Раздзел ХVII. Капітану Катлю ўдасцца сёе-тое зладзіць для маладых людзей Раздзел ХVIII. Бацька і дачка
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел ХІХ. Уолтэр ад'язджае

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XVIII

Бацька і дачка.

У доме містэра Домбі цішыня. Слугі, штурхаючы, шмыгаюць уверх і ўніз па лесвіцы, але іх крокаў не чуваць. Місіс Уікем, з поўнымі слёз вачыма, расказвае меланхалічныя гісторыі, апа- вядае пра тое, як яна заўсёды гаварыла місіс Піпчын, што гэта павінна здарыцца, і п'е сталовага эля больш, чым звычайна, і вельмі сумная, але гаваркая. У такім-жа самым настроі кухарка. Яна абяцае смажанае мяса на вячэру і стараецца перамагчы як сваю адчувальнасць, так і ўедлівы пах цыбулі. Таулінсон бачыць у гэтым пасланне лёсу. Ім усім здаецца, што гэта здарылася вельмі даўно, хоць хлопчык усё яшчэ ляжыць, ціхі і прыгожы, на сваім ложку.

На змроку прыходзяць нейкія госці, бясшумна, у лямцавых туфлях, якія былі тут раней, і разам з імі з'яўляецца гэта пасцель спачыну, такая нязручная пасцель для заснуўшых дзяцей. Бацьку, якога пасягнула цяжкая страта, не бачыў увесь гэты час нават яго слуга, бо ён сядзіць у кутку свайго цёмнага пакоя, калі хто-небудзь туды заходзіць, а ў іншы час, здаецца, толькі тое і робіць, што ходзіць узад і ўперад. Раніцою дамачадцы перашэптваюцца аб тым, што сярод ночы чулі, як ён падняўся наверх і быў там — у пакоі — пакуль не ўзышло сонца.

Вось румяныя дзеці, якія жывуць супроць дома містэра Домбі, глядзяць з вокан свайго дзіцячага пакоя ўніз на вуліцу, таму што там, ля яго дзвярэй, стаяць чатыры чорныя кані, запрэжаныя ў экіпажы, з пер'ямі на галаве і пер'е калышацца на экіпажы; і гэтае пер'е і шарэнга людзей з шарфамі і посахамі прыцягваюць натоўп.

А вось паўз групку слуг у трауры і жанчын, што плакалі, містэр Домбі праходзіць праз вестыбюль і накіроўваецца да другога экіпажа, які яго чакае. Ён не «раздушан» горам і адчаем, думаюць гэтыя гледачы. Хада яго таксама ўпэўненая, выгляд таксама ганарысты, як гэта было заўсёды. Ён не хавае твара ў насавую хустачку і пазірае проста перад сабою. Хоць твар у яго крыху змардаваны, суровы і бледны, але выраз яго не змяніўся. Ён займае месца ў экіпажы, і за ім садзяцца яшчэ трое джэнтльменаў. Пасля ўрачыстая пахавальная працэсія павольна рушыць па вуліцы.

Пер'е пасоўваецца сваім панурым шляхам па вуліцах і вось ужо чуваць гукі звону. У гэтай самай царкве прыгожанькі хлопчык атрымаў усё, што астанецца неўзабаве ад яго на зямлі, — імя. Тое, што памерла, кладуць тут, недалёка ад сатлелых астанкаў яго маці. Гэта добра. Іх прах ляжыць там, дзе Фларэнс у час сваіх прагулак — о, адзінокія, адзінокія прагулкі! — можа праходзіць кожны дзень.

Калі скончылася служэнне і свяшчэннік пайшоў, містэр Домбі азіраецца і пытае, ці тут чалавек, якому загадана было з'явіцца па інструкцыі адносна надмагільнай таблічкі.

Нехта выступае ўперад і кажа: «Тут».

Містэр Домбі гаворыць, дзе ён хацеў бы яе змясціць, паказвае яму рукой на сцяне яе форму і памер і тлумачыць, што яна павінна быць побач з таблічкай яго маткі. Затым ён піша алоўкам тэкст, аддае яму і кажа:

— Я хачу, каб было зроблена зараз-жа.

— Гэта будзе зроблена зараз-жа, сэр.

— Як бачыце, трэба напісаць толькі імя і ўзрост.

Чалавек кланяецца, пазірае на паперу і нібы вагаецца. Містэр Домбі, не заўважаючы яго ваганняў, паварачваецца і накіроўваецца да выйсця.

— Прашу прабачэння, сэр, — рука асцярожна дакранаецца да траурнага плашча, — з той прычыны, што вы хочаце, каб гэта было зроблена зараз-жа, а гэта можна здаць у работу, калі я вярнуся…

— Так?

— Ці не хочаце вы прачытаць яшчэ раз? Мне здаецца, тут ёсць памылка.

— Дзе?

Ваяльнік аддае яму паперу і паказвае кішанёвай лінейкай на словы: «любімага і адзінага дзіцяці».

— Мне здаецца, лепш-бы было — «сына», сэр?

— Ваша праўда. Вядома. Выпраўце.

Бацька, паскорыўшы крокі, ідзе да карэты. Калі астатнія трое, якія ішлі за ім, займаюць свае месцы, твар яго ўпершыню закрыты — захінуты плашчом. І ў той дзень яны яго больш не бачаць. Ён выходзіць з экіпажа першым і адразу-ж ідзе ў свой пакой. Астатнія, хто прысутнічаў на пахаванні (гэта толькі містэр Чык і два дактары) ідуць наверх у гасціную, дзе іх прымаюць місіс Чык і міс Токс. А які твар ў чалавека ў замкнутым пакоі ўнізе, якія яго думкі, што ў яго на сэрцы, якія яго перажыванні і якія пакуты — ніхто не ведае. Увечары місіс Чык і міс Токс зноў бяруцца за рукадзелле. І ўвечары-ж містэр Таулінсон выходзіць падыхаць свежым паветрам разам з пакаёўкай, якая яшчэ не абнавіла свайго траурнага чапца. Яны вельмі пяшчотныя адзін да аднаго ў цёмных закутках, і Таулінсон марыць аб тым, каб жыць новым і бездакорным жыццём у якасці саліднага зеленшчыка на Оксфорд-Маркет.

У гэту ноч у доме містэра Домбі спяць мацней і спакойней, чым на працягу многіх начэй. Ранішняе сонца абуджае па-ранейшаму ўвесь дом, і зноў усе ўваходзяць у ранейшую сваю каляю. Румяныя дзеці, што жывуць насупраць, прабягаюць міма са сваімі абручамі. У царкве пышнае вяселле. Каменацёс спявае і высвіствае, высякаючы на пакладзенай перад сабою мрамарнай пліце: «П-О-Л-Ь».

— Любае маё дзіця, — сказала місіс Чык, якая лічыла абавязкам, на яе ўскладзеным, скарыстаць зручны выпадак, — калі вы дасягнеце майго ўзросту…

— Гэта значыць, будзеце ў самай красе, — уставіла міс Токс.

— Тады вы даведаецеся, — прадаўжала місіс Чык, далікатна паціскаючы руку міс Токс у падзяку за сяброўскую заўвагу, — тады вы даведаецеся, што смутак бескарысны і што наш абавязак — пакарыцца…

— Я пастараюся, любая цёця. Я буду старацца, — плачучы, адказвала Фларэнс.

— Рада гэта чуць, — заявіла місіс Чык, — бо, дарагая мая, як скажа вам наша любая міс Токс, аб здаровым сэнсе і надзвычайнай разважлівасці якой двух думак быць не можа…

— Дарагая мая Луіза, дапраўды-ж я хутка пачну ганарыцца, — уставіла міс Токс.

— Скажа вам і падмацуе сваім вопытам, — прадаўжала місіс Чык, — мы закліканы да таго, каб пры ўсіх акалічнасцях рабіць намаганне. Яно патрабуецца ад нас. Калі-б не… Любая мая, — павярнулася яна да міс Токс, — я забылася слова. Не… не…

— Неахайнасць? — падказала міс Токс.

— Не, не! — сказала місіс Чык. — Што вы! Ах, божа мой, яно круціцца ў мяне на языку. Не…

— Недарэчная прывязанасць? — нясмела падказала міс Токс.

— О, божа, Лукрэцыя! — усклікнула місіс Чык. — Гэта проста жахліва! Ненавіснік чалавецтва — вось слова, якое я забылася. Прыдзе-ж у галаву! Недарэчная прывязанасць! Такім чынам, кажу я, калі-б ненавіснік чалавецтва ў маёй прысутнасці запытаўся: «Навошта мы нарадзіліся?», я адказала-б: «Каб рабіць намаганні».

— Сапраўды, гэта вельмі добра, — сказала міс Токс, знаходзячыся пад уражаннем ад такой арыгінальнай думкі. — Вельмі добра.

— На жаль, — прадаўжала місіс Чык, — у нас прыклад перад вачыма. Любае маё дзіця, мы маем права думаць, што калі-б у гэтай сям'і было своечасова зроблена намаганне, можна было-б унікнуць многіх вельмі цяжкіх і прыкрых падзей. Нішто і ніколі не пераканае мяне ў адваротным, — заўважыла рашучым тонам добрая матрона, — што бедная любая Фані магла зрабіць намаганне, і тады няшчасны, любы, дарагі малютка быў-бы ва ўсякім выпадку больш моцнага складу.

Місіс Чык на поўсекунды аддалася сваім пачуццям, але стрымалася ў разгар усхліпванняў і загаварыла зноў.

— Таму, Фларэнс, давядзіце нам, прашу вас, што вы моцная духам, і не абцяжарвайце эгаістычна таго адчаю, у якім знаходзіцца ваш бедны тата.

— Любая цёця! — усклікнула Фларэнс, хутка апускаючыся перад ёю на калені, каб можна было больш пільна і ўважліва пазіраць ёй у твар. — Скажыце мне яшчэ што-небудзь пра тату! Калі ласка, раскажыце мне пра яго! Ён вельмі пакутуе?

У міс Токс была адчувальная натура, і гэта ўпрошванне вельмі яе ўсхвалявала.

На секунду яна забылася пра велічнасць місіс Чык і, хуценька пагладзіўшы Фларэнс па шчацэ, адвярнулася і, не чакаючы ўказанняў гэтай мудрай матроны, не ўтрымалася ад слёз, якія пырснулі з вачэй.

Сама місіс Чык на секунду страціла спакойнасць, якою так ганарылася, і была маўклівая, пазіраючы на прыгожы юны твар, які так доўга, так упарта і цярпліва быў павернуты да маленькага ложка. Але, апамятаўшыся, яна адказала паважна:

— Фларэнс, дарагое маё дзіця, ваш няшчасны тата бывае крыху дзіўным, і пытацца ў мяне пра яго значыць распытваць аб прадмеце, разумець які я не бяруся. Мне здаецца, я маю на вашага тату больш моцны ўплыў, чым хто-небудзь іншы. Аднак, я толькі магу сказаць, што ён гаварыў са мной вельмі мала і што я бачыла яго ўсяго разы два і кожны раз не больш адной хвіліны, ды і тады я амаль яго не бачыла, бо ў яго ў пакоі цёмна. Я сказала вашаму тату: «Поль! — вось дакладна, як я яму сказала. — Поль! Чаму вы не прымеце якога-небудзь узбуджаючага сродку?» Ваш тата нязменна адказваў: «Луіза, будзьце ласкавы пакінуць мяне. Мне нічога не патрэбна. Мне лепш пабыць аднаму». Лукрэцыя, калі-б заўтра мяне прымусілі прысягнуць перад суддзёй, — прадаўжала місіс Чык, — не сумняваюся, што я не спынілася-б перад тым, каб клятвай паўтарыць гэтыя самыя словы.

Міс Токс выказала сваё захапленне, сказаўшы:

— Мая Луіза заўсёды метадычная!

— Адным словам, Фларэнс, — прадаўжала цётка, — мы з вашым бедным татам амаль што не размаўлялі, аж да сёнешняга дня, калі я паведаміла вашаму тату, што сэр Барнет і лэдзі Скетлс прыслалі надзвычай прыязную запіску… Наш ненаглядны хлопчык! Лэдзі Скетлс любіла яго, як… Дзе мая насавая хустачка?

Міс Токс падала хустачку.

— Надзвычай прыязную запіску, прапаноўваючы, каб вы наведалі іх з мэтай перамяніць абстаноўку. Заўважыўшы вашаму тату, што, на маю думку, міс Токс і я можам вярнуцца цяпер дадому (з чым ён зусім згадзіўся), я запыталася, ці не будуць ў яго якія-небудзь пярэчанні супроць таго, каб вы прынялі гэтае запрашэнне. Ён сказаў: «Няма, Луіза, ніякіх!»

Фларэнс узняла заплаканыя вочы.

— Але калі, Фларэнс, вам больш хочацца астацца тут, чым пагасцяваць там або паехаць са мною…

— Мне-б гэтага значна больш хацелася, цёця, — быў ціхі адказ.

— У такім разе, дзіця, — сказала місіс Чык, — рабіце, як хочаце. Я павінна сказаць, што гэта дзіўны выбар. Але вы заўсёды былі дзіўнай. Здавалася-б, што ў вашым узросце і пасля таго, што здарылася, любая мая міс Токс, я зноў згубіла насавую хустачку, кожны быў-бы рад паехаць адсюль.

— Мне-б не хацелася думаць, — сказала Фларэнс, — што, гэтага дому стараюцца ўнікаць. Мне-б не хацелася думаць, што пакоі яго… пакоі наверсе астаюцца пустымі і панурымі, цёця. Я палічыла-б за лепшае астацца цяпер тут. О, мой брат! Мой брат!

Гэта быў натуральны ўзрыў пачуццяў, які нельга перамагчы; і яны прарваліся-б нават праз пальцы рук, якімі яна закрыла твар.

— Ну, што-ж, дзіця! — памаўчаўшы, заўважыла місіс Чык. — Ні ў якім выпадку не хацела-б я сказаць вам што-небудзь няласкавае, і я ўпэўнена, што вы гэта ведаеце. Такім чынам, вы астанецеся тут і будзеце рабіць, як вам захочацца. Ніхто не будзе ўмешвацца ў вашы справы, Фларэнс, і я ўпэўнена, што ніхто і не захоча ўмешвацца.

Фларэнс кіўнула галавой, у смутку згаджаючыся.

— Не паспела я заўважыць беднаму вашаму тату, што варта было-б яму шукаць забавы і аднавіць сілы, часова перамяніўшы абстаноўку, — прадаўжала місіс Чык, — як ён сказаў мне, што рашыў ужо выехаць ненадоўга з горада. Дапраўды, я спадзяюся, што ён паедзе вельмі хутка. Чым хутчэй, тым лёпш. Але, здаецца, патрэбна штосьці ўладзіць у сувязі з асабістымі яго паперамі, у выніку таго няшчасця, якое так усхвалявала ўсіх нас, — зразумець не магу, што здарылася з маёй хустачкай; Лукрэцыя, дайце мне сваю, мая любая, — і гэтым ён будзе займацца адзін-два вечары ў сваім пакоі. Ваш тата, дзіця, — самы сапраўдны Домбі, які толькі можа быць, — сказала місіс Чык, з вялікай стараннасцю выціраючы вочы ражкамі хустачкі міс Токс. — Ён зробіць намаганне. За яго можна не баяцца.

— Ці магла-б я, цёця, — дрыжучы, запыталася Фларэнс, — што-небудзь зрабіць, каб…

— Ах, божа мой, дарагое маё дзіця, — хутка перабіла місіс Чык, — аб чым вы гаворыце? Калі ваш тата сказаў мне — я вам перадала дакладныя яго словы: «Луіза, мне нічога не патрэбна; мне лепш пабыць аднаму», — як вы думаеце, што сказаў-бы ён вам? Вы не павінны яму паказвацца на вочы, дзіця. Нельга і думаць пра гэта.

— Цёця, — сказала Фларэнс, — я пайду лягу.

Місіс Чык ухваліла гэтае рашэнне і пусціла яе, пацалаваўшы некалькі разоў на дарогу. Але міс Токс, нібы для пошукаў згубленай насавой хустачкі, паднялася ўслед за ёю наверх і паспрабавала, залучыўшы некалькі хвілін, усцешыць яе, не зважаючы на зусім непахвальныя адносіны С'юзен Ніпер. Бо міс Ніпер, у гарачай заўзятасці, пагардліва гаварыла пра міс Токс, як пра кракадзіла; аднак, яе спачуванне здавалася шчырым і адрознівалася той перавагай, што было бескарыслівае, — такім шляхам бадай ці можна было заслужыць прыхільнасць.

І няўжо не было нікога бліжэйшага і даражэйшага, як С'юзен, каб умацаваць сэрца, змучанае тугою? Нікога, ніводнага чалавека, да якога ёй можна было-б павярнуць свой твар, каго можна было-б абняць? Нікога, хто знайшоў-бы спагадлівае слова для такога глыбокага смутку? Няўжо Фларэнс была такая адзінокая ў жорсткім свеце, што больш ёй нічога не аставалася? Нічога! Страціўшы адразу матку і брата, — бо са стратай маленькага Поля першая страта яшчэ мацней прыціснула яе сваім цяжарам, — яна не магла звярнуцца за дапамогай, ні да каго, апрача С'юзен. О, хто можа сказаць, як вельмі патрэбна была ёй дапамога ў першы час!

Першы час, калі жыццё ў доме ўвайшло ў прывычную каляю, калі раз'ехаліся ўсе, апрача слуг, а бацька замкнуўся ў сваіх пакоях, Фларэнс магла толькі плакаць, блукаць па доме, а часамі, пад наплывам пакутлівых успамінаў, убягаць у свой пакой, ламаць рукі, кідацца ніцма на ложак і не знаходзіць ніякага ўцяшэння — нічога, апрача горкага і жорсткага смутку. Звычайна гэта здаралася, калі яна бачыла які-небудзь куток або рэч, цесна звязаную з Полем; і дзякуючы гэтаму першы час злашчасны дом ператварыўся для яе ў месца катавання.

Але чыстай любові неўласціва гарэць так шалёна і так бязлітасна доўга.

Прайшло крыху часу, і залатая вада, якая струменіла па сцяне на ранейшым месцы, у ранейшую ціхую гадзіну, павольна ўбываючы, зноў прыцягвала яе спакойны позірк. Прайшло крыху часу, і яна зноў часта заходзіла ў гэты пакой, сядзела тут адна, такая-ж цярплівая і ціхая, як і тады, калі дзяжурыла ля ложка.

Прайшло крыху часу, і ў сумным доме, такім вялікім і панурым, яе ціхі голас упрыцемку, павольна і калі-нікалі перарываючыся, заспяваў тую старую песеньку, якую так часта слухаў Поль, прытуліўшы галаву да яе пляча. А пасля, калі зусім сцямнела, музыка загучэла ў пакоі; яна грала і спявала так ціха, што гэта хутчэй нагадвала журботны ўспамін аб тым, як яна спявала па яго просьбе, у той апошні вечар, чым паўтарэнне. Але гэта паўтаралася часта, вельмі часта, у змрочнай адзіноце, і перарывістае гурчанне мелодыі яшчэ дрыжэла на клавішах, калі слёзы заглушалі пяшчотны голас.

Так набралася яна мужнасці глянуць на рукадзелле, якім заняты былі яе пальцы, калі яна сядзела побач з ім на марскім беразе; так прайшло нямнога часу, і яна зноў узялася за рукадзелле, адчуваючы да яго якуюсьці пяшчотную прывязанасць, нібы яно надзелена было свядомасцю і памятала аб Полі; і, седзячы ля акна, каля партрэта маткі, у нежылым, даўно закінутым пакоі, яна праводзіла гадзіны ў задуменні.

Чаму так часта цёмныя вочы адрываліся ад гэтай работы, каб зірнуць на дом, дзе жылі румяныя дзеці? Яны не напаміналі ёй непасрэдна аб яе страце, бо гэта былі дзяўчынкі, чатыры маленькія сястры. Але ў іх, як і ў яе, не было маці, і быў бацька.

Лёгка было адгадаць, калі яго не было дома і чакалі яго звароту, таму што старэйшая дзяўчынка заўсёды апраналася і пільнавала яго ў гасцінай ля акна або на балконе; і калі ён з'яўляўся, яе ўважлівы тварык асвятляўся радасцю, а другія дзеці, ля высокага акна і заўсёды на варце, пляскалі ў далоні, барабанілі па падаконніку і звалі яго. Старэйшая дзяўчынка спускалася ў вестыбюль, брала яго за руку і вяла па лесвіцы, а пасля Фларэнс бачыла, як яна сядзіць каля яго або ў яго на каленах, або ласкава абдымае за шыю і размаўляе з ім; і хоць яны абодва былі заўсёды вясёлымі, ён часта ўглядаўся ў твар дачкі, нібы знаходзіў у ёй падабенства да маткі, якой не было на свеце. Часамі Фларэнс не магла больш глядзець і, заліўшыся слязмі, хавалася за фіранку, нібы спалохаўшыся, або хутка адыходзіла ад акна. Аднак, яна мімаволі варочалася назад; і работа, пра якую яна забылася, неўзабаве валілася ў яе зноў з рук.

Калі бацька канчаў абедаць, яна бачыла ў адчыненыя вокны, як яны спускаліся ўніз са сваёй гувернанткай або нянькай і збіраліся ля стала; а ў ціхія летнія дні іх дзіцячыя галасы і звонкі смех даляталі праз вуліцу ў сумны пакой, дзе яна сядзела. Пасля яны карабкаліся ўверх па лесвіцы разам з ім і забаўляліся каля яго на канапе або прыціскаліся да яго каленаў — сапраўдны букет маленькіх твараў, — калі ён, як відаць, расказваў ім нейкую гісторыю. Або яны выбягалі на балкон, і тады Фларэнс хутка хавалася, баючыся, што вясёласць іх будзе парушана, калі яны ўбачаць яе ў чорнай сукенцы, непарушную і адзінокую.

Старэйшая дзяўчынка аставалася з бацькам, калі малодшыя выходзілі, і гатавала яму чай — якой шчаслівай маленькай гаспадыняй была яна тады! — і сядзела, гутарачы з ім, іншы раз ля акна, іншы раз у глыбіні пакоя, пакуль не паяўляліся свечкі. Ён зрабіў яе сваім таварышом, хоць яна была на некалькі гадоў маладзей за Фларэнс; і за сваёй кніжачкай або рабочай скрыначкай яна ўмела быць паважнай і чароўна сур'ёзнай, як дарослая. Калі ім прыносілі свечкі, Фларэнс са свайго цёмнага пакоя не баялася пазіраць на іх. Але ў пэўны час дзяўчынка казала: «Добрай ночы, тата» і ішла спаць, а Фларэнс усхліпвала і дрыжэла, калі тая падымала да яго твар, і больш Фларэнс не магла глядзець.

Калі ўсе ў доме засыналі і агні ўсе былі патушаны, Фларэнс ціхенька выходзіла са свайго пакоя, бясшумна ступаючы, спускалася па лесвіцы і падыходзіла да дзвярэй бацькі. Да іх, ледзь дыхаючы, прысланялася яна тварам і галавой і з любоўю прыціскалася губамі. Кожную ноч яна апускалася перад дзвярыма на халодную падлогу ў надзеі пачуць хоць бы яго дыханне; і апанаваная адным вялікім жаданнем — паказаць яму сваю прывязанасць, быць уцяшэннем для яго, схіліць яго да таго, каб ён прыняў пяшчотнасць ад яе, свайго адзінокага дзіцяці, яна, калі-б адважылася, апусцілася-б перад ім на калені з пакорлівай просьбай.

Ніхто гэтага не ведаў. Ніхто аб гэтым не думаў. Дзверы заўсёды былі зачынены, і ён сядзеў замкнуўшыся. Разы два ён выходзіў, і ў доме гаварылі, што ён вельмі хутка паедзе за горад, але ён жыў у гэтых пакоях, жыў адзін, і ніколі яе не бачыў і не пытаўся пра яе. Магчыма, ён і не ведаў, што яна ёсць у доме.

Аднаго разу, праз тыдзень пасля пахавання, Фларэнс сядзела занятая работай, калі з'явілася С'юзен; ні то плачучы, ні то смеючыся, яна далажыла аб прыходзе госця.

— Госць! Да мяне, С'юзен? — сказала Фларэнс, са здзіўленнем падняўшы галаву.

— Так, гэта і сапраўды дзіва, хіба не праўда, міс Флой? — сказала С'юзен. — Але я хачу, каб у вас было многа гасцей, дапраўды-ж, хачу, бо ад гэтага вам толькі лепш будзе, і мне здаецца, чым хутчэй мы з вамі паедзем хоць-бы да гэтых старых Скетлсаў, міс, тым лепш для нас абодвух; я, магчыма, не хачу жыць у вялікай грамадзе, міс Флой, але ўсё-такі я не устрыца.

Аддадзім належнае міс Ніпер — яна больш клапацілася аб сваёй маладой гаспадыні, чым аб сабе, і гэта было відаць па яе твары.

— Ну, а госць, С'юзен? — сказала Фларэнс.

С'юзён з істэрычным фырканнем, якое столькі-ж было падобна да смеху, колькі да плачу, і столькі-ж да плачу, колькі да смеху, адказала:

— Містэр Тутс!

Усмешка, што з'явілася на твары Фларэнс, праз секунду знікла, і вочы яе напоўніліся слязмі. Але ўсё-такі гэта была ўсмешка, і яна зрабіла вялікую прыемнасць міс Ніпер.

— Я адчула якраз тое самае, міс Флой, — сказала С'юзен, прыкладваючы фартух да вачэй і ківаючы галавой. — Як толькі я ўбачыла ў вестыбюлі гэтага блажэннага, міс Флой, я перш рассмяялася, а пасля не магла не заплакаць.

С'юзен Ніпер мімаволі пачала аднаўляць гэта і тут. Тым часам містэр Тутс, які падняўся ўслед за ёю наверх, не ведаючы аб уражанні, якое ён зрабіў, заявіў аб сваёй прысутнасці, пастукаўшы ў дзверы, і ўвайшоў вельмі бойка.

— Як маецеся, міс Домбі? — сказаў містэр Тутс. — Я здароў, дзякую вам; як ваша здароўе?

Містэр Тутс — не было на свеце чалавека лепшага за яго, хоць, магчыма, знайшлося-б некалькі больш ясных галоў, — клапатліва прыдумаў гэту доўгую прамову з мэтай зрабіць палёгку як Фларэнс, так і самому сабе. Але, выявіўшы, што праматаў свой запас, па сутнасці, неразумна, растранжырыўшы ўсё адразу, раней, чым сеў на крэсла, і раней, чым Фларэнс прагаварыла слова, і раней, чым пераступіў цераз парог, ён палічыў за лепшае пачаць спачатку.

— Як маецеся, міс Домбі? — сказаў містэр Тутс. — Я здаровы, дзякую вам; як ваша здароўе?

Фларэнс падала яму руку і сказала, што адчувае сябе добра.

— Я сябе адчуваю вельмі добра, — сказаў містэр Тутс сядаючы. — Так, я вельмі добра сябе адчуваю. Не памятаю, - сказаў містэр Тутс, хвілінку падумаўшы, — каб я калі-небудзь адчуваў сябе лепш, дзякую вам.

— Вельмі міла, што вы прышлі, — сказала Фларэнс, беручыся за сваё рукадзелле. — Я вельмі рада вас бачыць.

Містэр Тутс адказваў хіхіканнем. Падумаўшы, што гэта можа здацца вельмі бойкім, ён замяніў яго ўздыханнем. Падумаўшы, што гэта можа здацца вельмі меланхалічным, ён замяніў яго хіхіканнем. Не зусім задаволены як тым, так і другім адказам, ён засоп.

— Вы былі вельмі добрым да майго дарагога брата, — сказала Фларэнс, у сваю чаргу падначальваючыся натуральнаму жаданню выручыць яго гэтай заўвагай. — Ён часта гаварыў мне пра вас.

— О, гэта не мае ніякага значэння, — паспешна сказаў містэр Тутс. — Цёпла, ці не праўда?

— Цудоўнае надвор'е! — адказвала Фларэнс.

Мне яно падабаецца! — сказаў містэр Тутс. — Бадай ці адчуваў я сябе калі-небудзь так добра, як цяпер, вельмі вам удзячан.

Паведаміўшы аб гэтым цікавым і нечаканым факце, містэр Тутс праваліўся ў глыбокую бездань маўчання.

— Здаецца, вы рассталіся з доктарам Блімберам? — сказала Фларэнс, стараючыся дапамагчы яму выкарабкацца.

— Спадзяюся, — адказаў містэр Тутс і зноў паляцеў уніз.

Ён быў на дне, як відаць, захлябнуўшыся, не менш дзесяці хвілін. Калі прайшоў гэты тэрмін ён раптам усплыў на паверхню і сказаў:

— Ну, усяго добрага, міс Домбі.

— Вы ідзецё? — запыталася Фларэнс устаючы.

— Між іншым, я не ведаю. Не, яшчэ не цяпер, — сказаў містэр Тутс, зусім нечакана сядаючы зноў. — Справа ў тым… бачыце, міс Домбі!

— Гаварыце са мною больш смела, — з ціхай усмешкай сказала Фларэнс, — я была-б вельмі рада, калі-б вы пагаварылі пра майго брата.

— Сапраўды? — адазваўся містэр Тутс, і кожная рысачка яго твара, не вельмі выразнага ў іншых адносінах, дыхала спачуваннем. — Небарака Домбі! Сапраўды, я ніколі не думаў, што Берджэсу і кампанія — гэта модныя краўцы (але вельмі дарагія), пра якіх нам здаралася гутарыць, — давядзецца шыць гэтае плацце для такога выпадку. — Містэр Тутс быў у трауры. — Небарака Домбі! Бачыце! Міс Домбі! — выпаліў Тутс.

— Так? — адазвалася Фларэнс.

— Ёсць адзін сябра, да якога ён апошні час быў вельмі прывязаны. Я падумаў, што, магчыма, вам прыемна было-б мець яго як нейкі сувенір[1]. Вы памятаеце, як ён успамінаў пра Дыагена?

— О, так! О, так! — усклікнула Фларэнс.

— Небарака Домбі! Я таксама памятаю, — сказаў містэр Тутс.

Бачачы заплакаўшую Фларэнс, містэру Тутсу вельмі цяжка было перайсці да наступнага пункта, і ён ледзве не ўваліўся зноў у бездань маўчання. Але хіхіканне дапамагло яму ўтрымацца ля самага краю.

— Бачыце, — прадаўжаў ён, — міс Домбі! Я мог-бы ўкрасці яго за дзесяць шылінгаў, калі-б яны яго не аддалі, і я ўкраў-бы, але, здаецца, яны рады ад яго пазбавіцца. Калі вам хочацца яго мець, дык ён ля дзвярэй. Я знарок прывёз яга да вас. Ён, ведаеце, не дамскі сабака, — сказаў, містэр Тутс, — але вы нічога не маеце супроць гэтага, хіба не праўда?

Сапраўды, у гэты момант Дыаген — у чым яны хутка пераканаліся, паглядзеўшы ўніз на вуліцу, — выглядаў з акна наёмнага кабрыялета, куды яго ледзве заманілі, каб даставіць на месца.

Праўду кажучы, з усіх сабак ён менш за ўсё быў падобен да дамскага сабакі і, апанаваны нецярплівым жаданнем вырвацца на волю, меў зусім непрывабны выгляд, калі адрывіста цяўкаў, скрывіўшы зяпу, і, страціўшы роўнавагу, перакуліўся і паваліўся на салому, а пасля, задыхаючыся, зноў усхапіўся з высунутым языком, нібы з'явіўся ў лячэбніцу для агляду здароўя.

Але хоць Дыаген быў самым недарэчным сабакам, якога толькі можна напаткаць у летні дзень, — што трапляў ў нядобрае становішча, злашчасным, няўклюжым, круглагаловым сабакам, які заўсёды кіраваўся фальшывым уяўленнем, нібы недалёка знаходзіцца вораг, на якога вельмі пахвальна брахаць, — і хоць ён зусім не вызначаўся добрым норавам і быў, вядома, неразумны, і валасы звешваліся яму на вочы, і ў яго быў смешны нос, неспакойны хвост і хрыпаты голас, але — з прычыны таго, што Поль пра яго ўспомніў пры ад'ездзе і прасіў клапаціцца, — для Фларэнс ён быў даражэй, чым самы каштоўны і прыгожы прадстаўнік гэтага роду. А калі Дыаген, вызвалены, узляцеў па лесвіцы і ўварваўся ў пакой (а колькі было перад гэтым клопату, каб выцягнуць яго з кабрыялета!), забраўся пад мэблю і абкруціў доўгім жалезным ланцугом, што матаўся ў яго на шыі, ножкі крэслаў і сталоў, а пасля пачаў тузаць яго, пакуль аж вочы яго, дагэтуль схаваныя пад касматай поўсцю, ледзь не выскачылі з арбіт, і калі ён забурчэў на містэра Тутса, дамагаўся блізкага знаёмства, і накінуўся на Таулінсона, амаль не сумняваючыся ў тым, што гэта і ёсць той самы вораг, на якога ён ўсё жыццё брахаў з-за вугла, але ніколі яшчэ не бачыў, — Фларэнс была ім да таго задаволена, нібы ён быў цудам разважлівасці.

Містэр Тутс быў так узрадаван поспехам свайго падарунка і з такім захапленнем пазіраў на Фларэнс, якая нахілілася да Дыагена і гладзіла сваёй далікатнай ручкай яго жорсткую спіну, — Дыаген прыязна дазволіў гэта ў першую-ж хвіліну іх знаёмства, — што яму нялёгка было развітацца, і, бясспрэчна, ён страціў-бы значна больш часу на тое, каб прыняць такое рашэнне, калі-б яму не дапамог сам Дыаген, якому прышло ў галаву забрахаць на містэра Тутса і кінуцца на яго з разяўленай зяпай. Добра не ведаючы, як скончыць з гэтымі выступленнямі, і разумеючы, што яны пагражаюць пагібеллю штанам, якія абавязаны сваім існаваннем майстэрству Берджэса і К°, містэр Тутс з хіхіканнем вышмыгнуў за дзверы.

— Падыйдзіце-ж, Ды! Мілы Ды! Пасябруйце з вашай новай гаспадыняй. Будзем любіць адзін аднаго, Ды! — сказала Фларэнс, гладзячы яго калматую галаву.

І Ды, грубы і сярдзіты, нібы калматая яго скура зрабілася пранікальнай для слязы, што капнула на яе, а яго сабачае сэрца растаяла, калі яна скацілася, пацягнуўся носам да яе твара і даў клятву ў адданасці.

Для яго зараз-жа быў наладжан пір у кутку; і, дасыта наеўшыся і напіўшыся, ён падышоў да акна, дзе сядзела Фларэнс, якая пазірала на яго, стаў на заднія лапы, няўклюжа паклаўшы пярэднія ёй на плечы, лізнуў ёй твар і рукі, прыціснуўся вялізнай галавой да яе грудзей і пачаў віляць хвастом, пакуль не стаміўся. Нарэшце Дыаген скруціўся ля яе ног і заснуў.

Хоць міс Ніпер з асцярогай глядзела на сабак і лічыла неабходным, уваходзячы ў пакой, вельмі берагчы спадніцы, нібы пераходзіла па каменнях цераз ручай, а таксама пішчаць і ўскакваць на крэслы, калі Дыаген пацягваўся, аднак, яна была па-сваему расчулена дабратой містэра Тутса, бачачы Фларэнс так узрадаванай прывязанасцю і сяброўствам гэтага грубага сябра маленькага Поля. Правёўшы ўвесь вечар у назіраннях над Дыагенам і яго гаспадыняй і вельмі ахвотна папрацаваўшы, каб зрабіць Дыагену пасцель у пярэдняй за дзвярыма яго гаспадыні, яна хутка сказала Фларэнс развітваючыся з ёю на ноч:

— Ваш тата, міс Флой, едзе заўтра раніцой.

— Заўтра раніцой, С'юзен?

— Так, міс; так ён сказаў. Заўтра рана.

— Вы не ведаеце, С'юзен, — не гледзячы на яе, запыталася Фларэнс, — куды тата едзе?

— Добра не ведаю, міс. Раней ён хоча сустрэцца з гэтым драгацэнным маёрам.

З далейшых яе слоў высветлілася, што ўнізе яна наслухалася нямала аб тым, што місіс Чык прапанавала маёра ў спадарожнікі містэру Домбі і што містэр Домбі пасля некаторага хістання запрасіў яго.

— Спакойнай ночы, С'юзен, — сказала Фларэнс.

— Спакойнай ночы, мая любая, дарагая міс Флой.

Астаўшыся адна, Фларэнс апусціла галаву на рукі і, прыклаўшы другую руку да трапяткога сэрца, аддалася свайму гору.

Была сырая ноч, і ішоў меланхалічны дождж, які барабаніў і стукаў з нейкай стомленасцю. Ляніва дзьмуў вецер і абягаў, енчучы, вакол дома, нібы пакутаваў ад болю або смутку. З прарэзлівым шумам трапяталі дрэвы. Пакуль яна сядзела і плакала, час ішоў, і на званіцы панура прабіла поўнач.

Фларэнс была амаль дзіцем — ёй яшчэ не споўнілася чатырнаццаць гадоў, — але смутак і нуда гэтай гадзіны, у вялікім доме, дзе смерць нядаўна зрабіла лютае спусташэнне, бадай, прымусіла-б і чалавека больш дарослага задумацца аб страшэнных рэчах. Але яе нявіннае ўяўленне было вельмі занята адным прадметам, каб яна над гэтым задумвалася. Нішто не займала яе думак, апрача любові, — так, глыбокай любові і непатрэбнай, — заўсёды накіраванай да бацькі.

У шуме дажджу, у завыванні ветру, у гойданні дрэў, ва ўрачыстым боі гадзінніка не было нічога, што магло-б адагнаць гэту адну думку або паслабіць яе важнасць.

Няшчаснае дзіця, яна не магла легчы спаць і — з таго часу — ні разу яшчэ не клалася, не зрабіўшы начнога паломніцтва да яго дзвярэй. Дзіўнае, сумнае відовішча: вось яна, цішком, спускаецца па лесвіцы ў пустым змроку, і з трапяткім сэрцам, затуманенымі вачыма, з распушчанымі валасамі спыняецца ля дзвярэй і прыціскаецца да іх звонку сваёй вільготнай шчакой. Але ноч ахутвала яе, і ніхто пра гэта не ведаў.

У тую ноч, ледзь дакрануўшыся да дзвярэй, Фларэнс пераканалася, што яны не замкнуты. Упершыню яны былі ледзь-ледзь прыадчынены, і пакой асветлены. Першым імпульсам баязлівай дзяўчынкі — і яна яму паддалася — было хутка адыйсці ад дзвярэй. Другім — вярнуцца і ўвайсці; гэты другі імпульс стрымаў яе ў нерашучасці на лесвіцы.

Дзверы былі прыадчынены, — праўда, на валасок, — але і гэта ўжо надавала надзеі. Яе падбадзёрыў прамень святла, што прабіўся праз цёмныя суровыя дзверы і ніткай працягнуўся па мрамарнай падлозе. Яна вярнулася, бадай ці разумеючы, што робіць, але ўзахвочаная сваёй любоўю і горам, якое яны перажылі разам, але не падзялілі, і, злёгку ўзняўшы рукі і дрыжучы, яна прашмыгнула ў пакой.

Бацька сядзеў за сваім старым сталом у сярэднім пакоі. Ён парадкаваў нейкія паперы. Дождж цяжка біў у аконныя шыбы ў першым пакоі, дзе ён так часта сачыў за небаракам Полем, калі той быў дзіцем, і ціхія скаргі ветру чуліся знадворку.

Але ён іх не чуў. Ён сядзеў, утаропіўшы позірк на стол, у такой глыбокай задуменнасці, што поступ значна больш цяжэйшы, чым лёгкі крок яго дачкі, мог-бы не прыцягнуць яго ўвагі. Яго твар быў павернуты да яе. Пры святле дагараючай лямпы і ў гэту змрочную гадзіну ён здаваўся змораным і сумным; і ў гэтай поўнай адзіноце, што яго акружала, быў нейкі заклік да Фларэнс, які балюча адазваўся ў ёй.

— Тата! Тата! Пагаварыце са мною, дарагі тата!

Ён уздрыгануўся ад гуку яе голасу і ўсхапіўся. Яна стаяла перад ім з працягнутымі рукамі, але ён адхіснуўся.

— Што здарылася? — строга запытаўся ён. — Чаму вы прышлі сюды? Што вас напалохала?

Калі што-небудзь яе спалохала, дык гэта быў яго твар, павернуты да яе. Любоў, якая палымнела ў грудзях яго юнай дачкі застыла перад гэтым тварам, і яна стаяла і пазірала на яго, нібы скамянеўшы.

Не было ў ім ні намёку на пяшчоту або жаласць. Не было ні пробліску зацікаўленасці, бацькаўскага прызнання або спагады. Была ў гэтым твары перамена, але іншага характару. Ранейшая роўнадушнасць і халодная стрыманасць далі месца нечаму другому, чаму — яна не ўсведамляла, больш правільна, не мела права ўсведамляць.

Няўжо шалёная рэўнасць і ўражаны гонар атруцілі пяшчотныя ўспаміны, якія павінны былі прымусіць яго палюбіць яе і ёю даражыць? Ці магчыма, што, пры ўспаміне пра малютку-сына, яму пакутліва было глядзець на яе, такую прыгожую і поўную сіл?

У Фларэнс не было гэтых думак. Але любоў бывае зыркай, калі яна адхілена і безнадзейная, і надзея ў ёй памерла, у той час як яна стаяла, пазіраючы ў твар бацьку.

— Я ў вас пытаюся, Фларэнс, вы спалохаліся? Што-небудзь здарылася? Чаму вы прышлі сюды?

— Я прышла, тата…

— Насуперакі майму жаданню. Чаму?

Яна бачыла, што ён ведае, чаму, — гэта было выразна відаць па яго твары, — і з ціхім працяглым стогнам апусціла галаву на рукі.

Ён узяў яе за руку. Рука ў яго была халодная і вялая і амаль не сціскала яе рукі.

— Вы стаміліся, напэўна, — сказаў ён, беручы лямпу і праводзячы яе да дзвярэй, — і вам патрэбна адпачыць. Усім нам патрэбен адпачынак. Ідзіце, Фларэнс. Вам што-небудзь уявілася.

Калі што-небудзь і ўявілася, то цяпер яна ачнулася, і яна адчувала, што гэта ўжо больш ніколі не вернецца.

— Я астануся тут і пасвячу, пакуль вы будзеце падымацца па лесвіцы. Увесь дом там, наверсе, у вашым карыстанні, — павольна сказаў бацька. — Цяпер вы тут гаспадыня. Спакойнай ночы.

Усё яшчэ закрываючы твар, яна ўсхліпнула, адказала: «Спакойнай ночы, дарагі тата» і моўчкі пачала падымацца па лесвіцы.

Яму суджана ўспомніць аб гэтым у тым самым пакоі ў будучыя гады. Дождж, што барабаніць па даху, вецер, што стогне на дварэ, магчыма, прадракалі гэта сваім меланхалічным шумам.

У апошні раз, калі ён з гэтага самага месца сачыў за ёй, узыходзячай па лесвіцы, яна несла на руках свайго брата. Але цяпер яе адыход не гарнуў да яе яго сэрца; ён вярнуўся ў свой пакой, замкнуў дзверы, апусціўся ў крэсла і заплакаў аб сваім памёршым хлопчыку.

  1. Сувенір — падарунак на памяць.