Хцівец і скарб на Сьвятога Яна.
Пры выгане ў вёсцы, ў самай перагонцы
Была хата крывенька у адно ваконца;
У хатцы адзінокі жыў хцівец лянівы,
Што думаў бяз працы зрабіцца шчасьлівы.
У грошах, ён думаў, усё людзкое шчасьце.
А ён-жа павінен гдзесьць скарб напасьці!
За мілю-ж, за вёскай быў лес закляты;
А хціўцу-жа лес той, якраз проці хаты.
У тым лесе заклятым не расло нічога,
Праз яго ніколі ня ішла дарога;
Баяліся людзі у той лес заходзіць,
А як хто заблудзе, — чорт па тры дні водзіць!
Пьяны хцівец йшоўшы з вясельля да дому,
У той лес убіўся, залез сярод лому:
Вот стаіць ён гэта, клянець, — праклінае,
Калі гляне воддаль, — сьвятлачка мігае,
Думаў, хата блізка, — ці хтось пасець коні,
Кінуўся на сьвятло, прайшоў можа гоні,
Аж глядзіць, агонь той ды з зямлі бярэцца,
Хоць гарыць — ня паліць; ня можна й сагрэцца.
Спалохаўся хцівец, аж працьверазіўся,
Сам не аглядзеўся, як і апыніўся
Аж у сваей хаце, аж на печ забіўся!
Назаўтра па вёсцы аб усім аб гэтым
Вестка абляцела, як папер штахэтам.
Адзін скажа — верне, другі праінача,
А кожны па свойму здарэньне тлумача.
Адзін кажа: пэўне маланка блістала,
Дык пьянаму хціўцу у вачох і стала,
Другі: што то сьветласьць з магілкі сьвятога,
Пэўне хцівец будзе шчасьлівы у Бога.
А другія кажуць, што то скарб закляты,
Што хцівец, як знойдзе, дык будзе багаты!
А хцівец дай думаць: як-бы тут разжыцца,
Хоць-бы гэтым скарбам з чортам падзяліцца.
І сядзіць на прызьбе ці ў сьвята, ці ў будні, —
Калі раз пад вечар вылазе чорт з студні!
Апратка нямецка, спераду куртата;
Капалюх высокі, як жыд носе ў сьвята,
Портачкі як дудкі, сам якісь цыбаты,
І шкляныя вочы, ззаду хвост куртаты…
Хцівец дагадаўся, што то за пасланец,
Са страху затросься, як той паганец;
А тыкі пытае, трохі ачуняушы:
„Хто-ж такі панічык?“ нібы не пазнаўшы.
— „Ды я ня тутэйшы, пліпатэнт[1], здалёку,
„Душы закупляю для пана што року“.
— „А ваш пан багаты? ці дорага плаце? — „Іх! кажа, мільёны ён на гэта траце,
„Яму трэскі а грошы, што грошы то трэскі;
„Усякага купіць, абы толькі кепскі!“
— „Нашто-ж душы кепскія, здаецца?“
— „Э! бо добры у добрым псуецца!“
— „Ці-б то мне ня можна прадацца вашэці,
„Каб я быў багачшы ад усіх на сьвеце?
— „Можна“, кажа, немчык: „а чаму-ж ня можна?
„Цераз майго пана нігды не парожна,
„Пры сабе ня маю, але вун, у пушчы,
„Ляжыць скарб закляты за ройстам у гушчы,
„А там, на засьценку, ёсьць ведзьма старая,
„Пакажа, як браць скарб, яна усё знае!
„Наша душа, твае грошы!“ І запісаў штосьці,
А сам кінуўся аб зямлю, забражджэлі косьці,
Віхрам закруціла і ён зьнік, як пена.
Хцівец зьвяк на камень, аж пабіў калена,
Спалохаўся чыста, што аж пражагнаўся,
Навет плюнуў тройчы, злажыў тройчы фігу,
Але чорт закрэсьліў душу сабе ў кнігу!
Вот назаўтра хцівец прад усходам рана
Ляціць да тэй ведзьмы, казаў-бы да пана.
Вот ужо і блізка яму да засьценку…
Стала чагось страшна! Ідзець памаленьку:
Аж скуль узяліся, як туман з дубровы,
Крукі і вароны, сарокі і совы,
Ды як сталі кракаць, галасіць — сьмяяцца, —
Хцівец аж схітнуўся, каб назад падацца
Узяў камень, калі пусьце, калі уцяробе,
Ды трапіў ня ў птушку, а сабе па лобе!
Аж зарагаталі каменьня па полю,
Аж сыпнулі сьлёзы у хціўца ад болю.
Давай таптаць лапцям камяні са злосьці…
Калі гляне — ведзьма! — Адны толькі косьці!…
Калі гаркне хціўцу у вароньне горло:
„Якаяж-то немач цябе тут прыпёрла? — „Маю інтарэсы, кажа, да вашэці,
„І даўно прыйшоўбы, каб не твае дзеці“…
А яна праз комін глядзіць і гавора:
„Я цябе чакала, але не так скора.
„Не рабі мне глуму, а ідзі у сені,
„Але зажмур вочы, вывярні кішэні
„І паўзі на брусе, ды наперад задам,
„Пад сьцяну пралезеш яшчаркай, ці гадам“.
Увайшоў ён гэтак у тое мяшканьне,
Аж спацеў са страху! — калі гэта гляне,
Паўнюсенька хата птушыных галовак,
Скрыдэлак, і ножак, і цэлых паловак:
Там сьвішчыць, там вішчыць, то крэкча,
Гэтая стогне, а другая клекча,
А ведзьма як крыкне каршуновым басам,
Дык усё замоўкла зараз тымжа часам.
„Ну, кажы-ж, што трэба? Мусі ці ня грошы?
„Бо віджу, для нас ты чалавек харошы“,
— „Эгэ ж, кажа, да скарбу хацеў-бы дабрацца,
„А, ваша, дык знаеш, як за яго ўзяцца“.
— Відзіш, які ласы? шак гэта ня жарты!
„Пагляджу я первей, ці ты яго варты;
„Задам тры работы, — як выдзержыш пробу,
„Дык забяреш скарбы, а не, — дык хваробу!
„Нанасі-ж пазногцям мне вады вядзерца, —
„З маленькіх пылінак, вот па гэтай мерцы,
„Пастаў стоўп высокі, ды як волас ценькі,
„І зьлічы лісточкі на ўвесь лес гусьценькі!“
Мусіць тут і немчык тыкі памог трошкі,
Досьць што крутам-мутам выпаўніў да крошкі
Адкуль і ахвоты, і розуму стала?
Усё зрабіў хцівец, што ні загадала.
Ведзьма яго хвале, гладзе па галоўцы,
Падала вячэраць чагось у латоўцы;
Здаецца яешню і з савіным шмальцам,
Сама яго корміць, папіхае пальцам… Потым таго кажа: „Калі ты, лядачы,
„Захацеў так скарбу, дык ідзі-ж уночы
„У лес перад Янам, каб ні брэх сабачы,
„Ані сьпеў пятушы, ані людзкі вочы
„Ня былі ў прашкодзе. У папараць сядзеш,
„Хустачку пасьцелеш, добранька разгладзіш,
„І чакай паўночы. Папараць дасьць кветку,
„Ты струсьні на хустку папраці ветку,
„У хустку завяжаш кветачку ты тую
„І будзеш мець скарбы, калі пашанцуе.
„Толькі, дзяцюк, слухай: каб ты не жагнаўся
„І нясучы скарбы, каб не аглядаўся!“
Хцівец дачакаўшы прад сьвятога Яна,
Зайшоў ў лес далёка ад самага рана,
Выспаўся за сонца, вечарам памыўся,
І сабе чакае ці скора паўночы,
Паставіўшы слупам на папараць вочы;
Толькі, зірк: па лесе кажаны, як мухі,
Каля яго круцяць, поўзаюць рапухі,
Гадзіны суюцца, а совы галосяць,
Ваўкі страшна выюць, аж рэха разносяць;
Ажно лес трасецца! І хцівец затросься,
Але страх падолеў, і усё прайшлося,
І усё заціхло, як магілка ўночы!
Хцівец зноў паставіў на папараць вочы.
Вецярок па лесе лісткі разьвявая,
Струхнулася папраць, якбы то жывая!
Калі глядзіць хцівец: — кветачка, як сонца
Заблішчэла ясна, хораша бяз конца!
Струсануў на хустку хцівец кветку гэту
І ляціць да хаты з кветкай, як штахэтай!
Цяпер хцівец ведаў ўсё на сьвеце чыста,
Што ў сяродку зямлі, гдзе сіла нячыста,
Як зьвяры гавораць, скуль вада у рэчцы,
Калі што пасеяць, адкуль што бярэцца,
Калі будзе вецер, маладзік настане, І каму якое гдзе будзе спатканьне.
Умеў перакінуць сябе, ці другога,
Хоць у што захоча, абы не ў сьвятога!
З карача надоіць малака кадушку,
З вады зробіць водку, з каменя падушку;
Як захоча, — дохне скаціна ад вока,
Ведае, гдзе скарбы, хоць бы як глыбока!
Знаў лячыць шалёных і кроў стрымаць з раны,
Загаварыць зубы, ці вочы паганы,
Заломы у жыце закруціць па злосьці,
Ці выжаць чужыя, як закруціць хтосьці.
Такі стаў дасужы, што сьвет зьдзіваваўся,
Адкуль гэта хцівец разуму набраўся?
Усё, усё чыста, стаў ведаць як трэба,
Толькі што ня ведаў, як зарабіць хлеба.
Узяў ён сякеру, рыдлёўку пад паху
І ідзець у лес той бяз жаднага страху.
Прыходзе да месца, гдзе сьвятло мігнула,
Штрахануў рыдлёўкай, аж зямля здрыгнула,
Як людзкія грудзі, і аж застагнала
Жаласьліва, цяжка, як-бы вот канала!
А ваўкі, мядзьведзі, каты і сабакі,
Гадзіны, рапухі і зьвяры усякі
Калі загалосяць, як закрычаць пташкі,
Аж хціўцу за скурай сыпнулі мурашкі,
Пот паліўся цуркам, валаскі паўсталі…
Хцівец страх падолеў і канае далей.
Трошкі пачакаўшы, скуль браліся крыкі,
Шаблі зазьвінелі, забражджалі пікі,
Б‘юць у барабаны і крычаць салдаты:
„Лаві, рубі ногі, каб ня ўцёк да хаты!“
А хцівец капае, якбы і ня чуе.
Тут ляціць карэта! — От-от задратуе!
Там сотнямі коні яго налятаюць,
Хурманы ганяюць і асьцярагаюць; —
Ен усё капае — вот так як наняўся, Як ужо-ж і гэтым страхам не паддаўся. —
Гадзіны з балота, і вужоў ці мала
Лезуць проста ў вочы і тыкаюць жала…
Якбы то ня чуе, — якбы то ня знае!
Потым ваўкалакі, смаўжы, вокалюды,
Зубастыя ведзьмы сабралісь зусюды;
На яго суюцца, зубамі скрыгочуць, —
Ен тыкі капае, аж чэрці рагочуць!
Асэсараў, соцкіх, ураднікаў хмара
Наляцелі, грозяць, другі аж удара…
Ен усё капае, ані аглянецца.
Скарб і паказаўся, — няма куды дзецца:
Кацёл, як кадушка, жалезам абіты…
Абухом як трэснуў, дык пусьцілі ніты;
Рэчкай паліліся новыя дукаты,
А хцівец падумаў: „цяпер я багаты.“
Набраў іх бяз ліку, у мяшок насыпаў,
На плечы закінуў, зрадзеў, аж захліпаў,
І… ляціць да дому з тымі дукатамі…
Аж тут і пагоня зямлю капытамі
Рвець, як даганяе, аж сапуць іх коні!
Ен чуе, што блізка, можа няма гоні, —
Дукаты ў лісічкі, а сам у калоду
Перакінуўся зараз і прапаў як ў воду!
Калі-ж наляцелі калмыкі, арабы,
Шаблямі махаюць, аж трасуцца храпы,
Ды ніяк нічога ня могуць дарадзіць.
Так то умеў хцівец і сьлед свой загладзіць.
Тыя-ж пастаялі, пацмокалі трохі,
Коні завярнулі і пайшлі, як блохі.
Калоду ў сябе зноў, лісічкі ў дукаты
Перакінуў хцівец і ляціць да хаты.
Калі ў поўдарогі чуе, ізноў гоняць,
Крычаць і страляюць, і шаблямі звоняць,
То былі татары: кудлатыя шапкі,
А твар, як дзьве скулы, а вочы, як крапкі. Як згледзелі хціўца, калі запішчэлі,
Аж прыляглі коні… але не пасьпелі,
Хцівец верць у дуба, а грошы у роя,
А мяшок у вулей! Удалося й тое!
Цмокаюць татары! Прапаў як у воду!
Адзін кажа „трэба-ж зласаваць хоць мёду,“
А тут на іх коні пчолы як сунуцца, —
Ледзьве паўсядалі, каб назад вярнуцца!
Хцівец зноў уцекі. Пад вёскай, за гоні,
Чуэ, забубнело, і зноў хтосьці гоне!
То гналіся туркі так, як падчас бітвы:
Палашы крывыя, вострыя як брытвы,
У зубах кінджалы, голавы абрыты,
Бровы так, як вусы, а твары сярдзіты!
Хцівец кінуў камень, а гдзе ён каціўся,
Там ручай глыбокі, шырокі зрабіўся;
На ручаю човен і буч на дне рэчкі
Поўна карасямі. Туркі як авечкі,
Саўсім не пазналі, што то перакінуў
Хцівец сябе ў човен! І цяпер ня згінуў.
Туркі завярнулі, а хцівец уцекі!
Ужо тут пад хатай сусед недалёкі
Як крыкне на хціўца: „Пачакай ты, скнэра!
Падзелімся скарбам! А, які нявера!“
Вытрымаў і гэта, і не аглядаўся,
Стануў на парозе, за закрутку ўзяўся,
Аж тут сам сабою узяў мех прадраўся;
Як сыпнуць дукаты, дык аж загрымела!
Ня вытрымаў хцівец, у вачах сьцямнела…
Аглянуўся, відзе: — ажно чорт сьмяецца,
Крыўляе, рагоча, за бокі бярэцца!
Тут абамлеў хцівец, як сноп паваліўся;
На раніцы толькі з расой прабудзіўся;
І найперш заглянуў, скарб яго ці цэлы?
Зірк! й губы развесіў, і стаіць здурнелы:
У мяху ўсё трэскі, а грошы ня стала; А душа за чары на векі прапала.
З папараці кветку хцівец гдзесьці страціў.
Памарка забіла і не разбагацеў!
Цяпер ня то дзесяць, трох не пераліча,
Ня хціўцам, а дурнем кожны яго кліча.
Вось хцівасьць на грошы давяла да згубы:
Няма ў сьвеце лепей, як свой грошык любы,
А то, як каторы чалавек харошы,
У добрым здароўі век зжыве бяз грошы!
|