Бог сіроты любіць, але долі не дае. (Прыказка).
Чым то дзеецца на сьвеце,
Што ня роўна дзеле Бог? —
Адзін ходзіць у свеце,
У золаце з плеч да ног,
А другому каб прыкрыцца
Хоць ганучай, — велькі труд;
Увесь як рэшата сьвяціцца,
Адны латы, адзін бруд!
Адзін мае хатаў многа,
А вялікіх, — касьцёл мой;
Увясьці-б туды хоць Бога,
І той-бы з іх не пайшоў.
У другога ў сьцяне дзюры,
Вецер ходзе, дым і сьнег;
Тут карова, сьвіньні, куры…
Тут пакута, тут і грэх!
Гэты едзе у вагоне, —
Цёпла, мягка, толькі жыць!
А ляціць, як віхар гоне,
А ён сабе толькі сьпіць!
Той ў мяцеліцу, у марозе,
Што аж вон яму прэ дух,
Паўзе з клункам па дарозе,
У сьнягу увесь па брух!
Гэты хлеба і ня знае,
Толькі мясо, ды пірог,
І сабакам выкідае
Усё тое, што ня змог.
А той хлеб жуе з мякінай,
Хлёпча квас ды лебяду,
Разам жывець і есьць з сьвінкай
З канём разам пьець ваду!
Аднаму дзесяткі-служкі
Зарабляюць сотні сот;
Рукі ў яго, як падушкі,
Як кісель, дрыжыць жывот!
Другі-ж сам аж на дзесятак
Працуючы лье свой пот,
А высахшы, як аплатак,
Цянюсенькі, як той кнот.
|