Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы для дзяцей/Стары конь

Пажар Стары конь
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Старая лошадь (1872)
Пераклад: Макар Краўцоў
Як я навучыўся езьдзіць конна

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СТАРЫ КОНЬ.

У нас быў стары дзед, Пімен Цімахвеіч, яму было 90 гадоў. Ён жыў у свайго ўнука без работы. Плечы ў яго былі сагнутыя: ён хадзіў з палкаю і паціху пасоўваў ногі. Зубоў у яго зусім ня было, твар быў зморшчаны. Ніжняя губа яго дрыжала; калі ён хадзіў і гаварыў, ён шлёпаў зубамі, і нельга было зразумець, што ён кажа.

Нас было чатыры браты, і ўсе мы любілі езьдзіць конна. Але спакойных коняй у нас для язды ня было. Толькі на адным старым кані нам пазвалялі езьдзіць; гэтага каня звалі Варанок.

Аднаго разу мама пазволіла нам езьдзіць конна, і мы ўсе пайшлі ў стайню з дзядзькаю. Фурман асядлаў нам Варанка, і першым паехаў старшы брат. Ён доўга езьдзіў; езьдзіў на гумно і вакол саду, і калі ён пад‘яжджаў назад, мы закрычалі: „ну, цяпер мацней!“

Старшы брат пачаў біць Варанка нагамі і дубцом, і Варанок прабег каля нас.

Пасьля старшага брата, сеў другі брат. І ён езьдзіў доўга, і таксама дубцом разагнаў Варанка і праехаў шпарка з-пад гары. Ён яшчэ хацеў езьдзіць, але трэці брат прасіў, каб ён хутчэй пусьціў яго. Трэці брат праехаў на гумно, і вакол саду, ды яшчэ і па вёсцы, і шыбка праляцеў з-пад гары да стайні. Калі ён пад‘ехаў да нас, дык Варанок соп, а шыя й лапаткі пачарнелі ў яго ад поту.

Калі прыйшла мая чарга, дык я хацеў зьдзівіць братоў і паказаць ім, як я добра ежджу, — пачаў паганяць Варанка з усяе сілы, але Варанок не хацеў ісьці ад стайні. І колькі я ні лупцаваў яго, ён не хацеў бегчы, а толькі трусіў і ўсё заварочваў назад. Я злаваў на каня, з усяе сілы біў яго дубцом і нагамі. Я стараўся біць яго па тых месцах, дзе яму больш балела, зламаў дубец, і рэштаю дубца пачаў біць па галаве. Але Варанок усё не хацеў бегчы. Тады я пакіраваў назад, пад‘ехаў да дзядзькі і папрасіў дубчыка мацнейшага. Але дзядзька сказаў мне:

— Годзі вам езьдзіць, панічок, злазьце. Нашто каня мучыць!

Я скрыўдзіўся і сказаў:

— Як-жа, я зусім ня езьдзіў! Паглядзі, як я зараз праеду. Дай, калі ласка, мне дубец мацнейшы. Я яго расьпяку.

— Эх, панічок, жаласьці ў вас няма: што яго расьпякаць? Гэта-ж яму 20 гадоў. Конь змучаны, ледзь дыхае, дый стары. Гэта-ж ён гэткі стары, ўсё роўна як Пімен Цімахвеіч. Вы вось селі-б на Цімахвеіча, ды гэтак вось пераз сілу паганялі-б яго дубцом — што-ж, вам не шкада было-б?

Я ўспомніў Пімена і паслухаў дзядзькі. Я зьлез з каня, і калі я паглядзеў, як ён насіў потнымі бакамі, цяжка дыхаў ноздрамі і памахваў аблезлым хвосьцікам, дык я зразумеў, што каню цяжка было. А то я думаў, што яму было гэтак-жа сама весела, як і мне. Мне гэтак шкада зрабілася Варанка, што я пачаў цалаваць яго ў потную шыю і перапрашаць яго за тое, што я яго біў.

З таго часу я вырас вялікі і заўсёды шкадую коняй, і заўсёды ўспамінаю Варанка і Пімена Цімахвеіча, калі бачу, што мучаць кані.