Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы з зоолёгіі/Зайцы

Як ваўкі вучаць свае дзеці Зайцы
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Зайцы
Пераклад: Макар Краўцоў
Нюх

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАЙЦЫ

Зайцы начамі кормяцца карою дрэваў; зайцы палявыя — руняй і травою, гуменьнікі — хлебнымі зярнятамі на гумнах. За ноч зайцы пракладаюць на сьнягу глыбокі, відны сьлед. Да зайцоў ахвотнікі і людзі, і сабакі, і ваўкі, і лісы, і крукі, і арлы. Калі-б заяц хадзіў проста і роўна, дык нараніцы яго зараз-жа знайшлі-б па сьлядох і злавілі-б, але Бог даў зайцу трусасьць, і трусасьць ратуе яго.

Заяц ходзіць уночы па палёх і лясох бяз страху і пракладвае простыя сьляды, але як толькі прыходзіць раніца, ворагі яго прачыхаюцца, заяц пачынае чуць то брэх сабакаў, то піск саняў, то галасы мужыкоў, то трэскат ваўка па лесе і пачынае ад страху кідацца з боку ў бок. Прабяжыць уперад, спалохаецца чаго-нібудзь і пабяжыць назад сваім сьледам. Яшчэ пачуе што-нібудзь і з усяго размаху дзыгне ў бок і прабяжыць проч ад ранейшага сьледу. Ізноў стукне што-нібудзь, ізноў заяц павернецца назад і ізноў пабяжыць у бок. Калі зробіцца відна, ён ляжа.

Назаўтра паляўнічыя пачынаюць разьбіраць заячы сьлед, блутаюцца па двайных сьлядох і далёкіх скачкох і дзівяцца з хітрасьці зайца. А заяц і ня думаў хітрыць. Ён толькі усяго баіцца.