Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы для дзяцей/Русак

Канец Булькі і Мільтона Русак
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Русак
Пераклад: Макар Краўцоў
Бог праўду бачыць, ды ня хутка скажа

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РУСАК.

Заяц-русак жыў зімою каля вёскі. Калі надыйшла ноч, ён падняў адно вуха, паслухаў, пасьля падняў другое, павадзіў брысамі, панюхаў і сеў на заднія лапы. Пасьля ён дзыгнуў раз-другі па глыбокім сьнягу і ізноў сеў на заднія лапы і пачаў аглядацца. З усіх бакоў нічога ня было відаць, апрача сьнегу. Сьнег ляжаў хвалямі і блішчаў, як цукер. Над галавою ў зайца стаяла марозная пара і праз гэтую пару відаць было вялікія ясныя зоры.

Зайцу трэ‘ было перайсьці праз вялікую дарогу, каб прыйсьці на знаёмае гумно. На вялікай дарозе чуваць было, як пішчалі палазы, пырхалі коні і скрыпелі крэслы ў санях.

Заяц ізноў спыніўся каля дарогі. Мужыкі ішлі каля саней з паднятымі каўнерамі каптаноў. Твары іх было чуць відно. Бароды, вусы, бровы іхнія былі белыя. З ратоў і з насоў у іх ішла пара. Коні іхнія былі потныя, і да поту прыстаў іней. Коні штурхаліся ў хамутох, давалі нурца і вынурвалі ў калдобах. Мужыкі даганялі, пераганялі і білі пугамі коні. Два старыя ішлі побач, і адзін расказваў другому, як у яго ўкралі каня.

Калі абоз праехаў, дык заяц пераскочыў дарогу і памаленьку пайшоў да гумна. Сабачка з абозу ўбачыў зайца. Ён забрахаў і кінуўся за ім. Заяц пабег да гумна па гурбах; зайца затрымалі гурбы, а сабака на дзесятым скоку завяз ў сьнягу і спыніўся. Тады заяц таксама спыніўся, пасядзеў на задніх лапах і паціху пайшоў да гумна. Па дарозе ён на руні сустрэў два зайцы. Яны карміліся і гулялі. Заяц пагуляў з таварышамі, пакапаў з імі марозны сьнег, паеў руні і пайшоў далей. На вёсцы было ўсё ціха, агні былі пагашаны, толькі чуўся на вуліцы плач дзіцяці ў хаце ды трэскат марозу ў дзеравяках хатаў. Заяц зайшоў на гумно і там знайшоў таварышоў. Ён пагуляў з імі на расчышчаным таку, паеў аўса з пачатае кладушкі, залез па страсе, занесенай сьнегам на хлеў і праз плот пайшоў назад да свае даліны. На ўсходзе сьвяцілася зарніца, зораў зрабілася менш, і яшчэ гусьцей марозная пара паднімалася над зямлёю. У найбліжэйшай вёсцы паўставалі бабы і ішлі па ваду, мужыкі нясьлі корм з гумнаў, дзеці крычалі і плакалі. Па дарозе яшчэ больш ішло абозаў, і мужыкі галасьней гаварылі.

Заяц пераскочыў праз дарогу, палыйшоў да свае старое нары, выбраў месьцечка вышэйшае, раскапаў сьнег, лёг задам у новую нару, паклаў на хрыбце вушы і заснуў з расплюшчанымі вачыма.