Кніга першая Частка трэцяя. Кніга другая
Раман
Аўтар: Віктор Гюго
1937 год
Арыгінальная назва: Quatrevingt-treize (1874)
Пераклад: Янка Маўр
Кніга трэцяя

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КНІГА ДРУГАЯ


ТРОЕ ДЗЯЦЕЙ

У КАРЧМЕ „ГАЛІНІСТЫ КРЫЖ“

Улетку 1793 года, у канцы яснага ліпеньскага дня, пасля захаду сонца, ля маленькага заезнага дома «Галіністы крыж» спыніўся коннік, які ехаў з боку Аўранша.

Карчма стаяла ля ўезда ў Пантарсон, і яшчэ некалькі год назад на яе шыльдзе можна было прачытаць: «Добры сідр у разліў з бочак».

Увесь дзень было горача, але к вечару ўзняўся вецер.

Падарожнік быў у шырокім плашчы, які прыкрываў круп яго каня, і ў шырокім капелюшы з трохкаляровай какардай, што было вельмі адважным учынкам у гэтай старане, дзе за кожным плотам можна было чакаць засады і стрэлаў, нацэленых акурат у трохкаляровыя какарды. З-пад расхінутага плашча відаць быў трохкаляровы пояс з двума засунутымі за ім пісталетамі, а ўнізе высоўваўся канец шаблі.

На чмыханне каня дзверы карчмы адчыніліся, і на парозе з'явіўся гаспадар з ліхтаром у руках. Быў акурат той час дня, калі на дварэ яшчэ светла, а ў пакоях ужо цямнее. Карчмар паглядзеў на какарду і спытаўся:

— Грамадзянін, вы спыняецеся тут?

— Не!

— Куды-ж вы едзеце?

— У Доль.

— У такім разе вяртайцеся лепш у Аўранш, ці заставайцеся тут.

— Чаму?

— Таму што ў Долі б'юцца.

— Вось як! — спакойна сказаў падарожнік і дадаў: — Дайце майму каню аўса.

Гаспадар прынёс карыта, насыпаў у яго аўса і разнуздаў каня; чмыхаючы, конь пачаў есці.

Гутарка пачалася зноў.

— Скажыце, грамадзянін, гэты конь у вас з рэквізаваных?

— Не.

— Значыцца, ваш?

— Так, я купіў яго за наяўныя грошы.

—А адкуль вы едзеце?

— З Парыжа.

— Прама ехалі?

— Не.

— Вось і яно! Усе дарогі перахопленыя. Але пошта яшчэ ходзіць.

— Так, да Алансона. Ад Алансона прышлося ехаць верхам.

— Ох, хутка ў Францыі не застанецца ніводнай паштовай станцыі. Коней зусім няма. За каня, які каштаваў трыста франкаў, бяруць па шэсцьсот, а да аўса і падступіцца нельга. Я сам трымаў паштовых коней, а цяпер зрабіўся карчмаром. З тысячы трохсот трынаццаці гаспадароў паштовых станцый дзвесце чалавек падалі ў адстаўку. Значыцца, вы купілі каня ў Алансоне?

— Але.

— І ўвесь сёнешні дзень праехалі на ім?

— Так, зранку да вечара.

— А ўчора?

— І ўчора і трэцяга дня.

— Вам трэба адпачыць, грамадзянін. Паслухайце добрай парады. Вы пэўна змарыліся. Паглядзіце на каня: ён стаміўся.

— Конь мае права стамляцца, у чалавека такога права няма.

Карчмар уважліва паглядзеў на твар незнаёмага. Гэта быў спакойны, суровы твар, з сівымі валасамі на галаве. Потым зірнуў на бязлюдную дарогу і сказаў:

— І вы адважваецеся ездзіць адзін?

— Я маю канвой.

— Які?

— Шаблю і пісталеты.

Гаспадар прынёс вядро з вадой, паставіў яго перад канём і, пакуль ён піў, разглядаў незнаёмца і думаў: «Шабля шабляй, а ўсё-ж такі ён нагадвае ксяндза».

Падарожнік зноў загаварыў:

— Вы, здаецца, сказалі, што ў Доле б'юцца?

— Так. Цяпер, мабыць, пачалося ўжо.

— Хто-ж з кім б'ецца?

— Былы з былым.

— Як вы сказалі?

— Адзін з былых б'ецца за рэспубліку, другі — за караля.

— Ды караля-ж ужо няма!

— Ёсць — маленькі. І цікавей за ўсё, што гэтыя двое былыя — сваякі.

Незнаёмы ўважліва слухаў. Карчмар казаў далей:

— Адзін — малады чалавек, другі — стары. Унучаты пляменнік б'ецца з дзядзькам. Дзядзька — раяліст, пляменнік — патрыёт. Дзядзька камандуе белымі, пляменнік — сінімі. О, гэтыя два не дадуць спуску адзін аднаму! Гэта барацьба не на жыццё, а на смерць.

— Барацьба на смерць?

— Так, грамадзянін. Ды вось гляньце, якімі ласкавасцямі яны частуюць адзін аднаго. Бачыце вы гэтую абвестку? Такія афішы стары маркіз ухітраецца расклейваць усюды: на ўсіх дамах, на дрэвах і нават на маіх дзвярах.

Карчмар паднёс свой ліхтар да аркуша паперы, наклеенай на дзвярах. Афіша была надрукаваная такімі буйнымі літарамі, што коннік мог прачытаць яе, не злазячы з каня:

«Маркіз дэ-Лантэнак мае гонар папярэдзіць свайго пляменніка, віконта Говэна, што калі яму, маркізу, пашчасціць авалодаць асобай віконта, ён, не задумваючыся, загадае яго расстраляць».

— А вось і адказ, — дадаў карчмар.

Ён павярнуўся і асвятліў ліхтаром другую афішу, прыклееную да другой паловы дзвярэй. Падарожнік прачытаў:

«Говэн папярэджвае Лантэнака, што калі ён, Лантэнак, будзе захоплены, то яго расстраляюць».

Карчмар казаў далей:

— Учора на гэтыя дзверы наклеілі першую паперку, а сёння раніцою другую. Адказ, як бачыце, нядоўга прышлося чакаць.

Незнаёмы паціху, нібы гаворачы сам з сабой, прамовіў некалькі слоў, якіх гаспадар карчмы не зразумеў, хоць і пачуў іх.

— Так, гэта болей, як грамадзянская вайна: гэта вайна сямейная. Няхай так; гэта добра. Вялікае аднаўленне народаў не купляецца танна.

І, не зводзячы вачэй з гэтай аб'явы, незнаёмы падняў руку да капелюша і аддаў ёй чэсць.

Качмар тым часам казаў:

— Уся справа вось у чым, грамадзянін. Мы, жыхары гарадоў і вялікіх сёлаў, стаім за рэволюцыю, а сяляне ваююць супроць яе, або, лепш сказаць: мы, гаражане, — французы, а яны — брэтонцы. Гэта вайна мужыкоў з гаражанамі. Яны нас называюць «тоўстапузымі», а мы іх — мужыкамі. Дваране і ксяндзы за іх.

— Не ўсе, — перапыніў незнаёмы.

— Вядома, не ўсе, грамадзянін; узяць хоць-бы віконта, які выступае супроць маркіза.

І ён дадаў сам сабе:

— І паколькі мне здаецца, што я размаўляю цяпер з ксяндзом.

Незнаёмы спытаўся:

— А хто з іх перамагае?

— Пакуль віконт. Але гэта нялёгка яму даецца. Стары — гэта крэмень. Абодва яны з роду Говэнаў, з тутэйшых дваран. Іх род падзяліўся на дзве галіны. На чале старэйшай галіны стаіць маркіз дэ-Лантэнак, малодшай — віконт Говэн. І вось цяпер гэтыя дзе галіны б'юцца паміж сабой. У дрэў гэтага не бывае, а ў людзей здараецца. Гэты маркіз дэ-Лантэнак вялікая сіла ў Брэтані: у вачах сялян ён — уладарны князь. Не паспеў ён высадзіцца, як да яго далучылася восем тысяч чалавек. Праз тыдзень падняліся трыста парафій. Каб толькі ён мог захапіць хоць шматок пабярэжжа, англічане ўжо былі-б тут. На шчасце, падышоў Говэн, родны пляменнік яго. Ці не дзіўна? Ён камандуе рэспубліканскім атрадам; яму ўдалося спыніць дзядзьку. Апрача таго, таксама на наша шчасце, здарылася, што гэты самы Лантэнак, забіўшы шмат палонных, у ліку іх загадаў расстраляць двух жанчын. У адной з іх, удавы, было трое дзяцей, якія перад тым былі ўсыноўлены адным і рыжскім батальёнам. Цяпер гэты батальён наводзіць жах на белых: ён нікога не шкадуе. Гэта батальён «Чырвонай Шапкі». У ім цяпер мала людзей, але парыжане — заядлы народ. Яны ўвайшлі ў склад атрада, якім камандуе Говэн. Ніхто не ўстоіць перад імі. Яны парашылі адпомсціць за жанчын і вызваліць дзяцей. Куды падзеў дзяцей Лантэнак, ніхто не ведае; вось ад гэтага больш за ўсё і злуюць парыжане. Каб не прыблыталіся тут дзеці, хто ведае? — можа вайна набыла-б зусім іншы характар. Віконт — адважніы і слаўны малады чалавек; стары — жудасны. Можа хочаце закусіць, грамадзянін?

— Дзякую. У мяне ёсць хлеб і фляжка з віном. Лепш раскажыце мне, што робіцца ў Доле.

— А вось што. Говэн камандуе экспедыцыйным атрадам берагавой арміі. Лантэнак хацеў падняць Ніжнюю Брэтань і Ніжнюю Нармандыю, адчыніць вароты Піту[1] і падтрымаць вялікую вандэйскую армію з двухсот тысяч сялян англійскім дапаможным корпусам у дваццаць тысяч салдат. Говэн папсаваў гэты план. Ён заняў усё ўзбярэжжа і адціскае Лантэнака ў сярэдзіну краіны, а англічан — у мора. Лантэнак нядаўна быў тут, але Говэн прымусіў яго адступіць. Цяпер яго тактыка такая, каб загнаць белых у Фужэрскі лес і там абкружыць. Да гэтага часу ўсё ішло добра. Учора Говэн быў тут са сваім атрадам і раптам прышла трывожная вестка: стары — ён вопытны ваяка — нечакана зрабіў абыход і рушыў на Доль. Калі ён возьме Доль і паставіць на гары Доля сваю батарэю, то частка берага будзе ў яго руках і англічанам лёгка будзе высадзіцца. Тады ўсё прапала. Але Говэн — чалавек з галавой. Ён зараз-жа, не трацячы ні мінуты, ні з кім не раячыся, ні пытаючы і не чакаючы ніякіх інструкцый, падняў трывогу, сабраў свой атрад, загадаў сядлаць коней і запрагаць гарматы, ускочыў на каня і рынуўся насустрач Лантэнаку. У Доле гэтыя дзве брэтонскія галавы стукнуцца ілбамі. Гэта будзе сур'ёзная сутычка! Цяпер абодва ўжо там.

— А за колькі часу можна даехаць да Доля?

— Атрад з абозам ідзе не меней трох гадзін. Ну, ды нашы ўжо дайшлі.

Незнаёмы маўчаў, да чагосьці прыслухоўваючыся, потым сказаў:

— Сапраўды, я, здаецца, чую артылерыйскую страляніну.

Карчмар таксама прыслухаўся.

— Так, грамадзянін, гэта лупяць з гармат і з стрэльбаў: чуеце, як трашчыць?.. Сапраўды, аставайцеся начаваць. Там вы не знойдзеце нічога добрага.

— Мне нельга марудзіць. Я павінен ехаць.

— Дарма. Я не ведаю вашых спраў, але ехаць у той бок — вялікая рызыка, і калі толькі справа не тычыцца чаго-небудзь такога, што для вас даражэй за ўсё на свеце…

— Справа ідзе акурат аб гэтым, — сказаў коннік.

— Калі гэта тычыцца вашага сына…

— Амаль што так! — сказаў незнаёмы.

Карчмар паглядзеў на яго і прамармытаў:

«Дзіўна, мне ўсё-такі здаецца, што гэты грамадзявін ксёндз». Затым, падумаўшы, дадаў: «Але-ж і ў ксяндзоў бываюць дзеці».

— Зануздайце майго каня, — сказаў яму незнаёмы. — Колькі я вам вінен за авёс?

І ён расплаціўся.

Карчмар убраў карыта і вядро і зноў падышоў да яго.

— Калі вы парашылі ўжо абавязкова ехаць, паслухайце маёй парады. Вы, відаць, едзеце ў Сен-Мало. Ну, дык не едзьце на Доль. У Сен-Мало ёсць дзве дарогі — на Доль і берагам мора. Другая зусім не даўжэй. Калі вы даедзеце да канца гэтай дарогі, вы ўбачыце скрыжаванне; дарога там раздвойваецца: левая пойдзе на Доль, а правая — на Сен-Жорж-дэ- Брээнь. Калі вы паедзеце на Доль, то трапіце ў самае пекла. Не забудзьцеся-ж, бярыце направа, а не налева.

— Дзякую вам, — сказаў незнаёмы і прышпорыў каня.

Было ўжо цёмна; ён знік у цемры.

Калі ён даехаў да таго месца, дзе было скрыжаванне, да яго данёсся здалёк голас карчмара:

— Бярыце направа!

Ён павярнуў налева.

ДОЛЬ

Доль, «іспанскі горад Францыі ў Брэтані», — як значыцца ў старадаўніх граматах, — прадстаўляў сабой не горад, а вуліцу — вялікую старадаўнюю гатычную вуліцу. Усе дамы на ёй з калонамі і ідуць не ў адну лінію, а ў беспарадку: адны выступаюць наперад, другія адсоўваюцца ў глыбіню, ствараючы па ўсёй вуліцы выступы і павароты. Прыблізна на сярэдзіне вуліцы змяшчаўся стары рынак.

Гаспадар гасцініцы «Галіністы крыж» сказаў праўду: у той момант, калі ён гутарыў з незнаёмцам, у Доле ішла зацятая бойка. Між белымі, якія занялі горад раніцою, і сінімі, якія награнулі ўначы, адразу пачалася лютая барацьба. Сілы былі няроўныя: белых было шэсць шысяч, сініх — толькі паўтары тысячы, але па лютасці яны былі адзін аднаго вартыя. Цікавая рэч: нападала меншасць.

З аднаго боку выступаў беспарадачны натоўп, з другога — стройная фаланга. З аднаго боку ішлі сяляне з вышытым на скураных куртках сэрцам Ісуса, з белымі істужкамі на круглых капелюшах, з хрысціянскімі дэвізамі на нарукаўніках, з пацеркамі ля паясоў, узброеныя ў большасці толькі віламі ды карабінамі без штыхоў, цягнучы за сабой гарматы на вяроўках, — натоўп дрэнна адзеты, недысцыплінаваны, але фанатычны, гатовы на ўсё. З другога боку — паўтары тысячы салдат у трохкутных капелюшах з трохкаляровай какардай, у даўгіх камзолах з адваротамі, у накрыж накінутых перавязах, з цесакамі ў медных ручках і са стрэльбамі з прымкнутымі штыхамі — усе вымуштраваныя, трымаючыя правільны строй, дысцыплінаваныя і нястрымныя ў бойцы, умеючыя слухацца, як людзі свядомыя, і ўмеючыя камандаваць, калі трэба будзе, — таксама валанцёры, але валанцёры бацькаўшчыны, хоць і абадраныя, без ботаў. За манархію стаялі рыцары-мужыкі, за рэволюцыю — басаногія героі. Душою кожнай з гэтых двух маленькіх армій быў яе правадыр: у раялістаў стары, у рэспубліканцаў малады чалавек. З аднаго боку Лантэнак, з другога — Говэн.

Говэну было трыццаць год. Геркулесаўскі склад цела, сур'ёзны позірк і дзіцячы смех — вось характэрныя рысы яго. Ён не піў, не курыў, не лаяўся і не бажыўся. У паходы ён браў з сабой дарожны несесер: ён клапаціўся аб чыстаце сваіх ногцяў, зубоў, сваіх цудоўных густых цёмных валасоў; на прывалах ён сам выкалачваў свой ваенны мундзір, прабіты кулямі і пабялелы ад пылу. Заўсёды кідаючыся першым у пекла бою, ён ні разу не быў ранены. Яго мяккі голас, калі трэба было, гучэў уладарна і гучна ў час каманды. Ён быў прыкладам для салдат і спаў на зямлі, у вецер, дождж, снег, загарнуўшыся ў свой плашч і палажыўшы на камень сваю прыгожую галаву. Гэта была геройская і чыстая душа. Ідучы ў атаку, ён змяняўся. У ім было нешта жаночае; у час бойкі ён рабіўся страшным.

Яго атрад прадстаўляў сабою цэлую маленькую армію. Ён складаўся з пяхоты і кавалерыі; пры ім былі і разведчыкі, і піонеры, і сапёры, і пантонеры, і гарматы. Тры конныя гарматы надавалі атраду сілу, не перашкаджаючы ў той-жа час яго перасоўванням.

Лантэнак быў таксама добрым камандуючым; магчыма, нават лепшым за свайго пляменніка. Ён быў адначасова і больш асцярожны і смялейшы за яго. У старых воінаў больш вытрыманасці, як у маладых, таму яны далей ад світання жыцця, і больш смеласці, таму што яны бліжэй да магілы.

Што яны трацяць? Амаль нічога. Гэтым і тлумачыцца смелая да дзёрзкасці і разам з тым абдуманая тактыка Лантэнака. Але наогул і амаль заўсёды ў гэтай упартай барацьбе старога з маладым Говэн меў перамогу.

Лантэнак узненавідзеў Говэна, па-першае, за тое, што той перамагаў яго у бойках, па-другое, за тое, што ён быў яго сваяк. І чаго гэта прышло ў галаву маладому малакасосу зрабіцца якабінцам? Якабінец — гэты хлопчык, шчанё, яго ўнучатны пляменнік, амаль што ўнук, — яго наследнік, бо ў маркіза не было дзяцей. «Хай толькі трапіць ён мне ў рукі, я заб'ю яго, як сабаку», казаў сабе гэты дзядзька, або вярней, дзед.

Рэспубліка мела ўсе падставы непакоіцца праз гэтага Лантэнака. Толькі паспеў ён высадзіцца на французскі бераг, як перад ім ужо ўсё дрыжала. Яго імя, як выбух пораху, абабегла Вандэю і адразу зрабілася цэнграм пачатага ўжо мецяжа. Калі ў такім паўстанні, дзе ўсе зайздросцяць адзін аднаму, дзе кожны сядзіць за сваім кустом, у сваім яры, з'явіцца чалавек, які ўсімі прызнаецца за начальніка, тады паасобныя, раз'яднаныя правадыры злучаюцца для агульнай справы. Празадыры ўсіх сялянскіх атрадаў, засеўшых ў лясах, далучыліся да Лантэнака і ўсе — і блізкія і далёкія — падначаліліся яму.

Лантэнак хацеў злучыць правільную вайну з партызанскай. Ён не прызнаваў ні нападаў шчыльнай «рознастайнай масай», якой была вялікая каталіцкая каралеўская армія, загадзя прызначаная на знішчэнне, ні раскідвання ваенных сіл па пушчах і хмызняках, што магло толькі трывожыць ворага, а не раздушыць яго. Партызанскія налёты не вырашаюць лёсу вайны або прыводзяць да дрэннага канца. Яны пачынаюць з нападу на Рэспубліку, а канчаюць рабаваннем дыліжансаў. Лантэнак не прызнаваў ні Вандэі, ні шуанства. Ён хацеў сапраўднай вайны, ён хацеў карыстацца і сялянамі і салдатамі. Сялянскія дружыны былі патрэбны яму для стратэгіі, а палкі — для тактыкі. Засады і нечаканыя напады былі, на яго думку, найлепшым спосабам атак, і атрады з мужыкоў, якія маглі ўмомант сабрацца і таксама ўмомант рассеяцца, як нельга лепш адпавядалі гэтай задачы. Але ён лічыў іх надта няўстойлівымі, надта няўлоўнымі: іх, як ваду, нельга было затрымаць. Ён хацеў стварыць шчыльнае ядро для гэтай бязладнай, расплыўчатай вайны; армію лясных дзікуноў падмацаваць рэгулярнымі войскамі, якія служылі-б воссю для яе выступленняў. Глыбокая і страшная думка! Каб удалося яе ажыццявіць, Вандэя была-б непераможная.

Але адкуль было ўзяць рэгулярныя войскі? Як набраць палкі? Дзе ўзяць салдат? Дзе знайсці гатовую армію? — У Англіі. У Лантэнака моцна засела думка наладзіць высадку англічан. Ён увесь быў ахоплены адной задачай: захапіць частку ўзбярэжжа і аддаць яе ў распараджэнне Піта. Вось чаму, даведаўшыся, што Доль не абаронены, ён кінуўся на Доль, спадзяючыся, што, узяўшы яго, ён возьме і пануючую над ім вышыні Мон-Доль, а валодаючы Мон-Долем, захопіць бліжэйшае ўзбярэжжа.

Месца было выбрана добра.

Каб выканаць гэты рашучы манеўр, Лантэнак узяў з сабой шэсць з лішкам тысяч чалавек — усё, што было самага лепшага ў сялянскіх дружынах, якія былі ў яго, — і ўсю сваю артылерыю. Ён хацеў паставіць на Мон-Доле як мага больш гармат, мяркуючы, што тысяча стрэлаў з дзесяці гармат больш эфектыўна, як паўтары тысячы з пяці.

Поспех здаваўся пэўным. У яго было шэсць тысяч. З боку Аўранша можна было чакаць толькі Говэна, у якога было паўтары тысячы салдат, і з боку Дынана-Лешэля, у якога было дваццаць пяць тысяч салдат, але затое, ён быў за дваццаць лье.

Лантэнак быў упэўнены ў поспеху. Ён заняў Доль без бою. За ім была слава чалавека суровага, не ведаючага літасці. Горад нават не спрабаваў супраціўляцца. Перапалоханыя жыхары пахаваліся ў дамах. Шэсць тысяч вандэйцаў размясціліся ў горадзе з сялянскай неразборлівасцю, як на кірмашы, абыходзячыся без фуражыраў і без адведзеных для пастою памяшканняў; гатавалі страву пад адкрытым небам, сядзелі і ляжалі абы дзе, хадзілі па цэрквах, змяняючы стрэльбы на пацеркі. Лантэнак разам з некалькімі артылерыйскімі афіцэрамі зараз-жа адправіўся аглядаць вышыню Мон-Доль, перадаўшы камандаванне свайму бліжэйшаму памочніку Гуж-ле-Бруану.

Гэты Гуж-ле-Бруан меў два прозвішчы: «Страх сініх» — за яго лютыя расправы з патрыётамі і «Іманус» — за тое, што ў яго абліччы было нешта надзвычай агіднае і жудаснае. Іманус — азначае звышчалавечую брыдкую істоту. У наш час старыкі Брэтані ўжо не ведаюць, хто такі быў Гуж-ле-Бруан, але ў двух вёсках, дзе Гуж-ле-Бруан пакінуў пасля сябе крывавыя сляды, і цяпер яшчэ гавораць пра Імануса. У Вандэі ўсе мяцежнікі былі дзікуны; Гуж-ле-Бруан быў варвар. На яго твары адбівалася яго агідная душа. Ён быў бязмежна храбры ў бойцы, а пасля бойкі жудасны. Ён быў здольны на самую шчырую адданасць і на самую страшную лютасць. Ён пачынаў з геройства, каб прыйсці да забойства. Ад яго можна было чакаць самых жудасных злачынстваў.

Адсюль яго паганае прозвішча — Іманус.

Маркіз-дэ-Лантэнак спадзяваўся на яго лютасць. І сапраўды, Іманус быў майстрам лютасці. Затое ў тактыцы і стратэгіі ён быў слабаваты. Можа маркіз зрабіў памылку, назначыўшы яго сваім намеснікам. Як-бы там ні было, ідучы на рэкагнасцыроўку, Лантэнак перадаў яму камандаванне. Гуж-ле-Бруан, больш баец, як камандзір, мог хутчэй, не міргнуўшы вокам, выразаць цэлае племя, чым абараніць горад.

Позна ўвечары Лантэнак, агледзеўшы месца для будучай батарэі, вяртаўся ў Доль. Раптам ён пачуў гарматны стрэл. Ён аглядзеўся навакол. Над вялікай вуліцай Доля слаўся чырвоны слуп дыму. Было ясна: белых захапілі знянацку; у горад уварваўся вораг; на чялікай вуліцы біліся.


Маркіз быў ашаломлены: нічога падобнага ён не чакаў. Хто-б гэта мог быць? Толькі не Говэн: трэба было быць вар'ятам, каб атакаваць у чатыры разы сільнейшага ворага. Не, не! З'яўленне Говэна немагчымае.

Лантэнак прышпорыў каня. Па дарозе яму траплялася шмат уцякаючых жыхароў. Ён спрабаваў быў распытаць іх, але яны толькі крычалі з жахам: «Сінія! Сінія!» і беглі далей. Калі ён, нарэшце, прыехаў у горад, становішча вандэйцаў было зусім дрэннае.

Вось што адбылося.

МАЛЕНЬКІЯ АРМІІ І ВЯЛІКІЯ БАІ

Вандэйскі атрад, увайшоўшы ў Доль, рассыпаўся па гораду, хто куды. Схаваўшы свае гарматы і зарадныя скрынкі пад павець старога рынка, стомленыя сяляне пачалі есці, піць і перабіраць свае пацеркі; потым паляглі ўпокат па ўсёй шырыні вуліцы, не думаючы нічога вартаваць. Большасць, палажыўшы пад галовы свае клункі, паснула, некаторыя нават побач з жонкамі: вандэйскія сялянкі часта суправаджалі мужоў у іх паходах.

Была цёплая, ясная ліпеньская ноч. У глыбокім сінім небе ззялі зоркі. Увесь гэты бівуак, які нагадваў больш прывал каравана, як ваенны лагер, мірна задрамаў. Раптам тыя, хто не паспеў яшчэ заснуць, убачылі, што з аднаго канца вуліцы прама на іх глядзяць тры гарматныя жэралы.

Гэта быў Говэн. Нячутна падышоўшы да горада, ён зняў вартавых і заняў са сваім атрадам адзін канец вялікай вуліцы.

Нейкі селянін ускочыў, крыкнуў: «Хто ідзе?» і стрэліў са стрэльбы. Яму адказаў гарматны стрэл. Затым пачалася шалёная пальба са стрэльбаў. Уся паснуўшая ватага ўсхапілася на ногі, як ашпараная. Прабуджэнне не надта прыемнае: заснуць пад зоркамі і прачнуцца пад карцеччу.

Першыя хвіліны былі жудасныя. Няма відовішча больш трагічнага, як перапалоханы, ашалелы натоўп. Усе кінуліся да зброі; хто крычаў, хто кідаўся бегчы, многія падалі. Неспадзявана засцігнутыя сяляне, самі не ведаючы, што робяць, стралялі ў сваіх. З дамоў выбягалі, аглушаныя пальбой, ашалелыя людзі. Яны беглі назад, зноў выбягалі і без сэнсу таўкліся ў агульнай кашы, толькі больш павялічваючы гармідар. Мужы шукалі, гукалі па імёнах сваіх згубленых жонак і дзяцей; дзеці, плачучы, шукалі бацькоў. Усё перамяшалася ў гэтай начной бойцы. Кулі са свістам праразалі цемру ночы. З усіх цёмных кутоў грымелі стрэлы. У дыме і агульным гаме нічога нельга было разабраць. Парасстаўленыя абыяк па ўсёй вуліцы фургоны і вазы яшчэ больш павялічвалі мітусню. Перапалоханыя коні іржалі, брыкаліся, станавіліся на дыбкі. І коні і людзі тапталі раненых, з зямлі падымаліся енкі, лямант. Адны кідаліся ад жаху, другія стаялі скамянелыя. Салдаты шукалі афіцэраў, афіцэры — садатаў. Нейкая жанчына, седзячы на зямлі, карміла груддзю сваё дзіця, а побач, прыхінуўшыся спіною да сцяны, сядзеў яе муж з перабітай нагой; у яго струменем цякла кроў, а ён спакойна зараджаў свой карабін і страляў наўздагад у цемру. Некалькі чалавек, лежачы на жываце, стралялі з-пад павозак. Часамі ўздымалася хваля чалавечых галасоў, затым усё пакрывалася гучным гарматным гулам. Карціна была жахлівая.

Здавалася, сякуць лес: людзі, як дрэвы, валілі адзін на аднаго.

Атрад Говэна, стоячы пад прыкрыццем, страляў упэўнена і не цярпеў амаль ніякіх страт.

Аднак патрохі сялянскі атрад апамятаўся і арганізаваў абарону. Ён сабраўся на рынку, вакол каменнага будынка, абкружанага цэлым лесам высокіх калон. Адчуваючы сябе пад прыкрыццем, людзі падбадзёрыліся: усё, што нагадвала лес, давала ім упэўненасць у сабе. Іманус стараўся, як умеў, замяніць Лантэнака. У іх была артылерыя, але, на вялікае здзіўленне Говэна, яны не скарыстоўвалі яе. Здарылася гэта таму, што ўсе іхнія артылерыйскія афіцэры пайшлі з маркізам на рэкагнасцыроўку ў Мон-Доль, а сяляне не ўмелі абыходзіцца з гарматамі. Але затое яны засыпалі кулямі сініх, што стралялі ў іх з гармат. Цяпер ў іх быў свой надзейны рэдут. Сабраўшы ўсе павозкі, усе скрыні, бочкі, цюкі, яны пабудавалі высокую барыкаду, зрабіўшы ў ёй шчыліны — байніцы — для прыцэлаў, і распачалі з-за гэтага прыкрыцця шалёную страляніну. Усё гэта зрабілася вельмі хутка. Праз чвэрць гадзіны рынак ператварыўся ў непрыступную цытадэль.

Для Говэна паварот справы зрабіўся сур'ёзны. Гэтае раптоўнае ператварэнне рынка ў цытадэль было для яго сюрпрызам. Вандэйцы заселі там шчыльнай, устойлівай масай. Говэну ўдалося захапіць іх знянацку, але яму было яшчэ далёка да перамогі. Сышоўшы з каня і не выпускаючы сваёй штагі, ён стаяў у святле факелаў, што гарэлі на яго батарэі, і, скрыжаваўшы рукі, пільна ўглядаўся ў цемру.

Пры святле факела яго высокая фігура вылучалася вельмі выразна і была добрай мішэнню для абаронцаў барыкады. Але ён, задумаўшыся, не заунажаў, што вакол яго хмарамі кладуцца кулі.

Ён ні на хвіліну не сумняваўся ў перамозе. Праўда, там, на барыкадзе, было многа стралкоў, але супроць усіх гэтых стрэльбаў у яго былі гарматы, а куля, нарэшце, усё-ж такі пасуе перад ядром. Перамога заўсёды на тым баку, дзе ёсць артылерыя. Яго батарэя была ў надзейных руках і забяспечвала яму поспех.

Раптам нібы маланка бліснула з-за цёмнай барыкады: пачуўся ўдар грому, і гарматнае ядро прабіла дзіру ў сцяне дома, акурат над галавой Говэна.

Барыкада адказала гарматным стрэлам на яго пальбу… Што гэта азначала? Становішча змянілася. Артылерыя цяпер была не толькі на адным баку.

Услед за першым і другое ядро ўрэзалася ў сцяну за два крокі ад яго. Трэцім ядром з яго знесла капялюш.

Ядры былі вялікага калібра: стралялі з шаснаццаціфунтовай гарматы.

— У вас цаляюць, камандзір! — крыкнуў Говэну адзін з яго артылерыстаў і пагасіў факел.

Говэн задумліва нахіліўся і падняў капялюш. У яго сапраўды цэлілі: цэліў Лантэнак, які толькі што прыскакаў на барыкаду з процілеглага боку.

Як толькі ён прыехаў, да яго падбег Іманус.

— Мансен'ёр, на нас напалі…

— Хто?

— Не ведаю.

— Дарога на Дынан вольная?

— Здаецца, вольная.

— Трэба пачаць адступленне.

— Яно пачалося. Многія ўжо бягуць.

— Бегчы не трэба, трэба адступаць. Чаму вы не скарысталі артылерыю?

— Усе замяшаліся ды, апрача таго, не было артылерыйскіх афіцэраў.

— Я сам зараз іду на батарэю.

— Мансен'ёр, я адправіў у Фужэр усё, што можна было, з абоза. Жанчын таксама, — словам, усё лішняе. Што загадаеце рабіць з трыма дзяцьмі, якіх мы ўзялі ў палон?

— Гэтыя дзеці — нашы заложнікі. Адпраўце іх у Тург.

Аддаўшы гэты загад, маркіз пайшоў на батарэю.

З прыходам начальніка ўсё змянілася. Барыкада не была прыстасавана да ўстаноўкі артылерыі: там было месца для двух гармат. Маркіз паставіў дзве шаснаццаціфунтовых гарматы, для якіх наспех зрабілі амбразуры. Нахіліўшыся да амбразуры над адной з гармат і наглядаючы за варожай батарэяй, ён раптам убачыў Говэна.

— Гэта ён! — вырвалася ў яго.

Ён сам узяў баннік, зарадзіў гармату, нацэліў і стрэльнуў. Тры разы цэліў ён у Говэна і ўсе тры разы прамахнуўся. Трэцім стрэлам яму ўдалося толькі сарваць з яго капялюш.

— Прыкра! — прамармытаў ён. — Трохі ніжэй, і я знёс-бы яму галаву.

Раптам факел згас, і батарэя праціўніка схавалася ў цемры.

— Ну, добра, — сказаў Лантэнак і, абярнуўшыся да сваіх кананіраў, скамандаваў: — Карцеч!

Говэн у сваю чаргу быў вельмі заклапочаны. Становішча яго атрада пагаршалася. Бойка ўступала ў новую фазу. З барыкады пачалі страляць з гармат. Ці можна было паручыцца, што яе абаронцы не пяройдуць ад абароны да наступлення? Супроць яго, без раненых, забітых і ўцёкшых, было не менш пяці тысяч байцоў, а ў яго аставалася не больш тысячы двухсот. Што станецца з яго рэспубліканцамі, калі вораг заўважыць, што атрад яго такі малы? Прыдзецца тады памяняцца ролямі. Цяпер яны нападаюць, а тады павінны будуць абараняцца. Калі толькі мяцежнікі зробяць вылазку, усё прапала.

Што рабіць? Не было чаго і думаць атакаваць барыкаду з фронта: прыступ быў немагчымым; тысяча дзвесце чалавек не могуць выбіць з умацаванага месца пяць тысяч. Немагчыма было ісці напралом, а затрымка лёгка магла зрабіцца гібельнай. Так або іначай трэба было канчаць. Але як?..

Говэн нарадзіўся ў гэтых месцах. Ён ведаў размяшчэнне горада і ведаў, што рынак, дзе заселі вандэйцы, заднім фасадам прылягаў да лабірынта вузкіх, звілістых завулкаў.

Ён павярнуўся да свайго ад'ютанта, храбрага капітана Гешана.

— Гешан, перадаю вам камандаванне, — сказаў яму Говэн. — Падтрымлівайце самы сільны агонь. Пастарайцеся прабіць іхнюю барыкаду. Галоўнае — адцягвайце ўвагу ворага.

— Разумею, — адказаў Гешан.

— Пастройце ўсіх салдат у калону. Няхай усе зарадзяць стрэльбы і будуць гатовы да атакі.

Говэн сказаў яму на вуха некалькі слоў.

— Разумею, — паўтарыў Гешан.

Говэн спытаўся:

— Усе нашы барабаншчыкі захаваліся?

— Усе.

— У нас іх дзевяць чалавек. Пакіньце сабе дваіх, а сем дайце мне.

Сем барабаншчыкаў моўчкі выступілі наперад і выстраіліся перад камандзірам. Тады ён крыкнуў:

— Батальён «Чырвонай Шапкі», — да мяне!

З радоў выступіла дванаццаць чалавек, у тым ліку адзін сержант.

— Я казаў, каб увесь батальён, — сказаў Говэн.

— Ён увесь тут, — адказаў сержант.

— Як? Вас толькі дванаццаць?

— Так, засталося толькі дванаццаць.

— Ну, добра, — сказаў Говэн.

Сержант быў той самы грубаваты і добрадушны Радуб, што ад імя свайго батальёна ўсынавіў трох сіротак, знойдзеных у Содрэйскім лесе.

Палова гэтага батальёна была знішчана на ферме Эрб-ан-Пайль, але Радуб па шчасліваму выпадку выратаваўся.

Каля батарэі стаяў фургон з фуражом. Говэн паказаў на яго Радубу.

— Сержант, няхай вашы людзі абматаюць свае стрэльбы саломай, каб яны не бразгалі ў дарозе.

Прайшло некалькі мінут. Загад быў выкананы ў поўным маўчанні ў цемры.

— Гатова, — сказаў сержант.

— Салдаты, здыміце чаравікі, — загадаў Говэн.

— У нас іх няма… — адказаў сержант.

Разам з барабаншчыкамі стварыўся атрад з дзевятнаццаці чалавек. Говэн быў дваццатым.

Ён скамандаваў:

— Стройся ў адну шарэнгу! За мной! Барабаншчыкі наперадзе, салдаты батальёна ззаду. Сержант, даручаю вам камандаваць батальёнам.

Ён стаў на чале калоны, і пад грукат кананады з абодвух бакоў гэтыя дваццаць чалавек, як цені, паглыбіліся ў лабірынт апусцелых завулкаў.

Так ішлі яны досыць доўга, прабіраючыся ля сцен дамоў.

Увесь горад нібы вымер; абываталі схаваліся ў скляпах. Усе акяніцы былі зачыненыя, усе дзверы былі на завалах. Нідзе не прабівалася ні праменя святла.

У магільнай цішыні пустынных завулкаў грукат, які ішоў з вялікай вуліцы, здаваўся яшчэ гучнейшым. Артылерыйскі бой працягваўся.

Пасля дваццацімінутнай хады Говэн, які ўпэўнена ішоў у цемры па звілістых пераходах, прывёў свой атрад да канца завулка, які выходзіў на галоўную вуліцу з другога боку базарнай плошчы.

З гэтага боку барыкада не была абаронена — вечная памылка ўсіх будаўнікоў барыкад, — і атраду Говэна нічога не варта было прабрацца пад каланады рынка, дзе стаяла некалькі павозак з абоза, ужо запрэжаных, гатовых рушыць у дарогу. Перад Говэнам і яго дзевятнаццацю салдатамі была ўсё тая самая пяцітысячная армія, толькі цяпер яны зайшлі ёй у тыл.

Говэн шапнуў нешта сержанту. Са стрэльбаў знялі салому. Дванаццаць грэнадзёраў выстраіліся за рогам завулка. Усе сем барабаншчыкаў нарыхтавалі свае палачкі, чакаючы каманды.

Залпы гармат следавалі адзін за адным праз невялікія перапынкі. І вось у адзін з такіх перапынкаў Говэн узмахнуў сваёй шпагай і звонкім, як труба, голасам закрычаў:

— Дзвесце чалавек направа, дзвесце налева, астатнія прама наперад!

Грымнуў залп з дванаццаці стрэльбаў, сем барабаншчыкаў забілі «ў атаку». Говэн скамандаваў:

— У штыхі, хлопцы! Калі!

То быў страшны кліч рэспубліканцаў, які наводзіў жах на белых.

Эфект вышаў нечуваны.

Уся шматтысячная сялянская маса, пачуўшы ворагаў у сябе за спіной, уявіла сабе, што на яе ідзе новая армія. І ў той-жа самы час рэспубліканская калона, што засталася пад начальствам Гешана, пачуўшы барабанны бой, таксама дала сігнал «у атаку» і шпаркім крыкам рушыла на барыкаду. Вандэйцы апынуліся між двух агнёў. Пачалася паніка, а паніка — гэта кашмар, у часе якога ўсё здаецца паравялічаным.



Говэн скамандаваў: „У штыхі!“

Праз некалькі мінут рынак апусцеў. Перапалоханыя сяляне пусціліся, хто куды. Афіцэры нічога не маглі зрабіць. Іманус забіў двух або трох уцекачоў, але гэта не дапамагло. Навакол чулася адно: «Ратуйся, хто можа!» І ўся гэтая армія высыпала па завулках гарадка ў адкрытае поле з хуткасцю хмары, падхопленай ураганам.

Маркіз дэ-Лантэнак быў сведкай гэтай панікі. Уласнымі рукамі закляпаўшы гармату, ён пайшоў апошнім, пайшоў спакойным, мерным крокам, кажучы: «Так, з сялянамі нічога не зробіш. Нам патрэбны англічане».

У ДРУГІ РАЗ

Перамога была поўная.

Говэн павярнуўся да салдат батальёна «Чырвонай Шапкі» і сказаў:

— Вас толькі дванаццаць, але вы варты тысяч.

Пахвала начальніка ў той час была тое самае, што атрыманне ордэна.

Атрад Гешана, адпраўлены Говэнам наўздагон за ўцекачамі, прывёў многа палонных. Запалілі факелы і пачалі абшукваць горад.

Усе, хто не паспеў ўцячы, здаліся. Галоўную вуліцу асвятлілі каганцамі; яна ўся была ўсеяна забітымі і раненымі. Кожны бой звычайна канчаецца дробнымі сутычкамі: некалькі паасобных гурткоў самых смялейшых яшчэ супраціўляліся; іх абкружылі, і яны палажылі зброю.

У шалёнай сумятні агульнага ўцякання Говэн заўважыў аднаго геройскага вандэйца: спрытны і дужы, гэты чалавек біўся, засланяючы ўцяканне таварышоў, але сам не думаў уцякаць. Ён дасканала арудваў сваім карабінам, то страляў з яго, то адбіваўся прыкладам, так што, нарэшце, карабін разляцеўся на кавалкі. Цяпер ён трымаў у адной руцэ пісталет, у другой — шаблю. Да яго баяліся прыступіцца. Раптам Говэн убачыў, што ён захістаўся і абапёрся аб слуп; відаць, ён быў ранены. Але і цяпер ён не выпускаў шаблі і пісталета. Говэн узяў сваю шпагу пад паху і падышоў да яго.

— Здавайся! — сказаў ён.

Ранены пільна паглядзеў на яго. З-пад курткі ў яго цякла кроў, і пад нагамі ўжо была крывавая лужына.

— Ты мой палоннік, — дадаў Говэн.

Ранены маўчаў.

— Як цябе завуць?

Той адказаў:

— Танец Смерці — вось маё імя.

— Ты малайчына, — сказаў Говэн і працягнуў яму руку.

Вандэец замест адказу крыкнуў:

— Хай жыве кароль!

Сабраўшы апошнія сілы, ён падняў абедзве рукі і адной рукой стрэліў у Говэна з пісталета, а другой замахнуўся шабляй над яго галавой.

Усё гэта ён зрабіў са спрытнасцю тыгра, але нехта быў яшчэ спрытнейшы. Гэта быў коннік, які пад'ехаў за некалькі хвілін перад тым. Убачыўшы, што вандэец падняў пісталет і замахнуўся шабляй, ён кінуўся між ім і Говэнам. Каб не ён, Говэн быў-бы забіты. Куля трапіла ў каня, удар шаблі дастаўся чалавеку, і абодва — конь і чалавек — зваліліся. Усё гэта адбылося ў адно імгненне.

Вандэец, знясілены ад ран, млява апусціўся на брук.

Шабля рассекла незнаёмаму твар. Ён ляжаў у непрытомнасці. Конь быў забіты.

Говэн схіліўся над ім.

— Хто гэты чалавек? — спытаўся ён, углядаючыся ў незнаёмца.

Але кроў заліла чалавеку ўвесь твар, які зрабіўся суцэльнай чырвонай масай, дзе нічога нельга было разабраць. Відаць былі толькі сівыя валасы.

— Гэты чалавек выратаваў мне жыццё, — сказаў Говэн, — ці не ведае хто-небудзь з вас, хто ён такі?

— Камандзір, — азваўся адзін з салдат, — ён толькі што прыехаў у горад. Я бачыў, як ён пад'язджаў з боку Пантарсона.

Падышоў старшы доктар атрада з наборам хірургічных інструментаў. Ранены ўсё яшчэ быў у непрытомнасці. Доктар агледзеў яго і сказаў:

— Глупства: разрэз глыбокі, але небяспекай не пагражае. Мы зашыем рану, і праз тыдзень ён будзе на нагах. Але ўдар хвацкі.

Незнаёмы быў у плашчы з трохкаляровай перавяззю і ў капелюшы з трохкаляровай какардай. Пры ім былі пісталеты і шабля. Яго раздзелі і палажылі на насілкі. Прынеслі вядро халоднай вады; доктар абмыў яму рану. Цяпер можна было разгледзець яго твар. Говэн углядаўся ў яго з напружанай увагай.

— Ці ёсць пры ім якія-небудзь паперы? — спытаўся ён.

Доктар памацаў бакавую кішэню параненага, выняў з яе бумажнік і падаў Говэну. Між тым ранены ад халоднай вады пачаў прыходзіць да памяці; яго павекі слаба заварушыліся.

Говэн перагарнуў паперы і знайшоў складзены ўчэцвера аркуш паперы. Разгарнуўшы яго, ён пачаў чытаць:

«Камітэт грамадскага ратавання. Грамадзянін Сімурдэн…»

— Сімурдэн! — вырвалася ў яго.

Ранены пачуў гэты голас і расплюшчыў вочы.

— Сімурдэн! Гэта вы!.. Ужо другі раз вы выратавалі мне жыццё…

Сімурдэн глядзеў на яго. Невыказнае шчасце асвятляла яго скрываўлены твар.

Говэн апусціўся перад ім на калені.

— Мой настаўнік! — ускрыкнуў ён.

— Твой бацька, — сказаў Сімурдэн.

КАПЛЯ ХАЛОДНАЙ ВАДЫ

Яны не бачыліся ўжо многа гадоў, але ім здавалася, што яны разлучыліся толькі ўчора.

У гарадской ратушы наспех раскінулі паходны лазарэт. Сімурдэна змясцілі ў асобным маленькім пакоі, побач з вялікай залай, адведзенай пад агульную палату для раненых. Хірург, што зашываў яму рану, спыніў сардэчную гутарку двух сяброў, абвясціўшы, што хвораму пасля аперацыі неабходна заснуць. Ды і Говэна чакалі неадкладныя справы, якія заўсёды прыпадаюць на начальніка пасля перамогі: трэба было даць сякія-такія загады, паклапаціцца аб размяшчэнні салдат. Сімурдэн застаўся адзін.

Ён не спаў, а між тым яму здавалася, што ён бачыць сон. Ці магчыма гэта? Мара яго здзейснілася. Ён знайшоў Говэна. Пакінуў ён яго дзіцем, а сустрэў мужчынай, храбрым салдатам, сільным, бязбоязным. Ён убачыў яго ў момант поспеху ў барацьбе за народную справу. Яго вучань зрабіўся цяпер героем, а ў недалёкім будучым можа будзе гонарам сваёй бацькаўшчыны.

Успамінаючы ўсё перажытае, Сімурдэн ляжаў без сна. Яму здавалася, што на гарызонце Францыі ўстае новае сонца. Ён верыў: яшчэ адна такая перамога, якую ён цяпер наглядаў, і Рэспубліка паставіць Говэна на чале арміі.

Нішто так не асляпляе, як нечаканы поспех. То быў час, калі ўсе марылі пра ваенную славу; кожнаму хацелася стварыць свайго палкаводца. Сімурдэн хацеў бачыць Говэна вялікім палкаводцам. Ён ужо бачыў яго — мара ляціць, як птушка — на акіяне, як ён праследуе ўцякаючых англічан, на Рэйне — як ён карае кааліцыю каралёў, на Пірынеях — як ён адціскае іспанцаў, на Альпах — як ён падае Рыму сігнал паўстання. У Сімурдэне жылі два чалавекі: адзін з пяшчотным сэрцам, другі — суровы, для якога цвёрдая прамалінейнасць была ідэалам, і абодва былі задаволены, таму што ў Говэне ён бачыў не толькі мужнага правадыра, але і грознага мсціўца. Сімурдэн трымаўся такога погляду, што перш, чым будаваць, трэба разбурыць. «Цяпер не да пяшчот», казаў ён. І ён быў упэўнены, што Говэн цяпер будзе «на вышыні становішча», як тады казалі.

Раптам Сімурдэн пачуў праз трохі адчыненыя дзверы свайго пакоя голас Говэна. Ён пачаў прыслухоўвацца. Пачуўся шум шагоў. Адзін з салдат сказаў:

— Камандзір, вось гэта той чалавек, што страляў ў вас. Ён паспеў быў схавацца ў склепе, але мы яго знайшлі.

Сімурдэн пачуў гутарку паміж Говэнам і палонным.

— Ты ранены?

— Я адчуваю сябе досыць добра для таго, каб быць расстраляным.

— Палажыце гэтага чалавека ў пасцель. Перавяжыце яго рану і лячыце яго.

— Я хачу памерці.

— Ты не памрэш. Ты хацеў забіць мяне ў імя караля, — я дарую табе жыццё ў імя Рэспублікі.

Нібы цень набег на твар Сімурдэна. Быццам разбуджаны, адышоў ён ад сваіх мараў і, адчуваючы нядобрае, прамармытаў сумным голасам:

— Так, ён сапраўды мяккасардэчны.

РАНА ЗАГАІЛАСЯ, СЭРЦА — НЕ

Рана Сімурдэна хутка загаілася. Але была адна істота з больш цяжкімі ранамі. Гэта была тая расстраляная вандэйцамі маці, якую падабраў бадзяга Тэльмарш у лужыне крыві на ферме Эрб-ан-Пайль.

У Мішэлі Флешар было тры раны: адна скразная — куля трапіла ў верхнюю частку грудзей і вышла ў спіну, прабіўшы лапатку; другой куляй ёй патрушчыла ключыцу, трэцяй — плечавую косць. Але лёгкія не былі закранутыя.

Тэльмарш у вёсцы лічыўся «філосафам», што на сялянскай мове азначае знахар, гэта значыць крыху ўрач і хірург, крыху вядзьмар. Ён перанёс раненую ў сваё звярынае логава, улажыў яе на сваю пасцель з моху і пачаў лячыць так званымі «простымі» сродкамі. Дзякуючы яго клопатам яна не памерла. Ключыца зраслася, раны на грудзях і ў плячы зацягнуліся. Праз некалькі тыдняў яна пачала папраўляцца.

Нарэшце настаў дзень, калі яна магла ўжо выйсці з нары, абапіраючыся на руку Тэльмарша. Ён усадзіў яе на сонейку пад дрэвамі. Ён амаль нічога не ведаў аб гэтай жанчыне. Яна маўчала, але па яе вачах ён бачыў, што яе нешта мучыць. У гэтую раніцу яна была больш бадзёрая: яна магла хадзіць амаль без дапамогі. Ён усміхнуўся ёй і сказаў:

— Ну, вось мы і на нагах. Усе нашы раны загаіліся, дзякую богу.

— Толькі сэрца баліць, — сказала яна і дадала: — Вы, значыцца, не ведаеце… зусім не ведаеце, дзе яны?

— Хто? — спытаўся Тэльмарш.

— Мае дзеці.

Многа разоў у час хваробы яна клікала сваіх дзяцей і бачыла, што стары не хоча ёй адказваць.

Але Тэльмарш і сапраўды не ведаў, што ёй сказаць. Нялёгка гаварыць з маткаю пра яе загінуўшых дзяцей. Ды і што, уласна кажучы, яму было вядома? Нічога. Ён ведаў толькі, што нейкую маці расстралялі, што ён знайшоў гэтую маці ў лужыне крыві, што, калі ён яе падабраў, яна была амаль трупам, што ў гэтага трупа было трое дзяцей і што Лантэнак пасля расстрэлу мацеры ўзяў дзяцей з сабой. На гэтым канчаліся ўсе яго весткі. Што сталася з дзецьмі? Ці жывыя яны яшчэ?.. Яму казалі, што іх было два хлопчыкі і дзяўчынка, толькі што адлучаная ад грудзей. Вось і ўсё. Яго і самога непакоіў лёс гэтых няшчасных дзяцей, але ён нічога не мог даведацца. Ён спрабаваў быў распытваць ваколічных сялян, але яны толькі маталі галовамі і нічога не казалі. Не такі быў чалавек Лантэнак, каб аб ім можна было гаварыць.

Сяляне ўхіляліся гаварыць пра Лантэнака і неахвотна ўступалі ў гутарку з Тэльмаршам. Сяляне наогул народ недаверлівы. Тэльмарша не любілі. Бадзяга Тэльмарш быў чалавек непакойны. Навошта ён заўсёды глядзіць у неба? Што ён робіць, аб чым думае, калі гадзінамі стаіць, як пень, на адным месцы? Безумоўна, ён чалавек дзіўны. У краіне, ахопленай пажарам вайны, у краіне, дзе ў людзей адзін інтарэс — спусташэнне, адна работа — разаніна, дзе кожны толькі і думае, як-бы падпаліць дом, выразаць сям'ю ворага, забіць варту непрыяцеля, разграміць вёску, зрабіць засаду, злавіць ворага ў пастку; у краіне, дзе ўсе навыперадкі знішчаюць адзін аднаго, — гэты чалавек, які збірае зёлкі, цікавіцца толькі кветкамі, птушкамі ды зоркамі, быў яўна чалавекам небяспечным. Справа ясная: у яго галава не ў парадку. Ён не хаваецца за кустамі, пільнуючы ворага, ні ў каго не страляе. «Ён вар'ят», — казалі ў народзе. Яго ўхіляліся. Яго сцерагліся. Да яго не звярталіся з пытаннямі і на яго пытанні не адказвалі. Таму ён нічога не мог даведацца пра дзяцей Мішэлі Флешар.

Пачуўшы ад асірацелай маткі словы: «мае дзеці», Тэльмарш больш не ўсміхаўся, а маці зноў увайшла ў свае думы. Што адбывалася ў яе беднай душы? Яна нібы правалілася ў чорную бяздонную яму…

Але раптам яна зірнула на Тэльмарша і выкрыкнула амаль гнеўна:

— Мае дзеці!

Тэльмарш апусціў галаву, нібы вінаваты.

Ён успомніў пра маркіза, які ўжо напэўна не думаў пра яго і, мусіць, забыўся нават аб яго існаванні. Тэльмарш добра гэта разумеў. Ён казаў сабе: «Калі важны пан у бядзе, ты яму патрэбны, і ён табе прыяцель, калі-ж бяда мінула, ён не хоча цябе ведаць». І ён спытаў сябе: «Дык навошта-ж ты выратаваў гэтага пана?» І тут-жа адказаў: «Таму, што ён — чалавек». На гэтым ён задумаўся, потым сказаў сабе: «Ды кінь, хіба ён чалавек?» І нарэшце ў яго вырваліся горкія словы:

— Каб толькі я ведаў!

Усё гэта мучыла яго. Значыцца, добры ўчынак можа выйсці дрэнным. Ратуючы ваўка, губіш авечак. Вылечыўшы падбітае крыло каршуна, робішся адказным за яго кіпці. Ён адчуваў сябе вінаватым. Няшчасная маці была права ў сваім гневе.

Так, ён вінаваты: ён выратаваў маркіза: алеж ён выратаваў і гэтую маці. Гэты довад крыху супакойваў яго.

Але дзеці! Што з дзецьмі? Дзе яны?..

Пра тое самае думала і жанчына.

— Так не можа працягвацца, — прамовіла яна.

— Тсс! — шапнуў ён, прылажыўшы палец да губ.

Яна казала далей, не слухаючы:

— Навошта вы мяне выратавалі? Я вам гэтага не дарую. Лепш-бы я памерла: я бачыла-б іх адтуль. Я ведала-б, дзе яны. Яны мяне не бачылі-б, але я была-б каля іх. І мёртвая можа ахоўваць сваіх дзяцей.

Ён узяў яе руку і памацаў ёй пульс.

— Супакойцеся. У вас зноў пачнецца трасуха.

Яна спытала яго груба:

— Калі мне можна будзе пайсці?

— Пайсці?

— Ну але. Ісці іх шукаць.

— Ніколі, калі вы будзеце хвалявацца. А калі вы будзеце трымаць сябе разумна, то, можа, і заўтра.

— Што значыць, па-вашаму, трымаць сябе разумна?

— Спадзявацца на бога.

— На бога? А што ён зрабіў з маімі дзецьмі?

Яна нібы брэдзіла. Але вось яе голас зноў зрабіўся мяккім.

— Зразумейце, — казала яна, — я не магу так заставацца. У вас не было дзяцей, а ў мяне былі: гэта розніца. У вас-жа ніколі не было дзяцей? Не?

— Не, — адказаў Тэльмарш.

— А ў мяне толькі і было дарагога, што дзеці. Што я буду рабіць без іх? Хоць-бы мне растлумачылі… Я ніяк не зразумею, чаму ад мяне адабралі дзяцей. Я бачу… адчуваю, што адбываецца нешта дзіўнае, але не магу сцяміць. У мяне забілі мужа, мяне расстралялі. Завошта?.. Я не разумею.

— Ну вось, у вас зноў пачынаецца гарачка, — сказаў Тэльмарш. — Не гаварыце так многа.

Яна глянула на яго і сціхла. З гэтага дня яна зусім перастала гаварыць.

Цэлымі гадзінамі праседжвала яна, скурчыўшыся, пад старым дубам. Яна думала і маўчала. Здавалася, яна прымірылася з немагчымасцю зразумець. Чалавек, які дайшоў да мяжы роспачы, робіцца абыякім.

Тэльмарш назіраў за ёй, ледзь не плачучы ад жалю. І ён таксама маўчаў, разумеючы, што словы дарэмныя перад такім горам.

Тэльмаршу хацелася прымусіць гэтую няшчасную загаварыць, але гэта так і не ўдалося яму.

Неяк раз ён сказаў её:

— На жаль, я — стары і не магу многа хадзіць. Я нікуды не дайду — няхопіць сіл. Пасля чвэрці гадзіны хады ногі мае адмаўляюцца служыць, і мне прыходзіцца адпачываць, а то я пайшоў-бы з вамі… Ну, але можа і лепш, што я не магу хадзіць. Магчыма, я быў-бы для вас небяспечным спадарожнікам. Мяне тут толькі церпяць, але не любяць: сінім я здаюся падазроным, таму што я — селянін, а сяляне лічаць мяне ведзьмаром.

Ён чакаў адказу; яна нават не падняла на яго вачэй. На які гераізм здольная бедная сялянка? Яна можа быць толькі маткаю, і больш нічым. З кожным днём яна ўсё больш і больш паглыблялася ў свае думы. Тэльмарш моўчкі назіраў за ёй. Ён стараўся заняць яе чым-небудзь: прынёс ёй нітак, іголку, напарстак, і, на вялікае задавальненне беднаму бадзягу, яна прынялася за шыццё. Думаючы пра сваё, яна працавала; гэта была адзнака здароўя. Да яе паступова вярталіся сілы. Яна залатала сваю бялізну, адзенне, свае чаравікі. Але вочы яе глядзелі ўсё таксама тупа-безуважна. Працуючы, яна ціханька спявала нейкія сумныя песні. Часам раптам сцішалася і прыслухоўвалася да шчабятання птушак, нібы чакала пачуць ад іх вестку пра дзяцей. А то пачынала нешта мармытаць сама сабе; можа гукала дзяцей па імёнах, але так ціха, што Тэльмарш не мог разабраць. Яна глядзела на неба, на дрэвы, азіралася навакол. Губы яе без гуку варушыліся. Яна пашыла мяшок і насыпала ў яго даверху каштанаў. Аднойчы раніцою Тэльмарш убачыў, што яна адпраўляецца ў дарогу.

— Куды вы ідзеце? — спытаўся ён.

Яна адказала:

— Іду іх шукаць.

Ён не адважыўся затрымліваць яе.

ДВА ПОЛЮСЫ ІСЦІНЫ

Прайшло некалькі тыдняў, запоўненых падзеямі грамадзянскай вайны. У ваколіцах Фужэра гаварылі выключна пра двух людзей, так непадобных адзін на аднаго, але працуючых на карысць адной і той-жа справы — рэволюцыі.

Жорсткі вандэйскі паядынак працягваўся, але Вандэя ўжо траціла апору пад нагамі. Асабліва дрэннымі былі яе справы ў Іль-э-Вілэм. Дзякуючы энергіі маладога камандзіра, які ў Доле з атрадам у паўтары тысячы чалавек так дасціпна адбіў дзёрзкі напад шасці тысяч чалавек, паўстанне ў гэтай акрузе было аслаблена і абмежавана. За гэтым ударам паследавала некалькі другіх, не менш удалых, і ўсе гэтыя поспехі стварылі новае становішча. Абстаноўка змянілася, але тут з'явілася нечаканае ўскладненне.

Ва ўсёй гэтай частцы Вандэі рэспубліка перамагла. Але якая рэспубліка? У канчатковай перамозе рэволюцыі вызначаліся два віды рэспублікі: рэспубліка тэрора і рэспубліка літасці. Адна думала перамагчы суровасцю, другая — мяккасцю. Якая-ж з двух атрымае перавагу? Абедзве гэтыя формы — прымірэнчая і няўмольная — мелі двух прадстаўнікоў, аднолькава аўтарытэтных. Адзін быў ваенны начальнік, другі — грамадзянскі дэлегат. Хто-ж з іх возьме верх? Грамадзянскі дэлегат меў вялікую перавагу — падтрымку рэспубліканскай улады. Ён прыбыў ад Парыжскай комуны з грозным загадам батальёнам Сантэра: «Ніякай літасці! Ніякіх кампрамісаў!» Ён прывёз дэкрэт Канвента, у якім значылася: «Кожны, хто адпусціць на волю ці дапусціць уцёкі палоннага правадыра бунтаўшчыкоў, караецца смерцю». Ён меў неабмежаваныя паўнамоцтвы ад Камітэта грамадскага ратавання і загад, каб усе слухаліся яго, дэлегата, загад, падпісаны Робесп'ерам, Дантонам і Маратам.

У другога, ваеннага, была адна толькі сіла — літасць. За яго была яшчэ ягоная мужная рука, біўшая ворага, і сэрца, шкадаваўшае пераможаных. Ён быў пераможца і лічыў, што мае права шкадаваць.

У выніку — захаваны, але глыбокі разлад паміж гэтых двух людзей. Абодва змагаліся з паўстаннем і ў кожнага быў свой спосаб: у аднаго — перамога, у другога — тэрор.

Уся лясная Брэтань гаварыла пра іх. Агульная цікавасць да іх павялічвалася яшчэ таму, што паміж іх была вялікая дружба, што адзін з іх выратаваў жыццё другому, што яны любілі адзін другога. Дзіўныя бываюць загадкі!

Дадамо яшчэ, што той з двух, каго ўсе лічылі «лютым», уласнымі рукамі перавязваў раны, даглядаў хворых, дні і ночы праводзіў у лазарэтах і на перавязачных пунктах і не меў нічога, таму што ўсё раздаваў бедным. Ён прымаў удзел ва ўсіх баях: ішоў наперадзе атакуючых, кідаўся ў сярэдзіну самых гарачых сутычак — узброены, бо ў яго за поясам былі шабля і пісталеты, і бяззбройны, бо ніхто ніколі не бачыў, каб ён вымаў шаблю ці дакранаўся да пісталетаў. Ён ішоў насустрач ударам, але сам удараў не наносіў. У народзе казалі, што ён быў раней ксяндзом.

Адзін з гэтых двух людзей быў Говэн, другі — Сімурдэн.

Паміж двума людзьмі была дружба, але паміж іх прынцыпамі — варожасць. Вынікам гэтага з'явіўся глыбокі разлад. Гэтая глухая варожасць аднаго разу выявілася адкрыта.

Сімурдэн спытаў Говэна:

— Ну, што, як нашы справы?

Говэн адказаў:

— Вы гэта ведаеце не горш за мяне. Банды Лантэнака рассеяны. У яго засталося не больш некалькіх дзесяткаў чалавек. Ён прыціснуты да Фужэрскага лесу і праз тыдзень будзе акружаны.

— А праз два тыдні?

— Будзе ўзяты.

— А потым?

— Вы чыталі маю аб'яву?

— Чытаў. Ну, і што-ж?

— Ён будзе расстраляны.

— Зноў патуранне. Ён павінен памерці на гільятыне.

— Я стаю за ваенную кару, — сказаў Говэн.

— А я за рэволюцыйную кару, — сказаў Сімурдэн і, гледзячы Говэну ў вочы, спытаў: — Навошта ты адпусціў на волю манашак з манастыра святога Марка?

— Я не ваюю з жанчынамі, — адказаў Говэн.

— Гэтыя жанчыны ненавідзяць народ, а ў нянавісці адна жанчына варта дзесятка мужчын. Чаму ты не адправіў у рэволюцыйны трыбунал гэтую зграю старых фанатыкаў — папоў, якіх мы захапілі ў Лувін'е?

— Я не ваюю са старымі.

— Стары поп горш за маладога. Не трэба лішняй літасці, Говэн. Забойцы караля — вызваліцелі народу. Пільна вартуй вежу Тампль.

— Вежу Тампль? Калі-б ад мяне залежала, я выпусціў-бы з яе дофіна[2]. Я не ваюю з дзецьмі.

Позірк Сімурдэна стаў суровым.

— Дык ведай-жа, Говэн, што трэба весці бязлітасную вайну супроць жанчыны, калі яе завуць Марыяй- Антуанетай[3], супроць старога, калі яго завуць папам Піем VI, і супроць дзіцяці, калі яго завуць Людовікам Капетам.

— Дарагі мой настаўнік, я не палітычны дзеяч.

— Я пачынаю за цябе непакоіцца. Чаму ў час атакі на Касэ, калі мяцежнік Жан Трэтон кінуўся з шабляю ў руцэ на нашу калону, ты крыкнуў салдатам: «Рассуньцеся! Прапусціце яго!»?

— Таму, што ганебна для тысячнага атрада салдат кідацца на аднаго чалавека.

— Навошта пры Кайльетры д'Астылье, калі ты ўбачыў, што нашы салдаты спыніліся, каб пакончыць раненага вандэйца Жазефа Без'е, які поўз па зямлі, ты закрычаў ім: «Уперад! Я сам з ім распраўлюся!» і стрэліў уверх?

— Таму што ляжачага не б'юць.

— І ты быў няправы. Абодва гэтыя чалавекі зрабіліся правадырамі мяцежніцкіх банд. Жазеф Без'е — усім вядомы атаман Усы, а Жан Трэтон — Сярэбраная нага. Выратоўваючы гэтых двух людзей, ты даў Рэспубліцы двух ворагаў.

— Вы добра ведаеце, што я хацеў-бы для Рэспублікі пабольш прыхільнікаў, а не ворагаў.

— А чаму пасля перамогі пры Ландэане ты не загадаў расстраляць тых трыста сялян, якіх мы ўзялі ў палон?

— Таму што акурат перад тым Боншан пашкадаваў палонных рэспубліканцаў, і я хацеў, каб усе ведалі, што і Рэспубліка пашкадавала палонных раялістаў.

— У такім разе, калі ты зловіш Лантэнака, ты яго пашкадуеш?

— Не.

— Чаму? Ты-ж пашкадаваў гэтых сялян?

— Сяляне — цёмныя людзі, а Лантэнак ведае, што робіць.

— Але Лантэнак твой дзядзька.

— А Францыя мне маці.

— Лантэнак — стары.

— У Лантэнака няма ўзросту. Лантэнак — чужы. Ён не француз. Ён прадасць нас англічанам. Лантэнак — вораг бацькаўшчыны. Наш паядынак можа скончыцца толькі яго ці маёй смерцю.

— Говэн, памятай, што ты цяпер сказаў.

— Буду памятаць.

Абодва моўчкі паглядзелі адзін на аднаго. Потым Говэн сказаў:

— Патокамі крыві будзе адзначаны ў гісторыі гэты дзевяноста трэці год.

— Сцеражыся! — ускрыкнуў Сімурдэн. — Бываюць страшныя абавязкі. Не абвінавачвай таго, хто не можа быць вінаватым. З якога гэта часу ў існаванні хвароб сталі вінаваты дактары? Так, галоўная адзнака гэтага вялікага года — бязлітасць. А чаму? Таму, што гэта год рэволюцыі У ім ажыццявілася вялікая рэволюцыя. У рэволюцыі ёсць вораг — аджыўшы свет, і яна бязлітасная да яго, як хірург бязлітасны да свайго ворага — гангрэны. Рэволюцыя знішчае каралеўскую ўладу ў асобе караля, арыстакратыю ў асобе двараніна, дэспатызм у асобе вайсковай улады, забабоны ў асобе ксяндза, варварства ў асобе суддзяў — адным словам, знішчае ўсё, што завецца тыраніяй, у асобе ўсіх, хто з'яўляецца тыранам. Аперацыя балючая, але рэволюцыя робіць яе цвёрдай рукой. І ў цябе хапае духу патрабаваць літасці да гнойнай язвы, якая атручвае ўвесь грамадскі арганізм!.. Не, рэволюцыя цябе не паслухаецца. Яна моцна трымае ў сваіх дужых руках наша агіднае мінулае і пакончыць з ім. На целе цывілізацыі яна зробіць глыбокі надрэз, які аздаравіць чалавецтва… Вам балюча, гаворыце вы? Так, балюча, без гэтага нельга. А ці доўга яшчэ будзе балюча? Пакуль не скончыцца аперацыя. Затое потым вы будзеце жыць. Рэволюцыя ампутуе стары свет, а пры ампутацыях без крыві не абыходзіцца. Наш дзевяноста трэці год — крывавы год.

— Так, але хірург спакойны, а людзі, што акружаюць мяне, лютыя, як зверы, — сказаў Говэн.

— Для таго, каб перамагчы, рэволюцыі патрэбны людзі з жалезнай воляй, — сказаў Сімурдэн. — Яна адштурхоўвае кожную дрыжачую руку. Яна спадзяецца толькі на бязлітасных. Дантон страшны, Робесп'ер непахісны, Марат непрымірымы… Заўваж, Говэн: гэтыя імёны нам неабходны. Яны вартыя цэлых армій: яны страшаць Еўропу.

— І, можа, прывядуць у жах будучыя вякі, — уставіў Говэн. Ён памаўчаў і сказаў далей: — Ды вы, настаўнік, памыляецеся: я нікога не вінавачу. Па-мойму на рэволюцыю трэба глядзець як на безадказны факт. Ніхто не вінаваты, і ўсе вінаватыя.

Сімурдэн падняў галаву.

— Прыдзе дзень, калі плады рэволюцыі паслужаць апраўданнем тэрору.

— Я баюся, каб тэрор не зганіў рэволюцыю, — адказаў Говэн. — Воля, роўнасць і братэрства — гэта мір і ўсеагульная гармонія. Навошта надаваць ім палохаючы выгляд? Рэволюцыя павінна быць прымірэннем, а не жахам. Амністыя — самае прыгожае слова, якое толькі вымаўляла чалавецтва. Праліваць чужую кроў я магу, толькі рызыкуючы сваёй. Нарэшце, я і сам добра не ведаю, супроць чаго трэба змагацца; я-ж толькі салдат. Але я ведаю адно: калі нельга дараваць, то не варта і перамагаць. Будзь у бойцы ворагам такіх ворагаў, а перамогшы іх, будзь ім братам…

— Сцеражыся, Говэн! — паўтарыў Сімурдэн ў трэці раз. — Ты для мяне больш, як сын. Сцеражыся! — І ён задумліва дадаў: — У такі час, як наш, літасць можа стаць здрадай.

Гутарка гэтых двух людзей нагадвала спрэчку шпагі з сякерай.

ТУЖЛІВАЯ

Між тым маці шукала сваіх дзяцей.

Яна ішла, куды вочы глядзяць. Чым яна жыла? Чым жывілася? Яна і сама не ведала. Яна ішла дзень і ноч, жабравала, ела траву, спала на голай зямлі пад адкрытым небам, пад зоркамі, у кустах, часам пад дажджом, на ветры.

Яна ішла ад вёскі да вёскі, ад фермы да фермы, спынялася ля парогаў дамоў і пыталася. Яе адзенне ператварылася ў лахманы. Часам яе ўпускалі, часам праганялі. Калі не пускалі, яна ішла ў лес.

Яна не ведала мясцовасці, яна ніколі нідзе не бывала і ведала толькі сваю вёску Сікуан'яр ды сваю парафію Азэ. Ёй часта здаралася кружыць на адным месцы, ісці дарогай, па якой яна ўжо праходзіла, і дарма траціць сілы. Яна ішла то па шасе, то па каляінах, пракладзеных павозкамі, то паглыблялася па сцежцы ў гушчар лесу. Спачатку яна ішла ў чаравіках, потым босая і, нарэшце, ступала пацёртымі да крыві нагамі.

Яна ішла па палях боек, пад стрэламі. Яна нічога не чула, нічога не бачыла, ні ад чаго не ўцякала: яна шукала сваіх дзяцей. Уся краіна была ахоплена мецяжом; нідзе не было ні жандараў, ні мэраў, ні сельскай улады. Ёй прыходзілася мець справу толькі з прахожымі. Кожнага яна спыняла, кожнага пыталася:

— Ці не бачылі вы часам дзе-небудзь трох маленькіх дзяцей?

Прахожы здзіўлена падымаў галаву.

— Двух хлопчыкаў і дзяўчынку, — тлумачыла яна: — Рэне-Жана, Гро-Алэна і Жоржэту. Не бачылі? Старэйшаму пяты гадок, а маленькай — год восем месяцаў. Іх адабралі ад мяне.

Прахожы моўчкі глядзеў на яе. Бачачы, што яе не разумеюць, яна зноў тлумачыла:

— Гэта мае дзеці, таму я і пытаюся.

Прахожы матаў галавой і ішоў сваёй дарогай. Тады яна застывала ў нямым адчаі.

Аднойчы адзін селянін, да якога яна звярнулася са сваімі пытаннямі, пачаў нешта ўспамінаць.

— Пачакайце, — сказаў ён. — Іх трое, кажаце вы?

— Так.

— Два хлопчыкі…

— І дзяўчынка.



Вежа Тург.

— Я чуў, нібы адзін тутэйшы пан захапіў у бойцы трох дзяцей і ўзяў іх з сабой.

— Дзе гэты чалавек? — закрычала яна. — Дзе мае дзеці?

Селянін адказаў:

— Ідзіце ў Тург.

— Як вы сказалі?..

— Тург.

— А што гэта такое?

— Не ведаю. Сам я там ніколі не быў.

— А далёка гэта адсюль?

— Так, не блізка.

— У які гэта будзе бок?

— На Фужэр.

— А як туды прайсці?

— Ідзіце прама на Ванторт. Потым ідзіце праз Аршан на Леру. — Ён паказаў рукой на захад. — Усё прама ў той бок, дзе сонца садзіцца.

І не паспеў ён апусціць руку, як яна ўжо ішла. Ён крыкнуў ёй услед:

— Толькі сцеражыцеся: там ідзе бой!

Яна нічога не адказала, нават не абярнулася.

ПРАВІНЦЫЯЛЬНАЯ БАСТЫЛІЯ

Калі гадоў сорак назад які-небудзь падарожнік уваходзіў у Фужэрскі лес з боку Лэніелэ і выходзіў з яго на Парын'е, то на ўскрайку гэтай непралазнай пушчы яго ашаламляла нечаканая сустрэча: перад ім з'яўляўся Тург. Не жывы, а мёртвы Тург: напалову разбураны, аголены, увесь у праломах і шчылінах. Больш суровай здані пабудовы, як гэты Тург, нельга сабе ўявіць. Высокая, круглая вежа, нібы які злачынца, стаяла адна на ўскрайку лесу і, здаецца, падпільноўвала здабычу. Пабудаваная на востраканечным уцёсе, яна мела выгляд амаль рымскай вежы: такая яна была правільная, прамая і масіўная і да такой ступені ў гэтай каменнай будыніне ідэя сілы спалучалася з ідэяй падзення. Заснаваная яшчэ ў ІХ стагоддзі, яна была скончана пабудовай у ХІІ стагоддзі. Старадаўняя архітэктура яе акон сведчыла аб яе немалым узросце. У сцяне гэтай вежы быў пралом. Унутры пустата. Уявіце сабе гіганцкі комін, які пастаўлены на зямлю шырокім канцом уніз. Зверху данізу — пустата: ні даху, ні столей, ні падлог, толькі вытыркаючыя абломкі скляпенняў і печак, байніцы, гранітныя кранштэйны ды некалькі папярочных балак, што азначала ранейшае дзяленне на паверхі. На балках птушыны памёт. Сцены мелі таўшчыню незвычайную: пятнаццаць футаў ля асновы вежы і дванаццаць уверсе. У сцяне былі дзіры і шчыліны, якія калісьці служылі дзвярыма. Скрозь гэтыя дзіры відаць былі рэшткі цёмных лесніц, высечаных у тоўшчы сцяны. Увечары тут чутны быў крык савы, казадояў і кажаноў. Зверху, скрозь цёмную трубу і круглую адтуліну вежы, нібы праз гіганцкую студню, глядзелі зоркі.

У тых месцах было паданне, што ў верхніх паверхах гэтай вежы былі сакрэтныя дзверы з суцэльнага камня, як у магілах іудзейскіх цароў; такі камень паварочваўся на асі, адчыняючы і зачыняючы ўваход. Калі такія дзверы былі зачынены, не было магчымасці заўважыць іх — так шчыльна яны зліваліся з іншымі каменнямі сцяны.

Пралом, праз які можна было ўвайсці ў руіны вежы, зрабіўся ад выбуху міны. Выбух вырваў вялікі кавалак сцяны і, мабыць, вораг прабраўся ў вежу праз гэтую дзіру. Было відаць, што вежа ў розныя часы вытрымала некалькі нападаў: уся яна была пашчэрблена ядрамі і

Выява

Склеп гэты служыў і засценкам і каменным мяшком.

пры гэтым ядрамі розных эпох. Розныя знарады пакідаюць розныя сляды на камні, і на сценах вежы засталіся шрамы ад усялякіх знарадаў, пачынаючы з каменных ядраў XIV века і канчаючы чыгуннымі XVIII века.

Праз пралом можна было ўвайсці ў ніжнюю частку вежы, дзе раней быў ніжні паверх. Прама супроць пралому, на процілеглай сцяне, былі дзверцы, якія адчыняліся ў склеп, які служыў турмой. Выдзеўбаны ў скале, ён паглыбляўся пад фундамент вежы, так што часткай прыходзіўся пад залам ніжняга паверха.

Склеп гэты служыў і засценкам і каменным мяшком. Адтуль зняволеныя ўжо ніколі не выходзілі. Пры кожнай вежы, пры кожным замку тых часоў быў свой каменны мяшок. Цямніца Турга, як і большасць тагочасных цямніц, была двухпавярховая. Верхні паверх, куды траплялі праз дзверцы ў сцяне вежы, складаўся з аднаго досыць вялікага пакоя, які меў столь у выглядзе скляпення, і быў на адным узроўні з залам ніжняга паверха. На двух процілеглых сценах гэтага пакоя відаць былі па дзве паралельныя баразны, якія падымаліся вертыкальна і праходзілі ад сцяны да сцяны праз усю столь, дзе яны ўразаліся ў камні скляпення асабліва глыбока, так што здаваліся каляінамі ад колаў павозкі. Ды яны і сапраўды былі каляінамі. У феадальную эпоху ў гэтым пакоі адбывалася чвэртаванне, але больш спрошчаным і не такім шумным спосабам, як чвэртаванне коньмі. Тут у свой час былі прыладжаны два такія вялікія колы, што яны датыкаліся да сцен і столі. Да кожнага кола прывязвалі руку і нагу асуджанага, потым пачыналі круціць колы ў розныя бакі, і чалавека разрывала на часткі. Для гэтага патрэбна было шмат сілы, таму і стварыліся гэтыя барозны на сценах і столі.

Пад гэтым пакоем, які служыў засценкам, быў другі спецыяльны каменны мяшок. Асуджанага на вяроўцы, голага, спускалі з верхняй часткі склепа ў ніжнюю праз дзіру ў падлозе верхняга памяшкання. Калі ён упарта хацеў жыць, яму кідалі ежу праз гэтую адтуліну.

Праз гэтую дзіру ў падлозе верхняя камера атрымоўвала свежае паветра. Ніжняе памяшканне ішло глыбока ў зямлю і было больш студняй, як пакоем: там на падлозе стаяла вада, і павявала лядзянае паветра. Гэты халодны струмень паветра, які забіваў ніжняга жыхара склепа, верхняму даваў магчымасць жыць. Дзякуючы гэтаму ў верхняй камеры можна было дыхаць. Калі чалавек трапляў у гэты склеп, усёроўна, ці ўваходзіў ён праз дзверкі ў сцяне вежы, ці падаў праз адтуліну з верхняй камеры ў ніжнюю, — ён ужо не выходзіў на свет божы.

І верхнія і ніжнія жыхары склепа жылі ў вечнай цемры і павінны былі вобмацкам прабірацца з аднаго канца камеры ў другі; адзін неасцярожны крок — і верхні жыхар мог зрабіцца ніжнім. У гэтай справе яму дадзена была воля. Калі ён яшчэ чапляўся за жыццё, дзіра ў падлозе ўвесь час была для яго пагрозай; калі яму хацелася пазбавіцца жыцця, тая-ж дзіра была добрым для гэтага спосабам. Верхні паверх быў цямніцай, ніжні — магілай.

Нашы продкі называлі такія цямніцы-магілы каменнымі мяшкамі. Для нас гэтая назва — пусты гук, бо тое, што яно азначала, знікла без сляда. Дзякуючы рэволюцыі мы можам без ніякага ўражання слухаць і вымаўляць такія словы.

Знадворку, над праломам, у сцяне вежы была амбразура або байніца, значна шырэйшая за астатнія байніцы, з гэтай амбразуры звешваліся выдзертыя са сцяны і пагнутыя жалезныя краты.

З боку, процілеглага ад пралому, да вежы датыкаўся каменны мост на трох арках, якія досыць добра захаваліся. На гэтым месцы стаяў раней будынак, ад якога гадоў сорак назад заставаліся толькі руіны са слядамі пажару. Гэтыя пачарнелыя сцены замка, з дзірамі замест акон, нагадвалі шкілет з пустымі вачыма побач са зданню вежы.

Цяпер гэтая руіна зусім знесена, і ад яе нічога не засталося. Досыць аднаго дня і аднаго селяніна, каб знішчыць тое, што будавалася многімі манархамі і многімі стагоддзямі.

Слова Тург — скарочаная простым народам назва «Тур-Говэн» — вежа Говэнаў. Тург, які сорак гадоў назад быў руінай, а цяпер стаў ценем, у 1793 годзе быў цытадэляй. Гэта была Бастылія Говэнаў, якая ахоўвала з захаду ўваход у Фужэрскі лес, які ў наш час наўрад ці заслугоўвае назвы гая.

Будаўнікі цытадэлі паставілі яе на адной з вялізных каменных камлыг.

У сярэднія вякі ўся цытадэль складалася з вежы; фундаментам служыла скала. Ля падэшвы скалы працякаў раўчук, адзін з тых раўчукоў, якія ў студзені ператвараюцца ў бурныя патокі, а ў чэрвені перасыхаюць. У гэтым спрошчаным выглядзе цытадэль была амаль непрыступная. Мост аслабіў яе. Сярэдневяковыя Говэны пабудавалі яе без маста. Тады, каб трапіць у яе, трэба было прайсці па дрыжачых кладках, якія можна было знесці адным ударам сякеры. Пакуль Говэны былі віконтамі, яны задавальняліся гэтым, але калі яны зрабіліся маркізамі і прамянялі сваю цытадэль на каралеўскі палац, яны перакінулі праз раўчук тры каменныя аркі і зрабілі яе даступнай з боку раўніны.

Супроць вежы з захаду разлягалася досыць высокае плато, якім канчалася з гэтага боку раўніна. Гэтае плато падыходзіла амаль да самай вежы і аддзялялася ад яе толькі глыбокім ровам, па якім цякла рачулка. Мост, які злучаў вежу з плато, стаяў на высокіх слупах, і на ім у XVII стагоддзі быў пабудован маленькі замак. Прызначаўся ён для жылля. Але норавы таго часу былі яшчэ грубыя, і ўласнікі замка палічылі за лепшае застацца жыць у вежы, у пакоях, якія нагадвалі турэмныя камеры, а ў замку на мосце зрабілі ў ніжнім паверсе кардэгардыю, у сярэднім — бібліятэку, верхнім было падстрэшша. Высокія вокны з маленькімі багемскімі шыбамі, пілястры ў прасценках, розныя медальёны на сценах, тры высокія паверхі, унізе бердышы і мушкеты, пасярэдзіне кнігі, наверсе мяшкі з аўсом — усё разам здавалася трошкі дзікім, але надта арыстакратычным.

Вежа, што ўзвышалася побач, мела пануры выгляд. Яна панавала над гэтай прыгожай пабудовай. Два гэтыя будынкі — адзін суровы ў сваім класічным харастве, другі элегантны — не столькі дапаўнялі адзін другога, колькі рэзалі вочы кантрастам сваіх стыляў. Дзіўна было бачыць пахмурную вежу, годную для першабытных лясоў, побач з гэтым маставым замкам, які падышоў-бы і да Версаля.

З ваеннага пункту погляду мост з галавой выдаваў вежу ворагу. Ён упрыгожваў і абяззбройваў яе: выйграючы ў харастве, яна траціла ў сіле. Цяпер, пасля пабудовы маста, яна была ўжо на адным узроўні з плато. Застаючыся непрыступнай з боку лесу, яна зрабілася слабай з боку раўніны. Раней яна панавала над плато, цяпер плато панавала над ёй. Замацаваўшыся на плато, вораг мог лёгка авалодаць мастом і замкам. Бібліятэка і падстрэшша былі на баку нападаючых, супроць абаронцаў. Бібліятэка і падстрэшша мелі падабенства ў тым сэнсе, што і кнігі і салома — гаручы матэрыял. Для нападаючага, каб ён захацеў пусціць у ход агонь, усёроўна, ці спаліць Гамера, ці вязку саломы, абы толькі гарэла.

Такім чынам, пабудова маста была памылкай з стратэгічнага пункту погляду. Усё-ж такі будаўнікі маста сёе-тое прадугледзелі. Па-першае, яны прадбачылі мажлівасць пажару: пад трыма вокнамі замка, над ровам, была падвешана на жалезных круках моцная выратоўчая лесніца даўжынёю ў два першых паверхі маставога замка. Па-другое, яны прадбачылі мажлівасць прыступу: мост быў ізаляваны ад вежы нізенькімі масіўнымі жалезнымі дзвярмі. Дзверы гэтыя замыкаліся вялізным ключом, які звычайна хаваўся ў патаемным месцы, вядомым толькі гаспадару замка, і былі гэтыя дзверы такія тоўстыя і моцныя, што ўтрымаліся-б не толькі перад таранам, але, магчыма, і перад гарматнай пальбой. Каб дабрацца да гэтых дзвярэй, трэба было перайсці мост, а каб пранікнуць у вежу, трэба было ўвайсці ў гэтыя дзверы. Другога ўваходу не было.

Другі паверх замка, пабудаванага на высокіх арках маста, быў на ўзроўні трэцяга паверха вежы; на гэтай вышыні, для большай бяспекі, і былі зроблены тыя жалезныя дзверы. З боку моста яны адчыняліся ў бібліятэку, а з боку вежы — у вялікі зал з масіўным каменным слупам пасярэдзіне. Зал гэты займаў увесь трэці паверх. Ён быў круглы, як і сама вежа, і асвятляўся вузкімі байніцамі, якія выходзілі ў адкрытае поле. У гэты зал падымаліся па кругавой лесніцы ў сцяне; у пятнаццаціфутавай сцяне няцяжка зрабіць такую лесніцу. У сярэднія вякі заваёўвалі гарады вуліцу за вуліцай, вуліцы — дом за домам, дамы — пакой за пакоем, а цытадэлі бралі паверх за паверхам. Вежа Тург у сэнсе супраціўлення ворагу была пабудавана вельмі ўдала: яе цяжка было ўзяць. У верхнія паверхі можна было трапіць толькі па вінтавой лесніцы, што было вельмі цяжка для нападаючых, бо ўсе дзверы былі ніжэй чалавечага росту; каб прайсці ў дзверы, трэба было нахіліцца, а чалавека ў такім стане вельмі лёгка ўдарыць па галаве, і абаронцы напэўна скарыстоўвалі гэта, пільнуючы ворага за кожнымі дзвярмі.

Пад круглым залам трэцяга паверха былі два такія самыя залы — у другім і першым паверхах — і яшчэ тры над ім. Шэсць пакояў былі размешчаны адзін на адным. Вежа заканчвалася плоскім дахам, на які вяла вузенькая, прылепленая знадворку лесніца.

Жалезныя дзверы між мастом і вежай былі зроблены ў сцяне вежы, акурат пасярэдзіне яе пятнаццаціфутавай таўшчыні, так што, калі яны былі зачыненыя, то знаходзіліся і з боку вежы і з боку маста ў глыбіні тунеля даўжынёю ў шэсць-сем футаў, а калі іх адчынялі, то гэтыя два тунелі злучаліся ў адзін, ствараючы вольны, але крыты праход.

Пад гэтым праходам, з боку маста, у сцяне быў патаемны ход на вінтавую лесніцу, якая спускалася з другога на першы паверх замка, які быў пад бібліятэкай, — яшчэ перашкода, якую павінны былі перамагчы нападаючыя. Замак з боку плато выступаў суцэльнай глухой сцяной, і мост тут абрываўся. З плато ён злучаўся пад'ёмным мастом, а паколькі плато было вышэй галоўнага маста, то, калі пад'ёмны мост апускалі, ён клаўся нахільна ў бок замка і ўпіраўся ніжнім канцом у ніжні паверх, дзе змяшчаўся зал кардэгардыі. Але, нават авалодаўшы ніжнім паверхам, нападаючыя, перш чым дабрацца да жалезных дзвярэй, павінны былі ўзяць вінтавую лесніцу, якая вяла на другі паверх.

Бібліятэка мела прадаўгаватую форму адпаведна даўжыні і шырыні маста з адзіным выхадам — праз жалезныя дзверы. Патаемныя дзверы, абабітыя зялёным сукном, лёгка адчыняліся ў тунель, які вёў, да жалезных дзвярэй. Усе сцены бібліятэкі, ад стала да падлогі, былі абстаўлены шклянымі шафамі мастацкай сталярнай работы XVII стагоддзя. Асвятлялася яна шасцю вялікімі вокнамі, па тры з кожнага боку, гэта значыць па аднаму акну над кожнай аркай маста. Знадворку, з плато, праз гэтыя вокны была відаць унутранасць пакоя.

У шафах бібліятэкі захоўвалася досыць многа кніг і сярод іх адна, якая была вядома ўсяму свету. Гэта быў старадаўні фаліянт у чвэртку вялікага аркуша з гравюрамі, пад загалоўкам «Святы Варфаламей». Гэты фаліянт, які лічыўся адзіным уцалелым экземплярам гэтага твору, ляжаў на высокай падстаўцы пасярод бібліятэкі. У мінулым стагоддзі сюды спецыяльна прыязджалі, каб глянуць на гэтую рэдкасць.

Падстрэшша, як і бібліятэка, мела прадаўгаватую форму маста. Усё гэта вялікае памяшканне, асветленае шасцю мансарднымі аконцамі, было напхана саломай і сенам.

Такім чынам, шырокая і высокая шасціпавярховая вежа з байніцамі, прабітымі на рознай вышыні, і з адзіным уваходам праз жалезныя дзверы, якія вялі ў замак на мосце, канец якога быў пад'ёмны; за вежай — лес; перад вежай — высокае парослае верасам плато, якое было вышэй маста і ніжэй вежы; пад мастом, паміж вежай і плато, — глыбокі вузкі, зарослы хмызняком роў, які ўзімку ператвараўся ў бурны паток, увесну рабіўся ручаінкай, а ўлетку быў камяністым ярам — вось што такое быў замак Говэнаў, Тур-Говэн, па-простаму Тург.

ЗАЛОЖНІКІ

Мінуў ліпень; пачаўся жнівень. Дух гераізму і бязлітаснай жорсткасці ахапіў Францыю. Дзве здані толькі што мільганулі на яе гарызонце. Марат з кінжалам у баку і Шарлота Кордэ з адсечанай галавой. Падзеі прымалі грозны характар. Пацярпеўшы паражэнне ў вялікай стратэгічнай вайне, Вандэя перайшла пад ахову малой партызанскай вайны, яшчэ больш жахлівай. Цяпер гэтая вайна ператварылася ў безупынную бойку паасобных атрадаў па лясах і кустах. Вялікая, так званая «каталіцкая і каралеўская» армія пачала цярпець няўдачы. Але, з другога боку, англійскі флот з гатовым дэсантам з некалькіх англійскіх палкоў і лепшых афіцэраў французакага флота чакаў толькі сігнала ад маркіза дэ-Лантэнака, каб высадзіць гэтыя палкі на французскі бераг. Гэтая высадка магла вярнуць перамогу паўстаўшым раялістам.

Піт быў дзяржаўны злачынца. Ён працінаў кінжалам нашу краіну і здраджваў сваёй, бо ганьбіць сваю бацькаўшчыну — значыць здраджваць ёй. Пры тым і дзякуючы яму Англія шпіёніла, махлявала, хлусіла. Яна не грэбавала фальшаваннем, уваходзіла ў змову з бракан'ерамі і падробнікамі асігнацый. Яна даходзіла да самых дробязных праяў сваёй нянавісці да нас. Становішча было крытычнае для абодвух бакоў. Вайна спынялася ў адным месцы і пачыналася ў другім. Нікога не шкадаваць! Палонных не браць! — такі быў лозунг абодвух бакоў. Чорны цень смерці пакрыў гэтую старонку гісторыі.

У гэтым багатым на падзеі жніўні быў абложаны замак Тург. Аднаго разу ўвечары, калі на небе ўжо запаліліся зоркі, у светлым змроку надыходзячай летняй ночы, калі не чуваць было ні шолаху лісця ў лесе, ні шастання травы на раўніне, сярод гэтай мёртвай цішы прыроды раптам пачуўся гук трубы. Ён ішоў зверху, з даха вежы. Знізу трубе адказаў ражок.

На вежы стаяў узброены чалавек; унізе, у цемры, раскінуўся цэлы лагер.

Унізе, вакол замка, можна было разгледзець, як капошацца цёмныя фігуры людзей. Гэты людскі мурашнік быў ваенным бівуакам. Сям-там, у лесе пад дрэвамі і на плато сярод верасу, ужо запальваліся агні, і цемната паступова напаўнялася светлымі кропкамі, нібы зямля таксама надумалася ўбрацца ў зоркі, як неба. Але то былі зоркі вайны. З боку плато бівак цягнуўся да пачатку раўніны, а з процілеглага боку паглыбляўся ў гушчар лесу.

Замак Тург быў абложаны з усіх бакоў.

Велічыня плошчы, занятай лагерам, сведчыла, што войска было нямала.

Другі раз пратрубіла труба, і другі раз адгукнуўся ражок. Труба пыталася, а ражок адказваў. Вежа спытала ў ворага: «Ці можна з вамі гаварыць?» І вораг адказаў: «Так».

Вандэйскія мяцежнікі не прызнаваліся за ваеннага ворага, і дэкрэтам Канвента забаранялася мець зносіны з «разбойнікамі» праз парламенцёраў. Таму для перагавораў з ворагам даводзілася вышукваць іншыя спосабы, як, напрыклад, гэтая размова паміж сялянскай трубой і ваенным ражком. Першы сігнал быў толькі ўступам, каб прыцягнуць увагу ворага. Другі ставіў пытанне: «Ці хочаце выслухаць нас?» Каб на гэты другі заклік трубы ражок не адказаў, гэта азначала-б адмаўленне; але ён адгукнуўся. Гэта была згода, або, што тое самае, перамір'е на некалькі мінут.

Калі ражок зайграў другі раз, чалавек на вежы загаварыў. Вось што пачулі ўнізе:

— Эй, вы, там, унізе! Слухайце, што я вам скажу. Я — Гуж-ле, Бруан. Шмат вашага брата я знішчыў, за гэта і празвалі мяне Страхам сініх. І яшчэ мяне завуць Іманус, бо я і надалей буду знішчаць вас без ніякай літасці. Пры Гранвіле, у часе атакі, вы шабляй адсеклі мне палец у той міг, калі я цэліўся са стрэльбы; у Лавалі вы гільятынавалі майго бацьку, маю маці і маю сястру Жакліну, якой было толькі восемнаццаць год… Цяпер вы ведаеце, хто я.

Я звяртаюся да вас ад імя мансен'ёра маркіза Говэна дэ-Лантэнака, віконта дэ-Фонтэнтэ, прынца брэтонскага, уладара Сямі Лясоў і майго гаспадара.

Ведайце, па-першае, што перад тым, як заперціся ў гэтай вежы, якую вы акружылі, мансен'ёр размеркаваў кіраванне ваеннымі дзеяннямі паміж шасцю начальнікамі, сваімі памочнікамі. Пасля ўзяцця гэтай цытадэлі вайна яшчэ не скончана для вас, і нават, калі мансен'ёр загіне ў бойцы, з яго смерцю не памрэ Вандэя пана бога і караля.

Усё гэта я кажу для папярэджання. Мансен'ёр маркіз тут, побач са мной: я перадаю яго словы… А цяпер, нападаючыя, слухайце далей.

Ведайце, што вайна, якую вы вядзеце супроць нас, вайна несправядлівая. Мы — мірны народ; мы жылі на сваёй зямлі і нікога не чапалі. Цяпер мы чэсна змагаемся за свае правы. Мы — людзі простыя, ва ўсім спадзяемся на бога: без бога мы ўсёроўна, што трава без расы. Рэспубліка першая напала на нас. Яна прышла да нас незапрошаная, уварвалася ў нашы сёлы, спаліла нашы дамы, нашы пасевы, разбурыла нашы фермы, і нашы жанкі і дзеці вымушаны былі бадзяцца басяком па лясах, калі яшчэ не пачыналі спяваць вясеннія птушкі.

Усе вы тут, усе, хто мяне чуе, вы нас цкавалі ў лесе, як дзікіх звяроў, а потым загналі ў гэтую вежу. Вы пазабівалі і паразганялі ўсіх, хто далучыўся да нас. У вас ёсць гарматы. Цяпер вас, абкружыўшых нас, чатыры тысячы пяцьсот чалавек, і вы нас атакуеце. А нас усяго дзевятнаццаць, і мы пастанавілі абараняцца. Харчы ў нас ёсць; ёсць і порах і патроны.

Вам удалося падвесці міну і ўзарваць частку сцяны ў нашай вежы. Вы можаце ўварвацца праз гэтую дзіру, хоць яна невялікая і хоць над ёй па-ранейшаму стаіць усё такая-ж моцная вежа.

Цяпер вы рыхтуецеся да прыступу. Мы-ж абвяшчаем вам наступнае…

Эй, вы, што стаіце ўнізе, ля падножжа вежы! Слухайце уважліва.

У нас у руках тры палоннікі — трое дзяцей. Гэтыя дзеці былі ўсыноўлены адным з вашых батальёнаў: гэта вашы дзеці. Мы прапануем аддаць вам усіх трох, але з умовай, што вы дасцё нам мажлівасць вольна выйсці з вежы.

Слухайце далей. Калі вы адмовіцеся ад нашай прапановы, вы можаце атакаваць нас толькі з двух бакоў: або праз пралом з боку лесу, або праз мост з боку плато. У маставым будынку тры паверхі. У ніжнім па майму загаду пастаўлена шэсць бочак з дзёгцем і раскладзена сто вязак з сухога верасу. Гэта такая самая праўда, як тое, што я, Іманус, гавару з вамі ў гэтую мінуту. Верхні паверх завалены саломай; у сярэднім захоўваюцца кнігі і дакументы. Жалезныя дзверы, што злучаюць вежу з мастом, замкнёны на замок, і ключ у мансен'ёра. Пад гэтымі дзвярмі, па майму-ж загаду, прасвідравалі дзірку і праз гэтую дзірку правялі кнот, насычаны серкай. Адзін канец кноту апушчаны ў бочку з дзёгцем, другі — тут, у вежы; ён будзе ў мяне пад рукой, і я магу падпаліць яго, як толькі палічу гэта патрэбным. Калі вы адмовіцеся выпусціць нас, мы пасадзім дзяцей у другім паверсе маставога замка, паміж бочкамі дзёгцю і падстрэшшам з саломай, і зачынім за імі жалезныя дзверы. Калі вы павядзеце атаку на мост, вы самі падпаліце замак; калі вы атакуеце праз пралом, то падпалім яго мы; калі-ж вы захочаце атакаваць нас адначасова з двух бакоў, мы спалім замак разам. Але ў кожным з гэтых трох выпадкаў дзеці загінуць. Цяпер вырашайце, ці прымаеце вы нашу прапанову ці адмаўляецеся. Калі прымаеце, мы зараз выйдзем. Калі адмаўляецеся, дзеці памруць… Я скончыў.

Чалавек, што гаварыў з вежы, змоўк. Яму адказаў знізу гучны голас:

— Мы адмаўляемся.

Голас быў суровы і рэзкі. Другі голас, менш суровы, але такі-ж цвёрды, дадаў:

— Мы даём вам дваццаць чатыры гадзіны на разважанне, але для здачы без жадных умоў.

Пасля некалькіх секунд маўчання той-жа голас дадаў:

— Заўтра ў гэтую-ж гадзіну, калі вы не здадзіцеся, мы пачынаем атаку.

— І тады ўжо не чакайце літасці, — скончыў першы голас.

У адказ на гэта пачуўся другі голас з вышыні вежы. Між двума яе зубцамі высунуўся высокі сілуэт чалавека, у якім пры святле зорак няцяжка было пазнаць фігуру маркіза дэ-Лантэнака. Перахіліўшыся наперад, нібы нешта выглядаючы ў цемры, ён крыкнуў:

— Гэта ты, поп?

— Так, гэта я, здраднік! — адказаў жорсткі голас знізу.

СТРАШНЫ, ЯК ЛЁС

Маркіз дэ-Лантэнак не памыліўся. Суровы, уладарны голас сапраўды належыў абату Сімурдэну. Другі-ж голас, больш малады і больш мяккі, быў голас Говэна.

Не прайшло і некалькіх тыдняў, як імя Сімурдэна прагрымела па ўсёй залітай крывёю краіне. Пра яго казалі: «Што ў Парыжы Марат, тое Сімурдэн у Вандэі». Сімурдэн наводзіў жах. Суровыя людзі — няшчасныя людзі: іх судзяць па ўчынках і асуджаюць, а каб заглянуць у іхнюю душу, то можа ўсе яны былі-б апраўданыя. Маркіз дэ-Лантэнак і абат Сімурдэн выклікалі аднолькавую нянавісць: праклёны раялістаў сыпаліся на Сімурдэна, праклёны рэспубліканцаў — на Лантэнака. У Гранавіле прыёр Марнскі ацэньваў галаву Лантэнака, а Шарэт у Нуармут'е назначаў узнагароду за галаву Сімурдэна.

Такім чынам, абложаны замак Тург атрымаў адтэрміноўку. Дзякуючы Говэну, было ўхвалена нешта накшталт перамір'я на дваццаць чатыры гадзіны.

Іманус быў добра інфармаваны: дзякуючы настойлівым патрабаванням Сімурдэна ад рэспублікачскай улады, Говэн меў цяпер чатыры тысячы пяцьсот чалавек, часткова салдат нацыянальнай гвардыі, часткова лінейных. З гэтымі сіламі ён і аблажыў замак Тург. У яго было дванаццаць гармат. Шэсць ён паставіў супроць вежы на ўскрайку лесу і шэсць — на плато супроць маста. Апрача таго, ён меў мажлівасць падвесці і ўзарваць міну і зрабіць такім чынам пралом у сцяне вежы.

На плато і на ўскрайку лесу — чатыры тысячы пяцьсот чалавек. У вежы — дзевятнаццаць чалавек.

Сімурдэну хацелася, каб Говэн, як камандуючы чатырохтысячным атрадам, гэта значыць бадай што цэлай арміяй, быў павышаны ў генералы, але Говэн адхіліў гэты гонар, сказаўшы: «Калі Лантэнак будзе ўзяты, тады паглядзім, а пакуль я яшчэ нічога не заслужыў».

У тыя часы камандаванне значнымі сіламі часта ўскладалася на афіцэраў невялікага чыну: гэта было ў характары Рэспублікі. Так, трохі пазней, Банапарт, просты артылерыйскі капітан, быў камандуючым італьянскай арміяй.

Дзіўны лёс выдаўся на долю замка Говэнаў: адзін Говэн на яго нападаў, другі яго абараняў. І тым, што за яго ваявалі між сабой два Говэны, тлумачыцца некаторая стрыманасць нападу, але не абароны, бо Лантэнак быў з тых людзей, якія нічога не шкадуюць; да таго-ж ён бадай усё сваё жыццё правёў у Версалі; ён мала ведаў замак Тург і адносіўся да яго абыякава. Ён схаваўся ў гэтым замку таму, што іншага прытулку не знайшлося бліжэй, — вось і ўсё. Але ён мог-бы разбурыць замак без ніякага жалю. Говэн ставіўся да старога замка з большай павагай.

Слабым месцам цытадэлі быў мост, але ў бібліятэцы на мосце захоўваліся сямейныя архівы. Каб пачалі атаку з боку маста, то пажар быў-бы нёмінучы, а спаліць сямейныя архівы азначала абразіць сваіх продкаў — так, прынамсі, здавалася Говэну. Тург быў родавым замкам Говэнаў. З ім былі звязаны ўсе сямейныя ўспаміны Говэнаў; ён сам тут нарадзіўся! І вось, зрабіўшыся дарослым чалавекам, ён вымушаны нападаць на гэтыя сцены, у якіх дзіцянём ён знаходзіў прытулак і абарону. Няўжо-ж ён сам зруйнуе гэты прытулак? Можа ў гэтым доме дзе-небудзь на гары яшчэ стаіць яго ўласная калыска, у якой ён спаў, калі быў дзіцём. Ёсць рэчы, пра якія нельга думаць без хвалявання.

Выгляд старога дома, дома яго прадзедаў, расчуліў Говэна. Вось чаму ён не хацеў чапаць маста і абмежаваўся тым, што паставіў супроць яго батарэю, каб не даць магчымасці ўцячы ці вылезці з гэтага боку. Для атакі-ж ён выбраў процілеглы бок і падвёў пад вежу міну.

Сімурдэн даў яму волю рабіць, як ён хоча, хоць і папракаў сябе за гэта, бо яго суровая душа не надавала ніякай каштоўнасці ўсёй гэтай гатычнай старыне, і ён таксама мала быў прыхільны да будынкаў, як і да людзей. Шкадаваць замак — гэта ўжо быў пачатак мяккасардэчнай палітыкі. А схільнасць да такой палітыкі была слабым месцам Говэна, і Сімурдэн пільна сачыў за ім, стараючыся па мажлівасці стрымліваць яго на гэтым пагібельным, на яго думку, шляху. А між тым і сам ён не мог без жалю глядзець на стары замак і за гэта крыўдзіўся на сябе.

Тут захоўваліся першыя кнігі, якія ён даваў чытаць маленькаму Говэну. Ён, скромны кюрэ суседняй парафіі Парын'е, сам не адзін год пражыў пад дахам гэтага замка. У гэтай самай бібліятэцы ён вучыў чытаць Говэна, трымаючы яго між кален і абняўшы рукою за плечы. У гэтых старых чатырох сценах ён сачыў дзень у дзень, як рос яго хлопчык, як ён рабіўся дарослым чалавекам, як развіваўся яго розум. Няўжо ў яго хопіць духу спаліць, разбурыць, знішчыць гэтыя сцены? І ён гатоў быў — хоць і супроць свайго сумлення — пашкадаваць стары замак.

Ён не пярэчыў Говэну, калі той пастанавіў распачаць атаку з процілеглага боку. Замак Тург меў два бакі: цывілізаваны — бібліятэка і дзікі — вежа. Сімурдэн пусціў Говэна руйнаваць дзікі бок.

РЫХТУЕЦЦА ВЫРАТАВАННЕ

Усю ноч рыхтаваліся з таго і другога боку. Як толькі скончыліся перагаворы, якія ні да чаго не прывялі, Говэн паслаў па свайго ад'ютанта Гешана.

Гэта быў чалавек звычайны, чэсны, адважны, не надта вялікага розуму, надзвычайна добры салдат і дрэнны камандзір.

Ён строга выконваў загады начальства і даходзіў у сваёй стараннасці да таго, што не лічыў патрэбным уваходзіць у сэнс атрыманых загадаў. Яго сардэчныя імкненні стрымліваліся моцнай вуздой дысцыпліны. Як пужлівы конь у шорах, ён ішоў прама наперад, нічога не бачачы па баках, ішоў цвёрдым крокам, але па вузкім шляху.

Наогул гэта быў чалавек надзейны, строгі і дысцыплінаваны.

Як толькі ён прышоў, Говэн сказаў яму без усякіх прадмоў:

— Гешан, патрэбна лесніца.

— У нас няма лесніцы, камандзір.

— Трэба дастаць.

— Для штурму?

— Не, на выпадак пажару, каб ратаваць людзей.

Гешан падумаў і сказаў:

— Разумею. Значыцца, лесніца павінна быць вельмі высокай.

— Прынамсі на тры звычайныя паверхі. Можа нават вышэй, каб быць зусім упэўненым, што яна дастане… Скажыце, Гешан, як гэта здарылася, што ў нас няма лесніцы?

— Гэта не мая віна, камандзір. Вы палічылі нязручным весці атаку з боку плато; вы абмежаваліся блакадай з гэтага боку; атакаваць-жа вы пастанавілі вежу. Таму мы заняліся выключна падкопам і зусім не думалі пра штурм мастовага замка. Вось чаму і не паклапаціліся аб лесніцы.

— Ну, тады зараз-жа загадайце зрабіць яе.

— Лесніцу вышынёй у тры паверхі не зрабіць за адзін дзень.

— Вазьміце некалькі кароткіх лесніц і злучыце іх у адну.

— Так, але для гэтага трэба мець кароткія лесніцы.

— Дастаньце.

— Гэта не так лёгка. Вы самі ведаеце, як варожа ставіцца да нас насельніцтва, як сяляне псуюць масты, разбіваюць павозкі, знішчаюць усё, што толькі можна, каб нічога не дасталося нам.

— Так, яны думаюць такім спосабам знясіліць Рэспубліку — ведаю.

— Яны хочуць перашкодзіць нам цягнуць за сабой абоз, пераходзіць праз раку, браць штурмам сцяну.

— Як-бы там ні было, а лесніца неабходна.

— Вось што прышло мне ў галаву, камандзір. У Жавенэ, пад Фужэрам, ёсць вялікая цяслярская майстэрня: можна там заказаць.

— Нельга траціць ні мінуты.

— Калі патрэбна лесніца?

— Заўтра ў гэты час, ніяк не пазней.

— Я пашлю ў Жавенэ конніка з загадам зрабіць лесніцу на заўтрашні дзень. Дарэчы, у Жавенэ стаіць кавалерыйскі атрад: яны даставяць нам лесніцу пад аховай. Заўтра да захаду сонца яна будзе тут.

— Добра, гэта будзе не позна, — сказаў Говэн. — Толькі паспяшайцеся. Ідзіце.

Праз дзесяць мінут Гешан вярнуўся і далажыў:

— Камандзір, пасланец паскакаў у Жавенэ.

Говэн падняўся на плато і доўга глядзеў на замак, які ўзвышаўся за ровам.

Ён зрабіў усё, каб з замка нельга было ўцячы. Ён яшчэ больш звузіў кола блакады, яшчэ больш сціснуў шэрагі сваіх батальёнаў, каб ніводзін чалавек не мог прабрацца скрозь іх. Яны з Сімурдэнам падзялілі між сабой работу ў надыходзячым штурме. Говэн пакінуў за сабой кіраўніцтва атакай з боку лесу, а Сімурдэн прыняў камандаванне войскам, якое было на плато. Было дагаворана, што ў той час, калі Говэн з Гешанам пачнуць атаку праз пралом, Сімурдэн, стоячы каля шасці зараджаных гармат сваёй батарэі, будзе сачыць за мастом і за ровам.

ШТО РОБІЦЬ МАРКІЗ

Пакуль вакол вежы ішла падрыхтоўка да нападу, у сярэдзіне рыхтаваліся да абароны.

Кожная вежа падобна да бочкі ў тым сэнсе, што яе можна іншы раз таксама прабіць мінай, як бочку праткнуць шылам. Гэта і здарылася з вежай Тург.

Моцны ўдар ад узрыву двух ці трох цэнтнераў пораху раскалоў яе тоўстую сцяну. Расколіна пачыналася з фундамента, праразала ўсю тоўшчу сцяны і заканчвалася бясформеным зводам у ніжнім паверсе. Каб зрабіць гэтую расколіну больш зручнай для штурму, знадворку пашырылі яе яшчэ гарматнымі ядрамі.

Ніжні паверх, прабіты выбухам, складаўся з вялікага круглага зала з тоўстым слупом пасярэдзіне, які падтрымліваў скляпенне. Гэты зал — самы вялікі пакой ва ўсёй вежы, не менш сарака футаў у дыяметры, — быў зусім пусты. У ім не было байніц, ні акон, ні адтулін і было столькі-ж святла і паветра, колькі ў магіле. У ім было двое дзвярэй: адны, з суцэльнага жалеза вялі ў падземную цямніцу, другія вялі на лесніцу, нагару.

У гэты зал з нізкай столлю і меркавалі пранікнуць нападаючыя праз прабітую імі дзіру. Але з заняццем ніжняга паверха атака далёка не канчалася: заставалася яшчэ ўзяць пяць верхніх паверхаў.

Перад дзевятнаццацю абложанымі паўстала цяпер пытанне: як абараняцца? Яны прымацавалі да сцяны факел і асвятлілі ніжні зал. Заткнуць шчыліну ў сцяне было няцяжка, але бескарысна. Значна лепш было зрабіць нешта накшталт барыкады, якая дала-б магчымасць накіраваць на нападаючых агонь. Матэрыялаў у іх было досыць, і яны пабудавалі моцную барыкаду, пакінуўшы ў ёй шчыліны, каб прасоўваць стрэльбы. Апрача таго, у пэўных месцах залажылі фугасы.

Лантэнак асабіста кіраваў усёй падрыхтоўкай: загадваў, распараджаўся, падбадзёрваў. Ён быў душой усіх работ, душой уладарнай і грознай.

Забарыкадавалі ніжнія два паверхі, закалацілі наглуха нішы, падперлі дзверы тоўстымі бярвеннямі, увагнаўшы іх у падлогу, і пакінулі вольным толькі праход па вінтавой лесніцы, якая злучала ўсе паверхі, бо зачыніць гэты праход для нападаючых азначала-б зачыніць і для сябе. Абарона ўмацаванняў заўсёды мае слабыя месцы.

Маркіз, спрытны і дужы, як юнак, працаваў разам з усімі: падымаў бярвенні, цягаў каменні, даючы ўсім прыклад нястомнай энергіі; жартаваў, як роўны з роўнымі, з гэтай лютай бандай дзікуноў, застаючыся ў той-жа час іхнім панам, гордым, уладарным і грозным. Нельга было і думаць не паслухацца яго. Ён абвясціў з самага пачатку: «Калі палова з вас не паслухае, я загадаю другой палове расстраляць непакорных да апошняга чалавека і буду абараняць замак з рэштаю людзей». Такія заявы прымушалі любіць правадыра.

ШТО РОБІЦЬ ІМАНУС

У той час як маркіз працаваў над умацаваннем пралому і вежы, Іманус быў заняты на мосце. З самага пачатку аблогі выратоўчую лесніцу, што вісела знадворку пад вокнамі другога паверха, па загаду маркіза знялі і перанеслі ў бібліятэку. Такая лесніца і патрэбна была Говэну.

Вокны ніжняга паверха, дзе змяшчалася кардэгардыя, былі абаронены трыма радамі жалезных прэнтаў, увагнаных у каменную сцяну, так што праз гэтыя вокны не было ніякай мажлівасці ні выйсці, ні ўвайсці. На вокнах бібліятэкі не было кратаў, але яны знаходзіліся надта высока над зямлёй.

Іманус узяў сабе ў памочнікі трох чалавек, такіх-жа, як ён сам, рашучых і здольных на ўсё. Гэта былі: Гуанар, па прозвішчу Залатая Галінка, і два браты. Пік-ан-Буа. У Гуанара рэспубліканцы забілі брата, і ён не ўступаў па лютасці Іманусу, ахоплены адным жаданнем адпомсціць.

Іманус пры святле патаемнага ліхтара адамкнуў жалезныя дзверы і старанна агледзеў усе тры паверхі мастовага замка. Пераканаўшыся, што верхні паверх дастаткова напханы саломай і сенам, ён перайшоў у ніжні. Ён загадаў прынесці некалькі гаршкоў з вугаллем, панастаўляў іх каля бочак з дзёгцем, расклаў па ўсёй падлозе вязкі з сухога верасу, агледзеў насычаны серкай кнот, адзін канец якога быў прапушчаны ў вежу пад жалезнымі дзвярыма, і, пераканаўшыся, што кнот у спраўнасці, апусціў другі яго канец у лужыну дзёгцю, якога наўмысля наліў пад бочкі і пад вязкі верасу. Потым ён загадаў асцярожна перанесці ў бібліятэку маленькія ложкі, у якіх спала трое дзяцей. Усе тры — Рэне-Жан, Гро-Алэн і Жоржэта — спалі такім глыбокім сном, што ніводзін з іх не прачнуўся.

Ложкі іх былі простыя вясковыя калыскі, гэта значыць плеценыя кашы з вельмі нізкімі сценкамі. Іх ставяць проста на падлогу, каб дзіця без нічыёй дапамогі магло сыходзіць з пасцелі. Каля кожнай калыскі паставілі па вялікай місцы з супам і палажылі па драўлянай лыжцы. Знятая з крукоў выратоўчая лесніца была прыстаўлена да сцяны, а тры ложкі размясцілі ўдоўж другой сцяны, супроць лесніцы. Затым Іманус, каб даць магчымасць ветру раздзьмуць агонь, уласнымі рукамі адчыніў насцеж усе шэсць вокнаў бібліятэкі, а двух братоў Пік-ан-Буа паслаў адчыніць вокны ў ніжнім і верхнім паверхах. Была ясная і цёплая летняя ноч.

Увесь усходні бок маста і ўвесь усходні фасад замка былі зверху данізу пакрыты старым, засохлым, пацямнелым плюшчам, які аблямаваў вокны ўсіх трох паверхаў. Іманус звярнуў увагу на гэты плюшч і падумаў: «Гэта спатрэбіцца», пасля чаго яшчэ раз уважліва агледзеў замак і мост, гукнуў сваіх памочнікаў, і ўсе чацвёра перайшлі ў вежу. Іманус зноў замкнуў на два павароты ключа тоўстыя важкія дзверы, яшчэ раз агледзеў цяжкі замок і з выразным задавальненнем зірнуў на сваю вынаходку — насычаны серкай і працягнуты пад жалезнымі дзвярмі шнур, які ад гэтай хвіліны служыў адзіным злучальным звяном паміж вежай і мастом. Іманус разлічыў, што ад той мінуты, як у вежы запаляць кнот, пройдзе каля чвэрці гадзіны, пакуль загарыцца дзёгаць пад бібліятэкай. Скончыўшы ўсю гэтую падрыхтоўку і вышаўшы з замка, ён занёс ключ маркізу, і той палажыў яго ў кішэню.

Трэба было сачыць за ўсімі рухамі нападаючых. Іманус, са сваёй пастушшай трубой за поясам, падняўся на вышку вежы і пачаў пільнаваць, пазіраючы то направа, у бок лесу, то налева, у бок плато. Побач з ім, у амбразуры акенца вышкі, ляжала парахоўніца, палатняны мяшок з кулямі і старыя газеты; каб не траціць часу, ён рабіў з іх патроны.

Раніцою ўзышоўшае сонца асвятліла на ўскрайку лесу восем батальёнаў, узброеных ад галавы да ног, гатовых да бою салдат, на плато — батарэю з шасці гармат з поўнымі артылерыйскімі зараднымі скрынкамі, у вежы — дзевятнаццаць чалавек, якія зраджалі стрэльбы, мушкетоны і пісталеты, а ў бібліятэцы, у калысках, — трох спячых дзяцей.

ШТО РОБЯЦЬ ДЗЕЦІ

І

Першаю абудзілася дзяўчынка.

Жоржэта, малодшая з трох (ёй споўнілася год і восем месяцаў), прыўзняла з падушкі галоўку, уселася ў пасцелі, паглядзела на свае ножкі і пачала балбатаць. Сонечны прамень гуляў у яе калысцы, і цяжка было сказаць, што больш ружовае — ці прамень узыходзячага сонца, ці ножкі Жоржэты.

Астатнія два яшчэ спалі: мужчыны любяць паспаць. А Жоржэта, вясёлая і спакойная, балбатала ды балбатала.

У Рэне-Жана валасы былі цёмныя, у Гро-Алэна — каштанавыя, у Жоржэты — светларусыя. У дзяцей з гадамі валасы часта цямнеюць. Рэне-Жан спаў на жываце, уткнуўшыся тварам у свае кулачкі. У Гро-Алэна ногі звесіліся за край каша.

Усе тры былі ў лахманах. Сукенкі, што атрымалі яны ў падарунак ад батальёна «Чырвонай Шапкі», даўно знасіліся. Тое рыззё, у якое яны былі адзетыя, нельга было назваць нават сарочкамі. Абодва хлопчыкі былі амаль голыя, а на Жоржэце матлялася анучка, якая калісьці была спадніцай, а цяпер ператварылася ў бахраму. Ды і каму было клапаціцца аб гэтых дзецях? У іх не было маткі. Дзікуны-сяляне, што цягалі іх за сабой па лясах і палях, пераходзячы ад бойкі да бойкі, вылучалі ім ежу ад сваіх порцый, — вось і ўвесь клопат. Рэбяты спраўляліся, як умелі. Кожны мог імі распараджацца, і ніхто не быў для іх бацькам. Яны хадзілі ў лахманах, але на дзіцяці і лахманы ззяюць. Дзеці былі прывабныя.

У тым, што лапатала Жоржэта, відаць, не было нічога сумнага, бо ўвесь яе мілы тварык свяціўся ўсмешкай. Усміхаўся яе раток, усміхаліся вочкі, усміхаліся ямкі на шчочках.

Зачынаўся цудоўны летні дзень. Неба было блакітнае, у паветры было цёпла.

Следам за Жоржэтай прачнуўся старэйшы, Рэне-Жан, чатырохгадовы, «вялікі чалавек». Ён усхапіўся на ногі, храбра пераступіў праз край каша, убачыў міску з супам, узяў яе, як належыць, усеўся на падлогу і пачаў есці.

Шчабятанне Жоржэты не разбудзіла Гро-Алэна, але, як толькі драўляная лыжка Рэне-Жана застукала аб міску, ён адразу павярнуўся на бок і расплюшчыў вочы. Гро-Алэну было тры гады. Убачыўшы свой суп, ён, не вылазячы з каша, працягнуў руку, узяў міску, паставіў яе сабе на калені і, заціснуўшы ў кулачок лыжку, таксама ўзяўся есці.

Жоржэта нічога не заўважала.

З'еўшы свой суп, Рэне-Жан выскраб лыжкай дно міскі, уздыхнуў і сказаў з салідным выглядам:

— З'еў увесь суп.

Гэта парушыла задумлівасць Жоржэты.

— Супуп, — паўтарыла яна і, убачыўшы, што Рэне-Жан ужо скончыў снеданне, а Гро-Алэн снедае, таксама ўзяла свой суп і пачала есці, куды часцей падносячы лыжку да вуха, як да рота.

Часамі яна пачынала есці пальцамі.



Жоржэта весела ўсміхалася.

Гро-Алэн, па прыкладу старэйшага брата, выскраб міску лыжкай, і пасля таго яны абодва пачалі бегаць па пакоі.

II

Раптам энадворку, знізу, з боку лесу, данёсся гук ражка — строгі і ўладарны. У адказ на гэта зверху, з вышкі вежы, адгукнулася труба. На гэты раз ражок пытаўся, а труба адказвала.

Другі раз зайграў ражок, і другі раз адгукнулася труба.

Затым знізу, ад ускрайку лесу, данёсся далёкі, але выразна чутны голас:

— Разбойнікі! Здавайцеся! Калі да захаду сонца вы не здадзіцеся без усякіх умоў, мы распачнем штурм.

Другі голас, больш падобны на рэў дзікага звера, як на голас чалавека, адказаў з вышкі вежы:

— Штурмуйце!

На гэта першы голас пракрычаў знізу:

— За поўгадзіны да пачатку штурму мы стрэльнем з гарматы; гэта будзе апошнім папярэджаннем.

І зверху паўтарылі:

— Штурмуйце!

Чалавечыя галасы не даходзілі да дзяцей, але ражок і трубы былі ім чутны. Пры першым гуку ражка Жоржэта спыніла яду і выцягнула шыйку.

Калі затрубіла труба, яна палажыла лыжку. Пры другім гуку ражка яна падняла свой пальчык і пачала размахваць ім у такт гукам, а калі ражок і труба сціхлі, яна задумалася з паднятым пальчыкам і ціха прамармытала:

— Мізіка.

Відаць, яна хацела сказаць: музыка.

Двое старэйшых не звярнулі ўвагі на перагаворы трубы і ражка: яны былі захоплены іншай справай — назіраннем за макрыцай, якая паўзла па падлозе. Гро-Алэн першы ўбачыў яе і закрычаў:

— Звярок!

Рэне-Жан падбег да яго. Гро-Алэн спытаўся:

— Ён кусаецца?

— Не забівай яго, — сказаў Рэне-Жан.

І абодва пачалі разглядаць выпадковую госцю.

Між тым Жоржэта скончыла свой суп і азіралася навакол, шукаючы вачыма брацікаў. Хлопчыкі сядзелі на карачках у амбразуры акна, нахіліўшыся з сурёзным тварам да макрыцы і ледзь не стукаючы ілбамі. Яны стараліся не дыхаць, каб не спудзіць «звярка», які спыніўся і замёр на месцы.

Жоржэта, убачыўшы, што яе браты нешта разглядаюць, пажадала азнаёміцца, што гэта такое. Ёй нялёгка было дабрацца да іх, тым не менш яна адважылася на гэтае падарожжа. Дарога была трудная. На падлозе валялася шмат рэчаў: тут перакуленая табурэтка, там кіпа паперы, далей — расчыненыя пустыя скрынкі ад кніг; нейкія кошыкі, кучы ўсялякіх прадметаў, якія трэба было абмінаць.

Жоржэта смела пусцілася ў дарогу. Перш за ўсё трэба было вылезці з ложка — гэта таксама работа нялёгкая. Потым яна паплыла між рыфаў, з цяжкасцю прабіваючыся ў вузкіх пралівах, адштурхнула па дарозе табурэтку, прапаўзла між двума скрынямі, пералезла праз тоўсты звязак паперы, ускарабкаўшыся наверх з аднаго боку, перакуліўшыся з другога і пры гэтым шчыра паказаўшы голенькую ніжнюю частку свайго ружовага цельца, пасля чаго выбралася, нарэшце, у адкрытае мора, гэта значыць у другую палавіну пакоя, дзе падлога не была загружана і дзе ёй не пагражалі ніякія небяспекі. Тут яна смела рушыла далей, са шпаркасцю кацяняці перайшла на чатырох усю вольную прастору падлогі і шчасліва дабралася да акна. Але тут яе чакала сур'ёзная перашкода: удоўж сцяны цягнулася даўгая лесніца. Жоржэта спынілася, падумала і вырашыла: моцна ўчапіўшыся сваімі ружовымі пальчыкамі за адну з перакладзін лесніцы (лесніца ляжала бокам, так што перакладзіна стаяла прама), яна паспрабавала было падняцца, але ўпала; паспрабавала яшчэ раз — і зноў упала. На трэцім разе ёй удалося ўстаць. Тады, замацаваўшыся на ножках і выпрастаўшыся, яна пачала прабірацца ўдоўж лесніцы, перабіраючы перакладзіны абодвума рукамі. Дайшоўшы да канца, яна страціла пункт апоры і пахіснулася, але паспела ўчапіцца за апошнюю перакладзіну, зноў выпрамілася, глянула на Рэне-Жана, на Гро-Алэна і засмяялася.

III

У гэтую мінуту Рэне-Жан, задаволены вынікамі сваіх назіранняў над макрыцай, падняў галаву ісказаў:

— Гэта самка.

Убачыўшы, што Жоржэта смяецца, ён таксама засмяяўся, а за ім засмяяўся і Гро-Алэн.

Падарожжа Жоржэты было скончана. Яна падсела да брацікаў, дапоўніўшы сабой маленькі гурток вучоных натуралістаў. А тым часам макрыца знікла. Яна скарыстала смех Жоржэты і зашылася ў шчыліну між дошак падлогі.

Тут адбыліся новыя цікавыя падзеі. Па-першае, з'явіліся ластаўкі. Мабыць у іх было гняздо пад страхой. Устрывожаныя блізкасцю траіх дзяцей і баючыся за сваіх птушанят, яны з гучным шчэбетам лёталі каля самага акна, робячы шырокія кругі ў паветры. Пачуўшы іх трывожны крык, рэбяты паднялі галовы; макрыца была забытая. Жоржэта паказала пальчыкам на ластавак і закрычала:

— Пускі!

Рэне-Жан строга паправіў яе:

— Ах, ты, дзяўчынка! Не пускі, а птушкі!

— Птускі, — паўтарыла Жоржэта.

І ўсе трое пачалі глядзець на ластавак.

Праз мінуту ў акно заляцела пчала, — прыляцела шумна, з гучным зыкам, нібы кажучы: «Лячу, лячу! Пагасціла ў кветак, цяпер прыляцела наведаць дзетак. Ну, што вы тут робіце, малышы?»

Пчала — добрая гаспадыня: яна пяе за работай, а часам і бурчыць. Уся тройка рэбят сачыла за пчалой, не адводзячы, вачэй. Пчала абляцела ўсю бібліятэку, зазірнула ва ўсе закавулкі. Яна, відаць, адчувала сябе, як дома, у сваім уласным вуллі.

Трапечучы крылкамі і меладычна зумкаючы, яна бадзялася ад шафы да шафы, пазіраючы праз шкло на загалаўкі кніг, нібы ўмела чытаць. Скончыўшы свой агляд, яна паляцела.

— Дамоў пайшла, — сказаў Рэне-Жан.

— Гэта таксама звярок, — сказаў Гро-Алэн.

— Не, — адказаў Рэне-Жан, — гэта муха.

— Муха, — паўтарыла Жоржэта.

Пасля таго Гро-Алэн, знайшоўшы на падлозе вяровачку з вузялком на канцы, узяў яе двума пальцамі і пачаў круціць вакол сябе і з глыбокай увагай сачыць, як яна апісвае кругі. Жоржэта, якая зноў ператварылася ў чатырохногую істоту, адправілася ў падарожжа па падлозе і ў сваю чаргу зрабіла адкрыцце: знайшла старое крэсла з трухлявай абіўкай і вылезшым з дзір конскім воласам. Стоячы ля гэтага крэсла, яна старанна калупала пальчыкам дзіры і выцягвала з іх волас. Раптам яна падняла пальчык, што азначала: «Слухайце».

Абодва хлопчыкі абярнуліся.

Знадворку чуўся прыглушаны адлегласцю грукат. Мабыць, каля лесу, у лагеры нападаючых, адбываліся нейкія ваенныя манеўры: чутны былі сігналы, конскае іржанне, бой барабанаў, стук зарадных скрынак, бразганне ланцугоў. Дзеці слухалі, як зачараваныя.

IV

Шум спыніўся, але Рэне-Жан стаяў нерухома, пра нешта думаючы.

— Мама, — прашаптаў ён.

— Мама, — паўтарыў Гро-Алэн.

— Мама, — прамовіла Жоржэта.

Пасля гэтага Рэне-Жан пачаў скакаць па пакоі. За ім пачаў скакаць і Гро-Алэн.

Гро-Алэн пераймаў кожны рух Рэне-Жана; Жоржэта была больш самастойная. Трохгодкі заўсёды пераймаюць чатырохгодкаў, але ў паўтара гады людзі захоўваюць сваю самастойнасць.

Жоржэта сядзела, зрэдку вымаўляючы словы. Але прыклад заразлівы. Вясёлая беганіна хлопчыкаў спа- кусіла Жоржэту. Скончылася тым, што яна, як магла, паследавала іх прыкладу; і тры пары маленькіх ножак затупалі па пыльным дубовым паркеце.

Жоржэта толькі пачынала хадзіць і больш падала, як хадзіла; таму, ганяючыся за братамі, яна лічыла за лепшае бегаць на чатырох.

Раптам Рэне-Жан, падбегшы да акна, схаваўся за рог амбразуры. Ён убачыў, што знадворку на яго нехта глядзіць. Гэта быў салдат з лагера сініх на плато. Карыстаючыся перамір'ем і да некаторай ступені парушаючы яго, ён рызыкнуў падыйсці да самага берага абрыва над ровам, адкуль была відаць сярэдзіна бібліятэкі. Бачачы, што Рэне-Жан чагосьці спалохаўся і хаваецца, Гро-Алэн таксама схаваўся і прыціснуўся да яго. Тады схавалася, учапіўшыся за хлопчыкаў, і Жоржэта. Усе тры прыціхлі, застыгшы на месцы; Жоржэта нават прылажыла пальчык да губ. Праз некалькі мінут Рэне-Жан адважыўся высунуць галаву і глянуць у акно: салдат стаяў на тым-жа месцы. Рэне-Жан хуценька нагнуў галаву. Спалоханыя дзеці баяліся і дыхаць. Так цягнулася досыць доўга. Нарэшце страх надакучыў Жоржэце; яна расхрабрылася і глянула ў акно. Салдата не было. Тады рэбяты зноў пачалі бегаць.

У Гро-Алэна была свая спецыяльнасць — знаходкі. Яго брацік і сястрычка са дзіўленнем убачылі раптам, што ён, як шалёны, носіцца вакол пакоя і цягне за сабой цацку-калясачку на чатырох колах, якую ён недзе выкапаў. Гэтая калясачка, усімі забытая, шмат гадоў валялася ў пылу. Можа яшчэ Говэн гуляў з гэтай калясачкай, калі быў дзіцем.

Гро-Алэн зрабіў са сваёй вяровачкі пугу і пляскаў ёю, адчуваючы сваю перавагу.

Рэне-Жан абвясціў, што ён запражэцца ў павозачку, а Жоржэта пажадала пакатацца ў ёй. Яна сама ўлезла і ўселася ў ёй. Рэне-Жан быў канём, а Гро-Алэн — кучарам. Але тут выявілася, што кучар не ўмее паганяць, і конь пачаў вучыць яго:

— Крычы: «Но!» — скамандаваў Рэне-Жан.

— Но! — паўтарыў Гро-Алэн.

Вазок перакуліўся. Жоржэта вывалілася, ударылася і закрычала. Ёй вельмі хацелася паплакаць, але Рэне-Жан сказаў ёй:

— Годзе, ты-ж вялікая.

— Вялікая, — паўтарыла Жоржэта, і гэта яе супакоіла.

Пад вокнамі бібліятэкі знадворку быў вельмі шырокі карніз. Ветрам нанесла на яго шмат пылу. Дажджы ператварылі гэты пыл у досыць тоўсты пласт зямлі, вецер прынёс сюды насенне. Зернятка аднаго вельмі жывучага віду цярноўніка скарыстала гатовую градку і пусціла парасткі. Праз год вырас цэлы куст. Быў жнівень месяц, куст быў пакрыты ягадамі; адна галінка забралася ў акно бібліятэкі і спускалася да самай падлогі.

Гро-Алэн, які знайшоў калясачку і вяровачку, першы звярнуў увагу і на гэтую галінку. Ён сарваў адну ягадзіну і з'еў.

— І я хачу, — заявіў Рэне-Жан.

Пачуўшы гэта, з другога кута пакоя да іх прыімчалася Жоржэта, скарыстаўшы спрошчаны, але найбольш хуткі спосаб — на каленках і на руках. Утрох яны абабралі ўсю галінку і з'елі ўсе ягады.

Многа тут было смеху і весялосці. Усе тры перапэцкаліся чырвоным сокам ад ягад.

То адзін, то другі калоў сабе пальцы аб калючкі: дарма нішто не даецца. Жоржэта працягнула Рэне- Жану свой пальчык з выступіўшай на ім капелькай крыві і, паказваючы на калючку, сказала:

— Кусаецца.

Гро-Алэн, які таксама пакалоўся, глянуў на калючку, надзьмуў губы і дадаў:

— Яна жывая і злая.

— Не, яна не жывая, — адказаў Рэне-Жан, — гэта палка.

— Злая палка, — сказаў тады Гро-Алэн.

Жоржэта і гэты раз хацела заплакаць, але яна засмяялася.

V

Між тым Рэне-Жан, можа ад зайздрасці да свайго малодшага брата, задумаў шырокі праект. Яшчэ ў той час, калі ён абрываў з галінкі ягады, колючы сабе пальцы, яго вочы звярталіся да аналоя, які, нібы манумент, узвышаўся сярод бібліятэкі. На гэтым аналоі ляжала славутая кніга: «Жыццё святога Варфаламея».

Гэта была сапраўды дасканалая, рэдкая кніга. Яна была выдана ў Кёльне славутым выдаўцам бібліі 1682 года Блёвам, або Цэзіусам. Надрукована яна была не на галандскай, а на выдатнейшай шоўкавай арабскай паперы, якая ніколі не траціць свайго белага колеру. Пераплёт быў у залочаным саф'яне, засцежкі срэбныя. Чыстыя аркушы ў пачатку і ў канцы кнігі былі з самага лепшага пергамента. У кнізе было шмат гравюр на дрэве і на медзі і геаграфічныя карты розных краін.

Кніга была вельмі прыгожая, таму, Рэне-Жан і глядзеў на яе можа нават з занадта вялікай цікавасцю. Яна была разгорнута на вялікай гравюры, паказваючай святога Варфаламея. Гравюра відаць была з падлогі, бо кніга ляжала нахіленай. Калі ўсе ягады былі з'едзеныя, Рэне-Жан зірнуў на яе такім прагным поглядам, што кніга ўздрыганулася-б ад жаху, каб магла разумець. Жоржэта таксама заўважыла гравюру і сказала:

— Малюнак.

Гэтае слова, відаць, прымусіла Рэне-Жана дзейнічаць. І тут, на вялікае здзіўленне Гро-Алэна, ён зрабіў нешта незвычайнае. У куце бібліятэкі стаяла важкае дубовае крэсла. Рэне-Жан накіраваўся да яго цвёрдым крскам і адзін выцягнуў яго на сярэдзіну пакоя. Потым шчыльна прысунуў яго да аналоя, узлез на яго



За святым Варфаламеем пайшлі ўсе іншыя партрэты.

і рашучым рухам палажыў на кнігу абодва свае кулакі.

Дабраўшыся да сваёй мэты, ён узяў малюнак за верхні рог і пачаў старанна яго адрываць. Але як ні стараўся ён зрабіць гэта акуратна, а адарваў яго наўскасяк: увесь левы бок гравюры застаўся ў кнізе, а Жоржэце ён прэзентаваў толькі правую палову.

— І мне! — закрычаў Гро-Алэн.

Першая вырваная старонка, як першая пралітая кроў, вырашае справу: пасля гэтага пачынаецца пагром.

Рэне-Жан перагарнуў старонку.

Тым часам Жоржэта разадрала свой вялікі кавалак гравюры на два маленькія, потым на чатыры.

VI

Скончыўшы чвэрткаванне, Жоржэта працягнула руку Рэне-Жану і сказала:

— Яшчэ!

За святым Варфаламеем пайшлі ўсе іншыя партрэты. Заставаліся яшчэ геаграфічныя карты. Рэне-Жан раздаў і іх. Пакончыўшы з гэтым, ён кінуў кнігу на падлогу.

Гэта быў страшны момант.

Падзенне славутай кнігі, як і кожнай славутасці, нарабіла многа шуму і ўзняло цэлае воблака пылу.

Знішчыўшы супраціўніка, Рэне-Жан злез з крэсла. Тады, некалькі мінут падумаўшы, Гро-Алэн энергічным крокам падышоў да распасцёртай кнігі і пхнуў яе нагой.

Гэта паслужыла сігналам. Прагнасць да разбурэння сядзіць у кожным з нас. Рэне-Жан падышоў да кнігі і таксама пхнуў яе нагой. Жоржэта паспрабавала была зрабіць тое самае, але з размаху села на падлогу. Карыстаючыся выгодаю свайго становішча, яна накінулася на кнігу. За ёй на бедную кнігу накінуўся Рэне-Жан, а за ім Гро-Алэн. І ўсе яны, працуючы рукамі і нагамі, зубамі і ногцямі, чырвоныя ад напружання, з дзікім захапленнем і смехам люта пачалі рваць апошнія гравюры, камячыць аркушы, вырываць закладкі, аддзіраць залачоны саф'ян пераплёта, выцягваць цвічкі са срэбных накутнікаў і ламаць пергамент. Шмат часу пайшло ў іх на гэтую работу, але ўсё-ж яны давялі яе да канца: ад святога Варфаламея нічога не засталося.

Калі было ўсё скончана, калі была вырвана апошняя старонка і апошняя гравюра апынулася на падлозе, калі ад кнігі засталіся толькі абрыўкі тэкста і гравюр, якія тырчэлі ў карашку пераплёта. Рэне-Жан устаў, глянуў на падлогу, усеяную параскіданымі аркушамі, і запляскаў у далоні. Гро-Алэн, вядома, зараз-жа яго падтрымаў. Жоржэта ўзяла з падлогі адзін аркуш, падпаўзла да акна, устала на ножкі, прытулілася да падаконня, якое даходзіла ёй да падбародка, і пачала крышыць свой аркуш на дробныя кавалкі, а кавалкі выпускаць за акно.

Хлопчыкам гэта спадабалася, і яны пачалі рабіць тое самае. Яны падбіралі і рвалі паперу, і хутка старадаўняя кніга, пакрышаная да апошняй старонкі жорсткімі маленькімі пальчыкамі, разляцелася па ветру: Жоржэта задумліва сачыла вачыма за беленькімі паперкамі, што мільгалі ў паветры, і нарэшце прамовіла:

— Матылькі.

Кара смерцю была скончана.

Між тым дзень падыходзіў к вечару. Гарачыня яшчэ павялічылася. У Жоржэты затуманіліся вочкі. Рэне- Жан падышоў да свайго ложка, выцягнуў з яго сяннік, прывалок яго пад акно, разлёгся на ім і сказаў:

— Будзем спаць.

Гро-Алэн і Жоржэта таксама паляглі: Гро-Алэн — галавой на плячо Рэне-Жану, Жоржэта — галавой на плячо Гро-Алэну, і ўсе трое паснулі.

У адчыненае акно павявала цёплым дыханнем летняга вечара; пахі палявых кветак, прыляцеўшыя са схілаў і далін, блукалі, змешваліся з дыханнем ветру, навакол панаваў непарушны спакой; пара ад зямлі цягнулася да воблакаў. Над замкам Тург кружылі птушкі; ластаўкі заглядвалі ў вокны; здавалася, ім хацелася паглядзець, ці добра спаць дзецям. Яны спалі, грацыёзна параскідаўшыся, не рухаючыся, поўголыя; яны былі чароўныя і нявінныя (ім-жа ўсім разам не было і дзевяці год); яны бачылі цудоўныя сны, якія адбіваліся на іхніх губах слабай усмешкай. Не шамацела лісце, не шурхала трава.

Сонца ўжо блізілася да захаду і амаль дакраналася да гарызонта. Раптам сярод глыбокага спакою засынаючай прыроды бліснула маланка, і ўслед за тым пачуўся страшэнны гул. Гэта быў гарматны стрэл. Рэха падхапіла гэты гул і разнесла яго па ўсёй ваколіцы; перакатваючыся са ўзгорку на ўзгорак, ён ператварыўся ў грукат. Гэты грукат разбудзіў Жоржэту.

Яна прыпадняла галоўку, выцягнула свой пальчык і скрозь сон прамармытала:

— Бум!

Грукат спыніўся, і зноў усюды стала ціха.

Галоўка Жоржэты апусцілася на плячо Гро-Алэну, і яна зноў заснула.


  1. Піт (Вільям Піт Малодшы, 1759–1806), які стаяў на чале англійскага ўрада, быў лютым ворагам буржуазнай французскай рэволюцыі і з'яўляўся арганізатарам і кіраўніком вайны з рэволюцыйнай Францыяй.
  2. Дофін — сын пакаранага смерцю караля Людовіка XVI знаходзіўся ў няволі ў вежы Тампль.
  3. Марыя-Антуанета — каралева Францыі, жонка Людовіка XVI, пакараная смерцю ў 1793 годзе.