Досьвіткі (1926)/Багатая пчэльня

Сасна Багатая пчэльня
Апавяданьне
Аўтар: Максім Гарэцкі
1926 год
Датуецца 1921 годам.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Багатая пчэльня

Мой сад калодамі абведзен медных пчол, што гаманяць, як неўгамонныя музыкі…Янка Купала.


А то вось яшчэ: жыў у часе паншчыны адзін заможны зямец.

Аддзяліўшыся ад бацькі, меў ён толькі хатку, хлявок ды пуньку. Тады разьвёў садок, дастаў ад свайго цесьця ў пасаг за жонкай дзьве калоды пчол, паставіў у садку і год за годам аграбаў раёў.

За гады тры было ў яго калод дзесяць. А забівала дарагоўля на вульлі. Добрая калода каштавала на той час сярэбраны рубель — дужа вялікія грошы. А плеценых з саломы зямец гэты ня любіў: бо ў іх пчолы не вядуцца і мёд гарчэйшы Дык ён набываў вульлі ў пана ў абмен на мёд, а ў іншых зямцоў — на адработ.

За гадоў колькі ля яго двара гуд гудзеў: вульлі стаялі і ў садку, і пад стрэшкаю ля пуні, і на ўзьмежках на гародзе, і за плотам. Пчолы яго заміналі суседзям працаваць, кусалі коні, калі трэба гараць гарод, дзяцей кусалі, а часам і вялікіх людзей, асабліва баб. Наогул зрабілася тут з імі цесна. Дык зямец мусіў вынасіцца ў лес, на расьцярэбы. Ўзяў у пана права на лапічак у лесе ў расьцярэбах, за дзесяць пуд мядовай дані ў год, і разьвёў там пчэльню.

Умеў-жа ён хадзіць ля пчол!

Ня бывала гэткіх прыпадкаў, каб у яго пчолы паміралі ўзімку, ці каб гнілец калі ўчапіўся. Не рабіў ён прагавітае падлазкі, не пакідаў пчалу на голад, умеў абараніць яе ад ворага. Сам-жа нt займаўся ніякімі валхебамі і не хадзіў у сьцюжу прасьвердліваць вульлі суседу.

Ведама, другім зямцам, злосьнікам, завідасьць спакою не давала. Яны й паспрабавалі ваяваць…

Унадзіўся адзін, гэткі-то, хадзіць к яму як-бы па дружбе. Хадзіў-хадзіў, дружыў-дружыў, дый зрабіў ліха. У самую пільную пчаліную пару ўлетку, залез украдня ў ночы на яго пчэльню, абмазаў на вульлёх усе ходцы, лазы, лётку і тваркі сьмярдзючым салам і атручаным, дурманным мёдам, а сваіх пчол перад тым пачаставаў гарэлкаю ды імбіром, каб лютасьці набраліся. Прышоў дзянёк… Як паглядзеў зямец, што дзеецца, за галаву хапіўся! Поўзаюць яго пчолы, як сонныя мухі ў восень, а нечыя чужыя так і сякуць іх, так і сякуць, і мёд з вульлёў цягаюць. Доўга не чакаючы, пашоў ён сьледам за чужымі пчоламі і — прост к суседу-ліхадзею.

— Што-ж ты гэта, браце, нарабіў?!

Хацеў спачатку той адперціся, што і пчолы не яго, што і ведаць нічога ня ведае. Але трудна яму адпірацца, калі ўсё відаць. Ну й кажа:

— Памірымся, кажа, толькі пану не пажалься.

— Каб ты мяне самога адурманіў ці пабіў, нікому жаліцца ня стаў-бы, адказаў ён ліхадзею, — але за пчолак, безбаронных, нявінных жывёлінак, ці-ж можна дараваць?

— Што-ж ты мне ўчыніш? — пытаецца той.

— Калі адробіш зараз сваю нягодную. работу, дык нічога ня ўчыню, забудуся на ўсё.

Убачыў ліхадзей, што злое не ўдалося, схапіў бярэма гунек, посьцілак, мяхоў, абвязаў свае калоды, каб яго п‘яныя пчолы ня мелі выйсьця, потым кінуўся з мятнаю вадою да атручанае пчэльні, пазмыў, пазмыў, што там напэцкаў, і кажа:

— Даруй, братка! Дзесятаму закажу… Толькі пан няхай нічога ня ведае!..

Нікому не пажаліўся зямец, тым справа й скончылася.

Таксама ніколі ня бывала, каб у таго зямца раі ўцякалі. Другі зямец бяжыць за роем з мокраю саломаю і кропіць, каб рой спусьціўся, сеў-бы, А рой ляціць сабе, ані-гу-гу. Ляціць у лес або ў чужы навужнік, падымаецца, як птушка, — і толькі яго бачылі. У яго-ж гэтак ні разу ня было. Заўсёды роя дапільнуе, ціхенька на сваім месцы аграбе, і свае хатнія часам ня ведаюць, што сёньня быў раёк ці колькі іх. З тых, што робяць з роем гармідару, ён толькі пасьмяхаецца. — Што гэта, кажа, за такі зямец, што гоніцца за сваім роем аблаваю. — А траплялася-ж бывала, даўным часам, што няўдалыя зямцы і стрэльбаю стралялі, дагнаўшы роя верхам на кані, каб ён спусьціўся. І шкода, і сьмех, як рой ляціць, а людцы турацца за ім — з сярпамі, сечкамі, нажамі, бляхамі, і-і звоняць, балабоняць, крычаць: „Каб сеў! Каб сеў! Сеў-паў! Сеў-паў!“ Як быццам рой іх словы разумее? Галасу, можа, часам і спалохаецца, а прыказкаю рады не дасі.

Разьвёўшыся на пасеку ў панскіх расьцярэбах, зямец плаваў у мяду. Быў-жа тараваты: даць мёду не жалеў нікому. Даваў бедным людзём мёду на лекі, вузы прыкладваць на пухліну… Падлазіўшы, бывала, не шкадаваў ані сваім, ані чужым. Толькі ня любіў, калі хто лез к яму ў рабоце. Дый самі пчолкі, як ведама, ня любяць староньніх воч. Пчэльню ён абгарадзіў такім парканам, што ў шчыліну нічога ня відно, што там зямец робіць. Дзьверцы былі заўсёды зачынены.

І хораша-ж было ў яго на пчэльні! Навакола з трох бакоў працярэбленая лесасека, з чацьвертага боку — ляда з грэчкаю, палі, лугі ды сенажаці. Самае пчалінае жыцьцё. Улетку зьвініць пчэльня, як адзін рой, дрыжыць, як музыка, — нават трудна і сказаць, якое салодкае там хараство. Стаялі там на пасецы старыя раскідзістыя дрэвы, было шмат кустоў ляшчыньніку, абросшы высокаю пахучаю травою. Ліпы там цьвілі, многа дзятліны пасела на самых галах, мядуніцаю заўсёды пахла, і ўсякіх дрэў і красак было даволі. Па ўсёй пчэльні або стаялі вульлі-стаякі, прывязаныя к дрэву ці к таўстому каляку, або на козлах аблягліся вялікія лежакі, і ўсе калоды былі добра дагледжаны, пакрыты бяростаю ці яловаю карою. З краю пчэльні, пры самых дзьверцах, стаяла пунька з пустымі вульлямі і з рознымі пчалярскімі прыладамі, у якой заўсёды надта прыемна пахла добрым зельлем, мятаю, мядуніцаю, мядком. Побач з пуняю стаяла невялічкая хацінка, дзе начаваў зямец улетку, а ўзімку жылі слабыя пчолы ў пастаўленых стоцьма і шчытна адна ля аднае калодках.

Сумны канец мела гэтая слаўная пчэльня, як і многае тады, у тым мінулым часе.

Дзед-зямец мог-бы адкупіцца ад паноў на вольніцу, ды, на жаль, не адкупіўся. Ці ён баяўся, што пан злупіць з яго вялікія грошы і згоніць далоў з пчэльні, ці ён прост ня мог сабе асвоіць думкі, што можа быць із цэлым родам вольны, незалежны ад паноў.

Прышла яго старасьць, і перад сьмерцю хацеў зямец адказаць усю пчэльню аднаму старэйшаму сыну, а двум другім — усё іншае дабро. Але пан загадаў, каб падзяліў ён пчэльню між усіх траіх, — мусіць, разьлічаў з траіх зямцоў больш дані браць, чым з аднаго.

Не хацеў зямец дзяліць пчэльню, дужа не хацеў.

— Калі я, кажа, пчолак падзялю, загіне ўся мая пчэльня, бо тыя два сыны зусім нязручныя ля пчол хадзіць.

І як толькі ні даводзіў ён дурному пану, што дзяліць ня варта, але як і жонка яшчэ навя́лілася, каб дзяліў так, як пан кажа, каб ня крыўдзіў меншых сыноў, — прысілены быў падзяліць.

Аж як ён прарочыў, так і сталася. Занядбалі сваіх пчолак маладзейшыя сыны, — ведама, іх сэрца да гэтай справы ня хілілася. Сталі ў іх пчолы паміраць, то з голаду, то з недагляду, ад мышэй, ад зьвяроў, а пад канец усунуўся гнілец. Як ні стараўся той старэйшы брат, ня мог даць рады. Перакінуўся гнілец і на яго часьціну. Гадоў за дзесяць пагінула ўся пчэльня. Адабраў пан пасеку, і за гадоў дваццаць пяць парос на ёй густы ельнік ды бярэзьнік.