Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/III/Нашаніўская пара/Маладзейшыя/Я. Купала

Я. Колас-Т. Гушча Я. Купала
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1921 год
М. Багдановіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Янка Купала.
(Радз. ў 1882 г.).

Янка Купала.


Янка Купала.

Яго біяграфія. Янка Купала (Ян Дамінікавіч Луцэвіч) арадзіўся 25 чэрвеня 1882 г. (ст. ст.) ў фальварку Вязынка, пад Разашковічамі, у Меншчыне. Паходзіць ён з беднай, працоўнай шляхты. Бацькі яго, Дамінік Дамінікавіч Луцэвіч і Бэнігна Янаўна (з роду Валасевіч), арандавалі невялічкія двары, дзе ўраблялі зямлю ўласнымі рукамі. Купала—другі сын у бацькі; з даволі вялікай сям‘і, пасьля сьмерці другіх дзяцей, ў жывых застаўся толькі ён і тры сястры. Гадоў да трох хлопчык рос у Вязынцы, а патым, гадоў да сямёх—у Косіне Барысаўскага павету, дзе бацька яго служыў у пана Багдановіча. У Косіне яго пачалі ўчыць польскаму пісьму, Калі поэту было гадоў сем, бацька яго перайшоў на службу у двор Турчыновіча Сяньніцу, сем вёрст ад Менска. Тут у рукі хлопчыка трапіў стары маскоўскі календар, і ён з дапамогай свае нянькі выўчыўся па ім чытаць памаскоўску. Пасьля яго вучылі папольску і памаскоўску так званыя „вандроўныя вучыцялі“, каторыя зазвычай самі нічога ня ўмелі. У Сяньніцы сям‘я Луцэвічаў жыла ўсяго 1—1½ года, а патым пераехала ў Менск. Бацька хацеў вучыць дзяцей і нейкі час езьдзіў у Менску возьнікам, але неўзабаве зноў пачаў шукаць фальваркаў у пасэсію. Сам-жа бацькабыў малапісьменны, але ўмеў пісаць папольску і памаскоўску. На дзевятым годзе жыцьця поэта Луцэвічы пераехалі ў фальварак Жаброўскіх Прудзішчы, Беларуцкай воласьці, Менскага павету, вёрст 30 ад Менску. Там рэпэтытар гатаваў хлопчыка ў гімназію, ды бацька раздумаўся вучыць яго,баючыся вялікіх коштаў, і пакінуў удаму „гаспадарыць“. Вучыўся-ж Янук добра, яго цягнула да кніжкі, і за пяць гадоў, пакуль жылі ў Прудзішчах, ён шмат чытаў: вёў коні на нашлег — і то у кішаню клаў кніжку, ня мала меў праз тое і прыкрасьцяў у гаспадарскай рабоце. Калі яму было гадоў пятнаццаць, бацька ўзяў у рэнду фальварак Селішчы Гайна-Слабодзкай воласьці, Барысаўскага павету. Адгэтуль бацькі паслалі яго вучыцца ў народную школу ў Беларучы (Менск, пав.); праўчыўшыся ўсяго адну зіму, ён дастаў пасьведчаньне аб сканчэньні пачатковае навукі. Маючы гадоў 16-17, поэт браў кніжкі ў Бяседах (недалёчка ад Селішчаў) з бібліатэкі пана Чаховіча, старога рэволюцыянэра, ідэаліста, каторы быў калісь высланы за паўстаньне і цяпер жыў напоўлегальна. Сярод кніг былі рэволюцыйныя; Чаховіч любіў часам і пагутарыць з цікавым хлапцом. У тым-жа часе пазнаёміўся поэт з Ядвігіным Ш., і той жыў блізка адгэтуль. У Лявіцкіх першы раз ўвідзеў ён беларускія кніжкі, і яны разам з пашыранымі тады (перад 1904 г.) праклямацыямі зрабілі на яго вялікае ўражаньне. Але і цяпер ён быў яшчэ звычайным сябрам свае сфэры, у каторай панавала некаторая польскасьць, ці абпалячанасьць і шляхоцкасьць. На 19 годзе жыцьця, у Селішчах, памёр увясну бацька, а ўвосень брат і патым блізка ў адзін дзень памёрлі яшчэ дзьве сястры. Тады зусім адвярнула поэта ад гаспадаркі; матка засталася гаспадарыць, а ён ад сахі і касы пайшоў у сьвет. Цераз 2—3 гады сям‘я Луцэвічаў пераехала ў Бараўцы (Менск. пав., 18 вёрст ад Менску), а стуль пазьней—ў Акопы (35 вёрст ад Менска, блізка Радашковіч), дзе матка поэта жывець і цяпер. Пайшоўшы ў сьвет, Луцэвіч быў некалькі месяцаў вучыцелем нелегальнай польскай школкі. Кінуў гэта і паступіў быў на сэкрэтара к сьледавацелю ў Радашковічы, але той хутка сказаў яму: „Дрэнна пішаш,—лепей ідзі гараць“. Дастаў быў службу ў лесе ў Сеньненскім павеце Магілеўшчыны, але і там не пашчасьціла, і ён мусіў паіці за памошніка аканома ў двор Беліцу пана Сьвяціцкага (35 вёрст ад Талачына). Не спадабаўшыся пану за адносіны да работнікаў, ён дацягнуў, аднак, там зіму да канца. Паехаўшы даведацца хворай маткі, Луцэвіч бавіў ўдаму нядоўга і ўзноў пайшоў на службу на гэты раз практыкантам у Сімкова-Гарадоцкі бровар (12 вёрст ад Менска), дзе працаваў бяз грошы, за „навуку“ і, можна сказаць, быў звычайным работнікам. Так пражыў зіму 1904—1905 года. Раней ён ужо пісаў польскія вершы, а тут пад ўражаньнем рэволюцыі і ў зьвязку з сваім соцыяльным палажэньнем пачаў складаць вершы беларускія,—„простыя“, мужыцкія. Лета пражыў удаму, пісаў многа і толькі пабеларуску. Зіму 1906—1907 г. г. служыў у бровары ў Яхімоўшчызьне Ашмянскага павету і пачаў супрацоўнічаць у беларускіх выданьнях. Пражыўшы лета ўдаму, ён служыў узімку 1907—1908 г. г. ў трэцім бровары ў двары Сноў Наваградзкага павета. Адтуль пасылаў у расейскія газэты вершы і корэспондэнцыі з апісаньнем цяжкога жыцьця работнікаў, за што чуць не дастаў апшыту, але сам па сабе надумаўся і паехаў дамоў. Тады яго запрасілі ў Вільню; ён прыехаў у восень 1909 г. і працаваў у бібліатэцы „Знаніе“ да восені 1909 г. Патым паехаў у Пецярбург, з дапамогай Эпімах-Шыпілы паступіў на агульна-асьветныя курсы Чарняева і вучыўся аж да лета 1913 г., прыязджаючы на Беларусь толькі ўлетку. Вучэньне йшло ня вельмі добра, бо зарабляў на хлеб, шмат чытаў і хацеў пісаць. Напісаў ён за гэты час дужа многа. Адпачыўшы нейкі час ў Акопах, Купала прыехаў у Вільню, дзе і жыў з 1913 г. да восені 1915 г. працуючы ў „Беларускім Выдавецкім Таварыстве“, а посьле рэдактуючы „Нашу Ніву“. Яго мізэрнага заработка не хапала яму на самае сьціплае жыцьцё. У пачатку вайны ён пазнаёміўся з гасьціўшымі ў Вільні В. Брюсавым і К. Бальмонтам. Брюсаў пераклаў некалькі яго вершаў. Калі падыходзілі немцы, Купала выехаў у Менск, а пазьней, як бежанецў Арол, дзе беларус-аптэкар Жывапісцаў († 1919 г.) намовіў яго паступаць ў унівэрсітэт Шаняўскага, дэкляруючы грашавую падмогу. Поэт згодзіўся і ў кастрычніку быў ужо ў Маскве студэнтам. Там 23 студня 1916 г. пабраўся з Уладыславай Станкевічанкай, быўшай раней у Вільні вучыцелькаю і грамадзскай працаўніцай. Цераз колькі месяцаў ён, як вайсковы павінны, пайшоў у 16 дарожны адрад пад начальства жончынага брата Станкевіча. Работа была невялікая і найболей у Менску, а з чэрвеня 1916 г. адрад перавялі ў Полацак. Там застала рэволюцыя. У лістападзе 1917 г. яго і жонку, як машыністку, перавялі ў Смаленск. Цяжка жылося ім там пасьля ліквідацыі адрада, у часе бальшавіцкага ладу жыцьця. Поэт быў раз‘язным агентам комісарыята харчоў, езьдзіў купляць жыта ў глушы Смаленшчыны, Магілеўшчыны і ў іншых губэрнях. Прыехаўшы з аднэй камандзіроўкі, цяжка захварэў на крываўку і ледзь не памёр. Перад новым, 1920 годам, на вялікую радасьць, Луцэвічам удалося пераехаць у Менск. Там Купала заняў пасаду бібліатэкара пры адчыненым бальшавікамі Беларускім Народным Доме і працаваў аж да прыходу польскіх легіонаў. У канцы года ён хварэў на апэндыцыт і быў пры сьмерці.

Літэратура Купалы. Першы яго выступ у беларускай літэратуры быў 15-га мая 1905 года, калі ў менскай расейскай газэце „Сҍверо-Западный Край“ надрукавалі яго верш „Мужык“. Купале йшоў тады 23-ці год. Патым выданьні яго твораў ішлі такім чародам: 1) „Жалейка“ (1908 г.)—зборнік вершаў ад 1905 года; 2) „Гусьляр“ (1910 г.), зборнік пазьнейшых, лепш апрацаваных вершаў; 3) поэма „Адвечная песьня“ (1910 г.), напісаная ўлетку 1908 г.; 4) поэма „Сон на кургане“ (1913 г.), напісаная ўлетку 1910 года; 5) драма „Паўлінка“ (1913 г.), напісаная ў 1912 годзе; б) „Шляхам жыцьця“ (1913 г.)—зборнік вершаў за 1910—1913 г.г.; 7) драма „Раскіданае гняздо“ (1919 г.), напісавая ў 1913 г. Апрача таго, шмат лірычных вершаў напісаў Купала за 1914—1915 г. г. (зьмешчавых у „Нашай Ніве“ і др. выданьнях) і даволі многа у 1918—1919 г. г. ў Смаленску (друкуюцца ў „Беларусі“). Ў часе вайны ў 1916—1917 гадох поэт блізка таго ня пісаў зусім. Вершы Купалы перакладаліся на мову маскоўскую, польскую, украінскую, нямецкую, чэшскую і інш. З маскоўскіх поэтаў яго перакладалі В. Брюсаў, А. Корынфскі, Белавусаў, Нячаеў і др. „А хто там ідзе“ пераклаў у сваёй брошурцы М. Горкі.

Лірыка Купалы. І гэты наш поэт па характару свайго таленту—пераважна лірык і індывідуаліста. У лірыцы паказаў ён свой магутны поэтычны дар і дасяг памысных рэзультатаў творчасьці. Лірызмам душы поэта ахоплены яго эпічныя вершаваныя рэчы, лірыкай перасыпана і яго драма. Лірычных вершаў у Купалы дужа многа (што шкодзіць іх мастацкай вартасьці). Агульны тон іх элегічны і мякка-сатырычны. Вершы пачатковай пары яго творчасьці, разумеецца, слабейшыя па форме, затое ж сярод пазьнейшых вершаў ёсьць нязвычайна мастацкія. Лірыка Купалы болей музыкальная, чымся плястычная; часам гэта проста музыка. Найчасьцей строіць поэт сваю ліру на патрыятычны лад, паказуючы думку беларускімі малюнкамі соцыяльнага характару. Грамадзянскія мотывы—на першым пляне, але, прырода і любоў займаюць таксама шырокі прастор. Ідэолёгія адраджэньня ёсьць глаўнай прыметай ня толькі лірыкі, але ўсяе поэзіі песьняра. Творчасьць яго болей нацыяналістычна, чымся творчасьць Коласа, і меней нацыянальна, меней маець самабытна-беларускіх азнак, чымся коласаўскі эпос. У сваёй лірыцы Купала вялікі патрыот. Патрыятызм яго, спачатку нясьмелы і ледзь прыкметны на фоне соцыяльных абразкоў, бесьперастанку ўзрастаець і пад канец набіраецца правадырскай сьмеласьці і дужасьці. Першы выступ поэта ў беларускай літэратуры („Мужык“, 1905 г.) ня меў ніякага нацыянальна-беларускага знаку і выглядаў выключна соцыяльным па свайму характару. Малады поэт, цяперашні асілак адраджэньня, выйшаў на літэратурную ніву з паглядамі масавага беларуса-селяніна. Зараз, аднак, ён пачынае з словам мужык зьвязываць слова беларус („З песьняў а сваёй старонцы“). Думкі яго разьвіваюцца ў гэтым кірунку дужа шыбка, і ўжо ў 1906 годзе ён займае цьвёрды грунт ў вельмі дзейнай ідэолёгіі адраджэньня („А хто там ідзе?“ „Над сваёй айчызнай“ і інш.). З агульным разьвіцьцем поэта разьвіваецца і яго сьвядомасьць у нацыяналізьме. Паглыбеўшы ў думцы і дасканальна апанававаўшы форму верша, Купала даў у 1908—1913 г.г. колькі лірычных вершаў, выдатных па свайму хараству і па той сіле, з якой выказана ідэя адраджэньня. Пясьняр заклікае свой працоўны сярмяжны народ абудзіцца („Сваякам па гутарцы“). Ад імя гэтай міліённай грамады ён, як вярхоўны жрэц, з нязвычайным натхненьнем моліцца сонцу, каб глянула „да крывіцкіх туманных нізін“, каб узяло з імі вечны шлюб („Песьня сонцу“), а родную старонку ён заклікае, каб выйшла „спаткаці вясну“. („Выйдзі“…). Ува ўсякую мінуту, ува ўсякай патрэбе моліцца ён за „родны загон Беларусі“ („Мая малітва“). З сардэчнай мукаю пяець поэт „смутную повесьць“ роднае мовы і ўсяго роднага, каб паказаць свайму народу, што „ўжо новая відна pара“ („Ужо днее“). У чародны перыад, посьле вайны і рэволюцыі, ён то гоіць больку свае ўсеаб‘емлючае нацыянальнае душы бічаваньнем „беларускіх сыноў“ у войстрай, пякучай сатыры („Беларускія сыны“, 1919 г.), то з трагэдыяй вялікага духа ўзьлятае ў вечнасьць і адтуль маркотна аглядаець цярнёвы шлях, па якім вёў ён свой народ з эгіпецкае няволі („Мой цень“). Соцыяльны элемент ёсьць важная складаная частка ўсяе творчасьці Купалы. Нацыяналізм яго грунтуецца, як зазвычай у беларусаў, таксама на соцыяльных пытаньнях; ён не выглядае ў Купалы як нешта паасобнае, а заўсёды зьвязуецца ў яго з думкай аб родным народзе і яго соцыяльным стане ў вадно непадзельнае цэлае. Чуць ня кожны верш песьняра,—а ці-то апісаньне прыроды, побыту, праяў жыцьця, а ці-то чаго іншага, — маець стульны зьвязак з соцыяльнымі пытаньнямі. Вышэй за ўсё ставіць поэт працу, каторая мяняе навет самы выгляд зямлі, толькі ня можа зьмяніць горкага мужыцкага жыцьця на лепшае. Апісуючы такое жыцьцё з усіх бакоў, пясьняр відзіць прычыны злыдняў у нацыянальнай няволі, у мужыцкім беззямельлі, у поўнай залежнасьці мужыка ад панскай ласкі, ў адміністрацыйным безгалоўі, у народнай несьвядомасьці у цемнаце, у гарэлцы. У сучаснай соцыяльнай будове беларускага жыцьця Купала відзеў выключна ўсё дрэннае, дык і лірыка яго засмучоная. Вясёласьці ў яго поэзіі няма. Тон яе заўсёды аднавагам маркотны. Соцыяльныя злыдні зрабіліся такімі звычайнымі, што не ўзварушаюць поэта на вялікі гнеў з запалам; Купала хавае сваё абурэньне ў сваім смутку і вылічае крыўды даволі спакойна ці з панурай іроніяй. Соцыяльны элемент творчасьці Купалы разьліт у большасьці яго лепшых вершаў, асабліва ў бытовых апісаньнях, апісаньнях працы, а найпаўней ён выказан у такіх лірычных рэчах: „З песьняў беларускага мужыка“, „З песьняў мужыцкіх“, „Ах, ці доўга…“ „На польскую ноту“, „Эй, восень, восень…“, „Аб мужыцкай долі“, „З песень беззямельнага“ і інш. У соцыяльнасьці творчасьць Купалы маець часам агульныя азнакі з творчасьцю Багушэвіча. Прыроду Купала рэдка апісуець, як мастак чыстага мастацтва. Тады, як у Коласа яна часта малюецца дзеля яе хараства, у Купалы такіх апісаньняў блізка што няма; ён і тут найчасьцей творыць, як грамадзянін і адраджэнец. („Прыйша зіма халодная“… Явар“ і інш). Пазьней у яго зьяўляюцца вельмі мастацкія абразкі прыроды, зьвязаныя з асабістымі перажываньнямі песьняра, з яго настроямі і жаданьнем паказаць таёмны дух прыроды, каторы ня можна перадаць звычайнаю моваю і пеўнымі разуменьнямі. („Адцьвітаньне“, „На склоне лета“, „Сьпека“, „Восень“, „З асеньніх напеваў“, „У вечным боры“, „Лясун“, „Чорны бог“ і інш.). Вельмі дасканальны верш „Адцьвітаньне“ тонка пераказуе, да прыкладу, нявымоўнае чуцьцё таго, як „думка сэрцу аб вясьне зрадны голас падае“; цікаўная ў ім тэхніка—частае „с“, як лейт-мотыў адцьвітаньня, даець асоцыяцыю з сухім верасам, з лісьцем, што сыплецца, з мінулым звонам касы і шастаньнем каласоў, з тым, што адцьвітае і што адцьвіло…

Не шасьцяць каласы,
Звон ня валіцца з касы,
Не кладуцца у стог пласты,
Толькі сыплюцца лісты
На яловыя кусты,
На сухія верасы.

І г. д.

Любоў у творчым паказаньні Купалы, таксама нагадуець якоесь адцьвітаньне, навет „недацьветы“. Любоў поэта азначаецца смутным тонам, нясьмелым аглядам мінулых лятуценьняў, прычым на першым пляне стаіць не жыцьцярадасны пачатак, а зьняможны канчатак каханьня. Прыметныя для купалаўскай творчасьці і лепшыя па форме такія вершы аб каханьні: „Як у лесе зацьвіталі“, „З недацьветаў“, „З табою“, „Заручыны“ і інш.

Эпос Купалы. Зусім эпічных твораў у Купалы, можна сказаць, няма. У кожным з іх столькі лірыкі, што лепей іх назваць ліра-эпічнымі. Як чысты эпік, Купала не разьвіўся. Да яго эпосу трэба залічыць байкі, абробкі народных пераказаў і легенд, невялічкія вершаваныя апавяданьні, а таксама дзьве спробы драматычных поэм—„Адвечную песьню“ і „Сон ва кургане“. Байкі ў Купалы нічым асаблівым не вызначаюцца; па складу верша яны болей-меней пераймаюць Крылова, мова іх жывая, бойкая, але ня вельмі народная, ня то, як ў Крылова, і наагул яны для нашай поэзіі ненацыянальны; і ў байках зьмясьціўся элемент нацыянальна-палітычны („Два мужыкі і глушэц“). Лепей выйшлі абробкі народных пераказаў жартаўлівага зьместу („Страх“, „Сват“). Тое, што Купала пачаў шукаць тэмы для сваіх твораў у багатай народнай творчасьці, у беларускіх забабонах, легендах, старых гутарках, мела для яго дужа карыснае значаньне, бо разьвівала ў яго поэтычным слове надыянальны элемент. Поэт пачаў карыстаць з народных сымволаў, ўсё болей захапляўся чыста-народнымі абразамі, ад сяньняшніх дзён зьвярнуўся да мінуўшчыны і закахаўся ў ёй; у яе паснулых капцох здабыў ён новы імпэт ў ідэалізацыі адраджэньня. Пераймаючы народную легенду, Купала даваў яе абразом зусім новае значаньне, сьмела і поэтычна карыстаў для нацыянальнае ідэі („На куцьцю“), хоць часам укладаў і соцыяльны мотыў, ды не абы-як, а вельмі хораша і гарманічна зьвязаўшы яго з хвалебнай песьняй няўмірушчай праўдзе і творчаму слову („Курган“).

Адвечная песьня—драматычная поэма ў 12 праявах. Аб гэтай рэчы, скончанай поэтам ў Бараўцах улетку 1908 года, М. Багдановіч пісаў так: „Гэтая пацерка з невялікіх гутарак-вершаў зусім зьбіваецца ва „Жалейку“: зьмест іх той-жа самы, форма, праўда, гладзей, але ня вельмі,—і ўсё-жткі яны пакідаюць глыбейшы сьлед у душы чытача; ўвесь сакрэт гэтага ляжыць у цэльнасьці іх, бо разьмешчаны яны паводлуг аднэй і тэй-жа думкі і ўвесь час дапаўняюць, падтрымываюць адзін аднаго. Усё жыцьцё мужыка праходзіць перад нашымі вачыма, і няма там ніводнага мамэнту, каб ня ліліся сьлёзы, і няма ніводнага пуці да лепшай долі, няма нічога лепшага за сьмерць… Бязвыхаднасьць, безнадзейнасьць—вось што чуваць ува ўсёй поэме, што цяжкім камянём кладзецца на душу чытача пасьля кожнай праявы. Некалькі іншым тонам напісана толькі „вясельле“, — бадай ці не найлепшая частка поэмы. Калі што яму і шкодзіць, дык мо‘ толькі такія словы як „кадрыля“, „парад“ і т. п., а ўсё другое,—і бойкі рытм, і рыфмы на сярэдзіне строк, і навет нейкая грубаватасьць вельмі жывой мовы—усё на сваіх мястох, усё надта добра падабрана да зьместу: Што датыкаецца да найслабейшага боку поэмы, дык—на наш пагляд—гэта грубы сымволізм, прыпамінаючы дзе-якія кепскія месты з твораў расейскага пісьменьніка Л. Андрэева“.

Сон на кургане — драматычная поэма ў 4 абразох. Напісаў яе Купала ўлетку 1910 года ў Пецярбурзе, калі ў сталічнай абстаноўцы быў агорнут усёю сілаю агульна-грамадзянскага настрою і знаходзіўся пад вялікім ўплывам маскоўскае літэратуры. Гэта быў і другі перыад творчасьці поэта, калі ў яго пачаўся процэс самастойнага, індывідуальнага агляду спрадвечных, праклятых пытаньняў, калі ён падвадзіў свой ранейшы масава-сялянскі сьветагляд пад шырокія рамкі сьвядома ўспрынятых сусьветных ідэй. Па артызму, укладзенаму ў гэтую новую поэму, яна стасуецца з „Адвечнай песьняй“, як „Шляхам жыцьця“ з „Жалейкай“, а па сваёй духоўнасьці яна—далейшае разьвіцьце „Адвечнай песьні“. І той ідэйны поступ двух гадоў (1908—1910) трэба прызнаць невялікім і для беларускай поэзіі мала памысным, бо Сам—той жа беларус-селянін з , „Адвечнай песьні“, але ён тут прэтэндуе на ўсебеларускае нацыянальнае прадстаўніцства і большую адукаванасьць у соцыялёгіі, хоць стаў меней нацыянальны, страціў ў беларускай беспаерэднасьці і размаўлне ненатуральнай для мужыка моваю. Сам — гэта сам аўтор, сам беларускі народ, сам кожны беларус, каторы жывець духоўным жыцьцём свайго народа. Сам шукаець дзядоўскіх скарбаў у замчышчы, гэта сымвол таго, як беларускі народ шукаець свайго адраджэньня. Сам—сымвол лепшых сыноў народа, змаганьнікаў за адраджэньне. Чорны — увасабленьне варожай для іх сілы. Відмы, каторых лепей назваць пабеларуску зданямі, ці зданьнямі—увасабленьне розных злыдняў соцыяльнага жыцьця. Таварышы відмаў — чарада загубленых Самаў, ахвяры відмаў: Гістарычны процэс шуканьня захаваных скарбаў, шуканьня лепшай долі, прыняў ў уяўленьні песьняра надта поэтычныя і вольна-фантастыныя формы і абразы, болей-меней зьвязаныя з народнай творчасьцю і нацыянальнай псыхікай. Русалчына пяяньне, рытм гэтага пяяньня, русалчыны пераказы (аднак, даволі малаважныя) маюць у сабе шмат нацыянальнага,—і ў гэтым вартасьць поэмы, хоць аўтор прыдаў той вартасьці другараднае значаньне. З монолёгаў Сама, з яго песьняў і з іграньня на ліры даведуемся аб паглядах поэта, аб тым, што для яго глаўнае, і ў чым ідэя поэмы. Навіны ня шмат. Толькі зьвязана адным, нібы-то, сюжэтам тое, што ўжо сказаў Купала ў розных сваіх лірычных вершах. Тыя-ж нацыянальвыя, соцыяльныя, палітычныя, адраджэнцкія мотывы, толькі выказаныя збольшым абагуленьнем, з некаторай ўсеаб‘емлючасьцю (гл. стр. 29, 33, 93 і інш.). Размовы відмаў з таварышамі, іх монолёгі новага даюць мала і дарма так расьцягнуты; яны толькі падчырківаюць і зьясьняюць карціну, адкуль браліся Самы. Таварышы відмаў перапяваюць звычайныя соцыяльныя мотывы як: 1) безьзямельле, 2) благія заробкі і вялікія падаткі, 3) цяжкая праца жанчыны, 4) небясьпечанасьць работнікаў пры машыне, 5) упаіваньне народа, 6) гандлярская эксплуатацыя, 7) рэлігійнае задурываньне і інш. Абраз „На замчышчы“, узяты агулам, ёсьць тымчасам магутны соцыяльны протэст,—гэткія дзівы робіць вялікі талент з абы-якім матар‘ялам. К соцыяльна-палітычнаму протэсту зводзіцца і ўся поэма, забіваючы яе нацыянальнае для нас значаньне. Абраз „Пажарышча“ вызначаецца надта жывою і меткаю народнаю моваю, а тэхніка верша тут такая, што здаецца, быццам поэт забаўляецца ёю, так кіруець, як толькі яму заманецца. Адна бяда—з усяе поэмы відаць, што Купала слабы эпік, што сплесьці фабулу яму не ўдаецца, што сюжэт для яго патрэбен ня як важная частка артызму, а як спосаб зьвязаць лірычныя кавалачкі. Яшчэ што — аўтор поэмы „Сон на кургане“ зусім простыя і балючыя думкі хаваець у нейкі фантастычна-поэтычны туман і быццам стараецца зрабіць іх страшнымі знадворку, так сказаць, тэхнічна, аслабляючы тым іх духоўную балючасьць. Урэшце,—„Сон на кургане“, за свой вялікі артызм, ёсьць пакуль што адным з самых лепшых твораў нашай поэзіі.

Драма Купалы складаецца да гэтага часу з „Паўлінкі“ і „Раскіданага гнязда“. Творы напісаны адзін за адным цераз год, але ідэйная розьніца іх вялікая: першы належыць да канца першага перыаду ў купалавай творчасьці, другі—да яе другога перыаду. У першым—прастата і сьвежасьць зборніка „Жалейка“, ў другім—артызм і сымволічны туман поэмы „Сон на кургане“.

Паўлінка“, сцэны із шляхоцкага жыцьця ў двух актах, напісаныя ўвясну 1912 года ў Акопах, маюць вялікі ўсьпех на беларускай сцэне, а таксама вызначаюцца і ня малымі літэратурнымі вартасьцямі. Шляхоцкае жыцьцё змалёвана тут надта ярка, жыва і проста. Можна думаць, што аўтор сьпісаў сваіх героеў з запраўднага жыцьця. Бытавыя малюнкі стаяць тут на першым пляне, яны найболей задаліся. Духоўная старана—слабей; псыхолёгія дзеячых асоб толькі зьлёгка закранута; яна паказана ў такой меры, у якой праходзіць прад вачмі звычайчага чалавека. З большай уважнасьцю паказана душа Паўлінкі. Абраз гэтай слаўнай дзяўчыны-шляхцяначкі напісан драматургам як партрэт, але, на шчасьце, тая асоба, з якой партрэт намалёван, аказалася вельмі тыповай для свае сфэры. З гэтай прычыны партрэт Паўлінкі выглядае мастацкім тыпам, і беларускія дзяўчаты з шляхоцкіх ваколіц могуць пазнаць у ім шмат свайго характару. Паўлінка вышэй за ўсё ставіць каханьне; яна любіць сваіх бацькоў, ды ўжо выйшла з іхнага сьветагляду, а затое вось, бедная, мучыцца; яна кволенькая, далікатненькая, але ва ймя свае справядлівае думкі пойдзець на неспадзяванае для другіх, рызыкоўнае і прыгожае змаганьне. Шкада, што няма яшчэ аднаго, трэцяга, акта драмы, і няведама, што было далей з гэтага змаганьня; ці-ж так слабыя дзявочыя крыльлікі без надзеі і апусьціліся? Помала таго, што сказана ў драме і аб новым чалавеку беларускага жыцьця — Якіму Сароцы, асабліва раўнуючы з той добрай уважнасьцю, якая памастацку аказана пану Адольфу Быкоўшчыку. Гэты пан — духоўны брат каганцовагамоднага шляхцюка“, толькі прасьцейшы, бо жывець ня ў горадзе, а ў засьценку.

Раскіданае гняздо — драма ў пяцёх актах. Скончана ў восень 1913 году ў Акопах. Зьмест для драмы аўтор узяў з рэяльнага жыцьця, але кожны абраз і кожную гутарку зрабіў сымволічнымі. Апрача таго, дзеячыя асобы ў драме гавораць ня простаю, звычайнаю моваю, а поэтычнаю, сымволіка-абразнаю, часам навет музыкальна-разьмеранаю і заўсёды ахопленаю купалаўскім лірызмам. Усё гэта складаець вялікія мастацкія вартасьці твора, асабліва ў наш век грубага рэялізму, але разам з тым вымагае ад поэта такой-жа высокай ідэйнай стараны, такой-жа сілы ў паказаньні і зьясьненьні духоўнага замыслу драмы, бо йначай усё поэтычнае хараство будзе бязгрунтоўным і малацэнным. „Раскіданае гняздо“—сымвол раскіданай Беларусі з часоў пярэдадня сусьветнай вайны і соцыяльнай рэволюцыі. Сымвол той выйшаў з душы поэта-адраджэнца і былага земляроба з беларуска-мужцыкай соцыяльнай сьвядомасьцю. Дык вось і ідэйная разьвязка вялікіх проблем зроблена ў драме так, што сымволы новага часу абгорнуты нейкім туманам няпоўнай усьвядомленасьці, яны падманяюць нас сваёй прынаднасьцю, ды застаюцца маларэяльнымі, не сакавітымі на свае запраўдныя, жудасна-рэволюцыйныя фарбы. Дух навізны толькі здалеку, хоць і безадступна, мітусіцца тут, найвыразьней уваходзячы ў рыторычны абраз няведамага чалавека, работніка, згукаючага па гарадох і вёсках гаротнікаў на „вялікі сход“. Тып работніка незадачан. Лепей выйшаў сялянскі прототып новага беларуса—Сымон. Цікавен поэтычны абраз Зосі, як сымвол паза-клясавых адносін. Надта а надта мучаецца Зося цераз гора сям‘і, без аніводнага слова зносіць яна балючыя папікі новага змаганьніка з панствам-брата і ймець веры, што ўсіх злыдняў можна пазбыцца, калі людзі будуць любіць адзін аднаго так, як яна любіць паніча,—гэта ўвабражаныя паза-клясавыя адносіны. Паніч пабавіўся, скрыўдзіў дзяўчыну і кінуў яе без усякай страты, — гэта запраўдныя паза-клясавыя адносіны. Дзяўчына адурэла. Яна сьніла залатыя сны, яна была поўная поэзіі, і каб захаваць свой няземны характар пасьля гідкага датыканьня жыцьця, яна зусім адракаецца ад жыцьцёвай праўды, пераходзіць у прастор грёзаў, робіцца ненормальнай. Сцэна з вяночкам з васількоў па сваёй магутнасьці, па сваёй поэтычнай чыстаце, па тонкасьці перажываньняў нагадуець вечны абраз Офеліі. Разьвязка паза-клясавых адносін, як відзім, дужа поэтычная, ды зусім непажаданая ні з якога, апрача аднаго бадай панскага, пагляду. Старац добра сымволізуе старадаўнае прымірэньне з бядою, а Лявон Зяблік—гібель ад непасільнага змаганьня; ён адбіраець у сына сякеру, кажучы, што змагацца трэба розумам, а сам наўпрэкі розуму, з адчаю робіць сабе сьмерць. Роль Данілкі няясна. Драма канчаецца тым, што няшчасная матка з бяздольнымі дзеткамі сымволічна выходзіць зьбіраць міласьцінку, а Сымон пад бліскам зарава ад запаленага ім панскага двара цягніць неразумную сястру на „сход“. Вялікая рэволюцыя, якую вешчаваў гэты сход, паказала, што аўтор-адраджэнец шмат чаго прадвідзіў, ды ня даў у сваёй драме ідэйнага правадырства, роўнага яе артызму.

Значаньне Янкі Купалы ў нашай поэзіі з кожным годам расьце, хоць ён даўно ўжо здабыў у ёй першае па артызму месца. Напісаў Купала болей за ўсіх беларускіх пісьменьнікаў.