Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы для дзяцей/Булька
← Лазіна | Булька Апавяданьне Аўтар: Леў Талстой 1928 год Арыгінальная назва: Булька Пераклад: Макар Краўцоў |
Булька і дзік → |
БУЛЬКА.
У мяне быў сабака. яго звалі Булька. Ён быў увесь чорны, толькі кончыкі пярэдніх лапаў былі белыя. Ува ўсіх гэткіх сабачкаў сподняя сківіца даўжэйшая за верхнюю і верхнія зубы заходзяць за ніжнія, але ў Булькі сподняя сківіца гэтак высоўвалася ўперад, што палец можна было залажыць паміж ніжнімі і верхнімі зубамі. Твар у Булькі быў шырокі, вочы вялікія, чорныя і бліскучыя; і зубы і іклы белыя заўсёды тырчэлі наверх. Ён быў падобны да арапа. Булька быў ціхі і ня кусаўся, але ён быў вельмі дужы і чэпкі. Калі ён, бывала, учэпіцца за што-нібудзь, дык сьцісьне зубамі і павісьне, як гануча, і яго, як кляшчука, нельга ніяк адарваць.
Аднаго разу яго пушчалі на медзьвядзя, і ён учапіўся медзьвядзю ў вуха і павіс, як п‘яўка. Мядзьведзь біў яго лапамі, прыціскаў да сябе, кідаў з боку ў бок, але ня мог адарваць і паваліўся на галаву, каб раздушыць Бульку, але Булька датуль на ім трымаўся, пакуль яго не адлілі халоднаю вадою.
Я ўзяў яго шчанюком і сам выкарміў. Калі я паехаў на Каўказ, я не хацеў браць яго і ўцёк ад яго паціху, а яго загадаў замкнуць. На першай станцыі я хацеў ужо сядаць на другую перакладную, як раптам убачыў, што па дарозе коціцца нешта чорнае і бліскучае. Гэта быў Булька ў сваім мядзяным нашыйніку. Ён ляцеў на ўсе духі да станцыі. Ён кінуўся да мяне, лізнуў маю руку і выцягнуўся ў цені пад возам. Язык у яго высунуўся на цэлую далонь. Ён то ўцягваў яго назад, глытаў сьліну, то ізноў высоўваў на цэлую далонь. Ён сьпяшаўся, не пасьпяваў дыхаць, бакі ў яго так і дзыгалі. Ён варочаўся з боку на бок і пастукваў хвастом аб зямлю.
Я даведаўся пасьля, што ён пасьля мяне выбіў шыбу і выскачыў з вакна і проста маім сьледам пабег па дарозе і прабег гэтак вярстоў 20 у самую сьпякоту.