Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы для дзяцей/Чарапаха

Мільтон і Булька Чарапаха
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Черепаха
Пераклад: Макар Краўцоў
Булька і воўк

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАРАПАХА.

Аднаго разу я пайшоў з Мільтонам на паляваньне. Каля лесу ён пачаў шукаць, выцягваць хвост, падняў вушы і пачаў прынюхвацца. Я нарыхтаваў стрэльбу і пайшоў за ім. Я думаў, што ён шукае курапаткі, фазана ці зайца. Але Мільтон не пайшоў у лес, а ў поле, Я йшоў за ім і глядзеў уперад. Раптам я ўбачыў тое, чаго ён шукаў. Наперадзе перад ім бегла невялікая чарапаха, велічынёю з шапку. Голая, цёмна-шэрая галава на доўгай шыі была выцягнена, як таўкачык; чарапаха шырока перабірала голымі нагамі, а хрыбёт яе ўвесь быў пакрыты карою.

Калі яна ўбачыла сабаку, яна схавала ногі й галаву і апусьцілася на траву, так што відаць было толькі адны чарапы. Мільтон схапіў яе і пачаў грызьці; але ня мог пракусіць яе, таму што ў чарапахі на жываце гэткі-ж самы чэрап, як і на хрыбце, толькі сьпераду, ззаду і з бакоў ёсьць шчыліны, куды яна прапушчае галаву, ногі і хвост.

Я адабраў чарапаху ад Мільтона і разглядзеў, як у яе разрысованы хрыбёт і які чэрап і як яна туды хаваецца. Калі трымаеш яе ў руках і глядзіш пад чэрап, дык толькі ў сярэдзіне, як у склепе відаць нешта чорнае і жывое. Я кінуў чарапаху на траву і пайшоў далей, але Мільтон не хацеў яе пакінуць, а нёс у зубах за мною. Раптам Мільтон пісьнуў і пусьціў яе. Чарапаха ў яго ў роце высунула лапу і драпнула яму рот. Ён гэтак узлаваўся на яе за гэта, што пачаў брахаць ды ізноў схапіў яе і панёс за мною. Я ізноў загадаў кінуць, але Мільтон ня слухаў мяне. Тады я адабраў ад яго чарапаху і кінуў. Але ён но пакінуў яе. Ён пачаў сьпяшацца лапамі каля яе капаць яму. І калі выкапаў яму, дык лапамі заваліў у яму чарапаху і закапаў.

Чарапахі жывуць і на зямлі і ў вадзе, як вужы і жабы. Дзеці яны выводзяць з яек і яйкі кладуць на зямлі, і ня выседжваюць іх, а яйкі самі, як рыбячая ікра, лопаюць — і выводзяцца чарапахі. Чарапахі бываюць маленькія, ня большыя за сподак, і вялікія, у тры аршыны даўжыні і вагаю ў 12 пудоў. Вялікія чарапахі жывуць у морах.

Адна чарапаха ў вясну кладзе сотні яек. Чаропка ў чарапахі, — гэта яе скабы. Толькі ў людзей і ў іншых жывёлаў скабы бываюць кожная асобна, а ў чарапахі скабы зрасьліся ў чаропку. А галоўнае тое, што ўва ўсіх жывёлаў скабы бываюць у сярэдзіне пад мясам, а ў чарапахі скабы зьверху, а мяса пад імі.