Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/XVIII
← Раздзел XVII | Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел XVIII Раман Аўтар: Даніэль Дэфо 1937 год Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719) |
Раздзел XIX → |
Раздзел восемнаццаты
Дзікуны зноў наведваюць востраў Рабінзона. — Крушэнне карабля.
Надышоў снежань месяц — час уборкі хлеба, якая патрабавала сталай работы на палях. І вось аднойчы, вышаўшы з дому перад досвіткам, я быў ашаломлены, убачыўшы агонь вялікага кастра на беразе, мілі на дзве ад майго жылля.
Я прытаіўся ў гайку, баючыся ступіць лішні крок, каб не натыркнуцца на дзікуноў. Але і ў гайку я не мог быць спакойным: я баяўся, што дзікуны пачнуць валэндацца па востраву, убачаць мае загарадкі і палі, зараз-жа здагадаюцца, што на востраве жывуць людзі, і не супакояцца, пакуль не знойдуць мяне. Падштурхнуты страхам, я жвава пералез назад за агарожу, падняў за сабой лесніцу, каб схаваць свае сляды, і пачаў рыхтавацца да абароны.
Я зарадзіў усе свае стрэльбы, агледзеў і зарадзіў абодва пісталеты і рашыў абараняцца да апошняга ўздыху. Я прабыў у сваёй крэпасці некаторы час, абмяркоўваючы, што-б такое яшчэ зрабіць, каб абараніць сябе ад ворагаў. Але нядоўга прасядзеў я на месцы: нельга было вытрымаць такую невядомасць. Я палез на гару і, дабраўшыся да самай вяршыні, вынуў з кішэні падзорную трубу, лёг на зямлю і накіраваў трубу на тое месца берагу, дзе відаць быў агонь. Там было дзевяць чалавек дзікуноў; усе яны сядзелі вакол кастра зусім голыя. Вядома, касцёр яны расклалі не для таго, каб пагрэцца, бо і так была вялікая спякота, а пэўна для таго, каб згатаваць свой варварскі абед з чалавечага мяса. Дзічына, напэўна, была падрыхтаваная, але жывая ці забітая — я не ведаў.
Дзікуны прыехалі на двух лодках, якія цяпер ляжалі на беразе: быў час адліву, і яны, відаць, чакалі прыліву, каб адправіцца назад.
Як я чакаў, так яно і вышла: як толькі пачаўся прыліў, дзікуны селі ў лодкі і адчалілі. Я забыў яшчэ сказаць, што за гадзіну ці за паўтары да ад’езду, яны скакалі на беразе. Я добра бачыў праз трубу іхнія дзікія рухі і скокі.
Як толькі яны адчалілі, я спусціўся з гары, ускінуў на плечы абедзве стрэльбы, заткнуў за пояс два пісталеты, цясак і, не трацячы часу, накіраваўся да таго ўзгорка, адкуль рабіў свае першыя назіранні, калі знайшоў на беразе чалавечы след. Дабраўшыся туды (гэта заняло не менш двух гадзін, бо я нëс цяжкую зброю і не мог ісці хутка), я паглядзеў на мора і ўбачыў яшчэ тры лодкі з дзікунамі, якія накіроўваліся ад вострава да матэрыка.
Гэтае адкрыццё засмуціла мяне, асабліва, калі, спусціўшыся к берагу, я ўбачыў рэшткі таго жахлівага балявання, якое толькі што там адбылося: кроў, косці і кавалкі чалавечага мяса, якое гэтыя зверы жэрлі з лёгкім сэрцам, скачучы і весяліўшыся. Мяне ахапіла такое абурэнне ад гэтай карціны, што я забыў свае разумныя намеры не чапаць дзікуноў, і ў галаве маёй пачалі складацца планы, як напасці на першую-ж партыю гэтых варвараў, якую я ўбачыў на беразе, якой-бы яна ні была шматлікай.
Увесь гэты час я быў у баявым настроі і ўсе свае вольныя гадзіны (якія, дарэчы, мог-бы скарыстаць куды лепш) праводзіў у абмеркаванні планаў знішчэння дзікуноў.
Я канчаткова пастанавіў напасці на іх у наступны-ж раз, як убачу іх на беразе, асабліва калі яны зноў падзеляцца на дзве партыі, як гэта было ў апошні іх прыезд.
Але я не ўцяміў таго, што калі нават і пераб’ю усю партыю, прыкладна, у дзесяць або дванаццаць чалавек, то на другі дзень ці праз тыдзень, або месяц мне прыдзецца мець справу з новай бандай, а там зноў з новай, і гэтак бясконца, пакуль я сам не ператваруся ў такога-ж, калі не горшага, забойцу, як гэтыя дзеці прыроды, што жэрлі сваіх блізкіх. Але прайшло больш года, пакуль я зноў убачыў дзікуноў.
Не магу выказаць, якім трывожным часам былі для мяне гэтыя пятнаццаць месяцаў. Я дрэнна спаў, кожную ноч бачыў страшныя сны і часта ўскокваў, прачнуўшыся ў сполаху. Часамі я сніў, што забіваю дзікуноў, намагаўся ў сне апраўдаць сябе. Я і ўдзень не ведаў ні хвіліны спакою. Але аб гэтым, таксама як і аб маёй сустрэчы з дзікунамі, будзе гутарка далей. Цяпер-жа я хачу расказаць аб адной падзеі, якая парушыла на некаторы час аднастайнасць майго жыцця. Гэтая падзея здарылася на дваццаць чацвертым годзе майго жыцця на востраве, у сярэдзіне мая, а менавіта 16, калі верыць майму няшчаснаму драўлянаму календару, якім даўно ўжо не засталося жывога месца ад зарубак.
Увесь дзень 16 мая была вялікая навальніца, і дзень змяніўся такой-жа бурнай ноччу. Позна вечарам я чытаў кнігу, імкнучыся адцягнуць свае думкі ад небяспек майго тагочаснага становішча. Раптам я пачуў гарматны стрэл — як мне здалося, з боку мора. Я ўздрыгануўся ад нечаканасці; гэта быў сюрпрыз зусім новага роду, які не меў нічога агульнага з тымі сюрпрызамі, якія лёс пасылаў мне дагэтуль. Баючыся страціць хаця-б секунду каштоўнага часу, я ірвануўся з месца, у адно імгненне прыставіў лесніцу да ўступу гары і пачаў узбірацца наверх. Якраз у тую хвіліну, калі я падняўся на вяршыню, перада мной бліснуў агеньчык, і сапраўды, праз поўсекунды я пачуў гук другога гарматнага стрэлу.
Я здагадаўся, што гэта нейкі пагібаючы карабль дае сігнал аб сваім безвыхадным становішчы. Не гледзячы на ўсё сваё хваляванне, я ўсё-ж такі паспеў падумаць, што хоць не магу выратаваць з бяды гэтых людзей, затое можа яны мяне вызваляць. Не трацячы часу, я сабраў ламачча, якое было паблізу, склаў яго ў кучу і падпаліў. Сухое дрэва адразу загарэлася, не гледзячы на моцны вецер, і так добра разгарэлася, што з карабля, калі толькі гэта быў сапраўды карабль, не маглі не заўважыць майго сігнала. І сігнал быў, відаць, заўважаны, бо як толькі запаліўся мой касцёр, я пачуў новы гарматны стрэл, потым яшчэ і яшчэ, усё з таго-ж боку.
Я падтрымліваў агонь усю ноч да досвітку, а калі зусім развіднела і прадранішні туман рассеяўся, убачыў на моры, з усходняга боку вострава, але вельмі далёка ад берагу, нейкі прадмет. Але ці быў гэта кузаў карабля ці парус, я не мог разабраць з-за далёкай адлегласці і з-за туману, які на моры яшчэ не зусім разышоўся.
Усю раніцу я назіраў за прадметам, што віднеўся на моры, і хутка ўпэўніўся, што ён нерухомы. Заставалася толькі здагадвацца, што гэта карабль стаіць на якары. Я не вытрымаў: схапіў стрэльбу, падзорную трубу і пабег на паўднёва-ўсходні бераг, да месца, дзе пачыналіся рыфы. Надвор’е між тым зусім прасвятлілася, і, узлезшы на бліжэйшы ўцёс, я мог, на мой вялікі жаль, выразна разгледзець кузаў разбітага карабля. Відаць, ён ноччу наскочыў на падводныя рыфы і засеў у тым месцы, дзе яны загароджвалі шлях морскаму цячэнню і адкуль яно паварочвала назад.
Каб на караблі заўважылі востраў, дык напэўна спусцілі-б шлюпку, і, калі не ўвесь экіпаж, то хоць частка яго паспрабавала-б дабрацца да берагу. Імкнучыся ўявіць сабе далейшы лёс людзей, якія пацярпелі крушэнне, я рабіў розныя здагадкі. Але якая-б доля ні была ў няшчасных, я у маім становішчы нічым не мог ім дапамагчы, я мог толькі шкадаваць іх ад усёй душы.
Я быў упэўнены, што з экіпажа разбітага карабля не засталося ў жывых аніводнага чалавека: цяжка было ўявіць, каб каму-небудзь з іх удалося выратавацца ў такую страшэнную буру, калі толькі іх не падабрала другое судна, якое магло быць разам з імі. Але наўрад каб гэта было: аніякіх слядоў другога карабля я не бачыў.
Дзе я знайду словы, каб перадаць тую самоту, тую ненасытную прагу быць разам з падобнымі да мяне істотамі, якая напоўніла маю душу, калі я ўбачыў карабль? З маіх вуснаў мімаволі бесперапынку зляталі словы: «Ах, каб хоць два або тры чалавекі… не, хоць-бы адзін з іх выратаваўся і прыплыў да мяне! Ён быў-бы маім сябрам, братам; ён гутарыў-бы са мной».
Ніводнага разу за ўсе доўгія гады майго адзінокага жыцця не адчуў я такой пільнай патрэбы ў людской грамадзе, ні разу не адчуваў так балюча сваёй адзіноты.