Не глядзіся ты ў вочы мае:
Ты загубіш спакой у той час;
Бо праз вочы глыбінь дастае,
Хто зірне ў мае вочы хоць раз!
Ты загубіш вясёласьць гадзін,
Не пракоціцца болей твой сьмех, —
Запаную ў крыві — я адзін
Ды мой голас — над рэхамі рэх.
Жах ня ў тым, што табе палюблюсь,
Што кахаці мяне ты пачнеш,
Але ў тым, што я сам запалюсь,
Што на крыж ты мяне ажагнеш.
Што ад яскарак ясных тваіх
Пойдзе выбухам склеп порхавы
І падхопіць ён нас абаіх,
Той магутны вулькан агнявы.
Ты паверыш, што ў муках жыцьцё,
Што так званага „шчасьця“ — няма,
Што ёсьць воля ды крыж — забыцьцё, —
Здавальненьне-ж ды шчасьце — турма!
І мы станем між сонцаў блукаць
У бязьмернай душы вышыні,
І мы будзем, як зоры, згараць,
Як сьвятыя, сьвятыя агні…
Зазірні-ж ты у вочы мае,
Калі зможаш да конца жадаць:
Там душа да душы дастае,
Каб кахаць — і згараць!
|