Заціхла бура Буралом
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Буралом (Чарот).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БУРАЛОМ

Гады мінуць… а можа і сталецьці,
Як тыя гарады Гамора і Садом,
Загіне гэты край ад буры ліхалецьця
І ўнукі нашыя пабачаць буралом. і

Ня будзе тут балот спавітых лазьнякамі,
Пяскоў ня будзе тут і камяністых гор,
Ня будзе сумна пець, як пеў калісь вякамі,
Ў нізіне лес бяроз, на ўзгорку — шумны бор.

Ня будзе крыж стаяць у полі пры дарозе,
Курган расьсеецца, магілаў зьнікне цень,
Ня будзе люд марнець і сохнуць ў вастрозе,
Настане вольны век, яскрава-сьветлы дзень.

Край новы узрасьце тады на бураломе —
Машыны будзе век, ня трэба будзе конь,
Бляск эляктрычаства там хмара не заслоніць,
Людзкое будзе ўсё: зямля, вада, агонь…

І летапісу сказ, на выцьвіўшай страніцы,
Хто толькі разьбярэ, дык дзіву дасца ён:
Ці гэта так жылі, ці пішуць нябыліцы;
Бо верыць будзе ён, як верым мы у сон.

І вось, калі цяпер віхор жыцьця нясецца,
Руйнуе, ломіць ён мінулага ўвесь лад,
Мо‘ гэта творчы час, ня буры ліхалецьця,
Бо гэты буралом для будучыны клад.

1922 г.