Жалейка (1908)/«Нашэй Доли» (Першай беларускай газэце)

Аўторцэ «Скрыпки беларускай» «Нашэй Доли» (Першай беларускай газэце)
Верш
Аўтар: Янка Купала
1908 год
Беларускай Выдаўницкай Суполцэ «Загляне сонцэ и ў нашэ ваконцэ»
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Нашай долі» (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„Нашэй Доли“.

Першай беларускай газэце.

Гэй! ўсе разам без патоли,
Беларусы-дзеци!
Пашлйом дзякуй «Нашэй Доли»,
Роднинькай газэце.
Нам яе радзимай далей
Ня будзе ўжо браку;
Шмат гадкоў шчыра чакали,
А цяпер—ой, дзякуй!
Дзякуй тым, хто нашу мову
Родную ўскрэшае;
Хто цямноты ў родным слову
Нашы распрашае.
Дзякуй! и хай «Наша Доля»
Часцей к нам прыходзе;
А з ей праўда и з ей воля
Зажыве ў народзе.
Праўда, шмат расце бадыляў
Нам на сцежцэ нашэ;
А магила пры магили
Дзикай пусткай страшэ;
Але «Доля» хай адважна
Ляциць к нам, загнаным,
К грамадзе нашай сермяжнай,
К горам гартаваным.
Ўрагоў нашых рык шакали
Не страшэн и ўгрозы,
Бо, бо нас узгадавали
Кнут, кроў, пот и слйозы.
Прыкупиўшы соли-хлеба,
Привитамо «Долю»,
Як анйола Бога з неба,
Як святую волю!