Дняпроўскія ўсплёскі (1927)/Выпадак

Ад рэдакцыі Выпадак
Апавяданьне
Аўтар: Юрка Лявонны
1927 год
Вершы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Юрка Лявонны.

Выпадак.

Апавяданьне.

Над Дняпром сонна павісла млявая ліпнёўская ноч.

З крыштальнай урны небасхілу мякка выліваецца хмялёвая вільгаць луннага сьвету.

Ён мяшаецца з чырвоным сьветам вогнішча, і ад гэтага — постаці мужчын, сідзячых тварам да месіка, робяцца празрыста-глыбокімі…

Часамі лёгка трашчыць сухое суччо ў вагні, па жоўтаму пяску шырокага берагу перабягаюць цені, няясныя, але прыкметныя сьляды вогнішча.

Ціха-ціха…

Ледзь чутны ўсьплёскі вялікай ракі, уздыхаюць і варушацца стагодзьдзі. Сінімі хвалямі бруяцца далёкія паданьні мінулага. Дзесь-ці за Дняпром, як відаць, заблудзіўся конь. Здалеку чуваць яго жалобна-моцны покліч:

І-й-йо-го-го-го!…

Рассыпаецца на застыгшым лагу звонкае рэха.

… Мы ляжым ля цяпла ў трох. Сапрон Багунец, былы „Чонавец“, Амелька, Гусак і я.

Гаварыць — неахвота…

Шкада самому кратаць роўную глыбіню аксамітнай ночы.

Ужо занадта бяскрайна яна, як само Дняпро ў павадкі…

А паслухаць — напрыклад Багунца — з вялікай прыемнасьцю!..

Залаты барытон бачыўшага „віды“ Сапрона так і просіцца ў душу… І „гісторыі“ яго заўсёды надзвычайна цікавы.

Я ляжу ў спакойным задуменьні і ўважліва пазіраю на яго.

„У 20-м было…

На Кіяўшчыне… Калі „бацька“ Махно з сваіх тачанак граміў не шкадуючы „рідну“ Украіну.

Заліваліся буйнай крывёю здратаваныя палі…

У мястэчках і буйнейшых сёлах удалыя махноўцы цалком вырэззалі жыдоўскія сем‘і…

У Кіяве, на Крашчаціку, весела пазваньвалі белагвардзейскія шпоры. Тама — гулялі!..

Стаялі мы паўэскадронам з 1-ай коннай, тры дні ў адным хутары…

Тыповы, трэба вам сказаць, хутарок быў!..

Вішнямі абсаджаны, халупка-мазанка, усё, як належыць!..

Тады ж як-раз і гаспадыня прыгожая трапілася мне…

Памятаю — Аксанай звалі…

З сябе — поўная такая, і што асабліва ў памяць, дык гэта бровы яе… Зьвядзе іх у мейсца, на лобе сьцежка глыбокім равочкам ляжа і вочы маланкай наскрозь цябе так і проймуць!…

Вясёлая была… э-эх!!…

Засьмяецца, дзёрне плячыма — дык і Астапенка — старшыня эскадронны наш — навошта сухі чалавек быў! — не вытрымае. Ах плюне, сабачы сын (пачуцьця баяўся!), і ад усёй душы скрыгане:

— Ну, й баба!… Сакол, хвароба яе вазьмі…

Не хвалячыся скажу — найбольш увагі зварачала яна на мяне.

Праўда, я тады на гармоніі крыху падыграваў, ну а наконт песьняў — мастак і зараз, як ведаеце!..

Пастаялі гэта мы каля Рошчыцы тры дзянькі — не забыцца мне аб іх ніколі!..

А пасьля — расплыліся чуткі — лазутчыкі прынясьлі — быццам адзін з атаманаў-махноўцаў, самы люты, Галынскі, здаецца, па прозьвішчу, залёг у 20-х вёрстах ад хутара нашага і чакае папаўненьня ад „бацькі“…

Напярэдадні як раз хлапцы яго злавілі на дарозе браварніка; забілі, пасадзілі голага мерцьвяка на пень і на грудзёх крыж выразалі…

І вось раніца росная, як гавораць, ёдкая, сонейка не ўсходзіла яшчэ…

Моцна пахла стэпам, бязьмежнымі прасторамі палёў, якія так разьлягаюцца толькі на Украіне…

Затрубілі збор.

Андронаў — камандзір прамову яшчэ казаў…

Потым:

— На-а… коня-яў!.. З права па аднаму… рысьсю… аррш!..

…Наляцелі, абляглі вакол…

„Іхных“ — сотня як-раз была.

У лашчыне, за прыгоркам, расклаліся лягэрам…

А на прыгорку — бярэзьнічак…

Бярозы стромкія, цёплыя, нібы дышуць у тонкім тумане ранку.

Ціха шастаюць даўгімі рукамі — вецьцем…

З бярэзьніку і грокнулі. Спачатку — з маўзэраў, залпам.

Потым Андронаў з лепшымі, проста ў сярэдзіну ускочыў і ў шашкі…

Між іншым тама і забілі яго; пад капыты трапіў…

Праўда і апрача яго — нашых мала адтуль вярнулася…

Галынскага-ж разьнясьлі ў пух.

І самаго яго, хоць і біўся, як чорт, жывым узялі.

Паглядзелі мы на атамана гэтага і дзіву даліся…

Мужчына — куды нявідны, а якую паніку наводзіў!..

Маленькі, крываногі, з бяльмом, а сьмелы да шалёнасьці…

Можа-б і не даўся ён у рукі, каб Андронаў перад тым, як ляцець с каня, не рубануў яго шашкаю па галаве.

Толькі густая шапка чорных валосьсяў і адратавала…

Прывязалі Галынскага рамнямі да сядла, ногі да жывата конскага прыкруцілі ды і паехалі назад у хутар, бо застаўся тама старшыня эскадронны з некалькімі людзьмі ля кулямётаў…

Прыехалі к вечару — у крыві, азьвярэлыя і брудныя.

Парадзіліся і вырашылі:

—Галынскага дапрасіць „асабіста“, потым, як гвалтоўніка і бандыта, ворага рэвалюцыі, як толькі ўзыйдзе раняшняя зорка — растраляць.

Сьцерагчы-ж атамана, зьвязанага і кінутага пакуль што ў пустую клець на двары выпала мне…

І зьляцела ноч на зямлю…

Вішні як-раз цьвілі тады.

Хваляваў пачуцьці пах-мядова-салодкі, прыемны.

Цяжка стаяць было на варце.

Лютая бойка давала сябе адчуваць, хацелася спакою, адпачынку; млелі жылы, здавалася, пераліваецца ў іх замест маладой крыві — цягучая, расплаўленая медзь.

Захацелася яшчэ схіліцца на прыпол, да каленаў любай дзяўчыны, забыцца на момант аб варожым абкружэньні, неабходнасьці зірка ўглядацца ў нямую ночку…

Сьпяць малайцы нашы.

Толькі чутна — некаторыя раненыя часамі стогнуць, вады просяць…

Стаю гэта я ля дзьвярэй клеці.

Варушыцца Галынскі там.

Аж скрыгоча, зубы сьцяўшы.

Сыпле праклёны, матам крые „бальшавіцкую сволач“…

Стаю гадзіну, мусіць дзьве, хутка зьмена караулу павінна быць.

Чакаю развадзячага Ушкіна, што заместа забітага Андронава застаўся камандзірам.

Паглядаю, скрозь сон і бачу:

З-за прасла, што двор абгараджвала, белы цень вынырнуў.

Льлюцца з яго зялёныя праменьні месіку — набліжаецца вось і разглядзець можна.

Жанчына — ў адной сарочцы, валосьсе распушчана, вочы бліскавіцамі гараць ці то ўласным сьветам, ці ад месіку…

— Што за чорт?..

Узяў вінтоўку на руку:

— Хто йдзе? Страляць буду!..

Гляжу — далей рухаецца…

Анямеў…

Аксана — гаспадыня — ідзе, як зачурованая!..

— Сапрон… Ты бачыш…

А сама цяжка-цяжка дыхае. Хвалюецца.

Высокія грудзі вышываную сарочку так і ўздымаюць — выскачыць хочуць…

— Я да цябе зноў, як раней… Што хочаш… Толькі — выпусьці Галынскага… Зрабі, каб уцячы ён змог!..

Тута і сон адляцеў ад мяне.

— Гэта ты чаму-ж?.. Ды якая табе справа, урэшце?..

— Сапрон… Мяне ты не меў яшчэ… Дарма круціла. Ты… Потым — мы з табою ў садок…

— Не, не, адыйдзіся, Аксана!.. А то…

— Паглядзі-ж на мяне… Ці бачыў ты калі-небудзь у жыцьці прыгожых такіх?..

Сьцягнула з пляча крутога сарочку…

Стаіць, як той мармуравы помнік на могілцы Сенажэцкага, ля заводу — ведаеце?..

Сапраўды, на дзіва прыгожая, як сотня ведзьмаў… Малюнак, а не баба!..

Загарэўся я, праўда… Узьняло істоту нешта агнявое, спрадвечнае…

Зацьвіліся ў вачох пялёсткі…

А навокал — вішні, вішні…

Пах…

— Не за сябе, за мужа, Галынскага, прашу… За атамана вернага майго!.. Дзеля яго — і абнімкі ў падарунак табе…

Як сказала гэта, раптам на мяне нібы вадою сьцюдзёнай лінулі…

— А-а-а… Вось яно што!..

Прыцэліўся…

— Адыйдзіся, Аксана!.. Не жартую… Чуеш?.. Страляць буду…

Кінулася яна тута, як каршун які, да мяне — задавіць, пэўна, хацела…

Ды не трапілася!..

— Паціснуў курок я…

Як птушка падстрэляная, плёснула рукамі-крыльямі Аксана ды без крыку ля ног маіх і лягла.

Скрозь самае сэрца пуля праняслась…

На стрэл хлапцы повыскаквалі — агледзіліся.

Расказаў я ім…

А праз некалькі хвілін вывелі Галынскага на растрэл.

Чуў ён размову нашу…

І такі ў яго твар страшэнны быў, што нават у вочы глядзець яму ніхто не асьмеліўся.

Бляды, бляды… Валосься — ва ўсе бакі… Вочы сіняй крывёю наліліся.

Вывелі — разьвітацца дазволілі…

Паваліўся атаман на жонкіна цела — цёплае яшчэ прыпаў вуснамі, ды як зараве дзікім голасам, як ваўчыца, калі заб‘еш пры ёй дзіцёнка яе… Ледзь вытрымалі мы.

Пасьля — у адной ямцы і пахавалі іх“…

Багунец скончыў.

Паціху разьвіднела…

З Дняпра вольна дыхаў ветрык — лёгкі і радасны, як першая любоўная пяшчота.

Сіняватай эмалью паглядала неба…

Мы з Амелькам ляжалі, поўныя адчуваньняў, перанёсшыся думкамі ў сьветлую рамантыку мінулага.