Гісторыя Беларусі (Пічэта)/Пачатак шляхецкае фэодальнае дзяржавы

Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага Пачатак шляхецкае фэодальнае дзяржавы
Аўтар: Уладзімір Пічэта

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




V.

Пачатак шляхецкае фэодальнае дзяржавы.

І. Літоўска-польскія адносіны.

Абраньне Жыгімонта І. Вунія 1401 году фактычна ня была ажыцьцёўлена. Адносіны паміж Літвой і Польшчай засталіся бяз зьмены. У 1506 годзе памёр вялікі князь Аляксандар. Літоўскія магнаты не паехалі на супольны з палякамі сойм і “одностайною волею” абралі на пасад брата нябожчыка вялікага князя Жыгімонта. Палякі з свайго боку абралі яго каралём, не паднімаючы пытаньня аб умовах вуніі. Ня гледзячы на гэта, фактычна ўмовы Мельніцкага трактату былі ажыцьцёўлены. Літва і Польшча мелі аднаго гаспадара. Літоўскія магнаты не маглі пагадзіцца з гэтым. У сваім імкненьні да самастойнасьці магнаты хацелі дабіцца ад Жыгімонта згоды на тое, каб ягоны сын Жыгімонт, шасьцёхгадовы хлопчык, быў абвешчан вялікім князем. Абраньне адбылося на сойме ў 1526 годзе. Гэткі паступак магнатаў сьведчыў аб іх адмоўных адносінах да вуніі Літвы з Польшчай. Жыгімонт спачатку адхіліў просьбу магнатаў; толькі ў 1529 годзе Жыгімонт згадзіўся здаволіць просьбу літоўскіх магнатаў. Яго сын прыехаў у Вільню, дзе адбылася яго каранацыя. Каранацыя маладога Жыгімонта-Аўгуста - гэта вялікая перамога літоўскіх магнатаў у іх барацьбе за незалежнасьць княства. Гэта быў момант найвышэйшага політычнага ўплыву магнатаў, уплыву, які затым пачынае падаць і зьмяняецца падвышэньнем шляхецкага стану.

Жыгімонт-Аўгуст вялікі князь. Суўрадаваньне Жыгімонта ІІ з бацькам цягнулася да 1547 году, да сьмерці яго прастарэлага бацькі. Малады Літоўскі вялікі князь выяўляў у дзяцінстве нязвычайНыя здольнасьці. Але прыдворная сфэра і ўплыў на Жыгімонта-Аўгуста яго маткі – каралевы Боны, не давалі магчымасьці маладому вялікаму князю паважна аддавацца працы. Магнатам удалося вырваць яго з прыдворнага жыцьця і аддаць яго на выхаваньне Гнезьненскаму кашталяну Пятру Ассалонскаму. Але карысны ўплыў выхаваўцы трываў нядоўга. Жыгімонт ІІ ня любіў ніякае паважнае працы і аддаваўся розным забавам. Просты, даступны, пазбаўлены ўсялякага фанатызму і рэлігійнага шовінізму, Жыгімонт ІІ-Аўгуст быў популярны паміж літоўска-беларускіх магнатаў і шляхты. Паважныя адносіны да дзелавых пытаньняў хутка зьмяніліся закаханьнем да забаваў, баляў, маскарадаў, паляўніцтва. Жыгімонт ІІ-Аўгуст стаў пакорным прыладзьдзем тых грамадзянскіх груп, якія стаялі за ім. Спачатку ён быў у сфэры ўплыву літоўскіх магнатаў, дасягнуўшых найвышэйшага свайго ўплыву, калі ўдава Барбара Гаштольд, сястра Міколы Радзівіла, таемна пашлюбіла вялікага князя. Польская партыя на чале з каралевай Бонай пастаралася пазбавіцца ад непажаданай каралевы, каранованай 1550 г. і ў наступным годзе раптоўна памёршай. Сьмерць Барбары Радзівіл супала з момантам палітычнага умацаваньня шляхты, якая, змагаючыся з магнатамі, адносілася вельмі прыхільна да Літоўска-польскае унітарнае проблемы. Толькі вунія з Польшчай магла прысьпяшыць перамогу шляхты над магнатамі, а гэта павінна было зьмяніць соцыяльную політычную структуру Вялікага Княства. Знадворныя мітрэнгі прысьпяшылі працэс усьведамленьня шляхтай соцыяльна-політычнага значэньня вуніі, якая і была ажыцьцёўлена толькі пры дапамозе літоўска-беларускае шляхты.

Унітарная проблема пры Жыгімонце-Аўгусьце. Барацьба за вунію і супроць яе была барацьбою двох розных політычных сьветаглядаў. Магнаты, баронячы самастойнасьць Літвы, стараліся захаваць для сябе пануючае соцыяльна-політычнае значэньне і не жадалі дапусьціць распаўсюджаньня польскага элемэнту ў Літве. Шляхта не цікавілася пытаньнем а самастойнасьці Вялікага княства. Ашляхечваньне дзяржавы, якое магло быць ажыцьцёўлена толькі пры ўмове вуніі з Польшчай, адчыняла шлях да ўлады, да ўрадаў, да дзяржаўных маёнткаў, значная частка якіх была ў заставе у магнатаў. Канечнасьць абароны граніц, якая ўсім цяжарам падала на шляхту, і нарэшце Лівонская вайна прымусілі шляхту заняць баёвую позыцыю у адносінах да вуніі, патрабуючы на соймах яе ажыцьцяўленьня. Магнаты працівіліся покуль маглі. Але яны былі прымушаны прызнаць унітарную праблему чарговай і паслаць дэлегацыю для завязаньня вуніі на Варшаўскі Сойм 1563 году, згаджаючыся на такія умовы вуніі, якія-б зусім не зьмянялі ўнутранай аўтаноміі Літоўска-Беларускай дзяржавы і забясьпечылі-б незачэпнасьць усёй тэрыторыі Літоўска-Беларускай дзяржавы. Палякі не маглі згадзіцца на гэтыя умовы, бо іх галоўнай мэтай былі ўкраінскія землі; каб ажыцьцёвіць гэтую мэту палякі дабіваліся вуніі з Літвой на прынцыпе інкорпорацыі.

2. Знадворныя адносіны.

Лівонская вайна (1558-1582). Масква у сваім імкненьні да берагоў Бальтыкі пачала вайну з Лівонскім Законам, спадзяючыся на яго слабасьць і ўнутранае бязладзьдзе. У 1558 годзе маскоўскае войска спустошыла Лівонію, захапіла Нарву, Дэрпт, Нэнгауз і насоўвалася далей у глыб Лівоніі. Лівонскі Закон ня мог ніадкуль атрымаць дапамогі. Тагды магістар Кэтлер зьвярнуўся за дапамогай да Літвы. 31-га жніўня 1559 году была завязана ўмова, на моцы якой Закон паступаў пад протэкторат вялікага князя. Жыгімонт ІІ-Аўгуст паслаў Івану Грознаму ультыматум, каб той спыніў ваенныя дзеяньні. Ультыматум застаўся без рэзультату, і Літве прышлося ўмяшацца ў Лівонска-Маскоўскія адносіны. Ваенныя дзеяньні спачатку складваліся няўдачна для Літвы. Полацк, Веліж, Нэвэль, Себеж былі захоплены маскоўскім войскам. У 1566 годзе Жыгімонт-Аўгуст прапанаваў Івану IV завязаць умову з уступкай Беларусі. Але Іван IV, апіраючыся на думку Земскага Сабору, даў адмоўны адказ. Ваенныя дзеяньні зноў распачаліся і цягнуліся да 1572 году, калі Жыгімонт-Аўгуст быў прымушаны завязаць перамір’е з Масквою, пакінуўшы за ёю Полацк і ўсю Лівонію. Пад уплывам утварыўшагася становішча на тэатры ваенных дзеяньняў Лівонія была прымушана прызнаць спачатку неагранічаныя паўнамоцтвы старасты Жмудзкага—Яна Хадкевіча „гэтмана і адміністратара", а затым завязаць вунію з Літвою на гэткіх умовах: Лівонія прызнае ўладу вялікага князя, які абіраецца супольна; Аугсбурскае вызнаньне веры застаецца непарушана; забараняецца пропаганда іншых рэлігій; застаюцца ўсе старыя вольнасьці; будуюцца школы і цэрквы для народу; замковыя і гарадзкія ўрады замяшчаюцца мясцовымі ўраўраджэнцамі; адміністратарам назначаецца асоба, якая ведае нямецкую мову, з правам хадайніцтва а яго зьмяшчэньні (1566). Гэткім чынам Лівонскі Закон перастаў самастойна існаваць. Лівонская вайна напружыла ваенныя і грашовыя сродкі шляхты да апошняга. Ураду прыходзілася вельмі часта зьбіраць вальныя соймы, якія ўмацоўвалі політычную вагу шляхты. Пад уплывам няўдачнае вайны, беларуская шляхта схіляецца да вуніі з Польшчай, спадзяючыся пры дапамозе апошняй разьбіць маскоўскае войска і вызваліць свае землі ад чужацкай окупацыі.

Літва і татары. Спачатку XVI ст. літоўскі вялікі князь абавязаўся выплачваць крымскаму хану штогодную дань і выхад. Аднак сваячасная выплата дані не ратавала пагранічныя украінскія мясцовасьці ад татарскіх набегаў. У барацьбе з Масквой крымскія ханы ня прымалі ніякага ўдзелу. Выплата дані ў 3000 коп грошай пры ўбогасьці гаспадарскага скарбу вельмі цяжка адгукалася на фінансах Вялікага Княства.

Організацыя абароны. Бязупыннае напружанае становішча на ўсходняй і паўднёвай граніцах дзяржавы прымушала прымаць шэраг крокаў па організацыі абароны. У барацьбе з Масквою адно паспалітае рушэньне не выстарчала; прышлося зьвярнуцца да наёмных войск, лік якіх значна павялічыўся ў часе Лівонскае вайны. Утрыманьне наёмнага войска абцяжала бюджэт дзяржавы. У 1545 годзе ўрад Жыгімонта І распачаў рэвізыю ўкраінскіх замкаў: Овруча, Жытоміра, Луцку, Уладзіміра, Крэменца, Браслаўля і Веньніцы. Рэвізыя знайшла, што становішча абароны замкаў нездавальняючае, а гэтак сама, што мясцовыя земляўласьнікі ўхіляюцца ад тых павіннасьцей якія ляжалі на іх па абароне краіны. У 1552 годзе была зроблена новая рэвізыя замкаў: Чарнабыльскага, Остэрскага, Любецкага, Мозырскага, Кіеўскага, Жытомірскага, Луцкага, Крэменецкага, Чаркаскага, Канеўскага, Веньніцкага і Браслаўскага. Замкі ахоўваліся наёмнымі людзьмі. Для утрыманьня апошніх шляхта была абложана “поконевскімі пенязьмі” і звальнялася ад выстаўленьня аднаго каня. Гэтая пастанова была прынята на Сойме 1552 году і выклікала з боку шляхты вялікае нездаволеньне з тэй прычыны, што яе прадстаўніцтва на Сойме ня было. Падатак зьбіраўся строга, не выключаючы конфіскацыі маёнткаў.

Фінансавыя заходы. Становішча скарбу. Гаспадарскі скарб ня мог вытрымаць усяго таго цяжару, які выпадаў на яго долю. Урад павінен быў учыніць надзвычанныя крокі: аддаваць у заставу гаспадаарскія маёнткі, зьбіраць надзвычайны падатак „сярэбшчыну” (1507, 1516, 1522, 1529, 1534, 1538, 1540, 1551). У часе Лівонскай вайны урад неаднокраць быў прымушан зьбіраць сярэбшчыну. Сойм 1559 году дэкрэтаваў яе збор на два гады. У 1563 г. быў устаноўлен збор сярэбшчыны ў працягу трох год. Сярэбшчына паступала нерэгулярна. Берасьцейскі Сойм 1566 году пастанавіў выплату сярэбшчыны ў падвойным ліку, у выпадку калі яна ня выплачана ў час. У 1561 годзе ваенна-служылыя земляўласьнікі былі абложаны „поконевскімі пенязьмі”. Гародзенскі сойм 1566—1567 пастанавіў выплату новай сярэбшчыны на два гады. Пад уплывам убогасьці скарбу, тавары, што вывозіліся за граніцу і прывозіліся адтуль, былі абложаны спэцыяльнымі паборамі (1561). Вінаватыя ў укрываньні тавараў, трацілі сваю маёмасьць. На гэтым-жа сойме быў вызначаны збор „помолу” з усіх тых, хто будзе малоць пшаніцу, жыта, солад і крупу на млынох ці хатніх жорнах па продаж. Матар’ялы вырабу піва, мёду і гарэлкі гэтак сама былі абложаны. Памол у маёнтках земляўласьнікаў паступаў на карысьць уласьнікаў з тэй умовай, каб ён ішоў на мэты лепшага ваеннага ўзбраеньня. Усе гэтыя фінансавыя заходы ўраду ўсім сваім цяжарам падалі на шляхту. Самыя падаткі дэкрэтаваліся на соймах пры ўдзеле шляхты. Ваеннае і фінансавае значэньне шляхты зусім зьмяніла яе політычнае становішча.
З. Аграрная рэформа.

Гаспадарчая політыка ў заходніх краінах. Распад натуральнае гаспадаркі і пераход да грашовае адбіўся на становішчы сельскае гаспадаркі ў заходніх дварох вялікага князя. Канечнасьць павялічэньня прыбыткоўнасьці і продукцыйнасьці гаспадарскіх маёнткаў прымушала ўрад умешвацца ў вядзеньне дзяржаўнай гаспадаркі і рэгуляваць яе. Гаспадарскія ўставы 1514—1529 г.г. залажылі фундамэнт для новага гаспадараньня ў інтарэсах рынку і організацыі кантролю над дзейнасьцю дзяржаўцаў, каб пазбавіцца магчымых з іх боку надужыцьцяў. Але уставы не чапалі з даўных-даўна склаўшыхся форм сялянскага землеўладаньня. Наказ старастам і дзяржаўцам, апублікованы незадоўга да валочнага уставу, мае на ўвазе выключна прадпрыемчую гаспадарску, разьвіцьцё якой не павінна было зьмяняць сялянскія пазямельныя адносіны. Наказ не закранаў гэтае стараны.

Гаспадарчая політыка у ўсходніх краінах. Слабае разьвіцьцё сельскае гаспадаркі і крыху іншы склад насяленьня адносна павіннасьцей, ставіў літоўска-беларускую адміністрацыю па-за сфэрай уплыву новае экономічнае політыкі. Але й тут прынцып валасной старасьветчыны няпрыметна парушаўся. Адміністрацыя пачала выстаўляць новыя патрабаваньні адносна павіннасьцей. Непаразуменьні паміж насяленьнем і адміністрацыяй вырашаў урад, які ў апублікованых уставах захоўваў старасьветчыну; але пад выглядам апошняй пранікалі ў уставы і „новіны”. Дзякуючы гэтым уставам старасьветчына была замацована і адносіны валаснога насяленьня да ўрадовай адміністрацыі былі больш дакладна азначаны.

Канечнасьць аграрнай рэформы. Становішча літоўска-беларускага скарбу было безнадзейнае. А тымчасам становішча дзяржавы вымагала новых і новых сродкаў. Атрымаць апошнія было магчыма толькі падняўшы прыбыткоўнасьць і продукцыйнасьць гаспадарскіх маёнткаў, а гэта магло быць ажыцьцёўлена толькі пры ўмове пераходу да трохпольнай сыстэмы ральніцтва і поўнага зьніштажэньня старасьвецкіх формаў землеўладаньня. Об'ектыўныя ўмовы спрыялі гэткай рэформе. На Эўропэйскім рынку заўважваўся асаблівы попыт на літоўска-польскія сельскагаспадарчыя продукты: жывёлу, збожжа, скуру рагатае і дробнае жывёлы. Ёмасьць замежнага рынку паступова павялічвалася. Карыстаючыся старой гаспадарскай тэхнікай, Літва не магла павялічыць продукцыйнасьці сваіх гаспадарак. Гэта разумелі некаторыя ўрадовыя дзеячы, паміж якіх першае месца займаў стараста Кнышынскі пан Станіслаў Фальчэўскі. Спроба гэткай новай аграрнай політыкі была часткова і ўдачна ажыцьцёўлена каралевай Бонай у Пінскім і Клецкім княствах.

Прынцыпы рэформы. Істота аграрнае рэформы замыкалася у больш дакладным вызначэньні велічыні сялянскіх вучасткаў, раўнамерным іх разьмеркаваньні паміж сялян і дакладным вызначэньні тых павіннасьцей, якія ляжалі на вучастках. Да аграрнае рэформы сялянскія вучасткі былі нераўнамерны і ня было ніякой пэўнай сыстэмы у выплатах. Сама гаспадарская ніва была параўнаўча невялікая. Для ажыцьцяўленьня аграрнай рэформы была ўложана „устава на волокі”, якою павінны былі кіравацца дзеячы рэформы. Для вымеру зямель пасылаліся ў гаспадарскія двары рэвізоры і мернікі, якія павінны былі, надзяліўшы пэўную колькасьць зямлі на дворную ніву, рэшту зямлі разьдзяліць на валокі. Аграрная рэформа павінна была зьністожыць цераспалосіцу. З гэтай мэтай прыватнаўласьніцкія землі адбіраліся на гаспадара, а ўласьнік атрымліваў „слушную отмену”, калі праверка праў на землю пацьвердзіла, што дзяржаўца зямлі карыстаўся ёю на законнай падставе. Праверка праў на землю выкрыла лічныя захваты гаспадарскіх зямель. Уласьнікі, нездаволеныя адменай, мелі права падаваць гаспадару жалабы на чыннасьць яго ураднікаў. Дворнай гаспадаркай кіраваў дзяржаўца пад сваёй адказнасьцю. Дворная зямля абраблялася працаю цяглых сялян, абавязаных працаваць на гаспадарскім двары два дні на тыдзень. Рэшта сялян былі пасаджаны “на осаде”. Челядзь нявольная была пераведзена ў катэгорыю агароднікаў. Павіннасьці цяглых сялян, апрача адбываньня паншчыны, замыкаліся ў выплаце чыншу, у залежнасьці ад якасьці зямлі й валокі, і натуральных падаткаў — у выглядзе кур, гусей, яек, стацый, а гэтак сама сена і аўса. Усе гэтыя натуральныя падаткі маглі быць пераведзены на грошы. Апрача гэтага цяглыя людзі выходзілі на талаку чатыры разы “з чым укажут”. Асадныя сяляне выплачвалі чынш, дробны даход, талаку, гвалт, авёс, сена, асаду; пры гэтым пры вызначэньні паасобных відаў падаткаў прымалася пад увагу якасьць зямлі. Валочная сыстэма зьністожыла апошнія рэшткі валасной організацыі. Яня паставіла сельскае насяленьне ў беспасярэднія адносіны да дворнае адміністрацыі. Гаспадарскія дзяржавы дзяліліся на войтаўствы, у склад якіх уваходзіла пэўная колькасьць валок. Войт назначаўся рэвізорам. На яго абавязку знаходзіўся кантроль над сельскім насяленьнем па адбываньню прыналежных ім павіннасьцей, а гэтак сама беспасярэдняе выкананьне гаспадарчых распараджэньняў ураду. Апрача асаднага і цяглага сялянства ў кожнай дзяржаве была вышэйшая катэгорыя насяленьня – рамесьнікі, прамыслоўцы, асобы, адбываўшыя пры дварэ якую-колечы службу. Гэтыя рабочыя элемэнты былі пасаджаны на землю. Звычайныя, цяглыя і асадныя людзі сядзелі на аднэй валоцы. Вышэйшая катэгорыя насяленьня — найчасьцей на дзьвёх, свабодных ад усялякіх падаткаў. Калі валокі заставаліся неразобраныя, то яны раздаваліся сялянам, якія ў залежнасьці ад становішча сваёй сямейнай рабочай сілы маглі несьці гаспадарку на дзьвёх валоках. Аграрная рэформа зачапіла толькі заходнія краіны, ня толькі воласьці, але й гарады, як з магдэбурскім правам, так і без яго.

Вынікі рэформы. Аграрная рэформа дала магчымасьць выясьніць данасьць зямельнага фонду, які знаходзіўся ў распараджэньні гаспадара. Правільная пастаноўка гаспадаркі павінна была даць гаспадару патрэбныя грошы і звольніць дзяржаву ад залежнасьці ад шляхты. Гэтае вызваленьне павінна было ўмацаваць вялікакняскую ўладу і аслабіць соцыяльны фэодалізм. Аграрная рэформа мела на ўвазе утварыць індывідуальнае сялянскае землеўладаньне і гаспадарку. Але рэформа ня зьністожыла колектыўных гаспадарак: на аднэй і тэй-жа валоцы сядзелі групы асоб, зьвязаныя паміж сабою сваяцкімі адносінамі. У іх складзе бывалі і староньнія людзі, індывідуалізацыя гаспадаркі не дасягнула сваіх мэтаў. Старыя сямейныя організацыі не маглі быць адразу зьністожаны. Ня гледзячы на гэта, вялікаму князю не ўдалося ўтрымаць у ўладаньні дзяржавы вялікякняскія домэны. Жыгімонт-Аўгуст і яго наступнікі былі прымушаны раздаваць землі за службу. Гэта аслабляла сілы дзяржавы і ўмацоўвала соцыяльна-політычнае значэньне шляхты. Фэодалізм ня быў зьністожаны.

Усходнія краіны. Аграрная рэформа не закранула ўсходніх краін. Для гэтага ў Прыдняпроўі і Прыдзьвіньні ня было адпаведных об’ектыўных умоваў. Непаразуменьні паміж адміністрацыяй і валасным насяленьнем прымусілі ўрад, не закранаючы істотных форм землеўладаньня і землекарыстаньня, прыступіць да вызначэньня падаткаў і павіннасьцей. Часьць зямлі, што знаходзілася ва ўладаньні “до волі і ласкі господарской“ звычайна адбіралася на гаспадара.

Лесная гаспадарка ў XVI ст. Для загранічнага гандлю ў другой палове XVI ст . лес меў першараднае значэньне. А тымчасам лесная гаспадарка вялася без усялякага пляну. Сяляне і прыватныя земляўласьнікі ўваходзілі ў гаспадарскія пушчы і займаліся іх эксплёатацыяй, паляўніцтвам і рыбацтвам у вазёрах. У сувязі з аграрнай рэформай урад ажыцьцяўляе „рэвізыю пушч і зьвярыных пераходаў". Гэтая рэвізыя выявіла становішча гаспадарскіх пушч і выкрыла зробленыя ў іх захваты. З мэтай больш правіловай пастаноўкі гаспадаркі, была выдана ў 1567 г. лесная ўстава, у якой падрабязна былі распрацованы правілы аховы лясоў. Пушчы разьбіваюцца на лясьніцтвы, на чале якіх стаіць лясьнічы; апошні супольна з асочнікамі, стральцамі, баброўнікамі, падлазьнікамі ахоўвае пушчу. На карысьць лясьнічага паступала дзевяць валок зямлі. Лясьнічыя былі абавязаны наглядаць за тым, каб ня было ніякай шкоды ні зьвяром, ні дрэвам бортным, ні іншым гатункам дрэў. Організаваўшы кантроль над пушчамі, урад ня мог прыступіць да самастойнае эксплёатацыі пушч, якая знаходзілася пераважна у руках чужаземнага капіталу.

Вынікі рэформы. Аграрная і лесная рэформы прысьпяшылі процэс распаду натуральнае гаспадаркі і рост грашовае. Аб гэтым сьведчыць шпаркае пашырэньне магдэбурскага права ў гарадох усходняе палавіны Беларусі. Павялічваецца значна ўнутраны гандаль, аб чым сьведчыць павялічэньне мытных збораў. Прыватныя ўладары асаджваюць мястэчкі і ў іх наладжваюць штотыднёвы торг і кірмашы. На вялікіх гасьцінцах адчыняюцца карчмы, дзе прадаецца хмельнае пітво. Замена натуральных павіннасьцей грашовымі была скуткам гэтага-ж процэсу. Аграрнай рэформаю Літоўска-Беларуская дзяржава цесна зьвязвалася з Захадам, асабліва з Польшчай, паколькі для літоўскага сырцу мела вялізнае значэньне Вісьлянская водная артэрыя, а гэтак сама з Гданскам і польскімі кірмашамі ў Пазнані. Гэтыя ўмовы мелі вялікі ўплыў на далейшы лёс вуніі Літвы з Польшчай. З разьвіцьцём грашовае гаспадаркі, рабы паступова зьліваюцца з цяглымі людзьмі. Утвараецца адзінае прыгоннае становішча.

4. Політычнае ўмацаваньне шляхецтва.

Умацаваньне шляхты на соймах. Знадворныя мітрэнгі зьмянілі суадносіны сіл у дзяржаве. У першай палове XVI ст. яшчэ адчуваецца ўплыў рады; гэты ўплыў асабліва праявіўся ў выданьні Статуту 1529 году. Перамены ў організацыі вялікага вальнага сойму сьведчыўі аб умацаваньні шляхецкай дэмократыі. На соймах, якія зьбіраліся ў сувязі з Лівонскай вайною, шляхта падвышае свой голас, яе ўплыў становіцца пануючым, да яе голасу прыслухоўваецца вялікі князь. Адначасна з гэтым уплыў паноў-рады зьмяншаецца. Падвышэньне шляхты ў соцыяльна-політычных адносінах было адбіткам тых перамен, што адбываліся ў народнай гаспадарцы. Уцягненьне ў сфэру грашовае гаспадаркі сярэдняга і дробнага землеўладаньня і павялічэньне значэньня апошніх у агульнай структуры народнай гаспадаркі было прычынай соцыяльна-політычнага падвышэньня шляхты.

Настрой шляхты. Шляхта вельмі добра разумела сваё новае фінансава-політычнае значэньне, як ваенна-служылае клясы і як выплатчыка сярэбшчыны. Ня гледзячы на трывожнае знадворнае палажэньне дзяржавы, шляхта займае бурлівую пазыцыю на соймах. Яна выступае з шэрагам жалаб і пажаданьняў. Шляхта нездаволена з організацыі суду, патрабуе агульнай падсуднасьці, новага судаўніцтва, выпуску монэты са згоды сойму, зьмены ўрадовай політыкі ў справе ажыцьцяўленьня аграрнае рэформы, завязаньня вуніі з Польшчай, рэформы адміністрацыі, паправы Статуту. Беларуская шляхта выступала на соймах з сваімі асобнымі просьбамі. На Віленскім сойме 1559 году Полацкая шляхта просіць гаспадара паступаць „водле прывілеяў і вольнасьцей” і ня ўмешвацца ў дом божы „Сьвята Софья і сьвят Спасе”. Просьба шляхты была здаволена. Шляхта выканала пажаданьне, каб „памятное, віжовое і дзецковное” зьбіралася “водле прывілеяў і вольвольнасьцей”. Гаспадар адказаў, што падаткі будуць зьбірацца па-старому, але толькі часова, „калі Статут новы будзе усім землям выдан”. Шляхта запатрабавала, каб з прыватнаўласьніцкіх мяшчан ня бралі падаткаў ад тавараў іх „которые колі до Рыгі спускаті будут“ а гэтаксама каб былі звольнены ад мыта тыя мяшчане, якія разам з гаспадарскімі мяшчанамі адбываюць замковую павіннасьць. Шляхецкае пажаданьне ня было здаволена. Затым шляхта прасіла, каб з іх падданых “ніколі ня бралі сярэбшчыны”, звольнілі ад выплаты мыта з тавараў пасыланых у Рыгу. Гэтыя пажаданьні ня былі здаволены. Нарэшце шляхта прасіла, каб былі ўстаноўлены судзьдзі і пісар прысяжны „для борзейшей справедлівості“. З падобнымі просьбамі выступала і Віцебская шляхта. Беларуская шляхта выступала на соймах ад імя ўсёй зямлі. Гэта сьведчыла аб станавасьці і адасобненасьці шляхты ад іншых грамадзянскіх груп.

Рэформы 60-ых гадоў. Літоўска-беларускае магнацтва давала адпор націску шляхты да апошняе магчымасьці. Але вайна з Масквой прымусіла пайсьці на ўступкі. Вялікі князь даў сваю згоду на “поправу статута”. На Бельскім Сойме (1563 г.) усе магнаты адмовіліся ад усіх сваіх судовых прывілеяў, прызналі агульную падсуднасьць і юрысдыкцыю новых земскіх ураднікаў. Але ўсе абяцаньні Бельскага прывілею былі ажыцьцёўлены толькі праз два гады. Новае судаўніцтва канечна вымагала новага падзелу на паветы. Віцебская зямля дзялілася на два паветы: Віцебскі і Аршанскі. У Полацкай зямлі – адзін Полацкі павет. Уласна Літва з Беларускімі краінамі, была падзелена на 15 паветаў. Палесьсе на 5. У межах кожнага павету ўстанаўляліся соймікі для абраньня чатырох кандыдатаў на судовыя ўрады, членаў земскага суду ў складзе: судзьдзі, падсудка і пісара. Правам абраньня карысталіся толькі аселыя шляхціцы. Крымінальныя справы: падпал, разбоі, зладзейства і абман, забойства шляхціца, гвалт над жанчынай – знаходзіліся ў веданьні ўрадовага замковага суду. Для „справ гранічных і земляных” організоўваўся суд падкаморскі ў складзе падкамор‘я, назначанага каралём, і каморніка. Здавальняючы просьбу шляхты аб памнажэньні пасадаў, урад ажыцьцёвіў новы тэрытарыяльны падзел, устанавіўшы пяць новых ваяводзтв. Валынскае, Браслаўля, Падольскае, Менскае, Берасьцейскае, Мсьціслаўля. Новы судовы і адміністрацыйны ўклад абмежаваў уладу ваяводы. У веданьні ваяводы засталося толькі начальства над усімі ваеннымі сіламі ваяводзтва. Адміністрацыйная ўлада вызначалася межамі толькі цэнтральнага павету. На чале паветаў былі пастаўлены старасты судовыя, меўшыя права суду над шляхтай у крымінальных справах. Статут 1566 году замацаваў за соймам яго законадаўчыя паўнамоцтвы і фактычна абмежаваў ўдачу вялікага князя вялікім вальным соймам. Для выбраньня дэпутатаў на сойм былі ўстаноўлены павятовыя соймікі, на якіх прымаюць удзел паны, ваяводы, старасты, кашталяны, маршалкі, князі і ўся павятовая шляхта. Сабраўшыся ад кожнага судовага павету, яны выбіраюць двох паслоў для прадстаўніцтва на сойме і даюць ім мандаты датычна пытаньняў, якія маюць разглядацца на соймах. Соймікі павінны быць сабраны за чатыры тыдні да сойму. Устанаўленьне шляхецкага прадстаўніцтва, рэформа суду і краіннага кіраўніцтва прыблізілі Літоўска-беларускі дзяржаўны ўклад да польскага. Гэта падрыхтавала магчымасьць ажыцьцяўленьня парлямэнтарнай вуніі 1569 г. Але пры падабенстве да дзяржаўнага ўкладу Польшчы, шмат у чым была і розьніца: на вальных соймах побач з павятовымі пасламі засядалі асобы, запрошаныя на сойм вялікім князем.

5. Царкоўна-рэлігійныя адносіны.

Паяўленьне протэстантызму. Гандлёвыя зносіны з Захадам спрыялі пранікненьню на Літву-Беларусь заходне-эўропэйскіх рэлігійных павеваў. Так Геранім Праскі — прыяцель Гуса—быў у 1413 годзе у Літве, Вільні і Віцебску. Па сьмерці Гуса і Героніма гусіцкі рух пранікаў у глыб Беларусі. З паяўленьнем у Нямеччыне протэстантызму гэты рух пачаў шпарка пашырацца на Беларусі, Валыні, Літве і Курляндыі, ня толькі з Польшчы, усходняй Прусіі, а гэтак сама з Лейпцыгу і Франкфурту. Галоўнымі праваднікамі протэстантызму былі рамесьнікі, купцы, маляры, што пражывалі ў Вільні і іншых гарадох. Першымі пашыральнікамі протэстантызму былі: італьянец Лісмоніні, Андрэй Кульва, доктар філязофіі германскіх унівэрсытэтаў Ян Вінклер – каталіцкі духоўнік. Пры ім была пабудована ў Вільні лютэранская кірха. У 1545 годзе Альбрэхт Прускі прысылае у Літву казальнікаў протэстантызму і ўстанаўляе стыпэндыі для літвінаў у Кёнігсбэрскім унівэрсітэце. Сам Жыгімонт ІІ-Аўгуст, акружаны протэстанцкімі казальнікамі, выяўляў нахіл да протэстантызму. Кальвінізм гэтак сама быў значна пашыраны. Перакананымі кальвіністымі была фамілія князёў Радзівілаў, асабліва ў асобе ваяводы і канцлера Віленскага Міколы Радзівіла. Свабодная пропаганда кальвінізму у Вільні прыцягнула на яго бок шмат арыстократыі. У 1565 годзе Радзівіл пабудаваў абшырную кальвінскую царкву. Кальвіністычныя грамады утварыліся у Полацку, Віцебску, Навагрудку, Біржанах, Менску, Бярэсьці, якое зрабілася другім цэнтрам кальвінізму. Адначасна з памяркоўнымі протэстанскімі кірункамі, пранікаюць у Літву і Беларусь скрайнія сэкты ў выглядзе соцыніянства, прадстаўнікі якога адкідалі асноўныя догматы протэстантызму – боскасьць Хрыста І навуку а празначэньні. Соцыніянства распаўсюдзілася найбольш у Берасьцейскім і Навагрудзкім ваяводзтве. Літоўскія магнаты — Кішкі, у асобе Яна Кішкі – віленскага кашталяна, і Алесьніцкія былі галоўнымі апекунамі соцыніянства.

Соцыяльныя прычыны пашырэньня протэстантызму. На сторану протэстантызму, асабліва кальвінізму, сталі прадстаўнікі літоўска-беларускага магнацтва, як Радзівілы, Хадкевічы, Глябовічы, Сапегі, Пацы, Валовічы, Вішнявецкія. Становячыся на старану протэстантызму, магнаты стараліся пазбавіцца каталіцызму, які зьяўляўся правадніком польскага ўплыву і культуры. Спрыяючая для сельскай гаспарадаркі экономічная коньюнктура штурхала арыстакратыю да пашырэньня сваіх зямельных уладаньняў шляхам сэкулярызацыі царкоўных маёмасьцяў. У гэтых адносінах магнаты паступалі зусім аднолькава у стасунку да цэркваў абодвых веравызнаньняў. Сэкулярызацыя царкоўнае маёмасьці павінна была ўмацаваць палітычнае значэньне магнацтва, на якое напірала шляхта. Разам з магнацтвам прымала протэстантызм і мясцовае насяленьне. Дзякуючы гэтаму магнаты станавіліся верхаводцамі рэлігійнага жыцьця протэстанскае грамады. Гэта павялічвала іх політычнае значэньне. Адраджаўся фэодалізм. Але гэты протэстанскі рух, захапіўшы арыстакратыю і падуладнае ёй насяленьне, ня мог быць глыбокім; магнаты, захаваўшы за сабою сэкулярызаваныя землі і падуладнае ім насяленьне, у хуткім часе вернуцца на лона каталіцкага касьцёлу.

Рэлігійная політыка. Літоўска-беларускі урад прытрымліваўся веразноснай політыкі. Пашырэньне протэстантызму паміж магнацтвам і знадворныя мітрэнгі не дапушчалі іншае політыкі. Стараючыся прыцягнуць на бок вуніі беларускую і украінскую шляхту, Жыгімонт ІІ-Аўгуст апублікаваў прывілей 1563 году, якім касаваўся конфэсыянальны артыкул Гарадэльскага прывілею 1413 году. У істоце гэты артыкул неаднокраць ужо парушаўся ўрадам. Захаваньне яго ставіла ўрад у двузначнае палажэньне ў адносінах да праваслаўнага і протэстанскага магнацтва, якое трэба было схіліць на бок вуніі. Самастойнае палажэньне Літвы ў дзяржаўных адносінах ня спрыяла пранікненьню на Літву-Беларусь польскай шляхты, якая патрапіла сабраць значныя капіталы. Дзякуючы гэтаму пакуль-што ня было агрэсыўнага католіцызму. Жыцьцё працякала ў атмасфэры свабоды і рэлігійнага роўнапраўя ўсіх веравызнаньняў. Каталіцызм яшчэ ня меў сілы для барацьбы з праваслаўем і протэстантызмам.

6. Законадаўства і суд.

Статут 1566 г. Першы літоўска-беларускі Статут 1529 г., ўяўляючы сабой законадаўчы зборнік, у якім атрымалі юрыдычнае афармленьне ўсе політычныя і грамадзянскія прывілеі магнатаў, ня мог здаволіць шырокія шляхецкія колы, якія ўжо ўсьвядомілі сваё політычнае значэньне к палове шаснаццатага сталецьця. Шляхецкая ідэологія, высунуўшая мысьль аб роўнапраўі ўсіх членаў шляхецкага стану, не магла пагадзіцца з такім становішчам і, заняўшы ваяўнічую позыцыю, пачынаючы з саракавых-шэсьцьдзестых гадоў, пачала падаваць вялікім князем „чалабітныя” а папраўцы Статуту. Упяршыню з такой просьбай шляхта зьвярнулася да вялікага князя на Берасьцейскім сойме 1544 г. Да гэтае просьбы Жыгімонт І аднёсься прыхільна. Жыгімонту І і літоўскім радным паном прышлося пайсьці на ўступкі і, прызнаючы просьбу шляхты ў істоце зусім справядлівай, прышлося ўтварыць комісію з дзесяці асоб, “яко з латінского так і греческого закону”, „людей добрых, поважных". Гэтай комісіі даручалася „тыі артыкулы, водлуг патребы і водлуг бога і речы справедлівое, поправіті, а іншыі прічініті і на першом сойме перед паны радамі іх мілостью і всімі княжаты, паняты і всіх рыцерства іх оказать, где потом через посполітый сойм, на што вся земля зволіт, мают оныі артыкулы быть уфалены і пріняты з его мілості господарскім дозволеньем, што ся іх мілості слушного будет відеті". На Віленскім сойме 1551 г. шляхта зноў зьвярнулася да вялікага княза з паўторнай просьбай аб зьменах у Статуце. На гэты раз Жыгімонт-Аўгуст і магнаты былі прымушаны, у сілу гаспадарскага адказу на сойме 1544 г., утварыць комісію з дзесяцёх з яе месцапрабываньнем у Вільні. Праца комісіі пасоўвалася наперад вельмі марудна. Укладаньне проекту новага Статуту было закончана ў 1563 г., але канчатковае зацьвярджэньне Статут атрымаў у Вільні 11 сакавіка 1566 г. На Берасьцейскім сойме 1566 г. і на Горадзенскім 1568 г. ў Статут 1566 г. былі ўнесены папраўкі.

Склад і зьмест Статуту 1566 г. Згодна з запатрабаваньнем шляхты ў Статут 1566 г. былі ўпісаны: а) тэкст агульна-земскага прывілею 1551 г. б) прывілей 8 чэрвеня 1563 г. а роўнапраўі асоб шляхецкага пахаджэньня праваслаўнае рэлігіі з рымска-каталіцкай шляхтай; в) Бельскі прывілей ад 1 ліпеня 1564 г., якім магнаты адмаўляюцца ад асобнай падсуднасьці; г) Віленскі прывілей ад 13 сьнежня 1564 г. аб утварэньні павятовых соймаў; д) акт пацьвярджэньня Статуту ад 11 сакавіка 1566 году. Статут другой рэдакцыі складаецца з 14 разьдзелаў, падзеленых на артыкулы. Разьдзел першы ахвярован „пэрсоне господарской“; разьдзел другі — абароне земскай; разьдзел трэці — шляхецкім вольнасьцям і размнажэньню Вялікага Княства Літоўскага; разьдзел чацьверты — організацыі судоў; разьдзел пяты датыча пасагу і вена; разьдзел шосты—аб апецы; разьдзел сёмы—а запісах і продажы; разьдзел восьмы—а тастамэнтах; разьдзел дзевяты а правох земскіх; разьдзел дзесяты—о „ловы, о путы і о дереве бортнех"; разьдзел адзінаццаты—„о кгвалтех і о головшчізнах шляхецкіх”; разьдзел дванаццаты—о „головшчізнах і о павезках людей посполітых”; разьдзел трынаццаты— "о грабежах і навезках”; разьдзел чатырнаццаты—„о злодействе всякого стану”. Галоўнай крыніцай Статуту 1566 г. зьяўляецца Статут 1529 г., старадаўныя звычаі, соймавыя ўхвалы, польскае права, рымскае і нямецкае права. Апошнія крыніцы мелі павярхоўны ўплыў, знаёмілі з спосабамі кодыфікацыі. У статуце 1566 г. ўплыў польскага права ў параўнаньні з Статутам 1529 г. больш значны.

Значэньне Статуту 1566 г. Другі Статут падрахоўвае вынікі політычнай і юрыдычнай мысьлі шляхецкага стану. Ён сьведчыць аб перамозе шляхты над магнатамі, закладвае фундамант пад дыктатуру шляхецкага стану. Новы Статут, зьяўляючыся разьвіцьцём праўных інстытутаў першага Статуту і ў той-жа час, адбіваючы ў сабе ўплыў польскага права, ўяўляе сабой знамяніты юрыдычны помнік, у якім адбіваецца культурнае становішча літоўска-беларускае шляхты.

Асновы Статуту 1566 г. Статут 1566 г. распаўсюджвае сваю дзейнасьць на прадстаўнікаў земляўласьніцкага стану. Вялікі князь зьвязан у сваёй дзейнасьці юрыдычнымі нормамі, зьмешчанымі у другім Статуце. Правы Статуту абавязковы для ўсіх грамадзян Вялікага Княства. Ніякія судовыя імунітэты ня дзейны. Статут забясьпечвае асабовую незачэпнасьць і індывідуальную адказнасьць за праступленьні. Уласнасьць незачэпна. Нярухомая маёмасьць падлягае конфіскацыі, калі яе ўласньнік учыніць дзяржаўнае праступленьне. Дзеці, якія ўладаюць маёмасьцю асобна ад бацькі, ўчыніўшага дзяржаўнае праступленьне, а гэтак сама жоны, нічаго ня ведаўшыя а праступках сваіх мужоў, але ўладаючыя асабіста ім прыналежнай нярухомай маёмасьцю, захоўваюць сваю нярухомасьць у незачэнасьці. Шляхта карыстаецца правам распараджацца сваёй рухомай і нярухомай маёмасьцю у межах Статутнага законадаўства. Права ўладаньня рухомасьцю і распараджэньня ёю прыналежаць і жанчынам. Праступленьні супроць асобы і ўласнасьці падлягаюць адпаведнаму пакараньню. Асоба шляхціца карыстаецца асаблівай апекай закону ў параўнаньні з асобай простых людзей. Шляхціцы маюць права прымаць удзел у сойміках дзеля абраньня паслоў на сойм і складу земскага суда. Шляхецкі стан карыстаецца правам удзелу ў вышэйшай законадаўчай установе – вальным сойме праз сваіх паслоў, выбраных на сойміках. Уладаньне ўсімі відамі зямельнага карыстаньня цягне за сабой абавязак вайсковае службы на ўмовах, пастаноўленых на вялікім вальным сойме. Асоба гаспадара незачэпна. Злачынствы, пакірованыя супроць асобы гаспадара і дзяржавы, караюцца асаблівымі спосабамі пакараньня. Да дзаржауных праступкаў адносяцца: змова і бунт супроць асобы гаспадара, фальшаваньне монэты; спроба гвалтоўным спосабам захапіць трон; бунт супроць гаспадара і дзяржавы; прывод у дзяржаву непрыяцельскага войска; дапамога непрыяцелю; здача замку; уцёк з ліхімі замерамі заграніцу.

Судаўніцтва. Статут 1566 г. здаволіў жаданьні шляхецкага стану мець суды наўзор польскіх. Новым Статутам у Літве і Беларусі ўводзіліся тры катэгорыі судоў: земскі, падкаморскі і замковы.

Суд земскі. Новы земскі суд складаецца з судзьдзі, падсудка і пісара, якія ў колькасьці чатырох кандыдатаў абіраюцца на павятовых сойміках і падаюцца на зацьвярджэньне гаспадара. Дзелаводзтва павінна весьціся „по руску літарамі і словы рускімі, а не іншым языком і словы”. Новаму суду падсудны ўвесь шляхецкі стан у яго цэлым. Земскаму суду падсудны ўсе справы грамадзянскага і крымінальнага характару, за выключэньнем толькі такіх спраў якія падлягаюць компэтэнцыі замковага суду. судзьдзямі ня могуць быць духоўныя асобы, урадовыя асобы ў павеце. Абраньне гэткіх прымушае іх пакідаць адміністрацыйныя абавязкі. Суд адбываецца асабістым складам суду. Заступніцтва дазволена толькі ў выпадку хваробы і асабістай зацікаўленасьці судзьдзяў у падлягаючай суду справе. Пры кожным судзе павінны быць заведзены спэцыяльныя кнігі. Шляхціцы падлягаюць юрысдыкцыі суду на месцы знахаджэньня іх маёнткаў. Асобы, уладаючыя маёнткамі ў некалькіх паветах, падсудны суду таго павету, у якім знаходзіцца большая часьць іх нярухомасьці. Судовыя сэсыі бываюць тры раз на год. Судовыя сэсыі ня могуць адбывацца ў часе вялікага вальнага сойму і ваенных падгатаваньняў і маравой пошасьці. Апэляцыя на пастанову земскага суду падаецца на разгляд гаспадара. Суд вялікага князя адбываецца разам з панамі раднымі выключна на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў часе прабываньня тут вялікага князя.

Суд замковы. Стараста судовага павету, дзяржаўшы замак або гаспадарскі двор, які можна было лічыць цэнтральным у павеце, выступаў у якасьці замковага або „градскага” судзьдзі: яму былі падсудны: „наезд кгвалтовный на домы шляхецкіе, кгвалт в местах нашіх, о пожогу і разбоі на дарогах, ктвалтованьне панен і невест, о злодейство, о фалш, о голову шляхецкое". Апрача гэтага, замковаму суду падлягалі ўсе чужаземцы, учыніўшыя праступленьне ў даным судовым павеце, і аселыя шляхціцы па ўсіх справах. Справы, падлеглыя замковаму суду, судзіў сам ваявода або стараста, а ў яго адсутнасьць намесьнік суду разам з „градскім" судзьдзёю з ліку павятовых аселых шляхціцаў. Нездаволеныя з судовае пастановы намесьніка і „градскага“ судзьдзі падавалі апэляцыйную скаргу ваяводзе або старасьце. На суд апошніх скарга паступала беспасярэдна гаспадару.

Суд падкаморскі. Межавыя спрэчныя справы падлягалі компэтэнцыі падкаморскага суду, у складзе падкамор'я і каморніка. Падкамор'я назначаў сам гаспадар з ліку аселых павятовых шляхціцаў. Абавязак падкамора быў дажывотным. Каморнікі, у ліку аднаго або двох, выбіраліся падкамор'ем з ліку „шляхтічов в повете оселых людей годных і стотечных”, якія, перад тым, як прыняць на сябе абавязак, прыносяць адпаведную прысягу перад павятовай адміністрацыяй. Каморнікі маюць права па распараджэньню падкамор'я разглядаць спрэчныя справы. Суд каморніка роўнаважны суду падкамор'я. Апэляцыя падаецца на разгляд гаспадара, які вырашае спрэчную справу тым, што пасылае на спрэчнае месца камісараў з ліку мясцовых павятовых шляхціцаў пры ўдзеле і провінцыяльнае адміністрацыі ў асобе каштэляна або маршалка павятовага, перад якімі падкаморы павінен паказаць усё дзелаводзтва па спрэчнай справе, якое падлягае або зацьвярджэньню або зьменам.

Вынікі судовай рэформы. Новае судаўніцтва зрабіла суд роўным і даступным для ўсяго шляхецкага стану. Ніякія судовыя прывілеі цяпер ня мелі месца. Шляхецкі склад суду быў лепшай забясьпекай таго што інтарэсы шляхціцаў будуць захованы пры разглядзе справы. Статут 1566 г. зьменшыў судовыя падаткі. Суд стаў значна танейшым у параўнаньні з папярэдняй эпохай, а значыць, і больш даступным

7. Беларускае адраджэньне.

Агульны характар адраджэньня. Гандлёвыя сувязі з Заходняй Эўропай і паступовае павялічэньне з ёй таварамену, з аднаго боку, спрыялі разьвіцьцю шэрагу гарадзкіх цэнтраў, якія прымалі вельмі выдатны ўдзел у заходня-эўропэйскім таварамене: з другога боку, яны ўцягвалі ў кола таварамену ўласьнікаў нярухомасьцей і спрыялі награмаджэньню капіталу ў руках прадстаўнікоў землеўладаньня. Гандаль спарадзіў багатае мяшчанства і багатых землеўласьнікаў. Гандлёвыя сувязі з Захадам пазнаёмілі літоўска-беларускіх земляўласьнікаў з эўропэйскай культурай. Пранікненьне апошняй у гарады і ў асяродзьдзе земляўласьнікаў выклікала у Літоўска-Беларускай дзяржаве асаблівы гуманістычны рух, было прычынай літоўска-беларускага нацыянальнага адраджэньня. Як і заходня-эўропэйскае адраджэньне беларускі нацыянальна-культурны рух меў індывідуалістычны характар. Індывідуалістычныя кірункі знайшлі сабе яскравы адбітак у літоўска-беларускім законадаўстве, у пашырэньні рэформацыйных ідэй і рэлігійных сэкт, у паяўленьні нацыянальнае літаратуры, у ўтварэньні літаратурнае беларускае мовы, у формаваньні новае беларускае інтэлігэнцыі.

Гарадзкі гуманізм. Новы культурны рух пачаўся перш за ўсё у літоўска-беларускіх гарадох, куды пачалі пранікаць новыя рэформацыйныя ідэі, якія аднак ня пусьцілі глыбокіх карэньняў у асяродзьдзі гарадзкога грамадзянства. Барацьба паміж гарадзкім станам і земляўласьнікамі за экономічныя прывілеі хутка паставіла мяшчанства ў варожыя адносіны да шляхецтва і да католіцызму і протэстантызму, паколькі апошнія станавіліся рэлігіяй варожага да мяшчанства стану. Барацьба з шляхецтвам і нападкі католікаў на праваслаўных прыдалі гарадзкому гуманістычнаму руху нацыянальна-рэлігійны характар, што атрымала сваё выяўленьне ў звязку з царкоўнай вуніяй 1596 г. Гарадзкі гуманітарны рух меў замкнёны характар і ня выходзіў за межы гораду. Вёска заставалася па-за сфэрай уплыву гарадзкое культуры.

Друкарні. Паказчыкам культурнага руху на Беларусі можа служыць друкаваньне кніг. Першая беларуская друкарня была адчынена ў 1525 г. у Вільні, куды была перанесена друкарня з Прагі, аддчыненая там беларускім вучоным Фр. Скарынай. У палове XVI ст. ужо функцыянавалі друкарні ў Вільні, Несьвіжы, Заблудаве, дзе працавалі рускія друкары Іван Фёдараў і Пётра Мсьціславец, уцёкшы з Масквы. Асаблівае значэньне мела друкарня братоў Мамонічаў у Вільні. Дзякуючы пашырэньню друкарскае справы стала даступным сьвятое пісьмо, пераложанае на народную мову, а гэтак сама рознастайныя аполёгэтычныя і догматычныя творы, спрыяючыя павялічэньню цікавасьці да рэлігійных пытаньняў і рэлігійнае творчасьці.

Гуманісты Францішак Скарына. Ураджэнец Полацку, Фр. Скарына скончыў Кракаўскі ўнівэрсытэт, затым вучыўся ў Падуанскім унівэрсытэце ў Італіі. У 1517 г. Скарына быў у чэскай Празе, дзе і залажыў першую беларускую друкарню. Палажыўшы ў аснову чэскія пераклады Бібліі і Псалтыра, Скарына задумаў перакласьці на беларускую жывую мову і надрукаваць іх. Але ня ўсе задуманае магло быць выканана. Біблію Скарына выдаў няпоўнасьцю (22 кнігі). У 1519г. Скарына перасяліўся ў Вільню, дзе залажыў друкарню пры падтрыманьні бурмістра Якуба Бабіча. Першай кнігай, надрукованай у Вільні, быу Апостал (1525); затым паявілася – царкоўнаславянская „Малая подорожная кніжіца”. На гэтым і спынялася выдавецкая праца Скарыны. У 1530 г. друкарня згарэла ў часе пажару. Матар’яльнае становішча Скарыны пагоршала. Культурная дзейнасьць мусіла з канечнасьці прыпыніцца Кнігі, выданыя Фр. Скарынай, хутка разыйшліся, але наступныя друкары прыдавалі новавыданым кнігам знадворны выгляд выданьняў Скарыны. Перакладаючы сьвятое пісьмо на родную мову, Скарына стараўся зрабіць яго даступным, зразумелым для шырокіх народных гушчаў. Для Скарыны сьв. пісьмо мае аграмаднае значэньне, як крыніца жыцьцёвай мудрасьці і боскай праўды.

Сымон Будны. Ураджэнец Беларусі, Сымон Будны атрымаў адукацыю ў Кракаўскай Акадэміі, гаварыў і пісаў на беларускай і польскай мовах. Ён ведаў гэтак сама мовы: чэскую, лацінскую, італьянскую, а гэтак сама грэцкую і жыдоўскую. Прытрымліваючыся кальвінізму, Сымон Будны быў пастарам у мястэчку Клецку, а затым пачаў схіляцца ў бок соцыніянства. Пакінуўшы сваё пастарства, С. Будны знайшоў прытулак і апеку ў багатага магната Яна Кішкі у мястэчку Лоску. З С Будным узнаўляецца традыцыя друкаваньня кніг на беларускай мове. У 1562 г. ён надрукаваў у Несьвіскай друкарні кнігу “О оправданіі грешного человека перед богом”. З мэтай шырокага распаўсюджаньня протэстантызму, С. Будны друкуе там-жа Катэхізіс для “простых людей руского языка в пытаніях і отказах”. З 1579 г. Сымон Будны выдаў Біблію, перакладзеную на польскую мову, празначаную для польскіх соцыніян. Яна была выдана ў Несьвіжы. З выданьнем Бібліі на польскай мове, Сымон Будны перастаў друкаваць кнігі на беларускай мове. Прычыны гэтага дагэтуль нявысьветлены.  Магчыма, што прычынай гэтага была тая няўдача, якая спаткала яго Катэхізіс. Выдаючы на беларускай мове свой Катэхізіс, Сымон Будны меў на ўвазе, як інтарэсы рэлігійнае пропаганды, так і разьвіцьцё беларускае мовы. Для С. Буднага ўсе мовы роўнапраўны, на ўсіх мовах можна “slówka pod niebiosa wynosić”. Адзіную мову ў пытаньнях рэлігійных С. Будны называе глупствам.

Васіль Цяпінскі. Традыцыі Скарыны і Буднага ў далейшым цягу праводзіліся Васілём Цяпінскім, беларусінам па нацыянальнасьці. А яго асобе мала-што вядома. Спачатку ён быў протэстантам, затым пачаў схіляцца ў бок соцыніянсгва. Яго сувязь з Будным не падлягае ніякаму сумненьню. Абмылковыя погляды тых вучоных, якія лічаць В. Цяпінскага праваслаўным. В. Цяпінскі заканчывае нацыянальна-культурную справу, пачатую Ф. Скарынай і С. Будным. Ён перакладае на родную мову эвангэльле. Матывам нацыянальна-культурнай дзейнасьці Цяпінскага было замілаваньне да свайго “зацного“ народу. Перакладчыку эвангэльля было цяжка, што беларускі народ у сучасны момант карыстаецца няўвагай. В. Цяпінскі высока ставіць славян, якія “з давного часу” на сваёй мове “слово божіе выложілі і мелі і нам зоставілі”. Заняпад нацыянальна-рэлігійнага пачуцьця ў сучасным перакладчыку грамадзянстве, ён тлумачыць адступленьнем ад сваёй нацыянальнасьці. Грубасьць, рэлігійная няразьвітасьць, умысловы і моральны заняпад – ўсё гэта вельмі балюча адгукаецца на В. Цяпінскім. Гэта выклікала ў яго гарачае жаданьне прыйсьці на дапамогу свайму народу і прычыніцца да яго культурнага адраджэньня, тым больш, што “духоўныя настаўнікі, пісьма рускага і слова божага ня знаюць, не разумеюць і не наўчаюцца”. Праца, задуманая перакладчыкам, спаткала шмат перашкод на шляху да свайго зьдзейсьненьня, як з боку ўладык, гэтак і паасобных асоб, якія ганілі яе і не давалі ніякае дапамогі. Не зьвяртаючы увагі на розныя няпрыемнасьці, Цяпінскі прыступіў да сваёй надзвычай адказнай і канечнай у культурна-нацыянальных адносінах справы. Знаёмасьць з эвангэльлем будзе, па думцы Цяпіпскага, крыніцай далейшага духоўнага разьвіцьця, бо “бог пробудіт ку можнейшім наукам в слове своем ку стоточному розсудку і ку умеетності”. У сваім перакладзе Цяпінскі стараўся быць дакладным і зразумелым прастатою сваёй мовы. Перакладчык лічыць, што ў яго працы могуць быць абмылкі, але ен просіць чытача ня тлумачыць гэтых абмылак „нашой злості, але люцкой крепкості а неумеетності”. З вялікімі матар’яльнымі труднасьцямі Цяпінскі пабудаваў на свой кошт „убогую друкарню”, у якой і надрукаваў эвангэльле Мацея, Марка і часьць Лукаша. Пакінуты самому сабе, не падтрыманы грэцкімі коламі, варожымі протэстантызму і яго новасьцям, В. Цяпінскі ня мог давесьці да канца задуманае справы.

Браты Мамонічы. Кузьма і Лукаш Мамонічы уяўляюць сабой тып гуманістых іншага характару. Віленскія мяшчане – Мамонічы адчынілі пры дапамозе маскоўскага эмігранта Пятра Мсьціславіча друкарню. Мамонічы былі прадстаўнікамі ортодоксальнае царкоўнае асьветы. У іх друкарні друкаваліся кнігі на царкоўнаславянскай мове: Эвангэльле (1574) Псалтыр (1575). Культурная дзейнасьць братоў Мамонічаў супала з націскам польскай матар'яльнай і духоўнай культуры ў асобе іезуітаў, якая у значнай меры зьмяніла матар’яльнае становішча беларускага мяшчанства. Прадстаўнікі гэтае ортодоксальнае асьветы вельмі добра разумелі канечнасьць асьветы для барацьбы з іезуіцкімі софізмамі, у паасобку — грунтоўную знаёмасьць з кнігамі ўсходніх багасловаў: Дыоніса Арэопагіта, Яна Златавуста, Яна Дамаскіна і інш. Мамонічы падтрымлівалі перапіску з консэрватыўнымі дзеячамі шляхецкага гуманізму, з кн. Андрэем Міхайлавічам Курбскім.

Шляхецкія гуманістыя. Гуманістычныя тэндэнцыі праніклі і ў шляхецкае асяродзьдзе. Разьвіцьцё народнае гаспадаркі спрыяла нанаграмаджэньню капіталу ў руках земляўласьніцкага стану. Гэта дало магчымасьць падарожнічаць па Эўропе паасобным асобам з шляхты. Шляхціцы ня толькі падарожнічалі, але і вучыліся ў германскіх і італьянскіх унівэрсытэтах, адкуль прывозілі з сабой нахіл да асьветы, замілаваньне да навукі і пазнаньня, імкненьне да прышчапленьня новых рэлігійных ідэй. Новая культура зьмяніла быт шляхецтва. Яна спрыяла пашырэньню тут роскашы. Новыя культурныя павевы і настроі выклікалі ў часьці шляхецтва консэрватыўную рэакцыю, якая аднак усьведамляла канечнасьць шырокае асьветы, хоць-бы і у стара-царкоўным духу.

Гуманісты-консэрватор кн. Курбскі. Цэнтрам консэрватыўнага кірунку ў беларускім гуманізьме быў кн. А. М. Курбскі, эмігрант з суседняй Масковіі. Курбскі — прыхільнік стара-праваслаўнай традыцыі і абаронца арыстократыі ў Маскве. На Літве-Беларусі маскоўскі ўцякач быў прыняты гасьцінна і атрымаў ад вялікага князя Ковэльскае староства (1564). Стыкаючыся з прадстаўнікамі беларускае шляхты, кн. А. М. Курбскі аднёсься адмоўна да новае асьветы. Начытаны ў сьв. пісьме і кнігах айцоў цэрквы, кн. Курбскі быў, з боку інтэлектуальнага, выдатнай фігурай. Ён вядзе рознастайную перапіску. У ліку яго корэспондэнтаў былі кн. К. Астрожскі, бр. Мамонічы, княгіня Чарторыйская, вучань старца Арцёма нейкі Макар і інш. Курбскі протэстуе супроць розных рэлігійных захапленьняў, перасьцярэгчы ад якіх можа толькі грунтоўная знаёмасьць з сьв. пісьмом і айцамі цэрквы. Зьяўляючыся прыхільнікам асьветы, без якое немагчыма змаганьне з софізмамі іезуітаў, кн. Курбскі, патрабуе, каб асьвета мела нацыянальна-рэлігійны характар, угрунтованы на навуцы праваслаўнае цэрквы. З гэтага боку Курбскі абураны ўсялякімі нападамі на праваслаўную цэркву, асабліва, калі пашыраныя каталіцкім касьцёлам новыя догматы стараліся апраўдаць „філонізмамі Арыстотэлеўскімі”. Гэтак сама адмоўна адносіўся кн. Курбскі да г. зв. „вольномыслій", у рэзультаце якіх шмат якія “апостольскіе словы преврашчают, разврашченно толкуют і на святых хулу возлагают”. І пераклад Скарынін сьв. пісьма выклікае з боку маскоўскага ўцекача адмоўныя адносіны. Новым перакладам сьв. пісьма, вельмі блізкім да перакладу Бібліі Лютэра, нельга карыстацца, каб ухіліцца спакушэньня. Прыхільнік старое царкоўнае асьветы, кн. Курбскі лічыць канечным бараніць ад нападаў з розных бакоў праваслаўную веру. Дзеля гэтай мэты зьяўляецца канечна патрэбным пераклад царкоўна-навучальных твораў на славянскую мову, хаця ўсе труднасьці гэткае справы зусім дакладна разумеў Курбскі. Зьяўляючыся прыхільнікам усходня-славянскае культуры, кн. Курбскі ня быў бязумоўным ворагам польска-эўропэйскае культуры. Ён толькі баяўся, што моладзь, пападаючы ў новыя школы, адкінецца ад праваслаўя. Гэткім быў Курбскі. Яго програма, занадта прымітыўная, не спаткала шырокага спачуцьця ў шляхецтве. Фэадальны консэрватор, прапавядаўшы фэодальную культуру ў абставінах іншых гаспадарчых адносін, ня меў пасьлядоўцаў. Консэрватараў у шляхецкім асяродзьдзі было занадта мала.

Паступовы кірунак у шляхецкім гуманізьме. Двор кн. Юр'я Юр'евіча Слуцкага быў другім цэнтрам культурнага руху ў краі. Пры двары функцыянавала школа, знаходзілася тут і друкарня. Тут пражываў з сваімі вучнямі старац Арцём, які наўчаў багаслоўя і марыў рэшту сваіх дзён ахвяраваць перакладам царкоўна-навучальных твораў на славянскую мову. У прыдворным кружку кн. Слуцкага не стараніліся лацінскае і грэцкае моваў. Кн. Слуцкі патрымлівае зносіны з кн. Курбскім. Імкненьне абодвых гуманістых прычыніцца да адраджэньня славянскае мовы было прычынай іх збліжэньня. Двор Слуцкага князя быў прасякнут консэрватыўнымі тэндэнцыямі, але ня гэтак скрайна выяўленымі, як пры двары кн. Курбскага. Другім цэнтцэнтрам прогрэсыўнага кірунку паміж гуманістых быў двор кн. Хадкевіча ў Заблулаве, закладчыка Супрасьльскага манастыра. Хадкевіч праявіў вілікае замілаваньне да зьбіраньня старых кніг. Тут-жа была адчынена і друкарня. У 1569 г. Хадкевіч выдаў „Кніга зовомая Евангеліе учітельное”. Шляхецкі гуманізм ня быў у сваёй аснове варожы да попьска-эўропэйскае культуры. Ён толькі імкнуўся да адражэньня асьветы на грунце царкоўнага пісьменства і праваслаўных традыцый. Ахоўваючы сябе ад націску польскае культуры ў асобе польскага шляхецтва шляхецкія паступовыя консэрватары, прыхільнікі асьветы, варожа адносіліся да адраджэньня роднае мовы. Толькі славянская мова можа быць крыніцай асьветы. І гэтыя адносіны цалкам тлумачацца клясавай усьвядомленасьцю шляхецкай арыстократыі. Апошняя павінна была замкнуцца ў сваёй уласнай культуры і адносіцца варожа да імкненьня прыблізіць кнігі сьв. пісьма да народнага ўразуменьня, зьвязанага вузламі паншчыны. Разьвіцьцё народнае ўсьвядомленасьці было не на руку земляўласьніцкай клясе.

Вынікі беларускага адраджэньня. Беларускае адраджэньне, галоўным чынам, выяўлялася ў гарадох. Консэрватыуна-шляхецкі гуманізм быў задушаны польска-эўропэйскай асьветай, якая пранікла у шляхецкае асяродзьдзе. Беларускае адраджэньне – гэта эпоха росквіту старога беларускага пісьменства – залаты век беларускае літаратуры. Асабліва была пашырана перакладная літаратура. Паяўляюцца пераклады кніг сьв. Пісьма, зборнікаў твораў айцоў цэрквы, жыцьцёў сьвятых і апокрыфічных твораў, пераклады гадальных кніг, духоўных і сьвецкіх повесьцей Перакладаліся гэтак сама і гістарычныя творы польскіх хронік Марціна Бельскага, Мацея Стрыйкоўскага, а адначасна з гэтым укладаліся і самастойныя гістарычныя і юрыдычныя творы, як летапісы, помнікі права: граматы, акты, Літоўскія Статуты 1529, 1566 і 1588 г. Апошні быў надрукован у друкарні Мамонічаў.

Беларускія летапісы. Самы старажытны беларускі летапіс быў напісан у Смаленску пры двары вялікага князя Аляксандра ў 1495 г. і вядомы як „Летапіс Аўраамкі“; гэты летапіс сьпісан паводле летапіснага збору ноўгарадзкага пахаджэньня, але ў яго мову былі ўнесены мясцовыя асаблівасьці. Орыгінальныя літоўска-беларускія летапісы ўкладаюцца пад уплывам агульна-рускіх летапісных збораў, у якія ўносіліся падзеі мясцовага характару. Мова і настроі ўкладчыкаў насілі мясцовы колёрыт. Літоўска-беларускія летапісы кароткія і адорвістыя, наогул сухія. У іх няма маляўнічай вобразнасьці. Літоўска-беларускія летапісцы былі знаёмы і з польскімі хроністымі. Летапісы маюць многа легендарнага матар'ялу, зусім неверагоднага, і не даюць магчымасьці пабудаваць дакладны малюнак а раньняй гісторыі Літоўска-Беларускае дзяржавы. Летапісы паведамляюць а рознастайных гістарычных фактах і зьявах у прыродзе: землетрасеньнях, налётах шаранчы, кліматычных пераменах, голадзе і інш. Летапісы вядомы ў дзьвюх рэдакцыях: кароткай і поўнай. Апошні, вядомы пад назовай Летапісу Быхаўца, напісаны ў другой палове XVI ст. Летапіс Быхаўца прасякнут нацыянальным элемэнтам. Аўтор варожа адносіцца да ўсіх праціўнікаў літоўска-беларускага народу. У мове летапісу многа полёнізмаў.

8. Школа.

Агульны характар школ. Літоўска-беларускія школы ў XV і першай палове XVІ ст. былі цесна зьвязаны з пашырэньнем хрысьціянскіх веравызнаньняў. Спачатку паяўляюцца школы праваслаўныя і каталіцкія. У першай палове XVI в. паяўляюцца протэстанскія школы. Спробы аб'яднаньня праваслаўнай і каталіцкай цэркваў з тэй умовай, каб праваслаўная цэрква прызнала верхаводзтва Рымскага ўладыкі, — утварылі асаблівы від школ—вуніяцкіх. Ня гледзячы на рознае веравызнаньне, школы ўсіх відаў мелі паміж сабой адно супольнае, а іменна: спачатку школьнае наўчаньне мела профэсыянальны характар і павінна было здавальняць рознастайныя запатрабаваньні тэй або іншай цэрквы. Утылітарны характар школьнае справы прыдаваў школам асаблівы адбітак, але у той-жа час такая школа была ядынай крыніцай падтрыманьня граматнасьці ў тагачасным грамадзянстве: шляхецтве і мяшчанстве. Дзякуючы гэтаму, гэтыя конфэсыянальныя школы падтрымлівалі цікавасьць да асьветы. Беларускае Адраджэньне ўсіх кірункаў, пры адсутнасьці адпаведнага культурнага асяродзьдзя, ніколі ня было культурным рухам, які-б пранікаў у гушчы мяшчанскага і шляхецкага асяродзьдзя.

Праваслаўныя школы. Школьная традыцыя бярэ свой пачатак з першых момантаў хрысьціянізацыі Беларусі, і разьвіцьцё яе не перапынялася, хаця тэмп гэтага разьвіцьця то прысьпяшаўся, то прыпыняўся. Школьная справа знаходзілася выключна пад кіраўніцтвам духавенства. Кандыдаты на пасады прыслужнікаў праваслаўнага культу павінны былі мець адпаведную адукацыю. Яны здабывалі яе або пры манастырох, або ў дому. Пры насьледнасьці царкоўных пасад, контынгэнт школ складаўся з прадстаўнікаў духоўнага стану, які заставаўся найбольш асьвечанай грамадзкай групай. Духавенства-ж перапісвала і кнігі царкоўна-канонічнага характару. Духоўнікі часта пісалі і рознастайныя офіцыяльныя дакумэнты. Асяродкамі асьветы падаўнейшаму заставаліся манастыры. Ў Кіева-Пячэрскім манастыры знаходзілася значная бібліотэка, складзеная з духоўных і сьвецкіх кніг. Пісьменнасьць была пашырана як паміж шляхецтва, гэтак і паміж мяшчанства. Гандаль і гандлёвыя інтарэсы прымушалі знаёміцца з пісьменнасьцю. Францішак Скарына – вучыўся ў Падуі і Кракаве і, прыехаўшы з Польшчы, увесь час заставаўся верным праваслаўным традыцыям. Адчыненьне друкарняў у XVI ст. і друкаваньне кніг славянскага друку зьяўлялася паказчыкам таго, у якім стопню пашыралася пісьменнасьць у гарадзкім грамадзянстве. Але дзе былі адчынены праваслаўныя школы: аб гэтым амаль-што ня маецца даных. У эпоху беларускага Адраджэньня па ініцыятыве мясцовага грамадзянства пачалі адчыняцца школы. Гэтак Краснастаўская школа мела апякуна ў асобе мясцовага мяшчанства. Грыгоры Аляксандравіч Хадкевіч залажыў школу ў Заблудаве пры Усьпенскай царкве і забясьпечыў яе матар'яльна (1567). Ёсьць весткі што была школа ў Тураве (1572). Пры Кіеўскім Міхайлаўскім манастыры функцыянавала школа, у якой падгатаўляліся духоўнікі. Чужаземец Одэрбэрг адзначае, што ў беларусаў ёсьць звычай адчыняць школы пры цэрквах. Настаўнікамі ў гэтых школах былі панамары, дзякі, а ў школах навучалі славянскай граматы, малітваў, сімвалу веры і псальмаў. Мялеці Сматрыцкі адзначае, што з даўных-давён ў школах навучалі спачатку азбукі, затым часаслова і псалтыра. Адначасна вучылі і пісаць. Часамі выкладаліся і пачаткі арытмэтыкі. У другой палове сталецьця ў Літву-Беларусь пранікае культурны ўплыў з суседніх краін: Польшчы, Масквы, з суседняй Нямеччыны ў выглядзе протэстантызму, і з Усходу ў асобе грэцкай царкоўнай іерархіі. Пад уплывам запатрабаваньняў эпохі: стычкі польскага і літоўска-беларускага капіталаў, барацьбы дзьвёх нацыянальных культур—польскай і літоўска-беларускай, — праваслаўная школа павінна была зьмяніцца. Гэтая зьмена датычыла найбольш гарадзкіх школ. Паўсталі гэтак званыя брацкія школы, росквіт якіх адносіцца да наступнага пэрыоду ў жыцьці Літоўска-Беларускае дзяржавы.

Каталіцкія школы. Першыя лацінскія школы паяўляюцца ў другой палове XIV ст. На біскупах і існаваўшых пры іх капітулах ляжаў абавязак клапаціцца аб школах. Літоўска-беларуская каталіцкая школа давала пачатковае навучаньне. Апрача школ катэдральных узьнікалі па ініцыятыве мясцовага духавенства і парафіяльныя школы. У XV ст вядомы толькі дзьве каталіцкія школы: Віленская катэдральная і Троцкая. У XVI ст. лік каталіцкіх школ павялічваецца. Адчыняліся яны духавенствам, шляхтай, магнатамі, гарадзянамі, членамі каралеўскага дому. Націск протэстантызму ў значнай меры спрыяў гэтаму школьнаму ажыўленьню. Школьнае пытаньне, у зьвязку з тым, што шляхецкая моладзь імкнулася заграніцу каб атрымаць адукацыю ў унівэрсытэтах, - абмяроўвалася на памясцовых саборах каталіцкага касьцёлу. Саборныя пастановы рэкомэндавалі дакладнае й стараннае вывучэньне дзесяцёх запаведзяў, эвангэльля, лістоў апостала Паўла, твораў благаславёнага Амброжага, а гэтак сама Цыцэрона, Віргілія, Эзопа, Сэнэкі і іншых клясычных поэтаў і прамоўцаў. З катэдральных школ вядомы Віленская, Кіеўская, Медніцкая, Луцкая. Найстаршай была Віленская, якая з часам з профэсыянальнай сталася агульна-адукацыйнай. З паяўленьнем іезуіцкае школы ў Вільні (1570), катэдральная школа ўтраціла сваё кіраўнічае значэньне. У працягу XVІ ст. адчыніліся парафіяльныя ў Начах і Трабах, Мастох, Крэменцы, Новым Двары, Заблудаве, Горадні, Кіеве, адчыненая ваяводай М. Гаштольдам, у Роўне, адчыненая кн. Б. Астрожскай. З паяўленьнем іезуітаў лік парафіяльных школ павялічваецца. Конструкцыя каталіцкіх парафіяльных школ была прымітыўная. Адзінага навучальнага пляну ня было. Навучалі чытаньню, пісьму, сьпевам, часамі лічэньню, як гэта было і ў праваслаўных школах. Гэткае становішча навучаньня было нездавальняючым. Кракаўскі ўнівэрсытэт выпрацаваў у пачатку XVII ст плян навучаньня ў заняпаўшых парафіяльных школах. Гэтае адраджэньне цесна злучана з каталіцкая рэакцыяй, перамогай польскага матар’яльнага і культурнага уплыву у Літоўска-Беларускай дзяржаве. Тэрыторыя парафіяльных школ – гэта тэрыторыя Літоўскага княства. На тэрыторыі Беларусі ўплыў католіцызму быў пакуль-што нязначны і няпрыметны. Каталіцкіх школ у першай палове XVI ст. яшчэ ня было.

Вуніяцкія школы. У XV і першай палове XVI ст. яшчэ ня была ўтворана ўласьціва вуніяцкая школа. Сама ідэя царкоўнай вуніі ня была ажыцьцёўлена. Пры гэткіх умовах рымскаму біскупу прыходзілася рабіць заходы з мэтай аднаўленьня разорванай у канцы XV ст. царкоўнай вуніі. Папа Грыгоры ХІІІ зьвярнуў на гэта асаблівую ўвагу і з гэтай мэтай утварыў грэцкую колегію (1573) для падняцьця асьветы ў грэцкім народзе, што можа быць ажыцьцёўлена толькі пры дапамозе вуніі. Колегія мела сваім заданьнем выхоўваць змаганьнікаў за вунію з Рымам.

Протэстанская школа. Школы, заснованыя протастантамі, паяўляюцца на Беларусі з паловы XVI ст. Закладчыкам протэстанскай школы ў Вільні быў Ян Вінклер – лютаранскі казальнік. Гэткія-ж школы былі заснованы ў Коўне, Віцебску, Мерачы. Магнаты-кальвіністыя, закладаючы царкоўную супольню, адначасна пры ёй адчынялі і школу. Кальвінскія школы былі адчынены пры супольнях у Вільні (Мікола Радзівіл), Біржанах, але іх разьвіцьцё прыпадае на канец XVI ст. Протэстанскія школы на Беларусі спачатку мелі гэткі-ж характар, як школы гэткага-ж тыпу ў Нямеччыне. Школа здавальняла толькі профэсыянальна-царкоўныя інтарэсы. Гэткі-ж конфэсыянальны характар мелі і кальвінскія школы. Але протэстанскія школы, дзякуючы свабодным сваім адносінам да царкоўнае традыцыі істотна адрозьніваліся ад школ праваслаўных і каталіцкіх, а гэта зьяўлялася вельмі важнай крыніцай разьвіцьця свабоднае крытычнае мысьлі.

9. Люблінская вунія.

Нахіл шляхты да вуніі. Ашляхечваньне дзяржаўнага і грамадзянкага ўкладу Літвы-Беларусі паставіла зноў на чаргу пытаньне аб вуніі. Шляхта вельмі добра разумела канечнасьць вуніі з Польшчай і глядзела на гэтую вунію, як на сродак для барацьбы з магнацтвам. Напружанае знадворнае палажэньне гэтак сама штурхала шляхту у бок вуніі. На Віленскім сойме 1563 г. шляхта дабілася пастановы аб пасланьні соймавай дэлегацыі для перагавораў аб вуніі, але з захаваньнем унутранае аўтономіі. Перагаворы з палякамі не далі ніякіх рэзультатаў з тае прычыны, што ідэалам палякаў была інкорпорацыя Вялікага Княства Літоўскага. Перагаворы на Варшаўскім сойме 1564 году не далі ніякіх рэзультатаў, хаця літоўская дэлегацыя патрабавала толькі захаваньня асобных законаў і ўстанаўленьня асобных судоў і адміністрацыі. Па сканчэньні сойму Жыгімонт ІІ апублікаваў ад імя свайго і сваіх патомкаў адмову ад сваіх "дедічных“ праў на Літву з перадачай гэткіх Польшчы.

Люблінскі сойм. Спробы літоўска-польскага ўраду прывесьці ліцьвінаў і палякаў да унітарнае ўмовы дагэтуль канчаліся няўдачна. Для канчатковага вырашэньня унітарнага пытаньня Жыгімонт-Аўгуст склікаў сойм у Любліне. Палякі прапанавалі завязаць вунію на прынцыпах вуніі 1501 году. Літоўскія магнаты не маглі прыняць гэткіх умоваў. Жадаючы выратаваць становішча, літоўская дэлегацыя пакінула Люблін. У іх адсутнасьці палякі далучылі да Польшчы Падляшша і Валынь. Праз два дні была далучана і Кіеўшчына. Літоўскім паслом прышлося вярнуцца назад у Люблін. Адарваўшы ад Літвы гэтак панадныя для Польшчы землі, палякі ўжо ня упіраліся на поўнай інкорпорацыі Літвы і згаджаліся зрабіць ліцьвінам пэўныя ўступкі.

Люблінская вунія 1569 году. На падставе акту аб вуніі ад 1-га ліпеня 1569 году Літоўска-Беларуская дзяржава была пазбаўлена значнай часьці тэрыторыі: Падляшша, Валыні, Кіеўшчыны і Літоўскага Падольля. Літва і Польшча складаюць адну дзяржаву з адным гаспадаром, які абіраецца супольна ліцьвінамі і палякамі і карануецца у Кракаве. Рада і сойм павінны быць супольны. Замежная палітыка вядзецца ад імя абодвых народаў: завязаньне ўмоваў, адпраўленьне паслоў адбываецца з ведама і згоды абодвых народаў. Устанаўліваецца агульная монэта. Але Літва захоўвае свае законы, суды і ўрады. Палякі і ліцьвіны атрымліваюць права набываць усюды сабе маёмасьць. Старыя наданьні застаюцца ў сіле. Урады ганаровыя і службовыя могуць раздавацца толькі асобам, прысягнуўшым каралю і кароне польскай. Шляхціцы і іх падданыя звальняюцца ад выплаты ўсялякіх падаткаў пры продажы сваіх сельскагаспадарчых прадуктаў унутры дзяржавы або пры вывазе за граніцу. Люблінская вунія 1569 году падсумавала вынікі працяжнай барацьбы палякаў за вунію. Парлямэнтарная вунія 1569 году ўстанаўлівала дыктатуру шляхецтва. Політычная роль магнатаў скончылася. Яны ўтрацілі магчымасьць прымаць удзел на пасяджэньнях сойму па асабістаму запрашэньню вялікага князя.