Думкі (Шаўчэнка/Купала)/Апошняя рэдакцыя

Думка (Нашто чорныя мне бровы…)
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Крыніца: Шаўчэнка Т. Вершы, паэмы: Зборнік: Для ст. шк. узросту/ Укл. і аўт. прадм. В. Г. Бехціна. —Мн.: «Асар», 1995. — 336 с.: іл. —(Шк. б-ка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нашто чорныя мне бровы,
Нашто кары вочы,
Нашто леты маладыя,
Думачкі дзявочы?
Леты мае маладыя
Марна прападаюць,
Вочы плачуць, чорны бровы
Ад ветру ліняюць.
Сэрца вяне, нудзіць светам,
Як птушка без волі…
Нашто ж мне, краса мая ты,
Калі няма долі?
Цяжка-цяжка сіратою
Мне на свеце жыці;
Свае людзі —
Як чужыя,
Не з кім гаварыці;
Няма каму распытаці,
Чаго плачуць вочы;
Няма каму расказаці,
Чаго сэрца хоча,
Чаго сэрца, як галубка,
Дзень і ноч варкуе;
Ніхто яго не пытае,
Не знае, не чуе.
Чужы людзі не спытаюць —
Дый нашто пытаці?
Няхай плача сіраціна,
Няхай леты траціць…
Плач жа, сэрца, плачце, вочы,
Пакуль не заснулі,
Галаслівей, жаласлівей,
Каб ветры пачулі.
І каб буйныя панеслі
За сіняе мора
Чарняваму, здрадліваму —
На лютае гора!

(С.-Пецярбург, 1838)