Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы для дзяцей/Булька і воўк
← Чарапаха | Булька і воўк Апавяданьне Аўтар: Леў Талстой 1928 год Арыгінальная назва: Булька и волк Пераклад: Макар Краўцоў |
Што здарылася з Булькаю ў Пяцігорску → |
БУЛЬКА і ВОЎК.
Калі я выяжджаў з Каўказу, тады яшчэ там была вайна, і ўночы небясьпечна было езьдзіць без канвою.
Я хацеў выехаць як мага раней раніцаю і дзеля гэтага не лажыўся спаць.
Мой прыяцель прыйшоў праводжваць мяне, і мы сядзелі цэлы вечар і ноч на вуліцы станіцы перад маёю хатаю.
Была месячная ноч з туманам, і было гэтак відна, што чытаць можна, хоць месяца і ня відаць было.
У сярэдзіне ночы мы раптам пачулі, што праз вуліцу на падворку пішчыць парасё.
Адзін з нас закрычаў: „гэта воўк душыць парасё!“
Я пабег да сябе ў хату, схапіў набітую стрэльбу і выбег на вуліцу. Усе стаялі каля варот таго падворку, дзе пішчала парасё, і крычалі мне: „сюды!“ Мільтон кінуўся за мною, — мусі, думаў, што я на паляваньне іду з стрэльбаю; а Булька падняў свае кароткія вушы і кідаўся з боку ў бок, як быццам пытаўся, у каго яму кажуць учапіцца… Калі я падбег да плоту, я ўбачыў, што з таго боку падворку проста да мяне бяжыць зьвер. Гэта быў воўк. Ён падбег да плоту і ўскочыў на яго. Я адхіліўся ад яго і нарыхтаваў стрэльбу. Як толькі воўк саскочыў з плоту на мой бок, я прыцэліўся ледзь што ў упор і спусьціў курок; але стрэльба зрабіла „чык“ і ня выстраліла. Воўк ня спыніўся і пабег праз вуліцу. Мільтон і Булька пусьціліся за ім, Мільтон быў блізка ад ваўка, але, відаць, баяўся схапіць яго, а Булька, як ні сьпяшаўся на сваіх кароткіх нагах, ня мог пасьпець. Мы беглі з усяе сілы за ваўком, але й воўк і сабакі прапалі ў нас з вачэй. Толькі каля канавы на рагу станіцы мы пачулі падбрэхваньне, піск і бачылі праз месячны туман, што падняўся пыл і што сабакі цягаліся з ваўком. Калі мы прыбеглі да канавы, дык ваўка ўжо ня было, і абодва сабакі вярнуліся да нас з абадранымі хвастамі і ўзлованымі тварамі. Булька роў і тоўк мяне галавою, — ён, як відаць, хацеў нешта расказаць, але ня ўмеў.
Мы аглядвалі сабакі і знайшлі, што ў Булькі на галаве была маленькая рана. Ён, як відаць, дагнаў ваўка перад канаваю, але не пасьпеў захапіць, і воўк адгрызнуўся і ўцёк. Рана была невялікая, так што нічога небясьпечнага ня было.
Мы вярнуліся назад да хаты, сядзелі і гаварылі аб тым, што здарылася. Я маракаваў на тое, што стрэльба мая не спаліла, і ўсё думаў аб тым, як-бы тут-жа на месцы застаўся воўк, калі-б яна стрэліла. Прыяцель мой дзіваваўся, як воўк мог заляцець на падворак. Стары казак казаў, што тут няма нічога дзіўнага, што гэта быў ня воўк, а што гэта была ведзьма і што яна зачаравала маю стрэльбу. Гэтак мы сядзелі і гаварылі, Раптам сабакі кінуліся, і мы ўбачылі на сярэдзіне вуліцы перад намі ізноў таго самага ваўка; але гэтым разам ён ад нашага крыку гэтак хутка пабег, што сабакі ўжо не дагналі яго.
Стары казак пасьля гэтага ўжо зусім упэўніўся, што гэта быў ня воўк, а ведзьма, а я падумаў, ці не шалёны гэта быў воўк, таму што я ніколі ня бачыў і ня чуў, каб воўк, пасьля таго, як яго перагналі, вярнуўся ізноў на народ.
На ўсякі выпадак я пасыпаў Бульцы на рану пораху і запаліў яго. Порах згарэў і выпаліў хворае месца.
Я выпаліў порахам рану на тое, каб выпячы шалёную сьліну, калі яна яшчэ не пасьпела ўвайсьці ў кроў. А калі папала сьліна і ўвайшла ўжо ў кроў, дык я ведаў, што па крыві яна разайдзецца па ўсім целе і тады ўжо нельга вылячыць.