Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы для дзяцей/Як я навучыўся езьдзіць конна

Стары конь Як я навучыўся езьдзіць конна
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Как я выучился ездить верхом
Пераклад: Макар Краўцоў
Лазіна

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯК Я НАВУЧЫЎСЯ ЕЗЬДЗІЦЬ КОННА.

Калі я быў маленькі, мы кожны дзень вучыліся, толькі нядзелямі і сьвятамі хадзілі спацыраваць і гулялі з братамі. Аднаго разу тата сказаў: „трэба старэйшым дзецям вучыцца езьдзіць конна. Паслаць іх у манеж.“ Я быў меншы за ўсіх братоў і спытаўся: „а мне можна вучыцца?“ Тата сказаў: „ты ўпадзеш.“ Я пачаў прасіць яго, каб мяне таксама вычылі, і ледзь не заплакаў. Тата сказаў: „ну, добра, і цябе таксама. Толькі глядзі: ня плач, калі ўпадзеш. Хто ніразу не ўпадзе з каня, той не навучыцца конна езьдзіць“.

Калі прыйшла серада, нас трох павязьлі ў манеж. Мы ўвайшлі на вялікі ганак, а з вялікага ганку перайшлі па маленечкі ганак. А пад ганачкам быў вельмі вялікі пакой. У пакоі замест падлогі быў пясок. І па гэтым пакоі езьдзілі конна паны і пані і гэткія самыя хлопчыкі, як мы. Гэта і быў манеж. У манежы было ня зусім сьветла і пахла коньмі, і чутно было, як ляскаюць пугамі, крычаць на коні і коні стукаюць капытамі аб дзеравяныя сьцены. Я спачатку спалохаўся і ня мог нічога разглядзець. Пасьля наш дзядзька паклікаў бэрэйтара і сказаў: „вось гэтым хлопчыкам дайце коні, яны будуць вучыцца езьдзіць конна.“ Бэрэйтар сказаў: „добра.“

Пасьля ён паглядзеў на мяне і сказаў: „гэты малы вельмі.“ А дзядзька сказаў: „ён дакляруе ня плакаць, калі ўпадзе.“ Бэрэйтар засьмяяўся і пайшоў.

Пасьля прывялі тры асядланыя кані, мы скінулі шынелі і зыйшлі па сходах уніз у манеж. Бэрэйтар трымаў каня за корду[1], а браты езьдзілі вакол яго. Спачатку яны езьдзілі шагам, пасьля рысьсю. Пасьля прывялі маленькага коніка. Ён быў рыжы, і хвост у яго быў абрэзаны. Яго звалі Чырвончык. Бэрэйтэр засьмяяўся і сказаў мне: „ну, кавалер, сядайце.“ Я і цешыўся, і баяўся, і стараўся так зрабіць, каб ніхто гэтага не заўважыў. Я доўга стараўся папасьць нагою ў стрэмя, але ніяк ня мог, таму што я быў вельмі малы. Тады бэрэйтар падняў мяне на рукі і пасадзіў. Ён сказаў: „ня цяжкі паніч — фунтаў два, больш ня будзе.“

Ён спачатку трымаў мяне за руку, але я бачыў, што братоў ня трымалі і прасіў, каб мяне пусьцілі. Ён сказаў: „а не баіцёся?“ Я вельмі баяўся, але сказаў, што не баюся. Баяўся больш таму, што Чырвончык усё ўхмыляў вушы. Я думаў, што ён на мяне злуе. Бэрэйтар сказаў: „ну, глядзеце-ж ня падайце!“ і пусьціў мяне. Спачатку Чырвончык хадзіў шагам; і я трымаўся проста. Але сядло было сьлізкае, і я баяўся скуліцца. Бэрэйтар у мяне спытаўся: „ну што, умацаваліся?“ Я яму сказаў: „умацаваўся“. „Ну, цяпер рысьсю!“ і бэрэйтар запляскаў языком.

Чырвончык пабег маленькай рысьсю, і мяне пачало падкідаць. Але я ўсё маўчаў і стараўся не спаўзьці на бок. Бэрэйтар мяне пахваліў: „вось, дык кавалер, добра!“ Я быў вельмі рад з гэтага.

У гэты час да бэрэйтара падыйшоў яго таварыш і пачаў з ім гаварыць, і бэрэйтар пакінуў глядзець на мяне.

Толькі раптам я пачуў, што я схіліўся крыху на бок з сядла. Я хацеў паправіцца, але ніяк ня мог. Я хацеў закрычаць бэрэйтару, каб ён затрымаў, але думаў, што будзе сорамна, калі я гэта зраблю, і маўчаў. Бэрэйтар не глядзеў на мяне, Чырвончык усё бег рысьсю, і я яшчэ больш зьбіўся на бок. Я паглядзеў на бэрэйтара і думаў, што ён паможа мне; а ён усё размаўляў з сваім таварышам і, ня гледзячы на мяне, прыгаварваў: „маладзец кавалер.“ Я ўжо зусім быў на баку і вельмі спалохаўся. Я думаў, што я прапаў. Але крычаць мне сорамна было. Чырвончык страсянуў мяне яшчэ раз, я зусім сьсьлізнуўся і ўпаў на зямлю. Тады Чырвончык стаў, бэрэйтар аглянуўся і ўбачыў, што на Чырвончыку мяне няма. Ён сказаў: „вось табе на! зваліўся кавалер мой“, і падыйшоў да мяне. Калі я яму сказаў, што не забіўся, ён засьмяяўся і сказаў: „дзіцячае цела мягкае“. А мне хацелася плакаць. Я папрасіў, каб мяне ізноў пасадзілі, і мяне пасадзілі. І я ўжо больш ня падаў.

Гэтак мы езьдзілі ў манежы два разы ў тыдзень, і хутка я навучыўся езьдзіць добра і нічога не баяўся.

  1. Корда — вяроўка дзеля таго, каб па кругу ганяць коні.