Ноч прышла… Ад дыму хмары…
Адусюль нясецца крык…
Горад Менск увесь ў пажары, —
Баль спраўляе польскі штык!..
Сэрца роднае краіны,
Колькі ты нясеш ахвяр:
Дзе ні глянь — адны руіны. —
Гэта Польшчы белай дар.
Найміт шляхціца-магната,
Польскай арміі салдат,
Беднату б‘е, коле брата,
Адступаючы назад…
А здалёку песьні чутны:
Йдзе чырвоны барацьбіт!
Ён свабодны і магутны…
Гэй, дрыжы, капіталіст!
І чакае люд працоўны,
Покуль выгляне прамень,
І заместа ночы цёмнай
Прыдзе жданы ясны дзень…
Вось і раніца… Ўздыхнулі!
Люд працоўны стаў вялік.
І зладзеям сьмерці кулі
Шле ўздагон чырвоны штык!
1920 г.
|