Ліпнёвы кругабег Раніцою
Верш
Аўтар: Нічыпар Чарнушэвіч
1927 год
Загукала

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАНІЦОЮ

Загаманілі ў сенцах засовы,
Абнімаецца сьлепецень з совамі,
Змрок уцякае пад стрэху…
Апону чорнае ночы
Ў матузочкі дымнага клочча
Распарола дню
„Ку-ка-рэ-ку“.


∗     ∗

Ліжуць грудзі палеткаў сонных
Таночкі абуджаных гудаў;
Доўгарукае праменьне сонца
Зор чародкі ў небе вудзіць.
Галованькі змораных кветак
Пацалунку палкага просяць;
Кудлатага лесу вецьце
На траву счухвае росы.
Завіхрылісь жніўнай заядзьдзю
Проці сонца пылінак ніці…
Па сьцяне дурэе зайчык,
Пракусіў ён вакяніцу.


∗     ∗

А далёкі машынавы гоман
По затопленых ў зыркасьці гонях
Распаўзаецца клічнаю рэхай,
Бо апону чорнай ночы
У матузочкі дымнага клочча
Распарола дню
„Ку-ка-рэ-ку“.

1923 г.