Досьвіткі (1926)/Сасна
← Трасца | Сасна Апавяданьне Аўтар: Максім Гарэцкі 1926 год |
Багатая пчэльня → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сасна (Гарэцкі). |
Сасна
І ёсьць на нашым полі вялізная кучматая сасна, старая-прастарая. Стаіць яна ўбаку ад новае дарогі, там, дзе калісь праходзіў стары шлях. Гаспадар шнура, на якім яна прышлася, даўно зьвёў-бы яе со сьвету, каб не баяўся, што ад гэтага яму трапіцца нейкая бяда. Дый усе людзі так прызвычаіліся бачыць гэтую сасну, што без яе, здаецца, і поле нашае было-б ня тое.
Вось аб гэтай-то сасьне многа чаго кажуць старыя людзі, спамінаючы стары, даўнамінулы час.
Яшчэ да вольніцы жыў у нашай вёсцы заможны гаспадар. Шмат грошы назьбіраў ён за сваё жыцьцё, бо скнарыца быў — што няхай такіх ня будзе. Прадасьць, бывала, збожжа, лён ці канаплі, дык бубліка дзяцём ня купіць на гасьцінец. А калі зьявіліся пазьнейшым часам крупадзёркі і млыны, то нізашта не хацеў завезьці, каб яму абдзёрлі ці змалолі; бабы мусілі, як і даўней, таўчы-душыцца ў ступе крупы і малоць мелева на сваіх хатніх жорнах.
Меў ён чатырох сыноў. Тры засталіся гаспадарыць, а самы маладзейшы, на ймя Васіль, з панскага загаду прыстаў да немца-млынара ў навуку. Малоць ён добра не наўчыўся, але атое наўчыўся маляваць, ад немца, абразы.
Не спадабалася яго старому бацьку, што сын займаецца такою-то лухтою: малюе дрэвы, хаты і людзей.
— Гэта, кажа, панская або: нямецкая забаўка, а мужыка яна толькі псуе!
А ў немца, ды была харошая дачка, звалася Эльза — хлапец вазьмі дый закахайся. Яна, бывала, ходзіць бавіцца пад тэй сасною, а ён: малюе кучматую сасну і сваю дзяўчыну пад сасною. Урэшце, так добра стаў ён маляваць, что перашоў нават і немца, і шмат намаляваў вялізных абразоў па просьбе бацюшкі ў царкву. Толькі іх пасьля з царквы павыкідалі.
Адноўчы дужа заняўздоліў стары той гаспадар, думаў, што памрэць, гукнуў сваіх трох большых і сказаў:
— Дзеткі! Дужа я хворы, можа памру, дык хачу вас падзяліць, каб вы па маёй сьмерці не калаціліся за бацькава дабро.
— Што-ж ты дзеліш толькі траіх? — спыталася старая. — Чаму ж ты Васіля ня дзеліш?
І сыны ўмяшаліся. Сталі прасіць бацьку, каб ня крыўдзіў ён і меншага, Васіля:
— Дык я, гэта, яго крыўджу?! — з гневам сказаў хворы. — Не, ня я, а ён мяне пакрыўдзіў! Бо вы, дзеткі, пашлі добрым торам, а ён не.
— Можа ён яшчэ абдумаецца, — прасіла за сына маці.
— Абдумаецца? Не, ніколі ён не абдумаецца, калі дагэтуль не абдумаўся, — гневаўся, не мякчэючы, стары. — Я, кажа, скрозь цэлае сваё жыцьцё зьбіраў дабро; прадаўшы, бывала, збожжа, лён ці канаплі — соткі гарэлкі ні разу на выпіў. Скрозь увесь век свой хадзіў я ў лапцях, не хацеўшы траціцца на боты, хоць і меў за што. Адну шапку віславуху цягаў я зіму й лета гадоў дваццаць, а можа й болей… Каб толькі сабраць вам… Мне-ж нічога ўжо ня трэба. У ямку з сабою не вазьму. А Васіль лаяў мяне, бацьку свайго роднага, за гэтае маё стараньне. Ён боты носіць, ён паскудзтвам займаецца, дзевак малюе. Каму гэта патрэбна? Рукі мые па самыя локці… Дык няма-ж яму ад мяне нічога. Хай цалуецца з сваімі немцамі.
І так падзяліў гаспадарку між трыма старэйшымі сынамі, а маляру, за тое, што ня йшоў, на яго зданьне, добраю дарогаю, ня даў нічога.
Але гэтым разам не памёр стары, — аправіўся.
І стаў жыць цяпер адзін з старою, дастаючы часьціну збожжа ад аддзеленых сыноў і, маючы, ведама, вялікі запас грошы.
Тымчасам ссадзіў за нейкую прамашку з млынарскае пасады немца пан. І пачаў наш бедны немец надта гараваць, бо зусім ня меў ён чаго есьці і ўсю сем‘ю жывіў толькі аднэю каваю, ды не праўдзіваю, а меленаю з жалудоў. Сям‘я-ж, праўда, невялічкая была: сам ды жонка з тэю дачкою Эльзаю.
Дужа блізка ўзяў Васіль да сэрца бядацкае жыцьцё свае каханкі і пасабляў чым мог, цягаючы патрошкі з бацькавае гаспадаркі. Дадзела яму гаткае жыцьцё, і прышоў ён раз да бацькі прасіць, каб дазволіў бы яму жаніцца з немкаю і сесьці, з панскай ласкі, на гаспадарку. Пэўна, з тых замераў нічога-б і ня вышла, бо з хлапца ніякі быў гаспадар, яму абы часіна — зараз маляваць, а маляваньнем хлеба ня прыдбаеш. Але старому не спадабалася, што з немкаю. Сварыўся ён на сына-неўдалюгу, а колькі раз нават і з хаты выганяў.
Васіль, бывала, кажа:
— Тата! Сын я вам ці не? За што вы гневаецеся? Я-ж яе кахаю. Не вінават я, што кахаю, а яна не вінавата, што яна немка. Дазвольце мне жаніцца і сесьці на гаспадарку.
— Колам ты сядзь, сынок, — кажа яму бацька. — Каб я з месца ня сышоў, колькі я дам табе хаця што-небудзь.
— Вы не давайце. Вы толькі дазвольце мне жаніцца.
— Як? Дык ты нічога і ня просіш у мяне, сынку? А хацеў-жа сесьці на гаспадарку?
— Калі будзе на чым, сяду. А не — я з свайго промыслу пражыву. Я абразы ў царкву буду маляваць. Да млынара дзе-небудзь у памагачыя прыстану.
— Згінеш ты. Не пражывеш! А кінь немку і маляваньне, будзь чалавекам, дык нічога я табе не пашкадую, худога слова табе ніколі не скажу.
— Я кахаю Эльзу.
— Што ты ў ёй добрага знашоў? Немцы, сынку, ня нашы людзі, яны — гордыя. У бядзе сядзіць, жалудовай каваю толькі жывіцца, а прыйсьці з пакораю ня хоча. Ён чакае, што я пайду яму карыцца: „Дзякуй табе, пане млынару, што твая дачушка майму сыну галоўку завязала“. Не, недачаканьне…
— Тата! Эльза будзе вам як родная дачка.
— А-а, будзе! Цяпер ужо ў руку цалуе мне, спаткаўшыся: ветласьцю хоча падыйсьці. Не, мяне падбегамі ня купіць.
— Яна гэта робіць па шчырасьці, паважае вас, як майго бацьку. Гэта звычай такі нямецкі. Няхай-жа тата ня думае нічога дрэннага.
— Блазень ты! Анямечылі яны цябе. Малюеш дрэвы, хаты і людзей, а гэта панская або нямецкая забаўка, і мужыка яна толькі псуе. Кінь ты свае забаўкі, будзь ты чалавекам!
Тым размовы і канчаліся.
Ня мог кінуць Васіль гэтых сваіх забавак, і не да забавак тут ужо ішло…
Бяда ўжо тут надыходзіла, бо трэба было дзеўку да шлюбу весьці барджэй, за тое, што дапусьцілася да ліха. У немцаў, мусіць, глядзяць на тую справу троху лягчэй, як тое ў нас паводзіцца. Спракудзілася дзеўка, а немец анічагусенькі: ня сварыцца, ня лае, адно п‘е каву з жалудоў, чакаючы панура, калі дазволіць бацька пабрацца з ёю маляру.
П‘е і спамінае мінулы час…
Млын гудзіць. Млынар ходзіць белы ад мукі. Вось бяжыць яго Эльзачка.
— „Татачка, а дзе Васіль?“
— „Ой, дзяўчынка! Нешта вельмі часта пытаешся ты Васіля“.
— „Татачка! адпусьці ты яго сёньня з млыну. Мы пойдзем пагуляем пад сасною“.
— „Чаму ўсё пад сасною?“
— „Васіль там будзе маляваць мяне“.
— „Ну, ідзіце сабе: завозу мала“.
— „Дзякую, татачка!“ — скажа дзяўчынка і пабяжыць вясёлая.
Беленькая была такая немачка, з вялікаю касою, хоць і маладзенькая.
„Маладая дзяўчынка, — думае ўсьлед ёй бацька. — рана ты закахалася. Хлопец нічога сабе, але мужык. Бацька яго такі — каб яго чорт схапіў. Ат, клопат сабе!.. Гудзі, гудзі, маё кола! Мялі, мялі хлябок людзём! Будзем мы піць каву не жалудовую, а сапраўдную“.
Ды не давялося яму піць сапраўдную каву. П‘ець ён жалудовую. І кажа, адарваўшыся ад сумных успамінкаў і разваг:
— Эльза, Эльза! Дзіцятка маё! Што ты сядзіш? Што ты думаеш? Ты думаеш, што бацька твой ужо скінуты з млынарскае пасады? Што бацька твой — ужо бедны безработны чалавек? Што ён п‘е жалудовую каву? Эльза, Эльза! Дзіцятка маё!
— Татачка. мы нешчасьлівыя людзі — казала Эльза, хаваючы ад засмучоных бацькавых вачэй сваё кругленькае паднятае брушка. — Але мы яшчэ будзем шчасьлівыя, татачка!
А Васілёваму, аднак-жа, бацьку страшэнна не падабалася, што немцы ў гэтай-то бядзе ня думаюць яму карыцца, ня просяць, не наракаюць, пры спатканьні з ім дужа ветлівы, а дзяўчына нават і ў руку яму цалуе.
Зьнялюбела яму дзеўка за гэтую нямецкую пачцівасьць і яшчэ за тое, што любіла бавіцца пад тэй сасною. Мала таго, што бавіцца сама, Васіля туды з сабою цягне або цэлы табун дзяўчат вясковых прывядзе. Зьбяруцца там карагодам і пяюць ёй без пары вясельныя песьні.
Ато жартуюць:
— Як-жа ты, Эльзачка, белая красачка, з намі, мужыкамі, будзеш жыць, панскі прыгон адбываць, ня ўмеючы ані кросенцаў ткаць, гані жытца жаць?
А немачка сьмяецца, як блазнотка:
— Я, кажа, усё здолею, толькі ня дужа прызвычаена. Для Васількі свайго любага да ўсяго я прызвычаюся. Буду кросны ткаць і жыта жаць, і хлеб мясіць…
— А малаціць-жа ты ня умееш?
— Дык ці доўга мне наўчацца, Васіля кахаючы!
Кажа так, і ня сорам ёй.
Пагуляўшы, ідзець немачка з Васілём дамоў, пастаяць, пажалеюцца, пацалуюцца і разойдуцца: Эльзачка дамоў, а Васіль — да бацькі або ў панскі двор варту адбываць. А часам — і няма ведама, дзе ён начуе.
Ізноў сядзіць Эльзачка, сядзіць ды слухае бацькаву жальбу.
— Мы нешчасьлівыя людзі… так! — кажа стары немец, а нямкіня-маці плача, абціраючы ціханька сьлёзы белым хвартушком, і п‘юць жалудовую каву. — Я нешчасьлівы бацька, Эльза! Табе даўно пара да шлюбу йсьці, Эльза! Паглядзі на сваё брушка, дзяўчынка мая! Яно расьцець так, як нашае няшчасьце. Што нам рабіць, Эльза, дзіцятка маё?
— Васіль, татачка, пагамоніць з сваім бацькам, татачка… Што рабіць? Ці я, бедная, ведаю? І я нешчасьлівая, бо за мяне і вы ў няшчасьці, мой любы татухна, мая любая мамухна. Але мы яшчэ будзем шчасьлівыя, мой татачка!
А старая нямкіня нап‘ецца кавы і шые дзіцячыя каптуркі. Шые і абцірае сьлёзы.
Так ішоў час, і зусім крута прышлося немцам, а з ім разам і хлапцу. Што заробіць Эльза, шыючы сукенкі пападзянкам, тым толькі і жывілася з бацькамі. Васіль за ёю сох.
І вось адноўчы сьцягнуў ён з гора ў бацькі некалькі рублёў і панёс старой нямкіні, каб купіла чаго есьці.
Сядзелі тады немцы, гаманілі. Стары ўбачыў, што нехта йдзець, і кажа:
— Хто там ідзець, Эльза? Ці не Васіль?
— А хто да нас болей пойдзе? Васілёк ідзець, — адказала Эльза і пабегла на спатканьне.
Ён прышоў. Маўкліва сеў. Усе на яго глядзелі. Ён быў белы, як крэйда. Валасы зьмяклі ад поту.
— Ну? Васілёк? — падышла да яго Эльза і паклала сваю руку яму на галаву.
— Нічога… — насілу адказаў Васіль і адвёў яе руку, быццам яму сорамна ці дужа цяжка.
— Выпі з намі кавы, Васіль! Жалудовай кавы… — сказаў немец.
— Вось грошы… — паклаў Васіль скамечаную паперку на стол.
— Якія грошы? — спыталіся ўсе ў адзін голас.
— Бацька даў? А, Васілёк? — дапытвалася Эльза.
— Усё роўна, хто даў… Будзем строіцца да шлюбу… Сёньня-ж… Зараз… Ну, жыва! — казаў, як няпрытомны, Васіль. Быў зусім няладны.
Нямкіня ўзяла грошы і перадала старому. Той схаваў іх у кішэню ў штаны, напрануў сваю капоту і пашоў к Васілёваму бацьку. Прынёс яму грошы і просіць, каб ня гневаўся на сына.
Стары, замест паслухаць і, нарэшце, зьмілавацца, аблаяў немца і ўсю яго сям‘ю, назваў Эльзу нехарошым словам і стаў клясьці няўдалага сына, кажучы, што цяпер і на парог яго да сябе ня пусьціць, што праклінае сына і дзяцей яго, і ўвесь яго род да сёмага калена…
— Зладзеяў, кажа, у нашым родзе ня было. Ён мне цяпер ня сын, а я ўжо яму ня бацька. Хай ідзець ад мяне, прокляты, куды сабе хоча!
Было гэта пад вечар. Калі немец вярнуўся, Васіль, забіты горам, кінуўся, сам ня ведаў куды, у поле. Але прыбег у бацькаў двор, увашоў у старую варывеньку, дзе начаваў, і парэзаў усе свае малюнкі і нагамі іх патаптаў. Потым пабег ізноў да немца. Позным вечарам бачылі яго людзі пад сасною ўдваіх з Эльзаю. Ён штось вельмі горача і з велікім жалем і крыўдаю казаў ёй, прыпаўшы да сасновага камля, а яна хацела як-небудзь супакоіць яго, сядзела, схіліўшы галаву, і брала любага за рукі.
А ўночы сталася ліхая справа, якой спрадвеку ня было чутно ў нашым глухім баку… Засек Васіль сякераю старога бацьку, а сам на тэй сасьне засіліўся, бедны.
На раніцу прыехала начальства, зрабіла сьледзтва, старых немцаў і Эльзу павязьлі ў турму, старога дазволіла сыном хаваць, як хочуць, а забойцу, за тое, што задавіўся, сам адабраў сабе жыцьцё, дало загад закапаць тут-жа пад сасною, бо хаваць такіх на могільніку з усімі нябожчыкамі разам — па хрысьціянскаму закону грэх, як і маліцца за іх грэх. Так, бяз усякага абраду, як не чалавека, а жывёлу, і закапалі там.
Але-ж як сталі капаць яму магілу пад сасною, то і знашлі гаршчок з грашмі. Там, значыцца, хаваў стары сваё багацьце і ня любіў, што Эльза з моладьдзю хадзіла па тым месцы. А яны хадзілі — і ані гадкі ім, што па грашох ходзяць…
І грошы тыя начальства забрала да скарбу.
А сасна і цяпер стаіць, толькі магілкі ня значна, бо яе і не рабілі, — пакінулі гладкае месца.