Раздзел ХVIII. Бацька і дачка Раздзел ХІХ. Уолтэр ад'язджае
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел ХХ. Містэр Домбі прадпрыймае паездку

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХІХ

Уолтэр ад'язджае.

Драўляны мічман ля дзвярэй інструментальнага майстра, як і належала такому маленькаму з жорсткім сэрцам мічману, аставаўся надзвычай роўнадушным да ад'езду Уолтэра, нават тады, калі самы апошні дзень прабывання Уолтэра ў задняй гасцінай заканчваўся.

Шмат разоў Уолтэр, уваходзячы і выходзячы, паглядаў на яго з любоўю, а небарака стары Соль, калі Уолтэра не было дома, выходзіў і прыхінаўся да вушака дзвярэй, прыціскаючыся сваім парыком да самых спражак на чаравіках генія-абаронцы яго гандлю і крамы.

У Уолтэра цяжка было на сэрцы, калі ён абводзіў позіркам сваю старую спальню, там, наверсе, на ўзроўні дахаў і комінаў, і думаў аб тым, што пройдзе яшчэ адна ноч, якая ўжо надыходзіць, і ён расстанецца з ёю, магчыма, назаўсёды.

Але не варта было пакідаць дзядзьку ў маленькай задняй гасцінай, дзе ён сядзеў цяпер у адзіноце, бо капітан Катль, далікатны, не гледзячы на сваю грубаватасць, наўмысна, насуперак свайму жаданню, не з'явіўся, каб яны маглі пагаварыць удвух, без сведак. Таму Уолтэр, які толькі што вярнуўся дадому пасля дня, поўнага перадад'ездных клопатаў, паспешна спусціўся да яго.

— Дзядзя, — весела сказаў ён, паклаўшы руку на плячо старому, — што вам прыслаць з Барбадоса?

— Надзею, дарагі мой Уолі. Надзею, што мы яшчэ спатжаемся на гэтым свеце.

— Я гэта зраблю, дзядзя; у мяне яе хопіць з лішкам, і я не паскуплюся! А што датычыць жывых чарапах, ці пунша капітана Катля, салодкіх кансерваў для вас і ўсякіх такіх рэчаў, то я буду прысылаць цэлымі караблямі, калі разбагацею.

Стары Соль выцер акуляры і слаба ўсміхнуўся.

— Вось і вельмі добра, дзядзя! — весела ўсклікнуў Уолтэр і яшчэ разоў шэсць хлопнуў яго па плячы. — Вы падбадзёрваеце мяне — я падбадзёру вас!

— Уолі, дарагі мой хлопчык, — абазваўся стары, — зраблю ўсё, што змагу, я зраблю ўсё, што змагу.

— Калі вы зробіце тое, што зможаце, дзядзя, — сказаў Уолтэр са сваім прыемным смехам, — то гэта лепш, што можа быць. Вы не забудзецеся, дзядзя, што вы мне павінны пасылаць?

— Не, Уолі, не, — адказаў стары, — аб усім, што я даведаюся пра міс Домбі, цяпер, калі яна асталася адна, — няшчасная! — я буду пісаць. Але думаю, гэтага будзе мала, Уолі.

— Ну, дык вось што я вам скажу, дзядзя, — пачаў Уолтэр пасля нядоўгага хістання: — я толькі што заходзіў туды.

— Ну, што-ж? — прамармытаў стары, падымаючы бровы, а з імі і акуляры.

— Не для таго, каб убачыць яе, — прадаўжаў Уолтэр, — хоць, бадай, я мог-бы яе ўбачыць, калі-б паспрабаваў, бо містэр Домбі не ў горадзе, а для таго, каб развітацца з С'юзен. Я, ведаеце, думаў, што магу на гэта адважыцца пры даных акалічнасцях і калі ўспомніць той дзень, калі я апошні раз бачыў міс Домбі.

— Так, мой хлопчык, так, — адказаў дзядзька, ачнуўшыся ад задумення.

— І я яе бачыў, — прадаўжаў Уолтэр. — Я маю на ўвазе С'юзён; і сказаў ёй, што заўтра ад'язджаю. І я дадаў, дзядзя, што вы заўсёды цікавіліся міс Домбі з таго самага вечара, як яна пабыла тут, і заўсёды жадалі ёй здароўя і шчасця, і заўсёды будзеце лічыць за гонар і прыемнасць зрабіць ёй хоць якую-небудзь паслугу; мне, ведаеце, здавалася, што я магу гэта сказаць пры даных акалічнасцях. Як вы думаеце?

— Так, мой хлопчык, так, — адказаў дзядзька тым-жа тонам, што і раней.

— І я дадаў, — прадаўжаў Уолтэр, — што калі яна, — я маю на ўвазе С'юзен, — калі-небудзь паведаміць вас, сама або праз місіс Рычардс або праз каго-небудзь іншага, хто загляне ў гэтыя краі, што міс Домбі здарова і шчасліва, вы будзеце вельмі ўдзячны і напішаце пра гэта мне, і я таксама буду ўдзячан. Вось і ўсё! Чэснае слова, дзядзя, — сказаў Уолтэр, — у мінулую ноч я амаль не спаў, таму што думаў пра гэта; а вышаўшы з дому, ніяк не мог вырашыць, зрабіць гэта ці не. І, аднак, я ўпэўнен, што гэта было шчырае, сардэчнае маё жаданне, і ў выніку я быў-бы вельмі няшчаслівы, калі-б не задаволіў яго.

Яго чыстасардэчны голас і тон адпавядалі яго словам і сцвярджалі іх праўдзівасць.

— Дык вось, дзядзя, калі вы яе калі-небудзь убачыце, — сказаў Уолтэр, — цяпер я маю на ўвазе міс Домбі, магчыма, вы яе ўбачыце, хто ведае? — дык перадайце, як я спачуваў, як шмат я пра яе думаў, калі быў тут, як я гаварыў пра яе са слязмі на вачах, дзядзя, у гэты апошні вечар перад ад'ездам. Перадайце ёй, як я гаварыў аб тым, што ніколі не забуду яе ласкаага абыходжання, яе цудоўнага твара і — што лепш за ўсё — яе вялікай дабраты. І таму, што гэтыя чаравікі я ўзяў не ў жанчыны і не ў маладой лэдзі, а толькі ў нявіннага дзіцяці, — прадаўжаў Уолтэр, — скажыце ёй, калі можна, дзядзя, што я іх захаваў — яна ўспомніць, як часта яны звальваліся з ног у яе ў той вечар — і павёз з сабой на ўспамін!

У гэты самы момант яны накіроўваліся ў дарогу ў адным з куфэркаў Уолтэра. Насільшчык, які адвозіў яго багаж на каламажцы, каб пагрузіць яго на прыстані на борт «Сына і Наследніка», заўладаў імі і, перш чым гаспадар іх паспеў дагаварыць фразу, павёз іх з-пад самага носа бяздушнага Мічмана.

Але гэтаму старому мараку можна дараваць за яго нячулыя адносіны да скарбу, які вывозілі, бо ў той-жа момант перад яго носам, якраз у полі яго зроку, з'явіліся Фларэнс і С'юзен Ніпер; Фларэнс не без страху зірнула яму ў твар і ўбачыла яго драўлянае напружанае вока.

Мала таго: яны ўвайшлі ў краму і падышлі да дзвярэй гасцінай нікім не заўважаныя, апрача Мічмана. І Уолтэр, які сядзеў спіною да дзвярэй, і цяпер не даведаўся-б аб іх з'яўленні, калі-б не ўбачыў, як дзядзька ўсхапіўся з крэсла і ледзь не паваліўся, наляцеўшы на другое крэсла.

— Ах, дзядзя! — крыкнуў Уолтэр. — Што здарылася?

Стары Саламон адказаў:

— Міс Домбі!

— Ці можа гэта быць? — усклікнуў Уолтэр, азірнуўшыся і ўсхапіўшыся ў сваю чаргу. — Тут?!

Так, гэта было і магчыма і несумненна, бо, не паспелі гэтыя словы вырвацца з яго вуснаў, як міма яго прабегла Фларэнс, схапіла дзядзьку Соля абодвума рукамі за адвароты табачнага колеру, моцна пацалавала яго ў шчаку і, павярнуўшыся, працягнула руку Уолтэру з простадушнай шчырасцю і сур'ёзнасцю, уласцівымі толькі ёй і больш нікому на свеце!

— Ад'язджаеце, Уолтэр? — сказала Фларэнс.

— Так, міс Домбі, — адказаў ён, але не так бадзёра, як-бы яму хацелася, — мне трэба рушыць у падарожжа.

— А ваш дзядзя, — сказала Фларэнс, азірнуўшыся на Саламона, — зразумела, ён засмучаны тым, што вы ад'язджаеце. Ах, я бачу, што так яно и ёсць! Дарагі Уолтэр, я таксама вельмі засмучана.

— Божа мой! — усклікнула міс Ніпер. — Столькі на свеце людзей, без якіх нам можна абыйсціся; вось, напрыклад, місіс Піпчын, як наглядчыцу, варта было-б набыць, а калі патрэбна ўменне абыходзіцца з чорнымі нявольнікамі, гэтыя Блімберы — самыя падыходзячыя людзі.

Гаворачы гэта, міс Ніпер развязала істужкі капялюшыка і, няўважліва глянуўшы ў маленькі чорны чайнік, які стаяў на стале разам са звычайным простым сервізам, трасянула галавой і бляшанай чайніцай і, не чакаючы просьбы, пачала заварваць чай.

Тым часам Фларэнс зноў павярнулася да інструментальнага майстра, які быў і зачарованы, і здзіўлены.

— Як вырасла! — сказаў стары Соль. — Якой прыгожай стала! І, аднак, не перамянілася! Усё такая самая!

— Няўжо? — сказала Фларэнс.

— Та-ак, — адказваў стары Соль, павольна паціраючы рукі і абмяркоўваючы гэтае пытанне ўпоўголаса, калі задуменны позірк бліскучых вачэй, накіраваны на яго, прыцягнуў яго ўвагу. — Так, той самы выраз на твары быў і ў больш юныя гады!

— Вы мяне памятаеце, — з усмешкай сказала Фларэнс, — памятаеце, якой малюткай я тады была?

— Дарагая мая юная лэдзі, — абазваўся інструментальны майстар, — ці мог я пра вас забыцца, калі я так часта пра вас думаў і чуў з таго часу? Ды і ў тую-ж самую хвіліну, калі вы ўвайшлі, Уолі гаварыў мне пра вас і даваў даручэнне да вас.

— Праўда? — сказала Фларэнс. — Дзякую вам, Уолтэр. О, дзякую вам, Уолтэр! Я думала, што вы паедзеце і не ўспомніце пра мяне.

І зноў яна працягнула яму маленькую ручку так вольна і так даверліва, што Уолтэр затрымаў яе на некалькі секунд у сваёй руцэ і ніяк не мог яе выпусціць.

— Мне здаецца, што я не змагу называць вас інакш, чым дзядзем Уолтэра, сэр, — сказала Фларэнс старому, — калі вы мне дазволіце.

— Мая дарагая юная лэдзі! — усклікнуў стары Соль. — Калі я вам дазволю! Госпадзі божа мой!

— Мы заўсёды ведалі вас пад гэтым імем і так пра вас і гаварылі, — сказала Фларэнс, азіраючыся вакол і ціха ўздыхаючы. — Любая старая гасціная! Усё такая самая! Як я яе добра памятаю!

Настала кароткае маўчанне. С'юзен Ніпер спрытна вывудзіла з буфета яшчэ дзве чашкі і два сподкі і з задумлівым выглядам чакала, калі настоіцца чай.

— Я хачу сказаць дзядзю Уолтэра, — прадаўжала Фларэнс, нясмела кладучы ручку на руку старога, якая ляжала на стале, каб прыцягнуць яго ўвагу, — аб тым-сім, што мяне турбуе. Хутка ён астанецца адзін, і калі ён дазволіць мне… не замяніць Уолтэра, бо гэтага я не магла-б зрабіць, але быць яму верным сябрам і ўсцяшаць яго як хопіць сілы ў часе адсутнасці Уолтэра, — я буду яму вельмі ўдзячнай. Добра? Вы дазволіце, дзядзя Уолтэра?

Інструментальны майстар моўчкі паднёс яе руку да сваіх губ, а С'юзен Ніпер, злажыўшы накрыж рукі і адкінуўшыся на спінку старшынскага крэсла, якое яна сама сабе прызначыла, сцяла зубамі істужку капялюшыка і ціха ўздыхнула, пазіраючы на акно ў столі.

— Вы дазволіце мне наведваць вас, — прадаўжала Фларэнс, — калі будзе мне выпадак, і вы будзеце расказваць мне ўсё пра сябе і пра Уолтэра; і ў вас не будзе ніякіх сакрэтаў ад С'юзен, калі яна прыдзе замест мяне, і вы будзеце шчырым з намі, будзеце нам давяраць і звярацца на нас? І вы дазволіце нам быць уцяшэннем для вас? Дазволіце, дзядзя Уолтэра?

Мілы твар, павернуты да яго, ласкава ўпрашваючыя вочы, пяшчотны голас і лёгкі дотык да яго рукі (усё гэта здавалася яшчэ больш прывабным дзякуючы дзіцячай пашане яго старасці), а таксама ўласцівая ёй сур'ёзнасць зрабілі такое моцнае ўражанне на небараку старога інструментальнага майстра, што ён толькі адказаў:

— Уолі, скажыце за мяне слаўцо, любы мой. Я вельмі ўдзячан.

— Не, Уолтэр, — з ціхай усмешкай запярэчыла Фларэнс. — Калі ласка, не гаварыце за яго. Я яго добра разумею, і мы павінны навучыцца размаўляць адзін з другім без вас, дарагі Уолтэр.

Сумны тон, якім яна сказала гэтыя апошнія словы, расчуліў Уолтэра больш, чым усё астатняе.

— Міс Фларэнс, — сказаў ён, стараючыся набыць тую бадзёрасць, якую захоўваў у часе размовы з дзядзькам, — дапраўды-ж, я ведаю не больш, чым дзядзя, як дзякаваць за такую дабрату. Але нарэшце, каб я здолеў гаварыць цэлую гадзіну, я толькі-б мог сказаць, што пазнаю вас у гэтым!

С'юзен Ніпер узялася за другую істужку капялюшыка і кіўнула акну ў столі ў знак ухвалы выказанага пачуцця.

— Ах, Уолтэр, — сказала Фларэнс, — але я хачу яшчэ што-колечы вам сказаць перад вашым ад'ездам, і, калі ласка, завіце мяне Фларэнс і не размаўляйце са мною, як з чужым чалавекам.

— Як з чужым чалавекам! — паўтарыў Уолтэр. — Не, я не мог-бы так гаварыць. У кожным разе я, зразумела, не мог-бы так адчуваць.

— Так, але гэтага мала, і я не гэта маю на ўвазе. Зразумейце, Уолтэр, дадала Фларэнс, заліваючыся слязмі, — ён быў вельмі прывязаны да вас і, паміраючы, сказаў, што любіць вас і сказаў: «Не забывайце Уолтэра!», і калі вы будзеце мне братам, Уолтэр, цяпер, калі ён памёр і ў мяне нікога не асталося на свеце, я буду вам сястрой да канца жыцця і буду думаць аб вас, як аб брату, дзе-б мы з вамі не былі!

І з мілым простадушшам яна працягнула яму абедзве рукі. Уолтэр узяў іх, нахіліўся і дакрануўся губамі да заплаканага твара, які не адхіліўся, не адвярнуўся, не пачырванеў пры гэтым, але быў павернут да яго даверліва і шчыра.

С'юзен Ніпер, якая ўзяла ў рот адразу абедзве істужкі капялюшыка і ў часе гэтай гутаркі выказала многія свае пачуцці акну ў столі, змяніла тэму, запытаўшыся, хто хоча малака, а хто цукру; атрымаўшы адказ на гэтыя пытанні, яна пачала разліваць чай. Усе чацвёра па-сяброўску селі за маленькі стол і пачалі піць чай пад зыркім наглядам гэтай маладой лэдзі.

Поўгадзіны таму назад Уолтэр нізавошта на свеце не асмеліўся-б назваць яе па імю. Але ён мог гэта зрабіць цяпер, калі яна папрасіла яго аб гэтым. Ён мог думаць пра яе прысутнасць тут без патаемных асцярог, што, бадай, лепш было-б не прыходзіць. Ён мог спакойна думаць аб тым, якая яна прыгожая, якая чароўная і які надзейны прытулак знойдзе ў яе сэрцы які-небудзь шчаслівец.

Нейкая чараўнічая сіла кіравала рукамі С'юзен Ніпер, якая разлівала чай і параджала той дух супакаення, які панаваў у задняй гасцінай, калі пілі чай.

У часе развітання, Фларэнс коратка паўтарыла старому ўсё, што гаварыла раней, і ўзяла ад яго клятву захоўваць дагавор. Дзядзька Соль любоўна праводзіў яе да ног Драўлянага Мічмана і тут саступіў Уолтэру, які ўзяўся давесці яе і С'юзен Ніпер да карэты.

— Уолтэр, — сказала па дарозе Фларэнс, — я пабаялася запытацца пры вашым дзядзі. Як вы думаеце, вы едзеце вельмі надоўга?

— Дапраўды, не ведаю, — сказаў Уолтэр. — Думаю, што надоўга. Мне здаецца, містэр Домбі меў гэта на ўвазе, назначаючы мяне.

— Гэта — знак прыхільнасці, Уолтэр? — пасля нядоўгага вагання запыталася Фларэнс, з трывогай заглядаючы яму ў твар.

— Назначэнне? — абазваўся Уолтэр.

— Так.

Больш за ўсё на свеце Уолтэру хацелася-б даць сцвярджальны адказ, але яго твар адказаў раней, чым губы, а Фларэнс пазірала на яго вельмі ўважліва, каб не зразумець адказу.

— Баюся, што вы бадай ці былі любімцам таты, — нясмела сказала яна.

— Няма ніякіх падстаў, каб я ім быў, — з усмешкай адказаў Уолтэр.

— Ніякіх падстаў, Уолтэр?!

Не было ніякіх падстаў, — сказаў Уолтэр, адгадваючы яе думкі. — Шмат людзей служыць у фірме. Паміж містэрам Домбі і такім маладым чалавекам, як я, адлегласць велізарная. Калі я выконваю свой абавязак, я раблю тое, што павінен рабіць, і раблю не больш, чым усе астатнія.

Ці не было ў Фларэнс апасак, якія яна бадай ці разумела, апасак, якія прынялі невыразную і няпэўную форму з той нядаўна мінуўшай ночы, калі яна ўвайшла ў пакой бацькі, — апасак, што выпадковая зацікаўленасць да яе Уолтэра і даўняе яго знаёмства з ёю маглі навесці на яго гэта грознае нездавальненне і непрыязнь? Ці не было якіх падазронасцей у Уолтэра і ці не прамільгнула ў яго думка, што яны ўзніклі ў яе ў той момант? Ні ён, ні яна аб гэтым не сказалі ні слова.

— Магчыма, што вы вельмі хутка вернецеся, Уолтэр, — сказала Фларэнс.

Магчыма, я вярнуся старым, — сказаў Уолтэр, — і ўбачу вас пажылой лэдзі. Але я спадзяюся на лепшае.

— Тата, — памаўчаўшы, сказала Фларэнс, — магчыма… аправіцца ад гора і калі-небудзь загаворыць са мною больш адкрыта; і калі гэта здарыцца, то я скажу яму, як мне вельмі хочацца, каб вы вярнуліся, і папрашу выклікаць вас.

У гэтых словах пра бацьку была чуллівая няўпэўненасць, якую Уолтэр вельмі добра зразумеў.

Таму што яны падышлі да карэты, ён расстаўся-б з ёю моўчкі, бо зразумеў цяпер, што значыць разлука; але Фларэнс, усеўшыся, затрымала яго за руку.

— Уолтэр, — сказала яна, пазіраючы яму ў твар ласкавымі вачыма, — я, як і вы, спадзяюся на лепшую будучыню. Я буду маліцца аб гэтым і веру, што яна прыдзе. Гэты маленькі падарунак я падрыхтавала для Поля. Калі ласка, вазьміце яго разам з маёй любоўю і не глядзіце яго, пакуль не паедзеце. Не забывайцеся пра мяне. Вы сталі для мяне братам, любы Уолтэр!

Ён быў рад, што між імі з'явілася С'юзен Ніпер, інакш у Фларэнс мог-бы астацца сумны ўспамін пра яго. І ён быў рад, што яна больш не выглядала з акна карэты і толькі махала яму сваёй маленькай ручкай, пакуль ён мог яе бачыць.

Не гледзячы на яе просьбу, ён не ўтрымаўся і ў той-жа вечар, кладучыся спаць, раскруціў пакунак. І ў пакунку ён знайшоў маленькі кашалёк, а ў кашальку былі грошы.

Ва ўсім бляску ўстала раніцою сонца пасля звароту свайго з чужых краін, і разам з ім устаў і Уолтэр, каб упусціць капітана, які ўжо стаяў ля дзвярэй.

— Уольр, — сказаў капітан, калі яны селі за стол, — калі ваш дзядзька такі, якім я яго лічу, ён з прычыны гэтай падзеі дастане апошнюю бутэльку той мадэры.

— Не, Нэд! — запярэчыў стары. — Не! Я яе адкаркую, калі вернецца Уолтэр!

— Добра сказана! — усклікнуў капітан. — Слухайце яго!

— Там ляжыць яна, — прадаўжаў Соль Джылс, — у склепіку, зарослая пылам і павуціннем. І магчыма, і мы з вамі Нэд, зарасцём пылам і павуціннем, перш чым яна ўбачыць свет.

— Слухайце яго! — крыкнуў капітан. — Цудоўнае настаўленне! Уольр, мой хлопчык! Вырошчвайце смакоўніцу[1] так, як ёй належыць расці, а калі пастарэеце, будзеце сядзець у цяньку. Перагартайце… Аднак, — падумаўшы, сказаў капітан, — я не зусім упэўнены ў тым, дзе гэта можна знайсці, але калі знойдзеце — адзначце. Соль Джылс, валяйце далей!

— Але там або дзе-небудзь у іншым месцы яна праляжыць да таго часу, Нэд, пакуль Уолі не вернецца і не папросіць яе, — сказаў стары. — Вось і ўсё, што я хацеў сказаць.

— І надзвычай добра сказалі, — абазваўся капітан, — і калі мы трое не разап'ём гэтай бутэлькі ў кампаніі, я дазваляю вам абодвум выпіць маю частку!

Капітан баяўся астацца сам-на-сам з дзядзькам або пляменнікам; здавалася, ён лічыў, што адзіны яго шанс на бяспечнасць, — паколькі справа тычылася захавання прыстойнасці, — заключаецца ў тым, каб усе трое ўвесь час былі разам. Гэты жах, які перажываў капітан, прывёў да астраумных выхадак: калі Саламон пайшоў апранаць паліто, ён падбег да дзвярэй, нібы для таго, каб зірнуць на праязджаўшую незвычайную наёмную карэту, і выбег на вуліцу нібы з тае прычыны, што з суседняга коміна даходзіць пах гарэлай сажы, калі Уолтэр падняўся наверх, каб развітацца з жыхарамі. Гэтыя хітрыкі капітан Катль лічыў недаступнымі разуменню ўсякага не ўведзенага ў курс справы гледача.

Развітаўшыся з верхнімі жыхарамі, Уолтэр спусціўся ўніз і праходзіў праз краму, накіроўваючыся ў маленькую гасціную, як раптам убачыў знаёмы яму завяўшы твар, які заглянуў з вуліцы, і кінуўся да яго.

— Містэр Каркер, — усклікнуў Уолтэр, паціскаючы руку Джону Каркеру-малодшаму. — Увайдзіце, калі ласка! Вельмі прыязна з вашага боку прыйсці сюды так рана, каб развітацца са мною.

— Бадай ці сустрэнемся мы яшчэ калі-небудзь, Уолтэр, — адказаў той, ухіляючыся ад яго запрашэння. — Я адважваюся гаварыць з вамі і паціснуць вам руку перад разлукай. Больш мне не давядзецца стрымліваць вашыя шчырыя спробы да збліжэння, Уолтэр.

— Ах, сэр Каркер! — адказаў Уолтэр. — Навошта вы працівіліся? Вы маглі зрабіць мне толькі дабро, у гэтым я ўпэўнен.

Той паківаў галавой.

— Калі-б я мог зрабіць што-небудзь добрае на гэтым свеце, — сказаў ён, — я зрабіў-бы для вас, Уолтэр.

— Увайдзіце, містэр Каркер, і пазнаёмцеся з маім слаўным старым дзядзем, — дамагаўся Уолтэр. — Я часта гаварыў яму пра вас, і ён будзе рад паўтарыць вам усё, што чуў ад мяне. Я нічога не гаварыў яму, — дадаў Уолтэр, заўважыўшы яго замяшанне і збянтэжыўшыся сам, — я нічога не гаварыў яму пра нашу апошнюю размову, містэр Каркер; нават яму не гаварыў, паверце мне!

Сівы Каркер-малодшы сціснуў яму руку, і слёзы выступілі ў яго на вачах.

— Калі я калі-небудзь і пазнаёмлюся з ім, Уолтэр, — адказаў ён, — то толькі для таго, каб атрымаць вестку пра вас. Будзьце ўпэўнены, што я не злоўжыву вашай спагадлівасцю і ўвагай. Я злоўжыў-бы імі калі-б не расказаў яму ўсёй праўды, перш чым дамагацца яго давер'я. Але, апрача вас, у мяне няма ні сяброў, ні знаёмых, і нават дзеля вас я бадай ці стаў-бы іх шукаць.

— Мне-б хацелася, — сказаў Уолтэр, — каб вы сапраўды дазволілі быць мне вашым сябрам. Я, як вам вядома, містэр Каркер, заўсёды гэтага хацеў, але ніколі не жадаў гэтага так моцна, як цяпер, калі нам трэба расстацца.

— Досыць таго, што я ў душы лічу вас сваім сябрам, — адказаў той, — і чым больш я ад вас стараніўся, тым больш схілялася да вас маё сэрца і было напоўнена пачуццямі да вас, Уолтэр. Бывайце!

— Бывайце, містэр Каркер! — з хваляваннем усклікнуў Уолтэр.

Нарэшце, няўмольны хранометр паказаў, што Уолтэр павінен павярнуцца спіной да Драўлянага Мічмана; і яны рушылі — ён сам, дзядзя і капітан — у наёмнай карэце да прыстані.

На «Сыне і Наследніку» была беганіна: парусы ляжалі на мокрай палубе, людзі спатыкаліся аб ненацягнутыя канаты, мітусіліся босыя матросы ў чырвоных сарочках, а ў самым цэнтры сумятні быў чорны кок у чорным камбузе, які завяз па вушы ў гародніне і поўаслеп ад дыму.

Капітан адразу-ж павёў Уолтэра ў куток і з вялікім намаганнем, ад якога твар у яго вельмі расчырванеўся, выцягнуў срэбны гадзіннік, які быў такі вялікі і так туга засунуты ў кішэню, што выскачыў адтуль, як утулка.

— Уольр, — сказаў капітан, працягваючы яго і шчыра паціскаючы яму руку, — развітальны падарунак, мой хлопчык. Пераводзьце яго на поўгадзіны назад кожную раніцу і прыкладна на чвэртку гадзіны вечарам, і гэтым гадзіннікам вы будзеце ганарыцца.

— Капітан Катль! Я не магу яго ўзяць! — закрычаў Уолтэр, стрымліваючы яго, бо той хацеў уцячы. — Калі ласка, забярыце яго. У мяне ёсць гадзіннік.

— У такім выпадку, Уольр, — сказаў капітан, раптам засунуўшы руку ў адну з кішэнь і выцягнуўшы дзве чайныя лыжкі і шчыпцы для цукру, якімі ён узброіўся на выпадак такога адмаўлення, — вазьміце замест гадзінніка вось гэту дробязь з сталовага срэбра.

— Не, сапраўды не магу! — усклікнуў Уолтэр. — Тысячу разоў дзякую! Не выкідайце іх, капітан Катль! — бо капітан збіраўся шпурнуць іх за борт. — Вам яны спатрэбяцца значна больш, чым мне. Дайце мне ваш кій. Я часта думаў, што добра было-б мець такі. Ну, вось! Бывайце, капітан Катль! Шануйце дзядзю! Дзядзя Соль, ды благаславіць вас бог!

У мітусні яны пакінулі карабль, перш чым Уолтэру ўдалося яшчэ раз на іх зірнуць; а калі ён пабег на карму і паглядзеў ім услед, ён убачыў, што дзядзя сядзіць, пануры, у лодцы, а капітан Катль пастуквае яго па спіне велізарным срэбным гадзіннікам (напэўна, гэта было вельмі балюча) і бадзёра жэстыкулюе чайнымі лыжкамі і шчыпцамі для цукру. Убачыўшы Уолтэра, капітан Катль з поўным роўнадушшам упусціў свае каштоўнасці на дно лодкі, яўна забыўшыся аб іх існаванні, і, зняўшы глянцавіты капялюш, гучна вітаў яго. Глянцавіты капялюш вельмі эфектна ззяў на сонцы, і капітан не пакідаў махаць ім, пакуль не схаваўся з віду.

  1. Смакоўніца — пладовае дрэва; сушаныя плады смакоўніцы — інжыр, вінная ягада.