Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня (1935)/V

IV. К. Каліноўскі — пачынальнік беларускага палітычнага вызваленьня V. Ігнат Грынявіцкі і яго беларускае народніцтва
Гістарычная праца
Аўтар: Адам Станкевіч
1935 год
VI. „Гомон“ і яго беларускія вызвольныя імкненьні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




V. Ігнат Грынявіцкі і яго беларускае народніцтва.

Кастусь Каліноўскі, як мы ўжо бачылі, быў першы рэволюцыйна-народны барацьбіт за беларускае палітычнае вызваленьне, быў першы беларускі палітычны романтык, першы беларускі народнік. Гэткім ён быў ня толькі дзеля сваіх асабістых духовых вартасьцяў, якімі сапраўды быў багата абдараны, але спрыялі яму такім стацца так-жа ідэовыя палітычна-соцыяльныя кірункі, якія тады панавалі ў Эўропе і якія такім ці іншым спосабам даходзілі да Беларусі, а такжа спрыяла гэтаму соцыяльнае палажэньне самога Каліноўскага. Дасягнуць аднак яму — хоць часткова — яго вялікага ідэалу незалежнасьці Літвы і Беларусі не удалося. Сіла маскоўская перамагла Каліноўскага і павесіла на шыбеніцы. Але праца яго дарма не прапала. Зярняты вольнасьці, засеяны Каліноўскім на беларускай ніве, як хутка аказалася, далей жылі расьлі і разьвіваліся.

Беларускія вызвольныя ідэі снаваў далей па Каліноўскім - пасьля гадоў пятнаццацёх — сапраўды годны яго наступнік Ігнат Грынявіцкі.

На вялікі жаль, у беларускай літаратуры аб Грынявіцкім няма нічога. Дагэтуль ніхто аб ім не пастараўся сабраць у цэласьць хоць тыя скромныя весткі, якія параськіданы па рознай пераважна расейскай рэвалюцыйнай літаратуры. Праўду кажучы, нават напэўна няведама, як яго належыцца правідлова зваць: Грынявецкі, ці Грынявіцкі. У расейскай літаратуры[1] спатыкаем напісана: „Игнатій Іоахимович Гриневицкій", а ўзноў у літаратуры польскай[2] называюць яго "Hryniewiecki". Ясна, што па беларуску ён будзе не „грыне“, а „грыня", бо ў беларускай мове „е" ўжываецца або пад націскам, або пасьля націску, але „іцкі", ці "ецкі" - гэта няведама. Мы думаем, што расейская літаратура бліжэй да праўды, бо паходзіць яна ад людзей, якія Грынявіцкага

Ігнат Грынявіцкі.

блізка зналі і больш праўдзіва назвалі яго прозьвішча. На гэтай падставе ўважаем, што прозьвішча нашага барацьбіта-вызваленца трэба пісаць — Грынявіцкі.

Весткі аб асобе і жыцьці Ігната Грынявіцкага падае др. Т. Грыб у „Iskrach Skarупу"[3], не паказываючы сусім — на вялікі жаль — тэй крыніцы, — з якой ён іх чэрпае, а якія і мы тут, сёе-тое дадаўшы, паўтараем паводле яго і на ягоную адказнасьць.

— Ігнат Грынявіцкі радзіўся ў 1856 г. у Меншчыне у каталіцкай сям'і, дзе яго бацька Яхім меў невялічкую гаспадарку у вёсцы. У 60-гадох бацька Ігната з усім сямействам, якое складалася з адзінаццацёх душ, пераехаў у Горадзеншчыну, у Бельскі павет, дзе таксама займаўся гаспадаркай на вёсцы меў невялікі фальварак. Ігнат вучыўся сьпярша ў Беластоцкай павятовай школе, якую скончыў у 1868 г. Пасьля паступіў у Беластоцкую рэальную гімназію, якую скончыў у 1875 г. і паступіў у Тэхнолёгічны Інстытут у Пецярбурзе.

Тут ён прыймае чынны ўдзел у студэнскім жыцьці, а ў 1879 г. засноўвае гурток, які ставіць сабе за мэту ісьці вызваляць народ пры помачы баявых арганізацыяў. Сам едзе на вёску, ідзе ў народ, у сялянскія гушчы, абходзіць вёскі і мястэчкі Беларусі, дзе сярод мясцовай інтэлігенцыі шукуе сабе прыхільнікаў і аднадумцаў. Увосені таго-ж 1879 г. вяртаецца ўзноў у Пецярбург, дзе выдатна працуе у радох расейскіх народавольцаў, якія імкнуліся да скасаваньня царызму і перабудовы Расеі на асновах моднай тады, як ведаем, фэдэрацыі.

Найбольш праславіўся наш Ігнат забойствам тагочаснага цара Александра І ў 1881 г. І.ІІІ. Бомбай, якой быў забіты цар, сьмяротна быў ранены і сам Ігнат і ў той жа дзень у ночы, не распазнаны хто ён, памёр ад ран, маючы гадоў 25.

Ігнат Грынявіцкі быў ціхага і спакойнага характару, скромны, дабрадушны, працавіты, вытрывалы, чулы на чужое гора; адначасна маўклівы і замкнуты ў сабе; быў ён чалавек чыну; ідэалам яго было служэньне народу, служэньне ня словам, а дзелам; называў сябе Ігнат Літвіном. —

Гэтулькі даведваемся аб біографіі Грынявіцкага ў апісаньні др. Т. Грыба. Ужо з гэтых, хоць даволі скупых, вестак можам зрабіць некаторыя, патрэбныя нам вывады.

Прадусім мусім сьцьвердзіць, што Грынявіцкі сапраўды быў годным спадкабернікам беларуска-вызвольных ідэяў, пакінутых Каліноўскім. Для гэных ідэяў ён працаваў, разьвіваў іх далей, тасуючыся да варункаў свайго часу. Сапраўды, унікаючы ў працу Грынявіцкага, спатыкаем шмат у яго падобнага, а крыху і рознага, з Каліноўскім.

Грынявіцкі, як аб гэтым можна судзіць з яго біографіі. паходзіў так-жа, як і Каліноўскі, з беларускай абяднелай шляхты. Аб гэтым гавора яго прозьвішча, а так-жа фальварак ягонага бацькі у Горадзеншчыне. Такім чынам Ігнат наш так-жа вышаў з тэй беларускай грамадзкай клясы, якая яшчэ не цалком сполёнізавалася, якая будучы сама вольнай ад паншчыны, была найбліжэй да народу і якая яшчэ перахоўвала ў сабе традыцыі аб мінуўшчыне беларускага народу ў складзе аднаго суцэльнага палітычнага цела — Вялікага Княства Літоўскага. Вось чаму Грынявіцкі, як і Каліноўскі, будучы беларусам і працуючы для Беларусі, цалком ня знаючы літоўскай мовы, зваў сябе Літвіном.

Каліноўскі першы падняў сьцяг барацьбы за волю беларускага народу, а Грынявіцкі яго панёс далей, кладучы сваё за народ жыцьцё, як і яго папярэднік. Думаецца нам, што Грынявіцкі многа чуў і ведаў аб Каліноўскім. Трэба ведаць, што калі слаўны наш Кастусь паміраў на шыбеніцы — Ігнат меў ужо 8 гадоў і мусіў ня мала чуць аб Каліноўскім, імя якога было шырока ведама па ўсей Горадзеншчыне. А ўзноў, калі Ігнат ужо быў барацьбітом у радох народавольцаў у Пецярбурзе, ад сьмерці Кастуся было гадоў толькі 15. Памяць яшчэ аб ім у народзе была сьвежай і Грынявіцкі, дапаўняючы свае дзіцячыя аб Кастусю ўспаміны, меў чым карыстацца і мог такім чынам здабыць аб ім поўнае паняцьце. Надта магчыма, што сьмерць Каліноўскага і яго праца была адной з галоўных прычын, якая фармавала палітычныя пагляды Грынявіцкага і якая папіхала яго на рашучую барацьбу за народ.

Шмат, як бачым, было супольнага між Каліноўскім і Грынявіцкім, але было ўжо ў гэтага апошняга і нешта цалком новае, асобнае. Абодва яны ідуць за волю беларускага народу, бязумоўна ўспамінаючы слаўную нашу мінуўшчыну падчас Вялікага Княства Літоўскага — дзеля-ж гэтага на'т завуць сябе Літоўцамі, — але ідуць яны да гэтага рознымі дарогамі: Каліноўскі апіраецца аб Польшч, а Грынявіцкі калі ўжо на Польшч ня было ніякай надзеі, - на Расею, у якой адбываўся вялікі рэвалюцыйна-народніцкі вызвольны рух, імкнучыся да перабудовы яе на падставах вольнай фэдэрацыі народаў.

І сапраўды, расейскія народавольцы імкнуліся да стварэньня з Расеі вольнай фэдэрацыі вольных народаў, бо-ж дзеля гэтага ў радох сваіх мелі арганізацыі, часта большменш аўтаномныя, народавольцаў украінскіх, а так-жа і беларускіх. Найлепшым гэтага доказам зьяўляецца часопісь "Гоман", якую выдавала група беларускіх народавольцаў, да якіх — як гэта відаць з апошняга артыкулу № 2 „Гоману" — да сваей сьмерці належыў і Грынявіцкі. "Гоман" вышаў на трэцім-чацьвертым годзе па сьмерці яго. Ігнат наш такім чынам быў неразарвальным злучвом вызвольнай беларускай традыцыі між Каліноўскім і ягонай «Mużyckaj Praudaj» і між «Гоманам», які становіць новы, далейшы этап у разьвіцьці беларускай вызвольнай барацьбы і думкі.


  1. "Былое", Энцыклёпэдыі Савецкія і інш.
  2. Цытаваны у гэтай працы Кульчыцкі.
  3. "Iskry Skaryny" 1934 Nr. 3, Прага, бач. 33-35