Жалейка (1908)/Ах! ци доўга

Так-не, так не! Ах! ци доўга
Верш
Аўтар: Янка Купала
1908 год
З маих песняў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ах, ці доўга…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ах! ци доўга

Ах! ци доўга, братцы, будзем
Под няволей мы стагнаць?
Ах ци доўга свайо шчасьця
Сваю долю праклинаць?
Ци так цягам, як сягоння
Цярпець будзем мы бяду?
Циж нам горкая нядоля
Написана на раду?
Жыццйо нашае, нас бедных
Заганяных мужыкоў,
Горш за ўсякага стварення,
За сабак и чарвякоў.
Хоць мазольными руками
Ты працуеш кожны дзень,
Хоць у гэтай цяжкай працы
Ссохнеш з голаду, як цень,
Але твае жонка, дзеци
Хлеба просяць у людзей,
Але тваим дзецям, жонцы
Нима чым прыкрыць грудзей,
Ци мароз, ци снег вялики
Басяком бяжыш на двор,
Бо такая твая доля,
Таки яе прыгавор!
Каля часам ты двузлотку
Зарабиў у пана дзе,
Так на чынш и на падатки
Яе воласць забярэ.
Хоць нам гэту зямлю-матку
Богъ безплатне дараваў
И плациць чыншоў, падатку
За яе нам не казаў,
Но на гэта тут ня помнюць
И як могуць так дзяруць,
И паследнюю кароўку
За падатки прададуць;
Хто тут винен, разгадайце,
Ци тут Бог, ци чорт пракляты?—
Но, што тольки мне ни байце,
Самиж многа винаваты!…