Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы для дзяцей/Бог праўду бачыць, ды ня хутка скажа

Русак Бог праўду бачыць, ды ня хутка скажа
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Бог правду видит, да не скоро скажет
Пераклад: Макар Краўцоў
Паляваньне горш за няволю

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БОГ ПРАЎДУ БАЧЫЦЬ, ДЫ НЯ ХУТКА СКАЖА.

У месьце Уладзімеры жыў малады купец Аксёнаў. У яго былі дзьве крамы і дом.

Аксёнаў быў русы, кучаравы, харошы і першы весяльчак і пясьняр. З маладых гадоў Аксёнаў шмат піў і калі напіваўся — буяніў, але з таго часу, як ажаніўся, ён кінуў піць, і толькі калі-не-калі гэта здаралася з ім.

Раз летам Аксёнаў паехаў у Ніжні на кірмаш. Калі ён пачаў разьвітвацца з дружынаю, дык жонка сказала, яму:

— Іван Дзімітравіч, ня едзь ты цяпер, я аб табе блага сьніла.

Аксёнаў пасьмяяўся і сказаў:

— Ты ўсё баішся, каб я не загуляў на кірмашы?

Жонка сказала:

— Ня ведаю сама, чаго баюся, а так блага сьніла, — сьніла, быццам ты прыходзіш з места, зьняў шапку, а я гляджу: галава ў цябе ўся сівая.

— Аксёнаў: засьмяяўся:

— Ну, гэта на заработак. Глядзі, як растаргуюся, дык дарагіх гасьцінцаў прывязу.

І ён разьвітаўся з дружынаю і паехаў.

На палове дарогі зьехаўся ён з знаёмым купцом і з ім разам спыніўся начаваць. Яны напіліся гарбаты разам і ляглі спаць у двух пакоях побач. Аксёнаў ня любіў доўга спаць; ён прачхнуўся сярод ночы і каб лягчэй было халадком ехаць, збудзіў хурмана і загадаў запрагаць. Пасьля выйшаў у чорную хату, разьлічыўся з гаспадаром і паехаў.

Ад‘ехаўшы вярстоў сорак, ён ізноў спыніўся карміць коні, адпачыў ў усенях на заезным двары і ў палудзень выйшаў на ганак і сказаў паставіць самавар; дастаў гітару і пачаў іграць. Раптам пад‘яжджае тройка з звончыкам і з воза, выходзіць вураднік з двама салдатамі, падходзіць да Аксёнава і пытаецца: „хто? адкуль?“ Аксёнаў усё расказвае, як ёсьць, і просіць: „ці ня ласка гарбаты разам выпіць?“ Толькі вураднік ўсё прыстае з распытваньнямі: „Дзе начаваў мінулую ноч? Адзін, ці з купцом? Ці бачыў купца раніцаю? Чаму рана выехаў з двара?“ Аксёнаў зьдзівіўся, нашто гэта ў яго пра ўсё пытаюцца, усё расказаў, як было, дый кажа: „што-ж вы мяне гэтак выпытваеце? Я ня злодзей, не разбойнік які. Еду па сваёй справе, і няма чаго ў мяне пытацца“.

Тады вураднік клікнуў салдата і сказаў:

— Я — спраўнік і пытаюся ў цябе дзеля таго, што купец, з якім ты начаваў мінулую ноч, зарэзаны. Пакажы рэчы, а вы зравідуйце яго.

Увайшлі ў хату, узялі сундук і мяшок і пачалі разьвязваць і шукаць. Раптам спраўнік выняў з мяшка ножык і закрычаў:

— Гэта чый ножык?

Аксёнаў паглядзеў, бачыць — ножык у крыві з яго мяшка дасталі, і спалохаўся.

— А чаму кроў на нажы?

Аксёнаў хацеў адказваць, але ня мог выгаварыць слова.

— Я... я ня ведаю... я... нож... я... ня мой...

Тады спраўнік сказаў:

— Раніцаю купца знайшлі зарэзаным на пасьцелі. Апрача цябе, ня было каму гэта зрабіць. Хата была замкнёна з сярэдзіны, а ў хаце нікога, апрача цябе, ня было. Вось і ножык у крыві ў цябе ў мяшку, дый па твары відаць. Кажы, як ты забіў яго і колькі аграбіў грошай?

Аксёнаў бажыўся, што ня ён гэта зрабіў, што ня бачыў купца пасьля таго, як піў гарбату з ім, што грошы ў яго толькі свае 8.000, а ножык не яго. Але голас у яго абрываўся, твар быў белы, і ён увесь тросься ад страху, як вінаваты.

Спраўнік паклікаў салдатаў, загадаў зьвязаць і вясьці яго на воз. Калі яго з зьвязанымі нагамі клалі на воз, Аксёнаў перахрысьціўся і заплакаў. У Аксёнава адабралі рэчы і грошы, адаслалі яго ў бліжэйшае места ў вастрог. Паслалі ўва Уладзімер даведацца, які чалавек быў Аксёнаў, і ўсе купцы і жыхары ўладзімерскія паказалі, што Аксёнаў з-замаладу піў і гуляў, але быў чалавек добры. Тады яго пачалі судзіць. Судзілі яго за тое, што ён забіў разанскага купца і ўкраў 20.000 грошай.

Жонка ўбівалася па мужу і ня ведала, што думаць. Дзеці яго яшчэ ўсе былі малыя, а адзін быў пры грудзёх. Яна забрала ўсіх з сабою і паехала ў тое места, дзе яе мужа трымалі ў вастрозе. Спачатку яе ня пушчалі, але пасьля яна ўпрасіла начальнікаў, і яе прывялі да мужа. Калі яна ўбачыла яго ў вастрожнай вопратцы, у ланцугох, разам з разбойнікамі, яна ўдарылася аб зямлю і доўга не магла ачуняць. Пасьля яна паставіла дзеці вакол сябе, села з ім побач і пачала расказваць яму пра хатнія справы і пытацца ў яго пра ўсё, што з ім здарылася. Ён усё расказаў ёй. Яна сказала:

— Як-жа ж быць цяпер?

Ён сказаў:

Трэба правіць цара. Нельга-ж невінаватаму гінуць.

Жонка сказала, што яна ўжо падавала просьбу цару, але што просьба не дайшла. Аксёнаў нічога не сказаў і толькі спусьціў вочы. Тады жонка сказала:

— Не дарма я тады, помніш, cьніла, што ты сівым зрабіўся. Вось ужо і дапраўды ты з гора пасівеў. Лепш было-б ня ехаць табе тады.

І яна пачала перабіраць яго валасы і сказала:

— Яначка, мілы, жонцы скажы праўду, ня ты зрабіў гэта?

Аксёнаў сказаў: „і ты падумала на мяне!“ Затуліўся рукамі і заплакаў. Пасьля прыйшоў салдат і сказаў, што жонцы з дзяцьмі трэба выходзіць. І Аксёнаў апошні раз разьвітаўся з дружынаю.

Калі жонка пайшла, Аксёнаў пачаў успамінаць, што гаварылі. Калі ён успомніў, што жонка таксама падумала на яго і пыталася ў яго, ці ён гэта забіў купца, ён сказаў сабе: „мусі, апрача Бога, ніхто ня можа ведаць праўды, і толькі яго трэба прасіць і ад Яго толькі чакаць літасьці“. І з таго часу Аксёнаў кінуў падаваць прашэньні, кінуў спадзявацца і толькі маліўся Богу.

Аксёнава засудзілі пакараць бізуном і саслаць у катаргу. Гэтак і зрабілі.

Яго высьцебалі бізуном і пасьля, калі ад бізуна раны загаіліся, яго пагналі з іншымі катаржнікамі ў Сыбір.

У Сыбіры на катарзе, Аксёнаў жыў 26 гадоў. Валасы ў яго на галаве зрабіліся белыя, як сьнег, а барада адрасла доўгая, вузкая і сівая. Уся вясёласьць яго прапала. Ён згорбіўся, пачаў хадзіць ціха, гаварыў мала, ніколі не сьмяяўся і часта маліўся Богу. У вастрозе Аксёнаў навучыўся шыць боты і на запрацованыя грошы купіў Чэтьі-Мінэі і чытаў іх, калі было сьвятло ў вастрозе, а сьвятамі хадзіў у вастрожную цэркву, чытаў Апостала і пяяў на клірасе; голас у яго ўсё яшчэ быў добры. Начальства любіла Аксёнава, за яго ціхамірнасьць, а таварышы вастрожныя шанавалі яго і называлі „дзедам“ і „добрым чалавекам“. Калі бывалі просьбы па вастрозе, дык таварышы заўсёды Аксёнава пасылалі прасіць начальства, і калі паміж катаржнікаў былі сваркі, дык яны заўсёды да Аксёнава прыходзілі судзіцца.

З хаты ніхто ня пісаў пісьмаў Аксёнаваму, і ён ня ведаў, ці жыве яго жонка і дзеці.

Прывялі раз на катаргу новых калоднікаў. Увечары ўсе старыя калоднікі сабраліся вакол новых і пачалі ў іх распытвацца, хто з якога места ці вёскі і хто за якія справы. Аксёнаў таксама падсеў на нары каля новых і, спусьціўшы вочы, слухаў, хто што расказваў.

Адзін з новых калоднікаў быў высокі здаровы дзед, гадоў 60-х, з сіваю стрыжанаю барадою. Ён расказваў, за што яго ўзялі. Ён казаў:

— Так, браточкі, ні за што сюды папаў. У хурмана каня адвязаў ад саней. Злавілі, кажуць: украў. А я кажу: я толькі даехаць хутчэй хацеў, — я каня пусьціў. Дый хурман мне прыяцель. Парадак, я кажу. Не, кажуць, украў. А таго ня ведаюць, што і дзе ўкраў. Былі справы, даўно трэ‘ было сюды папасьць, але не маглі даказаць, а цяпер не па законе сюды загналі. Ды лжэш, — быў у Сыбіры ды нядаўна гасьціў...

— А ты адкуль будзеш? — спытаўся адзін з калоднікаў.

— А мы з места Уладзімера, тамтэйшыя мяшчане. Завуць Макаром, а падвышаюць Сымонавічам.

Аксёнаў падняў галаву і спытаўся:

— А што, ня чуў ты, Сымонавіч, ува Уладзімеры месьце пра Аксёнавых купцоў? Ці жывыя?

— Як ня чуць! Багатыя купцы, дарма што бацька ў Сыбіры. Гэткі самы, мусі, як і мы грэшныя. А ты сам, дзеду, за якія справы?

Аксёнаў ня любіў гаварыць аб сваім няшчасьці; ён уздыхнуў і сказаў:

— За грахі свае 26-ты год знаходжуся ў катаржнай рабоце.

Макар Сымонаў сказаў:

— А за якія-ж гэткія грахі?

Аксёнаў сказаў: „значыцца, варт быў таго“, і не хацеў болей расказваць; але іншыя вастрожныя таварышы расказалі новаму, як Аксёнаў папаў у Сыбір. Яны расказалі, як на дарозе нехта забіў купца і падсунуў Аксёнаваму ножык і як за гэта яго дарэмна засудзілі.

Калі Макар Сымонаў пачуў гэта, дык ён зірнуў на Аксёнава, ляснуў сябе рукамі па каленах і сказаў:

— Ну, цуд! Вось дык цуд! Пастарэў-жа ж ты, дзеду!

У яго пачалі пытацца, чаго ён зьдзівіўся і дзе ён бачыў Аксёнавага, але Макар Сымонаў не адказаў, ён толькі сказаў:

— Цуды, хлопцы, дзе ўбачыцца давялося!

І з гэтых словаў прыйшло Аксёнаваму на думку, што ці ня ведае гэты чалавек пра тое, хто забіў купца. Ён сказаў:

— Ці ты чуў, Сымонавіч, раней пра гэту справу, або бачыў мяне раней?

— Як ня чуць! Зямля чуткай поўніцца. Ды даўно ўжо справа была: што і чуў, дык забыў, — сказаў Макар Сымонавіч.

— Мо‘ чуў, хто купца забіў? — спытаўся Аксёнаў.

Макар Сымонаў засьмяяўся і сказаў:

— Ды мусі той забіў, у каго ножык у мяшку знайшоўся. Калі хто і падсунуў табе ножык, ня злоўлены — ня злодзей. Дый як-жа ж табе ножык у мяшок сунуць? Гэта-ж ён у цябе каля галавы стаяў. Ты пачуў-бы.

Як толькі Аксёнаў пачуў гэтыя словы, дык ён падумаў, што гэты самы чалавек забіў купца. Ён устаў і адыйшоў проч. Усю гэту ноч Аксёнаў ня мог заснуць. Найшоў на яго сум і пачало яму здавацца: то здавалася яму жонка такою, якою яна была, калі праводзіла яго апошні раз на кірмаш. Так і бачыў ён яе, як жывую, і бачыў яе вочы і твар, і чуў, як яна казала яму і сьмяялася. Пасьля здаваліся яму дзеці, гэткія, якія яны былі тады — маленечкія, адзін у кажушку, другі каля грудзей. І сябе ён успамінаў, якім ён сядзеў на ганачку на заезным двары, дзе яго ўзялі, і граў на гітары, і як у яго душы весела было тады. І ўспомніў лобнае месца, дзе яго білі, і ката, і народ навакола, і ланцугі, і калоднікаў, і ўсе 26-гадовае вастрожнае жыцьцё, і сваю старасьць успомніў. І гэткі сум найшоў на Аксёнава, што хоць рукі на сябе налажыць...

„І ўсё ад таго злыдня!..“ думаў Аксёнаў.

І на яго найшла гэткая злосьць па Макара Сымонавага, што хоць самому прапасьці, а, хацелася ад‘імсьціць яму. Ён гаварыў малітвы цэлую ноч, але ня мог супакоіцца. Удзень ён не падходзіў да Макара Сымонавага і не глядзеў на яго.

Гэтак прайшло два тыдні. Начамі Аксёнаў ня мог спаць, і на яго надыходзіў гэткі сум, што ён ня ведаў, куды падзецца.

Аднаго разу ўночы ён пайшоў па вастрозе і ўбачыў, што з-пад аднэй нары сыплецца зямля. Ён спыніўся паглядзець. Раптам Макар Сымонаў выскачыў з-пад нары і з спалоханым тварам глянуў на Аксёнавага. Аксёнаў хацеў прайсьці, каб ня бачыць яго; але Макар схапіў яго за руку і расказаў, як ён пракапаў праход пад сьценамі і як ён зямлю кожны дзень выносіць у халявах і высыпае на вуліцу, калі іх ганяюць на работу. Ён сказаў:

Толькі маўчы, стары, я і цябе вывяду. А калі скажаш, дык мяне заб‘юць; дый табе ня спушчу, заб‘ю.

Калі Аксёнаў убачыў свайго ліхадзея, ён увесь затросься ад злосьці, вырваў руку і сказаў:

— Выходзіць мне няма чаго, і забіваць мяне ня трэба — ты мяне ўжо даўно забіў. А казаць аб табе буду ці не, як Бог на душу паложыць.

На другі дзень, калі вывялі калоднікаў на работу, дык салдаты заўважылі, што Макар Сымонавіч высыпаў зямлю, — пачалі шукаць ў вастрозе і знайшлі дзіру. Начальнік прыехаў у вастрог і пачаў у ўсіх дапытвацца: „хто выкапаў дзірку“? Усе адпіраліся, тыя, якія ведалі, не выдавалі Макара Сымонавага, бо ведалі, што за гэту справу яго засьцёбаюць да паўсьмерці. Тады начальнік зьвярнуўся да Аксёнава. Ён ведаў, што Аксёнаў быў справядлівы чалавек, і сказаў:

— Стары, ты праўдзівы, скажы мне перад Богам, хто гэта зрабіў?

Макар Сымонаў стаяў як нішто й ня бывала і глядзеў на начальніка і не аглядаўся на Аксёнава. У Аксёнава дрыжалі рукі і губы, і ён доўга ня мог слова выгаварыць. Ён думаў: „калі ўтаіць яго, дык за што-ж я яму дарую, калі ён мяне загубіў? Хай пакутуе за маю муку. А сказаць на яго, запраўды — яго засьцёбаюць. А што як я дарма на яго думаю? Дый што-ж мне лягчэй ці што будзе?“

Начальнік яшчэ раз сказаў:

— Ну, што-ж, стары, кажы праўду: хто падкапаўся?

Аксёнаў паглядзеў на Макара Сымонавага, і сказаў:

— Не магу сказаць, ваша благародзіе. Мне Бог ня кажа казаць. І не скажу. Што хочаце са мною зрабеце — ўлада вашая.

Колькі ні бічкаваўся з ім начальнік, Аксёнаў нічога больш не казаў. Так і не даведаліся, хто падкапаўся.

На другую ноч, калі Аксёнаў лёг на сваю пасьцель і ледзь задрамаў, дык ён пачуў, што нехта падыйшоў і сеў у яго каля ног. Ён паглядзеў у цемнаце і пазнаў Макара. Аксёнаў сказаў:

— Чаго табе яшчэ ад мяне трэба? Што ты тут робіш?

Макар Сымонаў маўчаў. Аксёнаў падустаў і сказаў:

— Чаго трэба? Адыйдзі! А то салдата клікну.

Макар Сымонаў нагнуўся блізка да Аксёвава і шэптам сказаў:

— Іван Дзімітравіч, даруй мне!

Аксёнаў сказаў:

— За што табе дараваць?

— Я купца забіў, я ножык табе падсунуў. Я і цябе хацеў забіць, але на двары зашумелі; я ўсунуў табе ножык у мяшок і вылез праз вакно. — Аксёнаў маўчаў і ня ведаў, што сказаць. Макар Сымонаў спусьціўся з нары, пакланіўся да зямлі і сказаў: — „Іван Дзьмітрыч, даруй мне, на імя Бога. Я заяўлю, што я купца забіў — табе даруюць. Ты да хаты вернешся.“

Аксёнаў сказаў:

— Табе казаць лёгка, а мне цярпець як! Куды я пайду цяпер?.. Жонка памёрла, дзеці забылі; мне ісьці няма куды...

Макар Сымонаў не ўставаў з падлогі, біўся галавою аб зямлю і казаў:

— Іван Дзьмітрыч, даруй! Калі мяне бізуном білі, дык мне лягчэй было, як цяпер на цябе глядзець... А ты яшчэ пашкадаваў мяне — не сказаў. Даруй мне, у імя Хрыста, даруй мне, ліхадзею шалёнаму! — І ён моцна заплакаў.

Калі Аксёнаў пачуў, што Макар Сымонаў плача, дык ён і сам заплакаў і сказаў:

— Бог даруе табе: можа быць, што я ў сто разоў горшы за цябе! — І раптам у яго на душы лёгка зрабілася. І ён пакінуў сумаваць аб хаце і нікуды не хацеў з вастрогу, а толькі думаў аб апошняй гадзіне.

Макар Сымонаў не паслухаў Аксёнава і заявіўся вінаватым. Калі выйшла Аксёнаваму пазваленьне вярнуцца, дык ён ужо памёр.