У нядзельку дужа рана,
‘Шчэ ня чутна звону,
Маці сына выпраўляе
Ў армію Чырвону.
— Йдзі, сыночку, я жагнаю,
З ворагамі біцца,
А, каб бог памог іх здолець,
Буду я маліцца.
Сьмела йдзі, сынок, у войска,
Барані ты волю:
Кожны сам сабе павінен
Здабыць лепшу долю.
За народ змагайся бедны,
Каб і ён быў вольны…
Два сынкі ужо ваююць,
Дык і ты будзь здольны
Край ратуй, што у няволі
Цэлымі вякамі…
Йдзі, Сьцяпанка, йдзі, сыночку,
Біся з палякамі,
Ты ня біся з бедным братам,
Што, як ты, працуе,
А заві яго на помач…
Прыдзе — як пачуе.
Не шкадуй ні куль, ні шаблі
Для магната-пана.
Хай у бойцы ён спазнае
Мужыка Сьцяпана!
Зможаш ворага, дык хутка
Вяртайся да хаты:
Дзякуй шчырае пачуеш
Ад мяне і таты.
Вёска ўся цябе пахваліць,
Што ты быў салдатам,
За зямлю што з панам біўся,
Каб быць ўсім багатым…
Сьцяпан слухае ўсё моўчкі,
З злосьці дрыжаць губы…
Пачуў толькі ў сабе моцы,
Што дубы вярнуў-бы!
— Споўню ўсё, аб чым прасіла, —
Стаў Сьцяпан бажыцца, -
За народ, за яго волю
Буду сьмела біцца!
Пакажу панам-зладзеям,
Што ў мяне ёсьць сіла, Абы куляў, вострых шабляў
На вайне хапіла.
А цяпер бывай здарова,
Мілая матуля,
‘Шчэ пабачымся, як ў войску
Пашкадуе куля!
Разввітаўся… а матуля
Стаіць каля ганка…
І пашоў з панамі біцца
Сын яе Сьцяпанка.
27-VIII 1920 г.
|