Дыямэнты беларускага прыгожага пісьменства (1919)/5/Вучоны бык
← Ядвігін Ш. | Вучоны бык Апавяданьне Аўтар: Ядвігін Ш. 1919 год |
Што сказау певень → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вучоны бык. |
ВУЧОНЫ БЫК.
Павеу Язэп бычка-трэцячка на рынак прадаваць; на дарозе спатыкае салдатау; тыя і пытаюцца Язэпа:
— Куды, старче, бычка вядзеш?
— На торг прадаваць вяду, — каже Язэп — такі, нейкі ніудалы, наравісты удауся, што рады даць ні магу.
— Эх, дурны ты, зямлячок, кажуць салдаты, што ж ты возьміш за гэткую злыбіду. Аддай лепш нам яго на навуку у горад на які год, ды, прынамсі, апасьля жмені са тры грошы згорніш.
Падумау, пачухау патыліцу, Язэп, — падумай — згадзіуся і аддау бычка на навуку салдатам, а сам вярнууся да дому.
Мінуу год; пайшоу Язэп у горад па свайго быка. Дапытался салдатау, каторым аддау сваю жывелу на навуку, прыходзе да іх і пытае:
— Ну, землячкі, як мой Падласы? Ці добра навучыуся?
— Ах, каб ты ведау, кажуць яны, якой бяды набраліся мы з ім! Сьперша-як сьперша: брыкауся, тузауся, бадауся, — але неяк далі рады — угаманіуся; толькі як прыйшло да самай навукі, то так стау скора браць усе у свой бычачы розум, што аж рогі падпадалі, шэрсьць выпаузла, стау хадзіць на двух нагах, словам, зусім падабнюсенькі стауся да чалавека, а які разумны, аж дзіва!
— Ну, я яму скора выганю гэты розум з галавы выгала, кажа Язэп, толькі вядзіце мяне у хлеу, дзе ен стаіць!
— Звар‘яцеу ты, чалавечэ, ці што, — кажуць салдаты. Прауда, чэкау ен цябе, але жыць болей з намі ні захацеу: дагадзіць яму ні маглі патрапіць, перабрауся ен цяпер на сваю кватэру і, чутна, папау у вялікія чыноунікі.
— Пакажыця тыкеля, просіць Язэп, дзе ен жыве, а я ужо сам дам рады: — нябось, пастронкі моцныя узяу.
Салдаты завялі Язэпа, паказалі дом, куды ісьці, а самі уцяклі. Язэп, убачыушы на дварэ нейкаго чалавека, пытае: дзе тут жыве бык.
— Ні бык, адказывае тэй, а Быкоу; вун у тыя дзвері ідзі.
Раскруціушы пастронак і прыгатаваушы пугу, сьмела Язэп адчыняе адны, другія дзьверы і апынууся у вялікім пакоі, дзе убачыу абедаууашага за сталом пана.
— Табе чаго, — пытае той.
Язэп падміргіваючы адным вокам, зарагатау і кажа:
— Ішь ты, Падласы, які ласун! Нібось, ні спазнау гаспадара!…
— Вон пашоу! — крыкнуу пан, выскачыушы з-за стала.
— Быську, быську, — стау усьцішываць Язэп разгневанага пана, але той рынууся на яго с кулакамі.
Язэп, доуга ні чекаючы, закінуу на пана пастронак, зацягнуу яго, ды давай акладаць пугай…
Німа ведама, чым бы гэта скончылася, каб ні зьбегліся на крык людзі і ні абаранілі пана.