Памяці Івана Луцкевіча (1920)/Жыцьцё і праца Івана Луцкевіча

Жыцьцё і праца Івана Луцкевіча
Успаміны
Аўтар: Антон Луцкевіч
1920 год
Яго апошніе дні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЖЫЦЬЦЕ І ПРАЦА ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА

Іван Луцкевіч радзіўся 28 мая 1851 году (ст. ст.) ў павятовым месьці Ковенскае губэрні Шаўлях, дзе бацька яго меў службу на чыгунцы. Шасьцігадовым хлопчыкам яго перавезьлі ў Лібаву з прычыны пераводу туды бацькі. Тутака ад 1890 году Іван Луцкевіч і пачаў хадзіць у школу (ў Лібаўскую Мікалаеўскую Гімназію).

Змалку лет ён вельмі цікавіўся гісторыяй і старасьвеччынай. У клясе быў першы ў званьні гісторыі, маючы добрага вучыцеля і кіраўніка ў асобе вучыцеля гісторыі і географіі Шэна. У трэйцяй клясе ён ужо зьбірае манэты і розные старасьвецкіе рэчы, аддаючы на гэта тые капейкі, якіе хлопчык яго гадоў мог заашчадзіць.

У лібаўскай гімназіі пад той час было вельмі многа вучняў латышоў і літвіноў. Ужо быў даволі сільны нацыянальны рух у вабодвух названых народаў — рух шчыра дэмакратычны, роўна варожы да нямецкіх баронаў у Латвіі, як і да польскіх паноў у Літве. І гэта адбівалася на жыцьці школьнае моладзі: тут баронскіе дзеці і польскіе панічы глядзелі з пагардай на сваіх таварышоў, якіе прыяжджалі ў школу ў простай адзежы з вясковага сукна („формы“ ў Лібаве тады ня было), ды нават „мужыкам“ не падавалі рукі. У сямьі ж Луцкевічаў, якая жыла ўспамінамі аб наполеонаўскім паходзе і паўстаньнях 1831 і 1863 гадоў, жыла ідэаламі дэмакратызму з часоў францускае рэвалюцыі і паўстанчэскімі настраеньнямі, панаваў заўсёды шчыра дэмакратычны дух, — і гэтым духам былі прапітаны дзеці, шукаўшые ў школі дружбы не панічоў, а сыноў мужыцкіх. Іван Луцкевіч зышоўся з таварышамі-літвінамі, гуртаваўшыміся каля старога літоўскага дзеяча, Амброзайтіса. І тут, на сходках у цеснай кватэрцы старога фанатычнага літоўскага рэвалюцыянера, у душы 13—14 гадовага хлопца родзіцца думка, што і яго народ — народ тых мужыкоў у шэрых сьвітках, з якімі ён сустракаўся толькі калі-некалі ў летку на вёсцы ў бабак у Вілейскім

Іван Луцкевіч з сёстрамі — ў Шаўлях у 1997 г.

павеці (у ваколіцах Краснага), мае такое-ж права да лепшага эканамічнага быту і да пашаны яго мовы, як і літвіны і латышы. А добрае знаёмства з мінуўшчынай Бацькаўшчыны гаварыла яму, што народ беларускі не заўсёды жыў так, як цяпер, што меў слаўную прошласьць і нямала ўлажыў працы сваей у культурную скарбніцу.

У 1895 годзе сямья Луцкевічаў перабралася на жыцьцё ў родную Беларусь — у Менск. Каб ня зрываць ходу навукі, Івана Луцкевіча сьпярша пакінулі далей вучыцца ў Лібаве. Але бацька яго ў Менску памер праз паўгоду пасьля пераезду, — і ў 1897 г. маці забрала Івана да сябе, ды ён паступіў у 5 клясу менскае гімназіі.

У Менску ён знайшоў шырокі прастор дзеля сваей любові да старасьвеччыны. Тут ён сустрэўся з добра вядомым у краю беларускім архэолёгам, Гэнрыкам Татурам. Пад кірункам апошняга ён увесь свой вольны час аддае ўлюбленай працы над гісторыяй і архэолёгіяй, а разам з тым разьвіваецца і яго нацыянальны беларускі сьветагляд. Здольны ад прыроды, з жывым характарам, лёгка зыходзячыся з таварышамі і сустраканымі людзьмі, ён хутка выбіваецца на першае месца ў вучнёўскім жыцьці, гуртуючы шчыра дэмакратычные элемэнты і разьвіваючы ў іх беларускую сьвядомасьць. Ён арганізуе беларускі кружок, і тут зьбіраюцца найлепшые, найбольш ідэалістычна пастоеные адзінкі.

У 1902 годзе Іван Луцкевіч скончыў менскую гімназію і паехаў ў унівэрсытэт у Пецярбург, запісаўшыся тамака на юрыдычны факультэт. Адначасна ён паступае ў архэолёгічвы інстытут, выпаўняючы гэтак сваю старую ідэю.

У Пецярбурзе для першага тварца сучаснага беларускага руху адкрываецца новае поле для працы. Тутака заўсёды было багата студэнтаў з Беларусі. Тут і раней былі спробы гуртаваць іх на нацыянальным грунці, але спробы гэтые былі ня вельмі ўлачные: ня было такога чалавека, каторы сілай сваей індывідуальнасьці здалеў-бы звясьці ў вадно месца, у вадну арганізацыю людзей рожных кірункаў, рожных паглядаў, зьвязаных адно супольнай Бацькаўшчынай і дужа няясным яшчэ пачуцьцём нацыянальнае еднасьці, а за тое дзеленых перавагай расейскае ці польскае культуры, прыналежнасьцю да праваслаўнае ці каталіцкае веры. Роля такога ініцыятара арганізацыі беларускіх студэнцкіх сіл і прыпала на долю Івана Луцкевіча, і ён яе выпаўніў як належыць. Ужо ў восені 1902 году ён арганізуе „Беларускі Кружок Народнае Асьветы“ і рэдагуе першую адозву кружка да грамадзянства Краю, прызываючы яго да выпаўненьня натуральнага абавязку перад беларускім народам: да нясеньня ў вёску асьветы ў беларускай мове. Адначасна, маючы вялікі круг знаёмых ў Пецярбурзе, Менску і на правінцыі, — знаёмых як спаміж інтэлігенцыі, так і спаміж работніцкіх і сялянскіх кругоў, — Іван Луцкевіч разьвівае думку аб беларускай палітычнай арганізацыі, каторую і завязавае ў 1903 годзе пад назовам „Беларуская Рэвалюцыйная Грамада“. Разам з тым ён арганізуе выдавецтва літографованай аднаднёўкі „Калядная Пісанка“, зьбірае і падгатаўляе да друку пасьмертную спадчыну Янкі Лучыны (Неслухоўскага), творы каторага пазьней выходзяць у зборнічку „Вязанка“, прыцягавае да літэратурнае працы аднаго з першых супрацаўнікоў сваіх, Казіміра Кастравіцкага (Каганца), вышукавае старые беларускіе творы, якіе ходзяць між людзьмі ў рукапісах. Дзякуючы здольнасьці «знаходзіць» людзей, лік актыўных таварышоў яго узрастае з кожным годам, і ўсё далей і глыбей шырыцца ў народзі ідэя нацыянальнага адраджэньня. У-ва ўсей сваей працы ён мае вернага таварыша і памочніка ў асобе малодшага брата, Антона Луцкевіча.

Іван Луцкевіч, як студэнт, у 1903 г. ў Менску.


Іван Луцкевіч, як студэнт, у 1903 г. ў Менску.

Захоплены ідэяй палітычнага вызваленьня беларускага народу, Іван Луцкевіч шукае збліжэньня з рэвалюцыйнымі партыямі другіх нацыянальнасьцей Расеі, лічучы канечна патрэбнай коордынацыю ўсіх сіл, якіе йдуць на змаганьне з царызмам і панаваньнем маскоўскае бюрскратыі. У Пецярбурзі ён знаходзіцца ў контакці з партыяй соц.-рэв., якая ў 1903 гаду падгатаўляла ў сталіцы Расеі маёвую дэмонстрацыю, — і ў часе падгатоўкі гэтае дэмонстрацыі яго арыштоўваюць жандары ў кватэры Ізмайловічанак (з Менску), імя каторых добра вядома ў эсэраўскім руху. Праз усё лета 1903 году яго дзержаць у „Прэдварылцы“, дзе ён прынімае ўчасьце ў палітычнай галадоўцы. Зусім абязсіленага ад голаду яго пераводзяць у „Кресты“, дзе памяшчаюць у бальніцу ў аддзел сухотнікаў. І згэтуль, трэба думаць, у яго арганізм пападаюдь зачаткі хваробы, якая пазьней давяла яго да магілы….

Выйшаўшы па волю, ён, ня бавючыся, ізноў стае да работы, энэргічна падтрымліваючы ідэю аб‘яднаньня ўсіх дэмакратычных элемэнтаў Беларусі і Літвы на грунці адбудобы утрачанай дзяржаўвасьці Вялікага Князьства Літоўскага. Гэту ідэю ён падтрымлівае праз усё сваё жыцьцё. Яе горача бароніць і на вядомых зьездах краёвае інтэлігенцыі ў Вільні — наперадодні рэвалюцыі, дзе выступае ад імя беларускіх арганізацый.

У 1904 годзе Іван Луцкевіч канчае архэолёгічны інстытут і атрымлівае камандзіроўку дзеля навуковых досьледаў у Беларусь і дзеля далейшае навукі ў Вену, куды ў тым-жа годзе і выяжджае. У Вене ён працуе ў увівэрсытэце у „Slavisches Seminar“ пад кіраўніцтвам праф. Ягіча. Там-жа завязавае знаёмствы з украінскімі дзеячамі і друкуе сваю першую працу аб беларусах і беларускай справе ў журнале „Ukrainische Rundschaŭ“, выдаваным украінцамі пад рэдакцыяй д-ра Еўшніра ў нямецкай мове). Варочаючыся з Вены, ён заяжджае ў галоўны цэнтр украінскага руху, Львоў, дзеля бліжэйшага знаёмства з украінцамі. Паміж іншым, тут ён знаёміцца з адным з сапраўдных стаўпоў украінскага адраджэньня — уніяцкім мітрапалітам Шэптыцкім, з каторым зыходзіцца бліжэй пачаткова на грунце так любай абодвым архэолёгіі, а пасьля і на грунці пытаньня аб Уніі. У Львове-ж, Кракаве і Варшаве ён знаёміцца і з польскімі вучонымі — гісторыкамі і архэолёгамі, вызываючы у ўсіх задзіўленьне і пашану сваей глыбокай эрудыцыяй і жывасьцю мысьлі. Там жа ён бліжэй зыходзіцца з кіраўнікамі P.P.S. (Польскае Партыі Соцыялістычнай) і пры іх помачы ладзіць выданьне беларускіх соцыялістычных брашур заграніцай (і дастаўку ах контрабандай у Беларусь.

Папаўшы ізноў у Пецярбург дзеля закончаньня навукі на юрыдычным факультэце ў пачатку 1905 году, Іван Луцкевіч, як натуральны і ўсімі прызнаны галава беларускага руху, атрымлівае ад „Беларускае Рэвалюцыйнае Грамады“ мандат на зьезд прадстаўнікоў соцыялістычных партый ў Фінляндыі. Гэта — першае міжнацыянальнае выступленьне адраджаючагася беларускага народу ў асобе пакуль-што ядзінай яго партыі, — і з таго часу беларусам адчыняецца дарога на сусьветную палітычную арэну. У Фінляндыі на зьезьдзе Іван Луцкевіч сустракаецца з прадстаўнікамі ірляндцаў; як сыны народу, каторы сам гэтак многа перацярпеў ад чужацкага уціску, яны выказваюць свой шчыры спогад беларускім байцом за волю і шлюць ім прывет і адзнаку Ірляндыі — зялёны шэмрок (трылістнік), а такжа невялікую суму грошы, як падмогу партыі на выдавецтва.

1905 год — год першае расейскае рэвалюцыі — адбіўся на агульным кірунку беларускае працы, якая прынімае больш чырвоны колер. І тут Іван Луцкевіч выказвае сябе, як неўтамімы агітатар, езьдзючы па правінцыі, арганізуючы мітынгі і выступаючы на іх з гарачымі прамовамі, ў каторых элемэнт нацыянальны ўсё ж пануе над палітычным і соцыяльным. Ведаюць яго сяляне, ведаюць і работнікі ў Менску, дзе ён у восені 1905 году, ня гледзячы на казацкіе кордоны, прарываецца ў адну з найвялікшых фабрык і гудком дае сыгнал пачаць другую ўсерасейскую палітычную забастоўку. — У тым-жа 1905 годзе ёк прынімае ўчасьце ў сялянскім зьезьдзі ў Маскве, праклямуючы дамаганьні беларусаў.

У канцы 1905 году ў Менеку адбыўся партыйны зьезд „Б.Р.Г.“, каторая прыняла соцыялістычную праграму і зьмяніла імя на „Беларускую Соцыялістычную Грамаду.“ У ліку кіраўнікоў партыі Іван Луцкеііч і далей занімае адно з першых месц і вядзе, можна сказаць, усю загранічную палітыку яе, перабіраючыся дзеля гэтага ад часу да часу за кордон. Яго ўплывы растуць ня толькі між беларусамі, але і ў другіх нацыянальных групах. З ім і яго словам сур‘ёзна рахуюцца і чужые партыі — як с-р, так і с.-д. і Бунд.

У пачатку 1906 году ў Менску было зроблена пакушэньне на тамтэйшага губэрнатара Курлова. Пакушэньне гэтае, арганізоганае сёстрамі Ізмайловічанкамі і Пуліховым (соц.-рэв.), скомпромітавала кватэру Луцкевічаў, з якой пад той час была зьвязана бадай уся рэвалюцыйная работа ў Менску і Меншчыне. Гэта прымусіла абодвых братоў Луцкевічаў разьвітацца з Менскам і перайсьці на нелегальнае палажэньне. Сваю працу яны пераносяць галоўным чынам у Вільню.

Пераезд у Вільню — гэта пачатак новае эпохі як у беларускім руху, так і ў жыцьці Івана Луцкевіча. Дагэтуль рух беларускі мала выбіваўся на шырокі сьвет пераважна укрываючыся ў тайных арганізацыях, — і тая краёвая буржуазная інтэлігэнцыя, якая даўно далёка адышлася ад народу, прыняўшы расейскую або польскую культуру і нацыянальнае імя, глядзела на спробы будзіць у народных масах нацыянальную сьвядомасьць, як на дарэмную трату сіл, як на рамантычную забаву, на „chłopomanstwo,“ каторае даволі ўжо мела няўдачных прыкладаў. У найгоршым прыпадку яна лічыла першых сяўцоў беларускае нацыянальнае ідэі за вар‘ятаў і судзіла іх за марнартацтва сіл, патрэбных для културы маскоўскай і польскай. Беларускага руху сур‘ёзна не трактавалі, не ўважалі за сілу і не баяліся яго. Але ад 1905 году рух гэты становіцца шырокім народным рухам, выяўляецца ў арганізацыі сялянскіх мас, — і вось тые масы паднімаюць голас, выступаюць з сваімі дамаганьнямі людзкага жыцьця, робяць сельска-гаспадарскіе забастоўкі,[1] ня хочучы рабіць у двары за саракоўку ці два злоты ў дзень. І дэнацыяналізованая буржуазная інтэлігенцыя — чыноўная або памешчыцкая — пачынае баяцца беларускага руху. Ад беларускага друкаванага слова, ад беларускае кніжачкі бюракратыя і панства бачаць сур‘ёзную пагрозу свайму істнаваньню і ўласьці над народам. І дзьве гэтые сілы яднаюцца на грунці барацьбы з беларускім рухам. Пан і жандар, ксёндз і поп робяць цесны хаўрус, ужываючы дзеля барацьбы з беларускімі дзеячамі і амбоны, і конфэсыяналу, і паслухмянае чарнасоценскае польскае і маскоўскае прэсы, і, гвалту з боку дзяржаўнае ўласьці, паліцыі, „ахранкі,“ суда. — Вось, з гэтым пэрыодам вострай барацьбы проці ўсіх праяваў беларускага руху і зыйшоўся віленскі пэрыод працы Івана Луцкевіча, калі ён у лютым 1906 году асеў у старадаўнай сталіцы краю. Да гэтага трэ дадаць нелегальнае палажэньне і матэрыяльны крызіс: невялікая спадчына пасьля бацькі была праедзена і зрасходавана на ідэйную працу, — і вось мы маем поўны абраз тых абставін, ў якіх Івану Луцкевічу даводзілася працаваць у Вільні. Аднак, былі і памысные акалічнасьці: ў Вільні ўжо згуртавалася жмевя беларускіх дзеячоў з „Цёткай“ (Алёізіяй Пашкевічанкай) на чале, з сямьёй Умястоўскіх і інш. Праўда, яны былі пад той час засуджаны на бязчыннасьць: усе былі пад судом, або арыштам, — але, дзякуючы ім, арганізацыйные ніці ўжо зьвязывалі і некаторые групы работнікаў, і школьную моладзь. Ці апошняй Іван Луцкевіч разьвівае энэргічную работу, заваяваўшы ўсю праваслаўную духоўную сэмінарыю. Ці сьмела прабіраецца ў самы гмах сэмінарыі (Базыльянскіе муры) і ня гледзячы на пільны нагляд „начальства“, чытае вучням лекцыі аб беларусах і беларускім адраджэньні ў гістарычнай салі, дзе некалі сядзеў з таварышамі арыштаваны маскоўцамі вялікі пясьняр зямлі нашае, Адам Міцкевіч. Ажыўлёные гарачым словам дэмакратычные традыцыі віленскай моладзі захоплівалі душы слухачоў, будзілі ў іх любоў да свайго забытага Богам і людзьмі народу, клікалі да працы дзеля лепшае долі для яго. З выпускаў 1906, 7 і 8 гадоў усе вучні сэмінарыі йдуць не ў духоўны стан, а да унівэрсытэтаў і прынімаюць актыўнае ўчасьце ў беларускай нацыянальнай працы (кружкі ў Варшаве, Дорпаце, Пецярбурзе і інш.). Ад жывога слова не здалелі адгарадзіць сыноў народу нашага ані муры праваслаўвай, ані каталіцкай сэмінарыі: прапаганда даходзіць і ратуе лепшые адзінкі ад поўнай дэнацыяналізацыі. Гуртуецца каля Луцкевіча і моладзь сьвецкіх школ ( асабліва хіміка-тэхнікі) і студэнты унівэрсытэтаў, даючы ўсё новых і новых працаўнікоў на народнай ніве. Урэшці, шырокую работу вядзе ён дзеля арганізацыі народных вучыцялёў, каторых зьбірае на патайные зьезды ў Вільні.

Вялікае заваяваньне для беларусаў становіць скасаваньне ў 1905 годзе трываўшае ад 1865 году забароны беларускага друку. Іван Луцкевіч першы выкарыстаў гэта: ён згуртаваў некалькі беларускіх пісьменнікаў („Цётка,“ Умястоўскі, Антон Луцкевіч і інш.) і арганізаваў першую беларускую легальную часопісь — тыднёвік „[[Наша Доля (1906)|Наша Доля,“ каторы выйшаў 1 верасьня 1906 году, за грошы, выручаные Ів. Луцкевічам за прададзеную ім з болем сэрца колекцыю ордэраў. Калі-ж, пасьля бязупынных конфіскацый, судовы прыгавор зліквідаваў „Нашу Долю,“ — з ініцыятывы і за грошы Ів. Луцкевіча заснавалася „Наша Ніва,“ стаўшаяся цэнтрам беларускае палітычнае мысьлі і нацыянальчае работы і выходзіўшая ад 10 лістапада 1906 г. ажно да мамэнту эвакуацыі Вільні расейцамі ў 1915 годзе.

З пераездам Івана Луцкевіча ў Вільню сюды пераносіцца наагул цэнтр беларускага руху. Гэта вымагае вялікіх грошы, каторых беларускае грамадзянства ня мае. І вось, да палітычнае і навуковае працы Івана Луцкевіча далучаецца новая спэцыяльнасць: зарабляць грошы на утрыманьне сябе і на утрыманьне работы.

Кіраўнікі „Нашае Нівы“: Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч і Аляксандр Уласаў — у 1910 г. ў Вільні.

Гэты палітык і вучоны архэолёг прымушаны знаходзіць усё новые і новые спосабы заробку, бяручы ўчасьце ў фінансовых прадпрыемствах, прынімаючы пасрэдніцтва між заграніцай і краёвымі фірмамі, урэшці, калі гэтага вымагала нахальная патрэба, прадаючы з сваей багатай колекцыі старасьвеччыны тые рэчы, якіе ня мелі вагі для Краю і для беларусаў. За яго грошы «Наша Ніва», адным з ідэйных кіраўнікаў каторае ён быў праз увесь час яе істнаваньня, выходзіла да апошніх дзён свайго жыцьця. Без яго помачы і чыннага ўчасьця не абходзіцца ні адно беларускае ідэйнае прадпрыемства — ці то хор беларускі, ці то тэатральная аружына, ці Муз.-Драм. Кружок, у якім ён — член Ураду, ці то закладзенае з яго-ж ініцыятывы выдавецтва, ці то падгатоўка выбараў у Дзяржаўную Думу. І на ўсё ён знаходзіў сілы і час: варочаючыся з падарожы з Пецярбурга, Варшавы, Львова, Кракава, ён пападаў на агітацыйны сход вучняў, адтуль — у холад і ў слоць кідаўся некуды ў глухую правінцыю ці то дзеля агітацыі, ці дзеля архэолёгічных досьледаў, пападаў у поўнай зьнямозе і зусім хворы да маткі ў Менск, а праз дзень-два быў ізноў у дарозе, ганяючыся за нейкім антыкам[2], ці за грашмі. Бывалі тыдні, калі з сямі дзён ён пяць правадзіў у вагоне.

У часе выборчай кампапіі да Трэйцяе Думы — ў восені 1907 году — браты Луцкевічы зрабілі спробу залегалізавацца ў Вільні: яны павялі кватэру і замэльдавіліся паводле сваіх уласных дакумэнтаў. Але праз два тыдні гэтай раскошы на іх кватэру была зроблена «ахранкай» аблава, і толькі дзякуючы шчасьліваму здарэньню гаспадары кватэры, ня быўшы ў той мамэнт у хаце, не папалі ў рукі паліцыі. Гэта прымусіла іх ізноў вярнуцца ў палажэньне «нелегальных», якое скончылася толькі пасьля „правалу“ віленскай ахранкі, папаўшай пад суд за правакатарскую работу, і пасьля поўнай зьмены служачых у ёй.

Ня гледзячы на гэту няўдачу, Іван Луцкевіч зусім не зьмяняе свайго спосабу жыцьця і працы Хаця праз два гады ён ня мае свайго кутка і начуе, дзе прыдзецца; хаця не адну ночку зімовую яму даводзіцца „прагуляць“ ходзячы навакол усяго места, — ён працуе, як і раней, і яго сабраньне старасьвеччыны ў памяшчэньні рэдакцыі „Нашае Нівы“ павялічаваецца з году ў год. Нічога, што чаравікі яго прапускаюць ваду, што локці працерліся і порткі абрындаліся: на гэта грошы шкада, — абы толькі было на справу! І ў такіх варунках, часта-густа па некалькі дзён без гарачае стравы, шукаючы кожын вечар новага начлегу, працаваў гэты чалавек цэлые гады, надрываючы сілы, губляючы здароўе….

У чэрвені 1908 году Іван Луцкевіч — „нелегальны“ — едзе ў Прагу Чэскую на ўсеславянскі зьезд пастуновых студэнтаў, кіруе тамака беларускай сэкцыяй і цьвёрда и сьмела — не аглядаючыся на магчымые для яго асобы пасьледзтвы — прад усей Эўропай, прад усім культурным сьветам дакарае нашых «валадароў» за іх палітыку щ адносінах да беларусаў: „Беларусы ў Празе — кажа ён з трыбуны — былі яшчэ 500 гадоў таму. Тады ў іх была багатая літэратура. У самой Празе яны надрукавалі па-беларуску Біблію. Па беларуску-ж надрукованы быў і Статут Літоўскі. Цяпер прайшло з таго часу 500 гадоў, і пра беларусаў ніхто ня знае: чыноўніцкая і панская гаспадарка зрабіла тое, што нямаш ня толькі ніводнай сярэдняй, але і ніводнай ніжэйшай народнай школы, дзе вучылі-бы па беларуску!….“.

Горача кахаючы свой народ, жадаючы забаспечыць яму правы гаспадара па яго зямлі, Іван Луцкевіч як у асабістых адносінах да людзей, так і ў палітыцэ быў заўсёды далёк ад вузкога нацыяналізму: ён разумеў, што культурнае і эканамічнае падняцьце беларускага народу цесна зьвязана з падняцьцем усяго краю. І ён гатоў быў працаваць поруч з усімі, хто йшоў гэтай-жа дарогай. Ен шукаў збліжэньня з усімі шчыра краёвымі элемэнтамі, ня гледзячы на тое, якой яны нацыянальнасьці. Добра ведалі яго польскіе дэмакраты: з яго ініцыятывы і пры яго грашавой дапамозе ў 1912 годзе быў закладзены ў Вільні краёвы польскі орган „Kurjer Krajowy“. Ведалі і тые палякі, якіе працавалі на навуковым грунці: калі ў 1910 годзе ладзілася „Towarzystwo Przyjaciół Nauk“, Іван Луцкевіч паклаў багата працы дзеля арганізацыі яго музэю, задэпоноваў у апошнім шмат сваіх рэчы і забраў іх назад толькі тады, калі ваенные прыпадкі пачалі пагражаць самому істнвавьню музэю. Добра ведаюць яго і жыды: з імі ёг сустракаўся на грунці то партыйнае работы, то выборчай агітацыі, — калі-ж у Вільні заснавалася жыдоўскае т-ва любіцеляў старасьвеччыны, ён задэпоноваў у музэі апошняга багатую колекцыю жыдоўскіх антыкаў, — на вялікі жаль, вывезеных разам з музэем пры эвакуацыі Вільні ў Маскву. Урэшці, ведалі яго дужа добра і паступовые расейскіе элемэнты, з каторымі ён ішоў поруч у барацьбе з чарнасоценствам і каторых у свой чарод дужа рэзка дакараў за іх незавідную ролю абрусіцеляў краю. А гэта рэзкасьць і шчырасьць у высказаваньні сваіх думак і свайго абураньня на кожын паступак, нязгодны з праўдай і дэмакратызмам, рабілі яму ворагаў як між чужымі, так і між сваімі: людзі з малой, нікчэмнай душой не дарасьлі да таго, каб зразумець і ацаніць веліч душы гэтага чалавека, і інтрыгі іх зьелі ня мала здароўя і нэрваў яго…. За тое і многа радасьці далі яму працай сваей яго чысьленне ідэйные сыны-гадунцы.

На грунці навукі ён быў абсалютна вольны ад усялякага нацыяналізму: гэта давала яму магчымасьць падтрымліваць пастаянные зносіны як з расейскімі і польскімі, так і загранічнымі вучонымі, абменіваючыся з імі сваімі думкамі, вынікамі навуковых досьледаў. У яго кватэры можна было заўсёды спаткаць прафэсароў і вучоных, прыяжджаўшых у Вільню, незалежна ад іх нацыянальнасьці. Хто цікавіўся краем і яго мінуўшчынай, той мог ад яго даведацца усё, чым цікавіўся. Ня было ў Івана Луцкевіча і тэй амбіцыі, якой хварэюць бадай усе сабірацелі старасьвеччыны: ён ахвотна уступаў другім тые рэчы, якіх сам ня мог спэцыяльна зьбіраць, або якіе не маглі быць пры тагочасных варунках выкарыстаны дзеля беларускага музэю — ідэалу Луцкевіча, але мелі вагу для другіх колекцый. „Так, вялікую помач аказаў ён Украінскаму Царкоўнаму Музэю у Львове, заснаванаму мітрапалітам Шэптыцкім, пасылаючы багата памятак Уніі і ладзючы тамака асобны беларускі аддзел, кустошам каторага яго назначыў мітрагаліт Шэптыцкі, абяцуючы аддаць усе рэчы гэтага аддзелу ў беларускі музэй, калі той адчыніцца. Вынікі сваіх досьледаў і выкрытые цікавые факты і матэрыялы ён ахвотва публікаваў у чужых навуковых органах, калі яны цікавілі народ іх выдаўцоў: аб літвінох — у „Lietuviu Tauta“, аб палякох — у выданьні „Rocznik Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie“. Аднак, наагул пісаў мала: яго стацьці і заметкі пападаюцца ў часопісях вельмі рэдка, і ён любіў лепш даваць матэрыялы беларускім публіцыстам дзеля іх стацьцей. Затое жывым словам — на лекцыях і рэфэратах — ён найбольш ахвотна шырыў свае ведамасьці і гарэўшым у яго сэрцы агнём любові да ўсяго роднага будзіў такую-ж любоў і ў слухачоў[3].

Сусьветная вайна застала Ів. Луцкевіча ў Вільні. Ужо пад той час здароўе яго вельмі падупала: хаця ён працуе ўсё з тэй-жа энэргіяй, але часта нядужае, жалючыся на грудзі. Яго апошняя перад вайной падарожа ў Маскву на зьезд аўтанамістаў-фэдэралістаў, а пасьля ў Пецярбург і Фінляндзю ўзімку 1914—15 г.г., у часе каторых ён крэпка застудзіўся, яшчэ болей падрэзалі яго сілы і прымусілі доўга праляжаць у ложку. Аднак і пасьля гэтае хваробы ён ня кідае працы: толькі, ня маючы магчымасьці пры ваеннай дыктатуры працаваць на палітычным грунце, ён занімаецца працай у Беларускім Камітэце помачы пацярпеўшым ад вайны і — галоўным чынам — працай навуковай. Да гэтага пэрыоду адносіцца і адкрыцьце даўно шуканай ім татарскай „сьвятой кнігі“ — „Ай Кітаб“, пісанай у XVI—XVII ст. арабскімі літэрамі пабеларуску і даўшай бязцэнны матэрыял да беларускай філёлёгіі.

У часе эвакуацыі Вільні расейскіе ўласьці страшэнна хацелі вывязьці Ів. Луцкевіча ў Расею пад яго колекцыю сулілі цэлы вагон. Але ёй рэзка адкінуў гэткіе прапазыцыі. „Мая павіннасьць — аставацца ў родным краю і бароцца за мой народ незалежна ад таго, якіе войскі будуць тут гаспадарыць!“ — казаў ён усім. Тады паліцыя памкнулася „рэквізаваць“ яго, як і шмат іншых мужчын, і гэтак вывязьці з места. Гэта прымусіла яго апошніе ночы не аставацца ў хаце, — ды гэтак ён усьцярогся прымусовае эвакуацыі. Лічучы сваей павіннасьцю прылажыць руку да абароны жыцьця і меньня любай яму Вільні, ён энэргічна працаваў над арганізацыяй „лятучых дружын“, пілнаваўшых парадку ў месьце ў дні зьмены „валадароў“, раздабываў для дружыннікаў зброю, праводзіў з імі па вуліцы цэлые ночы.

9/18 верасьня 1915 году ўвайшлі ў Вільню нямецкіе войскі. І ў жыцьці беларускага народу, і ў жыцьці духовага кіраўніка яго пачаўся новы пэрыод — для Івана Луцкевіча апошні….

Партрэт Ів. Луцкевіча работы праф. Хатулёва — 1914 г., у Вільні.

Я Сваім быстрым і дальназоркім розумам ён адразу ацаніў утварыўшаеся палітычнае палажэньне. Яшчэ наперадодні прыходу немцаў ён пачаў энэргічна шырыць думку, што, калі окупанты знойдуць ў Вільні і грамадзянства арганізованае і аб‘яднанае, калі ўсе нацыянальнасьці згодзяцца хоць на гэты мамэнт зрабіць агульнае замірэньне, дык і адносіны окупацыйнае ўласьці да нашага краю будуць зусім інакшые: немцы баяцца толькі сілы і толькі з сілай рахуюцца. На гэтым грунце ўдалося згуртаваць дэмакратычные элемэнты беларускіе, літоўскіе, жыдоўскіе і часьцю польскіе, — і утвораная ініцыятыўная група прыступіла да конкрэтнае працы. На першым пляне стаяла мястовае самаупраўленьне: палова радных ужо была ўцякла ў Расею, і астаткаў Рады немцы зусім рацыянальна маглі ня прызнаць за правамочнае прадстаўніцтва насяленьня. Вось, і была паднята думка аб увядзеньні да Рады места Вільні (па свайму складу чыста польскай, бо радные-маскалі першые ўцяклі) дарогай кооптацыі прадстаўнікоў бязцэнзавых кругоў насяленьня — беларусаў, літвіноў, жыдоў і палякоў. Гэта маглобы здэмакратызаваць цэнзавую „думу“ і дало-бы голас усім нацыянальнасьцям. Мястовая Рада сперша на гэта прынцыпіяльна прыстала. Былі ўжо пададзены і кандыдаты дзеля кооптацыі (ў тым ліку ад беларусаў Іван Луцкевіч і Вінцэнт Сьвятаполк-Мірскі). Але ў апошні мамэнт нацыяналізм польскае буржуазіі пераважыў, і Рада адкінула гэты праект, спадзяючыся, што такім чынам палякі астануцца поўнымі гаспадарамі места. Дарэмная надзея! тое, чаго дэмакраты баяліся і што прарочылі, сталася: немцы Раду разагналі.

Другой спробай аб‘яднаньня ўсіх нацыянальнасьцей, у якой найбольш чынную ролю адыгралі беларусы, а ў тым ліку Іван Луцкевіч, было утварэньне Віленска-Ковенскага Абыватэльскага Камітэту. Хаця варункі, пастаўленые палякамі, былі крыўдные для ўсіх іншых нацыянальнасьцей (палякі жадалі для сябе палову месц), дзякуючы энэргіі Івана Луцкевіча ўдалося ўгаварыць „інародцаў“ пайсьці дзеля дабра краю на компроміс. Ів. Луцкевіч увайшоў у Камітэт ад беларусаў разам з двума другімі дэлегатамі і зразу заняў выдатнае месца сваёй энэргічнай працай у камісіях і на сходах Камітэту. На жаль, і гэту спробу аб‘яднаньня разьбіў польскі нацыяналізм: думаючы, што ўдаецца дабіцца ў немцаў поўнае веры да польскае буржуазіі, як „ядзінага шчыра лойяльнага элемэнту“, і гэтак іграць першую скрыпку пры окупантах, палякі паслухалі хітрых нямецкіх рад і разьбілі няпрыемную для окупантаў установу, затамаваўшы ўсю працу яе. І не дарма Ів. Луцкевіч казаў на апошнім сходзе Камітэту: „Калі мы цяпер разыдзёмся, то ўжо больш зыйсьціся разам ня здолеем.“ Запраўды, немцы — ў мысьль старога прынцыпу „divide et impera“ — сваім фліртам то з палякамі, то пасьля з літвінамі так пасварылі ўсе нацыянальнасьці краю, што тые ўжо да канца окупацыі ня мелі сілы даць дружны адпор нямецкай прагавітасьці і рабункам.

Адначасна з работай В.-К. Абыватэльскага Камітэту, якая абнімала чыста гаспадарчые справы краю, Іван Луцкевіч арганізуе міжнацыянальную палітычную установу, якая мелася злучыць дэмакратычные элемэнты беларускіе, літоўскіе, жыдоўскіе і польскіе на аднэй палітычнай плятформе. Гэта — „Конфэдэрацыя Вялікага Князьства Літоўскага“, якая мела на мэці адбудову старой беларуска-літоўскай дзяржаўнасьці. Першы „унівэрсал,“ выданы Конфэдэрацыяй у чатырох мовах (у сьнежні 1915 году), напісаны быў Ів. Луцкевічам. Але і гэту работу хутка разьбівае нацыяналізм — гэтым разам літоўскі.

Адначасна, ня гледзячы на тое, што з чынных беларускіх нацыянальных працаўнікоў пад нямецкай окупацыяй не апусьцілі рук толькі лічаные адзінкі (браты Луцкевічы, „Цётка“), пачынае шыбка разьвівацца і беларуская нацыянэльная работа. Знаходзяцца новые маладые сілы. Ужо ў лістападзе 1915 году адкрываецца ў Вільні першая беларуская пачатковая школа, сьледам за каторай ў 1916 г. прыбывае яшчэ пяць. У сьвежні-ж 1915 г. з івіцыятывы і стараньнямі Ів. Луцкевіча і „Цёткі“ аткрываюцца беларускіе вучыцельскіе курсы, на каторых Ів. Луцкевіч выкладае пазнаньне роднага краю, захопліваючы курсантаў сваімі гарачымі, высокапатрыятычнымі лекцыямі. Як школьнай, так і ўсей эканамічнай работай у Вільні кіруе тады Беларускі К-т помачы пацярпеўшым ад вайны, адным з найбольш актыўных членаў каторага быў Ів. Луцкевіч. А ў тым жа часе гэны неўтамімы дзеяч працуе як скарбнік коопэратывы „Райніца“, арганізуе Беларускую Соцыяль-Дэмакратычную Работніцкую Групу, ўрэшце паднімае думку аб утварэньні законспірованага „Беларускага Народнага Камітэту“, як галоўнага палітычнага цэнтру, і вельмі энэргічна працуе, як член яго. Яго-ж працай ладзіцца ў летку 1916 году „Беларускі Клюб“, каторы аднагалосна выбірае яго за свайго прэзаса. У сваіх плянах ён намячае арганізацыю і працу устаноў, якіе павінны абняць і здаволіць усе нацыянальные патрэбы беларусаў: ён разумее, што ўжо настаў час рэалізацыі, нацыянальных ідэалаў, якіе ён хаваў у душы праз усё сваё жыцьцё. Ен разумее такжа, што такая работа магчыма толькі ў тэй часьці Беларусі, якая ўжо вырвана з-пад старое няволі, — і вось чаму ён так энэргічна бароніць ідэю супольнага дзяржаўнага будаўніцтва з літвінамі, веручы, што тое ядро, якое будзе створана па гэты бок фронту, прыцягне да сябе і рэшту беларускіх зямель. Але тут як-раз яго палітычная концэпцыя увайшла ў колізію з нямецкай палітыкай:

Луцкевіч у 1916 г. ў Вільні — пад нямецкай окупацыяй.


Луцкевіч у 1916 г. ў Вільні — пад нямецкай окупацыяй.

імпэрыялістычная Нямеччына гатова была тварыць Літву на аснове знамянітага „Anlehnung an Deutschland“, — але Літву малую у складзе этнаграфічна-літоўскіх зямель з беларускай Віленшчынай і Горадзеншчынай. Падніманьне-ж справы адбудовы ўсяе Беларуска-Літоўскае дзяржавы ня ўходзіла ў нямецкіе пляны: на беларусаў нямецкіе палітыкі ўгледаліся як на „русскій народ“. І паскольку нямецкіе вучоные, часта прыяжджаўшые ў Вільню лічылі сваім абавязкам пабываць у беларускага архэолёга Ів. Луцкевіча, адносячыся да яго з найвялікшай пашанай і спогадам, — пастольку нямецкіе палітычные агенты ня ўкрывалі сваей злосьці да гэтага чалавека, каторага нельга было ніяк „узяць у свае рукі.“ Асабліва ўзрасла няпрыхільнасьць да яго нямецкае ўлады пасьля падарожы ў Лёзанну на Зьезд Народаў, які адбыўся ў летку 1916 году: Іван Луцкевіч, як галава беларускае дэлегацыі, не апраўдаў спадзяваньняў нямецкага ураду, даўшага пазваленьне на падарожу. Наадварот, чыста незалежніцкае становішча яго на зьездзе псавала самы плян праглынуць малую Літву, на які некаторые літоўскіе палітыкі гатовы былі прыстаць. Братоў Луцкевічаў, цьвёрда стаяўшых на становішчы беларуска-літоўскае незалежнасьці, гэтак нямілым немцам, аддаюць пад спэцыяльны нагляд старога і дазнанага нямецкага шпіона Эдмунда Зузэміля, шпіоніўшага ў Расеі яшчэ перад вайной і служыўшага за вучыцеля ў Пінскай гімназіі. Для Зузэміля, пазначанага за беларускага пераводчыка пры Presse-Stelle, рэквіруюць часьць кватэры Луцкевічаў, і ён мае магчымасьць сачыць за кожным іх крокам. Зузэміль разьвівае цэлую сець інтрыг, скіраваных проці братоў Луцкевічаў, — і тут ён знаходзіць памочніка ў адным з беларусаў, праз якога і вядзе атаку глаўным чынам проці Івана Луцкевіча, сваей рэзкасьцю выступленьняў асабліва дадзеўшага окупантам. Пачынаецца работа дзеля развалу ўсіх беларускіх устаноў, так ці гэтак зьвязаных з імем Луцкевічаў. Калі арганізаваны дзякуючы энэргіі Івана Луцкевіча „Беларускі Вучыцельскі Саюз“ выбраў яго за свайго прадстаўніка ў Цэнтральнае Бюро Прафэсыянальных Саюзаў, Зузэміль катэгорычна зажадаў, каб ён зрокся выбару. Калі-ж новы сход Саюза выбар пацьвярдзіў, арганізацыя была зачынена прыказам нямецкае ўлады.

Аднак, хаця хворы і з разьбітымі нэрвамі, часта-густа ў маразы седзячы ў нятоплёнай хаце, маючы на стале знамянітую „бабку“ з бульбяных лупін на абед, — Іван Луцкевіч усё-ж цьвёрда вытрымлівае ўсе напасьці, арганізаваные нямецкімі агентамі нямецкае і іншых нацыянальнасьцей. Ен ні на крок не адступае ад раз узятай палітычнай лініі, веручы, што яна адна — справядлівая.

Падыходзіць 1917 год, — і нямецкі ўрад пачынае падгатоўку арганізацыі літоўскае Тарыбы — ведама, ў такім складзе, каторы забасьпечыў-бы слухмянасьць загадам начальніка упраўленьня Літвы князя Ізэнбурга-Бірштэйна. Беларусам вызвачаецца адно месца, і Зузэміль мае ўжо гатовага кандыдата, які ахвотна пойдзе на ўсякую угоду. Але ўсё беларускае грамадзянства востра выступае проці гэткага трактаваньня беларусаў на тэррыторыі, на каторай яны лікам блізка роўны літвіном. На соцыялістычным мітынгу, скліканым соцыялістычнымі партыямі ўсіх нацыянельнасьцей, прамоўцы ад беларусаў, а між імі Іван Луцкевіч, востра кляймяць палітыку окупантаў і тых літвіноў, якіе пайшлі на ўгоду з імі. А пасьля літоўскае конфэрэнцыі і ўтварэньня Тарыбы ў Беларускім Клюбе пад маршалкоўствам Івана Луцкевіча адбываецца другі мітынг — спэцыяльна беларускі, каторы выносіць рэзалюцыю пратэсту проці адносін да беларусаў і трэбуе, каб нямецкіе ўласьці дапусьцілі скліканьне ў Вільні беларускай нацыянальнай конфэрэнцыі дзеля утварэньня беларускага прадстаўнічага органу. Калі — пасьля доўгіх перагавораў — геткае пазваленьне ўдалося вырваць у немцаў, зразумеўшых, што беларусы не дапусьцяць у Тарыбу нямецкага кандыдата і на крыўдных для іх варунках наагул у яе ня пойдуць, — беларусы пачалі пэдгатавіцельную работу, душой каторае быў Іван Луцкевіч. Ня маючы грошы на лепшую ежу, адзежу і дровы для сябе, ён знаходзіць іх на грамадзкую патрэбу, прадаўшы дзеля гэтага рожные цэнные рэчы з сваей колекцыі старасьвеччыны. Ен сам едзе ў справах конфэрэнцыі ў Беласток, і тут прадстаўнікі нямецкага ўраду стараюцца пераканаць яго ў карысьці для краю прылучыцца да Нямеччыны. Выслухаўшы іх доказы, Ів. Луцкевіч іронічна сказаў: „Я маю на гэта яшчэ адзін аргумэнт. Калі і нашым манархам стане Вільгэльм, дык нам ня прыдзецца рабіць свае асобнае рэвалюцыі, каб скінуць яго: гэта зробіць сам нямецкі народ!“….

У часе конфэрэнцыі, якая адбылася ў Вільні 25, 26 і 27 студзеня 1918 году, Ів. Луцкевіч працуе неўтаміма. Акурат у тым часе ён атрымлівае вестку, што за ваенным кордонам — у Менску — памерла яго маці. Гэты ўдар ён пераносіць з нязвычайнай стойкасьцю: самы акт стараецца укрыць нават перад братам, каб гэта не адбілася на працы апошняга, як маршалка конфэрэнцыі. І толькі пасьля выяўляецца, чаму ў часе конфэрэнцыі такім нэрвовым блескам сьвяціліся вочы Івана Луцкевіча, чаму такімі нэрвовымі былі прамовы яго….

Конфэрэнцыя выбрала Ів. Луцкевіча ў склад Беларускай Рады — галоўнага нацыянальнага прадстаўніцтва беларусаў у межах старой окупацыі. Ад імя апошняе ён з чатырма таварышамі едзе ў Менск, заняты ўжо немцамі, і прынімае ўчасьце ў гістарычным засяданьні Рады Беларускае Народнае Рэспублікі 24—25 марца 1918 году, будучы адным з ініцыятараў абвешчаньня дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі і аб‘яднаньня ўсіх Беларускіх зямель, раздзелецых берасьцейскай міравой умовай. І гэта становіць як-быццам кульмінацыйны мамэнт у яго палітычнай рабоце: варочаючыся ў Вільню, ён з радасьцю адзнвачавае, што рух беларускі перарос яго найсьмялейшые спадзяваньні. „Цяпер мы, старые работнікі беларускіе, можам спакойна паміраць: ёсьць каму замяніць нас у працы!“. Ды пэўне ў той мамэнт зусім не спадзяваўся, што сьмерць ужо так блізка стаіць каля яго…..

Падарожа ў Менск у сільны мароз у нятопленых вагонах з выбітымі вокнамі пакінула на яго здароўі сур‘ёзные сьляды. Адгэтуль ён пачынае ўсё часьцей і часьцей хварэць на грудзі; яго мучыць страшэнны кашаль, часта кідаецца кроў з горла. Ён яшчэ працуе ў Беларускай Радзе, — але глаўным чынам цікавіць яго культурная праца: створанае ім-жа Беларускае Навуковае Таварыства, кустошам каторага ён выбран, справа музэю беларускага, якому ён за жыцьця аддаў усе свае багатые зборы старасьвеччыны і цэнную бібліотэку. Яго рупіць справа адваяваньня адвечнага гнязда беларускае культурнае работы — базыльянскіх муроў у Вільні, дзе ён праэктуе залажыць музэй, гімназію і т. п.

Дзякуючы знаёмствам з прадстаўнікамі нямецкага навуковага сьвету, каторых было багата ў окупованых землях, Іван Луцкевіч ладзіць дзьве выстаўкі старасьвеччыны: у Вільні і Менску. На гэтых выстаўках ён паказвае і частку сваіх збораў, і рэчы рожных іншых асоб, — а ўсё гэта разам лішне ярка даводзіць, якую ролю іграў беларускі народ у гісторыі Вялікага Князьства Літоўскага, якіе багатые скарбы культуры і мастацтва ён прыдбаў і пераказаў патомным пакаленьням у друкаваным слове, ў граматах і праўных актах, у мастацкіх вырабах — малюнках, тканінах і інш. Абедзьве выстаўкі — гэта яркае выяўленьне беларускае нацыянальнае індывідуальнасьці, доўгі час быўшай укрытай пад грубным слоем чужацкіх налётаў. Але гэта работа, чысьленые разьезды ў немагчымых варунках забіраюць рэшткі яго сіл: з Менскай выстаўкі ён варочаецца ў Вільню, каб легчы надоўга ў пасьцелю.

І ўсё-ж ён ня можа супакоіцца і бязчынна глядзець на ход жыцьця, каторае прыносіць усё новые і новые неспадзяванкі. Ваенны разгром і рэзалюцыя ў Нямеччыне адбіваюцца на палітычным палажэньні ў нашым краю вельмі сільна. Немцы ў Літве ўжо разумеюць, што іх пляны аб прылучэньні гэтага краю да Нямеччыны — разьбіты. Яны даюць літвіном магчымасьці, арганізаваць свой урад у Вільні, — але пад той-жа час грозяць аружнай сілай Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску, змовіўшыся з бальшавікамі аб аддачы ім Беларусі з рук у рукі і аб недапушчэньні арганізацыі беларускіх войск. У Віленшчыне і Горадзеншчыне немцы прызнаюць адно толькі літоўскіе дзяржаўные органы ўласьці, — ад імя-ж Беларускае Народнае Рэспублікі працаваць тут не даюць. Беларусы гэта бачуць. Яны разумеюць, што і дні літоўскага панаваньня будуць нядоўгіе: хваля бальшавізму шыбка заліець і Вільню, а мо’ і Горадню. Усё-ж трэба выкарыстаць усе магчымасьці дзеля беларускай арганізацыйнай работы — ўсё роўна пад якой фірмай. Да таго-ж літвіны йдуць на уступкі беларусам: яны суляць ім ужо не адно, а шэсьць месц у Тарыбе і портфэль міністра беларускіх спраў у літоўскім Урадзе па выбару Беларускае Рады ў Вільні. Рада зьбіраецца пад маршалкоўствам Івана Луцкевіча, каторы ў такі мамэнт ня ўлежыў у ложку, ня гледзячы на пастаянную гарачку; Рада дэлегуе шасьцёх членаў сваіх у Тарыбу (між імі Ів. Луцкевіча), назначае міністра беларускіх спраў і заяўляе, што гэтае сваё супрацоўніцтва з літвінамі ўважае за зачатак супольнага дзяржаўнага будаўніцтва Літвы і — ў будучыні — ўсяе Беларусі. Пачынаецца энэргічная работа па арганізацыі беларускіх паветаў: людзей дае Рада, і глаўным чынам вышуківае іх Ів. Луцкевіч, каторы мае нязвычайна шырокі круг знаёмых. Арганізуецца і беларускае войска. І ўсе нарады аб гэтым, усе сходкі адбываюцца ў кватэры таго-ж Івана Луцкевіча. Але ад рупнага вока яго ня ўкрываецца, што апрача нарад з учасьцем беларусаў і жыдоў Тарыба адбывае ў важнейшых справах нарады з учасьцем адных толькі літвіноў, што бяз „інародцаў“ вырашаюцца такіе важные пытаньні, як аб‘яўленьне вайны бальшавіком і іншые; — і вось ён дэмонстрацыйна пакідае Тарыбу, а за ім ідзе сьледам пераважная частка таварышаў — членаў Тарыбы.

Апошні партрэт Ів. Луцкевіча, зроблены В. Дыдзякасам перад выездам у Закапанае (чэрвень 1919 г).

Працуючы астаткамі сіл, Іван Луцкевіч дае яшчэ адну — бадай апошнюю памятку па сабе беларускаму народу: гэта — першая беларуская гімназія ў Вільні, арганізованая ім у Базыльянскіх мурох. Але сьледам за гэтым падыходзяць бальшавікі. Ад голаду асабліва церпіць ужо паўжывы дзеяч беларускі, і угледаючыся сьмерці ў вочы дух яго ня хоча паддавацца слабасьці цела. Як даўней, цэнтр і кіраўніцтва беларускае работы ў Вільні знаходзіцца ў кватэры Луцкевіча, толькі ўжо каля пасьцелі яго. Ён ужо ня мае сіл хадзіць на свае лекцыі ў гімназію, — і ўсё-ж ад часу да часу зрываецца з ложка і бяжыць клапаціцца перад рожнымі установамі аб тую ці іншую беларускую справу. Ды з кожным днём такіе мамэнты становяцца больш рэдкімі. — Але і хвораму палітычные ворагі яго не даюць супакою: на аснове іх фальшывых даносаў у яго хаце рэвізія йдзе за рэвізіяй, а за два дні перад прыходам палякоў да Луцкевіча зьяўляюцца бальшавікі дзеля арышту яго. Толькі ўбачыўшы яго стан, яны пакідаюць яго на месцы.

Калі ўрэшце адкрылася магчымасьць вывязьці хворага ў Закапанае — ў горы, палажэньне яго было ўжо зусім безнадзейнае. Але таварышы пастанавілі вывязьці яго хаця-бы дзеля таго, каб у санаторыі, ў цішы і спакою, ён мог-бы прынамсі памерці безклапотна. У чэрвені яго і вывязьлі, а 20 жніўня — у пекны летні вечар — Іван Луцкевіч ціха заснуў вечным сном….

Там, у Закапаным, знаходзіцца яго дачасная магіла, і цела яго чакае, каб яго перавезьлі у родную Беларусь.

Так жыў і так памер тварэц усяго сучаснага беларускага руху. Бацькаўшчыне і народу свайму ён аддаў усё: і сілы, і здароўе, і асабістае шчасьце, — затое і перагарэў гэтак хутка. У гэты мамэнт яшчэ трудна зважыць і ацавіць яго заслугі перад беларускай справай: работа, якая цяпер ідзе, разьвіваецца ў значнай меры дзякуючы дадзенаму ім размаху. Нельга ацаніць і спадчыны па ім у постаці скарбаў яго музэю, бібліотэкі і архіву, каторые пакажуць сваю цану тады, як будуць прыведзены ў парадак. Справядліва-ж ацаніць яго працу здолее толькі будучына, калі безстаронные гісторыкі беларускага нацыянальнага адраджэньня раскрыюць усе архівы і дойдуць да самых крыніц руху: тады яны пераканаюцца, што гісторыя сучаснага беларускага руху — гэта гісторыя жыцьця Івана Луцкевіча.


  1. Іван Луцкевіч — адзін з найбольш чынных кіраўнікоў забастовачнай акцыі ў Беларусі у 1905—6 г.г.
  2. Цікава адзначыць гэткі факт: даведаўшыся, што ў Кракаве ў аднаго з лідэраў P.P.S., Іодкі, ёсьць друкаваны па беларуску Літоўскі Статут, Ів. Луцкевіч, ня маючы магчымасьці атрымаць легальнай дарогай пашпарт, пераходзіць граніцу нелегальна і так-жа нелегальна варочаецца да краю з цэннай здабычай.
  3. Апошніе гады перад вайной Ів. Луцкевіч выкладаў гісторыю мастацтва ў Артыстычнай Школе Рыбакова ў Вільні.