Дзіва (1927)/I/Ты адкажаш

Сонца пах Ты адкажаш
Верш
Аўтар: Нічыпар Чарнушэвіч
1927 год
Па-над рэчкай чароты

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Ты адкажаш, як рэчка ды на месяца ласку,
на нясьмелыя зовы поўнай стомы душы.
Нас чакаюць спляценьні нерасказаных казак,
у бязьмежнасьць нас кліча шэракрылая шыр.
Ты заглянеш у вочы ды пралескай на ўлоньні —
з тугой радасьць абнімуцца ў карагодзе надзей.
І тугу ты убачыш, маю радасьць ты ўловіш —
ёю сэрца заб‘ецца ўсё часьцей і часьцей.
Ты ўсьміхнешся, як ў небе перад сонцам вясёлка,
зьвівам золачных фарбаў запалае твой твар.
Хто-ж пасьмее на сьвеце ўсходы нашага сёньня,
доўгажданыя ўсходы бессаромна сарваць?
Ты забудзеш, што будзе галасіць пад вярбою
над разьбітай калыскай неданошаных мар
ў табе шчасьця шукаў хто, нялюбімы-ж табою —
шкоды і зьлітаваньня у каханьні няма.
Ты пытацца ня будзеш, а што ночка нам бае —
сэрца сэрцу адкажа на гамонку далін…
Прывід шчасьця, як птушка, адляціць неўзабаве,
і загінуць усходы на бязводнай ральлі.
Ты прыгорнешся моўчкі, вочы схіліш дадолу,
пачуцьці і жаданьні загавораць за нас…
І рассыпле па сьвеце гімн жыцьцю маладому
на жалейцы каханьня маладая вясна.

1925 г.