Дудка беларуская (1922, Коўна)/Бог ня роўна дзеліць

Хрэзьбіны Мацюка Бог ня роўна дзеліць
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Хцівец і скарб на сьвятога Яна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Бог ня роўна дзеліць.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БОГ НЯ РОЎНА ДЗЕЛІЦЬ.

Бог сіроты любіць, але дол не дае.
Прыказка.

Чым то дзеецца на сьвеце,
Што ня роўна дзеле Бог? —
Адзін ходзіць у свеце,
У золаце з плеч да ног,
А другому, каб прыкрыцца
Хоць анучай, — велькі труд;
Ўвесь, як рэшата, сьвеціцца,
Адны латы, адзін бруд!
Адзін мае хатаў многа,
А вялікіх, — касьцёл моў;
Увясьці-б туды хоць Бога
І той-бы з іх не пайшоў.
У другога ў сьцяне дзюры,
Вецяр ходзе, дым і сьнег;
Тут карова, сьвіньні, куры…
Тут пакута, тут і грэх!…
Гэты едзе у вагоне, —
Цёпла, мякка, толькі жыць!
А ляціць, — як віхар гоне,
А ён сабе толькі сьпіць!
Той ў мяцеліцу, ў марозе,
Што аж вон яму прэ дух,
Паўзе з клункам па дарозе,
У сьнягу увесь па брух!
Гэты хлеба і не знае,
Толькі мяса, ды пірог,
І сабакам выкідае
Усё тоя, што ня змог.
А той хлеб жуе з мякінай,
Хлопча квас ды лебяду,
Разам жывець і есьць з свінкай,
З канём разам пьець ваду!
Аднаму дзесяткі служкі
Зарабляюць сотні сот;
Рукі ў яго, як падушкі,
Як кісель дрыжыць жывот!
Другі-ж сам, аж на дзесятак
Працуючы лье свой пот,
А высахшы, як аплатак,
Цянюсянькі, — як той кнот.