Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/III/Нашаніўская пара/Старэйшыя/Ядвігін Ш.
← Цётка | Ядвігін Ш. Падручнік Аўтар: Максім Гарэцкі 1921 год |
А. Паўловіч → |
Ядвігін Ш.
(Арадз. ў 1870 г.).
Біаграфічны матар‘ял. Ядвігін Ш., запраўднае імя каторага Антон Лявіцкі, радзіўся ў двары Карпілаўцы пад Радашковічамі. Вучыўся ў Люцынцы ў дачкі Марцінкевіча, каторага добра памятуе. Сярэднюю школу скончыў ён у Менску; унівэрсітэцкую навуку прахадзіў у Маскве. У нашаніўскую пару Ядвігін Ш. працаваў нейкі час у Вільні, адылі перабраўся ў Менск і быў там кіраўніком сельска-гаспадарскага месячніка „Саха“. У часе вайяы ён працаваў у менскіх беларускіх арганізацыях. Астатнія гады пісьменьнік часта хварэе, для спакою аддаліўся ад грамадзкай працы і жывець на ціхай Старажоўцы ў Менску ці ў сваім двары Карпілаўцы.
Літэратура Ядвігіна Ш. Першы раз на беларускай літэратурнай ніве выступіў Ядвігін ш. яшчэ ў свае студэнцкія гады, як адзін з перакладчыкаў на беларускую мову выданай у 1891 годзе ў Маскве кніжачкі Гаршына „Сыгнал“. Ад гэтае пары ён ня кідаў цікавіцца: беларускай літэратурай. Яго апавяданьні „Суд“, „Важная фіга“ і дагэтуль нядрукаваная, але йшоўшая, як кажуць, у 1890 гадох па сцене ў Радашковічах драма „Злодзей“ напісаны шмат раней за таго часу, калі пачалі друкавацца першыя легальныя беларускія часопісі. У „Нашай Долі“ яго апавяданьне ёсьць ужо ў 3 нумары. У нашаніўскую пару Ядвігін Ш. стаў здабываць славу пісьменьніка з 1909 году, калі быў літэратурным кіраўніком „Нашае Нівы“ і даволі часта зьмяшчаў у газэце свае творы. Асобныя кніжкі яго выхадзілі так: „Дзед Завала“ (1909 г.), „Бярозка“ (1912 г.) і „Васількі“ (1914 г.). Апрача таго, Ядвігін Ш. пісаў цікаўныя „Лісты з дарогі“, калі пехатою йшоў з Вільні на Менск („Наш. Нів.“, 1910 г.).
Творчасьць Ядвігіна Ш., у залежнасьці ад пройдзенага ім жыцьцёвага шляху, стаіць у нашай літэратуры на пераходзе ад народніцкае да нашаніўскае пары. У гэтым хаваецца і прычына некаторай духоўнай неаднароднасьці яго твораў. Адны з іх пісаны пад водгаласам сьветагляда шляхоцкай інтэлігенцыі 80-х і 90-х гадоў; у другіх Ядвігін Ш. стаіць ува ўсёй велічы пісьменьніка нашых дзён. Інтэлігенцыя тая глядзела на беларускую нацыянальную справу вачмі добрых любіцеляў „простай“ мовы і наагул беларушчыны. Яна любіла народную творчасьць і па традыцыі асабліва падабала ў ёй сатырычныя казкі і сьмяхотныя пераказы. У слаўную будучыну беларускай літэратуры яна ў сваіх шырокіх колах ня дужа верыла, і сьветагляд яе здавальняўся літэратурнымі апрацаваньнямі, пераробкамі і міньятурнымі орыгінальнымі творамі — найболей гумарыстычнымі і сатырычнымі. Вартасьць жартаў, разьвітых у дробныя апавяданьні, прынамся лепшых з іх, хавалася ў тым, што яны мелі корні ў народнай поэзіі і насілі нацыянальны выгляд. З гэтае-ж прычыны і мова ў іх найчасьцей надта жывая і чыстая народная. Як Каганец з песьняў і легендаў, так Ядвігін Ш. з баек і жартаў, памастацку апрацаваных, і пачаў вось сваю творчасьць. „Не апавяданьнямі, а байкамі за ўсяго лепей было-б назваць іх, — пісаў у 1913 г. М. Багдановіч,—дарма што Ядвігін Ш. пішаць ня вершам, а прозаю, Невялічкія творы яго ўсягды намагаюцца, як праўдзівыя байкі, даць паўчэньне, або ацаніць якое-небудзь жыцьцёвае зьявішча. Ен ня проста апавядае, а хоча заўсягды нешта яшчэ давясьці і растлумачыць. Як кроўны баечнік, Ядвігін Ш. дужа ўпадабаў алегорыю, і ахвотна заместа людзей апісывае птушак і зьвяроў, на каторых знаецца дужа добра. Любоўна малюець ён іх фігуркі, умела адмячае розныя цікавыя драбніцы іх жыцьця або звычаеў, і з-пад яго пяра праз гэта ўстаюць, як жывыя, постаці зьвяроў і птушак, каторыя розьняцца між сабою ня менш, як постаці людзей. Урэшце трэба згадаць і аб ласкавым гумары, які ажыўляе блізка што кожную строку Ядвігіна Ш., а іншы раз, зрабіўшыся боле войстрым, набліжаець яго да такіх пісьменьнікаў, як Шчэдрын і Горкі ў Расеі (маю на ўвазе, ведама, іх казкі) або Леманьскі ў Польшчы. Жывасьць ёмкай беларускай мовы; прыказкі і меткія слоўцы, каторыя тут якраз да рэчы—усё гэта яшчэ больш павялічывае вартасьць апавяданьняў-баек Ядвігіна Ш. Ведама, што байка скрозь даўно ўжо падупадае, але ў яго творах яна ізноў закрасавала сьвежым цьветам. Няма спрэчкі, што ў асобе Ядвігіна Ш. мы маем аднаго з найлепшых баечнікаў нашых часоў, да таго-ж вельмі блізка стаўшага да творчасьці самаго народу“.
Зьмест разгледжанай творчасьці Ядвігіна Ш. даволі розны. Тут мы знаходзім байкі з агульна-людзкім элементам („Вясельле“, „Павук“, „Гадунец“, „Сіло“, „Сакатушка“ і інш.), Пераробка „Рабы“, мастацкае апісаньне жыцьця завадзкога парсюка Рабога — яркая сатыра на людзкое хамства. „Падласенькі“—сатыра на тых беларускіх інтэлігентаў, каторыя вучыліся на астатні бацькаўскі грош, а пасьля рабіліся вырадкамі. „Важная фіга“ — сатыра на зьвяглівых сьвякрух. „Суд“—сатыра на нашы суды і судзьдзяў; судзьдзя-немец ня ўмеў разгаварыцца пабеларуску: Самае важнае ў аўтора „Важнай фігі“ і „Суда,“ аднак, ня столькі тое, каб абсьмяяць заганы жыцьця, сколькі тое, каб пасьмяшыць чытаньніка; гэта ёсьць адгалос шляхоцкага сьветагляду ў літэратуры, каторы найвыразьней адбіўся ў невялічкім жарціку „З маленькім білецікам“, а болей-меней і ў другіх перайманьнях беларускіх і міжнародных фацэтных сюжэтаў („Пазыка“, „Заморскі зьвер“, „Вучоны бык“ і інш.). „З маленькім білецікам“ — крайняе апавяданьне з цыклю сьмяхотных пераказаў-монолёгаў, знайшоўшых найлепшага прыхільніка ў А. Пшчолцы і з асаблівай стараннасьцю выкарастаных А. Паўловічам. У другіх выпадках нацыянальны характар і нецывілізованасьць беларускага селяніна паказаны Ядвігіным Ш. з няменшым гумарам, але ў выгаднейшым для іх і горшым для панскай цывілізацыі асьвятленьні.
Вал рэволюцыі і новага жыцьця нішчыў астаткі шляхоцкага настрою і нахіненьня ў літэратуры і зрабіў, новыя наслаеньні ў сьветаглядзе старых пісьменьнікаў. Гэты процэс, у рэзультаце якога зьявілісь і зусім новыя па духу творы, найвыразьней адбіўся на творчасьці Ядвігіна Ш. (слабей у другіх, прыкладам, ў А. Паўловіча). Ужо ў апавяданьні „Бярозка“, каторае далёка адыйшло ад жартаў, а цесна зьвязана з народнай творчасьцю і напісана ў нацыянальным кірунку, ужо тут выявілася новая старана Ядвігіна Ш. У зборніку „Васількі“ (1914 г.) ёсьць не зьвязак з творчасьцю народа і помала чыста-нацыянальных адзнак, але тая балючая старана яго паказана яшчэ глыбей, а зьмест іх значна шырэйшы і літэратурна багацейшы. Праўда, тут ёсьць перайманьне чужога („З бальнічнага жыцьця“), але наагул беларускія літэратурныя межы гэтым дужа рассуваліся. Затое-ж тут маем апавяданьні („Гаротная“), дзе відзім і самабытна-беларускую творчасьць і паўнату нашаніўскага літэратурнага сьветагляду, дзе прад вачмі ўстаець уся наша няшчасная, згалелая і забабонная, мужыцкая Беларусь. Ганна Тамашыха—тып гэтай гаротнай грамады; З болькаю на душы пазакрануў і перажываны палітычны час („Зарабіў“). Прымецен для творчасьці Ядвігіна Ш. і яго адзіны, здаецца, верш-апавяданьне і сьведчыць аб малой версіфікатарскай спрактыкованасьці аўтора. Відаць, што аўтору і не карціць бліскучая тэхніка верша, ён азначаецца нейкай асобнай сьвежасьцю думкі, а ў апісаньнях чуюцца прыемныя павевы старой поэтычнай пушчы. Пушча і яе свой чалавек—дзед Завала стаяць, як жывыя, жывуць уваччу і вабяць сваім хараством; жывуць лесавыя птушкі, зьвяры, шуміць бор, плюскочыць рыба ў рэчцы, а часам „нібы нехта шэпча, нібы хтось сьмяецца, нібы сьціхла плача—так усё здаецца…“ То гэтая-ж пушча прыціхнець, „як макам сеяў,“ то яна йграець, пяець, шуміць і гамоніць… У вапісаньне пушчы поэт памастацку ўплёў соцыяльныя мотывы, каторыя выдаюць у ім народніка-романтыка: гэта пераказ аб зьвярыным могільніку.
„Лісты з дарогі“ Ядвігіна Ш. могуць быць прыкладам падарожы ў беларускай літэратуры. У іх шмат этнографічных штрышкоў, а сярод прозы ці мала і запраўднай поэзіі.
Мова Ядвігіна Ш. З аднаго боку, пісьменьнік дужа дзяржыцца за ёмкую, жывую народную гутарку; з другога боку, ён маець на літэратурнасьць нашай мовы шырокі пагляд сьвядомага адраджэнца-беларуса і як мага пашыраець слоўнік, пільнуець хараства і клапоціць аб гібкасьці мовы. Толькі як вынятак, трапляецца ў яго хоць і жывы, але няпрыгожы вульгарызм („Ну, добра ўжо, добра,—раздабрухаўшыся, кажа стары“). Есьць і полёнізмы, але таксама дужа рэдка, як і няўломныя і нязвычныя для беларускага вуха маскоўскія формы (супакоіўшэеся дзіця). Есьць часам і няпеўны пакуль што сінтаксіс, не прызвычаены для ўсяе Беларусі і ня цьвёрды ў літэратуры („Глянуўшы на апаўшую скуру, жаль схапіў Падласага“).