Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/XVII

Раздзел XVI Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел XVII
Раман
Аўтар: Даніэль Дэфо
1937 год
Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719)
Раздзел XVIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел семнаццаты

Рабінзон пераконваецца, што на яго востраве бываюць людаеды.

Панічны страх, які мяне не пакідаў з той хвіліны, як я знайшоў адбітак чалавечай нагі на пяску, быў адзінай прычынай, якая прымусіла мяне ўскласці сабе на плечы столькі работ, бо за час майго знаходжання на востраве да яго не набліжалася, паколькі мне было вядома, ніводная чалавечая істота. Ужо два гады прайшло з таго дня, калі я знайшоў на пяску след чалавечай нагі, але з гэтага дня я развітаўся са сваім ранейшым бестурботным жыццём, і гэтаму лёгка павераць усе тыя, хто паспытаў, што азначае жыць пад вечным прыгнётам страху.

Неяк раз дабраўся я да заходняга канца вострава, дзе ніколі раней не быў. Не дайшоўшы да берагу, я ўзышоў на ўзгорак, і, калі перада мной адкрылася мора, мне здалося, што здалёк відаць лодку. У мяне была дома падзорная труба, якая была ў адной з скрыняў, перавезеных з карабля; але я не здагадаўся ўзяць яе з сабой, а простым вокам не мог разгледзець, ці была гэта сапраўды лодка, хоць прагледзеў усе вочы, узіраючыся ўдалеч. Спускаючыся к берагу з узгорка, я ўжо нічога не бачыў; так і дагэтуль не ведаю, што гэта быў за прадмет, які я палічыў за лодку. Але з таго дня я даў сабе слова ніколі не выходзіць з дому без падзорнай трубы.

Дайшеўшы да берагу (гэта быў заходні бераг вострава, дзе, як ужо сказана, я раней не бываў), я хутка ўпэўніўся, што сляды чалавечых ног зусім не такая рэдкасць на маім востраве як я думаў! Так, я ўпэўніўся, што каб не трапіў на ўсходняе ўзбярэжжа, куды дзікуны не прыставалі, я-б даўно ўжо ведаў, што на маім востраве яны бываюць нярэдка і што заходнія яе берагі служаць ім не толькі сталай гаванню ў часе далёкіх морскіх экскурсій, але і месцам дзе яны балююць.

Тое, што я ўбачыў, калі спускаўся з узгорка і падышоў да берагу мора, ашаламіла мяне. Увесь бераг быў усеяны чалавечымі касцямі: чарапамі, шкілетамі, косткамі рук і ног. Не магу выказаць, які жах ахапіў мяне ад гэтай карціны.

Мне было вядома, што дзікія плямёны часта ваююць паміж сабой.

«Мабыць, — думаў я, — пасля кожнай сутычкі пераможцы прывозяць з матэрыка сваіх ваеннапалонных на гэтае ўзбярэжжа, дзе, па зверскаму звычаю ўсіх дзікуноў-людаедаў, забіваюць і з’ядаюць іх». У адным месцы я заўважыў круглую, выраўнаную пляцоўку, пасярод якой былі рэшткі кастра: тут, мусіць, і сядзелі бесчалавечныя варвары, спраўляючы свае жахлівыя баляванні…

Усё гэта так уразіла мяне, што я нават не адразу ўспомніў пра небяспеку, у якую я трапіў, застаючыся на гэтым беразе: жах перад абураючым скажэннем чалавечай прыроды, здольнай дайсці да такой зверскай жорсткасці, выціснуў з маёй душы ўвесь страх. Я не раз чуў пра падобныя праявы зверства, але ніколі да гэтага часу не выпадала бачыць іх самому. З непераможнай агідай адвярнуўся я ад жахлівага відовішча. Я ні хвіліны лішняй не заставаўся ў страшэнным месцы: я падняўся на ўзгорак і пабег назад, да жылля.

Калі заходні бераг застаўся ў мяне далёка адзаду, я спыніўся, каб ачуняць і набрацца думак. Варвары, як я ўпэўніўся, ніколі не прыязджалі на востраў за здабычай — ці таму, што ні у чым не мелі патрэбы, ці можа таму, што не разлічвалі чым-небудь пажывіцца ў гэткім пустынным месцы.

Не магло быць аніякага сумнення, што яны не адзін раз пабылі ў лясістай частцы вострава, але, мусіць, не знайшлі там нічога такога, што магло-б ім спатрэбіцца. Бясспрэчна было адно: я пражыў на востраве без малога восемнаццаць год і да апошняга

часу ніводнага разу не знаходзіў слядоў чалавечых ног; з гэтага вынікала, што я мог пражыць тут яшчэ дваццаць год і не трапіць на вочы дзікунам, хіба толькі натыркнуўся-б на іх па ўласнай неасцярожнасці. Але такой выпадковасці не было чаго баяцца, бо адзіным маім клопатам было як мага лепш хаваць усе адзнакі прысутнасці маёй на востраве і як мага радзей выпаўзаць з сваёй нары, прынамсі да таго часу, пакуль прывядзе ў мае ўладанні цывілізаваных людзей, якім мне не страшна было-б паказацца.

Я мог-бы, каб хацеў, убачыць дзікуноў адкуль-небудзь з засады, але я не хацеў гэтага, — такія брыдкія былі для мяне гэтыя крыважэрныя звяры, якія жэрлі адзін аднаго. Адна думка аб мажлівасці існавання ў людзей гэткіх бесчалавечных звычаяў наводзіла на мяне тугу. Каля двух год я праседзеў, нікуды не выходзячы, у той частцы вострава, знаходзіліся мае ўладанні, — крэпасць пад гарой, лясная дача і тая палянка ў гушчы лесу, на якой я зрабіў абгароджаны выган для коз. За ўсе гэтыя два гады я ніводнага разу не хадзіў зірнуць на сваю пірогу; думаў нават аб тым, каб зрабіць новую лодку, бо канчаткова вырашыў, што не буду прабаваць прывесці з таго боку вострава маю ранейшую лодку. Я не меў ні малейшага жадання напароцца ў моры на дзікуноў, бо ведаў, якая доля чакае мяне, калі я траплюся ім у рукі.

Прайшло яшчэ каля года. Увесь гэты час я быў так далёка ад усякіх спроб расправіцца з дзікунамі, што зусім не бываў у тым баку вострава, дзе яны прычальвалі са сваімі пірогамі. Я нават ніводнага разу не пайшоў зірнуць, ці не відаць іх на беразе. Аднаго толькі разу я хадзіў на той бераг, ды і то толькі затым, каб узяць адтуль лодку. Я перавёў яе на ўсходні бок вострава, дзе для яе знайшлася вельмі зручная бухтачка, схаваная з усіх бакоў стромкімі скаламі. Удоўж усходніх берагоў вострава праходзіла морская плынь, і я ведаў, што дзікуны нізавошта не адважацца высадзіцца там.

Я думаю, чытачу не будзе здавацца дзіўным, калі я скажу яму, што адчуванне вечнапагражаючай небяспекі, пад прыгнётам якой я жыў апошнія гады, заглушыла ў мяне ахвоту да вынаходніцтва для маіх хатніх выгод. Не да таго мне было, каб клапаціцца аб паляпшэнні майго стала, калі я толькі і думаў, як-бы выратаваць сваё жыццё. Я баяўся ўбіваць цвік, шчапаць палена, каб дзікуны не пачулі грукату. Страляць я тым больш не адважваўся па той-жа прычыне. Але, галоўнае, мяне ахапляў невыказны страх кожны раз, калі мне трэба было раскладваць агонь, бо дым, які ўдзень відаць на вялікай адлегласці, заўсёды мог выдаць мяне. Таму я нават перанёс у новае памяшканне ўсе тыя вырабляемыя рэчы (у тым ліку і ганчарныя), для якіх патрабаваўся агонь.

Я забыў сказаць, што неяк раз, працуючы ў лесе, я, на вялікую маю радасць, знайшоў прыродную пячору ў скале, вельмі вялікую ў сярэдзіне, але з такім вузкім уваходам, што, я ўпэўнены, ніводзін дзікун не адважыўся-б лезці ў яе без крайняй патрэбы; ды і наогул толькі чалавеку, якому, як мне, трэба ратавацца, магла прысці фантазія пралезці ў гэтую шчыліну.

У адзін з тых дзён, калі я працаваў у лесе сякерай, мне давялося сячы лішняе галлё з аднаго вялікага куста, і пад ім я заўважыў нару шырынёю у два футы. Мяне зацікавіла, куды можа весці гэты ход. Я пралез у яго, хоць і з вялікай цяжкасцю, і апынуўся ў пячоры, такой высокай, што мог устаць ва ўвесь рост. Але прызнаюся, што вылез я адтуль куды хутчэй, як улез. І не дзіва: узіраючыся ў цемру, я сустрэў два бліскучыя вокі, пазіраўшыя прама на мяне; яны блішчэлі, як зоркі, адбіваючы слабае дзённае святло, пранікаўшае знадворку і падаўшае на іх.

Я не ведаў, каму належалі гэтыя вочы — д’яблу ці чалавеку, але перш чым я паспеў што-небудзь скеміць, мяне ўжо не было ў пячоры.

Крыху счакаўшы, я аднак апамятаўся і назваў сябе дурнем. «Хто пражыў дваццаць год адзін-адзінюткі сярод акіяна, таму не да твару баяцца чорта, — сказаў я сабе. — Напэўна ў гэтай пячоры ўжо-ж няма нікога страшнейшага за мяне». І, набраўшыся храбрасці, я захапіў палаючую галавешку і зноў палез у пячору. Але не паспеў я ступіць і тры крокі, асвятляючы сабе шлях галавешкай, як пасунуўся назад, перапалоханы не менш ранейшага; я пачуў гучны ўздых, як уздыхаюць ад болю, затым нейкія перарывістыя гукі накшталт мармытання і зноў цяжкі ўздых.

Я застыў ад жаху; халодны пот выступіў у мяне па ўсім целе, і валасы сталі дыбам. Тым не менш я не разгубіўся: зноў сунуўся ўперад і пры святле майго факела, які трымаў над галавой, убачыў аграмаднага старога казла! Ён ляжаў нерухома ды цяжка дыхаў у перадсмяротнай агоніі; ён здыхаў, відаць, ад старасці.

Я крануў яго нагой, каб прымусіць падняцца. Ён паспрабаваў быў устаць, але не здолеў. «Хай ён ляжыць, пакуль жывы, — падумаў я: — калі ён мяне напалохаў, дык напэўна не менш напалохае кожнага дзікуна, які ўздумае сунуцца сюды».

На другі дзень я ўзяў з сабой шэсць вялікіх свечак уласнага вырабу (к таму часу я навучыўся рабіць вельмі добрыя свечы з казінага тлушчу) і вярнуўся ў пячору. Я падышоў да вузкага ходу ў глыбіні пячоры, стаў на карачкі і папоўз уперад, што, паміж іншым, было даволі смелым учынкам з майго боку, калі узяць пад увагу, што я не ведаў, куды вядзе гэты ход і што чакае мяне наперадзе. Я прапоўз каля пяці сажняў і адчуў, што калідор робіцца ўсё шырэйшым і шырэйшым. Крыху пачакаўшы, я паспрабаваў устаць на ногі, і тады высветлілася, што я магу стаяць ва ўвесь рост. Тады я запаліў дзве свечкі і ўбачыў такую дзівосную карціну, якой я на маім востраве ніколі не бачыў. Я стаяў у прасторным гроце футаў дваццаць у вышыню; святло маіх двух свечак адлюстроўвалася ад яго сцен і столі, і яны адсвечвалі тысячамі рознакаляровых агней. Ці былі гэта ўтыркнутыя ў камень пячоры дыяменты, ці іншыя каштоўныя каменні, ці золата, — я не ведаў і не ведаю, але думаю, што гэта золата.

Я ніяк не чакаў, што зямля можа захоўваць у сваіх нетрах гэткія цуды. Гэта быў дзівосны грот з сухой і роўнай падлогай, пакрытай дробным пяском. Нідзе ніякіх адзнак цвілі або вільгаці, нідзе ніводнага сляда брыдкіх насякомых і атрутных гадаў. Адзіная нязручнасць — вузкі ўваход, але для мяне гэтая нязручнасць была каштоўней за ўсё, бо я-ж клапаціўся аб бяспечным прытулку, а бяспечней за гэта цяжка было знайсці. Я быў у захапленні ад сваёй вынаходкі і рашыў неадкладна перанесці ў мой грот усё тое з маёй маёмасці, чым я асабліва даражыў, і перш за ўсё порах і ўсю запасную зброю, гэта значыць свае пяць стрэльбаў.

Перацягваючы ў новае памяшканне порах і запасную зброю, я заадно ўскрыў і той бачонак з порахам, які я падабраў у свой час з карабля. Я быў упэўнены, што ўвесь порах падмочаны, але выявілася, што вада трапіла ў бачонак толькі на тры, на чатыры дзюймы навакол; падмоклы порах зацвярдзеў і засох у моцную скарынку, у якой увесь астатні порах ляжаў, як ядро арэха ў лушпайцы. Такім чынам я нечакана разбагацеў яшчэ фунтаў на шэсцьдзесят вельмі добрага пораху. Гэта была вельмі прыемная нечаканасць. Увесь гэты порах я перанёс у свой грот, пакінуўшы ў сваёй крэпасці не больш трох фунтаў на выпадак нападу дзікуноў. Туды-ж, гэта значыць у грот, я перацягаў і ўвесь свой запас свінца, з якога рабіў кулі. «Няхай хоць пяцьсот дзікуноў бегаюць па востраву, шукаючы мяне: яны не знойдуць майго прытулку, — казаў я сабе, — а калі нават і знойдуць, то усёроўна не адважацца сунуцца да мяне!»

Ішоў ужо дваццаць трэці год майго жыцця на востраве, і я паспеў да такой ступені прызвычаіцца да гэтага жыцця, што, каб не баяўся дзікуноў, якія маглі кожную хвіліну патрывожыць маю адзіноту, я ахвотна згадзіўся-б правесці тут усю рэшту маіх дзён да апошняй гадзіны, калі я лёг-бы і памёр ад старасці, як казëл у пячоры. У апошнія гады я выдумаў сабе нават некаторыя забавы і дзякуючы гэтаму праводзіў час куды весялей, як раней. Па-першае, як ужо ведае чытач, я навучыў свайго Попку размаўляць, і ён так цікава балбатаў, вымаўляў словы так выразна, што было пацехай слухаць яго. Ён пражыў у мяне не менш дваццаці шасці гадоў. Як доўга жыў ён потым, — я не ведаю; я чуў у Бразіліі, што папугаі жывуць па сто гадоў.

Былі ў мяне яшчэ два папугаі, яны таксама ўмелі размаўляць і абодва вымаўлялі: «Робін Крузо», але далёка не так добра, як першы папугай. Праўда і тое, што на яго я патраціў куды больш часу і працы. Затым я лавіў на беразе і прыручаў морскіх птушак усякіх невядомых мне парод. Усім ім я паадразаў крыллі, каб яны не маглі паляцець.

Маладыя дрэўцы, якія я насадзіў перад сваёй крэпасцю, каб лепш схаваць яе ад дзікуноў, разрасліся ў густы гай, і ў гэтым гаі таксама пасялілася шмат птушак: яны вілі гнёзды на невысокіх дрэвах і выводзілі птушанят, а мяне гэта радавала і суцяшала.

Такім чынам, паўтараю, я адчуваў сябе спакойна і добра і быў-бы зусім задаволен сваім лёсам, каб не баяўся дзікуноў.