⁂ Я зноў — дзе поле каласамі Вясну пяю
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Заціхла бура
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вясну пяю.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯСНУ ПЯЮ

Зямлю цалуе неба сінь
Сваім чырвоным сонцатварам,
І песьню ночы „ква-кум-бінь“
Пяюць мне сонныя выгары.

У высі зорак сенажаць
Вартуе месяц — дзед двурогі,
Ня хоча раніцу спаткаць,
І лесам хмар ідзе бязногі.

Капліца белая, як здань,
Ў тумане плавае за вёскай,
І сонцам спужаная рань
Прысела зайцам за бярозкай.

Дзяньніцы зірк на небе стух,
Вясковых хат дымяць галовы,
У лапцях з пугаю пастух
Трубою плача на каровы.

Пяе у полі хор калёс,
Як старац з ліраю разьбітай…
Загоны вузкія авёс
Убраў зялёным аксамітам.

Вясёлы птушак перазвон
Гудзе на воблачнай званіцы…
Бязмоўнай цішы гіне сон,
Як сонца выплыве крыніцай.

І сыпле промень вогнясталь,
К вачом схілю сярпом далонь я
І пазіраю моўчкі ў даль,
У шыр блакітнага бяздоньня.

14-V 1922 г.