Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/III/Матар’ял аб іншых пісьменьніках

Ф. Аляхновіч Матар’ял аб іншых пісьменьніках
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1921 год
Сьпіс беларускіх газэт і журналаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Матар‘ял аб творчасьці яшчэ некаторых
нашаніўскіх і сучасных поэтаў і пісьменьнікаў.


Арол, М. (Пяцельскі)—даволі вядомы нашаніўскі поэт. „Арол і Янук Д.—людзі, што маюць палёт і талент, але мала шліфуюць яго. Трапляюцца ў іх часам вершы даволі сільныя па пад‘ёму і думцы, але і дужа часта з недахватамі“ (М. Багдановіч, 1913 г.). Вершы Арла зьмяшчаліся ў „Нашай Ніве“ з 1909 года, найболей іх было за 1912—1913 г. г. Апрача вершаў, Арол пісаў розныя артыкулы („Аб беларускай песьні“). Поэт па профэсіі настаўнік; працаваў у Чарнігаўшчыне.

Бруевіч—навейшы самабытны белетрыста (апавяданьні ў „Звоне“ і „Беларусі“).

Буйло, Канстанцыя. Арадзілася ў самым канцы мінулага сталецьця. Дачка дворнага служачага з Вішнева (Ашмян. пав., Вілен. губ.). Дзяўчына засталася з хатняй адукацыяй, але надта шмат чытала. Пазнаёміўшысь з беларускім рухам цераз аднаго студэнта-адраджэнца, Буйло шыбка зрабілася вельмі віднай супрацоўніцай „Нашае Нівы“. Нейкі час працавала ў Вільні, у дзіцячым прытулку, а патым—ў пачатковай школе ў в. Чаўшлі Мала-Салячніцкай парахвіі, у ваколіцах Вільні. Пазьней была загадчыцай беларускай кнігарні ў Полацку. У часе вайны, служыўшы ў Земскім Саюзе, пазнаёмілась з В. Калечыцам, і яны пабраліся. З часоў рэволюцыі жывець у Маскоўшчыне, на станцыі Шахаўской Аляксандраўскай зялезнай дарогі. У 1914 годзе выйшаў зборнік вершаў Буйло „Курганная кветка“. Буйло—найбольш выдатная пасьля Цёткі жаноцкая сіла ў нашай поэзіі. На першым пляне ў яе лірыцы стаіць пачуцьцё каханьня. „Эротычная інтуіцыя—гэта характэрная адзнака творчасьці Канстанцыі Буйло“ (А. Навіна). Апрача таго, яна вельмі пранікаецца адраджэнцкімі настроямі і любіць пяяць пра хараство прыроды, каторае лечыць яе грамадзянскія болькі, даець ёй спакой. Буйло—надта здольная пясьнярка, ад каторай беларуская поэзія шмат чаго спадзяецца. На творчасьці яе чуецца ўплыў Купалы.

Быліна Я. (ксёздз Семашкевіч)—сьвежы, орыгінальны, але яшчэ мала разьвіты талент. У 1918 г, выйшаў зборнік яго вершаў „На прызьбе“.

Галіна, Антось—вельмі спадзейны малады белетрыста і паважны публіцыст. Родны брат Якуба Коласа.

Галубок—вядомы беларускі пісьменьнік, спачатку эпік і часам лірык, а пазьней драматург. Запраўднае імя яго—Валадыслаў Голуб. Ён арадзіўся 3-га мая 1882 года ў Менску дзе і жывець усё сваё жыцьцё. Бацька яго, сьлесар менскага дэпо на чугунцы, быў родам з Барысава. Ен памёр рана, на 35 годзе жыцьця, і Галубок, дзеля гэтага, скончыўшы ў 1893 г. прыходзкую школу і паступіўшы ў вышэйшую гарадзкую, наўчыўся там толькі два гады і ў 1895 годзе мусіў кінуць навуку і зарабляць на хлеб прыказчыкам ў вадным з менскіх магазынаў. У 1897 годзе ён паступіў на чыгунку, дзе і праслужыў 22 гады (да польскай окупацыі). Па шляху беларускай творчасьці пашоў Галубок з 1908 г. Як белетрыст, ён супрацоўнічаў у „Нашай Ніве“, „Маладой Беларусі“, „Вольнай Беларусі“, беларускіх календарох і іншых выданьнях; пісаў апавяданьні „бойкія і вясёлыя, да чаго мае праўдзівую здольнасьць. Мова іх заўсягды жывая, тэмы іншы раз даволі цікавыя“ (М. Багдановіч). З вершаў яго асабліва выдаецца па сваёй энэргіі, „Будучына“—абраз адраджэньня. Калі з разьвіцьцем беларускага тэатру пачулася войстрая патрэба ў пашырэньні рэпэртуара, Галубок перарабіў некаторыя свае апавяданьні на п‘есы і потым (у часе вайны) зусім аддаўся драматурзіі. Да гэтага часу ён напісаў дзесятак вялікіх драм і камэдый, з пасьпехам ішоўшых на беларускай сцэне (ў Менску з вучасьцем самаго аўтора). Драма яго найчасьцей рэволюцыйна па зьместу. Захоплены вялізарнай завірухай, Галубок пільнуе адпячатаць навакольныя абразы, але іх гэтулькі уваччу, новыя падзеі разьвіваюцца гэтак шыбка, што яму ўдаецца толькі накідаць іх эскізы вугалём. Сюжэты з таго, што было да рэволюцыі („Апошняе спатканьне“), сюжэты на тэмы аб змаганьні ўціснутых з панамі-угнятаньнікамі ў эпоху набліжэньня віра рэволюцыі болей задаюцце яму, чымся зарысоўкі дзён пачатку соцыяльнай рэволюцыі („Бязьвінная кроў“), ня гледзячы на ўсю выгаду гэткіх эфэктаў, як разьбіваньне панскага двара сялянамі.

Гартны, Цішка, запраўднае імя каторага Зьмітро Фёдаравіч Жылуновіч, радзіўся ў 1887 годзе ў м. Капылі (Менск. губ., Слуцк. пав.). Сын бедных мужыкоў, быўшых мяшчан, ён з дванаццацёх гадоў быў за пастуха ў сваім мясьцечку. Пяць гадоў ганяў ён улетку ў поле, а ўзімку вучыўся ў народнай дзьвюхклясавай школе. Скончыўшы школу, ён пашоў вучыцца на гарбара (што скуры на боты вырабляе) і быў захоплены работніцкім рухам. Адукацыю здабываў чытаньнем кніжак. У канцы 1908 г. ён даведаўся аб беларускім руху і пранікнуўся ім усёю душою. Пісаць меў нахіл з маладых год і шмат напісаў вершаў і апавяданьняў памаскоўску. У „Нашай Ніве“ пачаў супрацоўнічаць з 1908 года. Ен быў адным з найбольш дзеяльных сяброў соцыяль-дэмократычнай работніцкай організацыі ў родным Капылі, вёў там патайны рукапісны журнал „Голас ніза“, а пазьней — гэтак сама рукапісную „Вольную думку“. Капыльская работніцкая арганізацыя, дзякуючы стараньням Гартнага паслала ў трэцюю думу дэклярацыю з дамаганьнем правоў для беларускага народа. Пазьней Цішка Гартны жыў па розных гародах (Магілеў, Вільня, Вількамір), урэшце асяліўся ў Пецярбурзе, дзе супрацоўнічаў у расейскай прэсе. У часе рэволюцыі рэдактаваў беларускую бальшавіцкую газэту „Дзяньніца“ (ў Пецярбурзе, патым у Маскве). Калі ў самым канцы 1918 г. бальшавікі абвесьцілі „незалежную Беларускую савецкую (радавую) рэспубліку“, дык паставілі Жылуновіча на чале яе урада, і ён пераехаў у Менск. Неўзабаве яго, аднак, скінулі з прэм‘ерства, забаяўшыся яго беларускасьці. Гартны—лірык, эпік, драматург і здольны публіцыста. Творы яго друкаваліся ў розных беларускіх выданьнях („Маладая Беларусь“, „Дзяньніца“, бальшавіцкі альманах „Зажынкі“ і інш.). У нашай пераважна сялянскай поэзіі Гартны выдаецца, як поэт пролетарый, пясьняр работніцкага жыцьця, пясьняр працы. Шмат у яго вершаў і апавяданьняў таксама з вясковага жыцьця, нямала прырода-апісаўчай і любоўнай лірыкі. „…Цяжкія варункі бытаваньня, зусім натуральна, забівалі ў Цішкі Гартнага многа жывых парываў і прынасілі яму шмат горкіх мінут упадку энэргіі, сумляваньня; вось у іншых вершах, ён горка жаліцца на труднасьць правясьці ў жыцьцё яго ідэалы („Я—нішто“ і інш.), на расчараваньне ў жыцьці. Але агульны тон поэзіі яго—жывы, бодры, дый гэтаму адпавядае будова вершу—найбольш кароткага, з рытмам, напамінаючым шыбкія ўдары молата ці рух гарбарскага скрэбла“ (А Навіна). У вастатнія гады творчасьць Гартнага прыймае ўсё выразьнейшы клясавы характар („Хвалі жыцьця“, драма ў 3 дзеях, і інш.). Напісаны Гартным роман „Бацькава воля“ дагэтуль ня выйшаў з друку. На лірыцы Ц. Гартнага ёсьць значны ўплыў Я. Коласа.

Гмырак, Лявон (М. Бабровіч) — малады і надта здольны нашаніўскі публіцыста. Пісаў і белетрыстыку (Б. Заяц). Быў родам з Віленшчыны, (двор Пархвенага, Вялейск. пав.), забіты на вайне пад Коўняю 30 чэрвеня 1915 года. Нарадзіўся 6 красавіка 1891 года.

Грыневіч, Антон — гдзін з даўных нашаніўскіх публіцыстаў, шырока вядомы праз зьбіраньне і гармонізацыю народных мэлёдыяў і выданьне беларускіх кніжак, у тым ліку сваіх сьпеўнікаў. Родам з Віцебшчыны.

Гурло, А. — налады беларускі пясьняр, вершы якога друкаваліся ў „Нашай Ніве“, „Маладой Беларусі“ (1913 г., сш. 3) і іншых беларускіх часопісях да 1915 г. „У той час, калі большасьць беларускіх поэтаў у сваіх творах ў цёмных фарбах малявалі гаротнае жыцьцё беларускага земляроба, Гурло вызначаўся сваімі вясёлымі сонечнымі мотывамі, якія энэргічна клікалі да волі, да змаганьня з цемрай. Колёрыт яго вершаў—сонечнае неба бяз хмарак, птушка-арол у вышыне, а пад імі ясна-срэбны ручай, абшар зялёных лугоў, моцны вецер і г. д., дзе ўся гэткая абстава кліча да радасьці і шчасьця. У 1915 г. Гурло пайшоў на вайну, а дзе ён цяпер знаходзіцца—няма ведама“ (Бел. Жыцьцё, № 7, 1920 1); Гурло, як і Ц. Гартны, родам з Капыля.

Журба Я. — вядомы сярод нашаніўцаў лірычны поэт і публіцыста. Перакладаў з украінскага, пісаў „Лісты з Украіны“. Журба—вучыцель, родам з Лепельшчыны. Дзе ён цяпер, невядома.

Зязюля, Андрэй, (ксёндз Аляксандар Астрамовіч)—здольны лірычны поэт-адраджэнец, каторы, на шкоду, не прыдае патрэбнага значаньня сваёй літэратурнай працы. Вершы Зязюлі друкаваліся найбольш у „Biełarusie“ за 1913 і 1914 г.г. Асобны зборнічак яго поэзіі „З роднага загону“ знайшоў вялікую прыхільнасьць крытыкі. Талент поэта ўсё болей разьвіваецца („Вольная Беларусь“, 1918 г.).

Зямкевіч, Р. — вядомы бібліафіл, публіцыста, перакладчык В. Стэфаныка, гісторык беларускае літэратуры ізьбіраньнік памятак беларускага слова і мастацтва (маець вялікае багацьце). Радзіўся 7 лютага (нов. ст.) 1881 года, у Варшаве, ў сям‘і загадчыка друкарні. Бацькі яго родам са Случчыны. Зямкевіч па профэсіі інжынэр-механік.

Краўцоў, Макар (Косьцевіч)—малады і спадзейны поэт-лірык і публіцыста. Родам з Горадні.

Ластоўскі, В. — грамадзкі і палітычны дзеяч, публіцыста, аўтор некалькіх апавяданьняў, „Гісторыі Беларусі“, школьных падручнікаў і інш. Пішаць пад рознымі псэўданімамі, найболей вядомы з іх Власт. Творчасьць Ластоўскага крытыка сустрэла вельмі цёпла. У 1911 годзе М. Багдановіч пісаў так: Власт здалеў даць у сваіх абразках нешта цэннае. На жаль, ён іншы раз даволі моцна нагадуе польскіх модэрністаў (гл. „Мары“), у бытавых жа апавяданьнях губіць лепшы бок свайго таленту—сумную поэтычнасьць. Але бывае, што на апісаньнях нашага шэрага жыцьця адбіваецца лірычны пад‘ём душы пісьменьніка і ўплятае ў вянок нашай літэратуры сьвежы, яркі кьвяток (гл. ап. „Лебядзіная песьня“)“. У 1913 г. М. Багдановіч напісаў аб ім гэтак: „Власт надрукаваў усяго 3—4 рэчы, але кожную можна ўзяць за прыклад, як трэба пісаць. Асабліва хораша напісаны апавяданьні „Сож і Няпро“,—вельмі прыгожая казка-легенда (гэтага ў нас дасюль яшчэ ня было ды і наагул спатыкаецца ня часта), і, далей, „Дзень рожавай кветкі“, што нагадывае лепшыя з апавяданьняў, здабыўшых усясьветную славу дацкаму пісьменьніку Андэрсэну“. У 1917 г. у „Гомане“ Власт даў спробу гістарычнага апавяданьня „Наезчык“. Ластоўскі родам з-пад м. Глыбокага (Дзісьн. пав., Віл. губ.); у малых гадох прыйшоў ён у Вільню, працаваў у вінным склепе, шмат чытаў, чым і здабыў адукацыю; пазьней быў бібліатэкарам у студэнцкай бібліатэцы ў Пецярбурзе, адылі прыехаў у Вільню, дзе і працаваў у „Нашай Ніве“ і „Беларускай кнігарні“.

Лейка, Кандрат — надта здольны нашаніўскі апавяданьнік, каторы не пасьпеў яшчэ паказаць усю сілу свайго талента. Ён даў некалькі цэнных апавяданьняў („Кульгавы дзядзька Раман“, „Таклюся Сухотніца“ , „Лес шуміць“, „Панас Крэнт“, „Пан Трудоўскі“) з ярка змалёванымі тыпамі. Апрача таго, Лейка напісаў сцэнку для дзяцей „Снатворны мак“ і колькі вершаў (даволі слабых). Калі гэты пісьменьнік нідзе не пагінуў за час вайны і рэволюцыі, дык можна з пеўнасьцю сказаць, што ён зробіцца адным з самых відных беларускіх белетрыстаў. Родам Лейка, як кажуць, з Горадзеншчыны, а па профэсіі вучыцель.

Леўчык, Гальяш (Ляўковіч) выдаў зборнік вершаў „Чыжык беларускі“ (1912 г.), пасьля чаго на вельмі доўгі час змоўкнуў зусім. Леўчык—поэт надта засмучоны; ён гарачы, але пасыўны адраджэнец; нашаніўскія сьлёзы найдаўжэй, чымся каму, туманяць яму вочы і замінаюць размахнуцца талентам ува ўсю сілу. Леўчык родам са Слонімшчыны, жывець у Варшаве, па профэсіі—інтэлігентны служачы.

Лёсік, Язэп — значная сіла ў беларускім руху і літэратуры. Яго галоўная заслуга—ў нашай публіцыстыцы, хоць магчыма, што публіцыста (з волі і з няволі) пашкодзіў у ім белетрысту. Лёсік дужа талентны апавяданьнік і напісаў выдатную ў нашай эпічнай поэзіі рэч «Апавяданьне бяз назвы». Асабліва ўдаецца яму маляваць беларускіх дзетак (Анцік, Юзік). Творчасьць Лёсіка вельмі нацыянальная, народна-беларуская. Нейкі захаваны надлом свае душы адбіў ён у вядомым «Ня ўсё-ж разам, ягамосьці!..» Як публіцыста, Лёсік бойкі і войстры на слова, орыгінальны ў развагах, асабліва полемічных. Гэтага слаўнага пісьменьніка чакаець яшчэ слаўнейшая будучына. Родам Лёсік з Мікалаеўшчыны, з аднэй вёскі з Якубам Коласам, катораму даводзіцца дзядзькам. Нарадзіўся ён 6 лістапаца 1884 г. Вучыўся ў пачатковай школцы, патым у Ноўгарад-Северскім гарадзкім вучылішчы і ў Маладзечненскай вучыцельскай сэмінарыі, адкуль яго звольнілі з 2-й клясы. Быў настаўнікам у Грымяцкай парахвіі Ноўгарад-Северскага павета і за пропаганду, разам з другімі настаўнікамі быў заарыштаваны ў 1905 годзе. У 1908 годзе быў высланы ў Сыбір. У засланьні ў Сыбіры прабыў ён аж 9 гадоў. Вярнуўшыся адтуль, выдаваў у Менску ў 1917 — 1918 г. г. лепшы беларускі тыднёвік „Вольная Беларусь“. Цяпер (1920 г.) рэдактуе „Беларусь“ і ўваходзіць у склад Найвышэйшай Беларускай Рады.

Лобік, Лявон — селянін з вёскі Кукавіч, Слуцкага павета, запраўдны поэта-земляроб. „Л. Лобік і Стары Улас далі некалькі дужа няхітрых, але верных і таму цікавых малюнкаў нашай вёскі“ (М. Багдановіч).

Навіна, Антон (Луцкевіч) займае першае места ў беларускай публіцыстыцы. Віднейшы правадыр руху адраджэньня. З сваім нябожчыкам-братам Янам Луцкевічам паклаў грунт нашаніўскай парэ. З яго буйнейшых твораў трэба назваць „На дарозе да новага жыцьця“, „Нашы песьняры“ (літэратурна - соцыяльныя нарысы), „Беларусь пад польскай окупацыяй“. Палітыка замінаець яго літэратурнай дзеяльнасьці (А. Луцкевіч — б. старшыня Рады беларускіх міністраў).

Новіч (доктар Ціхановіч). Аўтор вядомага „Амэрыканца“ і інш.

Палуян, Сяргей (1890 — 1910) родам з Піншчыны. Гэта быў натхнёны дзяцюк-поэт; з вялікім жарам браўся ён за пісьменную працу, пісаў вершы, апавяданьні, п‘есы для тэатру, і вялікія надзеі пакладалі на яго беларускія дзеячы. Чорная рэакцыя, нацыянальная няволя, народная несьвядомасьць сходалі маладога песьняра, і ён 8 красавіка 1910 г., у Кіеве, адабраў сабе жыцьцё. Творы яго часткаю друкаваліся у „Нашай Ніве“, („Хрыстос васкрос“, „Вёска“ і інш.). З твораў Палуяна відаць вялікая трагэдыя і сум яго чулай душы.

Петрашкевіч, А. (1894-20 ўая, ст. ст, 1918)—малады поэта-зямляроб. Запраўднае імя яго Ф. Калінка. На працягу колькіх гадоў, спачатку ў „Нашай Ніве“, у „Маладой Беларусі“ і ў „Беларусе“, а патым у „Вольнай Беларусі“ і ў „Беларускім шляху“ зьмяшчаліся яго сялянскія, (лірычныя і гумарыстычныя) вершы. Поэзія яго простая, шчырая, пісаная мазольнаю рукою ратая.

Піліпаў (Язэп Нялепка) — лірычны поэт, эпік і публіцыста. Родам з Горадзеншчыны, сын дворнага служачага. Па прафэсіі тэлеграфны служачы.

Ро̀дзевіч, Леапольд — малады і спадзейны пісьменьнік-модэрніст. Родам з Віленшчыны.

Стары Улас (Арадз. ў 1865 годзе). Пад такім псэўданімам пішаць вершы лясьнік з м. Валожына (Ашмянск. пав., Віл. губ.), запраўднае імя каторага Уладыслаў Сівы. Ён ніколі нідзе ня ўчыўся, поўны самавук, спачатку рабіў зямлю на сваім батрацкім надзеле, патым пайшоў з беднасьці на панскую службу. Вершы пачаў пісаць папольску (для свае нявесты), а з 1906 г., дастаўшы праз памылку „Нашу Долю“, прысланую ў Валожын на імя яго аднафамільца старшыні, Стары Улас усьведаміўся і перайшоў выключна на творчасьць у сваей роднай мове. Яго творы цэнны для нас і орыгінальны тым, што паказуюць, як творыць сам народ. Нічога інтэлігенцкага ў іх няма, яны й ня вельмі часам складны, але чуецца ў іх сіла самое зямлі, беспасрэдні павеў самога жыцьця беларускае вёскі. Яны—натуральны адростак народнай поэзіі, казак і гутарак, легенд, жартаў. У некаторых вершах Старога Уласа сьмела паказан соцыяльна-клясавы характар („З новым годам“, „Апавяданьне дзядзькі Пранука“). Абразоў беларускае прыроды найболей у „Годзе беларуса“, беларускага жыцьця—у „Нашым Валожыне“. Стары Улас і Лявон Лобік, а болей-меней А. Петрашкевіч і іншыя маюць ў нашай поэзіі літэратурнам-моральнае значаньне, як песьняры з мазольнаю рукою, што ня толькі „з народа“, але „самі народ“. Жывець душа народа—жывець народ!

Тарашкевіч, Б. — малады беларускі вучоны-філёлёг, аўтор першай навукова напісанай граматыкі беларускае мовы. Адзія з працаўнікоў над стварэньнем беларускай кніжнай тэрмінолёгіі. Сын гаспадара з засьценка Чарнулішак, Віленскага пав. Нарадзіўся 13-га студня 1892 г.

Тройца, Вацюк (проф. Іваноўскі) — даўнейшы правадыр руху адраджэньня, арганізатар выдавецтва „Загляне сонца і ў наша ваконца“, аўтор популярных артыкулаў і брошурак, а таксама першага беларускага унівэрсітэцкага курса хэміі, працаўнік над стварэньнем беларускай кніжнай тэрмінолёгіі. Родам з Лідчыны (двор Лябёдка).

Уласаў, Аляксандар Мікітавіч — вядомы беларускі дзеяч-нашанівец, рэдактар „Нашае Нівы“, а патым „Сахі“ і „Лучынкі“, публіцыет-экономіста.

Фарботка, Я. — малады поэт-лірык і літэратурны крытык („Беларусь у песьнях“), грамадзкі дзеяч. Яго некаторыя вершы (сонэты) паказуюць на вялікія здольнасьці і чулую, кволую душу. Родам з Налібок (Ашмянск. лав., Віл. губ.), абкружаных пушчамі, выклікаўшымі ў душы Фарботкі романтычную любоў да прыроды, да яе хараства і ўсяго роднага. Знаходзіцца пад уплывам поэзіі Багдановіча (ў пекнаце формаў).

Чарнышэвіч, Ф.—„вядомы нашаніўскі поэт; умее пісаць сьціснута і ў кароткіх словах даць малюнак прыроды або вылажыць сваю думку, але робіць, на жаль, гэта ненатуральна, заблутана“ (М. Багдановіч, 1913 г.). Родам з Капыля.

Шантыр, Фабіян—родам са Случчыны, даўны нашанівец, здольны белетрыст і вельмі цэнны публіцыста, аўтор вядомай брошуры „Патрэбнасьць самавызначэньня для Беларусі“. Растрэлен у Чырвонай Арміі вясною 1920 г.

Янук Д.—гл. Арол, М.