Частка першая. Кніга чацвёртая Частка другая. Кніга першая
Раман
Аўтар: Віктор Гюго
1937 год
Арыгінальная назва: Quatrevingt-treize (1874)
Пераклад: Янка Маўр
Кніга другая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАСТКА ДРУГАЯ


У ПАРЫЖЫ


КНІГА ПЕРШАЯ


СІМУРДЭН

ВУЛІЦЫ ПАРЫЖА Ў ТОЙ ЧАС

Жылі на вуліцах. Ля дзвярэй дамоў выстаўлялі сталы і елі. Каля цэркваў сядзелі жанчыны і скублі марлю, распяваючы марсельзу[1]. У парку Монсо і ў Люксембургскім садзе адбываліся манеўры. На ўсіх скрыжаваннях на поўны ход працавалі майстэрні зброі; стрэльбы рабіліся на вачах у апладыруючага народу. Ва ўсіх вуснах былі словы: «Цярпенне, трываласць, мы ствараем рэволюцыю». Усе гераічна ўсміхаліся. Тэатры наведваліся старанна.

Немцы стаялі ля варот Парыжа. Хадзілі нават чуткі, нібы прускі кароль заказаў ложу ў оперным тэатры.

Было страшна. Закон «аб падазроных» паставіў людзей пад пагрозу гільятыны[2]. Але ніхто не баяўся.

Адзін пракурор, па імені Серан, ведаючы, што на яго зроблен данос, чакаў арышта, седзячы ля акна ў халаце і пантоплях і граючы на флейце. Усе спяшаліся. На вуліцах нельга было ўбачыць капелюша без трохкаляровай какарды. Жанчыны казалі: «Нам чырвоныя шапкі да твару». Увесь Парыж нібы перасяліўся на другую кватэру. Крамы старызнікаў былі завалены каронамі, мітрамі, драўлянымі залочанымі скіпетрамі і гербавымі ліліямі, барахлом з каралеўскіх палацаў. Гэта былі абломкі паўшай манархіі. У старызнікаў куплялася нарасхват папоўскае ўбранне. Да шынкоў Паршэрона і Рампана пад'язджалі людзі ў царкоўным аддзенні, верхам на аслах, пакрытых заместа папон рызамі, і загадвалі наліваць сабе віно ў царкоўныя чашы. На вуліцы Сен-Жак басаногія брукары спынялі тачкі гандляроў абуткам, куплялі ў складчыну пар пятнаццаць чаравікоў і пасылалі Канвенту з наказам: «для нашых салдат». З вялікіх магазінаў адчыненых было вельмі мала, але затое жанчыны вазілі па вуліцах ручныя каламажкі з цацкамі і дробным таварам; па вечарах каламажкі асвятляліся сальнымі свечкамі, і сала капала на тавар. На скрынях пад адкрытым небам гандлявалі былыя манахіні ў бялявых парыках. Якая-небудзь цыравальшчыца чужых панчох у мізэрнай крамцы аказвалася графіняй, швачка — маркізай. Мадам дэ-Буфлэ жыла пад страхой і адтуль магла бачыць палац, які зусім нядаўна належаў ёй. Газетчыкі совалі публіцы газеты і крычалі: «Навіны, навіны!» Дражнілі франтаў у пышных жабо і не давалі ім праходу. «Валлястыя!» — крычалі ім услед. Вулічныя спевакі трапляліся на кожным кроку. Натоўп асвістваў Піту, спевака-раяліста, за якім, аднак, нельга было не прызнаць грамадзянскай мужнасці: ён сядзеў у турме дваццаць два разы, а адзін раз павінен быў нават стаць перад рэволюцыйным трыбуналам па абвінавачванню ў тым, што ён пляснуў сябе па мяккіх частках, сказаўшы «грамадзянская мужнасць». Зразумеўшы, што за гэта можна страціць галаву, ён усклікнуў: «Ды гэта-ж не галава мая вінавата, а зусім другая частка цела». Суддзі засмяяліся, і гэта выратавала яму жыццё.

На вуліцах кружылі ў карман'ёле[3], называючы пры гэтым адзін аднаго не «кавалер» і «дама», а «грамадзянін» і «грамадзянка». Танцавалі на руінах манастыроў; на алтарах гарэлі лампадкі, а пад купалам — чатыры свечкі на канцах двух скрыжаваных жэрдак. Пад нагамі танцуючых былі магілы.

У вялікай модзе былі сінія, так званыя «тыранскія» камзолы. Мужчынскія сарочкі зашпільваліся шпількамі Волі з белымі, сінімі і чырвонымі каменнямі.

Вуліца Рышэлье называлася вуліцай закона, прадмесце Сент-Антуан — прадмесцем Славы. На пляцу Бастыліі стаяла статуя Прыроды.

Багатыя франты высмейвалі грамадзянскія шлюбы. Яны стаялі ля дзвярэй мэрый і сустракалі кожную выходзячую адтуль пару крыкамі: «Муніцыпальныя маладыя!» Статуі святых і каралёў у Доме інвалідаў фарсілі ў фрыгійскіх каўпаках. На тратуарных тумбах ішла карцёжная гульня. Нават у картах адбыўся поўны пераварот: замест каралёў былі міфічныя геніі, дамай была фігура волі, валет быў не валет, а роўнасць, туз — закон. У грамадскіх садах аралі; у Цюільры працаваў плуг.

Усюды чыталі газеты. Цырульныя падмайстры завівалі на вачах у публікі дамскія парыкі, а гаспадар тымчасам чытаў ім уголас «Маніцёр». Цырульнікі горача абгаварвалі артыкулы. Гандляры віном прадавалі на вуліцах «эмігранцкія віны». Іншыя гандлявалі насценнымі гадзіннікамі ў выглядзе ліры і канапамі «ў гусце герцагіні». Шыльда аднаго цырульніка абвяшчала: «Галю духавенства, прычосваю дваранства, прыбіраю трэцяе саслоўе».

Нехапала хлеба, нехапала вугалю, нехапала мыла. Па вуліцах праходзілі чароды дойных кароў, якіх прыганялі з правінцыі. Афіцыйнай пастановай Комуны прызначалася па фунту мяса на чалавека ў дэкаду. Ля дзвярэй крам стаялі хвасты. Стаяць у хвасце інакш называлася «трымаць вяровачку», бо ўсе, хто стаяў адзін за адным у чарзе, павінны былі трымаццца за доўгую вяроўку. Жанчыны ў гэтыя цяжкія часы былі цярплівыя і мужна выстойвалі цэлыя ночы ля дзвярэй булачных, чакаючы сваёй чаргі.

Крайнія меры ўдаваліся рэволюцыі: двума небяспечнымі спосабамі змагалася яна з страшным недахватам — асігнацыямі і цвёрдымі цэнамі. Асігнацыі былі вагаром, цвёрдыя цэны — пунктам апоры. Гэта выратавала Францыю. Ворагі спекулявалі на асігнацыях. Былі біржавікі з вуліцы Віўен у брудных чаравіках, з зашмальцаванымі валасамі, у скураных шапках з лісінымі хвастамі, і мянялы з вуліцы Валуа ў лакіраваных боціках, у плюшавых капелюшах, з зубачысткамі ў зубах. Народ цкаваў іх разам са злодзеямі — «актыўнымі грамадзянамі», як называлі іх раялісты. Аднак лік крадзяжоў быў нязначны: хоць недахваты былі вельмі значныя, але вялікі момант прымушаў нават злодзеяў устрымлівацца. Басаногія, галодныя людзі праходзілі міма ювелірных выставак з сур'ёзнымі тварамі, апусціўшы вочы. Калі рабілі вобыск у Бомаршэ[4], то заўважылі, што нейкая жанчына сарвала ў садзе кветку: натоўп пабіў яе. Дровы каштавалі чатырыста франкаў срэбрам за сажань. На вуліцах можна было бачыць людзей, якія пілавалі на дровы свае ложкі. Узімку фантаны замерзлі; усе ператварыліся ў ваданосаў.

Не было відаць, каб настрой народу падаў, — нічога, апрача суровай радасці, што нарэшце скончана з прастоламі. Валенцёры валілі гуртом, прапануючы бацькаўшчыне сваё жыццё. Кожная вуліца выстаўляла па батальёну. Усюды мільгалі сцягі розных акруг, кожная са сваім дэвізам. На сцягу акругі Капуцінаў было напісана: «Ніхто не здужыць нас». На другім: «Благародства ў сэрцах — іншага нам не трэба». На ўсіх сценах стракацелі афішы, вялікія і малыя, белыя, жоўтыя, зялёныя і чырвоныя, друкаваныя і рукапісныя, і ўсе ў адзін голас крычалі: «Хай жыве рэспубліка!» Маленькія дзеці лапаталі „Ça ira!“[5]

Гэтыя дзеці сімвалізавалі сабой неабдымнае будучае.

У дзевяноста трэцім годзе, да якога адносіцца наша апавяданне, вуліцы Парыжа мелі грандыёзны і суровы характар пачатку рэволюцыі. У іх былі свае прамоўцы, свае героі, свае любімцы. Між іх вызначаўся адзін чэсны і бязлітасна рашучы. Яго імя было Сімурдэн.

СІМУРДЭН

Сімурдэн быў чалавек надзвычайна сумленны, але з суровым характарам. Ён быў раней ксяндзом, а гэта накладвае свой адбітак.

Гісторыя яго жыцця вельмі простая. Ён быў вясковым кюрэ і ў той-жа час настаўнікам у адным арыстакратычным доме. Потым ён атрымаў невялікую спадчыну і кінуў сваю парафію.

Ён быў перш за ўсё чалавек непахіснай волі. За кожную думку, якая ўражала яго, ён хапаўся нібы абцугамі і не пакідаў яе, пакуль не прадумваў да канца. Ён ведаў усе еўрапейскія мовы. Ён вечна, безупынна вучыўся.

Будучы ксяндзом, ён выконваў усе правілы, але не мог захаваць сваёй веры. Навука забіла яе; ад догматаў у яго душы нічога не засталося. Тады, разбіраючыся ў сабе, ён адчуў сябе маральным калекай і, не маючы сілы скінуць з сябе тое, што заставалася ў ім ад ксяндза, пачаў выпрацоўваць у сябе чалавека на свой уласны, суровы манер. У яго аднялі сям'ю — яго сям'ёй зрабілася бацькаўшчына.

Яго бацькі, простыя сяляне, зрабілі яго ксяндзом для таго, каб вывесці яго з асяроддзя простага народу, а ён зноў пайшоў у народ.

Пакуты выклікалі ў ім пяшчотнасць. Ксёндз зрабіўся філосафам; філосаф ператварыўся ў байца. Яшчэ пры жыцці Людовіка XV Сімурдэн, сам таго не ведаючы, адчуваў сябе рэспубліканцам. Аб якой-жа рэспубліцы марыў ён?

Яму забаранілі любіць — ён пачаў ненавідзець. Ён ненавідзеў няпраўду, манархію, ксяндзоўскую сутану. Ён ненавідзеў існуючае і заклікаў будучае.

У 1789 годзе[6] гэтае будучае, нарэшце, прышло. Ён быў ужо падрыхтаваны. Сімурдэн кінуўся ў вялікую справу абнаўлення чалавецтва, узброіўшыся ўсёй сваёй логікай. Ён перажыў вялікія рэволюцыйныя гады, адклікаючыся на ўсе падзеі: у 89-м годзе падзенне Бастыліі[7] і канец пакут народу; у 90-м годзе — канец



Сімурдэн.

феадальнага ладу; у 91-м годзе — падзенне манархічнай улады; у 92-м годзе — стварэнне рэспублікі. Ён бачыў, як уздымалася рэволюцыя. Быстры рост усяго навакольнага ажывіў яго. Не гледзячы на тое, што ён быў ужо немалады (яму ішоў тады пяцьдзесят першы год), ён таксама пачаў расці. З года ў год ён рос разам з падзеямі. Спачатку ён баяўся за лёс рэволюцыі. Ён пільна сачыў за ёй. Ён пераканаўся, што розум і права былі на баку рэволюцыі, і горача жадаў ёй поспеху.

Так ён дажыў да дзевяноста трэцяга года.

Дзевяноста трэці год — гэта вайна Еўропы з Францыяй і Францыі з Парыжам. А што такое рэволюцыя? Гэта перамога Францыі над Еўропай і Парыжа над Францыяй. Адсюль і неабдымнае значэнне гэтага страшнага года, які даў больш, як усе астатнія гады восемнаццатага стагоддзя.

Нічога больш трагічнага нельга сабе ўявіць: Еўропа, якая нападае на Францыю, і Францыя, нападаючая на Парыж.

Дзевяноста трэці год быў годам найвялікшага напружання сіл. У дзевяноста трэцім годзе навальніца выявіла ўсю магутнасць свайго гневу, усю сваю веліч. Сімурдэн адчуваў сябе ў сваёй стыхіі. Падобна марскому арлу, ён злучаў у сабе глыбокі ўнутраны спакой з любоўю да рызыкоўных небяспек. Існуюць людзі, у душы якіх жывуць буры.

У яго быў своеасаблівы жаль, жаль да пасынкаў лёсу; нават пакуты, якія выклікаюць жах, не адштурхвалі яго. У гэтым была асаблівасць яго дабраты. Аднаго разу ў больніцы паміраў хворы ад небяспечнай скулы ў горле, якая душыла яго. Скула была агіднейшая, смярдзючая, мабыць, заразлівая. Каб выратаваць паміраючага, трэба было неадкладна выпусціць гной. Сімурдэн выпадкова быў ля хворага. Ён прылажыў губы да скулы, пачаў смактаць і выплёўваць і такім чынам выратаваў чалавека ад смерці. А як ён у той час хадзіў яшчэ ў сутане, то нехта з прысутных сказаў яму:

— Каб вы зрабілі гэта для караля, то заўтра ўжо былі-б біскупам.

— Я не зрабіў-бы гэтага для караля, — адказаў Сімурдэн.

Гэты ўчынак і гэты адказ стварылі яму папулярнасць у бедных кварталах Парыжа.

Яго папулярнасць была такая вялікая, што ўвесь гаротны люд, усе плачучыя, усе зняважаныя і злобныя былі мяккім воскам у яго руках. У часе выбухаў народнага гневу супроць спекулянтаў — гневу, так часта прыводзіўшага да прыкрых памылак, — Сімурдэн адным сваім словам спыніў у порце святога Нікалая разгром паруснага судна, нагружанага мылам, а другі раз рассеяў раз'яраны натоўп, які затрымаў вазы ля Сен-Лазарскай заставы.

І той-жа Сімурдэн праз дзесяць дзён пасля 10 жніўня[8] вёў за сабой натоўп граміць статуі каралёў. Падаючы з п'едэстала, статуі забівалі людзей. На Вандомскай плошчы адна жанчына была раздушана бронзавай статуяй Людовіка XIV. Гэтая статуя прастаяла роўна сто год: яна была пастаўлена 12 жніўня 1692 года, а 12 жніўня 1792 года скінута з п'едэстала. На плошчы Згоды нехта Генгерло назваў разбуральнікаў «сволаччу» і тут-жа, ля статуі Людовіка ХV, быў забіты натоўпам. Статую разбілі ўдрызг. Пазней з яе начаканілі медных грошай. Нейкім чынам адна рука ўцалела — правая рука, якую Людовік ХV працягваў, нибы рымскі імператар. Па просьбе Сімурдэна народ аддаў яму руку, і ўрачыстая дэпутацыя аднесла яе Лацюду, які прасядзеў у Бастыліі трыццаць сем гадоў. Калі Лацюд, з жалезным ашыйнікам на шыі, прыкаваны ланцугом да сцяны, жыўцом гніў у падзямеллях гэтай турмы па загаду таго караля, чыя статуя горда ўзвышалася над Парыжам, ці паверыў-бы ён, каб яму сказалі, што сцены гэтай турмы разваляцца, што статуя караля будзе разбурана, што ён, Лацюд, выйдзе з сваёй магілы, а манархія загіне, што ён, няшчасны вязень, будзе поўным гаспадаром рукі, падпісаўшай яго прыгавар, што ад распуснага дэспата нічога не застанецца, апрача гэтай бронзавай рукі?

Сімурдэн быў з тых людзей, якія прыслухоўваюцца да голаса свайго сумлення. Такія людзі з выгляду здаюцца безуважнымі, але ў сапраўднасці яны вельмі ўважлівыя.

Пра Сімурдэна можна было сказаць, што ён усё ведае і не ведае нічога. Ён ведаў усё тое, чаму навучае навука, і быў круглым невукам у жыццёвых справах. Гэтым тлумачыцца яго прамалінейнасць. Сімурдэн непахісна ішоў наперад, гледзячы прама перад сабой.

Ён цвёрда верыў, што ў соцыяльных пераваротах толькі крайнасці могуць служыць моцнай асновай будучага. Сімурдэн ішоў далей Канвента і далей Комуны: ён быў членам Біскупата.

Рэволюцыйнае таварыства, вядомае пад назвай Біскупата, таму што збіралася на паседжанні ў адной з залаў былога біскупскага палаца, было больш стракатым натоўпам людзей, як палітычнай партыяй. Там, як і ў Комуне, на паседжаннях прысутнічалі маўклівыя, але сур'ёзныя глядачы, якія мелі пры сабе «столькі пісталетаў, колькі было кішэняў». Біскупат быў дзіўнай мешанінай адзення і асоб — мешанінай чыста парыжскай і ў той-жа час сусветнай. Адно не выключае другога, бо Парыж — месца, дзе б'ецца сэрца ўсіх народаў. У Біскупаце плебейскія пачуцці распальваліся да крайнасці. У параўнанні з Біскупатам Канвент здаваўся халодным, а Комуна крыху цёплай. Біскупат належаў да тых рэволюцыйных арганізацый, якія падобны да фармацый вулканічных. У ім было ўсяго патрохі — і дурасці, і невуцтва, і чэснасці, і гераізма, і благароднага абурэння, і шпіёнства. Але большасць складалі чэсныя вар'яты.

Яны актыўна змагаліся з рэволюцыянерамі. Біскупат стварыла грамадская патрэба ў насіллі, што з'яўляецца ўласцівасцю ўсіх рэволюцый. Моцны гэтай сілай, ён зараз-жа адваяваў сабе пачэснае месца. Ва ўсіх хваляваннях тагочаснага Парыжа Комуна страляла з гармат, а Біскупат біў у набат.

Сімурдэн верыў, што служэнне праўдзе апраўдвае ўсё; гэта рабіла яго незаменным правадыром крайніх партый.

Большасць членаў Біскупата, галоўным чынам беднякі, людзі крайніх поглядаў і чэсныя, верылі ў Сімурдэна і ахвотна ішлі за ім.

Комуна наглядала за Канвентам, Біскупат наглядаў за Комунай. Сімурдэн, чалавек шчыры, які ненавідзеў інтрыгі, абарваў не адну сакрэтную ніць. Сімурдэн быў як роўны з верхамі Біскупата. З ім раіліся. Ён быў злучальным звяном між рознастайнымі элементамі. Гэта стварыла яму не надта высокае, але цвёрдае становішча.

У тыя часы Сімурдэн па праву карыстаўся ўладай, якую дае непахісная воля. Гэта быў беззаганны чалавек, які лічыў сябе беспамылковым. Ніхто ніколі не бачыў, каб ён плакаў. Гэта была дабрачыннасць непрыступная, ледзяная; гэта быў праведнік, які наводзіць жах.

Для ксяндза, які далучыўся да рэволюцыі, няма сярэдзіны. Прыняць актыўны ўдзел у гэтых грандыёзных, бурных падзеях ксёндз можа толькі з самых нізкіх або з самых высокіх меркаванняў; для гэтага трэба быць або падлюгай, або ўзвышаным чалавекам. Сімурдэн быў узвышаным, але замкнёным у сабе і недасягаемым, як скала. Такой палохаючай чыстатой вызначаюцца высокія горы.

Сімурдэн меў аблічча звычайнага чалавека; апранаўся абыяк, меў выгляд бедняка. У маладосці ён галіў чуб. Пад старасць аблысеў, і тыя рэдкія валасы, якія яшчэ заставаліся на яго галаве, пасівелі. Лоб у яго быў шырокі, і ўважлівы назіральнік знайшоў-бы на ім адзнакі вялікага розуму. Гаварыў ён урачыста, палка і рэзка, уладарным, адрывістым тонам. У складках губ у яго было нешта сумнае. Позірк быў ясны і глыбокі.

Такі быў Сімурдэн.

У наш час імя яго забыта. У гісторыі ёсць нямала невядомых, якія былі грознымі ў свой час.

Ці мог быць названы чалавекам такі чалавек? Аддаўшы сябе чалавецтву, ці мог ён мець асабовую прыхільнасць? Ці мог Сімурдэн любіць?

Яшчэ маладым чалавекам ён быў выхаваўцам і настаўнікам у адным арыстакратычным доме; у яго быў выхаванец, сын і наследнік гэтай сям'і, і яго ён любіў.

Дзіця лёгка палюбіць. Чаго не даруеш дзіцяці? Яму даруюць тое, што ён знатны, што ён прынц, што ён кароль. Бязвіннасць яго ўзросту прымушае забываць злачынствы яго роду; слабасць маленькай істоты засланяе сабой яго паходжанне. Ён такі малы, што яму даруецца яго высокі ранг. Раб не злуе на яго за тое, што ён яго пан. Стары негр увесь адданы свайму былому выхаванцу. Сімурдэн шчыра прывязаўся да свайго вучня. Невыказнае хараство дзяцінства заключаецца іменна ў тым, што на дзіця можна выліць увесь запас любові. Уся пяшчота, якая была ў Сімурдэне, навалілася, калі можна так сказаць, на гэтага хлопчыка. Для яго самотнага сэрца гэтае дзіця паслужыла нібы здабычай. Ён любіў яго адначасова як бацька, як брат. як друг. Ён не быў бацькам гэтага дзіцяці, ён быў яго настаўнікам, майстрам, мастаком. Гэта быў лепшы яго твор. З гэтага маленькага вяльможы ён зрабіў чалавека і, можа нават, вялікага чалавека, — хто ведае? Так, прынамсі, ён марыў. Без ведама сям'і ён перадаў маладому віконту, свайму выхаванцу, усё тое, што жыло і расло ў ім самім, пераліў у яго жылы свае погляды, сваё сумленне, свае ідэалы; у гэты арыстакратычны мозг ён удыхнуў народную душу.

Дзіця было сіратою; яго бацькі памерлі; яно засталося на руках сляпой старой бабулі і стрыечнага дзеда, які заўсёды адсутнічаў. Бабуля хутка памерла. Дзед, вайсковец і арыстакрат, які граў значную ролю пры двары караля, нудзіўся ў сваім старым родавым замку і жыў то ў Версалі, то пры арміі. Хлопчык заставаўся адзін з выхаваўцам у самотным замку.

Яшчэ зусім маленькім ён перацярпеў сур'ёзную хваробу. Некалькі дзён ён быў пры смерці, і Сімурдэн ні ўдзень, ні ўначы не адыходзіў ад яго. Доктар лечыць, сядзелка даглядае. Сімурдэн дагледзеў дзіця. Яго выхаванец быў абавязаны яму не толькі сваім выхаваннем, адукацыяй і ведамі, але і сваім выздараўленнем ад цяжкой хваробы, сваім здароўем. Ён быў даўжніком



У Сімурдэна быў выхаванец — малады віконт.

свайго выхавальніка не толькі таму, што ён навучыў яго мысліць, але і таму, што ён выратаваў яму жыццё. Як гэта звычайна бывае, жыццё разлучыла іх. Выхаванне было скончана, хлопчык зрабіўся юнаком, і Сімурдэну прышлося з ім разлучыцца. З якой несвядома- халоднай жорсткасцю адбываюцца такія разлукі! Як абураюча-спакойна адпускаюць багатыя сем'і настаўніка, што ўклаў сваю думку ў дзіця, і карміліцу, што аддала яму ўсе свае сокі. З Сімурдэнам расплаціліся і выставілі за парог, і ён адышоў ад вярхоў грамадства, каб зноў апусціцца ў нізы. Моцныя дзверы, якія аддзяляюць багатых арыстакратаў ад маленькіх людзей, зачыніліся за ім. Малады арыстакрат, залічаны ў армію афіцэрам ад дня нараджэння і адразу павышаны ў капітаны, паехаў у свой гарнізон, а скромны настаўнік-духоўнік, які ў глыбіні душы даўно ўжо далучыўся да лагера непакорных, вярнуўся ў тыя цёмныя царкоўныя сутарэнні, што завуцца ніжэйшым духавенствам, і з таго часу не бачыў свайго выхаванца.

Прышла рэволюцыя. У Сімурдэне жылі ўспаміны аб дзіцяці, якога ён зрабіў чалавекам. Гэтыя ўспаміны тлелі яркай іскрай, і ніякія грандыёзныя грамадскія падзеі не маглі загасіць яе. Гэты хлопчык-сірата быў адзіным у свеце стварэннем, якое Сімурдэн любіў.


  1. Марсельеза — нацыянальны гімн французскай рэспублікі. Напісана ў 1792 годзе афіцэрам рэволюцыйнай арміі Ружэ-дэ-Лілем перад выступленнем арміі на фронт. Сваю назву марсельеза атрымала ад добравольцаў горада Марселя, якія ўпершыню заспявалі яе на вуліцах Парыжа.
  2. Гільятына — машына для адразання галавы злачынцам. Уведзена ў Францыі з 1792 г.
  3. Карман'ёла — самая папулярная рэволюцыйная песня. Яе склалі ў Парыжы пасля ўзяцця каралеўскага палаца ў 1792г. Спяванне карман'ёлы суправаджалася танцам.
  4. Бомаршэ, П'ер Огюстэн (1732–1799) — аўтар вядомых п'ес „Севільскі цырульнік“ і „Жаніцьба Фігаро“.
  5. Ça ira (ca-ipa) — літаральна азначае: „пойдзе“! Прыпеў папулярнай рэволюцыйнай песні.
  6. 1789 год — пачатак французскай буржуазнай рэволюцыі.
  7. Бастылія — парыжская цытадэля, якая была пры манархіі дзяржаўнай турмой. 14 ліпеня 1789 года парыжскі народ узяў з боем Бастылію і зруйнаваў яе дашчэнту.
  8. 10 жніўня 1792 года парыжскі народ узяў штурмам Цюільрыйскі палац і пасадзіў у турму караля і яго сям'ю.