Лучынка (часопіс)/4/Да дзеўчатак

Зваротлівы Да дзеўчатак
Публіцыстыка
Аўтар: Цётка
1914 год
Свая почта

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Да дзеучатак.

Дзеўчаткі! агляніцеся кожная ўвокал сябе: колькі расьце каля хатак вашых крапівы, палыну, ды рожнай іншай дзікухі! Толькі дзе ня дзе рукой працавітай, рупнай дзяўчынкі ў гародчыку пасаджаны кветачкі.

Ах, як міла апынуцца каля такой хаткі! Ешчэ не падышоў, а ўжо жоўты кракос вясёлым вочкам прыязна табе падміргівае; чырвона еаргіня важна ківаецца ў паклоні; сіва пахучая мята апусьціла аслабелые ад сьпякоты лісточкі і як бы кажэ: „выбачай, што не магу прывітацца“; дробнымі гузічкамі сьмяецца нізкі румянак суседкі мяты; толькі павітуха-фасоля не мае часу: перавесілася праз тын у чужы агарод варыўны і гутарку вядзе з бацьвіньням.

У такі гародчык выдзе нядзелькай рупная дзяўчынка: галоўка ўчэсана, сарочка белая, спаднічка хвалдавана; сама як кветачка жывая між сястрычкамі гародчыку.

Шкада, што ня ўсе такіе рупные дзеўчаткі, як гаспадынька пекных красачак! Трапляюцца між вамі і такіе, што пры спатканьні, хоць вочы ў кішэнь хавай: зязюлька — не зязюлька, ні то дзяцел перасты: ў латачкі, крапіначкі; шчочкі — мурзаты, ручкі — брудны, ножкі — закарэлы; але ешчэ не канец усяму, зазірнеш у хату такой дзяўчынкі: курачкі шпацэруюць па стале, на лавах хоць ячмень сей — такі чэрназём, цюцька пасудзе чысьце…

Часта бацькі, або суседзі рукой махаюць: байкі, кажуць, падростак, за два гады не пазнаеце — так выгладзіцца, нябось тады і стол вышаруе, як будзе спадзевацца сватоў.

Надзеяй пацешым сябе, ды больш ні слова — чаго добрага разыдзецца дрэнная слава…

Верым, што выйдзе дзеўка, як звон, але покуль што ўвокал хаты лебеда расьце, бадылі крапівы аж у шыбы стукаюць. Няпрыемна каля такой хаткі праехаць, ці прайсьці.

Дык вось, покі весна, зварочваемся да ўсіх дзеўчатак нашых с просьбай: засейце, сястронкі, свае гародчыкі кветачкамі, а братоў папрасіце, каб пекна абгарадзілі. Што важнае: за якіе два адвячоркі тынок можа быць гатовы. Самі ўбачыце, як пасьля добра пасядзець у такім гародчыку сьвяточным днём. А ў восень — мы ўжо ад сябе зьвернемся да вашых братоў, каб дрэвачкаў пасадзілі.

Калі з ахвотай адны і другіе атклікнецеся на нашу просьбу, то на зарок самі зьдзівіцеся, што так вёска перэмянілася: ўся будзе у кветках, дрэўцы пасаджэны; чужынец, едучы, падзівіцца; свой чэлавек, праходзючы, пацешыцца.

Рэдакція-ж „Лучынкі“, даведаўшыся праз сваіх чытачоў у якіх дзеўчатак пякнейшые гародчыкі, прышле ім гасьцінца — насеньне рожных кветачак.

Цетка.