Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы з фізыкі/Магніт

Ермак Магніт
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Магнит (1874)
Пераклад: Макар Краўцоў
Вільгаць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАСКАЗЫ З ФІЗЫКІ

МАГНІТ

І

У старадаўнасьці быў пастух, звалі яго Магніс. Загінула ў Магніса авечка. Ён пайшоў у горы шукаць. Прыйшоў на адно месца, дзе адны голыя каменьні. Ён пайшоў па гэтых каменьнях і чуе, што боты на ім прыліпаюць да гэтых каменьняў. Ён памацаў рукою — каменьні сухія і да рук ня ліпнуць. Пайшоў ізноў — ізноў боты прыліпаюць. Ён сеў, разуўся, узяў бот у руку і пачаў мацаць ім каменьні.

Датыкае скураю і падошваю, не прыліпае, а як даткне цьвікамі, дык прыліпае.

Была ў Магніса палка з жалезнаю рэхваю.

Ён даткнуўся да каменя дзеравам — не прыліпае; дакрануўся жалезам — прыліпла так, што адрываць трэба.

Магніc разглядзеў камень, бачыць, што падобны да жалеза, і прынёс кавалкі каменя дамоў. З таго часу пазналі гэты камень і празвалі яго магнітам.

ІI

Магніт знаходзяць у зямлі з жалезнаю рудою. Там, дзе ёсьць магніт у рудзе, і жалеза самае найлепшае. Сабою магніт падобны да жалеза.

Калі палажыць кусок жалеза на магніт, дык і жалеза пачне прыцягваць іншае жалеза. А калі палажыць стальную іголку на магніт ды патрымаць даўжэй, дык іголка зробіцца магнітам і пачне да сябе прыцягваць жалеза. Калі два магніты зводзіць канцы з канцамі, дык адныя канцы будуць адварочвацца адзін ад аднаго, а другія будуць счапляцца.

Калі адну магнітную палачку разрубаць напалову, дык ізноў кожная палавінка, будзе з аднаго боку чапляцца, а з другога — адварочвацца. І яшчэ разрубай, тое самае будзе; і яшчэ рубай, колькі хочаш, усё тое-ж самае будзе: аднолькавыя канцы будуць адварочвацца, розныя чапляцца, як быццам з аднаго канца магніт выпірае, а з другога ўцягвае. І як яго ні разламай, усё з аднаго канца ён будзе выпіраць, аз другога — ўцягваць. Усё роўна як яловую шышку — дзе ні разламай, усё будзе з аднаго канца пупам, а з другога — чашачкаю. Ці з таго, ці з другога канца чашачка з пупум зыйдзецца, а пуп з пупом і чашачка з чашачкай ня зыйдуцца.

ІII

Калі намагніціць іголку патрымаць даўжэй з магнітам і пасадзіць яе сярэдзінкаю на шпеньчык так, каб яна хадзіла вольна на шпеньчыку то як хочаш круці магнітную іголку — як пусьціш, яна стане, адным канцом на поўдзень, другім — на поўнач.

Калі ня ведалі магніту, дык па моры ня езьдзілі далёка. Як выйдуць далёка ў мора, што зямлі ня відаць, дык толькі па сонцы і па зорах і ведалі, куды ехаць. А калі хмарна, ня відаць сонца і зораў, дык і ня ведаюць самі, куды ехаць. А карабель нясе ветрам і занясе на каменьні і разаб‘е.

Пакуль ня ведалі магніту, дык ня езьдзілі па морах удоўж берагу; а калі пазналі магніт, дык зрабілі іголку магнітную на шпеньчыку, каб яна вольна хадзіла. Па гэтай іголцы і пачалі даведвацца, у які бок едуць. З магнітнаю іголкаю пачалі езьдзіць далей ад берагоў і з таго часу шмат новых мораў пазналі.

На караблёх заўсёды бывае магнітная іголка (компас) і ёсьць мерная вяроўка з вузламі на канцы карабля. І вяроўка прыробленая так, што яна размотваецца і па ёй відаць, колькі карабель праехаў.

Так што, калі плывуць на караблі, дык заўсёды ведаюць, на якім цяпер месцы карабель, ці далёка ад берагу і ў які бок.