Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/III/Нашаніўская пара/Маладзейшыя/З. Бядуля-Ясакар
← М. Багдановіч | З. Бядуля-Ясакар Падручнік Аўтар: Максім Гарэцкі 1921 год |
А. Гарун → |
Зьмітрок Бядуля—Ясакар.
(Радз. ў 1886 г.)
Яго біаграфія. Пад псэўданімам Зьмітрок Бядуля — у прозе і пад псэўданімам Ясакар — ў поэзіі пішаць беларускі жыд Самуіл Плаўнік. Ен арадзіўся ў сакавіку (марцы) месяцы 1886 г. ў невялічкім мясьцечку Пасадзец, (Вялейскаго павету Віленшчыны). Пасадзец нагадуе сабою проста вёску, бо там усяго хат дваццаць, напалам жыдоўскіх і сялянскіх. Бацька Плаўніка займаўся тады дробным гандлем па вёсках, а пры выпадку быў яшчэ фурманам, і, разумеецца, ў хаце панавала бедната. З самага маленства Самуіл азначаўся маўклівасьцю і саромлівасьцю, з дзьяцьмі галузаваць ня любіў. Яго нябожчык дзед (катляр) пераказываў, што як хлопчыку было гады тры, ён заўсёды плакаў, слухаючы жніўныя песьні ў полі. На пятым годзе Самуіл наўчыўся ад дзеда гэбрайскай грамаце, — за сем дзён стаў бегла чытаць; цераз год аддалі яго ў хэдар. У гэтай школе вучыўся ён толькі Бібліі, быў надта пабожны і зачытываўся містычнымі казкамі іўдзейства. Маючы восем гадоў, надта здольны і старанны хлапец пачаў прахадзіць Талмуд. На трынаццатым годзе жыцьця вучыцца ён у даўгінаўскім ешыбоце (іудзейскай духоўнай сэмінарыі) і „есьць дні“, ці-то маець сем гаспадароў, каторыя кормяць яго па адным дні ў тыдзень, галадуець і цярпіць шмат старэцкіх паніжэньняў, якія душа поэта вельмі адчувала. Бацькі, а найгорш дзед, хочуць адукаваць Самуіла на рабіна, і ён мучаецца так да пятнаццацёх гадоў, патым кідаець ешыбот і прыходзіць з Даўгінава дамоў. У Пасадцу Плаўнік заняў пасаду вучыцеля і тады-ж пачаў пісаць вершы пагэбрайску на духоўна-рэлігійныя мотывы. Дагэтуль нічога сьвецкага ён ня чытаў, а маскоўскай мовы зусім ня ўмеў. Патым пад вялікім уплывам акружаючай вёску прыроды, каторая чаравала поэта сваім хараством, ён знаходзіць Амэрыку, што ў вершах можна апісываць і тое хараство, і вось у яго гэбрайскіх вершах пачынаюць зьяўляцца малюнкі беларускае прыроды, жыцьцё ратая і да т. п. На семнаццатым годзе жыцьця Плаўнік прачытаў вялікую жыдоўскую гісторыю профэсора Грэца ў 10 томах. Яе вольная крытыка ў рэлігійных справах расплюшчывае Плаўніку вочы; ён бярэцца за сьвецкія кнігі і вучыцца парасейску ў батурынскага дзяка (10 вёрст ад Пасадца), зараз пачынае пісаць у гэтай новай для яго мове вершы і мае сьмеласьць паказаць іх сядзельцу. Манапольшчык першы прызнаў у ім здольнага поэта. Тады дзяцюк, як галодны, накінуўся на маскоўскіх клясыкаў. Па кніжкі хадзіў у бліжэйшыя мясьцечкі, у панскія двары, часам за 10—20 вёрст, але не заўсёды мог дастаць іх. Разам з тым ён вучыцца завочна па лекцыях нейкага Макеева з Масквы, з каторым дзяржаў перапіску. Расейскія вершы пісаў ён некалькі гадоў узапар і пачаў друкавацца ў розных выпадковых журналах і альманахах, як „На берегахъ Невы“, „Вҍтви“, „Молодые порывы“ і інш. У гэты час бацька поэта займаўся лясным гандлем, і сын некалькі гадоў быў пры лесавой рабоце: узімку ў лесе ля дравасекаў і вазакоў, а ўлетку цэлымі месяцамі пры сплаве дрэва на Сьлізанцы (прыток Нёмна). Жыў ён з сялянамі-рабочымі на ўлоньні ў прыроды і спаў з вартаўнікамі ў будцы на вадзе ці на беразе пры вогнішчы і тут наслухаўся беларускіх казак, песьняў, нагледзіўся чароўных абразкоў беларускае прыроды і добра пазнаўся з жыцьцём-быцьцём селяніна. У 1909 годзе ад даўгінаўскага краўца В. Сосенскага трапіла ў яго рукі „Наша Ніва“; Плаўнік надта зацікавіўся газэтаю і зараз пачаў пасылаць ёй допісы. У 1910 годзе надрукавалі там і яго маленькую імпрэсію „Пяюць нашлежнікі“, — з гэтага пачалася літэратурная дзеяльнасьць Зьмітрака Бядулі. Вясною 1912 г. пераехаў ён у Вільню і быў пастаянным супрацоўнікам „Нашае Нівы“, да самага яе канца (1915 г.). Да гандлю ніякага нахілу ня меў і пастанавіў назаўсёды аддаліцца ад яго, а дзеля гэтага меў шмат прыкрасьцяў з бацькам. На яго сварыліся за тое, што „займаецца глупствам“, кніжкамі, яго зусім не маглі зразумець, калі ўвесь аддаўся беларускай справе. Грашавых комбінацый, усе відзелі, тут ня было, бо раней жыў з матар‘яльнага боку лепей; славы—таксама не, бо якая магла быць слава ў нейкага „хама“ Зьмітрака Бядулі, калі навет імя гэтага вельмі сароміліся бацькі і кроўныя Плаўніка. Апрача таго, шмат ужо хто з жыдоўскай і расейскай інтэлігенцыі накідаўся на яго, нашто пішаць на такой мове, якой ніхто знаць ня хоча, на што ён губіць свой талент. — „Ніхто з іх ня мог зразумець маей душы,—жаліцца ў адным прыватным пісьме Бядуля,—маей натуральнай цягі да той зямлі, да тых людзей, дзе я радзіўся і правёў усе свае лепшыя годы“. Што датычацца яго літэратурнай працы, дык Бядуля аддаваў ёй у Вільні толькі той скупы вольны час, які заставаўся ў яго ад прозаічнай работы, даваўшай яму магчымасьць жыць. На Бядулю ўзвалівалі ўсю тэхнічную няцікаўную работу, і ён працаваў над літэратурай выкрадкам, урыўкам. Гэткую долю яго відзім і цяпер (1919 г.) у газэце „Беларусь“. Пры гады ў часе вайны Бядуля быў зусім адарваны ад літэратуры, а патым у першай беларускай газэце „Беларускі шлях“ ён проста мучыўся ад надмернай газэтнай работы, шкодзіўшай і разьвіцьцю яго талента. У газэце ён вёў некалькі аддзелаў, спаўняючы работу за трох-чатырох работнікаў.
Яго пітэратура. Апавяданьні Зьмітрака Бядулі і вершы Ясакара расьсеяны па ўсіх беларускіх газэтах і журналах, як да прыкладу: „Наша Ніва“, „Беларусь“, „Biełarus“, „Маладая Беларусь“, „Лучынка“, „Вольная Беларусь“, „Беларускі Шлях“, „Звон“, „Беларускае жыцьцё“, „Беларусь“ і інш. Асобнымі зборнічкамі дагэтуль выйшлі толькі яго „Абразкі“ (1913 г.), поэзія ў прозе, і брошура „Жыды на Беларусі“ (1917 г.), выданая ўбогім коштам самаго слаўнага аўтора. Некаторыя артыкулы Бядулі выдаюць у ім здольнага і орыгінальнага публіцысту („Будуйце, браты, будуйце!“). Розныя творы яго зьяўляліся і ў перакладах на польскай, маскоўскай, жыдоўскай, украінскай, літоўскай і нямецкай мовах.
Яго творчасьць адбіваець на сябе ўплывы з двух бакоў: жыдоўскага і беларускага. Праявы жыдоўскай нацыянальнай душы відаць у нязвычайнай чуласьці поэта, у яго датклівасьці, і гарачым пыхаючым тэмпэрамэнце, у яго нахіле да містыцызму і ў нейкай то віднай, то схаванай, а паўсёднай засмучонасьці. Праўда, ён любіць часам пажартаваць і пасьмяяцца, але жарты яго таксама невясёлыя, а сьмех яго горкі. У хэдары і ешыбоце яго вучылі, што любавацца сонейкам, пекным зялёным дрэвам—няможна, бо гэта дыявальскія пакусы і даводзяць яны да грэху, што ў гоя (ня жыда) няма душы, што гой нячысты. Яго пабожны дзед-ідэаліста ўмеў прымірыць тую навуку з жыцьцём, ня трацячы сваёй пашаны да ўсякага чалавека і гадуючы ўва ўнуку лепшыя чалавецкія пачуцьці. Але ўнук быў прыраджоны поэт, дзіця беларускае прыроды і шчыры; сьлёзны глядзеньнік на трагэдыю беларускага вясковага жыцьця. Ен увідзеў у беларускім „гоі“-мужыку абраз непапсутага, запраўднага біблейнага аратая, а беларуская прырода ахмяліла, ачаравала яго. І вось ў апяяньні тае прыроды і жыцьця таго ратая, на яго роднай мове, знаходзіць Бядуля сваё шчасьце і цэль свайго жыцьця. Па ўплыве, які меў на яго беларускі народ, пачынаюцца ўплывы беларускіх інтэлігентаў-адраджэнцаў. Рэдакцыя „Нашае Нівы“ робіцца яго унівэрсітэтам, яго вышэйшай школай. Тут знаходзіць Бядуля свой сталы сьветагляд, мацуець свае адносіны да жыцьця і да ўсяго акружаючага. Тут ён зразумеў, у чым значаньне клясавага і нацыянальнага змаганьня.—„Ад беларусаў я наўчыўся, як трэба кахаць сваю бацькаўшчыну. Навет і жыдоўскі народ яны навучылі мяне любіць“, — пісаў ён сам, спамінаючы гэтую пару. Прыймаючы такія ўплывы, разьвівалася і творчасьць Бядулі. 1912—1913 гады былі яе лепшым часам. Тады зьявіліся бядуліны апавяданьні, у каторых найбольш чыстай, вясковай, народнай эпічнай беларускасьці. Патым азначаецца як быццам другая пара. У 1913-жа годзе выходзяць „Абразкі“, дзе пышна буяець лірызм поэта, думка робіцца больш абстракцыйай і псыхіка беларуская ідзець на сустрэчу псыхіцы жыдоўскай. Поэт патрабуе пісаць вершам і на працягу 1915-га года здавальняе гэтую патрэбу, даючы містычную, любоўную і прырода-апісаўчую лірыку, а патым, у 1914—1915 гадох,—лірыку, зьвязаную з вайною. Пасьля вайны і рэволюцыі, сьпярша натхніўшай, ды хутка расчараваўшай яго ў некаторых ідэалах, у Бядулі прыкмецен кірунак у бок народнай беларускай творчасьці (захапленьне міфолёгіяй). Праз увесь час ён застаецца гарачым адраджэнцам, ня губіць веры ў народ і яго нацыянальна-соцыяльнае адраджэньне, але бліжэй прыймае да сэрца творчасьць ад індывідуальных перажываньняў.
Апавяданьні Бядулі—найбольш цэнная для нас частка яго поэзіі. У іх найболей беларускіх нацыянальных азнак і аўторскай безпасрэднасьці, орыгінальнасьці. З боку задворна-літэратурнага яны стаяць ў сваім часе надта высака: дасканальная мастацкая проза, сакавіты малюнак, гушчыня фарбаў, прыгажство і сьвежасьць параўнаваньняў, меткасьць слоў і чыста-народная абразнасьць,—гэта і іх вартасьці. З боку ідэйна-літэратурнага яны заўсёды глыбокі і наагул багаты, горкім сьмехам падчыркіраюць захаваную ў іх думку і наводзяць чытаньніка на развагі. Пераважаюць і тут соцыяльныя мотывы, каторыя не высуваюцца, аднак, пісьменьнікам наўмысьля на першы план, як у некаторых нашаніўцаў, а паказаны зусім бесстаронна, дзеля чаго і здабываюць асабліва прыкметнае значаньне. Аўтор без усякіх падчырківаньняў, павялічаньняў і згушчаньняў абгаляець страшныя язвы нашага сялянскага жыцьця. Драматызм крайняй і безнадзейнай беднасьці, як прычына з рэзультатам, зьвязанай з п‘янствам, адчаем настрою і садызмам пачуцьця, таланавіта змалёвая ў колькіх апавяданьнях („Сьцёпка“, „Тулягі“, „Сымон“ і інш.). Сымон штодзенна б‘ець жонку, і яму лягчэй робіцца. Сьцёпка прапівае астатнюю муку, расьпінаецца, шалеець, б‘ецца, і знаходзіць адхлань сваёй злосьці ад нядолі. На соцыяльным фоне, а найчасьцей на фоне страшэннай галіты творыць Бядуля малюнкі, ў каторых знаходзім то цікаўную развагу філёзофскага характару (нахіл да чаго можна разглядаць у Бядулі, як насьледзьдзе навукі талмуда), то псыхолёгічную характарыстыку, то разгляд якога-небудзь чалавечага пачуцьця, то прыметную чырту побыту і г. д. Паказаўшы ў апавяданьні „Пяць лыжак заціркі“ запраўдны, непадмалёваны выгляд тае галіты, калі „няма чым і муху пакарміць“, Бядуля даець гэткі нібы-то ключ да свайго твора: „Шчасьце, як і няшчасьце, ня маець сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на сьвеце, але кожны чалавек маець сваю асобную мерку да шчасьця і свой асобны пагляд на самае шчасьце“. Ды ясна відаць, што гэты ключ—мэтафора, што гэта—проста горкі сьмех над шчасьцем ад лыжкі заціркі. Змаляваўшы жудасную, драматычную карціну беларускага вясковага жыцьця ў апавяданьні „Тулягі“, аўтор пішаць: „Дзіўнай робіцца душа чалавека ў горы. Чароўным робіцца слова балючага сэрца, даходзіць яно тады да найвышэйшага хараства, да сьвятасьці і чыстаты, робіцца ўладарным над людзьмі“. Гэткае хараство знайшоў поэт у душах Арцёма і Арцёміхі, як памёрла іх Ганулька. Тымчасам, дужа рэдка выяўляецца, яно, бо соцыяльныя злыдні гнятуць усялякае парываньне, зьмяншаюць жаданьне, абніжаюць душу чалавека, як гэта мы відзім з апавяданьня „Гора ўдавы Сымоніхі“, „Сон Анупрэя“ і інш. За ўсе мучэньні Анупрэй, гэны тыповы прадстаўнік свае сфэры, просіць у бога толькі кавалак селядца і чарку гарэлкі. Сымоніха—таксама тып, створаны ўсім укладам нашага вясковага жыцьця, але глаўным чынам яго соцыяльнай стараною. Забабоннасьць Сымоніхі—тыповая беларуская чырта, як і яе кляцьба, збліжаючая Сымоніху па большаму ці меншаму садызму пачуцьця з Сымонам, Сьцёпкам, Арцёмам і іншымі безнадзейна сьціснутымі жыцьцём людзьмі. Часам гэтае пачуцьцё кідаецца ў жыцьці ў другі бок, разьвіваецца у іншым зусім кірунку, і тады маем сьветлы абраз вялікага поставаньніка Лявона, каторы памірае шчасьнейшым чалавекам („Вялікі пост“). Гэны тып беларусаў, нязвычайна любячых сваё абмяжаваньне ў жыцьцёвых патрэбах, увазводзячых яго ў культ, дужа тонка ўгледжан Бядулем і паказан у пеўным псыхолёгічным асьвятленьні. Побач з Лявонам стаіць, хоць і шмат драбнейшым выглядае, Ліканор з апавяданьня „Злодзей“, каторы краў, ды быў „акуратны, не фальшывы чалавек“. Хоць красьці, але гаварыць праўду, — гэта выглядаець у Ліканора так, як у Лявона выглядае сьмерць праз жаданьне як можна менш браць ад людзей. Для паўнаты агляду трэба заўважыць, што адно вершаванае апавяданьне пазьнейшага часу („Помста“, 1918 г.), маючае чыста клясавы характар, але пісанае на стары спосаб творчасьці, нічым па духу ня розьніцца ад ранейшых апавяданьняў пісьменьніка, а толькі адбівае павевы свайго часу. Нацыянальныя мотывы часьцей можна знайці ў лірыцы Бядулі-Ясакара, але і ў яго апавяданьнях, як пісаных чыстым адраджэнцам-нашаніўцам, яны сустрачаюцца вельмі часта. Цаліком пасьвяціў ім Бядуля апавяданьне „На каляды к сыну“, духоўна зьвязанае з „Калыханкай“ Багушэвіча і цэлым чародам падобных рэчаў у нашай поэзіі. Трэба спамянуць яшчэ адну старану бядулеўскай творчасьці, каторую найвыразьней паказуець сярод яго апавяданьняў невялічкая, але слаўная рэч — „Малітва малога Габрусіка“. Малітва заключаецца ня ў словах, ня ў спосабе пераказу, а ў сэрцы, у тым, што мае душа для малітвы. Гэтая вядомая думка, апрацаваная шмат разоў у літэратуры, знайшла орыгінальны выгляд у Бядулі. Ніхто ня ўчыў Габрусіка маліцца, але „ў яго маладым сэрцы ўжо даўно бог жыве… Даўно душа Габрусіка моліцца яму бяз слоў“. Сьвіст хлопчыка—яго малітва прад вялікім бажством, каторае завецца Хараство і каторае даўно пануе над яго памысламі—бо ён поэт. Тое-ж пакланеньне хараству, але балючае, відзім мы між іншых старон і ў імпрэсіі „Гармонік плакаў“ дзе шмат настрою, пачуцьця, поэтычнасьці. „Для гэтага калекі, як ён палюбіць—няшчасьце вялікае“,—напісаў Бядуля аб крывым Саўцы. Тут журба адзінокай душы, нясходанае жаданьне ўцех узаемнае любові, але грунтам усяго ёсьць, калі разгледзіцца, брак паўнаты задаваленьня ад хараства. І наагул, важнай складанай часткай зьместу бядулеўскіх апавяданьняў ёсьць хвала хараству, асабліва ў апісаньнях прыроды, гэта можна сказаць аб усіх-чыста яго рэчах. Таксама—карціны побыту. Беларускі сялянскі побыт Бядуля ведае дасканальна, але малюець яго, не ўважаючы за нешта глаўнае, а карыстаючы з яго для сваіх вышэйшых, ідэйных мастацкіх заданьняў. Прыкладам можа быць „Ліст“—верная бытавая карцінка, дзе, аднак, знаходзім нешта яшчэ: любоў маткі, любоў бязьмерную, вялікую, гатовую на мукі, на паніжэньні, а захаваную ў душы простай, несамавітай беларускай бабы! Гэткімі карцінкамі побыту, на фоне якіх Бядуля паказуець нешта вышэйшае, ідэйнае, можна назваць большасьць яго апавяцаньняў, („Ашчасьлівіла“ — „Чараўнік“, „Шалёны“ і інш.).
Лірыка Бядупі-Ясакара. „Абразкі“ — сынтэз псыхікі жыдоўскай і беларускай. Уклад мовы — стылізаваны, быццам біблейны. Абразы—беларускія, але таксама агорнутыя наўмыснай стылізаванасьцю і паказаныя быццам праз нейкае небеларускае шкло. Зьмест—найчасьцей індывідуальныя перажываньні. Ен кажа: „Думы, дзеці душы маей, мне супакою не даюць“. Яму, поэту, цяжка жыць так, як жывецца, бо ён хочаць, а ня можа ўздаволь любавацца хараством сьвету божага, ня можа супакоіць сваё сэрца, здаволіць сваю душу.—„Здаецца, абхапіў-бы ўвесь сьвет божы і зьліўся-бы ў вадно з ветрам лёгкім, каб нешта цікавае, патрэбнае казаць убогім вёскам, каторыя, нібы апенкі на пасецы, расьсеяны па ўсяму вялікаму абшару беларускіх раўнін і балот“… — разважае поэт. Вершы пачаў ён свае з любоўнай лірыкі, дзе паказаў поэтычную прастату ў паглядзе на каханьне („Ці грэх“… 1913 г.), але неўзабаве перайшоў і на туманную сымволістыку, перайманьне чужога, філёзофстваваньне („Сьляпыя“). Любоўнае пачуцьцё родзіць у Ясакара трывожны і маркотны, нездаволены настрой. Маўляў, з нейкай поэтычнай прыемнасьцю ён плачаць і стогнець ад яго—сьлёзы туманяць яму вочы, боль раніць кволыя грудзі, ён чуець нешта благое („Сэрца прароча“). Падобны-ж настрей зьяўляецца ў яго часам ад уяўленьняў прыроды, перамену ў каторай ён вяжаць з сваімі перажываньнямі („Ля сьветлай затокі“). Нездаволеннасьць духа, праніканьне ў тайны істнаваньня—таксама нячужыя для Ясакара. Нахіл да містыцызму знаходзім у яго вершу „Дзіця рая“ і іншых. З прыходам вайны Ясакар на нейкі чае паддаўся ў сваёй лірыцы (і навет эпосе) агульнаму настрою, але неўзабаве шалёная вайна закранула яго глыбей, патым спужала сваёю жудаснасьцю і загіпнотызавала размахам сваіх абразоў („Волат“, „Ад крыві чырвонай“, „Арліхі“, „Баляды“ і інш.) Урэшце ён праканаўся, што ёсьць поўная паралель між Вавілонам і сучаснай вайною, што людзі могуць зрабіць культ з усяго, самага, ў істоце, брыдкога; ён піша: „І маці з радасьцю дзіця сваё кідае на полымя, дзе шмат лягло ужо дзяцей“ („Вавілон“). Яшчэ далей — вайна зьнішчыла ідэалы поэта. („Расьсеяўся туман“), яго веру ў чалавека („Кат“). Яго адносіны да рэволюцыі аналёгічны з адносінамі да вайны. Біблейныя пераклады Ясакара вельмі поэтычны і адказуюць найчасьцей на нацыянальна-соцыяльныя тэматы („На біблейны лад“). З пазьнейшых вершаў трэба спамянуць яго прыгожую фантазію, навеяную зімовай начою і зьвязаную цесна з дапраўднасьцю — „Казку зімовай ночы“ і ўзварушлівыя, задушэўныя „Задушкі“.
Бядуля ў нашай поэзіі сваімі, глаўным чынам, апавяданьнямі шыбка й лёска здабыў дужа віднае і адпаведнае значаньне. Ды ня можна сказаць, каб з той-жа памыснасьцю ішло далейшае разьвіцьце яго таленту, у чым вінаваты былі ўмовы беларускага жыцьця. Аднак, з усяго відаць, што застой Бядулі з часу вайны і рэволюцыі кончыўся. Пачаўся расьцьвет ізноў.