вялікакняскі намесьнік павінен быў быць праваслаўным. У Ноўгарадзкай зямлі забараняецца будаваць касьцёлы і прымушаць прымаць каталіцызм. Казімір паслаў у Ноўгарад намесьнікам Міхайла Алелькавіча, будучага ўдзельніка змовы 1481 г. Саюз Літвы і Ноўгараду ня даў апошняму пажаданых рэзультатаў. Літва не магла даць ніякай рэальнай дапамогі ў барацьбе Ноўгараду з Масквою. Гэты саюз толькі прысьпяшыў захват Ноўгараду Маскоўскім князем (1470).

Літва і Масква. Літоўскія князі з таго моманту, як распачаўся рост Маскоўскага княства, адносіліся да яго з пэўным падазрэньнем. Казімір у далейшым цягу праводзіў політыку Ягайлы і Вітаўта. Рост Масквы быў занадта небясьпечным для Літоўскага Вялікага Княства і пагражаў еднасьці і цэласьці дзяржавы. Ужо ў 1445 годзе Казімір пасьля няўдачнага Ноўгарадзкага паходу адправіўся на Маскву. У бітве з маскоўскім войскам Казімір быў разьбіты і павінен быў вярнуцца дамоў. У 1449 годзе абодва суседы завязалі мірную умову і абавязаліся мець супольных ворагаў і прыяцеляў і жыць у згодзе. Абодва бакі ня выпаўнілі гэтае ўмовы. Сілы Масквы і Літвы покуль што ўраўнаважваліся. Іван ІІІ да самой сьмерці Казіміра не распачынаў ванны супроць Літвы. Аднак пытаньне а Беларусі становіцца чарговым пытаньнем замежнай політыкі Масквы з часоў Івана ІІІ. Масква пачынае выяўляць прэтэнзіяй на Кіеў, Полацк, Віцебск, як на “айчыны прабацькоў”. Гэта нацыяналістычная ідэялёгія будавалася на матар’яльным фундамэнце. Маскве патрэбны былі гандлёвыя шляхі на захад. Гэта выклікала барацьбу паміж Масквой і Літвой. Іван ІІІ ў саюзе з крымскім ханам Менглі-Гірэем напаў на Літву (1493). Былі захоплены гарады: Мцэнск, Хлепня і Рагачоў. У 1491 годзе былі захоплены Вязьма, Дарагабуж. Літва была прымушана пайсьці на згоду з Масквой. Паводле дагавору да Масквы адыходзілі ўладаньні пагранічных Чарнігава-Северскіх князёў: Новасільскіх, Адоеўскіх, Варатынскіх, Вяземскіх, Пярэмышльскіх, Белеўскіх. Каб утрываліць мір, дачка Івана ІІІ павінна была выйсьці замуж за вялікага князя Аляксандра, але гэта не наладжвала дабрасуседзкіх адносін; хутчэй наадварот, гэта давала повад умяшаньня ў унутраныя справы з прычыны ні-бы то прымушаньня вялікай княгіні Галены да каталіцызму, хаця ў рэчавістасьці гэткага прымусу ня было. Апрача гэтага ліцьвіны не прызнавалі новага тытулу вялікага князя “Всея Русі”.

Другая вайна (1501—1504). У 1500 годзе перайшлі на службу ў Маскву шэраг князёў—патомкаў выхадцаў з Масквы. Гэта былі: князь Сымон Іванавіч Бельскі, князь В. І. Шамячыч, князь С. І. Мажайскі, якія паддаліся з гарадамі: Рыльскам, Ноўгарад-Северскам, Чарнігавам, Старадубам, Гомелем, Любечам. Уся Чарнігава-Северская зямля паддалася Маскве. Распачынаецца вайна. Казанскія татары былі на баку Масквы. Войска заняло Серпейск, Мцэнск, Масальск, Бранск. 14-га ліпеня літоўскае войска на рэчцы Ведрошы каля Дарагабужу пад верхаводзтвам князя Астрожскага было ўшчэнт разьбіта, а 14-га лістапада была разьбіта пад Мсьціслаўлем другая армія літоўская. Нарэшце Менглі-Гірэй утаргнуўся ў межы Вялікага Княства з поўдня. Тагды магістар Лівонскага Закону Плетэнбэрг, баючыся найсьця маскоўскіх войск, завязаў саюз з Літвой. Але гэта не палепшыла замежнага становішча Літвы. І Польшча, насупроць умовы 1501 году, недавала ніякай дапамогі. Пры такіх умовах Літва была прымушана завязаць мір з Масквой (25-га сакавіка 1503 г.) Масква атрымала тэрыторыю верхняй Акі і часьць Чарнігава-Северскай зямлі з гарадамі: Чарнігаў, Старадуб, Пуціўль. Рыльск, Ноўгарад-Северск, Гомель і інш. Ад Смаленскай і Віцебскай земляў былі адцягнуты Дарагабуж, Белы, Тарапец. Усяго адыйшло 19 гарадоў, 70 валасьцёў, 22 гарадзішчы і 13 сёл. Гэтак пачаўся падзел Беларусі.

Трэцяя вайна з Масквою (1507—1508). Калі маскоўскі пасад заняў Васіль ІІІ (1505—1533), вялікі князь Аляксандар паслаў пасольства, патрабуючы вярнуць адданыя Маскве гарады. Маскоўскі князь адказаў на гэта тым, што “он чужіх волостей не держіт, а держіт своі”. У 1506 годзе памёр вялікі князь Аляксандар. Зараз-жа Васіль ІІІ напісаў сваёй сястры Галене ліст, у якім раіў, каб яна пераканала біскупаў, радных паноў і земскіх людзей “что бы похотелі его государству служіть“, абяцаючы пры гэтым захаваць каталіцкую веру. Галена адказала, што ў Літве абіраецца Жыгімонт Казіміравіч. Новы вялікі князь, знайшоўшы сабе саюзьніка ў асобе новага крымскага хана—Менглі-Гірэя, які быў не здаволены з паходу Маскоўскага князя на казанскіх татар, гэтак сама другога саюзьніка ў асобе Лівонскага Магістра, са згоды сойму, быўшага ў Вільні, адправіў паслоў, патрабуючы каб Маскоўскі Князь вярнуў забраныя Іванам ІІІ гарады. Васіль ІІІ адказаў, што ён прымае толькі тыя “которымі его благославіл сам бог і наш покойный родітель”. Васіль выказваў пажаданьне падтрымліваць згоду з Літвой, яле так, як гэта яму будзе выгодна. Распачатыя перагаворы былі спынены і ў канцы красавіка маскоўскае войска было ў межах Літвы. Жыгімонт І памыліўся ў сваіх саюзьніках. Крым і Лівонія не падалі яму ніякай дапамогі. Васіль ІІІ знайшоў саюзьніка ў асобе князя Міхайла Васільевіча Глінскага, які займаў выдатнае месца пры двары нябожчыка князя. Глінскі стаяў на чале беларускай партыі, варожай ліцьвінам. Пры Жыгімонце І становішча яго пагоршала. Літоўская партыя зноў умацавалася. Князь Глінскі ўтраціў свой уплыў пры двары. Глінскі, выехаўшы ў свой маёнтак, распачаў перапіску з маскоўскім князем. Спадзяючыся на дапамогу апошняга, князь Глінскі падняў паўстаньне, маючы на ўвазе ўтварэньне новае Беларускае дзяржавы. Паўстаньне закончылася няўдачай. Беларуская шляхта засталася вернай Жыгімонту І. Тады Глінскі перайшоў на старану Масквы і пачаў спусташаць Літоўскія землі. Бачачы бясспрэчнасьць барацьбы, Жыгімонт І завязаў 19-га верасьня 1508 году мір з Васілём ІІІ. Масква і Літва заставаліся пры сваіх ранейшых уладаньнях.

Чацьвёртая вайна з Масквою (1512—1522). Ня гледзячы на перамір’е, абодва бакі рыхтаваліся да вайны. У 1512 годзе маскоўскае войска ўтаргаецца ў Беларусь. Цэнтрам ваенных дзеяньняў зьяўляецца Смаленск, як ключ да шляху к Бальтыцкаму мору. 30 ліпеня 1514 г. маскоўскае войска заняло Смаленск. Пасьля Смаленску былі захоплены Мсьціслаўль, Крычаў і Дуброў’е. Галоўныя ваенныя сілы Масквы пасоўваліся ў кірунку Воршы і Барысава пад верхаводзтвам Міхайлы Глінскага. Недалёка ад Воршы сустрэліся маскоўскае і літоўскае войскі. Князь Глінскі распачаў перагаворы з Жыгімонтам І і хацеў перайсьці на яго бок, але яго ўцечка не ўдалася. 8-га верасьня 1514 г. адбылася крывавая бойка. На гэты раз маскоўскае войска было разьбіта літоўскім гетманам князем К. Астрожскім. Гэта спыніла далейшы рух Масквы ў глыб Беларусі, але не магло вярнуць Літве захопленых Масквою гарадоў. Дапамога Крымскага хана Махмэт-Гірэя не дала ніякай карысьці з тае прычыны, што ён быў разьбіты недалёка ад Тулы князьмі Адоеўскім і Варатынскім. У літоўска-маскоўскія адносіны ўмяшаўся гэрманскі імпэратар Максіміліян І, які прыслаў у Маскву ў якасьці пасла Гэрбэрштэйна. Пасрэдніцтва гэта закончылася нічым з тае прычыны, што Васіль III не хацеў аддаваць Смаленску. Вайна зноў распачалася. Уся Беларусь ад Смаленску да Вільні была спустошана. Жыгімонт І зьвярнуўся ўзноў за пасрэдніцтвам да Кароля V. У 1522 годзе было завязана перамір’е на пяць год. Смаленск заставаўся за Масквою. У 1526 годзе перамір’е было працягнута яшчэ на пяць год.

Пятая вайна (1534 — 1537). У 1533 годзе па сьмерці Васілія ІІІ зноў распачалася вайна, якая цягнулася каля чатырох год. Ліцьвіны спадзяваліся выкарастаць партыйную барацьбу ў Маскве і захапіць Смаленск. Ім удалося толькі захапіць Гомель і Старадуб, але маскоўскае войска 27 лютага 1537 году разьбіла літоўскае войска каля Себежу. Жыгімонт адправіў пасольства ў Маскву. 25 сакавіка 1537 г. быў завязаны мір на пяць год. Абодва бакі засталіся ў даваенным становішчы.

Літва і татары. На паўднёвай граніцы Літоўска-Беларуская дзяржава суседзіла з татарамі. З распадам Залатой Горды і ўтварэньнем Крымскага ханства паўднёвая граніца часта пераносіла набегі з боку крымскіх татар. Асабліва цяжкімі для Літоўска-Беларускае дзяржавы былі наезды Мэнглі-Гірэя, пачынаючы з 1482 году. Апошні захапіў Кіеў і спаліў яго. Уся Ўкраіна была спустошана. Граніцы дзяржавы пасунуліся значна на поўнач. Крымскі князь быў верным саюзьнікам Івана ІІІ і ў сваіх дзеяньнях кіраваўся радай апошняга. Кіеўшчына, Валыншчына і Падольле падлягалі апусташэньням ад татар. Насяленьне разьбягалася. Мясцовасьці з надзвычай уродлівай глебай фактычна былі выкрасьлены з межаў дзяржавы. Урад ня меў сілы організаваць абарону граніц. Татары цэлымі грамадамі забіралі палонных і прадавалі іх на рынках Усходу. Рускія рабы паяўляліся нават на рынках Флярэнцыі. Каб адкупіцца ад гэтых руйнуючых наездаў, вялікі князь выплачваў хану “дані і выезды”, траціў вялікія грошы на прыём інагародных ханскіх паслоў. З 1511 г. літоўскі князь выплачвае татарам што год тры тысячы коп літоўскіх грошай. Вялікі князь стаў формальным татарскім даньнікам. Ня гледзячы на акуратную выплату дані і пры наступніку Мэнглі-Гірэя — Махмэце-Гірэю літоўска-татарскія адносіны ўвесь час заставаліся напружанымі.

Е). Нацыянальны склад Літоўска-Беларускай дзяржавы.

Беларусы і ліцьвіны. Склад насяленьня вялікага княства Літоўскага з нацыянальнага боку адзначаўся вялікай рознастайнасьцю. З далучэньнем да ўласна Літвы беларускіх і ўкраінскіх зямель, літоўская нацыянальнасьць у дзяржаве складала значную меншасьць і распылялася ў масе славянскага насяленьня. Юрыдычнае становішча абедзьвюх нацыянальнасьцей было далёка не аднолькавым. Літоўскія і беларуска-ўкраінскія земляўласьнікі аж да прывілею 2-га мая 1447 году ня былі роўнапраўны. Прывілей 1447 году ўраўняў у правох літоўскую і беларуска-ўкраінскую шляхту, але захаваў конфэсыянальны артыкул, якім істотна абмяжоўваліся політычныя правы беларуска-ўкраінскіх земляўласьнікаў.

Палякі. Палякі былі прышлай нацыянальнасьцю і ў агульнай масе насяленьня складалі мізэрную меншасьць. Найбольшай полёнізацыі падлягала Падляшша. Літоўскія нацыяналістыя баяліся эміграцыі ў Літву іншых нацыянальнасьцей і патрабавалі ад сваіх вялікіх князёў адпаведных гарантый. Артыкулы прывылеяў 1447 і 1492 г. г., увайшоўшыя ў Статут 1529 г. і забараняўшыя раздаваньне абвязкаў і зямель ня тубыльцам, былі накірованы супроць палякаў. Вельмі значны процант польскіх выходцаў давала каталіцкае духавенства.

Вялікарасійцы. Паяўленьне вялікарасійцаў у Літве зьвязана з умацаваньнем улады маскоўскіх цароў і іх супроць-фэодальнай політыкай. Пакрыўджаныя і нездаволеныя фэодалы-князі ўцякалі ў Літву і знаходзілі тут сабе прыпынак. Асабліва быў значны наплыў эмігрантаў-фэодалаў у эпоху Лівонскае вайны, калі тэрор Івана Грознага прымушаў значную колькасьць фэодальных князёў і баяр пакідаць родную зямлю. Гэтыя вялікарасійскія фэодальныя элемэнты распыляліся ў моры беларуска-ўкраінскай шляхты, падлягаючы культурнаму ўплыву апошняй. У часе Лівонскай вайны і окупацыі Беларусі асела тут значная колькасьць вялікарасійцаў, атрымаўшых зямельныя фундацыя ад Івана Грознага. З выхадам маскоўскіх войск былі прымушаны выйсьці і новыя земляўласьнікі, але пэўная часьць вялікарасійцаў усё-ж-ткі засталася.

Жыды. Жыды гэтак сама нацыянальнасьць прышлая. Паяўленьне іх у Літве трэба аднесьці да XIV ст. Жыды прышлі з Нямеччыны праз Польшчу. Галоўным рухоўнікам жыдоўскай эміграцыі зьяўляўся гандлёвы капітал, які прымушаў іх пасоўвацца на ўсход па сырыя продукты для эўропэйскага рынку. Жыды аселі перш-наперш у гарадох: Бярэсьці, Троках, Горадні. Вялікія князі, адчуваючы патрэбу ў прышлым жыдоўскім капітале, выдалі жыдоўскім грамадам прывілеі, якія вызначалі іх праўнае палажэньне ў Літоўска-Беларускай Дзяржаве. У 1388 годзе ад Вітаўта атрымалі прывілей Троцкія і Берасьцейскія жыды, а ў 1389 — Горадзенскія. Пры вялікім князі Аляксандры Казіміравічы адбыўся грандыёзны жыдоўскі пагром, які прымусіў Жыгімонта І выдаць жыдом пацьвярджальныя прывілеі ў 1507— 1514 г. г., знайшоўшыя адбітак і ў Статуце 1529 году. Жыды займалі ўпрывіліёванае становішча. Складаючы паасобны стан, выасабнены ад літоўскай і беларускай нацыянальнасьцяў, жыды мелі шэраг правоў і вольнасьцяў. Незачэпнасьць асобы жыда забесьпячаецца тым, што за забойства жыда хрысьціянін падлягае пакараньню, а яго маёмасьць конфіскуецца. У выпадку забойства жыда, калі маецца падазрэньне, а няма сьведак, гаспадар выступаў абаронцам жыда. За забойства хрысьціяніна жыд падлягае кары сьмерці. “Обліченіе” жыда в “забітіі дітяті хрістіянскіе” павінна быць даведзена шасьцю сьведкамі: трыма з хрысьціян і трыма з жыдоў. Жыды мелі права ўладаць рухомай і ня рухомай маёмасьцю, маглі свабодна наладжваць свае набажэнствы. Зборы жыдоў абаронены законам ад нападаў з боку хрысьціян. Жыды мелі права займацца гандлем бяз усякіх агранічэньняў.

Татары. Татарскі элемэнт паяўляецца ў Літве з часоў няўдачнае бойкі Вітаўта на р. Ворскле. Вялікакняскія прывілеі вызначылі праўнае і павіннасьцёвае палажэньне татар. Усе паасобныя прывілеі былі аб'яднаны ў прывілеі Жыгімонта ІІ Аўгуста (1568). Татары мелі права ўладаць зямлёю і адбываць ваенную службу, ня мелі права займаць адміністрацыйныя і судовыя абавязкі, ня прымалі ўдзелу ў сэймавых нарадах, ня мелі права мець хрысьціянскіх падданых.

Немцы. Немцы паяўляюцца на тэрыторыі Беларусі з XIII в., калі пасьля заснаваньня Рыгі былі завязаны простыя гандлёвыя зносіны з Віцебскам і Смаленскам. З утварэньнем Літоўска-Беларускае дзяржавы і ўпадкам Тэўтонскага закону нямецкія каляністыя асядалі ў гарадох, дзе займаліся гандлем і рамёсламі, а гэтак сама станавіліся арандатарамі гаспадарскіх лесных добр і падрадчыкамі па іх распрацоўцы. Нямецкі элемэнт быў нязначны і да паловы XIV ст. ён не рабіў на шляхецкі стан ніякага культурнага ўплыву.

Ж). Краінныя констытуцыі.

Апублікаваньне прывілеяў. Беларускія і Украінскія землі, уваходзіўшыя ў склад Літоўска-Беларускай дзяржавы, атрымалі ад вялікіх князёў прывілеі, якія астаўлялі за краінамі іх унутраную аўтономію і вызначалі адносіны краін да цэнтральнае ўлады, што распараджалася формальным сувэрэнітэтам над усімі краінамі дзяржавы. Прывілеі ў той-жа час ахоўвалі мясцовае права. Публікацыя прывілеяў злучана з зьніштажэньнем палітычнага фэодалізму праз Вітаўта. Нацыянальна-політычная барацьба пры Казіміру прымушала яго выдаваць пацьвярджальныя прывілеі, якія не аднокраць пацьвярджаліся аж да самое Люблінскае вуніі 1569 году.

Чатыры групы прывілеяў. Краінныя прывілеі дзеляцца на чатыры групы. Да першай прыналежаць прывілеі Полацкай, Віцебскай і Смаленскай зямель. Прывілеі Жмудзкай зямлі, Драгічынскага і Бельскага павету складаюць другую і трэцюю групу. Да чацьвёртай трэба аднесьці прывілеі Кіеўскай і Валынскай зямель.

Прывілеі першай групы. Прывілеі Полацкай і Віцебскай зямель амаль-што тыя самыя як па свайму зьместу, гэтак і па аб’ёму тых праў, якія надаюцца землям. Прывілеі Смаленскай зямлі значна вужай па свайму зьместу. Пацьвярджальныя прывілеі былі выданы тром беларускім землям па просьбе насяленьня ўсіх паасобных зямель. Беларускія краінныя прывілеі бароняць правы ўсяго насяленьня. Яны носяць усестанавы характар. Найвышэйшым кіраўніком усёй зямлі зьяўляецца ўсестанавы краіннызбор. На ім прысутнічаюць духоўная і сьвецкая арыстакратыя, дробныя земляўласьнікі, чорныя людзі і ўсё паспольства. Склад краіннага збору аднакі на ўсіх землях. Ён дэмокрытычны. Станавасьць покуль-што к пачатку XVI веку, к моманту выдачы прывілеяў, яшчэ не пранікла глыбока ў нетры грамадзянства. Ад імя ўсёй зямлі краінны збор мае права зварачацца з просьбай да вялікага князя. Віцебскі і Полацкі краінныя зборы маюць права абіраць кандыдатаў на пасаду ваяводы, які павінен быць зацьверджан самім гаспадаром. Апошні абавязан ухіліць ваяводу з пасады, калі яго “обмовят” перад гаспадаром. У Смаленскай зямлі ваявода назначаецца па волі гаспадара, але ўсё провінцыяльнае кіраўніцтва знаходзілася ў руках тубыльнага баярства — “по старому”. Гэта ахоўвала краіны ад наплыву чужаземцаў. Прадстаўнікам усёй зямлі зьяўляўся князь. У яго адсутнасьць функцыі вялікага князя выпаўняюць ваяводы, якія кіруюць судовымі справамі і абавязаны ў сваіх судовых пастановах меркавацца мясцовым правам. Суд адбываецца на месцы. Не дазваляецца выклікаць на суд гаспадара ў Літву. На судзе ваяводы ў Віцебскай зямлі прысутнічаюць князі, баяры і мяшчане, “досмотревшы с которымі” ваявода выносіць судовую пастанову. У Смаленскай зямлі ваявода судзіць з “окольнічімі і іншымі вряднікамі”. Усе гэтыя прысутныя на судзе асобы зьяўляюцца абаронцамі мясцовага права і звычаяў. Краінныя прывілеі забесьпячаюць насяленьню асабовую неадчэпнасьць. Справа павінна разглядацца “на явном суде хрістіанском”. Ніхто ня можа быць пазбаўлены маёмасьці, як толькі па суду. Жонка і дзеці неадказны за праступленьні мужа і, наадварот, калі толькі яны самі ня былі паведамлены аб праступленьні і ня прымалі ў ім удзелу. Жыхары зямлі маюць права выяжджаць у Літву (Віцебская), і “куды кто хочет без кождое зачепкі” (Полацкая). Выезд павінен быць яўны, а ня тайны. Выяжджаючы грамадзянін мае права распараджацца сваёй маёмасьцю, як яму даспадобы. Гаспадар ня можа “вступатіся” у зробленыя распараджэньні. Віцебскі, Полацкі і Смаленскі краінныя прывілеі забесьпячаюць насяленьню права свабоднага распараджэнья сваёй маёмасьцю. Вымарачныя маёмасьці “безадшчіна” і “отмершчіна” зусім не спадаюць на гаспадара (Полацкая і Віцебская). Па сьмерці мужоў, удоў нельга па няволі выдаваць замуж. Запісаная мужам маёмасьць застаецца ў распараджэньні ўдавы нават у тым выпадку, калі яна выходзіць зноў замуж. Краінныя прывілеі забесьпячалі насяленьню старадаўняе процэсуальнае права, гандлёвы суд, асобу і маёмасьць ад уціску мясцовай адміністрацыі і вызначалі абавязкі насянасяленьня па адбываньню дзяржаўных падаткаў. Прывілеі пацьвярджалі правы цэрквы і духавенства і замацоўвалі паасобныя грамадзянскае і крымінальнае права. Краінныя прывілеі разглядаюць воласьць-землю, як асобную часьць у дзяржаве, зьвязаную публічна праўнымі адносінамі з літоўскімі вялікімі князьмі, якія абяцаюць не раздаваць нікому валасьцей і гарадоў па прыватнаму праву. Краінныя прывілеі сьведчаць аб актыўным політычным жыцьці беларускіх краін. Крыніцы высьвятляюць існаваньне краінных збораў у Полацку, Віцебску, Смаленску. Склад гэткіх збораў далёка не аднолькавы, але веча заўсёды выступае, як верхаводца зямлі. На краінных зборах заўважваецца партыйная барацьба “лучшіх і меншіх людей”. Фактычна адносіны паміж гэтымі двума элемэнтамі былі наступныя: “меншіе люді меж себе раду чінят, а старшіе науку дают”. Часамі партыйная барацьба вымагала ўмяшаньня ўлады. Толькі партыйнай барацьбой можна вытлумачыць тое, што ў Полацк была паслана ў 1456 годзе грамата з запатрабаваньнем, каб мясцовыя баяры, мяшчане, шляхта і ўсё паспольства былі паміж сабою „в раде, в дела бы наші городскіе вершілі все с обшчего согласія”. Асабліва была значна партыйная барацьба ў Смаленску ў палове XV ст. у момант сэпаратыйнага руху, ахапіўшага Беларускія землі. Яшчэ ў XVI ст. “Полоцк по старому справовал, як велікій Новгород і Псков”.

Прывілеі другой групы. Жмудзкі краінны прывілей, пацьверджаны вялікім князем Аляксандрам 14-га жніўня 1492 году, замацоўваў усе правы і звычаі, наданыя Жмудзі Вітаўтам і вялікім князем Казімірам, вызначаў Жмудзь у складзе вялікага княства, як тэрыторыю, далучаную да дзяржавы не “през меч, альбо через валкі, але з добрею волей”, дараваў зямлі права выбіраць старасту, абяцаў ад імя гаспадара не пасылаць дзецкіх за межы Жмудзі, забесьпячаў асабовую незачэпнасьць, вызначаў станавыя правы і вольнасьці, бараніў насяленьне ад надужыцьцяў з боку органаў мясцовай адміністрацыі, забараняючы цівуном браць “посулы”, даваў дакладныя пастановы адносна дзяржаўных падаткаў і натуральных павіннасьцяў насяленьня, замацоўваў за насяленьнем права займацца ляснымі і рачнымі промысламі, вызначаў маёмасныя правы насяленьня і нормы крымінальнага права.

Прывілеі трэцяй групы. Прывілеі, выданыя вялікім князем Аляксандрам Бельскай шляхце ў 1501 годзе і Дарагіцкай шляхце ў 1516 годзе, маюць выключна станавы характар. Прывілей замацаваў за шляхтаю права карыстацца польскім правам, устанавіў аднадзённую для сялян паншчыну і чатыры талакі на год з аднае валокі. Рэгуляваў права выхаду сялян шляхам выплаты паўкапы грошай з кожнай валокі, вызначыў велічыню грашовага штрафу, што выплачваецца памешчыкам, якія далі сялянам больш лёгкія ўмовы з мэтай прыцягнуць апошніх на зямлю, уводзіў мясцовае самасправаваньне паводле польскага права, вызначыў характар натуральных павіннасьцяў, падаўшых на шляхецкую масу, урэгуляваў грамадзянскія праўныя адносіны, бараніў крымінальнымі карамі нярухомасьць земляўласьнікаў, вызначыў велічыню падаткаў і судовых штрафаў, паступаючых у распараджэньне судовых органаў. Дарагавіцкі прывілей зьмяшчае ў сабе ўрачыстую дэклярацыю вялікага князя аб распаўсюджаньні на ўсю Дарагіцкую землю польскага права з ліквідацыяй старых судовых парадкаў. Апошні прывілей, падгатовіўшы далучэньне Дарагіцкай зямлі да Польшчы, вельмі аднабокі па свайму зьместу, і яго можна толькі з вялікімі згранічэньнямі аднесьці да гэтак званых краінпых прывілеяў.

Прывілеі чацьвёртай групы. Кіеўскі і Валынскі прывілеі, пацьверджаныя Жыгімонтам І па просьбе ўсяе мясцовае земляўласьніцкае клясы, пранікнуты такім самым станавым пачаткам, які яшчэ ў гэты час не адчуваецца ў беларускіх прывілеях. Зямля прадстаўлена толькі ў асобе шляхецкага стану. Кіеўскі прывілей пацьвярджае права шляхты на выключнае кіраваньне валасьцямі, а гэтак сама і ўсе мясцовыя правы і звычаі, наданыя ранейшымі вялікімі князьмі; забесьпячае асабовую незачэпнасьць і індывідуальную адказнасьць за праступленьні; дае шляхце права часовага выезду заграніцу, зроўнівае кіеўскую шляхту з літоўскаю ва ўсіх правох і абавязках, вызначае грашовыя падаткі і натуральныя павіннасьці, забараняе свабодны пераход сялян з гаспадарскіх зямель на прыватна-ўласьніцкія і, наадварот, звальнае ўласьніцкіх сялян, жывучых у гарадох, ад мясцовай юрысдыкцыі і гарадзкіх налогаў, забесьпячае царкве неўмяшаньне ў царкоўныя справы. Валынскі прывілей пацьвярджае ўсе правы і вольнасьці, якімі ўжо карысталася Валынская зямля, вызначае станавыя правы шляхты, забесьпячае асабовую незачэпнасьць, бароніць насяленьне ад самаўпраўства мясцовае адміністрацыі, вызначае процэсуальныя нормы, забараняе назначаць і зьбіраць новыя падаткі, вызначае склад і компэтэнцыю старасьцінскага суду, зьмяшчае ў сабе некалькі пастаноў, датычных крымінальнага права.

З). Народная гаспадарка ў XV і першай палове XVI ст.

Паўднёвы гандаль. Заходняя Дзьвіна, Нёман і Зах. Буг злучалі Літоўска-Беларускую дзяржаву з рынкамі Захаду, у той час, як па Дняпры наладжваецца гандаль з Усходам. Паступовае ўмацаваньне таварамену з Захадам і зьмена ў структуры гаспадаркі апошняга адбіваліся на становішчы і разьвіцьці народнае гаспадаркі ў Літве-Беларусі. Паўднёвы гандаль, які меў гэтак вялізнае значэньне для эпохі Кіеўскае дзяржавы, спыніўся пасьля таго, як татары захапілі Чарнаморскія стэпы. Гэты гандаль крыху ажывіўся ў палове XV веку, але пагромы Менглі-Гірэя рабілі немагчымым разьвіцьцё таварамену з Усходам. У XVI ст. гандаль зноў ажыўляецца, але для народнае гаспадаркі ён меў другараднае значэньне. Цэнтрам гандлю быў Кіеў для купцоў, прыяжджаўшых з Пэрсыі, Індыі, Арабіі, Сырыі. Адгэтуль усходнія тавары накіроўваліся на Маскву, Пскоў, Ноўгарад і далей у Данію і ў Швэцыю. Літоўска-татарскія напружаныя адносіны ў значнай меры паралізавалі разьвіцьцё паўднёва-ўсходняга гандлю.

Гандаль з Ноўгарадам і Масквой. Літва ў працягу XV веку падтрымлівала гандлёвыя сувязі з Ноўгарадам. Ноўгарадзкія купцы прывозілі ў Вільню ўсходнія тавары і вывозілі адгэтуль сырэц. Дагавор 1431 году дазваляў прыяжджаць ліцьвіном у Ноўгарад. Прызнаньне Ноўгарадам сувэрэнітэту Вялікага Княства Літоўскага павінна было зьвязаць Літву з Ноўгарадам яшчэ цясьней. Упадак Ноўгарадзкай незалежнасьці спыніў гандаль з Ноўгарадам. Уласныя гандлёвыя сувязі з Захадам рабілі лішнімі гандлёвыя зносіны з Ноўгарадам. Літоўска-Маскоўскія войны ХV-га і першай паловы XVI ст. перашкаджалі разьвіцьцю правіловага таварамену паміж Літвой і Масквой. Для Масквы літоўскі рынак быў вельмі важны дзеля скупкі серабра. Вялікі адплыў апошняга з Літвы выклікаў забарону вывазу серабра ў Маскву. І маскоўскія купцы трымаліся ў адносінах да літоўскіх такіх-жа забарончых мер.

Гандаль з Захадам. Ня гледзячы на варожыя адносіны Літвы з Законам, апошні павінен быў даць Літве права свабоднага гандлю на сваёй тэрыторыі. Разгром 1410 году спрыяў разьвіцьцю таварамену з Захадам па Нёману. Яшчэ мацнейшымі сталі сувязі з Захадам пасьля таго, як Гданск адыйшоў да Польшчы (1406). Адначасна з гэтым умацоўваецца таварамен па Дзьвіне дзеля таго, што агульны заняпад Закону прымушаў магістра моцна трымацца Літвы і Польшчы. К пачатку XVI ст. выясьнілася пераважнае значэньне заходняга і паўночна-заходняга гандлю. Літва вывозіла продукты свайго краю: мёд, воск, хутры, скуры. Захад адсылаў сукно, цукер, жалеза, селядцы, розныя мэталічныя вырабы, каляніяльныя продукты. Літоўска-беларускі сырэц знаходзіў вялікі попыт на эўропэйскім рынку. Разьвіцьцё таварамену прыцягвала ў краіну вялікую колькасьць мэталічнае монэты. Паніжэньне каштоўнасьці грошай у першай палове XVI ст. і падвышэньне таварных цэн было скуткам ажыўленага таварамену з Захадам. Гэтыя самыя гандлёвыя сувязі прымушалі Літву і Беларусь трымацца саюзу з Польшчай, што падрыхтавала грунт для канчатковага аб’яднаньня Літвы з Польшчай. Гандлёвыя зносіны з Рыгаю высоўвалі на першы плян пытаньне аб лёсе Лівоніі, якое ў другой палове XVI ст. стала супольным для Літвы і Польшчы.

Унутраны гандаль. Разьвіцьцё замежнага таварамену і распад натуральна-гаспадарчага ўкладу жыцьця дзяржавы спрыялі паяўленьню ўнутранага таварамену. Цэнтрамі ўнутранага гандлю былі гарады, атрымаўшыя магдэбурскае права. У іх бывалі штотыднёвыя таргі і наладжваліся кірмашы па некалькі раз у год — два або тры разы. Наданьне гарадом права складу і пабудова пастаялых двароў сьведчыць а таварамене ўнутры краіны. Гаспадарская дворная гаспадарка ўжо у першай чвэрці XVI ст. знаходзіць збыт сваіх продуктаў на старане. І прыватныя земляўласьнікі будавалі мястэчкі з таргамі і кірмашамі, хаця ў XV ст. гэтае зьявішча яшчэ ня было пашыраным. На праежджых дарогах “гостінцах” будаваліся карчмы, у якіх прадавалася хмельнае пітво. З мэтай разьвіцьця ўнутранага гандлю ўрад надаваў купцом палёгкі мытнага характару. Віленскія купцы былі звольнены ад выплаты ўнутраных мытных падаткаў. Гэта спрыяла абагачэньню віленскага купецтва. За Вільняй ішлі Бярэсьце, Коўна, Горадня. Павялічэньне мясцовых даходаў і велічыня “серэбшчыны”, прыпадаўшае на той ці іншы горад, сьведчыць аб разьвіцьці у ім унутранага гандлю, які аднак у XV і пачатку XVI ст. усё яшчэ быў нязначны. Перавага натуральнае гаспадаркі не магла ўтварыць унутранага рынку вялікай ёмасьці. Унутраны гандаль быў асабліва разьвітым у заходніх краінах, у районе замежнага гандлю.

Сельская гаспадарка. Літва-Беларусь заставалася краінай сельскае гаспадаркі. Спачатку сельская гаспадарка мела на ўвазе здавальненьне ўласных патрэбаў, але ў меру разьвіцьця замежнага гандлю гаспадарскія і прыватна-ўласьніцкія сёлы пачалі вырабляць продукты, прызначаныя для ўнутранага і замежнага рынку. Пераход да такое гаспадаркі пацягнуў за сабою перамену і ў тэхніцы гаспадаркі. Пануючая пераложная сыстэма паступова замяняецца трохпольнай у заходніх дварох і ў Полацкай і Смаленскай землях. Пераход да новае тэхнікі зьвязан з ростам насяленьня. Сеялі жыта, ячмень, авёс. З разьвіцьцём сельскае гаспадаркі паншчына даходзіць да двух дзён на тыдзень, велічыня панскае гаворкі спачатку была нязначнай. Яна абслугоўвалася працаю “чэлядзі нявольнай” і толькі ў другой чвэрці XVI ст. яна ўступае месца “цяглым людзям”, асноўнай рабочай сіле двара. Сельская гаспадарка ў XV ст. вялася пастарому. Канечнасьць падняцьця продукцыйнасьці гаспадарскае сельскае гаспадаркі вымагала весьці гаспадарку больш рацыянальна. Пад уплывам гэтага ўрад з 1514 году пачаў выдаваць гаспадарчыя ўставы, маючы на ўвазе найбольш рацыянальнае наладжаньне на гаспадарскім двары сельскае гаспадаркі. Слабае разьвіцьцё грашовае гаспадаркі покуль-што не патрабавала пашырэньня дворнай заворкі за кошт сялянства. Значная колькасьць зямлі знаходзілася ва ўладаньні сялян як у гаспадарскіх, гэтак і прыватных уласьніцкіх маёнтках. Слабае разьвіцьцё гадоўлі жывёлы сьвечыць аб адсталасьці сельскай гаспадаркі з тэхнічнага боку. У кожным маёнтку былі сенажаці і розныя даходныя крыніцы. Прамыслоўцы-сяляне эксплёатавалі апошнія. Спэцыялістыя-рамесьнікі працавалі на гаспадарскі і прыватнаўласьніцкі двор, здавальняючы сваёй працай яго патрэбы. Спэцыялістыя дворныя слугі адбывалі пры дварэ розрозныя спэцыяльныя службы. Вялікая колькасьць лясоў і попыт на літоўска-беларускі лес заграніцай прымушалі зварачаць асаблівую ўвагу на разьвіцьцё леснае гаспадаркі, але апошняя покуль што адзначалася такой-жа самай прымітыўнасьцю.

Землеўладаньне. Натуральна-гаспадарчы ўклад дзяржавы асабліва праявіўся ў зямельнай політыцы вялікіх князёў. Буйныя магнаты і ўдзельныя князі ў зьвязку з шляхецкімі прывілеямі здабылі сабе права ўласнасьці на свае ўладаньні. У адносінах да гаспадара яны былі зьвязаны толькі абавязкам вайсковай павіннасьці. Буйнае землеўладаньне пашырылася ў заходніх краінах. Велічыню ўладаньняў можна вызначыць па колькасьці коньнікаў, якіх выстаўлялі магнаты ў часе вайны: Гольшанскія — 164, Радзівілы — 621, Гаштольды — 461, Кезгайлы — 768 і г. д. Гэта былі фэодалы, выходзіўшыя на вайну пад сваёй уласнай харугвай са сваімі коньнікамі, побач з буйным землеўладаньнем разьвіваюцца сярэдняе і дробнае. Яно было ўмоўнага характару. Гэткія ўмоўныя наданьні называліся: “данінамі”, “поместьем”, “держаніем”, “выслугою хлебокормленія”, “жалованіем”, “пожівеніем”. Землі дарыліся “до волі і ласкі господарской”, “до жівота”, “до двух жівотов”. Уладальнік мог зьвярнуцца да гаспадара з просьбай замацаваць за ім землю на правох вечнасьці. Гэткія просьбы пачалі падавацца асабліва часта з канца XV ст. І прыватныя земляўласьнікі раздавалі ад сябе ў часовае карыстаньне землі. Такія асобы, сядзеўшыя пад уладай буйнага ўласьніка, былі зьвязаны ў адносінах да яго вайсковай службай. Сялянскае землекарыстаньне разьвівалася навальным парадкам праз прылажэньне сваёй працы да тых вялізных цесных абшараў, якія нікім ня былі заняты. Сялянскія зямельныя вучасткі былі рознай велічыні і называліся — дворышчамі, печышчамі, службамі. Гэткія землі былі большай часткай уласнасьцю сямейнага або артэльнага колектыву, члены якога ў адносінах адзін да другога былі “сябрамі”, “дольнікамі”, “участнікамі”, “братьей неделеной”, “суседамі”, “мотужнікамі”. Формы старасьвецкага землекарыстаньня захоўваліся незачэпна на гаспадарскіх землях. Перадача зямель у прыватныя ўладаньні незалежна ад умоў уладаньня разрывала валасныя сувязі і адносіны, хаця формы землеўладаньня заставаліся і ў гэтым выпадку бяз зьмены.

Гаспадарскі скарб. Даходы з гаспадарскіх маёнткаў складалі асноўную крыніцу скарбовых даходаў. Да паловы XV веку гаспадар меў права зьбіраць ордынарны падатак “серебшчыну”, але прывілеем 1447 году в. кн. Казімір адмовіўся ад яго. Мытныя падаткі з прычыны слабага разьвіцьця ўнутранага гандлю былі нязначны. Раздаваньне зямель у вечнае і часовае карыстаньне памяншала даходы скарбу. Дзякуючы цяжкаму становішчу скарбу, вялікі князь аддаваў у заставу гаспадарскія маёнткі. З сялян усходніх краін паступалі падаткі натурай і грашмі. З сялян, сядзеўшых на чыншы, паступалі “осадные пенезі”. У гарадох без магдэбурскага права на карысьць скарбу паступалі “прутовое, поворотное, мыто, мостовое, перевоз, бочечное, померное, вага, торговые пенезі, карчомныя пенезі” і інш. Некаторыя з гэтых збораў аддаваліся ў арэнду. Мыта з прадаваных тавараў зьбіралі спэцыяльныя мытнікі: салянічыя (з солі) і васкаўнічыя (з воску), часамі браўшыя гэтыя зборы ў арэнду або атрымліваўшыя іх “к верной руце”.

Жыды ў народнай гаспадарцы. Жыдоўства у народнай гаспадарцы Беларусі іграла вялізную ролю. Жыдоўства выступала ў якасьці пасрэднікаў у замежным гандлі паміж Літвой-Беларусьсю з аднаго боку і заходняй Эўропай з другога. Гандаль спрыяў награмаджэньню ў руках жыдоў гандлёвага капіталу. Апошні вытвараў у жыдоўскіх грамадах клясавы падзел, аддаваў бедных у поўную экономічную залежнасьць ад багатых членаў грамад. Дзякуючы награмаджэньню гандлёвага капіталу, жыды становяцца дзяржаўцамі і арандатарамі. У XVI ст. усе арэнды мыт знаходзіліся ў руках жыдоў. Поступ награмаджэньня капіталу ў шляхецкім стане, экономічна ўзмацняючы апошні, прымушаў шляхту імкнуцца да захвату даходных крыніц у свае рукі. Шляхта патрабавала перадачы ў свае рукі воткупаў і арэнд. Але ўрад даваў хрысьціянскай шляхце поўную магчымасьць браць у свае рукі арэнды, калі яна дасьць больш, чым даюць “жыдове”. Звычайна арэнда мыт і даходных крыніц была кароткатэрміновай — ад аднаго году да трох. Імкненьне шляхты вырваць з рук жыдоў даходныя крыніцыі дало пачатак антысэміцкаму настрою ў шляхце. Але ў ХVI ст. антысэмітызм у Літве і Беларусі знаходзіўся пакуль-што толькі у зародку. Складаючы асобную грамаду, жыды падлягалі асобнаму ападаткаваньню; раскладка-ж падаткаў унутры грамады рабілася самою жыдоускай грамадой.

І). Грамадзянскі ўклад.

1. Ваенна-служылая кляса.

Разьвіцьцё станаў. Ні Літва ні Беларусь не маглі спыніцца на тых формах соцыяльна-праўнага жыцьця, якія былі выпрацаваны ў старажытны пэрыод. У працягу XIV—XVI ст. ў Літве-Беларусі ўтвараюцца станы. Экономічна найбольш дужыя і надзеленыя рознымі правамі сталі на чале грамадзянства. Экономічна слабыя сяляне паступова трацілі сваю грамадзянскую праваздольнасьць і ўласнавольнасьць, пападаючы ў паншчыну. Прамежнае месца паміж абодвымі станамі займалі мяшчане з сваім асаблівым становішчам у дзяржаве.

Утварэньне шляхецтва і яго склад. З распадам роду ў літоўска-беларускіх землях выдзелілася землеўласьніцкая арыстократыя. Яна прымала чынны ўдзел у кіраваньні дзяржаваю і засядала ў думе князя. Удзельна-фэодальныя князі захавалі свой тытул, але ўтрацілі сваю выключную політычную вагу. Яны ўвайшлі ў склад літоўска-беларускага магнацтва, хаця часткова захавалі за сабой і ўладальніцкія правы адносна да сваіх уладаньняў. Аб’яднаньне ўдзельных князёў з старой літоўска-беларускай арыстакратыяй і зраўнаньне князёў і арыстакратыі ў праўных адносінах адносіцца да часоў публікацыі, прывілею 2-го мая 1447 году, які пашырыў шляхецкія вольнасьці і на князёў. Прівілеі вялікага князя Аляксандра 1492 году і Жыгімонта І -1506 году, прызнаваўшыя за князьмі і панамі роунапраўны ўдзел у кіраўніцтве дзяржавай, спрыялі канчатковаму аб’яднаньню панства з патомкамі ўдзельных князёў. Гэтыя дзьве групы склалі “высшій стан” літоўска-беларускай шляхты. Княжыя і панскія фаміліі былі раскіданы па тэрыторыі дзяржавы вельмі няроўнамерна. Яны сядзелі цэлымі гнёздамі на Валыншчыне. У іншых частках прадстаўнікі буйнага землеўладаньня распыляліся ў масе сярэдніх і дробных земляўласьнікаў. У Кіеўшчыне буйных земляўласьнікаў і зусім ня было. Барацьба вялікіх князёў з удзельнымі князьмі, а гэтак сама знадворнае палажэньне княства спрыяла ўзьнікненьню і ўтварэньню ваенна-служылае клясы. Першапачатковы яе склад адзначаўся вялікай рознастайнасьцю. У яе ўваходзілі прадстаўнікі сярэдняга землеўладаньня, пусьціўшыя глыбокае карэньне ў большай або меншай ступені ва ўсіх частках Літоўска-Беларускае дзяржавы, падупаўшыя знатныя фаміліі, ваенныя слугі буйнага магнацтва, а гэтак сама дворныя цяглыя людзі, якія звальняліся ад усялякіх цяглых павіннасьцей. Спачатку склад ваенна-служылае клясы не вызначаўся пэўнай трываласьцю, бо ў яго пастаянна ўваходзілі і выходзілі новыя элемэнты. Той пераводзіўся з службы цяглай на службу баярскую. З другім паступалі якраз наадварот. З канца XIV ст. пачынаецца павольны процэс організацыі шляхецкага стану, які закончыўся ў XVI ст.

Шляхецкія прывілеі. Пачатак організацыі зьвязан з прывілеямі Ягайла (1387—1413). Абодвы прывілеі давалі літоўскаму каталіцкаму магнацтву права ўладаць і распараджацца нярухомаю маёмасьцю, права выхаду замуж удовам, дочкам і сёстрам баяр свабодна бяз усякага прымусу або ўдзелу гаспадара. Прывілеі звальнялі і ад натуральных павіннасьцей за выключэньнем вайсковае службы і замковае павіннасьці: пабудовы новых замкаў і направы старых, а гэтак сама пабудовы ваенных дарог. Прывілей 1413 г. пашыраў правы і вольнасьці польскае шляхты на католікаў землеўласьнікаў, атрымаўшых ад палякаў “гэрбы і клейноты” і прынятых у гэрбовыя брацтвы. Прывілей вызначаў вышэйшыя абавязкі паводле польскіх узораў, даючы права займаць апошнія толькі католікам. Прывілей устанаўляў соймы для нарады а дабрабыце і бясьпецы абедзьвюх дзяржаў з правам удзелу паноў, пралатаў, і шляхты каралеўства Польскага і зямель літоўскіх. Прывілеі Жыгімонта Кейстутавіча (1432—1434) пашыралі свой уплыў на ўласна беларускіх князёў, паноў і баяр, раўняючы іх у правох з асобамі каталіцкага веравызнаньня і давалі права браць ад ліцьвінаў тыя самыя гэрбы, якія яны атрымалі ад палякаў. Прывілей 1434 году забясьпечыў асабовую незачэпнасьць. Гаспадар абяцаў нікога не караць па тайнаму або яўнаму даносу, а толькі па суду, праведзенаму паводле мясцовых звычаяў. Прывілеі Казіміра Ягельлёнчыка ад 2-га мая 1447 году пашырылі ўсе правы польскае шляхты на ўсё шляхецтва як на літоўскае гэтак і на зямель-анэксаў. Прывілей звольніў шляхту ад выплаты штогоднай грашовай подаці (сярэбшыны), дазволіў выезд за граніцу, аддаваў у рукі ўласьнікаў суд над падданымі, абавязваўся ня прымаць на свае землі прыватна-ўласьніцкіх падданых, абяцаў раздаваць урады, дзяржаньні і ўладаньні толькі тубыльцам вялікага княства. Прывілеі 1492 і 1506 г.г. не далі шляхце ніякіх новых правоў за выключэньнем толькі артыкулу а непавышэньні людзей нізшага стану над шляхтай. Для азначэньня тэрміну шляхецтва ў XV ст. былі роўназначны баярын, земянін і шляхціц. Паступова тэрмін шляхта выцесьніў іншыя найменьні. Шляхецкія прывілеі выасабнілі шляхту ад другіх грамадзкіх груп. Нявыразнасьць азначэньня, хто ўласна зьяўляецца праваздольным шляхціцам, выклікала на практыцы шмат непаразуменьняў. Адны незаконна карысталіся шляхецкімі правамі. Другія, наадварот, незаконна пазбаўляліся гэтых праў і распачыналі судовы процэс для ўзнаўленьня сваёй чэсьці.

Довады і катэгорыі шляхецтва. Спрэчкі за прыналежнасьць да шляхецтва прымусілі сойм апублікаваць ухвалу 1522 году. Шляхецтва даводзілася пасьведчаньнем двох шляхціцаў пад прысягай у тым, што той, хто дабіваецца шляхецтва, ад прадзеда аднаго з імі роду і брат ім па крыві. Ухвала 1522 году дапушчае і аднаго сьведку. У гэткім выпадку і сам зацікаўлены ў узнаўленьні шляхецтва абавязан злажыць адпаведную прысягу. Пры адсутнасьці сьведак, старадаўнасьць баярскае службы можна было давесьці адпаведнымі дакумэнтамі. Статут 1529 году дапушчае ў якасьці сьведак баяр-шляхты акалічных. Чужаземцы маглі апірацца на офіцыяльныя дакумэнты, якія пацьвярджаюць іх шляхетнае шчаджэньне. У 1528 годзе баяры-шляхта, абавязаныя адбываць вайсковую службу, былі перапісаны; пры гэтым адсылка на “попіс” зьяўлялася падставай доваду шляхецкага пахаджэньня для наступнага пакаленьня. Шляхецтва здабывалася пахаджэньнем ад шляхетных бацькоў, наданьнем шляхецкае годнасьці праз вялікага князя за тыя ці іншыя заслугі, як самой асобы, гэтак заслугі яе братоў і сваякоў. Шляхецкі стан мог быць утрачаны дзеля розных прычын, азначаных законам. Каб больш выразна адмежаваць шляхціча ад простых людзей, гаспадарская ўстава 1529 году аблажыла баяр-слуг цяглымі службамі. Шляхецтва дзялілася на дзьве катэгорыі — вышэйшую і ніжэйшую. Да першае прыналежалі пралаты, князі і паны „хоруговные", да другое — рыцарства-шляхта. Усе шляхецкія вольнасьці былі аб'яднаны ў Статуце 1529 году, у якім яны больш дэтальна акрэсьлены і разьвіты.

Правы шляхецтва. Законадаўства Статуту 1529 году а шляхецтве дзеліцца на два віды: агульна-шляхецкае і пакатэгорнае. Да агульных правоў шляхетнага стану адносіцца: права землеўладаньня, гарантыя асабовай незачэпнасьці, індывідуальная адказнасьць за праступленьні, права ўладаньня нярухомай маёмасьцю і распараджэньне ёю ў рамках азначаных законам, права свабоднага выхаду замуж удоваў і дачок, свабода ад натуральных павіннасьцяў, права выяжджаць за граніцу для навукі рыцарскіх вучняў, права адыходу разам з рухомай маёмасьцю ад паноў, якім яны паддаліся, суд над падданымі. Да політычных правоў шляхты адносіцца: удзел у заканадаўчай дзейнасьці вальнага сойму, права ўдзелу двох шляхціцаў на судзе княжых ураднікаў па абраньню апошніх, права ўдзелу ў абраньні гаспадара, вырашэньне розных дзяржаўных патыньняў у дзядзіне замежнай і ўнутранай політыкі.

Правы магнатаў. Магнацтва звальняецца ад падсуднасьці провінцыяльнай адміністрацыі, прымае ўдзел у гаспадарскай радзе, мае права выступаць на вайне пад уласнай харугвай, выстаўляе аддзелы ўзброеных баяр і слуг, карыстаецца правам позвы на суд гаспадара за 4 тыдні да тэрміну. Жалабы на радных паноў падаюцца не ваяводзе, а гаспадару або паном радзе.

Правы рыцарства-шляхты. Шляхціц прыцягваецца да суду толькі судовымі позвамі. Пасылка „дзецкага" для прыводу на суд магчыма толькі пасьля адпраўкі двакраць позвы. Шляхціц непадсудны дзяржаўцам, якія нядаўна былі цівунамі. На суд провінцыяльны апэляцыя падаецца гаспадару і паном-радзе, калі адміністрацыйныя урады былі заняты асобамі з-паміж паноў-рады. У праціўным выпадку апэляцыя падаецца ваяводзе. Шляхціцы маюць права на павялічаную ўзнагароду за пасягненьне на іх жыцьцё і здароўе.

Павіннасьці шляхецтва. Усе земляўласьнікі былі абавязаны адбываць земскую вайсковую службу. Ухвала 1528 году пастанавіла, што адзін конь выстаўляецца ад васьмёх сялянскіх служб. Усе павінны станавіцца пад сваёю павятовай харугвай, за выключэньнем толькі паноў харугаўных, якія выступалі пад сваёю харугвай. Ад службы шляхціца вызваляла хвароба, з тэй аднак умовай, што на сваё месца ён выстаўляў сына або слуг. Незьяўленьне на вайну, або самастойнае пакіданьне яе цягнуць за сабой утрату маёнтку. Духавенства павінна было адбываць асабіста службу з “закупного іменія”. Пры данасьці ўладаньня „дадзізным” маёнткам, духавенства звальнялася ад асабістай вайсковай службы.

Беларуская шляхта. Беларуская шляхта — важны фактару у політычным жыцьці беларускіх зямель. Ня гледзячы на існаваньне прывілеяў у працягу XV веку і ў пачатку XVІ у Беларусі шляхта ня выдзелілася значна ад рэшты грамадзянскіх груп. Згодна попісу 1528 году ў Беларусі зусім ня было буйнага землеўладаньня. Пераважвала дробнае і сярэдняе. У Полацкай зямлі самым багатым быў Д. Б. Корсак, які выстаўляў на вайну 33 коньнікаў.

2. Мяшчане.

Два тыпы мяшчанскіх паселішчаў. Разьвіцьцё народнае гаспадаркі ў Літве-Беларусі ўтварыла два тыпы гарадзкіх паселішчаў. Адны гарады кіраваліся гаспадарскімі ўраднікамі і не карысталіся асаблівымі правамі і вольнасьцямі. Іншыя атрымалі ад вялікага князя прывілей, гэтак званае магдэбурскае права, і карысталіся шэрагам важных праў і вольнасьцяў. Гаспадарскія гарады, якія ня мелі магдэбурскага права, былі цясьней зьвязаны з валасным насяленьнем. Гарады з магмагдэбурскім правам, складаючы асобную адміністрацыйна-гаспадарчую адзінку, адасобніліся ад воласьці. Мяшчане ў гарадох уладалі сядзібамі, агародамі, нівамі і пасьбішчам. За мяжой гораду паасобныя мяшчане набывалі землі ў баяр-шляхты і былі абавязаны адбываць з іх вайсковую службу.

Мяшчане неўпрывіліёваныя. Насяленьне гарадоў без магдэбурскага права адносна павіннасьцяў мала чым розьнілася ад сельскага пасяленьня. Яно плаціла дань, дзятла, чынш, сярэбшчыну і ардыншчыну ў Падняпроўскіх гарадох, давала стацыю і хурманкі праяжджаўшаму гаспадару і яго паслом, ураднікам, адбывала звычайную паншчыну. Мяшчане маглі быць аддаваны ў прыватнае ўладаньне нараўне з паасобнымі катэгорыямі сельскага насяленьня.

Гарады з магдэбурскім правам. Заходняя часьць Літоўска-Беларускае дзяржавы была пакрыта гарадамі, якія мелі вялікае гаспадарчае значэньне для жыцьця краю. З мэтай разьвіцьця гандлю і прамысловасьці вялікія князі давалі гарадом самасправаваньне у выглядзе гэтак званага магдэбурскага права. Спачатку атрымалі магдэбурскае права гарады, што знаходзіліся у заходняй часьці дзяржавы на рэчных шляхох. У другой палове сталецьця магдэбуріі пачалі раздавацца і ва ўсходняй палове дзяржавы. Вільня атрымала магдэбурскае права ў 1387 годзе, Бярэсьце — 1390, Горадня і Коўна — 1391 г., Дарагічын — 1429, Бельск—1430, Луцк-Каменец — 1438 г., Полацк — 1498 г., Менск — 1499 г. і інш. Гарады з магдэбурскім правам выдзяляліся з складу воласьці і набывалі асобнае гаспадарча-адміністрацыйнае значэньне. Мяшчане звальняліся ад розных валасных павіннасьцяў, набывалі права атрымліваць некаторыя даходы для ўласна-гарадзкіх патрэб, звальняліся ад суду ваявод, стараст і дзяржаўцаў. мелі ўласную юрысдыкцыю па магдэбурскаму праву, атрымлівалі права клапаціцца а гарадзкім дабрабыце, разьвіцьці гандлю і прамысловасьці. На чале гораду стаяў войт, назначаны гаспадаром, з правам перадачы свайго ўраду па насьледзтву і перадачы за грошы у іншыя рукі. З працягам часу урад войта стаў выбарным. Гарадом удалося яго выкупіць. Побач з лаўнікамі, дажывотнымі прысяжнымі з мяшчан, войт судзіць насяленьне ў крымінальных справах. Справы-ж а гвалце, падпаленьні, разбою, чыннай абразе шляхціца і гвалце над жанчынай — былі падсудны гаспадарскім ураднікам супольна з радцамі. На суд войта можна было апэляваць да вялікага князя. Бягучае кіраўніцтва знаходзілася ў руках гарадзкой рады і бурмістраў. Члены рады назначаліся войтам з кандыдатаў паспольства. Бурмістры абіраліся з-паміж членаў рады. Яны былі старшынямі рады. Усё бягучае кіраўніцтва знаходзілася у руках рады і бурмістраў. У веданьні Рады знаходзіліся: поліцыя, суд па грамадзянскіх справах, гарадзкая маёмасьць; яна-ж наглядала за гандлем, правільнасьцю мер і вагаў, сачыла за моральнасьцю. На суд рады можна было апэляваць да войта. У некаторых гарадох лава і рада ня былі разьдзелены. Калі пасада войта была выкуплена мяшчанамі, калі выдзелілася багатае мяшчанства, то і рада пачала укладацца інакш. Паспольства было адсунута ад удзелу ў яе папаўненьні. Рада сама выбірала членаў на месца выбыўшых. І выбар лаўнікаў перайшоў да рады. Пры гэткім становішчы гарадзкая грамада была адсунута ад удзелу ў кіраўніцтве. Уся ўлада апынулася у руках буржуазіі, значэньне якой значна павялічылася пад уплывам росту грашовае гаспадаркі. Магдэбурскае права пашырала свой уплыў на ўсё насяленьне, якое знаходзілася на тэрыторыі гораду. Каб звольніцца ад гарадзкога прысуду, патрэбна была гаспадарская пастанова. Наданыя гарадом магдэбургіі ня ўхілялі іх ад непаразуменьняў з гаспадарскімі ўраднікамі, якія часта прычынялі „крыўды вялікія". Магдэбурскае права дакладна вызначыла характар тых павіннасьцяў, якія насяленьне гарадзкое павінна было адбываць. Мяшчане мелі свае даходныя крыніцы: крамніцу, збожзбожжавыя яткі, камору пастрыгальную, бочку мерную, мядніцу медную. У некаторых гарадох існавала манапольнае права гарадоў на збожжавыя яткі і мясныя клеткі. Апрача гэтага горад атрымліваў даходы ад важніцы, васкабойні і капніцы, паспалітых лазень, млыноў, паспалітых кухань. Часамі гарады бралі ў арэнду ў гаспадара карчмы, якія ў свой чарод здаваліся прыватным асобам. Гарады мелі права адчыняць некалькі раз у год кірмашы і мець штотыднёвыя тарговыя дні. Найбольш буйныя гарады карысталіся правам складу, куды памяшчаліся тавары прыехаўшых у горад купцоў. Магдэбурскае права рэзка адасобіла гарадзкое насяленьне ад іншых катэгорый насяленьня воласьці. Мяшчане ў пачатку XVI ст. захавалі права землеўладаньня і адбывалі з сваіх зямель вайсковую службу. Гарадом не ўдалося заваяваць політычнага прадстаўніцтва на „вальных соймах“, на якіх прымала ўдзел шляхта; гэта апошняя, выдаючы вузка-станавыя пастановы, падрывала горад, як гандлёва-прамысловую адзінку. Сьледам за гаспадаром і прыватныя земляўласьнікі надалі сваім гарадом самасправаваньне.

Беларускія гарады Да канца XV ст. гарады Беларусі ня былі адасоблены ад воласьці. Гарадзкое насяленьне было аб'яднана з воласьцю супольнымі гарадзкімі павіннасьцямі. З канца XV ст. пачынаецца процэс выдзяленьня гораду ў асобную адміністрацыйна-судовую адзінку, дзякуючы таму, што гарады атрымліваюць магдэбурскае права. Вялікі князь Аляксандар 4-га кастрычніка 1498 году даў прывілей Полацку на магдэбурскае права, а 14 сакавіка 1499 году атрымаў прывілей і горад Менск. Выдаючы прывілей в. к. Аляксандар кіраваўся агульнадзяржаўнымі інтарэсамі і хацеў „положеніе места нашего Полоцкого і Мінского в мере лепшей поставіті, што-бы люді наші там жывучі і через вряд добрым, а справедлівый былі размножені”. Правы і вольнасьці Полацку і Менску маюць гэткі выгляд: На чале гораду стаіць войт, які атрымлівае ў сваё распараджэньне пэўную колькасьць даходаў з розных крыніц. Гарадзкому войту павінна быць паслушна ўсё насяленьне гораду, якое „на вечные часы" звальняецца ад судоў і ад „моцей“ усіх ваявод, паноў і стараст, намесьнікаў, судзьдзяў і іх ураднікаў, ад права гарадзкога і баярскага. Судовыя справы разглядаюцца войтам і бурмістрамі на пастанову якіх падаецца апэляцыя самому гаспадару. І Менск і Полацк атрымалі шэраг фінансавых прывілеяў. Для разьвіцьця таварамену з Рыгай у Полацку павінна было штогод наладжвацца тры кірмашы. Полацк атрымлівае спэцыяльныя вольнасьці для загранічнага гандлю. Рыскія купцы пад пагрозай утраты сваёй маёмасьці ня маюць права езьдзіць ні ў Віцебск ні ў Смаленск. Аднак прывілей забараняе выяжджаць толькі для закупу тавараў, а не для выплаты даўгоў. У гаспадарскі скарб Полацк быў абавязаны выплачваць 400 коп. грошай, тады як Менск выплачваў толькі 20 коп. грошай. Прывілей на магдэбурскае права, выданы Полацку, злучаў моцнымі экономічнымі сувязямі сярэднюю 3. Дзьвіну з вышнявінамі яе і Дняпра. Само разьвіцьцё Менску было магчыма толькі пры ўмове пашырэньня таварамену з Захадам. Менск быў гандлёвым цэнтрам для ўсёй усходняй Беларусі. Асаблівымі вольнасьцямі карысталіся віленскія купцы, якія маглі купляць і прадаваць тавары, ня лічачыся з прынятымі ў прывілею мерамі. Магдэбурскае права пашыралася на Беларусі вельмі паволі.

3. Сельская насяленьне.

Нявольнае насяленьне. Рабочыя нявольныя людзі — „чэлядзь нявольная”, „парабкі”, „рабы" жылі пры гаспадарскіх і прыватна-ўласьніцкіх дварох, выпаўнялі розныя гаспадарчыя работы, атрымлівалі ўтрыманьне ад уласьнікаў, або былі пасаджаны на невялікія зямельныя вучасткі. Крыніцы рабства былі замацованы Статутам 1529 году. Чэлядзь нявольная ў XV ст. складала асноўную рабочую сілу гаспадарскіх і прыватнаўласьніцкіх маёнткаў, але ў першай чвэрці XVI ст. яна ўтраціла сваё пераважнае гаспадарчае значэньне.

Сялянства. Сельскае насяленьне называлася “мужыкамі” і „падданымі" і дзялілася на дзьве групы па свайму юрыдычнаму палажэньню: на прыватнаўласьніцкае і гаспадарскае. Падзел сялянства на групы вызначаўся тымі павіннасьцямі, якія адбывалі тыя ці іншыя групы сельскага насяленьня. Першую групу складалі людзі, адбываўшыя паншчыну і плаціўшыя аброк. Яны называліся цяглымі людзьмі. Часамі аброк „дякло“ і „мезлево" пераводзіліся на грошы. Цяглыя людзі адбывалі яшчэ і фурманачную павіннасьць. Другую групу складалі сяляне, якія абслугоўвалі патрэбы дворнае гаспадаркі і адбывалі спэцыяльныя службы. Да яе адносяцца; конюхі, конюхі-сядзельныя, машталеры, кабыльнікі. стаднікі, пастухі, сьвінары, бортнікі, падлазьнікі, рыбаловы, неваднікі, баброўнікі, асочнікі, лаўцы, мысьліўцы, стральцы, псарцы, сакольнікі, пташнікі, буднікі, смаляры, садоўнікі, млынары і інш. Да наступнай групы адносяцца рамесьнікі: кухары, пекары, півавары, медасытцы, калёсьнікі, саньнікі, бондары, краўцы, рымары, скурнякі і інш. Сяляне даньнікі складалі значную масу насяленьня. Да іх адносяцца ўсе тыя сельскія элемэнты, хто плаціў гаспадару дані з даходаў ад эксплёатацыі мясцовых добр. Дань была мядовая, бабровая, кунічая. Асобную групу складалі асадныя сяляне, што сядзелі на зямельных вучастках і плацілі чынш. Чыншовае сялянства перш за ўсё паявілася на Падляшшы і Жмудзі. Вышэйшую катэгорыю сельскага насяленьня складалі слугі путныя, шчытныя, конныя. Яны адбывалі вайсковую службу, выпаўнялі розныя даручэньні, а гэтак сама адбывалі і паншчыну пэўнага характару.

Юрыдычнае становішча. Прыватнаўласьніцкае сялянства дзялілася на дзьве групы: перахожых і непахожых. Першыя мелі права пераходу ад аднаго земляўласьніка да другога. К XVI ст. гэта група паступова зьмяншаецца. Затое павялічваецца лік непахожых людзей, Людзі, утраціўшыя права выхаду, называліся гэтак сама “отчічамі". Гэта падданыя людзі. Паншчына — раньняга пахаджэньня. Ужо прывілей 1447 году “ізвечных людей" выдзяляе ў асобную катэгорыю. Насяленьне, што знаходзілася пад паншчынай, падлягала юрысдыкцыі свайго пана, які меў права на працу і на маёмасьць свайго падданага. Паншчына ўтварылася на падставе экономічнае задоўжанасьці. Экономічна слабыя, прасядзеўшыя на адным вучастку зямлі дзесяць год, станавіліся „засядзелымі людзьмі". Статут 1529 году замацаваў земскую даўнасьць. Вотчыцаў можна было купляць без зямлі, перадаваць іх па насьледзтву. Сяляне гаспадарскія ня былі прымацованы да сваіх зямельных вучасткаў. Гэтак званыя гаспадарскія вотчыны маглі пакінуць свой зямельны участак, пасадзіўшы на сваё месца другога чалавека, з пералажэньнем на яго ўсіх сваіх служб. Цяглае сялянства складала асноўную масу сельскага насяленьня ў гаспадарскіх дварох заходніх воласьцей. Усходнія прыдняпроўскія і падзьвінскія воласьці былі населены даньнікамі, якія складалі валасное грамадзянства і карысталіся самасправаваньнем. Выяўнікам волі даньнікаў зьяўлялася веча, а старасты, выбраныя на вечах, выпаўнялі пастановы веча, зьбіралі з насяленьня дані для перадачы адміністрацыі, якая зносілася з насяленьнем беспасярэдна толькі праз выбарных валасных старцаў. Апошнія сачылі за тым, каб адносіны паміж валаснымі грамадамі і ўрадовымі агэнтамі будаваліся пастарому і не дапушчалі нарушэньня старасьвецкіх традыцый.

К). Політычны ўклад.

Вялікі князь. Увасабленьнем дзяржаўнай улады быў вялікі князь. Акт Гарадэльскай вуніі 1413 году прызнаў за Вялікім Княствам права на самастойнае ўнутранае кіраўніцтва і пры існаваньні вуніі з Польшчай. Спачатку в. кн. быў толькі намесьнікам польскага караля, але з паловы XV ст. Літва мае асобных вялікіх князёў, якія зьяўляюцца у той-жа час і польскімі каралямі. Гарадэльская вунія 1413 году ўстанавіла парадак абраньня вялікага князя, але гэты парадак ніколі ня быў ажыцьцёўлены. Вялікі князь абіраўся аднабочна — толькі Вялікім Княствам Літоўскім. Такімі абраньнікамі былі: Казімір, Аляксандар, Жыгімонт І і Жыгімонт ІІ-Аўгуст. Да канца XV ст. ўлада вялікага князя юрыдычна была не абмяжована, але фактычна яна знаходзілася ў сфэры ўплыву літоўскіх магнатаў. Прывілеі 1492 і 1506 году замацавалі за радай яе фактычнае палажэньне. Улада гаспадара была абмяжована арыстократычнай установай. У адносінах да зямель-анэксаў улада вялікага князя абмяжоўвалася мясцовымі констытуцыямі. У адносінах да іншых зямель вялікі князь зьяўляецца князем-айчыньнікам. Кола дзейнасьці вялікага князя абымае ўсе праявы дзяржаўнага жыцьця, як у галіне загранічнае, так і ўнутранае політыкі. Вялікі князь клапаціцца аб абароне краю, выдае заканадаўчыя акты, прызначае на ўрады, вырашае спрэчныя справы, наглядае за кіраўніцтвам дзяржаўных маёнткаў, вырашае пазямельныя спрэчкі, справы а грабяжах, гвалтах, вядзе дыплёматычныя зносіны, абвяшчае вайну і завязвае мір.

Гаспадарская рада. Гаспадарская рада — установа старажытнага пахаджэньня. Кожны ўдзельны князь меў каля сябе ўласную раду. Вітаўт у барацьбе з Польшчай заўсёды апіраўся на мясцовых землеўласьнікаў. Пры Вітаўце рада складалася з каталіцкіх біскупаў, прыдворных вяльможаў, краінных уладароў. У канцы XV ст. склад рады канчаткова вызначыўся. У яе ўваходзілі каталіцкія біскупы, вышэйшыя земскія і дворныя ўраднікі, ваяводы і старасты. Членамі рады маглі быць толькі католікі. З XVI ст. у раду пачынаюць пранікаць і праваслаўныя вяльможы. Рада знаходзіцца пры гаспадару. Яна працуе разам з ім. У палове XV ст. яна адасобілася ад гаспадара. З прычыны частых ад’ездаў Казіміра ў Польшчу, рада вырашала самастойна шмат якія дзяржаўныя справы. Правы рады былі азначаны прывілеямі 1492 і 1506 гадоў, надаваўшымі ёй занепадаўшыя функцыі. Дзейнасьць рады была рознастайна. З прычыны рознастайнасьці і складанасьці спраў была ўтворана пры вялікім князі і радзе канцэлярыя з канцлерам на чале, і скарб, з падскарбіем земскім. Рада ў поўным складзе магла зьбірацца параўнаўча рэдка. З XV ст. функцыёнуе асобная “передняя рада", куды ўваходзілі асобы найбольш блізкія да гаспадара з ліку вяльмож, меўшых права засядаць у гаспадарскай радзе.

Вялікі вальны сойм. Зараджэньне вялікага вальнага сойму можна аднесьці да моманту завязаньня трэцяй вуніі з Польшчай (1401). Спачатку на зьездах прымалі ўдзел толькі літоўскія князі і паны. На сойме 1413 году была прысутна і шляхта, але пануючая роль засталася за магнатамі. У выніку нацыянальна-політычнае барацьбы пры Казіміру на соймах паяўляюцца беларускія і ўкраінскія земляўласьнікі. На соймах прымалі ўдзел князі і паны пагалоўна, а з шляхты толькі „старшыя шляхцічы". На соймах XV ст. займаліся: пытаньнямі замежнай політыкі, завязаньнем вуніі з Польшчай, абраньнем гаспадара. У XVI ст. компэтэнцыя вялікага вальнага сойму пашыраецца. Соймы прымаюць меры па абароне дзяржавы, вырашаюць пытаньні аб вайне і міру, назначаюць новыя налогі, выдаюць новыя законы, укладаюць статут 1529 году, крытыкуюць дзейнасьць бягучае адміністрацыі. На соймах першай чвэрці XV ст. зьмяняецца склад шляхецкага прадстаўніцтва. На сойме ў 1512 годзе прысутнічалі прадстаўнікі па 2 ад кожнага павету. Разам з пасламі прыяжджалі на сойм знатныя асобы па запрашэньню гаспадара. Сойм падзяляўся на два колы: рыцарскае ў складзе дэпутатаў ад паветаў, і асоб, атрымаўшых запрашэньне ад гаспадара і паноў-рады. Умацаваньне політычнага значэньня сойму памяншала аўтарытэт рады, а гэта сьведчыла аб тым, што значэньне сярэдняга і дробнага землеўладаньня павялічваецца. Пастановы сойму не зьвязваюць волі гаспадара, але фактычна яны зьяўляліся абавязковымі.

Цэнтральная адміністрацыя. Пахаджэньне органаў цэнтральнае адміністрацыі злучана з пашырэньнем урадовай дзейнасьці вялікага князя і разьмежаваньнем паміж інтарэсамі прыдворнае гаспадаркі і інтарэсамі дзяржаўнымі. Новыя заданьні ў галіне замежнай і ўнутранай політыкі былі невыканальны без пасярэдніцтва адпаведных урадовых асоб. Такім чынам з ліку прыдворных ураднікаў выдзяляліся ўрадовыя асобы, якім падлягалі пытаньні дзяржаўнага характару. Да агульназемскіх органаў адносіцца: падскарбі земскі, які загадваў усімі даходамі ў гаспадарскі скарб; канцлер — начальнік дзяржаўнай канцылярыі; гэтман найвысшы, які камандаваў арміяй у часе вайны, калі армія не знаходзілася пад беспасярэдным камандаваньнем вялікага князя. У руках гэтмана быў суд над вінаватымі ў парушэньні службовае дысцыпліны, а гэтак сама над усімі, што знаходзіліся пад яе камандай, па жалабах адзін на другога і па жалабах на іх з боку мясцовых грамадзян. Усе гэтыя ўрадовыя асобы падлягалі прыказам гаспадара. Яны не маглі праяўляць ніякай ініцыятывы ў сфэры іх ведамства.

Прыдворныя ўраднікі. Спачатку колькасьць прыдворных ураднікаў была нязначнай, але з працягам часу лік іх павялічыўся. Да іх адносяцца: маршалкі земскі і дворны, якія загадвалі прыдворным цэрэмоніялам, прыёмам гасьцей, прыяжджаўшых да гаспадара, назначалі кватэры станам сойму, прыехаўшым на сойм, публікавалі абавязковыя пастановы на месцы прабываньня гаспадара; падчашы, у веданьні якога знаходзілася пітво; чашнік, які наліваў пітво; кройчы, які разрэзваў стравы, стольнік і падстолі, якія загадвалі накрываньнем стала; кухмістар, які загадваў кухняю; канюшы — прыдворнымі стайнямі; лоўчы — паляўніцтвам; падкаморы — абсталяваньнем унутраных пакояў; ложнічы — гаспадарскай супачывальняй; мечнік, — які трымаў гаспадарскі меч у часе цэрэмоніяў; падскарбнік дворны, загадваўшы спэцыяльна гаспадарскімі даходамі.

Провінцыяльнае кіраўніцтва. У пачатку XV ст. Вялікае Літоўскае Княства дзялілася на два ваяводзтвы: Віленскае і Троцкае. Спачатку XVI ст. ваяводзтвамі пачалі называцца і паасобныя землі: Кіеўская, Полацкая, Віцебская і Смаленская. Жмудзкая і Валынская землі называліся староствамі. Ваяводзтва дзялілася на паветы і дзяржавы. У краінах-ваяводзтвах сядзелі намесьнікі, з часам ваяводы і старасты. Гэта прастаўнікі вялікакняскае ўлады На свае ўрады яны назначаліся вялікім князем, згодна адпаведным артыкулам краіннай констытуцыі. Урады былі дажывотныя. У руках адміністратараў была вышэйшая судовая ўлада. Яны зьяўляліся начальнікамі над ваеннаю сілаю краіны. Кіравалі гаспадарскімі маёнткамі, клапаціліся аб абароне краіны, раздавалі пустую землю пры ўмове, што дзяржаўцы павінны адбываць земскую службу. Прадстаўнікі ніжэйшае провінцыяльнае адміністрацыі называліся намесьнікамі, дзяржаўцамі і цівунамі. Дзяржавы раздаваліся „до волі і ласкі господарской" або „до жівота". Дзяржаўцы карміліся коштам сваіх дзяржаньняў. У іх карысьць паступалі і некаторыя судовыя падаткі.

Л). Царква і дзяржава.

Становішча праваслаўнай царквы і ўтварэньне самастойнае мітрополіі. Імкненьне Ольгэрда — ўнезалежніць праваслаўную царкву ад Масквы ў царкоўна-рэлігійных адносінах — ня збылося, дзякуючы таму што літоўска-беларускі мітрапаліт Кіпрыян заняў мітрапаліцкую катэдру ў Маскве. Залежнасьць літоўска-беларускай праваслаўнай царквы ад маскоўскага мітрапаліта пры дзяржаўнай самастойнасьці княства была ненормальнай. Варожыя адносіны паміж маскоўскім і літоўскім урадамі не маглі пагадзіцца з такой залежнасьцю. Умяшаньне маскоўскага мітрапаліта ў царкоўныя справы Літвы і Беларусі было ўмяшаньнем улады ворожай Літве. Вітаўт вельмі добра гэта разумеў. Па сьмерці Кіпрыяна Вітаўт хацеў бачыць на мітрапаліцкае катэдры біскупа Полацкага Феодосія, але патрыярх на гэта не згаджаўся. Тады Вітаўт зьбірае ў Навагрудку сабор літоўска-беларускіх біскупаў: Полацкага, Чарнігаўскага, Смаленскага, Холмскага, Тураўскага і Уладзімірскага (1416), на якім быў выбран мітрапалітам Грыгоры Цамвлак. Але незалежнасьць праваслаўнай царквы ўстанавілася не адразу. Казімір адзін час прызнаваў уладу маскоўскага мітрапаліта Іоны. Толькі ў 1467 годзе патрыарх Грыгоры Мамма паставіў Грыгор’я Баўгарскага мітрапалітам Кіеўскім, Літоўскім і ўсёй ніжняй Русі. Маскоўская Царква ня прызнала Грыгор'я канонічна пастаўленым мітрапалітам і пастанавіла „к тому Грігорію не пріступаті, ні грамот нам от него не прініматі нікакіх, ні совета с нім не іметі ні о чем же”. Аддзяленьне літоўска-беларускае царквы ад вялікарасійскай было поўнае. Імкнучыся да аддзяленьня праваслаўнае царквы ад юрысдыкцыі маскоўскага мітрапаліта, літоўскі ўрад апекаваўся над вуніяй. Гэтак Гэрасім – біскуп смаленскі, стаўшы мітрапалітам, прыняў вунію, але ў 1435 годзе быў спалены ў Віцебску Сьвідрыгайлам. Пасьля таго, як з Масквы быў выгнаны Ісідар, які падпісаў акт Флёрэнтыйскай вуніі (1439), літоўскі ўрад прызнаў яго. Грыгоры, пастаўлены ў мітрапаліты пры Казіміру, гэтак сама быў вуніятам, але яго не прызнавалі біскупы, а яго наступнік Місаіл аднёсься да яе зусім адмоўна. Унітарныя спробы закончыліся няўдачай.

Праўнае становішча праваслаўнае царквы. Літоўска-беларуская царква ў царкоўна-юрыдычных адносінах падлягала канстантынопальскаму патрыярху. Галава царквы або абіраўся саборам, або назначаўся вялікім князем. Граматы вялікіх князёў, пачынаючы з Вітаўта, зацьвердзілі за царквой права духоўнага суду, згодна Номоканону і гэтак званаму „Світку Ярославову". Пастановы мясцовых сабораў былі абавязковы для царквы. Правы праваслаўнае царквы, як духоўныя, гэтак і маёмасныя, былі зацьверджаны граматай 1511 г., выданай мітрапаліту Іосіфу Солтану.

Праўнае становішча праваслаўных. З 1387 году праваслаўныя ў грамадзянскіх праўных адносінах былі пастаўлены не ў аднолькавыя ўмовы. Прывілей Ягайлы 1387 году меў на ўвазе толькі католікаў. Гарадэльскі прывілей 1413 году меў конфэсыянальны артыкул, забараняўшы асобам не каталіцкага веравызнаньня займаць вышэйшыя ўрады і засядаць у гаспадарскай радзе. Гэты артыкул захоўваўся і у пазьнейшых прывілеях, але яго моц пашыралася ўласна на Літву. У Полацку, Віцебску, Смаленску, Кіеве, Валыні праваслаўныя мелі права займаць усе ўрады. Толькі рада заставалася юрыдычна недаступная, але і ў ёй у канцы XV і першай чвэрці XVI ст. паяўляліся асобы грэцкага закону, ня гледзячы на протэст радных-паноў. У грамадзянска-праўных адносінах католікі і праваслаўныя былі зраўнаны прывілеем 1432 і 1434 г. г., і 2-га мая 1447 году, калі праваслаўная царква офіцыяльна лічылася ў унітарных адносінах з рымска-каталіцкай. Першыя два прывілеі мелі на ўвазе ўласна Літву. Прывілей Казіміра пашыраў сваю моц на ўсю тэрыторыю княства. Аб конфэсыяналым артыкуле прывілею не ўспамінаецца ў прывілеях вялікага кн. Казіміра, Аляксандра і Жыгімонта І ў год уступленьня апошняга на пасад. Пазьней, у 1522 годзе назначэньне князя Астрожнага ў раду разглядаецца як парушэньне Гарадэльскага прывілею.

Права патронату. Паасобныя цэрквы й манастыры знаходзіліся пад апекай прыватных асоб у тым ліку і вялікага князя. Цэрквы і манастыры. што знаходзіліся пад патронатам, складалі як-бы прыватную ўласнасьць сваіх патронаў. З перадачай або прадажай айчыны другому ўладару, пераходзіла да яго і права патранату, даваўшае повад сьвецкім асобам умешвацца ў царкоўныя справы. Цэрквы й манастыры, ня меўшыя патронаў, знаходзіліся ў беспасярэднім веданьні біскупа.

Католіцызм у Літве. З часоў аб’яднаньня Літвы й Польшчы, католіцызм шырока распаўсюдзіўся паміж літоўскага баярства, але на тэрыторыі беларускіх і ўкраінскіх зямель католіцызм пакуль-што ня пусьціў значных парасткаў. На чале касьцёлу стаяў біскуп віленскі. У 1317 годзе было заснована Медніцкае біскупства на Жмудзі. У 1429 г. было заснована каталіцкае біскупства ў Луцку. Каталіцкі касьцёл займаў упрывіліёванае становішча. Прыналежнасьць да яго баярына-шляхціца нагараджалася шэрагам істотных праў і вольнасьцяў. Кароль меў права патранату над каталіцкім касьцёлам.

Агульны характар царкоўнай палітыкі. Рэлігійная політыка вялікіх князёў Літоўскіх адзначалася дваістасьцю. Офіцыяльна вялікія князі павінны былі мець на ўвазе толькі інтарэсы каталіцызму. Але пераважная маса насяленьня трымалася праваслаўя. Гэта прымушала вялікіх князёў падтрымліваць праваслаўе асабліва ў беларускіх і ўкраінскіх краінах, дзе правы царквы былі забясьпечаны краіннымі прывілеямі. Наогул, політыка была веразноснай. Разам з каталіцкімі сьвятынямі і праваслаўныя сьвятыні атрымлівалі землі і правы суду над пасяліўшымся насяленьнем і збору падаткаў на сваю карысьць. Неадчэпнасьць мітрапаліцкіх праў і суду, а гэтак сама царкоўнае маёмасьці і даходаў была пацьверджана граматай Жыгімонта І ў 1511 г.

М). Законадаўства.

Судзебнік Казіміра Ягельлёнчыка. Адсутнасьць пісоўнага права прычыняла мноства нявыгод. Пры панаваньні звычаёвага права мелі месца частыя надужыцьці. Каб унікнуць апошніх быў выданы Судзебнік, апублікаваны 29-га лютага 1468 году. пасьля папярэдняе нарады „з князьмі і з паны-радаю нашаю Вялікага Княства Літоўскага і з усім паспольствам" Судзебнік вельмі кароткі. У ім толькі 25 артыкулаў, якія датычаць большай часткай крымінальнага права і крымінальнага процэсу і вызначаюць, галоўным чынам, кару за крадзеж. Абараняючы маёмасныя правы землеўласьніцкага стану, Судзебнік замацаваў за земляўласьнікамі юрысдыкцыю над сваімі падданымі.

Статут 1529 году. Мноства законадаўчых помнікаў (шляхецкія прывілеі, краінныя прывілеі, гаспадарскія пастановы і г. д.) выклікала ня мала непаразуменьняў пры разглядзе судовых спраў. Канечнасьць кодыфікацыі права была відавочнай. Новы законадаўчы зборнік павінен быў аб’яднаць усе правы і вольнасьці, наданыя шляхце. Складанасьць экономічных і грамадзянскіх праўных адносін падкрэсьлівала няўхільную канечнасьць дакладнага азначэньня норм грамадзянскага права. Распачатая барацьба паміж магнацтвам і звычайнай шляхтай нястомна вымагала кодыфікацыі права з тэй мэтай, каб задаць магнатам політычны ўдар, які пазбавіў-бы іх магчымасьці надужыцьця пры судовых справах. У 1514 годзе сойм зьвярнуўся да гаспадара з просьбай аб выданьні Статуту. У 1522 годзе на Віленскім сойме гаспадар выдаў загад укласьці новы Статут. 6-га сьнежня 1522 году адбылася публікацыя Статуту, але дзейнасьць яго пачалася толькі з 29-га верасьня 1529 году, калі Статут быў апублікованы ў канчатковай рэдакцыі. Статут складаецца з 13-х разьдзелаў і датычыць грамадзянскага і крымінальнага права, судаўніцтва і судаводзтва, шляхецкага права, вайсковай службы, гаспадарскіх правоў. Статут 1529 году замацаваў законадаўчым парадкам за магнатамі тое становішча, якое яны фактычна займалі ў дзяржаве. Статут 1529 году стаўся падставай для шляхты ў яе барацьбе з магнатамі за пашырэньне сваіх політычных праў. Статут пашыраў сваю моц на ўсю тэрыторыю Літоўска-Беларускай дзяржавы. Крыніцы Статуту былі: звычаёвае права, судовыя прыгаворы, соймавыя пастановы, гаспадарскія распараджэньні, шляхецкія і агульна-земскія прывілеі, нацыянальныя прывілеі, помнікі польскага шляхецкага права. Статут — права земляўласьнікаў. У ім адбілася пануючая роль у дзяржаве земляўласьніцкага стану. Статут зьяўляўся відавочным паказчыкам таго, што беларуская культура была асновай у дзяржаве. Літоўска-беларускае права мела індывідуалістычны характар. Абарона праў шляхетнае асобы і індывідуальная адказнасьць за праступленьні — асноўныя прынцыпы Статуту 1529 г.

Суд намесьнікаў-дзяржаўцаў. Дзяржаўцы-кіраўнікі гаспадарскіх маёнткаў мелі ў сваіх руках права суду над сялянамі, неўпрывіліёванымі гарадамі, баярамі-шляхтай і рэштай насяленьня гаспадарскіх мёнткаў. У справах крымінальных, як-то: гвалт, разбой, падпаленьне, гвалт над жанчынай, шляхецкая рана, — суду дзяржаўцы падлягалі і мяшчане гарадоў з магдэбурскім правам, уласьніцкія сяляне і іншыя падданыя. Ад суду дзяржаўцы былі свабодны асобы, якія мелі асаблівыя прывілеі, аддаваўшыя іх пад юрысдыкцыю вялікага князя, або яго паўнамоцных. Усе падсудныя маглі перавесьці сваю справу на суд гаспадара, але заявіўшы аб гэтым да разгляду справы. Статут 1529 г. забараняе апэляцыі да гаспадара. Суд дзяржаўцаў стаў ніжэйшай інстанцыяй. Дзяржаўца судзіў у прысутнасьці прадстаўнікоў мясцовага грамадзянства: баяр, мяшчан, а часамі і сялян. Статут 1529 году дазваляе дзяржаўцу выбіраць з-паміж мясцовай шляхты для прысутнасьці на судзе. Суд ваявод і стараст быў судом першай інстанцыі ў той акрузе, якая прылягала да гаспадарскага маёнтку, што знаходзіўся беспасярэдна ў гаспадарчым веданьні ваяводы, або старасты. Сяляне прыватна-ўласьніцкія падлягалі юрысдыкцыі сваіх уласьнікаў. У выпадку адмовы апошніх — справа паступала на суд дзяржаўцы. Пры адпраўленьні суду на карысьць дзяржаўцы паступала шэраг падаткаў: пераезд, павіннае, выметнае, пакалоднае, зарукі.

Суд ваяводы. Ваявода быў судзьдзёй у тым старостве, дзяржаве, якімі ён кіраваў па такіх самых асновах, як намеснік-дзяржаўца. Ваявода судзіў асоб, патрабуючых яго суду, і разглядаў жалабы, паданыя на дзяржаўцу. Ваявода Смаленскі судзіў у прысутнасьці ўладыкі, скарбніка, акольнічага, старасты места Смаленскага, канюшага, чашніка, лоўчага, князёў і баяр Смаленскай зямлі. Ваявода Віцебскі – з гараднічым, ключнікам, канюшым, лоўчым, сакольнічым, кухмістрам, князьмі і баярамі Віцебскай зямлі. Накшталт гэтага судзіў і ваявода Полацкай зямлі.

Суд вялікага князя. Вышэйшым судом быў суд вялікага князя. Ён быў першай інстанцыяй для тых грамадзянскіх груп, якія ня былі падсудны мясцовым уладам, і для ўсіх, патрабуючых гаспадарскага суду. Па Статуту 1529 году адозва на суд гаспадара без папярэдняга разгляду справы у адпаведнай інстанцыі была забаронена. Насяленьне Полацкае і Віцебскае зямель падлягала суду вялікага князя толькі ў часе побыту яго на тэрыторыі зямель. Вялікі князь судзіў у прысутнасьці асэсараў, паноў-рады, дворных ураднікаў і іншых урадовых асоб. Асэсары дапамагалі гаспадару ў вядзеньні судовага процэсу, але самы прыгавар выносіўся аднаасабова вялікім князем. Суду вялікага князя падлягалі князі, паны-рады, чужаземцы, а гэтак сама шляхта, непадсудная цівунам-дзяржаўцам. Для ўсіх іншых грамадзянскіх груп Статуту 1529 году суд вялікага князя быў судом трэцяй інстанцыі.

Суд паноў рады Гаспадарская рада пачала цікавіцца судовымі справамі яшчэ пры вялікім князю Казіміру Ягельлёнчыку з прычыны яго частых выездаў у Польшчу. Суд паноў-рады быў раўназначны суду вялікага князя. На судзе прысутнічалі радныя паны, што знаходзіліся ў гэты момант у Вільні. Для судоў паноў-рады назначаліся пэўныя тэрміны два разы ў год.

Агульны характар судаўніцтва. Судовая організацыя была пабудована на прынцыпе асаблівай упрывіліёванасьці магнатаў, падсудных толькі вялікаму князю. Для звычайнага, пражываючага ў павеце, шляхціца немагчыма было судзіцца з магнатам. Гэтае засільле магнацкае было замацована статутам 1529 году і мела вялізны уплыў на разьвіцьцё соцыяльня-політычнага настрою шляхты.

Н). Культурныя ўплывы.

Перавага беларускае культуры. Літоўскае Вялікае Княства ў культурных адносінах зьяўлялася беларускім. Беларуская мова была мовай дзяржаўнай. Гаспадарскія лісты, граматы, соймавыя ўхвалы публікаваліся ў беларускай мове. Беларуская мова ўжывалася ў гаспадарскай канцылярыі і ў судаўніцтве. Судзебнік 1468 году і Статут 1529 году, краінныя прывілеі былі апублікаваны на беларускай мове. На гэтай-жа мове пісаліся беларускія летапісы, хронікі, жыцьці сьвятых, сьвецкія бэлетрыстычныя творы. Росквіт беларускае культуры абымае ўсё XVI ст., калі багацьце і сіла беларускага духоўнага жыцьця знайшла поўнае выяўленьне. Пануючыя клясы ў XV ст. і ў першай палове XVI ст. заставаліся вернымі нацыянальнай культуры.

Польская культура. З завязаньнем Літоўска-Польскай вуніі ў Літву стала пранікаць і польская культура. Праваднікамі яе быў урад і духавенства. Літоўскае магнацтва, прыняўшы католіцызм, гэтым самым прышчапіла ў сябе і польскую культуру. Праз гандаль ліцьвіны азнаёміліся з эўропэйскай культурай. Аднак польская культура робіць нязначныя посьпехі, яе разьвіцьцё прыпыняе нацыянальна-політычная барацьба XVI ст. Майскі прывілей 1447 году, надаўшы прывілеі усёй шляхце незалежна ад рэлігійнай прыналежнасьці, прыпыніў пашырэньне каталіцкай і польскай культуры. І ўсё-ткі літоўскае магнацтва паступова ўцягвалася ў сфэру ўплыву польскае культуры. Пад уплывам апошняй пачала ўжывацца лацінская мова ў зносінах з Захадам і часткаю з Польшчай. Прывілеі рымска-каталіцкага касьцёлу пісаліся у лацінскай мове, а часткай і прывілеі на магдэбурскае права, пераважна на тэрыторыі Літвы. Акты, празначаныя для Падляшша, публікаваліся на лацінскай мове. Літоўскія паны католікі пачалі езьдзіць вучыцца ў Кракаўскі унівэрсытэт: Гаштольд, Гэдройцы, Князь Сьвірскі. Паасобныя паны вандруюць па заходняй Эўропе, і прывілей 1447 году дазволіў гэтыя паездкі за граніцу.