Дудка беларуская (1922, Коўна)/Хцівец і скарб на сьвятога Яна

Бог ня роўна дзеліць Хцівец і скарб на сьвятога Яна
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Гдзе чорт ня можа, туды бабу пашле
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хцівец і скарб на сьвятога Яна.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ХЦІВЕЦ І СКАРБ НА СЬВЯТОГА ЯНА.

Пры выгане ў вёсцы, ў самай перагонцы
Была хата крывенька у адно ваконца;
У хатцы адзінокі жыў хцівец лянівы,
Што думаў бэз працы зрабіцца шчасьлівы.
У грошах, ён думаў, ўсё людзкое шчасьце.
А ён жа павінен гдзесьці скарб напасьці!
За мілю ж за вёскай ды быў лес закляты;
А хціўцу-жа лес той як-раз проці хаты.
У тым лесе заклятым не расло нічога,
Праз яго ніколі ня ішла дарога;
Баяліся, людзі у той лес заходзіць,
А як хто заблудзіць, — чорт па тры дні водзіць!
Пьяны хцівец йшоўшы з вясельля да дому,
У той лес убіўся, залез сярод лому:
Вот стаіць ён гэта, клянець — праклінае,
Калі гляне воддаль, — сьветлачка мігае
Думаў — хата блізка, ці хто-сь пасець коні;
Кінуўся на сьветла, прайшоў можа гоні,
Аж глядзіць — агонь той ды з зямлі бярэцца,
Хоць гарыць — не паліць; ня можна й сагрэцца.
Спалохаўся хцівец, аж працьверазіўся,
Сам не аглядзеўся, як і апыніўся
Аж у сваёй хаце, аж на печ забіўся!
Назаўтра па вёсцы аб усім аб гэтым
Вестка абляцела, як папер штахэтам.
Адзін скажа верне, другі праінача,
А кожны па свойму здарэньне тлумача.
Адзін кажа, — пэўна маланка бліскала
Дык пьянаму, хціўцу у вачох і стала,
Другі, — што то — сьветласьць з магілкі сьвятога,
Пэўна хцівец будзе шчасьлівы у Бога.
А другія кажуць, — што то — скарб закляты,
Што хцівец, як знайдзе, дык будзе багаты!
А хцівец дай думаць: як-бы тут разжыцца,
Хоць бы гэтым скарбам з чортам падзяліцца.
І сядзіць на прызьбе ці ў сьвята, ці ў будні,
Калі раз пад вечар вылазе чорт з студні!
Опратка нямецка, спераду куртата,
Капялюх высокі, як жыд носе ў сьвята,
Портачкі, як дудкі, сам якісь цыбаты,
І шкляныя вочы, з заду хвост куртаты…
Хцівец дагадаўся, што то за пасланец,
Са страху затросься, так як той паганец;
А тыкі пытае, трохі ачуняўшы:
— Хто ж такі панічык? — нібы не пазнаўшы…
— Ды я ня тутэйшы, пліпатэнт[1] здалёку,
Душы закупляю для пана што року! —
— А ваш пан багаты, ці дорага плаце? —
— Іх! — кажа, — мільёны ён на гэта траце,
Яму трэскі а грошы, што грошы то трэскі;
Усякага купіць, абы толькі кепскі! —
— Нашто-ж душы кепскія, здаецца? —
— Э, бо добры у добрым псуецца! —
— Ці-б то мне ня можна прадацца вашэці,
Каб я быў багатшы ад усіх на сьвеці? —
— Можна, — кажа немчык, — а чаму ж ня можна?
Цераз майго пана нігды не парожна.
Пры сабе не маю, але вун, у пушчы,
Ляжыць скарб закляты за ройстам у гушчы,
А там, на засьценку, ёсьць ведзьма старая,
Пакажа, як браць скарб, яна усё знае! —
Наша душа, твае грошы! — І запісаў штосьці,
А сам кінуўся аб землю, забражджэлі косьці,
Віхрам закруціла, і ён знік, як пена.
Хцівец зьвяк на камень, аж пабіў калена,
Спалохаўся чыста, што аж пражагнаўся,
Нават плюнуў тройчы, злажыў тройчы фігу,
Але… чорт закрэсьліў душу сабе ў кнігу!
Вот назаўтра хцівец прад усходам рана
Ляціць да тэй ведзьмы, казаў бы да пана.
Вот ужо і блізка яму да засьценку…
Стала чаго-сь страшна! Ідзець памаленьку.
Аж скуль узяліся, як туман з дубровы,
Крукі і вароны, сарокі і совы,
Ды як сталі кракаць, галасіць, сьмяяцца, —
Хцівец аж схітнуўся, каб назад падацца;
Узяў камень, калі пусьціць, калі уцярэбе,
Ды трапіў ня у птушкі, а сабе па лэбе!
Аж зарагаталі каменьня па полю,
Аж сыпнулі сьлёзы у хціўца ад болю.
Давай таптаць лапцям каменьня са злосьці…
Калі гляне, — ведзьма! Адны толькі косьці!…
Калі гаркне хціўцу у вароньне горла:
— Якая-ж — то немач цябе тут прыпёрла? —
— Маю інтарэсы, — кажа, — да вашэці,
І даўно прыйшоўбы, каб не твае дзеці…
А яна праз комін глядзіць і гавора
Я цябе чакала, але не так скора.
Не рабі мне глуму, а ідзі у сені,
Але зажмур вочы, вывярні кішэні
І паўзі на брусе, ды наперад задам,
Пад сьцяну пралезеш яшчыркай, ці гадам… —
Увыйшоў ён гэтак у тое мяшканьне,
Аж спацеў са страху! Калі, гэта, гляне:
Паўнюсенька хата пташкавых галовак,
Скрыдэлак і ножак і цэлых паловак:
Там сьвішчыць, там вішчыць, то крэкча,
Гэтая стогне, а другая клекча,
А ведзьма як крыкне каршуновым басам,
Дык усё замоўкла зараз тым жа часам.
— Ну, кажы-ж, што трэба? Мусі ці ня грошы?
Бо віджу для нас ты чалавек харошы! —
— Эге-ж, — кажа, — скарбу хацеў-бы дабрацца,
А, ваша, дык знаеш, як за яго ўзяцца! —
— Відзіш, які ласы? Шак гэта не жарты!
Пагладжу я первей, ці ты яго варты:
Задам тры работы, — як выдзяржыш пробу,
Дык забярэш скарбы, а не — дык хваробу!
Нанасі-ж пазногцям мне вады вядзерца,
З маленькіх пылінак, вот па гэтай мерцы,
Пастаў стоўп высокі, ды як воласценкі,
І злічы лісточкі на ўвесь лес гусьценькі!…
Мусіць тут і немчык тыкі памог трошкі,
Досьць што крутам-мутам выпаўніў да крошкі,
Адкуль і ахвоты і розуму стала?
Усё зрабіў хцівец, што ні загадала.
Ведзьма яго хваліць, гладзіць па галоўцы;
Падала вячэраць чаго-сь у латаўцы;
Здаецца яешню і з савіным шмальцам,
Сама яго корміць, папіхае пальцам…
Потым таго кажа: — Калі ты, лядачы,
Захацеў так скарбу, дык ідзі-ж у ночы
У лес перад Янам, каб ні брэх сабачы,
А ні сьпеў пятушы, а ні людзкі вочы
Ня былі ў прашкодзе. У папараць сядзеш,
Хустачку падсьцелеш, добранька разгладзіш,
І чакай паўночы. Папараць дасьць кветку,
Ты струсьні на хустку папараці ветку,
У хустку завяжыш кветачку ты тую
І будзеш мець скарбы, калі пашанцуе.
Толькі, дзяцюк, слухай: каб ты не жагнаўся,
І нясучы скарбы, каб не аглядаўся!
Хцівец дачакаўшы прад сьвятога Яна,
Зайшоў у лес далёка ад самага рана,
Выспаўся за сонца, вечарам памыўся,
І сабе чакае: ці скора паўночы?
Паставіўшы слупам на папараць вочы;
Толькі зірк: па лесе кажаны, як мухі,
Каля яго круцяць, поўзаюць рапухі,
Гадзіны суюцца, а совы галосяць,
Ваўкі страшна выюць, аж эха разносяць;
Ажна лес трасецца! І хцівец затросься,
Але страх падоляў і усё прайшлося,
І усё заціхла, як магілка ў ночы!
Хцівец зноў паставіў на папараць вочы,
Вецярок па лесе лісткі развевае,
Струхнулася папраць, як-бы то жывая!
Калі глядзіць хцівец: — кветачка, як сонца
Заблішчэла ясна, хораша бяз конца!
Струсануў на хустку хцівец кветку гэту
І ляціць да хаты з кветкай, як штахэтай!
Цяпер хцівец ведаў усё на сьвеце чыста.
Што у сяродку, гдзе сіла нячыста,
Як зьвяры гаворуць, скуль вада у рэчцы,
Калі што пасеяць, адкуль што бярэцца,
Калі будзе вецяр, маладзік настане,
І каму якое гдзе будзе спатканьне,
Умеў перакінуць сябе, ці другога,
Хоць у што захоча, абы ні ў сьвятога!
З карача надоіць малака кадушку,
З вады зробіць водку, з каменя падушку;
Як захоча, — дохне скаціна ад вока,
Ведае, гдзе скарбы, хоць-бы як глыбока!
Знаў лячыць шалёных і кроў стрымаць з раны,
Загаварыць зубы, ці вочы паганы,
Заломы у жыце закруціць па злосьці,
Ці выжаць чужыя, як закруціць хто-сьці,
Такі стаў дасужы, што сьвет зьдзіваваўся,
Адкуль гэта хцівец розуму набраўся?
Усё, усё чыста стаў ведаць, як трэба,
Толькі што ня ведаў, як зарабіць хлеба.
Узяў ён сякеру, рыдлёўку пад паху
І йдзець у лес той бэз жаднага страху.
Прыходзе да мейсца, гдзе сьвятло мігнула,
Штрахануў рыдлёўкай, аж зямля здрыгнула,
Як людзкія грудзі, і аж застагнала
Жаласьліва, цяжка, як-бы вот канала!
А ваўкі, мядзьведзі, каты і сабакі,
Гадзіны, рапухі і зьвяры усякі
Калі загалосяць, як закрычаць пташкі,
Аж хціўцу за скурай сыпнулі мурашкі,
Пот паліўся цурком, валаскі паўсталі…
Хцівец страх падоляў і капае далей.
Трошкі пачакаўшы, — скуль браліся крыкі —
Шаблі зазьвінелі, забражджэлі пікі,
Бьюць у барабаны і крычаць салдаты:
„Лаві, рубі ногі, каб ня ўцёк да хаты!“…
А хцівец капае, як-бы і ня чуе.
Тут ляціць карэта… — От-от задратуе!
Там сотнямі коні яго налятаюць,
Хурманы ганяюць і асьцерагаюць… —
Ён усё капае, — вот так як наняўся.
Як ужо-ж і гэтым страхам не паддаўся
Гадзіны з балота і вужоў цімала
Лезуць проста ў вочы і тыкаюць жала…
Як-бы то ня чуе, — як-бы то не знае!
Потым ваўкалакі, смаўжы, ваўкалюды,
Зубастыя ведзьмы сабралісь з усюды;
На яго суюцца, зубамі скрыгочуць,
Ён тыкі капае, аж чэрці рагочуць!
Асэсараў, соцкіх, ураднікаў хмара
Наляцелі, грозяць, другі аж удара…
Ён усё капае, ані аглянецца.
Скарб і паказаўся, — няма куды дзецца!
Кацёл, як кадушка, зялезам абіты…
Абухом, як трэснуў, дык пусьцілі ніты;
Рэчкай паліліся новыя дукаты,
А хцівец падумаў: „Цяпер я багаты!“…
Набраў іх бяз ліку, у мяшок насыпаў,
На плечы закінуў, зрадзеў, — аж захліпаў,
І… ляціць да дому з тымі дукатамі…
Аж тут і пагоня зямлю капытамі
Рвець, як даганяе, аж сапуць іх коні!
Ён чуе, што блізка, можа німа гоні, —
Дукаты у лісічкі, а сам у калоду
Перакінуўсь зараз і прапаў, як у воду!
Калі-ж наляцелі калмыкі, арапы,
Шаблямі махаюць, аж трасуцца храпы,
Ды ніяк нічога ня могуць дарадзіць,
Так то умеў хцівец і сьлед свой загладзіць.
Тыя-ж пастаялі, пацмокалі трохі,
Коні завярнулі і пайшлі, як блохі.
Калоду у сябе зноў, лісічкі ў дукаты
Перакінуў хцівец і ляціць да хаты.
Калі ў поўдарогі чуе — ізноў гонюць,
Крычаць і страляюць і шаблямі звонюць.
То былі татары — кудлатыя шапкі,
А твар, — як дзьве скулы, а вочы, — як крапкі.
Як зглядзелі хціўца, — калі запішчэлі,
Аж прыляглі коні… але не пасьпелі.
Хцівец верць у дуба, а грошы у роя,
А мяшок у вулей! Удалося й тоя.
Цмокаюць татары! Прапаў, як у воду!
Адзін кажа: „Трэба ж зласаваць хоць мёду“.
А тут на іх коні пчолы, як сунуцца,
Ледзьві паўсядалі, каб назад вярнуцца!
Хцівец зноў уцекі. Пад вёскай, за гоні,
Чуе, забубнела і зноў хто-сьці гоне!
То гналіся туркі так, як падчас бітвы:
Палашы крывыя, вострыя, як брытвы,
У зубах кінджалы, голавы абрыты,
Брові так, як вусы, а твары сярдзіты!..
Хцівец кінуў камень, а гдзе ён каціўся,
Там ручэй глыбокі, шырокі зрабіўся;
На ручаю човен і буч на дне рэчкі
Поўны карасямі. Туркі, як авечкі,
Саўсім не пазналі, што то перакінуў
Хцівец сябе ў човен! І цяпер не згінуў.
Туркі завярнулі, а хцівец уцекі!
Ужо тут пад хатай сусед недалёкі,
Як крыкне на хціўца: „Пачакай ты, скнара!
Падзелімся скарбам! А, які нявера!
Вытрымаў і гэта і ні аглядаўся,
Стануў на парозе, за закрутку ўзяўся,
Аж тут сам сабою узяў мех прадраўся;
Як сыпнуць дукаты, дык аж загрымела!..
Ня вытрымаў хцівец, — у вачах сьцямнела, —
Аглянуўся, — відзіць: ажно чорт сьмяецца,
Крыўляе, рагоча, за бокі бярэцца!
Тут абамлеў хцівец, як сноп паваліўся;
На раніцы толькі з расой прабудзіўся;
І найперш заглянуў — скарб яго ці цэлы?
Зірк! Губы развесіў і стаіць здурнелы:
У мяху ўсё трэскі, а грошы не стала;
А душа за чары навекі прапала.
З папараці кветку хцівец гдзе-сьці страціў,
Памарка забіла і не разбагацеў!
Цяпер ня то дзесяць, — трох ня пераліча,
Ня хціўцам, а дурням кожны яго кліча.
Вось хцівасьць на грошы давяла да згубы:
Німа ў сьвеце лепей, як свой грошык любы,
А то, як каторы чалавек харошы,
У добрым здароўі век зжыве бяз грошы!

  1. пленіпатэнт — камісар.