Дэлегатка (1928)/Тры крыжыкі
← Галіфэ | Тры крыжыкі Апавяданьне Аўтар: Змітрок Бядуля 1928 год |
На варце → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Тры крыжыкі. |
ТРЫ КРЫЖЫКІ
Гэта былі ня звычайныя „сьвятыя“ крыжы, якія мы бачым на могілках або ў царкве, ці на абразох.
Гэта былі тры маленькія, нязграбныя крыжыкі, пісаныя на паперы мазалістай, каравай рукой Янкі Гарбача.
Тры палачкі ўдоўж і тры ўпапярок.
Янка Гарбач так заўсёды падпісваецца.
Тры крыжыкі складаюць усю яго пісьменнасьць і навуку.
Такія яго крыжыкі добра ведала даўнейшая воласьць.
Такія крыжыкі ставіць ён на паперках і ў цяперашнім сельсавеце.
І, здаецца, крыжыкі гэткія самыя, як і ў іншых няпісьменных сялян, але Янка іх заўсёды пазнае хоць паміж соткі такіх-жа, напісаных не яго рукой.
Ён іх пазнае так, як пазнае сваю касу, пугу ці свой воз паміж іншымі такімі ж прыладамі гаспадаркі.
Ён іх пазнае так, як чалавек пазнае сваю авечку ў вялікім стадзе чужых авечак альбо бабу сваю на кірмашы сярод вялікай грамады баб у такіх-жа, як у яго жонкі, хустках.
А на першы погляд здаецца, што ніякай розьніцы няма паміж крыжыкамі Янкі Гарбача і такімі-ж грамзоламі іншых няпісьменных сялян.
Але гэта толькі здаецца.
Янка Гарбач ведае свае крыжыкі, як сваё імя. Шмат поту яны яму каштуюць кожны раз, як прыходзіцца яму падпісвацца.
Янка сапе сабе ў бараду, вочы пільна наставіць у паперу, цэліцца доўга-доўга і пачынае выводзіць крыжыкі, нібы будыніну будуе.
Як сахою па ральлі, водзіць ён пяром на паперы. Доўга майструе, пакуль стануць крыжыкі ў радочку — адзін за адным, як жывюханькія. Нібы тры камарыкі, адзін меншы за другога.
Янка ўкладае ў гэту пісаніну ўсю сваю кемнасьць, усю істоту, усе думкі і настроі, якімі ён перапоўнены ў той час.
Праўда, кожны раз крыжыкі выходзяць у яго паінакшаму, у залежнасьці ад яго настрою, але ён іх ведае. Таўшчыня і даўжыня палачак гэтых крыжыкаў заўсёды напамінаюць яму аб тым, пры якіх варунках ён іх пісаў, калі пісаў, што тады думаў, ці ён быў тады вясёлы ці смутны.
Гэта ўсё Янка пазнае па крыжыках, паводлуг іх ліній, паводлуг таёмных прыкмет, вядомых толькі яму.
Пісьменныя людзі ставяць пры гэтых крыжыках яго імя і прозьвішча. Так даецца тлумачэньне да іх, каб у канцэлярыі ведалі, што гэтыя крыжыкі азначаюць „Янка Гарбач“.
Янка вельмі гардзіцца тлумачэньнем пісьменных: жартачкі — ён так мудра піша, што тлумачэньне патрабуецца. У Янкі тады зьяўляецца на твары выраз надзвычайна вучонага чалавека…
Янка Гарбач бывае на ўсіх сходах, усюды выступае з прамовамі і на ўсіх рэзолюцыях — аб коопэратыве, аб школе, аб пераходзе на шматпольле — мітусяцца яго тры крыжыкі.
Ставіць свой подпіс крыжыкамі хоць і для яго цяжкая праца, але ён гэта вельмі любіць. Вугалем на сьцяне іх крэмзае, зімой па сьнезе кійком малюе. А калі часам задумаецца, дык пальцам перад сабой у паветры іх пачынае выводзіць, нібы па ўспацеўшай шыбіне.
∗
∗ ∗ |
— Кінь, нарэшце, свой магільнік! — казаў аднаго разу настаўнік іхняй вёскі Янку Гарбачу.
— Які магільнік?! зьдзівіўся Янка і выставіў на настаўніка пару вострых, як цьвікі, вачэй.
— Свае тры крыжыкі, — лёгка ўсьміхнуўшыся, мяккім голасам, вытлумачыў настаўнік.
— Як тры крыжыкі?! Мой подпіс?!
Янка Так аслупянеў, нібы настаўнік казаў яму, каб ён нажом адрэзаў свой нос і кінуў у сьметнік.
Пры гэтым ён у паветры напісаў пальцам тры крыжыкі.
— Цяпер усе павінны ўмець пісаць і чытаць, — вёў далей сваю гутарку настаўнік выразна і цьвёрда, не адступаючы. — Ты вось кожны раз прыходзіш ка мне, каб я табе чытаў розныя павесткі, розныя паведамленьні, газэту, законы аб зямлі і іншыя патрэбныя справы.
Настаўнік доўга гаварыў яму аб патрэбе ўмець пісаць і чытаць.
Янка Гарбач маўчаў.
Ён апусьціў голаў, апусьціў цяжка, нібы бязьмен, узьвешаны ўніз галоўкай. Кучма рыжаватых, паджарыстых валасоў, настаўленых супроць твару настаўніка, былі нямым адказам Янкі.
Здавалася, што ён хоча бадаць настаўніка ў грудзі сваёй успацеўшай лабацінай з нявідочнымі рагамі за такое прыставаньне.
Выразу твару Янкі ня відаць было, але па ўсім целе яго як-бы прабегла знутры думка, тарганула яго ўсяго, скалатнула, нібы вецер яблыню — і зноў захавалася глыбока ўнутры…
Шкада зрабілася Янку сваіх крыжыкаў… Ён так да іх прывык за ўсё жыцьцё…
Так прывыкае чалавек да сьцен турмы, у якой прыходзіцца яму сядзець часам доўгі час. Пры вызваленьні з няволі ён пачынае сумаваць па сваёй каморцы з жалезнымі кратамі.
Настаўнік назіраў за Янкам. Усім станам сваім ён быў напружаны і чакаў, што далей будзе.
Настаўнік быў адзет у вопратку „зашчытнага“ колеру ў вытрыманым стылі. Жаўтавата-брудны бацінкі-„амэрыканкі“ на нагах, скруткі да кален, парваныя нагавіцы. Усё гэта напамінала нядаўны час вайсковага комунізму. Выгляд настаўніка, вырваны з эпохі грамадзянскай вайны, нібы клінам урэзаўся ў наш час мірнага будаўніцтва.
Для настаўніка яшчэ ня мінуў гарачы, захапляючы пэрыод упартай барацьбы. Тры гады ён жыве вось у гэтай глушы. Увесь свой час змагаецца з вясковай цемрай. Ад пастаяннага змаганьня з яго маршчыністага твару ня зыходзіць выраз неспакою, напружанасьці і натхнёнай жывасьці.
Вочы ў яго вострыя, пранікаючыя, бародка — клінам, увесь ён тонкі і худы. Нібы верацяном вострым, гатоў ён у любую хвіліну пранізваць думкі вясковых людзей, каб асьвятляць іх, каб расьсейваць павуціну забабонаў, якімі запоўнены вёскі.
З добрай усьмешкай паглядае настаўнік на Янку Гарбача і чакае.
А ў Янкі думкі скачуць з месца на месца, лётаюць, як перапалоханыя авадні. Мітусяцца ў яго галаве крыжыкі, якія ў штодзенным жыцьці, у практычнай працы, у вадносінах з людзьмі зьвязвалі яго, злучалі з тэй культурай, навукай чалавечай, якая мае за сабою многа тысячагодзьдзяў, якая знаходзіла калісь свой пачатак вось ад такіх-жа крыжыкаў.
Да гэтага часу Янка бачыў толькі карысьць ад сваіх крыжыкаў. Толькі вось у гэту хвіліну ён павярнуў аглоблі ў другі бок — і давай у думках шукаць усе нявыгады крыжыкаў, усю нясуразнасьць сваёй цемнаты.
— Сапраўды магільнік нейкі! — падумаў Янка. Колькі яго дурачылі з такімі подпісамі дзеля яго няпісьменнасьці. Колькі ён папер падпісваў такімі крыжыкамі, ня ведаючы, што напісана ў гэтых паперах, а потым прыходзілася церабіць патыліцу, ваяваць, судзіцца і новыя глупоты чыніць. А ўсё дзеля таго, што ён чалавек няпісьменны.
„Жыць далей з крыжыкамі нельга!“ — цьвёрда падумаў Янка.
— Трэба над крыжыкамі паставіць крыж! — прагаварыў ён голасна.
— Во, во! — падхапіў гэтыя словы, як самае каштоўнае і дарагое, настаўнік.
Вочы настаўніка засьвяціліся радасьцю: новая перамога!
— Значыць, будзеш у мяне вучыцца?
— Буду! — цьвёрда адказаў Янка і падняў галаву. Ён ажно ў твары зьмяніўся ад сваёй рашучасьці і ў знак згоды з настаўнікам, каб замацаваць гэту справу раз назаўсёды, Янка схваціў левай рукой правую руку настаўніка і са смакам хлопнуў па далоні настаўніка другой рукой сваёй. Ажна водгаласкі расплёскаліся вакол на розныя лады.
Так Янка заўсёды рабіў пры самых важных момантах свайго жыцьця, калі гандляру цялё прадасьць або калі каня памяняе.
Янка аддаў цяпер свае тры крыжыкі за пісьменнасьць.
Разьвітаўшыся з настаўнікам, Янка пашоў да хаты аднаўлёным, новым чалавекам.
Ён адчуваў сябе як-бы пад вакном цікавых палацаў, дзе чорныя літары на белай паперы аблягчаюць чалавечае жыцьцё, зьнімаюць нейкую луску з яго вачэй.
Ідучы да хаты, Янка не заўважваў, што робіцца вакол. Яго нешта падымала ўгару, нясло, як пярынку. Праз колькі часу ён сам будзе газэты чытаць, кніжкі, будзе падпісвацца словамі — „Янка Гарбач“.
Тут ён прыпомніў свае крыжыкі і давай пальцамі ў паветры зноў вывадзіць іх па старай прывычцы. Але зараз-жа ўсхапіўся:
— К ліху крыжыкі! — прагаварыў ён гнеўна.
А каб зноў іх не рабіць, ён пачаў лічыць свае пальцы на руках. Лічыць і хвалюецца-непакоіцца. То ў яго выходзіць дзевяць пальцаў, то адзінаццаць…
— Вось пракляцьце… — бармоча Янка і сьмяецца сам з сябе, што зьбіўся з панталыку.
Янка не пашоў дахаты, а павярнуўся ў коопэратыў, каб зараз жа купіць пісьменныя прылады.