Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы для дзяцей/Булька і дзік
← Булька | Булька і дзік Апавяданьне Аўтар: Леў Талстой 1928 год Арыгінальная назва: Булька и кабан Пераклад: Макар Краўцоў |
Фазаны → |
БУЛЬКА і ДЗІК.
Аднаго разу на Каўказе мы пайшлі на паляваньне на дзікоў, і Булька пабег са мною. Толькі што гончыя пагналі, Булька кінуўся на іх голас і схаваўся ў лесе. Гэта было ў лістападзе месяцы: дзікі і сьвіньні тады бываюць вельмі сытыя. На Каўказе, ў лясох, дзе жывуць дзікі, бывае шмат смачных пладоў: дзікага вінаграду, шышак, яблыкаў, грушаў, ажынаў, жалудоў, церняў. І калі ўсе гэтыя плады пасьпёюць і крануцца марозам, дык дзікі ад‘ядаюцца і сыцеюць.
У той чае дзік бывае гэтак сыты, што нядоўга можа бегаць пад сабакамі. Калі яго паганяюць гадзіны дзьве, дык ён забіваецца ў гушчар і спыняецца. Тады паляўнічыя бягуць да таго месца, дзе ён cтаіць, і страляюць. Па сабачым брэху можна пазнаць, cтаў дзік, ці бяжыць. Калі ён бяжыць, дык сабакі брэшуць з піскам, як быццам іх б‘юць; а калі ён стаіць, дык яны брэшуць, як на чалавека, і падвываюць.
У гэтае паляваньне я доўга бегаў па лесе, але ніразу мне не ўдалося перабегчы дарогу дзіку. Нарэшце я пачуў працяжны брэх і выцьцё гончых сабак і пабег да таго месца. Ужо я быў блізка ад дзіка, мне ўжо чуваць было трэск па гушчары. Гэта варочаўся дзік з сабакамі. Але чутно было па брэху, што яны ня бралі яго, а толькі тут-жа круціліся. Раптам я пачуў — зашарахцела нешта ззаду, і ўбачыў Бульку. Ён, відаць, згубіў гончых у лесе і зьбіўся, а цяпер чуў іхні брэх і гэтак сама, як я, з усяе сілы каціўся ў той бок. Ён бег цераз палянку па высокай траве, і мне ад яго відаць было толькі яго чорную галаву і закушэны язык у белых зубах. Я паклікаў яго, але ён не аглянуўся, абагнаў мяне і схаваўся ў гушчары. Я пабег за ім, але чым далей я ішоў, тым лес рабіўся ўсё гусьцейшы ды гусьцейшы. Сучкі зьбілі з мяне шапку, білі па твары, іглы церняў чапляліся за вопратку. Я ўжо быў блізкі да брэху, але нічога ня мог бачыць.
Раптам я пачуў, што сабакі гучней забрахалі, нешта моцна затрашчала, і дзік пачаў аддувацца, і захрыпеў. Я так і думаў, што цяпер Булька дабраўся да яго і валтузіцца з ім. Я з апошніх сілаў пабег праз гушчар да таго месца. У самым глухім гушчары я ўбачыў пярэстага гончага сабаку. Ён брахаў і выў на адным месцы, і за тры шагі ад яго цягалася і чарнела нешта.
Калі я падыйшоў бліжэй; я разглядзеў дзіка і пачуў, што Булька страшэнна запішчаў. Дзік зарахтаў і пасунуўся на ганчака: ганчак падціснуў хвост і адскочыў. Мне стала відаць бок дзіка і яго галаву. Я прыцэліўся ў бок і выстраліў. Я бачыў, што папаў. Дзік зарахтаў і затрашчаў проч ад мяне па гушчары. Сабакі пішчалі, брахалі сьледам за ім; я па гушчары лез за імі. Раптам ледзь што ў сябе пад нагамі я ўбачыў і пачуў нешта. Гэта быў Булька. Ён ляжаў на баку і пішчаў. Пад ім была лужа крыві. Я падумаў: прапаў сабака; але мне цяпер не да яго было, я лез далей. Хутка я ўбачыў дзіка. Сабакі хваталі яго ззаду, а ён пакручваўся то на той, то на іншы бок. Калі дзік убачыў мяне, ён сунуўся да мяне. Я выстраліў другі раз зусім з блізка, так што шэрсьць загарэлася на дзіку, і дзік захрыпеў, пахіснуўся і ўсёю тушаю цяжка грукануў на зямлю.
Калі я падыйшоў, дзік быў ужо няжывы і толькі то тут, то там яго пучыла і падтрасала. Але сабакі, наставіўшы шэрсьць, адны рвалі яго за жывот і за ногі, а другія лакталі кроў з раны.
Тут я ўспомніў пра Бульку і пайшоў яго шукаць. Ён поўз мне насустрэчу і стагнаў. Я падыйшоў да яго, прысеў і паглядзеў на яго рану. У яго быў распораны жывот, і цэлы камяк кішок з жывата валокся па сухіх лісьцьцях. Калі таварышы падыйшлі да мяне, мы ўправілі Бульцы кішкі і зашылі яму жывот. Пакуль зашывалі жывот і праколвалі скуру, дык ён усё лізаў мне рукі.
Дзіка прывязалі да хваста каню, каб выцягнуць з лесу, а Бульку палажылі на каня і гэтак прывязьлі яго дамоў. Булька прахварэў тыдняў шэсьць і выздаравеў.